Прападобны Генадзій Магілёўскі, цудатворац

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Святы прападобны Генадзій Магілёўскі (Кастрамскі і Любімаградскі) нарадзіўся ў пачатку XVI стагоддзя ў г. Магілёве (у той час тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага) у заможнай сям’і баяраў Іаана і Алены. Хлопчыка назвалі Грыгорыем. Ён быў адзіным сынам у сям’і. З малых гадоў увесь час знаходзіўся ў царкве. Маліўся Богу, спяваў на клірасе.

Ікона прападобнага Генадзія Магілёўскага (Кастрамскога і Любімаградскага).

Хлопчык любіў простых людзей і, нягледзячы на забароны бацькоў, нярэдка праводзіў ночы ў хацінах сялян, расказваючы ім пра Бога і святых. Бацькоў такія паводзіны сына не задавальнялі, і яны гаварылі яму: “Навошта ты так робіш? Хіба ты вартаўнік царкоўны? Ты сарамаціш нас перад людзьмі. Даволі з цябе таго, што ходзіш у царкву разам з намі, а астатні час павінен сядзець дома ці сустракацца з сябрамі, асабліва не павінен пазбаўляць сябе спакою ноччу”. Але Грыгорый адказваў: “Дарагія бацькі, не дакучайце мне такімі прамовамі: я не хачу займацца дзіцячымі гульнямі. Бог творыць, што хоча, а чалавек – што можа. Дух жа Святы настаўляе кожнага чалавека на правільны шлях”. Нягледзячы на ўгаворванні бацькоў,  Грыгорый усё ж вырашыў стаць манахам.

Выбраўшы спрыяльны час і памяняўшыся з беднымі сваім светлым адзеннем, ён пайшоў у праваслаўныя мясціны, пакінуўшы бацькоўскі дом. Галоўнае было для юнака, каб яму ніхто не перашкаджаў служыць Богу.

Грыгорый доўга ішоў па землях Вялікага Княства Літоўскага, мінаў вёскі і гарады як падарожны і чужынец. Ад злых людзей зведаў шмат бед і напасцяў. Часта галадаў. Але з Божаю дапамогаю юнак дайшоў да Масквы. Пакланяўся ўсім святыням і шукаў манастыр, дзе б яму прыняць манаскі пострыг і маліцца Богу.

У Маскве Грыгорый сустрэў хлопца Феадора, які таксама жадаў пастрыжэння. Маладыя людзі пасябравалі, і ўжо з Масквы разам адправіліся ў Вялікі Ноўгарад, а адтуль на Свір-раку, да прападобнага Аляксандра Свірскага (†1533). Юнакі пачалі шчыра прасіць, каб ён дзеля Хрыста апрануў на іх манаскае адзенне, бо яны жадаюць маліцца Госпаду Богу. Але прападобны старац Аляксандр не пакінуў іх у Свірскім Троіцкім манастыры з-за маладосці.

Прападобны Аляксандр Свірскі звярнуўся спачатку да сябра Грыгорыя і сказаў, што Феадор будзе “вадзіць звера белагаловага”.  А Грыгорыю сказаў наступнае: “А ты, дзіця Грыгорый, сам будзеш пастыр славесным авечкам і настаўнік мноству манахаў. Ідзі, дзіця, у Комельскі лес да прападобнага Карнілія, і той навучыць цябе, як Богу маліцца і як табе пасвіць славесны статак манахаў, а ў нашай пустыні отракам немагчыма жыць. Аднак, адпачніце тут, дзеці мае, колькі дзён пажадаеце”.

Праз чатырнаццаць дзён, узяўшы ў прападобнага Аляксандра благаславенне, сябры пайшлі ў Валагодскія лясы.

Прыйшлі яны ва Увядзенскую абіцель да прападобнага Карнілія Комельскага і пастукаліся з малітвай Ісусавай.

Карнілій, адчыніўшы дзверы, сказаў ім: “Дзеці мае, як прайшлі вы месцы непраходныя і навошта ўвайшлі ў гэтую ўбогую пустыню? Чаго шукаеце вы?” Яны адказвалі: “Уладыка наш, намі авалодала вялікае жаданне апрануцца ў манаскае адзенне. Дзеля Хрыста, далучы нас да свайго богаабранага статку”.

Прападобны Карнілій сказаў ім: “Ты, дзіця Грыгорый, увайдзі ва ўбогі мой манастыр, а ты, дзіця Феадор, застанешся ў мірскім жыцці, возьмеш жонку і народзіш дзяцей”.

