Прайсці шляхамі Асіповіччыны і пакланіцца подзвігу яе абаронцаў

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Мінула 85 гадоў з таго трагічнага і жахлівага дня, калі 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, што забрала мільёны жыццяў, пакінула знявечанымі мільёны людзей і назаўсёды змяніла іх лёсы.

Асіповіцкі раён вызвалены ад акупацыі войскамі 2-га і 1-га Беларускіх фронтаў падчас першага этапа аперацыі “Багратыён”. За вызваленне горада і раёна многія воіны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод гэтай слаўнай кагорты ёсць і ўраджэнцы Асіповіччыны.

Прайшло шмат часу, а памяць пра тыя гады ліхалецця жывая. З пакалення ў пакаленне перадаюцца гісторыі жыцця і подзвігу абаронцаў роднай зямлі, да гэтага часу вывучаюцца старонкі біяграфіі герояў, адкрываюцца новыя імёны, даследуюцца і вывучаюцца родныя мясціны, дзе адбываліся жорсткія баі і дзе ў пасляваенныя гады паўсталі помнікі ў памяць пра загінулых.

Менавіта пра такую памяць пойдзе гаворка ў гэтым матэрыяле, дзе вучні-падлеткі не проста распавялі пра гісторыю сваёй малой радзімы, але і прайшлі дарогамі подзвігу сваіх землякоў, пакланіліся абеліскам і брацкім магілам.

Краявіды Асіповіцкага краю.

Асіповіччына – маляўнічы край з прыгожымі рэкамі і маленькімі азёрамі, разнастайнай расліннасцю і вялікімі лясамі. Як і ў кожнага куточка Беларусі, тут свае таленты і знакамітасці, свая адметная гісторыя.

Датай стварэння Асіповіцкага раёна лічыцца 17 ліпеня 1924 года. Сам жа горад утвораны ў 1872 годзе. Раён знаходзіцца ў цэнтральнай частцы краіны, на захадзе Магілёўскай вобласці. Агульная плошча 1,95 тыс. км2 . Палову яе займаюць лясы, таму Асіповіцкі край называюць партызанскім. Па тэрыторыі раёна працякаюць рэкі Бярэзіна з прытокамі Свіслач, Пціч.

Асіповічы. ХІХ ст.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі налічваецца 107 аб’ектаў Асіповіцкага раёна. З іх 1 аб’ект архітэктуры, 99 помнікаў археалогіі, 7 – гісторыі. Але гэта ўсё дакументальныя звесткі. А для таго, каб ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жывеш, любіць свой родны край як часцінку нашай Бацькаўшчыны, ведаць яго гісторыю, трэба яе даследаваць. Вось таму і вырашылі вучні Асіповіцкай школы №1 Уладзіслаў Багдановіч і Мікіта Аксёнаў разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Таццянай Леанідаўнай Малыхінай адправіцца ў двухдзённы паход па мясцінах Асіповіцкага раёна. Адбывалася гэта ў 2018 годзе.

Маршрут вызначылі наступны: горад Асіповічы – гарадскі пасёлак Ялізава – горад Асіповічы. Таму што да пасёлка Ялізава можна дабрацца двума шляхамі, якія праходзяць праз розныя вёскі, кожная з якіх мае сваю гісторыю, непаўторны каларыт і адметныя лёсы людзей.

Маршрут “Асіповічы – Ялізава” пралягаў праз вёску Цяплухі, аграгарадок Вяззе і аграгарадок Свіслач.

Першая вёска, якую давялося прайсці даследчыкам, – гэта Цяплухі. З’явілася яна на тэрыторыі Асіповіцкага раёна яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Налічвала 62 дамы. У час вайны 18 з іх былі разбураны, але потым адноўлены.

Вядомая вёска тым, што, ідучы ўзбоч шашы Асіповічы-Цяплухі, можна спыніцца каля абеліска, які ўладкаваны на брацкай магіле. На ім прымацавана шыльда з надпісам “Здесь в 1941–1944 гг. немецко-фашистскими захватчиками расстреляны более 2000 военнопленных и мирных жителей, также захоронены 29 воинов и партизан, погибших в боях с врагами”.
Паблізу вёскі, у лесе і на беразе Асіповіцкага вадасховішча, археалагічны помнік – курганны могільнік, які мае 19 насыпаў.

Абеліск на брацкай магіле ў вёсцы Цяплухі. 2018 г.

