“Руплівы малітоўнік і клапатлівы пастыр”: свяшчэннапакутнік Аляксандр Шалай, протаіерэй

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Аляксандр Сямёнавіч Шалай нарадзіўся ў горадзе Слуцку ў сям’і мешчаніна 20 лістапада 1879 года. З малых гадоў марыў стаць святаром. Рыхтуючыся да святарскай службы, Аляксандр у дзесяцігадовым узросце паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча.

Слуцкае духоўнае вучылішча (цяпер медыцынскі каледж).

Наступнай навучальнай установай для Аляксандра стала Мінская духоўная семінарыя, у якой ён вучыўся на адным курсе з будучым свяшчэннапакутнікам Іаанам (Пашыным).

У чэрвені 1901 года Аляксандр скончыў поўны семінарскі курс з атэстатам другога разраду.

13 жніўня 1901 года Аляксандр Шалай быў пасвечаны ў дыякана, а 15 жніўня – у святара. Айцец Аляксандр цвёрда выконваў пастырскі абавязак на працягу ўсяго жыцця. Служыў у царкве Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Астражанка Мазырскага павета, пасля быў настаяцелем царквы ў вёсцы Кімія Барысаўскага павета.

З гістарычных крыніц вядома, што царква ў вёсцы Кімія была пабудавана ў 1793 годзе. З “Гісторыка-Статыстычнага апісання Мінскай Епархіі”, складзенага ў 1864 годзе архімандрытам Мікалаем, рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі, вынікае, што ў вёсцы Кімія была Свята-Успенская драўляная царква 5-га класа. Прыхаджан налічвалася 524 мужчынскага полу і 603 жаночага полу.

Кімійская царква ў Барысаўскім павеце.

1 мая 1908 года айцец Аляксандр Шалай быў пераведзены ў Дрычынскую царкву Ігуменскага павета. Як складаўся далейшы лёс айца Аляксандра, невядома.

Пасля рэвалюцыі многія святары, баючыся ганенняў, пакідалі свае прыходы. Айцец Аляксандр нікуды з’язджаць не збіраўся.

Апошнім месцам служэння святара стала Свята-Троіцкая царква вёскі Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе ён у 1930-я гады служыў настаяцелем. Быў узведзены ў сан протаіерэя.

Свята-Троіцкая царква ў вёсцы Блонь.

Айцец Аляксандр быў чалавекам цвёрдых рэлігійных перакананняў, руплівым малітоўнікам і клапатлівым пастырам. Па ўспамінах відавочцаў, у жніўні 1935 года ў Блоні закрылі храм. Мала таго, прадстаўнікі выканкама задумалі зняць з яго звон для наступнай пераплаўкі.

Бацюшка падышоў да групы аднавяскоўцаў, якія сабраліся з гэтай нагоды і, звярнуўшыся да тых, хто чыніў беззаконне, з горыччу сказаў: “Навошта вы берацеся не за сваю справу? Мабыць, вам рабіць няма чаго, што вы псуяце царкоўнае дабро!” Тады знайшоўся нехта з вяскоўцаў, хто запомніў гэтыя словы і пасля данёс на святара.

Скінуты царкоўны звон са Свята-Троіцкай царквы.

Пасля закрыцця Свята-Троіцкай царквы айцец Аляксандр хоць і не служыў з-за адсутнасці памяшкання, але працягваў здзяйсняць трэбы, калі пра гэта яго прасілі прыхаджане. У час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ён арганізаваў сярод жыхароў Блоні збор подпісаў за адкрыццё мясцовага храма.

Усё гэта святару згадалі, арыштаваўшы яго 6 жніўня 1937 года. Айца Аляксандра абвінавацілі ў “контррэвалюцыйнай агітацыі, накіраванай на разлажэнне калгасаў”. Аднак сапраўдная прычына яго арышту была ў іншым – у нежаданні адрачыся ад веры ў Бога і ад сану святара. Блонскага настаяцеля дапытвалі некалькі разоў. З Божай дапамогай айцец Аляксандр знайшоў сілы не прызнаць сябе вінаватым у тых недарэчных абвінавачваннях, якія яму прад’яўляліся, і нікога не абгаварыў.

10 кастрычніка 1937 года протаіерэя Аляксандра Шалая без суда і следства прыгаварылі да расстрэлу. Усю яго маёмасць канфіскавалі, сям’ю выслалі (у святара было чацвёра дзяцей). Айцец Аляксандр быў расстраляны 14 лістапада 1937 года ў Бабруйску Магілёўскай губерні, пакутліва пацярпеўшы за вызнанне праваслаўнай веры.

Свяшчэннапакутнік протаіерэй Аляксандр Шалай.

