“Руплівы прапаведнік Евангельскай Ісціны”: свяшчэннапакутнік Уладзімір Пастарнацкі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі нарадзіўся 2 ліпеня 1885 года ў невялікім мястэчку Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерні і паходзіў з сям’і патомных дваран, якія перайшлі ў духоўнае саслоўе.

Бацька Уладзіміра, протаіерэй Іларыён Пастарнацкі, служыў настаяцелем дудзіцкай Свята-Пакроўскай царквы. З ранніх дзіцячых гадоў Уладзімір наведваў гэты храм, прыслужваў у алтары, спяваў у царкоўным хоры, з павагай ставіўся да ўсяго, што было звязана з вызнаннем праваслаўнай веры. Паступова пад уплывам бацькі ў юнака ўзнікла цвёрдае перакананне прысвяціць сваё жыццё нялёгкай справе пастырскага служэння.

Мінская духоўная семінарыя, студэнтам якой быў Уладзімір Пастарнацкі.
Уладзімір Пастарнацкі ў маладосці.

Дасягнуўшы паўналецця, Уладзімір Пастарнацкі паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Там, вывучаючы багаслоўскія навукі, ён правёў лепшыя гады свайго юнацтва. Непадалёку ад Мінскай духоўнай семінарыі, дзе вучыўся Уладзімір, размяшчалася вучылішча для дзяўчат духоўнага саслоўя, дзе выхоўвалі будучых матушак, верных паплечніц служыцеляў царквы. Там вучылася нарачоная Уладзіміра –  Наталля Сасіноўская. Пасля заканчэння вучобы яны абвянчаліся.

Наталля таксама паходзіла з даўняга святарскага роду. Дзед – настаяцель храма ў Старым Свержані – быў бацькам 16 дзяцей. Адзін з сыноў – Феафан – бацька Наталлі.

Мінская жаночае духоўнае вучылішча, дзе вучылася Наталля Сасіноўская.

У 1908 годзе Уладзімір Пастарнацкі быў пасвечаны ў іерэя і накіраваны на прыход у вёску Пясочнае Слуцкага павета, дзе стаў настаяцелем царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Айцец Уладзімір з бацькам, протаіерэем Іларыёнам Пастарнацкім. 1908 г.

Да айца Уладзіміра ў Пясочным служыў родны бацька Наталлі Сасіноўскай – святар Феафан Сасіноўскі. У канцы свайго жыцця ён моцна занямог і апошнія сем гадоў праляжаў нерухома. Памёр незадоўга да рэвалюцыі 1917 года. Яго месца ў Пясочным і заняў айцец Уладзімір, які нязменна служыў тут да 1932 года.

У Пясочным у айца Уладзіміра і яго матушкі нарадзілася васьмёра

дзяцей. Старэйшыя – Піліп, Марыя, Андрэй і Вольга – нарадзіліся яшчэ да рэвалюцыі; малодшыя – Алена, Дзімітрый, Віктар і Анастасія – з’явіліся на Свет Божы ў цяжкія паслярэвалюцыйныя гады.

Сям’я Пастарнацкіх жыла вельмі дружна. Усю працу па выхаванні і ўтрыманні дзяцей айцец Уладзімір і Наталля Феафанаўна выконвалі сумесна, падтрымліваючы адзін аднаго ў нялёгкі час ганенняў на Царкву Хрыстову.

У 1920-я гады айцец Уладзімір Пастарнацкі стаў благачынным цэркваў Капыльскага раёна. Клопатаў у яго значна прыбавілася. З прычыны непазбежных выпрабаванняў неабходна было з найбольшай аддачай выкарыстоўваць адлігу нэпа для ўмацавання Царквы. Усе разумелі, што гэтая адліга няўмольна завяршаецца…

З пачаткам кампаніі па рабаванні сялянства і стварэнні калгасаў жыццё святара ва Усходняй Беларусі стала вельмі цяжкае. Улада рабіла ўсё, каб за кошт непамернага падаткаабкладання падарваць і без таго бядотнае становішча прыходаў.

