Ракава сівыя камяні…

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Працягласць маршрута: 6 км.

Асноўных аб’ектаў на маршруце: 12. 

Транспарт: маршрутнае таксі, аўтобус, аўтамабіль.  

Даехаць з Мінска да Ракава можна на маршрутным таксі (адпраўляецца з вул. Кірава), на рэйсавых аўтобусах (Мінск–Волма, Мінск–Валожын і інш.) і на асабістым транспарце.  Побач з Ракавам праходзіць рэспубліканская траса М6. 

Час у дарозе: на аўтобусе ці маршрутным таксі – прыкладна 50 хвілін, на асабістым транспарце – каля 30 хвілін.

Чыгунка праз пасёлак не праходзіць. Ракаў знаходзіцца за 39 км ад Мінска, за 16 км ад чыгуначнай станцыі “Беларусь” (Маладзечанскі накірунак).

 З гісторыі ўзнікнення Ракава

Заўсёды цікава, бываючы ў той ці іншай мясцовасці, даведацца паходжанне назвы мясціны. Пра ўзнікненне назвы Ракава існуе некалькі версій. Па адной, мястэчка атрымала такую назву ад таго, што ў рэках водзяцца ракі; па другой – ад старажытнаегіпецкага бога Сонца Ра. Многія жыхары Ракава прытрымліваюцца думкі, што Ракаў – ад слова “рака”, спецыяльнага куфара, дзе захоўваюцца мошчы святых.

Упершыню Ракаў згадваецца ў пісьмовых крыніцах 14 красавіка 1465 года. Вядома, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір Ягелон падарыў Ракаў канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Міхаілу Кезгайлу. У 1568 Ракаў атрымаў статус мястэчка.

Амаль сто гадоў кіравалі Ракавам Кезгайлы. З сярэдзіны XVI ст. Ракаў па спадчыне перайшоў да Завішаў, а ў XVII ст. новымі ўладальнікамі горада сталі Сангушкі, пры якіх Ракаў дасягнуў найбольшага развіцця.

У мястэчку працавала друкарня, у 1686 г. у быў заснаваны дамініканскі манастыр, а ў 1702 годзе – манастыр базыльянаў. У той час Ракаў атрымаў дазвол ад караля Рэчы Паспалітай на правядзенне штогадовых кірмашоў і арганізацыю штотыднёвага рынку.

У канцы XVIIІ ст. Ракаў адышоў да Расійскай Імперыі. У сярэдзіне XIX ст. у мястэчку працавалі два млыны, цагляны і півавараны заводы. У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, а ў 1880-я гады – царкоўна-прыходская і рамесная школы.

У Ракаве жылі сапраўдныя майстры, асабліва мястэчка славілася ганчарнымі вырабамі – гаспадарчым посудам, кафляю з дэкорам. Ракаўская кераміка была добра вядома за межамі гэтай мясцовасці. Вядома, што на пачатку XX ст. у Ракаве налічвалася больш за 100 ганчароў.

Мар’ян Здзяхоўскі.
Мар’ян Здзяхоўскі.

У канцы XIX — пачатку XX стст. Ракавам валодаў Мар’ян Здзяхоўскі, прафесар Кракаўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. Юны Мар’ян падчас вучобы ў Мінску часта бываў у доме Люцыяна Неслухоўскага, бацькі беларускага паэта Янкі Лучыны. Пасталеўшы, Мар’ян змог напісаць шмат прац, дзе даследаваў асаблівасці рускай культуры, філасофскай, рэлігійнай і палітычнай думкі. Вучоны быў знаёмы і перапісваўся з Л.Талстым, М. Бярдзяевым, Д. Меражкоўскім.  Як лічыў М. Здзяхоўскі, “выратаванне можа быць толькі ў духоўным адраджэнні, выхаванні людзей, прасякнутых свядомасцю свайго грамадскага абавязку, якое па сутнасці ёсць верай у абсалютнае Дабро або Бога”.

У ракаўскай сядзібе Здзяхоўскага збіраліся вядомыя літаратары і музыканты. Польская пісьменніца беларускага паходжання Эліза Ажэшка называла Ракаў “Паўночнымі Афінамі”.

У 1939 годзе Ракаў увайшоў у склад БССР і атрымаў статус гарадскога пасёлка, а да гэтага часу, пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавору паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, мястэчка, як частка Заходняй Беларусі, уваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай.

Вялікая Айчынная вайна не абышла трагічнымі падзеямі Ракаў. Больш за 2000 жыхароў мястэчка загінула.