Другая вёска, дакладней, аграгарадок Вяззе, знаходзіцца побач з вадасховішчам. Вяззе вядома з XVI ст. як паселішча ў Вялікім Княстве Літоўскім, у 1560 годзе лічылася як казённая маёмасць у Свіслацкай воласці з 20 дварамі. У 1917 годзе налічвала 77 двароў з 490 жыхарамі.

У час Вялікай Айчыннай вайны вёска Вяззе была акупавана нямецка-фашысцкімі войскамі з канца чэрвеня 1941 года па 28 чэрвеня 1944-га.

З 75 жыхароў вёскі, што адправіліся на фронт, 27 чалавек загінулі. У самой вёсцы дзейнічала падпольная антыфашысцкая група.

У памяць пра 96 землякоў, якія не вярнуліся з вайны ў родны край, на жывапісным беразе вадасховішча ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя. У цэнтры яе – фігура салдата-вызваліцеля. Ля падножжа – жывыя кветкі. Іх ускладаюць не толькі ў знамянальныя даты, Маладыя пары ў дзень вяселля па традыцыі абавязкова прыязджаюць сюды, каб аддаць даніну павагі абаронцам роднай зямлі.

Мемарыяльны комплекс загінулым землякам. Вёска Вяззе.

Калі ідзеш па вуліцах аграгарадка, нельга не заўважыць на адной з хат мемарыяльную дошку, прысвечаную Максіму Багдановічу. Устаноўлена яна ў 1984 годзе на былой хаце Секяржыцкіх. У ёй у 1895 годзе ўвесну і ўлетку разам з маці і братамі Вадзімам і Лёвай адпачываў будучы паэт. С.А. Секяржыцкая — родная цётка Максіма Багдановіча.

Цяпер амаль кожны са сталых жыхароў вёскі можа паказаць сёння сведак знаходжання будучага паэта ў Вяззі. Гэта дрэвы, якія памятаюць маленькага Максіма. Пара клёнаў, што засталіся ад панскай алеі, а таксама тры яблыні на ўскрайку калгаснага саду.

Дом, у якім у дзяцінстве адпачываў з сям’ёй Максім Багдановіч.

Наступны прыпынак – аграгарадок Свіслач. Размешчаны на ўсходзе Асіповіцкага раёна на месцы прытока Свіслачы, што ўпадае ў раку Бярэзіна. Назва ўтворана ад наймення ракі Свіслач. Гэта адзін з самых старажытных населеных пунктаў у сучасным Асіповіцкім раёне. Вядомы з ХІ стагоддзя. Да канца XVI стагоддзя быў цэнтрам Свіслацкай воласці Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Самым трагічным перыядам у гісторыі Свіслацкай зямлі былі гады Вялікай Айчыннай вайны.

З самага пачатку фашысцкай акупацыі ў Свіслачы было арганізавана некалькі паліцэйскіх участкаў. Мясцовыя старажылы памятаюць, што на месцы даваеннага кампактнага пражывання яўрэяў размяшчалася гета.

Не менш за 40 мужчын расстралялі асобна – летам, прыкладна ў жніўні-верасні. Забойства адбылося ў калгасным садзе на гары і пахавалі іх там жа, у рвах.

Асноўная колькасць людзей загінула ў кастрычніку 1941 года. Салдаты і паліцаі выганялі яўрэяў з дамоў, закідвалі ў кузаў грузавіка і вывозілі ў лес. Хто жыў на ўскрайку Свіслачы, тых проста гналі палкамі, прыкладамі. Адусюль даносіліся страшныя крыкі і плач.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пасля вайны на тым месцы, дзе знішчалі яўрэяў, стаяў помнік. З’явіўся напрыканцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў. Зараз месца гібелі нічым не абазначана. Астанкі перавезены ў Бабруйск.

У выніку, у Свіслачы з 2 па 14 кастрычніка 1941 года быў знішчаны 791 мірны жыхар-яўрэй. Яшчэ каля 70 чалавек загінула ад рук фашыстаў у розныя гады вайны.

Помнік на брацкай магіле воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць гітлераўскіх захопнікаў у 1941–1944 гг.

На Свіслацкай зямлі знаходзіцца 10 воінскіх пахаванняў і памятны знак у гонар 309-га аддзялення партызанскага атрада імя Кірава. Імёны Герояў Савецкага Саюза Леўчанкі і Кліменкі носяць вуліцы ў Свіслачы.

У 1967 годзе пастаўлены помнік на брацкай магіле воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць гітлераўскіх захопнікаў у 1941–1944 гг. Сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза М.І. Кліменка і Д.Ц. Леўчанка.