Феадор вярнуўся ў Маскву. Дажыў ён да глыбокай старасці ў вялікай сваёй сям’і.

Ікона прападобнага Карнілія Комельскага.

Сярод многіх святых падзвіжнікаў Валагодскага краю прападобны Карнілій займае адно з самых першых і важных месцаў як па строгасці жыцця, па цяжкасці і вышыні сваіх подзвігаў, так і па тым вялізным уплыве, які ён меў на сучаснікаў, асабліва на манахаў: ён выхаваў нямала святых вучняў, якія пасля сталі заснавальнікамі манастыроў і распаўсюджвалі ў іх статут Карнілія – адзіны пісьмовы помнік, які дайшоў да нас з прац валагодскіх цудатворцаў.

Прападобны Карнілій пасяліў Грыгорыя ў невялікім манастыры, узяўшы яго паслушнікам пад сваё духоўнае кіраўніцтва. Грыгорый, прабыўшы там “у выпрабаванні даволі часу”, быў пастрыжаны з іменем Генадзія.

Святы Карнілій навучаў юнага манаха, каб той засвойваў мудрасць старажытных святых айцоў: цярпенне, любоў і пакору, асабліва ж малітву агульную або саборную і келейную, і працаваў у подзвігах некрывадушных.

Генадзій хутка ўзрастаў, вучыўся быць пакорлівым, упартым, любіць братоў сваіх, старанна маліцца, пазбягаць усякай крывадушнасці. Ён стаў любімым вучнем прападобнага Карнілія.

Комельская брація зайздросціла Генадзію. Яны пачалі наракаць на самога Карнілія, што ён, будучы ігуменам, сярод іншых відавочна аддаваў перавагу Генадзію.

Паводле “Жыція” Генадзія, пазбягаючы “буры зламоўя, паклёпу і шаптання”, або, паводле “Жыція” Карнілія, “для заспакаення сябе і браціі”, жадаючы “ў адзіноце маўчаць”, прападобны Карнілій разам з Генадзіем у сярэдзіне 20-х гадоў XVI ст., узяўшы з сабой “мала ад браціі”, пакінулі Карніліеў Комельскі манастыр і сышлі ў Кастрамскія лясы да Сурскага возера, даручыўшы манастыр 12-ці братам.

Карніліеў манастыр.

У той час там былі бортныя лясы, якія належалі вялікакняскім сялянам. Бортнікі (пчаляры), што жылі там, з радасцю сустрэлі прападобных, дзяліліся з імі хлебам і мёдам і дапамаглі ім пабудаваць келлю. Усе праводзілі час у працы, секлі лес, аралі зямлю. Так жылі яны да 1529 года.

У гэтым жа годзе вялікі князь Васілій Іаанавіч, у якога з жонкай Аленай не было дзяцей, падарожнічаючы ў навакольныя манастыры і молячыся пра нараджэнне дзетак, дабраўся і да Комельскай пустыні. Але слаўнага прападобнага Карнілія тут не сустрэў. Даведаўшыся пра прычыну яго адыходу, вельмі абурыўся на свавольную брацію і адразу паслаў сваіх служыцеляў прасіць прападобнага Карнілія прыбыць у Комельскую пустыню.

Старац Карнілій пагадзіўся. Разам з ім з’явіўся ў манастыры і прападобны Генадзій. Вялікі князь угаварыў прападобнага Карнілія застацца ў ранейшым, заснаваным ім манастыры, а Генадзію дазволіў уладкаваць манастыр у пустыні на беразе Сурскага возера.

Для нешматлікага, з шасцярых чалавек, брацтва ў пустыні на беразе Сурскага возера была пабудавана царква ў імя Праабражэння Гасподняга.

Вялікі князь дапамог Генадзію ўладкаваць царкву ўсім неабходным і пастанавіў на выплату яму хлебную ругу. Брацтва паважала Генадзія. Ён быў для іх прыкладам “пакоры і цярплівасці”.

Стаўшы ігуменам, прападобны Генадзій не аслабіў манаскіх подзвігаў. Для “ўціхамірвання плоці” насіў на сабе жалезныя вярыгі і крыжы. Разам з браціяй прападобны Генадзій выходзіў на манастырскія працы: сек лес, калоў дровы і разносіў іх па келлях, рабіў свечкі і пёк прасфоры, нароўні з іншымі манахамі працаваў у пякарні, мыў валасяніцы. У вольны час з любоўю займаўся іканапісам.