16 ліпеня 1954 года статус Ракава панізілі да вёскі, далучылі да Выганіцкага сельсавета, дзе Ракаў стаў яго цэнтрам, а сельсавет перайменаваны ў Ракаўскі. 28 лютага 2008 года Ракаву нададзены статус аграгарадка.

Ракаў сённяшні – гэта невялікі прыгожы аграгарадок (так і хочацца сказаць цяплей – “мястэчка”) са сваімі традыцыямі і помнікамі культуры ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. У культурным жыцці мястэчка ўдзельнічаюць і “карэнныя” ракаўцы, і былыя сталічныя жыхары, якія пераехалі сюды на сталае жыхарства.

Сёння мы гаворым пра феномен Ракава як “культурнага цэнтра пад Мінскам”, дзе ладзяцца вечарыны традыцыйных танцаў, дзе гучыць авангардная і фальклорная музыка, дзе падчас свята можна захапляцца тэатралізаваным шэсцем з удзелам артыстаў у вобразе гістарычных асоб, чыя дзейнасць была звязана з Ракавам, дзе шануюцца помнікі гісторыі і даўніны.

Ракаўская крыніца

Сярод местачкоўцаў гэтую мясціну называюць “У Крыжы”. Цяпер гэта помнік рэспубліканскага значэння. Размешчана на ўсходняй ускраіне в. Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Побач – шаша Ракаў-Кучкуны [Кучкуны – вёска ў Валожынскім раёне], што злучае населены пункт з аўтамагістраллю Мінск-Гродна. З 16 кастрычніка 2008 года крыніца мае ахоўны статус.

Капліца над Ракаўскай крыніцай.
Капліца над Ракаўскай крыніцай.

Паданне, запісанае са слоў ракаўскіх старажылаў у пачатку 40-х гадоў ХІХ ст. , сведчыць: яшчэ ў ХV стагоддзі адзін з мясцовых жыхароў, хворы і сляпы, пачуў у сне голас Дзевы Марыі, якая загадвала яму ісці на ўсход, спыніцца каля высокага дрэва і капаць зямлю. Некалькі разоў усадзіў чалавек у зямлю рыдлёўку – і забілася крыніца. Стары абмыў крынічнай вадой твар і стаў відушчым: перад сабой ён убачыў абраз Божай Маці, ад якога ішло дзіўнае святло. Над крыніцай пабудавалі царкву, дзе і змясцілі цудатворны абраз.

Існуе яшчэ адна версія падання, якое было змешчана ў неафіцыйнай частцы “Мінскіх Епархіяльных ведамасцей” (1886) у артыкуле “Становішча Праваслаўя ў Мінскай Епархіі”. Гэта адбылося ў ХV ст. Быццам хворы і сляпы ад прыроды мясцовы жыхар заблудзіўся ў лесе. Хворы памаліўся і вельмі хутка выйшаў да крынічкі, змог наталіць смагу і памыць твар. І раптам стаў відушчым. Чалавек змог убачыць на дрэве лік Божай Маці з прадвечным Дзіцем. На памяць пра гэта ён пабудаваў тут царкву і змясціў тут абраз Божай Маці.

У часы антырэлігійнай кампаніі царкву і мураваную каплічку, што была ўладкавана над крыніцай, знішчылі…

Цяпер крыніца адноўлена. І да яе з удзячнасцю прыходзяць людзі, каб наталіць смагу, адчуць духоўную падтрымку.

Капліца з крыжам (сучасны выгляд).
Капліца з крыжам (сучасны выгляд).

 Будынак Крыжаўздзвіжанскай царквы

Будынак царквы быў драўляны. Крыжаўздзвіжанская царква двойчы згарала па недагляду яе служкаў, двойчы Цудадзейны Абраз выратоўвалі, а царква адбудоўвалася на сродкі вернікаў. Здавалася б, людзі з павагай і страхам Божым павінны былі б адносіцца да Святыні, бо, як кажуць, калі існуе Храм у сэрцах людзей – жыве народ. Але гісторыя дыктавала свае ўмовы. Надышлі цяжкія выпрабаванні і для хрысціянства ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя. Руйнавалі храмы на зямлі і ў сэрцах людскіх. Пацярпела і Крыжаўздзвіжанская царква, яе разбуралі трактарам пад прыглядам міліцыянера. Тады ж, у перыяд масавых антырэлігійных ганенняў, была страчана і галоўная святыня храма – Цудадзейная ікона Божай Маці. Далейшы яе лёс невядомы (у Спаса-Праабражэнскай царкве знаходзіцца яе копія).

