Роля праваслаўнага краязнаўства ў справе духоўна-маральнага выхавання

Вітальнае слова епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна да ўдзельнікаў гісторыка-краязнаўчай секцыі ў межах Пятых Беларускіх чытанняў на Раство Хрыстова 28 лістапада 2019 г. у Мінскай духоўнай акадэміі.

 

Паважаныя ўдзельнікі Пятых Беларускіх чытанняў на Раство Хрыстова!

Сёння пасяджэнне гісторыка-краязнаўчай секцыі прысвечана важнай ролі гісторыка-культурных праваслаўных каштоўнасцей у справе духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. 

Хачу падзякаваць усім прысутным у гэтай зале за ўвагу і сапраўды велізарную і плённую працу на ніве духоўна-маральнага выхавання сродкамі праваслаўнага краязнаўства і гісторыі.

Асабліва хочацца адзначыць, што чытанні на Раство Хрыстова далі магутны імпульс для развіцця ў краіне праваслаўнага краязнаўства, аб’ядналі краязнаўчую працу на прыходах і ва ўстановах адукацыі, культуры.

Добра вядома, што грамадства толькі тады здольнае вырашаць найважнейшыя нацыянальныя задачы, калі яно мае пэўны арыенцір, а дакладней кажучы, – агульную сістэму маральных арыенціраў.

Трэба прызнаць, што зварот да сістэмы праваслаўных каштоўнасцей, вывучэнне праваслаўнай культуры на даным этапе – гэта магутны фактар выхавання па-сапраўднаму маральнага пакалення.

Праваслаўнае краязнаўства фарміруе ў айчыннай моладзі цікавасць да духоўнай культуры свайго народа, павагу да яго гістарычнага мінулага.

Багатая духоўная спадчына беларускага народа выклікае непадробную цікавасць у грамадзян нашай краіны. Бо да нядаўняга часу старонкі гісторыі праваслаўя і гісторыі беларускай дзяржавы заставаліся мала асветленыя ці ўвогуле забытыя або недаступныя для грамадскасці. Сёння дзякуючы вам: краязнаўцам, гісторыкам, настаўнікам, спецыялістам бібліятэк – гэтая гісторыя становіцца ўсеагульным здабыткам.

Хачу асабліва звярнуцца да спецыялістаў, адказных за ідэалагічную работу ў раёнах.

Вывучэнне традыцыйнай духоўнай культуры свайго народа выхоўвае душу, фарміруе нацыянальную самасвядомасць і пачуццё ўласнай годнасці асобы, вучыць павазе да помнікаў гісторыі і культуры, прыводзіць да разумення неабходнасці іх захавання. Навучэнцы і студэнты імкнуцца зразумець гістарычнае мінулае сваёй сям’і, свайго роду, а праз гэта – лёс свайго народа.

Галоўнае, што сёння педагогі, як царкоўных, так і свецкіх устаноў адукацыі, стаяць каля вытокаў фарміравання светапогляду і станаўлення асобы сучаснай беларускай моладзі. І чым раней нашы дзеці пачнуць усведамляць сваю прыналежнасць да лёсу роднага краю, яго гісторыі, тым мацней будуць любіць яго, тым чысцейшыя будуць іх помыслы і справы. 

             На жаль, вывучэнню падзей XX стагоддзя не заўсёды надаецца належная ўвага. Між тым, гэтае стагоддзе, як кажуць навукоўцы, асабліва архівісты, – стагоддзе белых плям. Сыходзіць тое, пра што пасля ніхто ніколі не зможа даведацца.

У 1800 годзе ўказам імператара Паўла І было пастаноўлена: у кожным прыходзе весці дакладны ўлік сялян, ахрышчаных у гэтым храме. Святароў узяць на асаблівы ўлік: фіксаваць, хто сам такі бацюшка, хто ў яго жонка, колькі дзяцей і іншае. І царкоўная зямля была пазначана. У 1917 годзе ўсё гэта, на жаль, скончылася. Хто дзе нарадзіўся, хрысціўся, памёр, стала цяжка знайсці. Мала таго што ўлік месцамі адсутнічаў, месцамі фальсіфікаваны або засакрэчаны, яшчэ і папера была няякасная.

Многія дакументы ХХ стагоддзя рассыпаліся або спальваліся за непатрэбнасцю. Таму задача краязнаўцаў – запісаць, зафіксаваць тое, што было; перавесці ў лічбавы выгляд і перанесці на электронныя носьбіты тыя дакументы, фотаздымкі, якія захоўваюцца ў сем’ях. Паспець данесці да сучаснікаў гісторыі людзей, якія жылі да нас. Гэта вельмі каштоўныя рэчы, вялікі ўклад не толькі ў навуку, але і ў наша разуменне і самаразуменне, ва ўсведамленне саміх сябе. Галоўнае, каб людзі ўсвядомілі сваю чалавечую годнасць і боскае пакліканне, зразумелі, што ад іх цяпер патрабуецца ў першую чаргу.

Паступова наша моладзь пачынае пераконвацца ў тым, што выкананне Божых запаветаў – адзіны для праваслаўнага чалавека шлях да шчаслівага і гарманічнага жыцця, якое падуладна кожнаму. І гэта, пагадзіцеся, вельмі важна.