На ўскраіне вёскі, на беразе ракі Свіслач, ёсць археалагічны помнік – гарадзішча з рэшткамі старажытнага замка. Гэта пабудова ўнесена ў “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”. А вуліца, на якой размешчана, мае назву Замкавая.

Гарадзішча з рэшткамі старажытнага замка ў Свіслачы.

З архітэктурнай спадчыны ў вёсцы Свіслач дзейнічае Свята-Мікольская царква. Вядома на тэрыторыі мястэчка з XVI стагоддзя. У 1855 годзе будынак царквы ў гонар свяціцеля Мікалая рамантавалі на сродкі пана Стэфана Незабытоўскага. У 1868 годзе сродкі вылучыла дзяржаўная казна, дзякуючы гэтаму ў 1870 годзе поўнасцю завяршылася перабудова храма. У склад прыхода ўваходзіла 8 вёсак з 1728-ю прыхаджанамі.

На жаль, у 1930-я гады храм згарэў. У час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд набажэнствы праводзіліся ў будынку касцёла, які ў 1948 годзе быў аддадзены пад клуб.

Новай старонкай у гісторыі храма стаў 1999 год, калі было прынята рашэнне аб аднаўленні Свята-Мікольскага прыхода. З 2004 года пачалося будаўніцтва храма, якое закончылася к 2012 году.

Свята-Мікольская царква ў аграгарадку Свіслач.

Наступны прыпынак – вёска Слабада. Яна знаходзіццв за 3 км ад чыгуначнай станцыі Ялізава. У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1943 годзе вёска была спалена гітлераўцамі. Пасля вайны адноўлена. У 2001 годзе ўжо налічвала 65 двароў са 132-ма жыхарамі.

У 1974 годзе пастаўлены помнікі на дзвюх брацкіх магілах савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941–1944 гадах з надпісам: “Вечная слава героям, павшим за честь, свободу и независимость нашей Родины 1941–1945 гг.” У адной з брацкіх магіл ляжаць 15 невядомых салдат.

Канцавы пункт – пасёлак Ялізава. Назва дадзена ў гонар былой тутэйшай памешчыцы князёўны Лізаветы Вялікапольскай.

У пачатку ХІХ стагоддзя за 4 км ад мястэчка Свіслач, уніз па цячэнні ракі Бярэзіна, утварыўся круты абрыў. Плытагоны назвалі яго “абрубель”. Гэтае месца знаходзілася ў маёнтку князёўны Лізаветы Вялікапольскай. Суседні памешчык Незабытоўскі, фаварыт князёўны, у падарунак ёй пабудаваў каля ўрочышча Абрубель палац і назваў яго Ялізава ў гонар гаспадыні.

У 1912 годзе пабудаваны шклозавод “Ялізава”, дзе каля 60 рабочых саматужным спосабам выраблялі аконнае і лямпавае шкло, бутэлькі. Цяпер ён з’яўляецца філіялам Гродзенскага шклозавода.

Помнік-скульптура воіна ў памяць пра 316 загінулых байцоў з браняпоезда.

Асабліва памятнае месца для жыхароў пасёлка – гэта чыгуначная станцыя, дзе ўзвышаюцца тры абеліскі, што ўладкаваны ў 1967 годзе на брацкіх магілах і на магілах ахвяр фашызму. Тут жа на паўднёва-заходняй ускраіне знаходзяцца 4 пахаванні: помнік-скульптура воіна ў памяць пра 316 загінулых байцоў з браняпоезда; брацкая магіла, дзе пахаваны 22 воіны, загінулыя ў 1944 годзе; магіла мірных жыхароў пасёлка, расстраляных у 1941 годзе; індывідуальная магіла партызана Кірыла Раковіча, які загінуў 13 чэрвеня 1944 года.

На ўсходнім ускрайку Ялізава, каля чыгуначнага моста праз раку Бярэзіну, знаходзіцца брацкая магіла, на якой устаноўлены помнік-бюст “Воін” з надпісам “Ничто не забыто, никто не забыт”. У ёй пахавана 100 невядомых вайскоўцаў.

Помнік-бюст “Воін”. Пасёлак Ялізава.

Падчас акупацыі гітлераўцы знішчылі каля 300 ялізаўчан. 325 пасялкоўцаў загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адна з вуліц носіць імя Героя Савецкага Саюза М.В. Рамашкі, які загінуў пры вызваленні Ялізава.