Крыж Гасподзень у капліцы.
Крыж Гасподзень у капліцы.

У 1990 годзе, дзякуючы тагачаснаму дырэктару саўгаса, адбудавана на сваім ранейшым месцы, над святой крыніцай, мураваная капліца з Крыжам, асвечаная на наступны год айцом Паўлам Латушкам. Зноў аднавілася традыцыя ісці на Узвіжанне хрэсным ходам ад Спаса-Праабражэнскай царквы да Крыжа Гасподняга.

Капліца Святой Ганны

Капліца Святой Ганны пабудавана з цэглы ў 1830 годзе, размешчана на старых каталіцкіх могілках на ўсходняй ускраіне Ракава. Капліца – помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі неаготыкі і класіцызму. Гэта прамавугольнае ў плане збудаванне з паўкруглай апсідай. Галоўны фасад вырашаны ў неагатычным стылі. Сцены аздоблены гранёнымі паўкалонамі (вуглавыя завершаны пінаклямі).

Капліца Святой Ганны. Фота Сяргея Кандратовіча.
Капліца Святой Ганны. Фота Сяргея Кандратовіча.

Галоўны фасад вылучаны паўцыркульным уваходным парталам, акном-ружай і невялікай вежай-званіцай. Бакавыя сцены расчленены пілястрамі, паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры плоскае перакрыццё на падугах. Над уваходам – хоры на 2 слупах. Над алтаром – крыпта.

Інтэр’ер гэтага могілкавага храма даволі сціплы. У бочным алтары капліцы невялікі абраз святога Яна Боска. Гэты абраз быў замоўлены адным са святароў ракаўскай парафіі — кс. Янам Такарскім SDB, верным духоўным сынам св. Яна Боска.

Выгляд касцёла Святой Ганны з боку апсіды. Фота Сяргея Кандратовіча.
Выгляд касцёла Святой Ганны з боку апсіды. Фота Сяргея Кандратовіча.

Жыццёвы лёс кс. Яна Татарскага склаўся няпроста. Ён заслугоўвае таго, каб падчас наведвання турыстамі капліцы Святой Ганны, распавесці пра кс. Яна Татарскага слухачам.

Па матэрыялах дыякана Артура Ляшнеўскага, кс. Ян нарадзіўся ў Польшчы 12 красавіка 1900 года, выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Сям’я Такарскіх жыла з невялікага надзелу зямлі і дзякуючы заробку бацькі-каваля. Казімір сваёй кавальскай працай упрыгожваў мясцовы касцёл, які яшчэ будаваўся.

Маленькі Ян з дзяцінства адрозніваўся незвычайнай набожнасцю. Змалку ён прыслугоўваў у касцёле міністрантам. У святыню нават хадзіў басанож, бо сям’я была вельмі бедная.

У васямнаццаць гадоў Ян Такарскі ўступіў у польскую армію, якая ў тыя часы ваявала за сваю незалежнасць. З 1919 па 1923 гады ён удзельнічаў у бітвах ва Украіне.

Клерыцкія гады Яна Такарскага праходзілі ў час Другой сусветнай вайны. 16 сакавіка 1941 года Ян Такарскі атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне, якое было нададзена яму мітрапалітам у прыватнай капліцы ў Вільні. Пасля атрымання святарскага сану кс. Ян застаўся працаваць у Вільні, дапамагаючы пры касцёле св. Стэфана.

Пасля атрыманага дазволу ад манаскіх улад кс. Татарскі амаль пяць месяцаў служыў у Гарадзеі Нясвіжскага раёна на Міншчыне. У 1944 годзе яго накіравалі ў асірацелую парафію ў вёсцы Дуброўна, дзе знаходзіўся храм у гонар Нараджэння Маці Божай.

Праз некаторы час кс. Татарскі быў арыштаваны як палітычна небяспечны вораг і асуджаны на 25 гадоў лагераў. 16 чэрвеня 1948 года яго вывезлі ў Вілейку. 20 лістапада таго ж года яго асудзілі на 10 гадоў турмы і вывезлі ў Віцебск, а ўжо адтуль яго выслалі ў лагер каля Інты (200 км ад Варкуты). У 1949 годзе перавезлі ў мясцовасць Обіс, дзе пасадзілі ў турэмную камеру з 30-ю вязнямі. Там знаходзіўся кс. Ян да 1951 года. У гэтым годзе яму патрэбна было вярнуцца ў Маладзечна на паўторны суд. Прыгавор прагучаў так: “Пакаранне смерцю заменена на 25 гадоў знаходжання ў лагеры”.