Сёння, як вядома, праваслаўным краязнаўствам займаюцца прыходы, нядзельныя школы, навучальныя ўстановы сістэмы адукацыі, бібліятэкі,  грамадскія і ініцыятыўныя групы, асобныя даследчыкі.

Узаемадзеянне свецкіх і царкоўных арганізацый, у тым ліку і па пытаннях праваслаўнага краязнаўства, здзяйсняецца ў межах Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы ў галіне культуры і творчай дзейнасці, аховы, аднаўлення і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны на 2018–2021 гады і Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады.

Як вы памятаеце, першапачаткова Кіраўніком дзяржавы Годам малой радзімы быў аб’яўлены толькі 2018 год, але акцыя была ўспрынята з такім энтузіязмам і аказалася настолькі эфектыўнай, што была прадоўжана яшчэ на два гады. Прычынай такога поспеху, такой папулярнасці, асновай усяго стала асабістая вялікая любоў чалавека да малой радзімы, любоў, закладзеная самой божай прыродай чалавека. Думаецца, што для многіх людзей, і перш за ўсё краязнаўцаў, кожны наступны год незалежна ад яго назвы застанецца Годам малой радзімы.

У гэтым годзе тэма чытанняў на Раство Хрыстова “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі” прысвечана 75-годдзю Перамогі. Тэма асаблівая для ўсяго беларускага народа, у тым ліку і для Беларускай Праваслаўнай Царквы і праваслаўных краязнаўцаў. Кожны ведае і маштабы нашых страт у вайне, і ўклад беларускіх партызан, падпольшчыкаў, вайскоўцаў, жыхароў Беларусі ў агульную Перамогу. Менш вядомая – тэма адраджэння і дзейнасці Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, уклад святароў і свецкіх у справу Перамогі. Раскрыццё і захаванне кожнага факта, сведчанні пра гэта – значны ўнёсак у нашу гісторыю і важны рэсурс патрыятычнага і маральнага выхавання.

Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ надае асаблівае значэнне пытанням развіцця праваслаўнага краязнаўства.

Пры Сінадальным аддзеле дзейнічае Камісія па праваслаўным краязнаўстве.

Першы семінар “Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння”, праведзены амаль чатыры гады таму па ініцыятыве Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле, дазволіў абмяняцца вопытам педагогам, якія займаюцца духоўна-маральным і патрыятычным выхаваннем. Шчырая ўдзячнасць за падтрымку і супрацоўніцтва загадчыку аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўне Кравец.

У 2018 годзе пры Сінадальным аддзеле створана метадычнае аб’яднанне праваслаўных педагогаў. Праз розныя актыўныя формы работы (семінары, круглыя сталы, канферэнцыі і інш.) педагогі царкоўных і свецкіх устаноў адукацыі маюць метадычную падтрымку, могуць абменьвацца вопытам і, што вельмі важна, выпрацоўваць адзіныя патрабаванні да выхавання гарманічнай і ўсебакова развітай асобы з пазіцыі хрысціянскай маральнасці ва ўмовах свецкай адукацыі.

У рубрыцы “Малая радзіма” на сайце Сінадальнага аддзела і на сайце “Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі” размяшчаюцца матэрыялы па праваслаўным краязнаўстве. Выкарыстоўваючы найбагацейшы краязнаўчы матэрыял, айчынная моладзь атрымлівае магчымасць даведацца пра свае карані, адчуць духоўную повязь са сваім мінулым і ўзяць на сябе адказнасць за сваё будучае і будучае сваёй краіны.

З мэтай комплекснага вывучэння роднага краю, захавання і зберажэння духоўнай спадчыны беларускага народа, станаўлення духоўна-маральных асноў асобы і выхавання яе ў павазе да традыцый і веры продкаў, уласнай сям’і, у гонары за сваю Айчыну з мая 2019 года пры Сінадальным аддзеле дзейнічае беларускамоўны Цэнтр праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры.

Спадзяемся, што атрыманыя вынікі даследаванняў, сістэматызаваныя Цэнтрам праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры ў рэспубліканскі банк даных, таксама будуць запатрабаваныя як у царкоўна-гістарычнай навуцы, так і ў педагагічнай дзейнасці пры вывучэнні прадметаў краязнаўчага кампанента ў навучальных установах, выкарыстаныя паломнікамі і турыстамі пры наведванні святых мясцін роднага краю.

Перакананы, што сёння вы зможаце прадметна абмеркаваць многія значныя тэмы, абмяняцца вопытам, прапанаваць парады і рэкамендацыі, якія адпавядаюць духу часу і прызваныя служыць кансалідацыі нашага грамадства, зберажэнню вечных духоўных і маральных каштоўнасцей, якія нас аб’ядноўваюць.

Шчыра жадаю ўдзельнікам секцыі поспехаў, новых цікавых ідэй у справе служэння развіццю праваслаўнага краязнаўства на беларускай зямлі на карысць грамадства, на карысць духоўнага станаўлення айчыннай моладзі!

Божай дапамогі вам ва ўсіх справах.

На заканчэнне дазвольце выканаць прыемную і ганаровую місію: уручыць граматы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі за плённую працы ў справе праваслаўнага краязнаўства.