Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
24 студзеня (11 студзеня ст.ст.) – дзень памяці свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі, святара з Мінска, які вядомы сваім самаахвярным служэннем невідушчым дзецям, які быў тройчы арыштаваны савецкай уладай і больш за сем гадоў правёў за кратамі… У 1932 годзе, аслеплы, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення з турмы, айцец Уладзімір адышоў да Госпада…
Святар Уладзімір Хіраска нарадзіўся 11 студзеня (па ст.ст.) 1874 года ў горадзе Камянец-Падольску Падольскай губерні Расійскай імперыі (цяпер горад у Хмяльніцкай вобласці Украіны, адміністрацыйны цэнтр Камянец-Падольскага раёна) у сям’і святара Грыгорыя Хіраскі.
У 1884 годзе Уладзімір паступіў у Камянец-Падольскае 4-х класнае духоўнае вучылішча, а ў 1890 – у Падольскую духоўную семінарыю. Паступова стаў найлепшым навучэнцам духоўнай семінарыі.
У час вучобы ў семінарыі будучы святар Уладзімір уваходзіў у Свята-Іаана-Багаслоўскае брацтва. Вядома, што ў старажытнае сховішча духоўнай семінарыі Уладзімірам Хіраскам былі падораны некалькі манет: дзве сярэбраныя польскія 1683 г. i 1754 г., медныя – шведскія 1666 г., французская Людовіка 16 і рускія 1758 і 1771 гг.
Падольскую духоўную семінарыю малады настаўнік скончыў на выдатна ў 1896 годзе, атрымаўшы званне студэнта, якое лічылася ганаровым і давала права паступаць у духоўную акадэмію. Аднак гэтай дарогай 22-гадовы Уладзімір, сын святара, не пайшоў, а паехаў у Беларусь, дзе быў прызначаны настаўнікам аднакласнай царкоўна-прыходскай школы пры царкве вёскі Кіявец Мінскага павета. Тут ён зарэкамендаваў сябе здольным прамоўцам і добрым педагогам. Праз паўгода, 25 студзеня 1897 года, быў пераведзены ў Тураўскую двухкласную царкоўна-прыходскую школу Мазырскага павета. Да таго часу ён ужо быў жанаты.
На настаўніцкае месца ў Мазырскім павеце ў жаночае аддзяленне Тураўскай двухкласнай царкоўна-прыходскай школы таксама была прызначана Марыя Хіраска (жонка Уладзіміра Рыгоравіча). Аб гэтым сведчыць запіс на 63-й старонцы чацвёртага нумара Мінскіх епархіяльных ведамасцей: “…о перемещении на учительское место в церковно-приходскую школу по Мозырскому уезду Марии Хираско в женское отделение Туровской школы”.
Доўгі час пра Марыю Цітаўну было вядома вельмі мала. Але дзякуючы жыхарцы г. Баранавічы Любові Міхайлаўне Манькоўскай, якая захавала архіў фотаздымкаў, дакументаў і перапіскі сям’і Манькоўскіх, удалося даведацца, што Марыя Цітаўна Хіраска была таксама з сям’і святара. Бацька Марыі, протаіерэй Ціт Манькоўскі, служыў настаяцелем храма ў гонар Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Новая Мыш Навагрудскага павета. Дарэчы згадаць, што святар быў першым настаяцелем пабудаванага ў 1859 годзе Навамышскага храма, у якім служыў каля 20 гадоў.
Да канца свайго жыцця айцец Уладзімір Хіраска падтрымліваў добрыя адносіны з сям’ёй Манькоўскіх і нават адпавяў у 1916 годзе памерлага брата Марыі Івана Цітавіча Манькоўскага.
У 1899 годзе Уладзімір Рыгоравіч Хіраска быў рукапаложаны ў святара і прызначаны настаяцелем царквы Узнясення Гасподняга ў сяле Амельна Ігуменскага павета (цяпер вёска Амельна Пухавіцкага раёна знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Барысаўскай епархіі) 2-га благачыння Мінскай губерні, дзе служыў з 1899 па 1907 год. Акрамя царкоўных службаў працягваў выкладаць Закон Божы. Урокі Закона Божага асабліва прыцягвалі да сябе гэтага святара, ён стараўся данесці да вясковых дзяцей святло веры Хрыстовай.
Як свярджаюць даследчыкі, менавіта ў Амельна прайшлі самыя шчаслівыя гады жыцця айца Уладзіміра. Тут нарадзіліся іх з Марыяй Цітаўнай пяцёра дзяцей – Любоў, Валянціна, Ксенія, Віктар і Юлія.