Ян цяжка працаваў на раскарчоўцы лесу, таемна здзяйсняў святую Імшу, за што не раз цярпеў ад назіральнікаў.

У лагеры Ян Татарскі правёў 6 гадоў і 8 месяцаў. Здароўе пагоршылася. Ян цяжка захварэў на дыябет.

У 1954 годзе кс. Яна Татарыцкага вызваляюць па амністыі і ён вяртаецца ў Беларусь. На той час касцёл у Дабраве, дзе раней служыў святар, быў закрыты, дакладней, ён згарэў з-за нядбайнасці студэнтаў-камсамольцаў, якія аднойчы дзеля забавы распалілі ў святыні вогнішча…

Каля года Ян жыў у плябаніі ў в. Краснае Маладзечанскага раёна, затым пераехаў у Ракаў, атрымаўшы 9 лютага 1957 года афіцыйны дазвол на правядзенне там рэлігійнай дзейнасці.

У той час у Ракаве мясцовы неагатычны касцёл Маці Божай Ружанцовай быў прыстасаваны для гаспадарчых мэтаў. Спачатку ў храме арганізавалі майстэрню па рамонце машын, пазней тут ссыпалі збожжа. Але існавала капліца Святой Ганны на могілках, у якой кс. Ян і распачаў сваю пастырскую місію.

Капліца была ў жахлівым стане: пашкоджаныя сцены, дах, адсутнічаў інтэр’ер і літургічныя прадметы. Былі зруйнаваны брама-званіца і агароджа. Праз некаторы час распачаліся рамонтныя работы, а таксама і аднаўленне душаў людзей. Невялікая капліца не магла змясціць усіх, хто, нібы пілігрымы, прыязджаў у Ракаў. Вялікі наплыў вернікаў быў са сталіцы. Аднойчы падчас набажэнства кс. Такарскі пракаментаваў падзею, якая ўзрушыла ўвесь Савецкі Саюз, – палёт Гагарына ў космас. З амбона ён сказаў, што чалавек увесь час прагне авалодаць гэтым светам, але, на жаль, сам становіцца ўсё меншым.

У той жа вечар да яго прыехалі прадстаўнікі ўладаў і на 5 гадоў забаранілі праводзіць літургію. Увесь гэты час кс. Ян жыў у Ракаве. І пасля заканчэння тэрміну пакарання вярнуўся да службы ў капліцы Святой Ганны.

Гады, праведзеныя ў сібірскіх лагерах зрабілі сваё. Ян цяжка хварэў, але выехаць на лячэнне ў Польшчу адмовіўся: “Як я магу пакінуць маіх вернікаў? (…) Працы і хлеба мне хапае, кавалак неба гэтым заслужу…”.

29 лістапада 1974 года кс. Ян ішоў да капліцы, каб адправіць набажэнства і па дарозе страціў прытомнасць. На машыне хуткай дапамогі яго адвезлі ў мінскі шпіталь, дзе зрабілі аперацыю. Здавалася б, хвароба адступіла. Але, на жаль,  15 снежня 1974 года кс. Ян Такарскі адышоў у вечнасць…

Пахаваны святар на ракаўскіх могілках, непадалёку ад капліцы Святой Ганны. У далоні памерлага ўклалі абразок з выявай св. Яна Боска – настаўніка і яго вернага сябра ў гады служэння на беларускай зямлі…  

Спаса-Праабражэнская царква

Спаса-Праабражэнская царква – адна з галоўных славутасцей старажытнага мястэчка. Размешчана царква на цэнтральнай плошчы Ракава. Асаблівасць храма ў тым, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі ён не быў закрыты.

Праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква пачынала сваё жыццё ў іпастасі уніяцкай, а пасля – касцёла. Такая гісторыя нярэдкая для храмаў Беларусі. Выглядае царква, так бы мовіць, вінтажна. Асобную цікавасць выклікае брама-званіца перад храмам, пабудаваная ў гонар 25-годдзя адмены прыгоннага права.

…У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў Ракаве кляштар дамініканаў. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касцёл Святога Духа і кляштарны корпус. У 1730–1793 гадах на сродкі парафіянаў і ахвяраванні князёў Сангушкаў і сяброў брацтва Святой Ганны вялося будаванне мураванага касцёла.

Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1793 г. з цэглы, – прыклад архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму.

Храм быў закладзены ў 1735 годзе па благаславенні кіеўскага мітрапаліта Афанасія Шаптыцкага пры ўніяцкім манастыры базыльян. Настаяцель манастыра а. Адрыян Папкоўскі заснаваў у Ракаве брацтва у імя святой праведнай Ганны. З дапамогаю брацтва і пры падтрымцы ўладальніка Ракава, князя Казіміра Сангушкі, тут пачалі будаваць вялікі каменны храм. Будаўніцтва зацягнулася на доўгія гады. Асноўныя работы былі скончаны ў 1793 годзе, амаль праз 60 гадоў пасля пачатку будаўніцтва.

Спаса-Праабражэнскі храм. Ракаў. 2015 г. Фота Ігара Сакалова.
Спаса-Праабражэнскі храм. Ракаў. 2015 г. Фота Ігара Сакалова.

Спаса-Праабражэнскі храм пабудаваны як храм уніяцкага манастыра (заснаваны ў 1702, скасаваны ў 1839), а ў 1866 г. храм пераасвечаны ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву. Мела 6 прыпісных храмаў: Крыжаўздзвіжанскі ў Ракаве, у в. Выганічы і 4 могілкавыя ў навакольных вёсках. У 1877 г. і 1884 г. рамантавалася. Двухпрастольная, з прыдзелам у імя Святога Мікалая.

І за польскім часам, і пры савецкай уладзе царква працягвала дзейнічаць.

Храм уяўляе сабою помнік архітэктуры барока з прыўнесенымі ў ХІХ ст. рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай. З паўднёвага боку мае прыдзел, капліцу ў імя Святога Мікалая, дзе знаходзіцца алтар, з паўночнага боку – рызніца.

Першапачаткова на галоўным фасадзе царквы знаходзілася дзве башні. Аднак пры перабудове храма пад праваслаўную царкву іх разабралі, прыбралі купал, і Спаса-Праабражэнская царква набыла свой сучасны выгляд.

Галоўны фасад Спаса-Праабражэнскага храма завершаны трохвугольным франтонам, фланкіраваны вежамі (захаваліся першыя ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, аперазаны па перыметры прафіляваным карнізам. Па цэнтры 2-схільнага даху ў 1866 г. надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай – макаўка на 8-граннай шыі. Макаўка надбудавана і над франтонам невялікага правага прыдзела.

Унутраная прастора перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якое ў апсідзе завершана конхай. Апсіда вылучана аднесеным у яе глыбіню 1-ярусным пазалочаным іканастасам 2-й паловы ХІХ ст. Над цэнтральным уваходам у малітоўную залу выступае галерэя хораў, якая абапіраецца на 3-пралётную аркаду. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясцовых памешчыкаў (з 1866 года засыпана).

Перад царквой, па яе падоўжанай восі, пабудавана двух’ярусная пірамідальная брама-званіца. Ніжні ярус уяўляе сабой арку, верхні – чатырохгранны аб’ём са скразнымі арачнымі прасветамі.

Як вядома, у 1839 годзе манастыр быў скасаваны і царква стала дзейнічаць як прыходская. Праз 47 гадоў, якраз да 25-годдзя адмены прыгоннага права ў Беларусі, перад храмам была пабудавана брама-званіца. Велічны храм упрыгожаны старажытным панікадзілам, які набылі на сабраныя прыхаджанамі сродкі ў 1899 годзе. Пэўная частка грошай была даслана Усерасійскім пастырам, святым праведным Іаанам Кранштацкім, цудатворцам.

У Спаса-Праабражэнскім храме захоўваецца “Афонскі” абраз, які ўяўляе сабой копію з выявы Божай Маці “Акафісцкай” або “Прадвясціцельніцы”. Абраз, напісаны для Ракаўскага храма, быў перададзены ў 1910 годзе ў дар манахамі Святой Гары Афон па просьбе тагачаснага святара храма Канстанціна Акаловіча. Спісак быў выкананы манахамі Святой Гары на кіпарысавай дошцы, у якую ўладкавалі часціцу Жыватворнага Крыжа Гасподняга, каменьчык ад гроба Прасвятой Багародзіцы, часціцы мошчаў свяшчэннапакутніка Харалампія, святога Грыгорыя Паламы, пакутніка Георгія Новага. 