У рукапісным “Жыціі” Пахомія Нярэхцкага дадзены славесны партрэт прападобнага Генадзія: “лета средние, власами рус, брадою черен, брада ако у Космы и Дамиана бессеребренников, ризы преподобническия схимничьи, руцы молебны”.

Прападобны Генадзій ад Госпада меў дар празорлівасці і цудатварэння. Ацаляючы хворых, прападобны заклікаў іх каяцца і памятаць пра гадзіну смяротную.

Аднойчы, прыехаўшы па манастырскіх справах у Маскву, ён прадказаў Анастасіі, дачцэ баярына Рамана Юр’евіча Захар’іна, што яна будзе царыцай.

Сказанае па-прароцку прападобным Генадзіем спраўдзілася: Анастасія Раманаўна стала царыцай, першай жонкай Іаана Васільевіча Грознага. Яна мела глыбокую веру і пашану да прападобнага Генадзія, пасылала яму святыя абразы і рызы, іншыя патрэбныя для царкоўнай службы рэчы.

Сам цар Іаан Грозны ставіўся да святога з глыбокай пашанай. Генадзій быў духоўнікам цара, а пазней выхавацелем і хросным яго дачкі Ганны.

З цягам часу колькасць манахаў павялічвалася. І прападобны Генадзій задумаў пабудаваць другую царкву, цёплую, у імя прападобнага Сергія Раданежскага. Удзячныя Захар’іны дапамаглі Генадзію ўзвесці ў сваім манастыры новы храм.

А баярын Барыс Палецкі за збаўленне яго прападобным Генадзіем ад цяжкай хваробы ахвяраваў манастыру каштоўны звон. Так быў заснаваны Спаса-Генадзіеў манастыр.

Краявід Спаса-Генадзіева манастыра. 1862 г.

Пра жыццё і службу прападобнага Генадзія напісаў яго вучань і пераемнік ігумен Алексій паміж 1584–1587 гадамі ў “Жыціі.” Прападобны Генадзій не меў граматы. Але пакінуў дзве літаратурныя працы аскетычна-павучальнага характару – “Наставление новоначальному иноку” і перадсмяротнае “Поучение ко братии и ко всем людем”. У іх прападобны Генадзій заставаўся верным запавету свайго настаўніка, прападобнага Карнілія: “приими древних святых отец разум, терпение, любовь и смирение, паче же молитву соборную и келейную и потрудися в подвизех нелицемерных”.

Як лічыў прападобны Генадзій, манах павінен ведаць толькі царкву, трапезу ды сваю келлю, паслухмяна і мірна выконваць манастырскія справы, берагчы манастырскую маёмасць, не тварыць зла, не гаварыць непрыстойнасцей, не крыўдзіць гвалтам сялян, увесь час працаваць. Навучаў часцей прычашчацца, бо калі манах “шэсць тыдняў святыні не прычасціцца, гэта не манах”. Царква для манаха павінна быць “зямным небам”.

Яшчэ прападобны Генадзій, які сам не меў адукацыі, раіў манахам берагчы сабраныя ў манастыры кнігі, набываць новыя і розум свой прыкладаць да ўсведамлення напісанага. Прападобны заклікаў: “Імкніцеся да святла, а цемру пакідайце”.

23 студзеня 1565 года прападобны Генадзій адышоў да Госпада. Пахавалі яго ў Спаса-Праабражэнскім саборы манастыра.

Пры закладцы каменнага Праабражэнскага сабора на месцы драўлянай царквы, пабудаванай Генадзіем, у 1644 годзе былі знойдзены мошчы. Калі адкрылі труну прападобнага Генадзія, не толькі цела яго, але і адзенне было цэлае, не стлела за доўгі час. У “Аповесці аб аднойдзенні мошчаў” (канец 40-х гадоў ХVI ст.) апісаны цуды, што здарыліся пры гэтай падзеі.

19 (29) жніўня 1646 года па благаславенні патрыярха Іосіфа адбылося ўсерасійскае праслаўленне прападобнага Генадзія.

У Спаса-Генадзіевым манастыры ў другой палове 30-х гадоў XVII стагоддзя быў пабудаваны драўляны цёплы храм у імя Алексія, чалавека Божага.

З 1644 года ў ім часова знаходзілася труна з мошчамі прападобнага Генадзія, якая ў лістападзе 1647 года была ўрачыста перанесена ў новаасвячоную Праабражэнскую царкву і пастаўлена каля правага кліраса Благавешчанскага прыдзела.

