Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Прападобная Харыціна Літоўская паходзіла з княжацкага роду, жыла ў ХІІІ стагоддзі. Існуе меркаванне, што нарадзілася святая Харыціна ў 1221 годзе, адышла да Госпада 5 кастрычніка 1281 (7) года.
Гэта быў час бурлівых і няпростых падзей. Княжацкая міжусобіца ў многім паўплывала і на жыццё літоўскай князёўны.
Заснавальнік і першы князь Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг вельмі жорстка распраўляўся з тымі, хто не жадаў прызнаваць яго ўладу ў час аб’яднання дробных удзельных княстваў. Таму многія княжацкія сем’і і шляхетныя літоўцы ў другой палове ХІІІ стагоддзя вымушаны былі перасяліцца на іншыя землі.
Воляю лёсу літоўская князёўна трапіла ў Ноўгарад.
Гістарычных фактаў пра жыціе прападобнай Харыціны вельмі мала, аднак мы ведаем галоўнае: адрокшыся ад свецкага ладу жыцця і багацця, князёўна прысвяціла сябе малітве і богаўгоднай справе міласэрнасці.
Апынуўшыся на чужой зямлі, юная Харыціна адразу прыцягнула ўвагу рускіх княжычаў.
Паводле народнага падання, у 12-гадовым узросце князёўну вырашылі выдаць замуж за наўгародскага княжыча Фёдара Яраславіча, роднага брата князя Аляксандра Неўскага. Аднак шчасліваму шлюбу перашкодзіла невытлумачальная трагедыя. Напярэдадні шлюбнай цырымоніі 10 чэрвеня 1233 года 14-гадовы жаніх раптоўна памёр. Пахавалі княжыча Фёдара ў Георгіеўскім саборы наўгародскага Юр’евага манастыра.
Прыбіты горам князь Яраслаў аддаў князёўне, якая яшчэ не паспела стаць яго нявесткай, усе належныя ёй дары і адправіў дадому. Дзяўчына нічога не ўзяла і дадому не вярнулася. Роднай сям’і яна ўжо не належала, а да новай яшчэ не далучылася. Як шчырая верніца князёўна Харыціна знайшла для сябе адзінае выйсце – прысвяціць сваё жыццё Госпаду і пайсці ў манастыр.
У наўгародскім жаночым манастыры ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла на Сінічай гары яна прыняла пострыг з іменем Харыціна (імя да пострыгу невядома).
Манаскае імя прападобнай (Харыціна ад грэч. xarites – “міласць, міласэрнасць, дабрыня”) адлюстроўвае асноўныя якасці яе душы – спагадлівасць, чуласць да людзей, спачуванне і дапамога тым, каму яна патрэбна. Людскія беды і цяжкасці сястра Харыціна перажывала як уласныя. Таму змагла стаць сваёй, роднай чужым людзям у чужой краіне.
Самаадданыя і манаскія подзвігі прападобнай Харыціны, чалавека пакоры, чысціні і строгага ўстрымання, паслужылі прычынай абрання яе праз некаторы час ігуменняй гэтага манастыра.
Прападобная Харыціна па-мацярынску клапацілася пра сясцёр манастыра, яшчэ нават да таго часу, пакуль стала там ігуменняй. Выслухвала гаротных і асушала слёзы, дапамагала зменшыць фізічныя і душэўныя пакуты.
Галоўнае для прападобнай Харыціны было само прыняцце людзьмі праваслаўнай веры, у тым ліку і іншаземцамі. Менавіта таму святую Харыціну лічаць заступніцай чужаземцаў, якія жадаюць прыняць праваслаўе і шукаюць свой шлях выратавання.
Праведнае і дабрадзейнае жыццё прападобнай Харыціны з’явілася прычынай мясцовага ўшанавання яе пасля скону. Спачатку ў манастыры, а затым на наўгародскіх, літоўскіх і беларускіх землях.
Пасля таго, як былі знойдзены нятленныя мошчы, прападобнай Харыціне складзена царкоўная служба і напісаны яе абраз.
У Іканапісным Арыгінале сказана: “Святая и праведная Харитина, начальница Петровского девичьего монастыря, что в Нове-граде. Родом бысть королевства Литовского; подобием простовласа девица, в единой свите без мантии”.
Грабніцу святой уладкавалі ў паўднёва-заходняй частцы царквы наўгародскага Петра-Паўлаўскага манастыра. Святыя мошчы прападобнай Харыціны ў манастырскай царкве, якая стала пасля могілкавай, знаходзіліся пад спудам.
На меднай рацы змешчаны невялікі тэкст: “Тут, у былым Петра-Паўлаўскім манастыры, у царкве святых апосталаў Пятра і Паўла, за правым клірасам пры сцяне, спачывае святая дабраверная князёўна Харыціна, інакіня з роду каралёў Літоўскіх…”.
Вось ужо больш за сем стагоддзяў звяртаюцца людзі з малітваю да прападобнай Харыціны Літоўскай “за разсеянных чад Божиих”, што ў час ліхалецця змушана пакідалі родную зямлю: “… О приснопамятная мати наша Харитино, принеси за нас грешных молитвы твоя и разсеянных чад Божиих собери любовию твоей, возжжи пламень молитвы в сердцах наших, да славяще память твою, прославим Господа нашего Иисуса Христа во веки веков. Аминь”.
Прападобная Харыціна Літоўская ўвайшла ў гісторыю таксама як святая і апякунка праваслаўнай Літвы.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- http://sppsobor.by
- http://days.pravoslavie.ru
- https://obitel-minsk.ru
- https://azbyka.ru
- http://alexandrtrofimov.ru
- https://help.spastv.ru
- https://kimp.lt
- https://prilukicerkov.by