Спаса-Праабражэнская царква па сваім убранстве і хараству ўваходзіць у лік найлепшых храмаў Мінскай епархіі.

Помнік польскаму кампазітару Міхалу Грушвіцкаму

На каталіцкіх могілках, сярод старых шляхецкіх пахаванняў, у левым крыле, ёсць помнік, які ўражвае асаблівым мастацкім выкананнем. На левай грані помніка – словы Уладзіслава Сыракомлі: “Вясковы лірнік”. Гэта помнік польскаму кампазітару Міхалу Грушвіцкаму.

Надмагіллі Караля Грушвіцкага і Міхаіла Грушвіцкага. Ракаў. Фота К. Шастоўскага.
Надмагіллі Караля Грушвіцкага і Міхаіла Грушвіцкага. Ракаў. Фота К. Шастоўскага.

Міхаіл Рудольфавіч Грушвіцкі нарадзіўся 29 лістапада 1828 года ў в. Выганічы (цяпер у Валожынскім раёне) у сям’і старшыні Менскага межавога суда. Скончыў Дваранскі інстытут у Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, які з-за хваробы вымушаны быў пакінуць. Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча “Дзяды” і твораў У. Сыракомлі. Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску. Апошнія гады жыў у Ракаве.

Міхаіл Грушвіцкі памёр 5 сакавіка 1904 г. У пачатку ХХ ст. на магіле быў усталяваны помнік – крыж з пясчаніка на мармуровым пастаменце.

Рыначная плошча

Ракаўскі рынак. 1914 г.
Ракаўскі рынак. 1914 г.

Ракаў атрымаў дазвол на правядзенне двух кірмашоў, а разам з ім і статус мястэчка, ад караля Аўгуста II у 1702 годзе. Рынак заўсёды лічыўся скацінным. Тут можна было прадаць і набыць свіней, коней, авечак, кароў і інш.

Рынак, на якім гандлявалі рознай мануфактурай, знаходзіўся на цэнтральнай плошчы мястэчка. У наш час дзейнічае былы “скацінны рынак”, але набыць тут можна ўсё: ад свіней і кароў да складанай тэхнікі.

Яўрэйскія могілкі

Яўрэйскія могілкі
Яўрэйскія могілкі

Паўночна-заходняя сцяна рынка мяжуе з яўрэйскімі могілкамі. Гэтае месца вядома з сярэдзіны XVII ст. Пахаванні тут даўно не вядуцца. Апошнія датаваны 60-мі гадамі ХХ ст.

Упершыню яўрэі пасяліліся ў Ракаве ў XVII ст. у часы Рэчы Паспалітай, затым працягвалі пасяляцца тут у часы Расійскай імперыі. Паколькі мець зямлю ім было забаронена, яны актыўна займаліся рамяством і гандлем, трымалі пастаялы дом і сталоўку, аптэку, рэстараны, гадзіннікавую майстэрню, фотамайстэрню.

Большасць яўрэйскага насельніцтва Ракава знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а астатнія выехалі. На месцы былой сінагогі, спаленай фашыстамі ў 1942 годзе разам з людзьмі (950 чалавек), у Ракаве ўладкаваны памятны знак  – дрэва з абсечаным ствалом і суччам.

Яўрэйскія могілкі ў мястэчку Ракаў – адны з найстарэйшых у Беларусі. Да нашага часу захавалася каля 700 надмагільных помнікаў. Самае старое захаванне датуецца 1767 годам.

Могілкі былі абнесены каменнай агароджай прыкладна ў 1921 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны могілкі былі моцна пашкоджаны фашыстамі, якія ў пошуках залатых упрыгожанняў раскопвалі магілы. З дапамогаю фундатараў з яўрэйскіх абшчын Ізраіля і ЮАР, нашчадкаў пахаваных тут людзей, могілкі былі прыведзены ў парадак.

У наш час яўрэйскія могілкі ў Ракаве можна лічыць мемарыяльным помнікам.

Бровар

Ракаўскі бровар пабудавалі паны Здзяхоўскія ў 1850 г.

Бровар – гэта традыцыйная вытворчая пабудова, дзе варылі піва або іншыя спіртныя напоі. Цікавасць уяўляе тое, што на гэтым бровары працавалі па найму Дамінік і Бянігна Луцэвічы – бацькі будучага беларускага песняра Янкі Купалы. Луцэвічы арандавалі тут кавалак зямлі з 1879 па 1881 гады і пераехалі ў Вязынку перад самым нараджэннем сына Янкі. Можна сказаць, што Ракаву крыху не хапіла часу, каб стаць месцам нараджэння будучага літаратурнага песняра.