У Амельна дзейнічала народнае вучылішча, у суседняй вёсцы Сінча – царкоўна-прыходская школа. Айцец Уладзімір самааддана працаваў у абедзвюх навучальных установах.
З 1901 года абраны ў склад царкоўна-прыходскіх папячыцельстваў Амяльнянскай царквы. У 1902 годзе ўзнагароджаны Архіпастырскім благаслаўленнем за асаблівае стаўленне да царкоўна-школьнай справы, пра што было ўнесена ў фармулярны службовыя спіс і надрукавана ў “Епархіяльных ведамасцях”. У 1904 годзе абраны ў склад царкоўна-прыходскіх папячыцельстваў Амяльнянскай царквы старшынёй.
19 студзеня 1906 года за ўдзел у дзейнасці Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа ў час руска-японскай вайны 1904-1905 гг. айца Уладзіміра ўзнагародзілі медалём Чырвонага Крыжа. А 2 мая 1906 года ў адпаведнасці з прашэннем святар Амяльнянскай царквы Ігуменскага павета Уладзімір перамешчаны да службы ў Георгіеўскай царкве вёскі Юравічы таго ж павета, дзе служыў да 1911 года.
4 снежня 1906 года ўзнагароджаны “за заслугі па царкоўна-школьнай справе” скуф’яй.
Вядома, што айцец Уладзімір у 1907 годзе ахвяраваў свае сродкі на падтрымку ваеннага флоту. Лічыцца ў спісе асоб, якія ўнеслі ахвяраванні ў суме 50 капеек. За дзейнасць у 1908-1909 гг. ад Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета аб’яўлена падзяка загадчыку хатнімі школамі пісьменнасці Пятровіцкага і Юравіцкага прыходаў святару Уладзіміру Хіраску.
У 1910 годзе айцец Уладзімір быў узнагароджаны медалём з нагоды 25-годдзя заснавання царкоўна-прыходскіх школ.
Калі ў 1911 годзе айца Уладзіміра накіравалі ў Мінск, жыхары Юравіч плакалі і не хацелі яго адпускаць. Перад ад’ездам святар прамовіў вельмі цёплае, шчырае слова. Падрыхтаваны ім дзіцячы хор праспяваў любімаму бацюшку на развітанне некалькі духоўных спеваў…
У сталіцы ў поўнай меры раскрыўся выкладчыцкі талент святара Уладзіміра Хіраскі. Айцец Уладзімір быў прызначаны настаяцелем храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры вучылішчы сляпых.
Зробім невялікі экскурс у гісторыю і згадаем, як было створана мінскае вучылішча сляпых, да якога мае цеснае дачыненне айцец Уладзімір.
Яшчэ ў 1886 годзе вядомы доктар, дабрачыннік і грамадскі дзеяч Іван Усцінавіч Здановіч прапанаваў Мінскаму ўпаўнаважанаму папячыцельства аб сляпых сваю дапамогу па адкрыцці ў г. Мінску вучылішча, але аказалася, што ў Галоўнае папячыцельства якраз да яго запыту аб пажаданасці заснаваць у адным з гарадоў Паўночна-Заходняга краю вучылішча сляпых, быў пасланы раней даклад аб поўнай немагчымасці заснаваць у г. Мінску такое вучылішча. Але тое, што часам здаецца немагчымым, пры вядомай настойлівасці з’яўляецца цалкам рэальным.
Не знаходзячы прыхільнікаў сваёй ідэі ў Мінску, Іван Здановіч адпраўляецца ў Пецярбург. Праз пасрэдніцтва былой начальніцы Мінскага жаночага духоўнага вучылішча С. Арсенневай, атрымлівае доступ да самога Канстанціна Канстанцінавіча Грота, дабрачынніка, заснавальніка і кіраўніка Папячыцельства аб сляпых у Расіі. Канстанцін Грот ухваліў намеры Івана Здановіча.
26 студзеня 1897 года ў Мінску, на Пецярбургскай вуліцы (цяпер – Ленінградская), у доме Равенскага было знята памяшканне пад вучылішча сляпых. Тут прытулак сляпых кватараваў вельмі нядоўга і перамясціўся ў дом Фроцкай на Багадзельнай вуліцы (цяпер – Камсамольская). 26 верасня 1897 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё вучылішча. Сярод ганаровых удзельнікаў урачыстасці знаходзіліся праасвяшчэнны Сімяон, які здзяйсняў малітвы, і тагачасны Мінскі губернатар (1886 – 1902), генерал-лейтэнант Мікалай Мікалаевіч Трубяцкой.
