Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Іван Данілавіч Сіпакоў (Янка Сіпакоў) – беларускі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу “Веча славянскіх балад”. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).
Нарадзіўся Янка Сіпакоў 15 студзеня 1936 г. у вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Бацькі хлопчыка, Даніла Іванавіч і Ульяна Пракопаўна, за сувязь з партызанамі ў час Вялікай Айчыннай вайны былі закатаваны гестапаўцамі. Шасцігадовы Янка і яго дзве сястры засталіся сіротамі.
Пра сваё горкае дзяцінства пісьменнік пазней распавядзе ў аўтабіяграфіі “Замаразкі на першацвет”. Пасля вайны хлопчык жыў у бацькавай сястры Аляксандры, вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе. З малалецтва ўмеў упраўляцца з касою і плугам. У час вучобы ў выпускным класе працаваў паштальёнам.
Праца на пошце дазволіла чытаць газеты і часопісы, што ў значнай ступені прадвызначыла схільнасць юнака да літаратуры. Яшчэ ў школьныя гады ён пачаў ствараць вершы. Само сабою прыйшло жаданне пісаць на роднай мове. Праблем з моваю тады ў пасляваенных школьнікаў не было: звычайна ў вясковых школах усе прадметы выкладаліся па-беларуску.
Яшчэ ў малодшых класах дзеці з прыемнасцю вучылі Коласава “Мамачка, галубка, / Просіць сын так міла…”, купалаўскае “Мой мілы таварыш, мой лётчык, / Вазьмі ты з сабою мяне…” і іншыя творы.
Як згадваў Іван Данілавіч, яго вёска Зубрэвічы знаходзілася за сем кіламетраў ад вялікага ваеннага аэрадрома, на які найперш прысылалі новыя савецкія самалёты. Над яго роднай вёскаю, над хатаю самалёты ўзляталі з аэрадрома і вярталіся туды. Яны ляцелі так нізка, што малы Янка бачыў у кабінах лётчыкаў, махаў ім рукою, і яны махалі хлапчуку ў адказ.
Але, як сцвярджаў сам творца, паэтам ён пачаў нараджацца толькі з лёгкай рукі Багдановіча. “Не было б яго, мусіць, не было б і мяне…”, – скажа праз гады Іван Данілавіч пра ўплыў на яго творчае станаўленне паэзіі Максіма Багдановіча.
У 1953 годзе ў аршанскай газеце быў надрукаваны першы верш дзевяцікласніка Янкі Сіпакова “Вітай, Беларусь”. Праз сем гадоў убачыў свет яго першы паэтычны зборнік “Сонечны дождж”, лірычны герой якога душэўна адкрыты, шчыры малады чалавек, які ўваходзіць у дарослае жыццё.
Янка Сіпакоў належаў да прадстаўнікоў філалагічнага пакалення пісьменнікаў, якое прыйшло ў літаратуру пасля Вялікай Айчыннай вайны. Вось як сам пісьменнік гаварыў пра той час і сяброў-паплечнікаў: “На мой погляд, дзеці вайны – магутнае творчае пакаленне, якое працавала ў беларускай літаратуры шчыра, захоплена, апантана і стварыла сваю, сумленную і высакародную, літаратуру. Літаратуру ў літаратуры. Нібыта сам Бог пасля такой навалы, якую перажылі мы, злітаваўся над намі і падараваў нашаму прыгожаму пісьменству моцную і слаўную кагорту сапраўдных талентаў!
Мы, сіроты і партызанскія дзеці, галодныя і босыя, але багатыя душою, чыстыя і сумленныя, са шчырымі памкненнямі і асалодаю настойліва ўзяліся за працу.
Да літаратуры ў нас былі вельмі цнатлівыя і чыстыя адносіны – мы любілі яе і пакланяліся ёй. Яна была для нас сапраўдным храмам, і мы, перад тым як увайсці ў гэтую святыню, доўга і цярпліва выціралі ногі… І ўсе мы яшчэ апантана любілі сваю Радзіму”.
Як зазначаў Іван Данілавіч, яны ішлі ў літаратуру не кожны паасобку, а менавіта пакаленнем – плячо ў плячо. Таму і радаваліся не толькі сваім поспехам, але і поспехам сяброў па жыцці і творчасці.