Мошчы прападобнага Генадзія захоўваліся спачатку адкрыта, а пасля “па невядомых прычынах і невядома калі былі схаваныя пад спуд”. У пачатку 1920-х гадоў манастыр быў закрыты, а мошчы 28 верасня 1920 года ўскрыты і вывезены ў Яраслаўскі губернскі музей, дзе знаходзіліся да сярэдзіны 1930-х гадоў. Далейшы лёс мошчаў не зусім вядомы. Лічыцца, што цяпер святыя мошчы прападобнага Генадзія знаходзяцца ў Кастраме (https://sppsobor.by).

Памяць 23 студзеня (5 лютага). Гэты дзень выбраны ў 1983 годзе датай Сабора Кастрамскіх святых, 23 мая (5 чэрвеня) – Сабора Растова-Яраслаўскіх святых і ў трэці тыдзень па Пяцідзесятніцы – Сабора беларускіх святых.

Да святкавання 350-годдзя з дня знаходжання мошчаў і 435-годдзя з дня скону святога Генадзія заснавана ўзнагарода Кастрамской епархіі – нагрудны знак “Прападобны Генадзій Кастрамскі і Любімаградскі” I і II ступеняў, якім узнагароджваюць святароў і цывільных за праяўленую стараннасць і асаблівы ўклад у справу духоўнага адраджэння Кастрамскога краю.

Узнагарода Кастрамской епархіі.

Спаса-Генадзіеў манастыр

Cпаса-Генадзіеў манастыр знаходзіцца ў Яраслаўскай вобласці, Любімскім раёне ў сяле (манастырская) Слабада на ўсходнім беразе Сурскага возера, каля дзвюх рэк – Абноры і Кастрамы.

Заснаваны манастыр у 1529 годзе прападобным Генадзіем на месцы келлі, дзе ён жыў разам са сваім настаўнікам прападобным Карніліем Комельскім.

Першапачаткова Спаса-Генадзіеў манастыр называўся Новая Карніліева пустыня, з 40-х гадоў XVI стагоддзя – Генадзіева пустыня, да пачатку XVII стагоддзя – Спаскі Генадзіеў манастыр.

Cпаса-Генадзіеў манастыр (сучасны выгляд).

Спаса-Генадзіеў манастыр знаходзіўся пад апекай цара Іаана IV Грознага і баярскага роду Раманавых.

У 1614 годзе цар Міхаіл Фёдаравіч Раманаў вызваліў Спаса-Генадзіеў манастыр на 2 гады ад усіх казённых пабораў, у 1615 годзе пазбавіў ад аброку на мёд, які збіралі ў Карганаўскім бортным лесе, у 1623 годзе даў манастыру несудзімую грамату, якая пацвярджала яго судовы імунітэт.

Сабор у гонар Праабражэння Гасподняга (сучасны выгляд).

Кампазіцыйны цэнтр манастыра складаў манументальны пяцігаловы Спаса-Праабражэнскі сабор 1647 года пабудовы.

У 1751 годзе асвячоны каменны Алексіеўскі храм, пабудаваны на месцы драўлянага.

Храм у імя Алексія, чалавека Божыя. Адбудаваны ў 2017 г.

У 1805 г. у Спаса-Генадзіевым манастыры асвячоны адзін з прыбудоў цёплага храма, які прымыкаў да Спаса-Праабражэнскага сабора. У 1-й чвэрці XIX стагоддзя над месцам пахавання Генадзія ўстанавілі сярэбраную раку, вырабленую на сродкі жыхароў г. Любіма. На рацы размяшчаўся старажытны абраз прападобнага Генадзія ў сярэбраным акладзе. У 30-х гг. XIX стагоддзя ігумен манастыра Паладзій паспрабаваў агледзець мошчы Генадзія.

Калі пачалі разбіраць мур на месцы ракі, пачуўся трэск, сабор затросся, ігумен і рабочыя ў страху збеглі. У 2-й палове XIX стагоддзя над месцам пахавання прападобнага Генадзія ўстанавілі новую сярэбраную раку, вырабленую любімскім купцом І. С. Мухіным. У манастыры захоўваліся рэліквіі, што, як сведчыць паданне, належалі Генадзію: коўш для збору грошай і сякера (у 1934 годзе яны паступілі ў Яраслаўскі музей).

У Беларусі рупліўцам памяці прападобнага Генадзія быў вядомы гісторык і педагог Еўдакім Раманаў (1855 – 1922), па ініцыятыве якога іконы прападобнага былі напісаны для кафедральных сабораў Вільні, Магілёва і Гомеля.