1 верасня 1900 года вучылішча перайшло ва ўласны дом, змяніўшы за 2-х гадовае сваё існаванне пяць кватэр. З гэтай пары Іван Здановіч актыўна, з вялікай энергіяй прымаецца за ўладкаванне вучылішча.
Аказанне фінансавай дапамогі, будаўніцтва, арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу – усё гэта адбывалася пад кіраўніцтвам і пры актыўным асабістым удзеле І. Здановіча. Планіроўка дарожак, пасадка дрэў здзяйсняліся толькі па эскізах Івана Усцінавіча, а яго ўласны распарадак унутранага жыцця вучылішча ствараўся пасля стараннага вывучэння парадкаў у Пецярбургскім Аляксандра-Mapыінскім вучылішчы сляпых, для чаго асобы, адказныя за выхаваўчую справу ў вучылішчы, атрымалі абавязковую камандзіроўку ў Пецярбург, у Аляксандра-Марыінскае вучылішча.
Працоўны дзень у мінскім вучылішчы пачынаўся ў 7.30. Пасля звычайнай ранішняй малітвы выхаванцы пілі чай, а затым, а дзявятай гадзіне, пачынаўся першы ўрок: школьнікі ішлі на грамату, а рамеснікі – у майстэрні. А 12-й гадзіне ранішні ўрок заканчваўся і пачынаўся абед. Пасляабедзенны час да 14 гадзін прысвячаўся адпачынку. З 14 да 16 гадзін ішоў другі ўрок. А 16-й гадзіне давалі чай і да 17.30 выхаванцы адпачывалі.
Трэці ўрок у вучылішчы доўжыўся з 17.30 да 19.30, прычым на гэтым уроку ўсе без выключэння выхаванцы павінны былі займацца рамяством у майстэрнях. У 19.30 – вячэра, пасля яе да дзевяці гадзін вечара – вольны час. Звычайна дзяжурны выхавальнік чытаў кнігу, не тую, што надрукавана шрыфтам Брайля. А 21-й гадзіне, пасля малітвы, выхаванцы пачыналі рыхтавацца да сну.
Праграма навучання ўтрымоўвала: Закон Божы, рускую мову, арыфметыку, гісторыю, геаграфію і заалогію. Шмат увагі надавалася спевам. Але асноўнае, чаму вучылі дзяцей, было рамяство. З часам праца навучэнцаў пачала даваць вучылішчу значны прыбытак.
Дзеці плялі кошыкі, рабілі мэблю, набіралі шчоткі і ўжо не толькі забяспечвалі прыватныя заказы, але і выконвалі дзяржаўныя, з поспехам вытрымліваючы канкурэнцыю мясцовых відушчых рамеснікаў. “Дай Бог, каб справа выхавання сляпых у Мінску пайшла б па шляху дасканаласці ў глыбокую далеч будучых гадоў”, – марылі арганізатары вучылішча.
У 1907 г. пры вучылішчы сляпых намаганнямі І. Здановіча была пабудавана царква, якую асвяцілі ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. Першым яе настаяцелем стаў протаіерэй Дзмітрый Паўскі, які таксама пацярпеў за веру, быў расстраляны і праслаўлены ў абліччы свяшчэннапакутнікаў і спавядальнікаў Мінскай епархіі.
Як ужо было сказана, настаяцелем храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” з 1911 года стаў айцец Уладзімір Хіраска. Ім было прыкладзена шмат намаганняў па стварэнні сістэмы ўцаркоўлення невідушчых дзяцей, таксама на святара ўсклалі абавязкі справавода і скарбніка Мінскага епархіяльнага папячыцельства і дапаможнай касы духавенства Мінскай епархіі.
Імя айца Уладзіміра Хіраскі згадваецца 11 снежня 1911 года ў пераменах па епархіяльнай службе. Ён быў зацверджаны дэпутатам на акруговы вучылішчны з’езд духавенства ад духавенства цэркваў г. Мінска.
З 1912 года айцец Уладзімір выкладаў Закон Божы ў прыватнай мужчынскай гімназіі, што размяшчалася ў доме мінскіх мяшчан Падвальных на рагу вуліцы Скобелеўскай (цяпер Чырвонаармейская) і Магазіннай (пазней – Універсітэцкая, якая разам з вуліцай Міхайлаўскай з 1934 года аб’яднана ў вуліцу Кірава).
З’яўляўся ў Епархіяльным апякунстве аб бедных духоўнага звання скарбнікам і справаводам. З 1915 года выкладаў Закон Божы ў Ведамстве ўстаноў імператрыцы Марыі Аляксандраўны – Марыінскай жаночай гімназіі (вул. Падгорная (цяпер Карла Маркса), дом 37).
Сучасны выгляд будынка былой Марыінскай жаночай гімназіі ў Мінску.
