Праваслаўны лагер «Ручаёк»

Праваслаўны лагер «Ручаёк», заснаваны пры саборы Раства Прасвятой Багародзіцы г. Глыбокае, – гэта выдатная магчымасць для дзяцей не толькі адпачыць на ўлонні прыроды пасля навучальнага года, але і магчымасць бліжэй пазнаёміцца з асновамі праваслаўнай веры. Знаходзіцца месца адпачынку ў вёсцы Перадолы з 2010 года. Штогод лагер працуе с 14 чэрвеня па 10 жніўня.

Дзеці маюць магчымасць чытаць ранішняе і вячэрняе правіла ў храме, спяваць у царкоўным хоры на Літургіі, прывучаюцца маліцца перад ежай і дзякаваць Госпаду пасля. Удзельнічаючы ў богаслужэннях, крэсных ходах, краязнаўчых паходах, сустрэчах з цікавымі людзьмі, яны аздараўліваюцца не толькі фізічна, але і духоўна, атрымліваюць нефармальнае патрыятычнае выхаванне.

Праваслаўны лагер – месца, дзе дзеці праходзяць школу жыцця, прывучаюцца да малітвы, працы, клопату адзін пра аднаго, вучацца ўзаемадзейнічаць, знаходзяць новых сяброў, радуюцца ўзаемінам і шукаюць шляхі выхаду з канфліктных сітуацый. Гэта магчымасць паспрабаваць свае сілы ў рознага роду спартыўных спаборніцтвах (футбол, валейбол, тэніс, спартландыі), развіць творчыя здольнасці (лепка з гліны, вырабы з салёнага цеста, маляванне, выраб паштовак і інш.), паўдзельнічаць у квэстах рознай тэматыкі, ролевых гульнях, гульнях на развіццё кемлівасці, спрыту, паглядзець і абмеркаваць цікавыя мастацкія, публіцыстычныя фільмы і мультфільмы. У цёплае, сонечнае надвор’е плаванне ў басейне – любімы занятак, а вечарам – касцёр. А пасля басейна, дзённай працы і адпачынку – лазня: гігіенічныя працэдура і яшчэ адна забава. Бо парылка і венічак з галінкай ядлоўцу, крапівою ці іншымі лекавымі травамі дома ёсць далёка не ў кожнага. Не дзіва, што дзеці не сумавалі па сваіх мабільных тэлефонах. Аказваецца, што цікаве жыццё існуе і па-за межамі інтэрнэту і тэлефонных гульняў.

Асаблівасцю лагернага жыцця апошнія два гады было тое, што разам з дзецьмі маглі быць мамы, таты, бабулі і дзядулі. Яны дапамагалі арганізоўваць і быт, і лагернае жыццё ўцэлым.

З лагера дзеці павезлі дадому прыемныя ўражанні і надзею на сустрэчу ў наступным годзе.

По материалам сайта Полоцкой епархии eparhia992.by