У 1919 годзе Спаса-Генадзіеў манастыр закрылі, а сабор дзейнічаў у якасці прыходскага храма да 1928 года. Пасля пабудовы былі перададзены калгасу. З пачатку 1930-х гадоў у ім знаходзілася стайня калгаса “Улада Саветаў”. Былі разабраны на цэглу агароджа са святой брамай і пяць вежаў.

Царкву ў гонар Алексія выкарыстоўвалі пад калгасную кантору, а першы паверх пад збожжасховішча і склад ядахімікатаў. З аднаго боку храма была зроблена сіласная яма, з іншых бакоў, як і па ўсім манастыры, нарэзаны трактарныя каляіны. Фруктовы сад высеклі ў 1960-х гадах, а калодзеж прападобнага закідалі.

Будынкі манастыра неаднаразова ўзрывалі. Былі знесены агароджа і вежы (некаторыя вежы захоўваліся да 1980-х гадоў). Брацкі корпус быў скарыстаны пад турму, але праз некаторы час яе расфармавалі, а корпус разбурылі. Сабор узрывалі ў 1961 годзе, аднак сцены і барабаны купалоў яго ацалелі.

У 1961 годзе разабраны двухпавярховы брацкі корпус, у 1964 годзе – прыбудаваная да Праабражэнскага сабора цёплая царква ў імя прападобных Генадзія Кастрамскога і Карнілія Комельскага, а ў 1965 годзе – прыбудова прападобнага Сергія Раданежскага.

Спробы знішчэння манастырскіх пабудоў рабіліся ажно да 1980-х гадоў: у 1988 годзе трактарамі быў знесены алтар саборнага храма. Да 1990-х гадоў большасць будынкаў, агароджа і келлі былі разбураныя.

Разбураны Спаса-Праабражэнскі храм. 1980 г.

З пачаткам адраджэння духоўнасці ў 1996 годзе была створана суполка Спаса-Генадзіева манастыра, якой у 1997 годзе камітэт па ахове помнікаў гісторыі і культуры Яраслаўскай вобласці перадаў манастырскі комплекс у паўразбураным стане – сабор Спаса-Праабражэнскі (1647), царква Алексія (1751), званіца (1715).

У манастыры адноўлены калодзеж святога Генадзія. Глыбіня калодзежа – 12 метраў. Над ім пабудаваны драўляны храм у імя прападобнага Генадзія.

Драўляны храм у імя прападобнага Генадзія над святым калодзежам.

1 верасня 1999 года быў здзейснены першы вадасвятны малебен, 23 чэрвеня 2000 года – першая Боская літургія. Цяпер набажэнствы праводзяцца рэгулярна. У дні памяці прападобнага Генадзія здзяйсняецца Боская літургія, праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прападобнаму.

У манастыр арганізаваны паломніцкія паездкі (да калодзежа прападобнага Генадзія). Пры манастыры ёсць пчальнік, дзе наведвальнікі могуць пачаставацца мёдам.

Ушанаванне прападобнага Генадзія Магілёўскага (Кастрамскога і Любімаградскага) працягваецца. У імя прападобнага адкрываюцца храмы і ў наш час.

У 2008 годзе адкрыты храм святога прападобнага Генадзія Магілёўскага (Кастрамскога і Любімаградскага) у аграгарадку Ваўкавічы Чавускага раёна Магілёўскай епархіі. Усё для богаслужэння ўладкавана ў будынку былога аддзялення паштовай сувязі. Крыж, купалы, абразы і царкоўнае начынне прывёз з Мінска святар Георгій Сакалоў. Спрычыніліся таксама да адкрыцця храма і сельгасарганізацыя “Сасновы бор”, і мясцовыя жыхары.

Вернікі ганарацца сваёй святыняй, падтрымліваюць парадак у храме, займаюцца пытаннямі прыхода, распавядаюць наведвальнікам гісторыю храма ў гонар прападобнага Генадзія, іх земляка, а таксама пра яго жыццё.

Пра манастыр і прападобнага Генадзія ў 2010 годзе выйшла кніга М. Рутман і А. Рутман “Любімскі Спаса-Праабражэнскі Генадзіеў манастыр”.