Святар Уладзімір Хіраска за перыяд служэння ў Мінску меў шмат іншых паслушанняў. У адпаведнасці з раскладам чарговага прапаведавання святарамі ў Кафедральным саборы ў нядзелю, святочныя, высокаўрачыстыя дні дзесьці 2-3 разы на год прамаўляў у саборы пропаведзі.
11 лютага 1913 года большасцю галасоў дэпутатаў Мінскага епархіяльнага з’езда духавенства ў ліку іншых святароў айцец Уладзімір быў абраны членам праўлення Мінскай семінарыі. Праз два дні, 13 лютага, на гэтым жа з’ездзе пастанавілі прызначыць у камітэт па загадванні будынкам і маёмасцю епархіяльнага інтэрната некалькіх святароў, у тым ліку і айца Уладзіміра Хіраску. У гэтым жа 1913 годзе святар узнагароджаны Благаславеннем Найсвяцейшага Сінода.
У 1914 годзе айцец Уладзімір Хіраска стаў членам Мінскага аддзела Імператарскага палясцінскага таварыства. Вядома, што ахвяраваў на патрэбы вайны, у прыватнасці праз Свята-Мікалаеўскае брацтва, адзінаццаць рублёў.
За шчырае служэнне Госпаду 6 мая 1914 года, да дня нараджэння Яго Імператарскай Вялікасці, айцец Уладзімір узнагароджаны Найсвяцейшым Сінодам камілаўкаю.
Айца Уладзіміра паважалі і давяралі яму многія справы. 20 снежня 1914 года ён абраны ў камітэт па загадванні вінным складам, а таксама членам перадз’ездавай камісіі будучага епархіяльнага з’езду.
У 1915 г. іерэй Уладзімір Хіраска прыняты ў Свята-Мікалаеўскае Народнае Брацтва разам з віцэ-губернатарам Мікалаем Астаф’евым, настаяцелем кафедральнага сабора айцом Дзмітрыем Паўскім і святаром з могілкавай царквы Сушчынскім.
12 жніўня 1915 года настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” Мінскага вучылішча сляпых Уладзімір Хіраска прызначаны настаяцелем Казанскай Прывакзальнай царквы (у народзе яго называлі храмам чыгуначнікаў) у горадзе Мінску.
І ўсё ж найбольшую вядомасць і павагу вернікаў айцец Уладзімір набыў дзякуючы свайму самаадданаму служэнню невідушчым дзецям. Ён вучыў іх асновам праваслаўнай веры і, галоўнае, саграваў сваім чалавечым цяплом, дапамагаючы дзецям прымаць сваю хваробу пакорліва і захоўваць бадзёрасць духу, нягледзячы на ўсе цяжкасці “невідушчага” жыцця. Праблемы невідушчых былі блізкія айцу Уладзіміру: ён і сам меў праблемы са зрокам і пазней, у зняволенні, канчаткова аслеп.
10 лістапада 1916 года ў храмавае свята Казанскай Божай Маці айцец Уладзімір згадваецца як настаяцель Казанскага храма чыгуначнікаў, удзельнічае ў святочным набажэнстве з епіскапам, протаіерэем Дзмітрыем Паўскім.
З 1917 года айцец Уладзімір выкладае Закон Божы ў Серабранскім змешаным прыходскім вучылішчы. Праз некаторы час святара ўзвялі ў сан протаіерэя. У першы раз протаіерэй Уладзімір Хіраска быў арыштаваны рэвалюцыйнай уладай у 1919 годзе за ўяўную сувязь з эсэрамі, але неўзабаве быў вызвалены за недаказанасцю віны. Другі раз яго арыштавалі пры польскай акупацыі Мінска – на гэты раз за тое, што хаваў у сябе бальшавікоў… А 29 снежня 1925 года айцец Уладзімір быў арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо зноў бальшавікамі. Фармальна – па абвінавачанні ў сувязях з польскім консульствам (гэта значыць, у шпіянажы), а на самой справе – за сувязь з мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім).
Айцец Уладзімір сапраўды добра ведаў уладыку Мелхіседэка, мітрапаліта Мінскага і Тураўскага. Уладыка карыстаўся ў Беларусі вялікім аўтарытэтам. Шмат у чым дзякуючы яго намаганням у Беларусі поспехі абнаўленцаў былі значна больш сціплымі, чым у Цэнтральнай Расіі – можна сказаць, абнаўленчы раскол практычна не крануў Мінскую епархію. Натуральна, што бальшавікоў такі папулярны праваслаўны ўладыка не мог не раздражняць.