“Валы”

Пляцоўка гарадзішча авальная, памерам 52-22 м, умацавана валамі і равамі. Вышыня валоў 2 м, глыбіня равоў 0,3-0,4 м. Абследавана ў 1976 годзе Э. Зайкоўскім, у 1979 г. А. Мітрафанавым. Культурны пласт 0,1-0,2 м прасочаны ў паўднёвай частцы пляцоўкі. У ім былі знойдзены рэшткі ляпнога посуду. Знаходкі адносяцца да культуры штрыхаванай керамікі. Матэрыялы абследавання знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Ракаўскае замчышча.
Ракаўскае замчышча.

На гарадзішчы ў пачатку XVI ст. быў узведзены замак з бастыёнамі, валамі, равамі. Ён пазначаны на вядомай карце Вялікага Княства Літоўскага, складзенай Тамашом Макоўскім у 1613 годзе. Засталася легенда, што замак пабудаваў асілак па мянушцы Рак і даў яму сваё імя. Аднак ніякіх дадатковых гістарычных звестак пра легендарнага Рака няма, як і няма адзінага тлумачэння ўзнікненню назвы мястэчка.

Ад валоў да каталіцкага касцёла існаваў падземны тунэль, які да нашага часу не захаваўся.

Ракаўскі рымска-каталіцкі парафіяльны касцёл Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка

Касцёл Маці Божай Ружанцовай або, як яго яшчэ называюць, Ракаўскі касцёл размешчаны на заходняй ускраіне вёскі Ракаў, на правым беразе ракі Іслач.

Будынак касцёла прадстаўляе сабой трохнефавую двухвежавую базіліку з трансептам і паўкруглай апсідай. Галоўны ўваход вырашаны парталам у выглядзе стрэльчатай аркі з акном-ружай над ёй. У архітэктурным афармленні касцёла шырока выкарыстаны элементы готыкі – ступеньчатыя контрфорсы, высокія стрэльчатыя вокны і нішы, зубчастыя фрызы. У інтэр’еры – стрэльчатыя скляпенні. Касцёл – помнік архітэктуры неаготыкі.

Першы касцёл, драўляны, быў пабудаваны з сасновага таварнага дрэва віленскімі ваяводамі князем Іеранімам і Канстанцыяй Сапегавай Сангушкамі 1 студзеня 1676 года, аб чым сведчаць дакументы, складзеныя ў галоўным трыбунале Вялікага Княства Літоўскага 18 мая 1686 г. Але ў 1712 г. гэты кляштар згарэў і быў адбудаваны намаганнямі айца Валадковіча.

У час вайны з французамі ў 1812 г. касцёл быў спалены і адбудаваны ў 1824 г. Святыня ні адзін раз была разбурана і зноў адрамантавана.

Ракаўскі касцёл Маці Божай Ружанцовай і Св. Дамініка.
Ракаўскі касцёл Маці Божай Ружанцовай і Св. Дамініка.

Першы камень цаглянага касцёла замест драўлянага папярэдніка быў закладзены ў маі 1904 года. Новы касцёл будавалі з жоўтай цэглы, спрабуючы выконваць усе асноўныя формы і архітэктурныя каноны сярэднявечнай готыкі (трохнефная двухвежавая базіліка і інш.), каб перадаць дух эпохi, якая ўжо даўно прайшла. Аднак у дробных дэталях выявіўся моцны ўплыў мадэрну (старанная прапрацоўка швоў мура і інш.).

Цэглу прывозілі з Літвы чыгункай да станцыі Валожын, а адтуль фурманкамі дастаўлялі ў Ракаў. Кіраваў будоўляй тагачасны пробашч кс. Яўстахій Карповіч. Вялікія сродкі на будаўніцтва ахвяравалі князь Друцка-Любецкі, памешчыкі Здзяхоўскія, Булгакі, Хелхоўскія, дапамагала і ўсё мясцовае насельніцтва.

У 1906 г. будаўніцтва было паспяхова скончана і 1 кастрычніка касцёл быў асвечаны ў імя Найсвяцейшай Марыі Панны Ружанцовай.

Прыкладна за 20 метраў злева ад цэнтральнай касцельнай брамы можна ўбачыць квадратныя прыступкі, на якіх змешчаны крыж, выкананы пад ствол дрэва. Гэта помнік 44-м забітым польскім жаўнерам, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны ў 1920 г.