У кнізе распавядаецца пра амаль 500-гадовую гісторыю манастыра ад уладкавання прападобным Карніліем Комельскім пустыні ў Кастрамскім Заволжы, на беразе Сурскага возера, каля зліцця рэк Кастрамы і Абноры, пра станаўленне манастыра працамі яго першага настаяцеля прападобнага Генадзія Кастрамскога…

У манастыры ёсць цудатворны надмагільны камень, які знаходзіцца недалёка ад Праабражэнскага сабора. Гэты камень мае сілу вылечваць хваробы. На жаль, невядома, хто пахаваны пад гэтым каменем.

Загадкавы валун на тэрыторыі манастыра.
Загадкавы валун на тэрыторыі манастыра.

Гэты загадкавы камень – пасланне невядомых людзей мінулага сваім далёкім нашчадкам. Ніхто ўжо не ведае, як гэты валун з’явіўся ў самым цэнтры святога манастыра. Але думаецца, што недалёка той час, калі камень адкрые сваю галоўную таямніцу.

Пры жыцці Генадзій, заснавальнік і цяпер дзейснага Спаса-Праабражэнскага манастыра, явіў 19 цудаў празорлівасці і ацалення. Гэтыя факты зафіксаваны і пацверджаны шматлікімі сведкамі, выкладзены ў “Жыціях” святога. Колькі яшчэ засталося здзейсненых ім цудаў па-за полем зроку і памяці людской – вядома толькі Госпаду.

“Дваццаты цуд, – піша ў аднайменным артыкуле Аляксандр Няфёдаў (29 сакавіка 2021 г., сайт: https //chudesamag.ru), – Генадзій здзейсніў рукамі манахаў і неабыякавых жыхароў мясцовых вёсачак і сёлаў: калі сто гадоў таму ваяўнічыя бязбожнікі выявілі раку, яны ўбачылі, а затым і павезлі ў Яраслаўль не яго мошчы, а астанкі невядомага чалавека, якімі ахвяравалі дзеля выратавання нятленных частак цела святога. Хлусня для выратавання, падман дзеля ісціны…”

“…Мы стаім, – піша далей Аляксандр Няфёдаў, – каля каменя, пад якім, як мяркуюць цяперашнія насельнікі Генадзіева манастыра, і былі захаваны роўна сто гадоў таму мошчы цудатворца. Можна ставіцца да гэтага скептычна, але… Але многія акалічнасці і дэталі красамоўна гавораць за гэтую версію. Ва ўсякім разе, наша судакрананне з гэтым каменем, магчыма і без асаблівай, заўзятай Веры, але з належным шанаваннем і павагай, прынесла свой бачны плён”.

Без найменшай надзеі на цуд аўтар прыведзеных вышэй радкоў загадаў перад каменем жаданне, да здзяйснення якога імкнуўся не адзін дзясятак гадоў. Не прайшло і тыдня, як надзвычай цяжкая справа зрушылася з мёртвай кропкі, а літаральна за дзень да новага, 2021 года, канчаткова вырашылася на радасць усёй яго сям’і.

“Не бяру на сябе місію спараджаць міф, але Спаса-Праабражэнскі Генадзіеў манастыр – не толькі месца святой веры праваслаўнай, але і месца сілы духоўнай у яе глабальнай праяве, – працягвае аўтар артыкула Аляксандр Няфёдаў. –  Шурпаты валун, пакрыты зеленавата-серабрыстым імхом, відавочна захоўвае нейкую запаветную таямніцу. І калі пад ім калі-небудзь сапраўды будуць знойдзены мошчы прападобнага Генадзія, то гэта стане яшчэ адным, цяпер ужо дваццаць першым цудам”.

Трапар прападобнаму Генадзію Магілёўскаму, глас 4-ы.

Як пустынелюбная галубка, ад мітуслівага і многамяцежнага свету ў пустыню аддаліўшыся, чысцінёю і постам, малітвамі і працаю праславіў ты Бога ў душы і целе сваім, прападобны ойча Генадзіе, у горадзе Магілёве народжаны. I так набожна пражыўшы, з’явіўся ты абіцелі Любімаградскай украсаю, для манахаў набожнага жыцця прыкладам і цёплым малітвеннікам за ўсіх, хто звяртаецца да цябе з вераю.

Крыніцы:

  • https://www. gennadiev.ru                                                  
  • http://sppsobor.by
  • https://spas-monastery.by
  • http://www. pаlomnik.by
  • http://hramlavrenty-svetoch. narod.ru
  • http://devadnes.ru
  • https://azbyka.ru
  • https://yarwiki.ru
  • https://www. chausynews.by
  • https://monasterium.ru
  • http://wiki мogilev.by
  • https://rybeparhia.ru
  • https://svyato.info
  • https://chudesamag.ru

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.