Баючыся народнага абурэння, чэкісты не адважыліся арыштоўваць уладыку Мелхіседэка ў Мінску і выклікалі яго ў Маскву. Там, падчас допыту ў камендатуры ДПУ ён і быў арыштаваны за тыдзень да арышту айца Уладзіміра – 22 снежня 1925 года. Вядома, што айцец Уладзімір публічна заступіўся за арыштаванага ўладыку. Гэта паслужыла падставай для арышту самога святара Уладзіміра Хіраскі.
У далейшым ўладыка Мелхіседэк праходзіў па справе мітрапаліта Пятра (Палянскага). З уладыкам “працаваў” асабіста Тучкоў. Чэкістам удалося заблытаць мітрапаліта Мелхіседэка і, знаходзячыся ў турме, ён пагадзіўся далучыцца да грыгарыянскага расколу. У выніку ў красавіку 1926 года ўладыка Мелхіседэк быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе з Масквы.
Што тычыцца протаіерэя Уладзіміра Хіраскі, то справа аб сувязях з польскім консульствам не пацвердзілася, аднак святар усё роўна быў асуджаны.
Матушка айца Уладзіміра, Марыя Цітаўна, засталася адна з пяццю дзецьмі непаўналетняга ўзросту. Трэба сказаць, што айцец Уладзімір быў прыкладным сем’янінам. У сям’і падрасталі сын і чатыры дачкі. Вядома, што яго адзіны сын Віктар памёр у юнацкім узросце ад тыфу, старэйшыя дочкі Валянціна і Любоў сталі настаўнікамі, малодшая дачка Юлія – балерынай.
Марыя Цітаўна спрабавала дамагчыся вызвалення мужа, пісала ў АДПУ, але безвынікова.
У заключэнні айцец Уладзімір сустрэў светлае Раство Хрыстова. Імкнучыся падтрымаць свайго бацюшку, вернікі накіравалі яму некалькі лістоў. З іх відаць, якой любоўю і павагай ён карыстаўся ў сваіх прыхаджан.
Прывядзем некаторыя вытрымкі з лістоў вернікаў да айца Уладзіміра:
“Высокоуважаемый отец наш духовный Владимир! Поздравляем Вас с праздником Рождества Христова!.. нашлись и такие люди, которые посчитали Вас преступником и уже арестовали Вас и посадили в тюрьму за ту святую правду, которой велел следовать Сам Иисус Христос. Разумеется, это уже давно известно, что ложь правду дико ненавидит. Так поступал в Вифлееме Ирод, избивший четырнадцать тысяч младенцев для того, чтобы уничтожить правду, а правда осталась жить, и будет жить. Так и теперь поступают состоящие во власти квалифицированные безбожники… Они считают Иисуса Христа преступником, идут по стопам Ирода, Иуды-предателя и всех тех разбойников, которые убивали Христа… Дорогой, милый наш пастырь! В сегодняшний торжественный день Рождества Христова мы не в состоянии Вас видеть… как нам больно, как обидно, как невольно слезы льются из наших глаз за Ваше незаслуженное страдание…”.
“Дорогой отец Владимир! Поздравляем Вас с праздником Рождества Христова! Дай Бог Вам всего лучшего. Где Бог – там любовь, а где любовь – там счастье и радость вовеки. Милый наш батюшка, Вас мучают за веру христианскую. Мы не можем ни спать, ни есть по случаю Вашего мучения…”.
Следчыя, убачыўшы такія лісты, патрабавалі ад святара назваць імёны аўтараў, але айцец Уладзімір катэгарычна адмовіўся.
У сакавіку 1926 года айца Уладзіміра Хіраску прыгаварылі да трох гадоў высылкі і адправілі ў горад Арол. Вясной 1929 года святар вярнуўся і прыступіў да службы ў той жа царкве. У хуткім часе ў газеце “Рабочы” з’явіўся артыкул, дзе айцец Уладзімір абвінавачваўся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці.
“У цэрквах чыгуначнікаў і сляпых папы вядуць контррэвалюцыйную агітацыю, – абвяшчала ананімка, – яны ладзяць там сустрэчы і провады ворагаў дыктатуры пралетарыята. Чыгуначнікі і рабочыя Менскага шклозавода “Пралетар” ужо даўно настойліва патрабуюць перадачы гэтых цэркваў пад клубы. Ці не прыйшоў час выканаць гэтыя законныя і мэтазгодныя патрабаванні мінскіх рабочых? Мы цвёрда спадзяемся, што адпаведныя органы і ўстановы прымуць да ўвагі ўсё тут распавяданае і зробяць патрэбныя высновы”.