Вайна супраць сялян ператварылася ў вайну супраць Праваслаўнай Царквы.

Пасля 1928 года старэйшыя дзеці айца Уладзіміра і Наталлі Феафанаўны жылі ўжо асобна ад бацькоў. Ведаючы, у якой сітуацыі яны апынуліся, дзеці хто чым мог стараліся дапамагаць бацькам выплачваць падаткі. Калі ж у 1931 годзе Пастарнацкія не здолелі выплаціць устаноўленую суму, у адплату за гэта ў іх забралі карову – карміцельку трох малалетніх дзяцей.

1932 год становіцца пераломным у лёсе айца Уладзіміра: неўзабаве пасля смерці малалетняга сына Дзімітрыя святар з сям’ёй пераязджае ў Капыль і становіцца настаяцелем Свята-Узнясенскай царквы, благачынным цэркваў Капыльскага раёна.

Капыль. Спаса-Узнясенскі храм – апошняе месца служэння
айца Уладзіміра. 40-я гады XX ст.

Храм у Пясочным улады закрылі ў сакавіку 1933 года і ў хуткім часе разбурылі.

У Капылі айцу Уладзіміру і яго сям’і давялося выпіць чару крыжовых пакут, як кажуць, «да дна». Напэўна, не было ў яго жыцці больш цяжкага перыяду, як гэтыя апошнія гады.

З вясны 1933 года протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі застаўся адзіным праваслаўным святаром на ўвесь Капыльскі раён, усе астатнія святары былі ўжо арыштаваныя, а некаторыя расстраляны.

Айца Уладзіміра не раз выклікалі ў мясцовы НКУС, пагражалі расправай, нечакана прыходзілі ў іх дом з ператрусамі, хацелі дамагчыся яго публічнага адрачэння ад святарскага сану. Наўзамен прапаноўвалі працу бухгалтара, што добра аплачвалася па тых часах. “Адрачэшся або знікнеш без следу”, – у вочы казалі айцу Уладзіміру. Ціск аказваўся і на дзяцей святара. Яго старэйшы сын Піліп быў звольнены з працы і на працягу дзевяці месяцаў нідзе не мог працаўладкавацца. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, айцец Уладзімір ад сану не адрокся! Як успамінала самая малодшая дачка протаіерэя Уладзіміра Пастарнацкага, Анастасія, ён прыняў гэтае рашэнне ў поўнай згодзе са сваёй матушкай Наталляй Феафанаўнай.

Протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі.

Сустрэўшы упартасць з боку святара, са слоў Анастасіі, улады вырашылі выматаць яго маральна і фізічна. Маральна: пазбавілі грамадзянскіх правоў, абклалі непасільнымі падаткамі, выключылі дзяцей з дзевяцігодкі, абязлюдзілі царкву. Фізічна: пакінулі аднаго на цэлы раён.

Па выкліках на трэбы Пастарнацкія зразумелі, што яны засталіся адны ў вялізнай прасторы! Таму апошнюю зіму да свайго арышту айцец Уладзімір не вылазіў з кажушка і саней: увесь час раз’язджаючы па раёне, хрысціў нованароджаных і адпяваў памерлых. Ён месяцамі не бываў дома. У такіх умовах схавацца яму не так было і цяжка. Тым больш што мяжа была побач. І тым не менш, на сямейным савеце Пастарнацкія вырашылі ад сану не адракацца. “Бог паслаў нам гэта выпрабаванне, – гаварылі яны дзецям, – і мы павінны яго пакорліва несці”.

Упершыню айца Уладзіміра арыштавалі ў сакавіку 1936 года. За некалькі дзён да гэтага ён пахаваў сваю маці. Напярэдадні арышту адслужыў апошнюю ў сваім жыцці Боскую Літургію. Фармальна святару прад’явілі абвінавачванне, што ён вёў рэгістрацыю тых, каго хрысціў і адпяваў, што тады лічылася злачынствам. 24 сакавіка 1936 года па прыгавору так званага Народнага Суда Капыльскага раёна яго пазбавілі волі на два гады, адправіўшы ў папраўча-працоўную калонію № 1 у пасяленні Хальч Гомельскай вобласці.