У 1999 годзе Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прызнаў протаіерэя Аляксандра Шалая мясцоваўшанаваным беларускім святым. Агульнацаркоўнае ўслаўленне адбылося ў 2000 годзе на Юбілейным Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.

У 2021 годзе храму ў імя Святой Жываначальнай Тройцы ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе служыў айцец Аляксандр, споўнілася 195 гадоў (храм пабудаваны ў 1826 годзе). Ён з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства класіцызму першай паловы ХІХ стагоддзя.

Свяшчэннапакутнікі Міхаіл Плышэўскі, Аляксандр Шалай, Уладзімір Хіраска.

У храме захаваўся старажытны, у класічным стылі напісаны і ўпрыгожаны разьбой іканастас. Сярод абразоў знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці, названы “Мар’інагорскі” – святыня, спрадвеку шанаваная нашымі продкамі. 8 верасня 2010 г. адбылося ўрачыстае перанясенне іконы з Блоні ў Аляксандра-Неўскі храм Мар’інай Горкі. Святкаванне ў гонар іконы адбываецца ў чацвер 2-га тыдня пасля Пяцідзясятніцы.

Тут, у Мар’інагорскім кафедральным саборы святога благавернага князя Аляксандра Неўскага з 2017 года знаходзіцца новая святыня – ікона нябесных апекуноў Пухавіцкай зямлі: свяшчэннапакутнікаў Міхаіла Плышэўскага, Аляксандра Шалая і Уладзіміра Хіраскі. Усе яны кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцоваўшанаваныя святыя.

Цудатворны абраз Божай Маці “Мар’інагорская”.

Паводле народнага падання, Божая Маці явілася ў сне набожнаму жыхару вёскі Лядцы Ісідару і па яго шчырых малітвах ацаліла ад цяжкай хваробы.

У знак удзячнасці Ісідар напісаў абраз сваёй Ацаляльніцы так, як бачыў яго ў сне. Затым пабудаваў капліцу і размясціў там ікону.

Хутка да Мар’інагорскай іконы сталі прыходзіць людзі з суседніх паселішчаў для малітвы і ўшанавання. У 1814 годзе пасля пажару ў капліцы на тым самым месцы была ўзведзена драўляная царква ў гонар

Прасвятой Багародзіцы, куды і перанеслі ікону.

У часы ганенняў Мар’інагорская царква была закрыта ўладамі, а ў 1940 годзе разбурана. Святыня знайшла часовы прытулак у Свята-Троіцкай царкве вёскі Блонь, у тыя часы адзінай на ўвесь раён.

З часам гісторыя іконы забылася.

Падчас наступу савецкіх войскаў у час Вялікай Айчыннай вайны вакол сяла Блонь разгарнуліся бязлітасныя баі. Усё сяло згарэла дашчэнту, але драўляны храм цудам ацалеў.

У час вайны храм у вёсцы Блонь, дзе богаслужэнні перапыняліся толькі на некалькі перадваенных гадоў, быў адкрыты, і з таго часу слова Божае і голас саборнай малітвы ў ім не змаўкалі.

Хто ведае, можа менавіта па малітвах святога пакутніка Аляксандра Гасподзь захаваў ад разбурэння храм і зрабіў яго сховішчам для цудатворнай іконы Сваёй Прачыстай Маці.

Сёння храм Святой Тройцы працягвае жыць актыўным жыццём. У ім здзяйсняюцца рэгулярныя богаслужэнні, вядзецца духоўна-асветніцкая праца. Храм, як і раней, з’яўляецца нязгаснай лампадай праваслаўнай веры на Пухавіцкай зямлі.

Згадаем таксама, што сваякі свяшчэннапакутніка Аляксандра Шалая, якія цяпер жывуць у Расіі, шануюць свае карані, наведваюць месцы, звязаныя з жыццём іх слаўнага продка, айца Аляксандра, храмы, у якіх ён служыў. Не раз у Мар’іну Горку прыязджаў праўнук святога Аляксандра Андрэй Вітальевіч Сідараў (дэпутат гарадскога паселішча Кіржач Уладзімірскай вобласці). Тут, на Пухаўшчыне, прыняла хрышчэнне яго дачка Аляксандра – прапраўнучка святога пакутніка.

…Протаіерэй Аляксандр Шалай рэабілітаваны пракуратурай БССР 10 красавіка 1989 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

14 лістапада – у дзень гібелі свяшчэннапакутніка Аляксандра Шалая, прасвітара Блонскага.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  • sluck-eparchiya.by
  • borisoveparhia.by
  • http://monasterium.by
  • deiverbo.com
  • sobornevsky.by
  • hramlavrenty-svetoch.narod.ru
  • sobory.ru
  • nasledie-sluck.by

Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). – Минск: издатель В.М. Скакун, 2002. – 176 с. – С. 115 – 118.

Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019. – 48 с. – С. 14 – 16.