Пасля гэтай публікацыі айца Уладзіміра абвінавацілі ў “контррэвалюцыйнай агітацыі” і 26 сакавіка 1929 года зноў арыштавалі.
Даючы паказанні на следстве, ён сказаў: “У горад Мінск з Арла я вярнуўся ў аўторак, 12 сакавіка… у першы раз набажэнства здзейсніў у суботу, 17 сакавіка. Ніякіх сустрэч і прывітанняў ніхто мне не ладзіў. Я ж сам звярнуўся з вітальным словам да сваіх прыхаджан, у якім гаварыў, што з радасцю сустракаюся з імі і дзякую Богу за тое, што вера ў Бога дапамагла мне перажыць непазбежныя ў жыцці кожнага чалавека нягоды і што гэтая вера можа палегчыць цяжар жыцця кожнага з хрысціян, і таму трэба быць цвёрдым у веры. На другі дзень, у нядзелю, мною была прамоўлена пропаведзь на тэму ўсёдаравання. Гэтая тэма была выбрана таму, што тая нядзеля была “Усёдаравальнай нядзеляй”.
У сераду, на першым тыдні Вялікага посту, перад прычашчэннем я гаварыў з прычаснікамі на тэму “Памяні мя, Госпадзі, ва Царствіі Тваем”, заклікаючы вернікаў праведным жыццём даць магчымасць Госпаду ўспомніць з іх жыцця што-небудзь добрае…
У дзвюх апошніх маіх пропаведзях, прамоўленых мною 24 сакавіка, ніякіх антысавецкіх ці контррэвалюцыйных лозунгаў не было.
У першай з іх праводзілася думка пра тое, што ўлада Праваслаўя заключаецца ў добрым хрысціянскім жыцці… у другой прамове, сказанай на пасіі, то бок на службе, прысвечанай успамінам пакут Хрыстовых, я гаварыў пра тое, што ўсякага роду пакуты і пазбаўленні ў жыцці трэба пераносіць пакорліва, як некалі Хрыстос.
Заканчваючы свае паказанні з нагоды адзначаных у карэспандэнцыі газеты “Рабочы” фактаў, што быццам сведчаць пра маю контррэвалюцыйную дзейнасць, я, уласна кажучы, думаю, што ніякіх фактаў у гэтай карэспандэнцыі няма…”.
Чытаючы сведчанні айца Уладзіміра, нельга не звярнуць увагу на тое, наколькі спакойна пераносіў ён выпрабаванні, якія выпалі на яго долю.
Як адзначаў протаіерэй Фёдар Крыванос, распавядаючы пра духоўную моц і разам з тым пакорлівасць перад Богам і лёсам айца Уладзіміра, святар не выказаў “ніводнага слова нянавісці да тых, хто яго арыштаваў; ніводнага гнеўнага ўздыху, толькі пакора і свет у душы, быццам і не знаходзіўся ён у высылцы, не пакутаваў…<…> Так пераносіць пакуты мог толькі сапраўдны хрысціянін, чалавек глыбокай веры ў Госпада”.
У духу апостальскіх слоў пераносіў варожыя паклёпы протаіерэй Уладзімір Хіраска. “Благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце” (да рымл. 12, 14). Тым часам у турме ў яго рэзка пагоршыўся зрок і слых. Двойчы айцец Уладзімір звяртаўся да турэмнага начальства з просьбай выклікаць урача, але так і не атрымаў ніякага адказу. Нягледзячы на хваробы, айцец Уладзімір адхіліў прапанову следчага даць “прызнальныя паказанні”. “У прад’яўленым мне абвінавачанні я вінаватым сябе не прызнаю і да прадстаўленых мною сведчанняў больш нічога дадаць не маю”, – адказаў святар.
У 1929 годзе протаіерэй Уладзімір Хіраска быў прыгавораны да трох гадоў заключэння ў сібірскіх лагерах, куды быў высланы 26 ліпеня 1929 года. З заключэння святар вызваліўся ў 1932 годзе цяжка хворым і практычна сляпым.
Да арышту айцец Уладзімір Хіраска жыў у Мінску па адрасе: вуліца Савецкая, 9. А пасля вяртання з турмы вымушаны быў пасяліцца ў Гжацку (цяпер горад Гагарын) Смаленскай вобласці. Праз некалькі месяцаў айца Уладзіміра не стала. Месца пахавання на дадзены момант невядома.
Царква іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры вучылішчы сляпых у Мінску, дзе служыў свяшчэннапакутнік Уладзімір Хіраска, як і само вучылішча па вул. Савецкай, 9, былі ў тым жа 1929 годзе разбураны савецкай ўладай. На тым месцы ўзведзены Дом урада.