На ўтрыманні Наталлі Феафанаўны, якая не мела ад дзяржавы ні капейкі грошай, засталося трое непаўналетніх дзяцей. Яны выжылі толькі дзякуючы дапамозе прыхаджан Капыльскай царквы. Як успамінае Анастасія Пастарнацкая, ім “проста людзі не далі памерці. Пастукаюць, бульбу пад дзверы паставяць, а самі ціхенька сыдуць”.

Айцец Уладзімір нядоўга знаходзіўся ў зняволенні. У снежні 1937 года святара нечакана вызвалілі, і ён прыехаў у г. Рослаўль, дзе быў арыштаваны другі раз літаральна праз некалькі дзён. Такім чынам чалавека хацелі зламаць маральна, так і не дабіўшыся ад яго адрачэння ад сану. Аднак нічога не атрымалася і на гэты раз.

Протаіерэю Уладзіміру Пастарнацкаму прад’явілі шэраг недарэчных абвінавачванняў, якія зводзіліся да таго, што быццам ён з’яўляўся “агентам нямецкай контрразведкі і праводзіў сярод насельніцтва контррэвалюцыйную агітацыю пра вайну і гібель савецкай улады…  пра голад і прыгнёт рэлігіі з боку савецкай улады, што нібыта існавалі ў  Савецкім Саюзе”.

Быў дапытаны гаспадар кватэры, дзе жыла сям’я святара. На пытанне следчага, што яму вядома пра контррэвалюцыйную дзейнасць святара, ён адказаў: “Пастарнацкі сярод нас праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю, якая выяўлялася ў тым, што ён казаў, што сядзеў у турме зусім дарэмна, што савецкая ўлада прыціскае ўсіх грамадзян, якія захоўваюць рэлігійныя абрады, а асабліва папоў усіх саджае ў турмы”.

23 снежня 1937 года следчы дапытаў айца Уладзіміра. Вось фрагмент гэтага “дыялогу”:

Пытанне: Нас асабліва цікавіць, чым вы займаліся падчас грамадзянскай вайны?

Адказ: У 1920 годзе ў нашым мястэчку знаходзіліся белапалякі. 12 чэрвеня 1920 года падчас адступлення белапалякаў чырвоныя партызаны стралялі па аўтамабілі польскага чыноўніка. У выніку наша мястэчка было ачэплена польскімі войскамі, і белапалякі ўзялі чалавек сорак сялян заложнікамі, і разам з гэтымі сялянамі быў узяты і я. Калі я знаходзіўся ў белапалякаў, то ў нас выпытвалі, хто страляў па аўтамабілі. Пасля нас вызвалілі.

Пытанне: Следствам устаноўлена, што вы з’яўляецеся агентам нямецкай разведкі, гэта значыць, мелі цесную сувязь з нямецкай камендатурай. Дайце праўдзівыя паказанні.

Адказ: У 1918 годзе ў мястэчку Пясочнае знаходзіліся нямецкія войскі і ў маім доме на працягу дзевяці месяцаў знаходзілася нямецкая камендатура. Агентам нямецкай разведкі я не з’яўляўся і не з’яўляюся.

Пытанне: Па паказанні сведак вы дастаткова выкрываецеся ў тым, што, будучы варожа настроены ў адносінах да савецкай улады, сярод навакольнага насельніцтва праводзілі контррэвалюцыйную агітацыю. Ці прызнаяце сябе вінаватым?

Адказ: Вінаватым сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю.