І тое пакаленне нарадзіла вялікіх Майстроў. Сярод тых Асоб, якіх згадваў сам паэт, – Ніл Гілевіч, Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Чыгрынаў, Анатоль Вярцінскі, Алег Лойка, Еўдакія Лось, Сцяпан Гаўрусёў, Пятрусь Макаль, Мікола Арочка, Павел Місько, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Барыс Сачанка, Васіль Зуёнак, Сымон Блатун, Міхась Стральцоў, Юрась Свірка, Алесь Наўроцкі, Алесь Ставер, Анатоль Кудравец, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Дамашэвіч, Уладзімір Паўлаў, Раман Тармола, Данута Бічэль, Віктар Карамазаў, Віктар Казько, Міхась Рудкоўскі, Яўген Крупенька, Мікола Купрэеў, Ігар Хадановіч, Мікола Гіль, Сакрат Яновіч, Алесь Барскі, Ян Чыквін, Леанід Левановіч, Уладзімір Ліпскі, Леанід Дайнека…
А яшчэ Анатоль Клышка – аўтар беларускага буквара, галоўнай кнігі беларусаў. Вячаслаў Чамярыцкі – слынны даследчык нашых старадаўніх летапісаў. Васіль Сёмуха – перакладчык “Фаўста” Гётэ і “Песні Саламона”. Нашы выдатныя краязнаўцы – Генадзь Кісялёў, Генадзь Каханоўскі, Святаслаў Асіноўскі. Этнограф Арсень Ліс, энцыклапедыст Янка Саламевіч, мовазнаўцы Аляксандр Падлужны і Алесь Булыка, тэатравед Анатоль Сабалеўскі, кінарэжысёры Ігар Дабралюбаў і Віктар Дашук. Крытыкі і літаратуразнаўцы Варлен Бечык, Серафім Андраюк, Міхась Мушынскі, Васіль Жураўлёў, Алесь Яскевіч, Мікола Мішчанчук, Антаніна Лысенка.
Доўгім пералікам імёнаў Янка Сіпакоў ствараў гімн свайму пакаленню, сваім паплечнікам, якія ў ХХ ст. сумленна працавалі на стварэнне нашай роднай літаратуры, і ганарыўся, што да гэтага пакалення належаў і сам.
У 1954 годзе лёс прывёў юнага літаратара ў шклоўскую раённую газету, дзе ён год з’яўляўся літсупрацоўнікам. Яшчэ студэнтам аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1960 годзе Янку Сіпакова прынялі на працу ў часопіс “Вожык”, дзе пісьменнік працаваў трынаццаць гадоў, а пасля цэлых дваццаць гадоў – у часопісе “Маладосць”.
Творчая праца ладзілася. Адна за другой убачылі свет паэтычныя кнігі Янкі Сіпакова “Лірычны вырай”, “Дзень”, “З вясны ў лета”, “Веча славянскіх балад”, “У поўдзень, да вады”, “Вочы ў вочы” (выбранае, 1978), “Усміхніся мне” і іншыя. У кожнай з іх прасочваецца асабісты вопыт аўтара ў цеснай сувязі са сваім пакаленнем, якое перажыло вайну.
Аўтар праводзіць своеасаблівы дыялог з сучаснікам, паказвае яго адказнасць за будучыню не толькі роднай краіны, але і планеты, услаўляе хараство зямлі і прыроды, жаночую прыгажосць, пачуццё кахання і вернае сяброўства.
Аднак тэма вайны не пакідала Янку Сіпакова ўсё жыццё. У 1970-я гады паэт звяртаецца да жанру прозы. З-пад яго пяра выходзяць нарыс “Даверлівая зямля”, аповесці “Крыло цішыні”, “Усе мы з хат”, дзе аўтар адлюстроўвае становішча пасляваеннай і тагачаснай беларускай вёскі.
Асэнсаванне ваеннага мінулага, першыя дні пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бачым у аповесці Янкі Сіпакова “Пыл пад нагамі”.