На вуліцы Палявой знаходзіцца брацкая магіла з абеліскам і надпісам: “Здесь похоронены группа рабочих стеклозавода и военнопленных, расстрелянных фашистами 22.01.1942 г. Память о них вечно будет жить в сердцах близких и родных”.

Брацкая магіла рабочых шклозавода і ваеннапалонных. Пасёлак Ялізава.

Па ўспамінах ветэрана-ялізаўчаніна Анатоля Іванавіча Дзівака, першыя бомбы на пасёлак немцы скінулі ў раёне моста цераз раку Бярэзіну.

Мост – адно з самых складаных інжынерных збудаванняў на тэрыторыі раёна. І, бадай, самае таямнічае. Ён адносіцца да катэгорыі “аб’ект стратэгічнай важнасці”. Старонняму чалавеку блізка сюды падыходзіць нельга. Непрыступны мост не толькі з берагоў: рух лодак і катараў пад ім жорстка рэгламентаваны, каб не была нанесена шкода апорам-“быкам”.

Ноччу 30 чэрвеня 1941 года тут адбыўся страшны бой. Як потым даведаліся, у той дзень палягло многа савецкіх воінаў, якія ўтрымлівалі мост. Шмат байцоў трапіла ў палон. Калі ўсё скончылася, пасялкоўцы ўбачылі разбіты ўшчэнт браняпоезд.

У цэнтры пасёлка Ялізава размешчана царква Раства Хрыстовага. Грамадзе належаць два храмы. Першы прастол асвечаны святарскім чынам у снежні 1997 года. Другі прастол асвечаны архіерэйскім чынам мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам 30 мая 2002 года.

Царква Раства Хрыстовага. Пасёлак Ялізава.

Шлях да пасёлка Ялізава быў для юных даследчыкаў даволі насычаным. Яны даведаліся не толькі пра архітэктурную спадчыну свайго раёна, але і зразумелі, што на долю іх дзядоў і прадзедаў выпалі такія жорсткія выпрабаванні, што нават час не змог залячыць раны. Таму нельга забываць ні загінулых у гады вайны, ні тых, каму пашчасціла выжыць.

Наперадзе падлеткаў чакаў маршрут “Ялізава–Асіповічы” працягласцю прыкладна 120 км: вёска Каменічы – пасёлак Градзянка – вёска Пагарэлае – вёска Амінавічы – вёска Дуброва – аграгарадок Жорнаўка – вёска Лапічы – аграгарадок Вяззе – Асіповічы. За адзін дзень пешшу яго не пераадолець, таму прыйшлося карыстацца грамадскім транспартам.

Першая вёска – гэта Каменічы. Вядома яна з XVI стагоддзя.

У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты тройчы спрабавалі спаліць вёску і яе жыхароў. Але яна выстаяла, уцалела: перашкодзілі партызаны – і людзі засталіся жывыя. Адзін з тых, хто разам з аднавяскоўцамі апынуўся ў вялікай хаце, якую немцы рыхтавалі да знішчэння, – Уладзімір Васільевіч Ласкавец, былы настаўнік, а пасля старшыня колішняга Каменіцкага сельсавета. “Цяжка сцерці з памяці той жудасны дзень, – гаварыў ён. – Слёзы, крыкі, роспач, страх. Але, напэўна, суджана нам было застацца ў жывых. Праўда, цаною жыцця некаторых партызан”.

Роўна праз 50 гадоў па ініцыятыве Каменіцкай школы і на сродкі, заробленыя на калгасных палетках, была пастаўлена мемарыяльная пліта. Праз некаторы час яе замянілі на абеліск.

Побач з вёскай Каменічы знаходзіцца Слабадское поле, якое штогод радуе вяскоўцаў добрым ураджаем сельскагаспадарчых культур. Але не забываюць камянчане і пра тое, што 23 лютага 1944 года тут адбыўся няроўны бой партызан з фашыстамі.

Былы партызан Аляксандр Ляўчонак у свой час распавядаў, што немцы прыйшлі ў вёску, каб знішчыць млын, які карміў партызан. Фашысты задачу выканалі. З той пары на бераг ракі Каменкі больш не вязуць мяхі з зернем. Загінулі тады не толькі партызаны, але і мірныя жыхары.

Наступны прыпынак – Градзянка. Рабочы пасёлак. Паселішча было заснавана ў канцы ХІХ стагоддзя ў сувязі з разгорнутымі ў навакольных лясах лесараспрацоўкамі.