У 1999 годзе протаіерэй Уладзімір Хіраска быў кананізаваны як мясцовашануемы святы Беларускай Праваслаўнай Царквы. А праз год, у 2000 годзе, на юбілейным Архіерэйскім саборы Рускай Праваслаўнай Царквы па прадстаўленні Беларускага Экзархата айцец Уладзімір быў далучаны да ліку новапакутнікаў і спавядальнікаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання.
Цяпер у Мінску па адрасе вул. Матусевіча, 33 з 1 верасня 2015 года дзейнічае прыход храма ў гонар свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі (настаяцель – іерэй Дзімітрый Ворса). Гэта ўнікальны храм. Прыстасаваны для невідушчых людзей.
Нягледзячы на праблемы са зрокам, прыхаджане храма жывуць актыўным духоўным і творчым жыццём, слухаюць і вывучаюць малітвы, чытаюць і самі пішуць вершы, выконваюць песні, нават музыцыруюць на фартэпіяна, будучы невідушчымі ад нараджэння, як, напрыклад, адна са шчырых верніц, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, спявачка і музыкант Вольга Патрый. Вольга Патрый – аўтар некалькіх уласных паэтычных кніг.
Увесну 2016 года аўтарскія песні Вольгі Патрый гучалі на “Харавых вечарынах у гонар свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі” і былі цёпла сустрэты ўдзячнымі слухачамі.
Як вядома, для чытання і пісьма невідушчыя людзі выкарыстоўваюць шрыфт Брайля – рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, распрацаваны ў 1824 годзе французам Луі Брайлем, сынам сапожніка, невідушчым юнаком, які ў 15 гадоў стварыў свой рэльефны шрыфт. У прыходзе храма свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі нямала літаратуры, напісанай шрыфтам Брайля.
На сценах гэтага храма – рэльефныя іконы, якія дазваляюць невідушчым вернікам на дотык вызначаць аблічча святога.
Малітву “Ойча наш” можна таксама прачытаць пры дапамозе рук, бо напісана яна шрыфтам Брайля. Вокны размешчаны толькі ў алтарнай частцы храма і пакрыты вітражнай плёнкаю, каб не цалкам невідушчыя людзі змаглі адрозніваць светлацені і канцэнтравацца на службе.
Па міласці Госпада праз 90 гадоў пасля разбурэння ў 1929 годзе храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры вучылішчы сляпых у Мінску, дзе служыў на той час айцец Уладзімір Хіраска, шчырай працай і значнымі намаганнямі з 2019 года ў сталіцы будуецца храм у гонар свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі.
20 кастрычніка 2020 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у гонар Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакровы Прасвятой Багародзіцы здзейсніў асвячэнне купалаў і крыжоў для храма свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі.
Як адзначае настаяцель прыхода храма свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску, іерэй Дзімітрый Ворса, “людзі закладваюць у аснову храма сваю любоў, веру, шчырасць і стараннасць”.
З асаблівым пачуццём захоўваюцца ў прыходзе запісы і матэрыялы, што сведчаць пра ўдзячную памяць тых людзей, хто асабіста ведаў айца Уладзіміра Хіраску.
Успамінае Ніла Ільінічна Манцавода (1907-1998) – біяхімік, навуковы супрацоўнік, аўтар шэрагу прац па біяхіміі, у гады Вялікай Айчыннай вайны – актыўная ўдзельніца Мінскага падполля, падчас інтэрв’ю – пенсіянерка, інвалід I групы. “Я добра памятаю айца Уладзіміра. Мы жылі параўнальна недалёка ад царквы “Усіх тужлівых Радасць”. Айцец Уладзімір быў чалавекам сярэдняга ўзросту, хударлявы, вонкава нагадваў аблічча Ісуса Хрыста. Запомніўся позірк яго глыбокіх блакітных вачэй. Быў ён таварыскім і добразычлівым чалавекам, у вернікаў карыстаўся вялікім аўтарытэтам, вельмі любіў дзяцей. У сям’і айца Уладзіміра было чатыры дачкі і сын. Адзіны сын ягоны памёр у юнацкім узросце. Дзве старэйшыя дачкі Валянціна і Любоў сталі настаўнікамі, дачка Юлія – балерынай. Айцец Уладзімір быў настаяцелем царквы “Усіх тужлівых Радасць” ад абшчыны сляпых, а таксама выкладаў Закон Божы ў школе для сляпых. Царква стаяла там, дзе цяпер левае крыло Дома ўрада. Гэта было светлае драўлянае збудаванне, вельмі вытанчанае, з выдатнымі вітражамі. (Запіс зроблены 8 лістапада 1998 г., калі Н. І. Манцаводзе споўнілася 86 гадоў).