Пытанне: Следствам устаноўлена, што вы 13 снежня 1937 года, знаходзячыся ў кватэры, дзе прысутнічалі гаспадары дадзенага дома і кватаранты, сярод іх праводзілі контррэвалюцыйную агітацыю і гаварылі, што савецкая ўлада ўсіх прыціскае і не дае выконваць рэлігійныя абрады; казалі, што савецкая ўлада праіснуе нядоўга, значыць, відавочна прадказвалі гібель савецкай улады. Прызнаяце вы сябе ў гэтым вінаватым?

Адказ: Вінаватым сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю.

Усе абвінавачванні ён катэгарычна адхіліў. Вінаватым сябе не прызнаў.

Знаходзячыся ў турме, многа і старанна маліўся, успамінаючы пражытае жыццё і рыхтуючыся годна сустрэць немінучыя выпрабаванні.

Доўгія гады родныя айца Уладзіміра не мелі ніякага ўяўлення, як склаўся яго лёс. Пасля вайны Наталля Феафанаўна пачала звяртацца ў розныя інстанцыі, каб высветліць лёс мужа. Толькі ў 1956 годзе ёй выдалі пасведчанне аб смерці айца Уладзіміра, у якім было сказана, што ён памёр 5 лістапада 1942 года ад паралічу сэрца. Гэта была нахабная хлусня.

У імкненні паменшыць маштаб учыненых у 1930-я гады злачынстваў у пасляваенныя гады ўлада пайшла на масавыя падробкі, у велізарнай колькасці фальсіфікуючы падобныя “дакументы”.

Пасля вайны Наталля Феафанаўна пачала хадайнічаць аб рэабілітацыі айца Уладзіміра. У 1958 годзе ў адным са сваіх лістоў, што накіравала ў Пракуратуру СССР, яна пісала: “Прашу рэабілітаваць майго мужа … Я катэгарычна не згодная з тым становішчам, у якім загінуў мой муж. Ён быў не злодзей, не хуліган, не забойца і не вораг народа, а руплівы прапаведнік Евангельскай Ісціны, што благавествавала мір і любоў паміж людзьмі”.

Дзеці айца Уладзіміра, якога назвалі “ворагам народа”, сталі абаронцамі Радзімы: сын Андрэй загінуў на фінскай, а Піліп у гады Вялікай Айчыннай вайны – на польскай зямлі. Матушка Наталля Феафанаўна апынулася тады ў акупаваным Рослаўлі. Пасля арышту айца Уладзіміра яна пераехала туды з малодшымі дзецьмі да дачкі Вольгі. Сын Віктар, скончыўшы духоўную семінарыю, прыслужваў у рослаўльскім храме, але святаром не стаў, таму што даглядаў маці да канца яе жыцця. Яны і пахаваныя побач, у Рослаўлі.

Сын айца Уладзіміра, Віктар Пастарнацкі (верхні рад, першы справа) з выкладчыкамі і выпускнікамі Загорскай духоўнай семінарыі.

Матушка Наталля Феафанаўна так і не даведалася, што яе муж быў расстраляны ў 1938 годзе. Гэтая страшная праўда адкрылася толькі дачцэ айца Уладзіміра Анастасіі Старасцінай (Пастарнацкай) праз многія гады.

                5 студзеня 1938 года тройка НКУС прысудзіла айца Уладзіміра да расстрэлу. Протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі быў расстраляны 21 студзеня 1938 года ў Рослаўлі (Смаленская вобл.) і пахаваны ў агульнай невядомай магіле.

Свяшчэннапакутнік Уладзімір Пастарнацкі.

Святар Уладзімір Пастарнацкі далучаны да ліку мясцовашануемых святых Беларусі ў 1999 годзе, а ў 2000-м праслаўлены Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дні памяці: 28 кастрычніка (у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларускіх), 21 студзеня.

11 чэрвеня 2016 года Спаса-Узнясенскі храм горада Капыля наведала ўнучка свяшчэннапакутніка протаіерэя Уладзіміра Пастарнацкага – Таццяна Раманаўна Хмялеўская.

Унучка айца Уладзіміра Пастарнацкага Таццяна Хмялеўская  ў Спаса-Узнясенскім храме з настаяцелем храма Сергіем  Чарным.