У час Вялікай Айчыннай вайны тут дзейнічала падпольная антыфашысцкая група, якую ўзначальваў В.І. Іваноў. Знаходзіўся і нямецкі гарнізон, які партызаны разбілі 29 сакавіка 1942 года. Гітлераўцы спалілі пасёлак і знішчылі 350 яго мірных жыхароў, сярод якіх было больш чым 149 яўрэяў, якія жылі ў мястэчку. Усе пахаваны ў брацкай магіле на мясцовых могілках.

У 1975 годзе пастаўлены помнік – скульптура воіна. Паблізу знаходзіцца абеліск, усталяваны над брацкай магілай, дзе пахаваны 13 партызан.

У цэнтры пасёлка Градзянка, у парку, усталяваны помнік аднавяскоўцам, якія загінулі на фронце. Названы парк імем Ніны Мяжэннай – адважнай партызанскай сувязной і разведчыцы. Разам з сяброўкай Венерай Гурынай яны прабіраліся ў варожыя гарнізоны, збіралі патрэбныя разведданыя для партызанскага атрада. Трапіўшы ў засценкі гестапа, дзяўчаты вынеслі ўсе катаванні, але не сказалі ні слова пра атрад, у якім не раз бывалі. Іх павесілі. Адна з вуліц Градзянкі названа ў гонар Ніны Мяжэннай.

Помнік аднавяскоўцам, якія загінулі на фронце.

Вёска Пагарэлае вядома з XVII стагоддзя. Згадваецца ў юрыдычных актах з 1639 года як урочышча.

У час акупацыі ў наваколлі вёскі дзейнічалі партызанскія атрады 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады, а ў Пагарэлым – падпольная група. У канцы 1941 года партызаны знішчылі размешчаны ў вёсцы нямецка-фашысцкі гарнізон. Як сведчаць даныя Нацыянальнага архіва, у лютым 1942 года і ў студзені 1943-га гітлераўскія карнікі палілі Пагарэлае. Імі было разбурана 129 дамоў і забіта 187 мірных грамадзян.

У вёсцы ў 1969 годзе ўладкаваны помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях у 1944 годзе.

Брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях у 1944 г. Вёска Пагарэлае.

За 20 км ад Асіповіч знаходзіцца вёска Амінавічы. Вядома яна з XVII стагоддзя як вёска ў складзе прыватнага маёнтка Жыцін Мінскага павета і ваяводства Рэчы Паспалітай.

У гады Вялікай Айчыннай вайны супраць акупантаў у Амінавічах дзейнічала падпольная група.

Карнікі абрабавалі вёску, спалілі 12 двароў. Вёску з усіх бакоў акружаюць лясы, якія ў той час служылі для партызан ахоўнай зонай. Менавіта тут, сярод дрымучых елак і соснаў, размяшчалася база партызанскай брыгады імя М.П. Каралёва, ураджэнца вёскі Амінавічы. Мясціну гэтую добра ведалі татары і армяне, украінцы і казахі, рускія і ўзбекі, чаркесы і кабардзіны, людзі іншых нацыянальнасцей, якія ў адзінай сям’і побач з беларусамі змагаліся з фашызмам у атрадзе пад кіраўніцтвам Каралёва.

У штабе партызанскага злучэння распрацоўваліся аперацыі супраць захопнікаў, адсюль ішлі знішчаць варожыя гарнізоны, узрываць масты і чыгунку, рабіць засады на дарогах. У густым лесе, у сырых зямлянках выдавалася падпольная газета “За Советскую Родину”.

Сюды з Вялікай Зямлі рэгулярна прыляталі самалёты з боепрыпасамі, медыкаментамі, іншым грузам. Яны садзіліся на вялікай паляне, якая служыла сапраўдным аэрадромам, а сігнальнымі агнямі былі сапраўдныя вогнішчы, што спецыяльна запальвалі партызаны.

У 1981 годзе тут пастаўлены помнік ураджэнцу вёскі, Герою Савецкага Саюза М.П. Каралёву.

Помнік Герою Савецкага Саюза М.П. Каралёву.

Вёска Дуброва ў пачатку ХХ стагоддзя вядома як фальварак Дуброва Пагарэльскай воласці Ігуменскага павета: 1 двор, 15 жыхароў, уласнасць А. Радзівіла. Тут у 1909 годзе быў закладзены пейзажны парк плошчай 1,5 га. Цяпер гэта дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Жорнаўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі”. За 5 кіламетраў ад вёскі размешчаны дэндрарый “Дуброва” плошчай у 22 га. На яго тэрыторыі расце больш за 100 відаў парод дрэў і кустоў, прывезеных з розных краін і кантынентаў свету.

