“Руплівы працаўнік алтара Божага”: свяшчэннапакутнік Матфей Крыцук

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшчэннапакутнік Матфей Крыцук нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Малы Карацк Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Клецкі раён Мінскай вобл.) у сям’і беднага селяніна Аляксандра Крыцука.

Дзяцінства Матфея прайшло ў цяжкай фізічнай працы. Спачатку батрачыў у мясцовага памешчыка, а пасля аддаваў шмат сіл, працуючы на цагельні.

Цяжкая праца ніколькі не перашкодзіла Матфею праявіць свае таленты ў вучобе. У 1905 годзе ён заканчвае чатырохгадовую пачатковую школу. Пасля доўгай самападрыхтоўкі ў снежні 1914 года паспяхова здае іспыт на званне народнага настаўніка. Старанны і руплівы ў вучэнні, Матфей Крыцук не стаў спыняцца на дасягнутым. У яго была запаветная мара стаць святаром і служыць людзям на ніве Хрыстовай.

У 1921 годзе Матфей паступае ў Віленскую духоўную семінарыю…

Віленскі Свята-Траецкі манастыр (каля 1900 г.), дзе размяшчалася Літоўская (Віленская) духоўная семінарыя.

23 сакавіка 1924 года Праасвяшчэнны епіскап Пінскі і Палескі Аляксандр (Іназемцаў) рукапалажыў Матфея Крыцука ў іерэі.

Наступныя амаль дзесяць гадоў айцец Матфей служыў на розных прыходах: у Мікалаеўскім храме мястэчка Ястрабель Навагрудскага павета (цяпер Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), у Пакроўскай царкве мястэчка Крывошына Навагрудскага павета (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці).

Пакроўская царква ў мястэчку Крывошына (былы касцёл). 1914 г.
Пакроўская царква ў вёсцы Крывошына (сучасны выгляд).

Святар Матфей служыў настаяцелем і ў храме Сергія Раданежскага вёскі Мілавіды Навагрудскага павета (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці).

Храм у гонар Сергія Раданежскага вёскі Мілавіды (нямецкая паштоўка часоў Першай сусветнай вайны).
Храм прападобнага Сергія Раданежскага (сучасны выгляд).

У снежні 1932 года айцец Матфей пераязджае ў вёску Вялікая Лысіца (цяпер Нясвіжскі раён) для служэння ў мясцовай царкве, асвечанай у гонар Узвіжання Святога і Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Тут айцец Матфей служыў настаяцелем на працягу 18 гадоў, падзяляючы радасць і смутак даручанай яму паствы.

Крыжаўзвіжанская царква вёскі Вялікая Лысіца.

Заходняя Беларусь у той час уваходзіла ў састаў Польскай дзяржавы.

Польскія ўлады праследавалі Праваслаўную Царкву. За нежаданне пераходзіць на грыгарыянскі каляндар, а таксама за адмову карыстацца падчас набажэнстваў і ў пропаведзях польскай мовай, што гвалтоўна ўкаранялі ў пропаведзі.

Айцец Матфей быў пастаўлены пад нагляд польскай паліцыі і толькі цудам не трапіў у Картуз-Бярозскі канцэнтрацыйны лагер, куды польскія ўлады адпраўлялі нядобранадзейных, з іх пункту гледжання, асоб.

Пра святара Матфея Крыцука захаваліся жывыя ўспаміны. Паводле аповеду жыхаркі вёскі Вялікая Лысіца Таццяны Міхайлаўны Рашкевіч, ён быў адукаваны і шчодры пастыр.

У 1930-я гады разам з прыхаджанамі святар Матфей раз на год рабіў пешыя хрэсныя хады ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. Падчас гэтых хадоў паломнікі большую частку дарогі спявалі па богагласніках. Начавалі ў лесе пры запаленых вогнішчах. У Жыровіцы заходзілі на чацвёрты дзень, пераадольваючы каля ста кіламетраў.