Пасля набажэнства адбылася гутарка настаяцеля храма протаіерэя Сергія Чарнага з госцяй. Таццяна Раманаўна распавяла пра сваю сям’ю, ваеннае дзяцінства, пра цяжкія гады выпрабаванняў для Царквы. Госця расказала, як склаўся лёс кожнага з дзяцей протаіерэя Уладзіміра пасля арышту, высылкі і расстрэлу іх бацькі. Таццяна Раманаўна падзялілася фотаздымкамі сваіх блізкіх, у тым ліку здымкамі новапакутніка і яго бацькі – протаіерэя Іларыёна Пастарнацкага, а таксама перадала прыходу некалькі кніг, якімі карыстаўся айцец Уладзімір.

Дачка святара, Марыя Пастарнацкая, стала швачкай.

Сярод старажылаў прыходу ёсць хрэсніцы протаіерэя Уладзіміра Пастарнацкага. Адна з іх, Марыя Восіпаўна Жаўрыд, да гэтага часу наведвае храм ва ўсе святочныя дні.

“Святар Уладзімір Пастарнацкі хрысціў мяне яшчэ ў далёкім 1932-м, – распавядае Марыя Восіпаўна. – У студзені гэтага года мне споўнілася ўжо 88 гадоў. Але так, па-сур’ёзнаму, у царкву хаджу больш за 20 гадоў. Мама мая таксама верніца была. Калі сям’я была вялікая (у мяне трое дзяцей), я не часта хадзіла. Потым дзеці раз’ехаліся, муж памёр, і ў царкву стала хадзіць часцей. Пакуль дазваляла здароўе, я прыслужвала ў царкве, мыла падлогу, мяняла свечкі. Цяпер хаджу на святы. Царква – гэта для душы. Бацюшка наш, айцец Сергій, – добры, настаўляе нас на шлях праўдзівы”.

Унучкі свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага Таццяна Раманаўна Хмялеўская і Ніна Фёдараўна Чмырова.
Таццяна Хмялеўская і Марыя Жаўрыд. 2018 г.

Унучка свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага Таццяна Хмялеўская, якая прыязджае з Расіі, наведала храм і ў 2018 годзе, дзе прысутнічала на святочным богаслужэнні, падчас якога была асвечана мемарыяльная дошка ў памяць пра свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага.

 

         На пачатку лютага 2020 года ў капыльскім Спаса-Узнясенскім храме адбылося ўрачыстае свята ў памяць  пра свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага, прасвітара Капыльскага, якое ўзначаліў благачынны Капыльскай царкоўнай акругі протаіерэй Сергій Чарны.

Падчас набажэнства, звяртаючыся да вернікаў з пастырскім словам, айцец Сергій Чарны адзначыў неабходнасць памятаць дзеля Хрыста подзвіг, які здзейснілі ў самыя цяжкія гады ганенняў на Царкву новапакутнікі і вызнаўцы нашай зямлі.

Сучасны выгляд капыльскага Спаса-Узнясенскага храма.

Жыхары горада лічаць, што іх айцец Уладзімір, які служыў у Спаса-Узнясенскім храме ў 1930-я гады, з’яўляецца нябесным заступнікам Капыля і шчыра захоўваюць памяць пра свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага – руплівага прапаведніка Евангельскай Ісціны.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове артыкула “Священномученник Владимир Пастернацкий, протоиерей” (сайт http://sluck-eparchiya.by).

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

  • Крыніцы:
  • http://sluck- eparchiya.by
  • http: //www. kopyl.by
  • https://obitel-minsk.ru
  • https://pstgu.ru
  • svbs.by
  • sobor.by

Феодор Кривонос, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1 половина XX века). Мн., 2002.

Диана Ткаченко. Спасо-Вознесенский приход г. Копыля торжественно отпраздновал память священномученика Владимира Пастернацкого: http://www.kopyl.by/?p=85486