Пасля Другой сусветнай вайны храм выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах. У 1990 годзе касцёл Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка вернуты каталікам.

Пратэстанцкі храм Божай ласкі

Пратэстанцкі храм узведзены ў 1992 годзе ў нізіне ракі, на ўездзе ў пасёлак. (Царква хрысціян веры евангельскай афіцыйна існуе ў Беларусі з 1992 года.) Яны называюць сваімі папярэднікамі Францыска Скарыну як вальнадумца, аўтара некананізаванага перакладу Бібліі, а таксама Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага, якія ў ХVI ст. гэтую Біблію выдавалі.

Пратэстанцкі храм у Ракаве. 2003 г. Фота Уладзіміра Багданава.
Пратэстанцкі храм у Ракаве. 2003 г. Фота Уладзіміра Багданава.

Музей-галерэя Янушкевічаў

Акрамя архітэктурных помнікаў, Ракаў славіцца тым, што ў мястэчку існуе прыватная карцінная галерэя вядомага беларускага мастака, рэстаўратара і кандыдата мастацтвазнаўства Фелікса Янушкевіча.

Музей-галерэя “Янушкевічы”.
Музей-галерэя “Янушкевічы”.

Фелікс Янушкевіч шмат падарожнічаў па свеце, назіраючы за адносінамі да мастацтва ў розных краінах. Пераехаўшы з Мінска на малую радзіму, у Ракаў, вырашыў адкрыць прыватную галерэю, каб пазнаёміць землякоў са сваёй творчасцю. Цягам часу калекцыя стала папаўняцца старажытнымі прадметамі, якія паступова ператварыліся ў экспазіцыю этнаграфічнага музея.

Экспанаты, размешчаныя ў музеі, уяўляюць сабою эклектычную калекцыю. Аднак гэтую калекцыю па праву можна назваць сапраўднай каштоўнасцю Ракава і адначасова – яго гісторыяй.  

Краязнаўчая экспазіцыя музея прысвячаецца жыццю шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII ст.

У галерэі выстаўляюцца як працы самога мастака, так і прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак або тыя рэчы, якія трапілі ў музей выпадковым чынам. Гэта старадаўнія дакументы, старажытныя прадметы побыту, мэбля, музычныя інструменты і нават фрагменты слуцкіх паясоў.

Галерэя Фелікса Янушкевіча.
Галерэя Фелікса Янушкевіча.

У галерэі Фелікса Янушкевіча можна сустрэць рэчы рознага часу і рознай тэматыкі. Галерэя – самая буйная калекцыя ганчарных вырабаў у Еўропе, каля 1700 прадметаў. Пабываць у галерэі Янушкевіча – здзейсніць цікавае падарожжа ў свет мастацтва не толькі для жыхароў Беларусі, але і для гасцей нашай краіны.

На сёння ў Ракаве жыве каля 2, 5 тысяч чалавек. Акрамя музея-галерэі Янушкевічаў, ёсць краязнаўчы музей у школе, а таксама музей поліэтнічнай культуры ў доме вядомага беларускага літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ Вячаслава Рагойшы. Экспазіцыя музея поліэтнічнай культуры сапраўды ўнікальная, таму што Ракаў, як і іншыя мястэчкі, заўсёды былі феноменам у плане добрасуседства розных нацый, веравызнання і моў. Як правіла, добра ўжываліся паміж сабою беларусы, яўрэі, палякі, рускія, але іх у мястэчках было няшмат. Усё гэта прывяло да ўтварэння ўнікальнай, непаўторнай местачковай культуры.

Ваколіцы Ракава.
Ваколіцы Ракава.

Аднак у тым, што Ракаў – адна з найцікавейшых мясцін Беларусі, лепш пераканацца самім, наведаўшы старажытнае мястэчка, паслухаўшы, аб чым распавядаюць сівыя камяні, наталіць смагу крынічнай святою вадой.

На аснове матэрыялу Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Падрыхтоўка для сайта oroik.by і пераклад на беларускую мову Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  1. https://hram.by/
  2. https://www.radzima.org/
  3. https://ekskursii.by/
  4. http://psl.by/
  5. https://ave-maria.by/
  6. http://www.kimpress.by/
  7. https://be-tarask.wikipedia.org/
  8. https://globus.tut.by/
  9. http://bouriac.ru/
  10. Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мінск, 2000.
  11. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя.
  12. Янушкевіч І.І. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Мінск, 1988.