Падобныя паломніцтвы ладзіліся і іншымі святарамі. Гэтымі хрэснымі хадамі, якія з розных мясцін Заходняй Беларусі сцякаліся ў Жыровіцы да 20 мая, калі адзначалася святкаванне цудоўнага здабыцця іконы Божай Маці, праваслаўныя людзі стараліся падтрымаць манастыр, не даць палякам закрыць яго.

З рэдкай увагай айцец Матфей Крыцук ставіўся і да царкоўна-прыходскага хору. Рэгулярна наладжваў яго рэпетыцыі. Асабліва часта яны адбываліся ў Вялікі Пост.

У 1938 годзе протаіерэй Матфей Крыцук арганізаваў сумесна з прыхаджанамі ўрачыстае святкаванне 950-годдзя Хрышчэння Русі. Была адслужана ўрачыстая Літургія, прагучала прыдатная да такога выпадку пропаведзь і хрэсны ход вакол Лысіцкай царквы. За гэта айцец Матфей аказаўся пад следствам. Толькі вайна з Германіяй, што пачалася 1 верасня 1939 года, выратавала яго ад немінучай расправы.

За вернасць Праваслаўнай Царкве, непахіснасць у выкананні свайго пастырскага абавязку ў 1941 годзе мітрапаліт Панцеляймон (Ражноўскі) узнагародзіў айца Матфея Крыцука залатым нагрудным крыжам.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны, падчас нямецкай акупацыі, айцец Матфей працягваў акармляць прыхаджан царквы вёскі Вялікая Лысіца. Ён падзяліў з імі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця: голад, штодзённую рызыку жыццём, галечу. Святара ў любы момант маглі забіць партызаны з польскай Арміі Краёвай. Гасподзь памілаваў…

У першыя пасляваенныя гады протаіерэй Матфей выконваў абавязкі духоўніка адной з царкоўных акругоў Нясвіжскага благачыння. У яго асабістай характарыстыцы, падпісанай протаіерэем Уладзімірам Гутоўскім, гаварылася: “Протаіерэй Матфей Крыцук пастырнічае дваццаць пяць гадоў. Руплівы працаўнік алтара Божага. Прапаведнік, настаўнік і добры дарадчык для паствы…”

Бальшавіцкія ўлады былі мала схільныя да такіх пастыраў; імкнучыся пазбавіцца ад іх, шукалі для гэтага любую падставу.

28 ліпеня 1950 года айца Матфея арыштавалі па абвінавачанні ў тым, што ён нібыта быў сябрам “Беларускай народнай самадапамогі” – арганізацыі, якая супрацоўнічала з нямецкімі акупантамі.

Протаіерэй Матфей Крыцук.

Гэта было ілжывае абвінавачанне. Па сутнасці, святара арыштавалі за тое, што ён карыстаўся глыбокай пашанай мясцовых жыхароў, акрамя таго, меў неасцярожнасць захоўваць у сябе дома забароненую ў тыя гады літаратуру (як, напрыклад, кнігі: “Атэізм і гібель культуры”, “Карл Маркс як рэлігійны тып”, “Марксізм і рэлігія”).

13 кастрычніка 1950 года судовая калегія па крымінальных справах Баранавіцкага абласнога суда за “антысавецкую дзейнасць, супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі” прысудзіла протаіерэя Матфея Крыцука да зняволення ў ППК тэрмінам на дваццаць пяць гадоў і пяць гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй усёй маёмасці. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа.

У тым жа годзе, знаходзячыся ў зняволенні, айцец Матфей загінуў ад разрыву сэрца.

Свяшчэннапакутнік Матфей Крыцук.

Рэабілітаваны 10.09.1993 г. ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда Беларусі. Асабовая справа К. №35639-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Прылічаны да ліку мясцовашануемых святых пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года, услаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

13 кастрычніка – у дзень вынясення прысуду свяшчэннапакутніка Матфея Крыцука, прасвітара Вялікалысіцкага.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  • http://sluck-eparchiya.by
  • https://hram.by
  • http://sportturizm.lyahovichi.brest.by
  • be. wikidark.org
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). – Минск: издатель В.М. Скакун, 2002.
  • Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019.