Мемарыяльны знак на месцы былой панскай сядзібы Магдалены Радзівіл з роду Завішаў.

У 2018 годзе ў вёсцы адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака на месцы былой панскай сядзібы Магдалены Радзівіл з роду Завішаў у гонар 155-годдзя з дня яе нараджэння. Мерапрыемства сабрала шмат жыхароў Асіповіцкага раёна. Кожны з прысутных стаў не толькі сведкаю, але і ўпісаў новую старонку ў гісторыю свайго краю, спадчыну якога трэба берагчы.

Старажытнае паселішча Жорнаўка з пісьмовых крыніц вядома з 1560 года як прыватнае сяло Жорнаўка Свіслацкай воласці Мінскага павета і ваяводства ВКЛ.

Вялікая Айчынная вайна не абмінула і гэтую вёску. У памяць пра тыя гады каля Дома культуры ў гонар 30-годдзя перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзвышаецца помнік-скульптура “Воін”.

Помнік-скульптура “Воін”.

Вёска Лапічы па пісьмовых крыніцах вядома з 1560 года як дзяржаўнае сяло Свіслацкай воласці Мінскіх павета і ваяводства ВКЛ, 39 гаспадарак.

На даваенных лапіцкіх землях жыло звыш чатырох тысяч чалавек, з іх – 225 яўрэйскіх дамоў. Таксама тут апынуліся і 20–30 яўрэяў-бежанцаў. У адзін з ліпеньскіх дзён 1941 года немцы схапілі прыкладна 75 яўрэяў – маладых мужчын і падлеткаў, жорстка іх збілі, затым пагналі да прыстані, дзе быў невялікі пясчаны кар’ер, і там расстралялі. Апошнія яўрэі Лапіч, у большасці жанчыны і дзеці, былі знішчаны вясною 1942 года. У гэтым жа годзе партызаны разграмілі размешчаны ў Лапічах нямецка-фашысцкі гарнізон.

Акупанты разрабавалі вёску Лапічы і загубілі 819 жыхароў. А ўсяго падчас акупацыі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў сталі ахвярамі фашыстаў.

У 1975 годзе на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, на магіле ахвяр фашызму, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, пастаўлены абеліск з надпісам “Здесь захоронены останки мирных жителей, расстреляных в 1942 году немецко-фашистскими захватчиками”.

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Вёска Лапічы.

У вёсцы Лапічы дзейнічае Свята-Петра-Паўлаўская царква, пабудаваная ў 1795 годзе, але ў той час яна была асвечана ў гонар велікапакутніка Георгія Пераможца. У 1838 годзе на сродкі паноў Незабытоўскіх і прыхаджан царкву адрамантавалі.

Да пачатку ХІХ ст. храм састарэў, таму ў 1865 годзе на сродкі дзяржаўнай казны быў закладзены новы будынак пад храм, які пабудавалі ў 1868 годзе.

У 1944 годзе храм быў знішчаны ў час баявых дзеянняў. У 2003 годзе ў вёсцы Лапічы быў створаны прыход і закладзены падмурак пад каменны храм. У 2007 годзе на сродкі многіх вернікаў яго ўдалося аднавіць.

Юныя даследчыкі каля Свята-Петра-Паўлаўскай царквы. Вёска Лапічы.

Далей падарожнікі зноў апынуліся ў вёсцы Вяззе, а затым у Асіповічах.

Падарожжа па мясцінах малой радзімы, якія ў Асіповіцкім раёне з гонарам называюць партызанскімі, было складае, але і пазнавальнае.

І самае галоўнае, што зразумелі падлеткі, – на Асіповіччыне свята захоўваюць памяць пра герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Памяць гэтая ў шматлікіх абелісках і помніках, ва ўспамінах удзельнікаў і сведак тых жудасных падзей. Памяць, якая прыводзіць да цвёрдага пераканання, што войны – самае вялікае зло на планеце. Што трэба шанаваць сваю спадчыну і берагчы мір на зямлі.

Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай работы Багдановіча Уладзіслава і Аксёнава Мікіты, вучняў 9 “В” класа (2018 г.) ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Асіповічы імя Б.М. Дзмітрыева” (кіраўнік – Малыхіна Таццяна Леанідаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

 

Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.