Крыху раней, 9 мая 1994 г., былі запісаны ўспаміны 86-гадовай пенсіянеркі Н. А. Казловай (Сушчынскай), у мінулым настаўніка біялогіі, метадыста. “Калі я вучылася ў школе, маёй настаўніцай была Валянціна Уладзіміраўна Хіраска (дачка айца Уладзіміра). Калі ад тыфу памёр яе брат Віктар (сын айца Уладзіміра, адзін з першых камсамольцаў Мінска), мы ўсім класам хадзілі ў дом Хіраскі развітвацца з памерлым. Дом айца Уладзіміра стаяў паміж царквой “Усіх тужлівых Радасць” і велічным чыгуначным саборам (месца паміж Домам урада і пл. Мяснікова).
Айцец Уладзімір быў настаяцелем царквы “Усіх тужлівых Радасць” і, акрамя таго, часта служыў у чыгуначным саборы. Гэта быў вельмі добры, разумны, глыбокапрыстойны чалавек. Усе яго вельмі паважалі. Я памятаю, што ён быў простым, даступным, любіў дзяцей, гуляў з намі ў рухомыя гульні. Вонкава быў падобны чымсьці на Ісуса Хрыста, можа быць, глыбокім, добрым позіркам блакітных вачэй”.
Прайшлі гады. Праваслаўныя хрысціяне Беларусі працягваюць шанаваць імя свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі, як ушаноўваюцца Царквою новапакутнікі і спавядальнікі зямлі беларускай.
За мінулыя дзесяцігоддзі сабраны шматлікія матэрыялы пра тых, хто ў ХХ стагоддзі прыняў пакуты за веру Хрыстову. Памяць пра іх духоўны подзвіг дапамагае маральнаму ачышчэнню грамадства і ўмацоўвае ў веры да Госпада.
У маі 2017 года прыход храма ў гонар свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі адкрыўся ў гарадку Пагост Бярэзінскага раёна (Барысаўская епархія). Настаяцель храма іерэй Сергій Чарняк адзначае: “Свяшчэннапакутнік Уладзімір 12 гадоў нёс сваё паслушанне на тэрыторыі цяперашняй Барысаўскай епархіі. За гады служэння прыхаджане вельмі палюбілі свайго бацюшку і са слязьмі на вачах праводзілі на новае месца служэння – у Мінск. У аграгарадку Пагост да Вялікай Айчыннай вайны існавала царква. У 30-я гады яе перабудавалі пад клуб, а пры адступленні нямецкіх захопнікаў яна згарэла. Людзі чакалі адкрыцця храма, яны маюць патрэбу ў Таінствах, малітве, пастырскам акармленні і набажэнствах. Усюды, дзе з’яўляецца малітва, з’яўляецца святло і цяпло, мясцовасць вакол ажывае і квітнее. Квітнеюць і людзі”.
Пры храме іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” у Мінску існуе маладзёжнае брацтва ў імя свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі (духаўнік брацтва – іерэй Аляксандр Пронін). Кожны тыдзень там збіраюцца вернікі на малебен свяшчэннапакутніку Уладзіміру ў дамавым храме ў гонар святых Младзенцаў Пакутнікаў Віфлеемскіх.
Свяшчэннапакутнік Уладзімір Хіраска быў цудоўным чалавекам. Ён не толькі стварыў школу для ўцаркоўлення невідушчых дзяцей, але і ў самы цяжкі час быў благачынным горада Мінска. “Прыходзілі палякі – яго арыштоўвалі за дапамогу чырвонаармейцам, – распавядае іерэй Дзімітрый Ворса, настаяцель прыхода храма ў гонар Уладзіміра Хіраскі. – Прыходзілі чырвонаармейцы – яго саджалі ў турму за сувязь з палякамі… А ён быў проста годным, добрай душы пастырам, які акармляў усіх, хто да яго звяртаўся”.
Падрыхтоўка і пераклад матэрыялу на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- http://hirasko.by
- sobor.by
- cerkov.by
- https://minsk-old-new.com
- http://problr.by
- https://www.pravmir.ru
- Иерей Ворса Димитрий. Священномученик Владимир Хираско: неизвестные страницы семейного архива // Ведомости Минской митрополии. — 2016. — № 7. — С. 57–60.
- Иерей Ворса Димитрий. Служение священномученика Владимира Хираско в сельских храмах на территории современной Борисовской епархии // Ведомости Минской митрополии. — 2016. — № 5. — С. 68–69.
- Протоиерей Кривонос Федор. Священноисповедник Владимир Хираско // Минские епархиальные ведомости. — 2013. — № 1. — С. 55-59.