Многія апавяданні, эсэ, дзе скразным матывам гучыць тэма памяці, асэнсоўваецца праблема выбару ў экстрэмальных умовах вайны або ў пасляваенных побытавых стасунках герояў, іх духоўныя ўзаеміны, складаюць зборнікі Янкі Сіпакова “Жанчына сярод мужчын”, “Спадзяванне на радасць”, “Пяць струн”.
Пасляваенныя гады роднай вёскі, яе працавітыя людзі са сваімі адметнымі лёсамі прадстаўлены аўтарам у лірыка-аўтабіяграфічным нарысе “Акно, расчыненае ў зіму”.
Іван Данілавіч наведаў многія мясціны свету. Быў на Каўказе і ў Запаляр’і, на Ціхім і Ледавітым акіянах, бачыў сібірскія рэкі і пяскі ў Каракумах. У выніку з’явіліся падарожныя нарысы “Там, дзе Сібір”, “Ціхая Акіянія”, “Па зялёную маланку”.
Марыў пабываць у Індыі. Там на мове хіндзі выйшла кніга паэзіі Янкі Сіпакова “Чорны Бог і іншыя вершы”. Пераклаў яе прафесар Дэлійскага ўніверсітэта Вар’ям Сінг. Прадмову напісаў індыйскі крытык Хемант Кукрэці. У Дэлі адбылася прэзентацыя, на якой прысутнічаў і тагачасны прэзідэнт Індыі. Таксама паэт. Яму “Чорны Бог” спадабаўся, і ён выступіў на сустрэчы. Як распавядаў Іван Данілавіч, усе гэтыя замежныя творцы ў яго вершах знайшлі нейкае падабенства з індыйскім разуменнем жыцця і чалавека. Таму паэт і хацеў пабываць у далёкай краіне, каб зразумець, чаму індусам блізкая яго паэзія.
У 1991 г. убачыла свет кніга Янкі Сіпакова “Ахвярны двор”, у якую ўвайшлі паэмы ў прозе “Хата”, “Одзіум”, “Ахвярны двор” і інш. Кожнае слова ў паэме-малітве “Одзіум” – шчымлівы боль за пакалечаную Чарнобылем родную зямельку, за лёс свайго народа:
Атамнікі пасварылі чалавека з усёю прыродаю.
З жывою і мёртваю пасварылі.
І нават жывую прыроду зрабілі мёртваю.
Чыстае зрабілі брудным.
І зараз патрабуюць ад нас:
Жыць ля вады і не мець вады.
Спяліць яблыкі і не есці іх.
Бачыць траву і не хадзіць па ёй.
Жыць ля хлеба і быць без хлеба…
На лавачку каля хаты не садзіся.
А дзе сядзець?
Па зямлі не хадзі.
А дзе хадзіць?
Усё мае сваю мяжу, і толькі цярпенне наша, о Божа, бязмежнае!
Хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе Царства Тваё, хай будзе воля Твая.
Брудная зямля, брудная вада, бруднае паветра, бруднае малако…
Божа наш літасцівы, вярні ранейшае значэнне гэтым спрадвечным паняццям!
………………………………………………………………………
І ўсё ж, падай, семя, на маю зняможаную зямлю!
І прарастай.
І спялі такую патрэбную нам зараз надзею.
Бо калі ёсць бяда, трэба, каб была і надзея.
Хай сабе да яе яшчэ так далёка.
Аж дваццаць чатыры тысячы год – такі перыяд паўраспаду радыеактыўнага плутонія.
Людзі жывуць коратка, а радыенукліды доўга.
Але ж мы цярплівыя.
Будзем чакаць!
З веку ў век.
Амін.
Яшчэ за два гады да таго страшнага красавіцкага дня 1986 года Янка Сіпакоў папярэджваў: “Што з табой, свеце мой любы,- /Нашто ты гадуеш бяду?…/ Нараджаецца атамны вецер, / Ён хаты, бы гнёзды, змяце. / А ў гняздзе, што Зямлёй завецца, / Кормяць матулі дзяцей”.
З болем гаворыць паэт вуснамі лірычнага героя сваіх філасофскіх вершаў пра тое, што найпрыгажэйшая ў свеце зямля, наша Бацькаўшчына, ператворана ў палігон для эксперыментаў. І кожны з нас адказны за будучыню.
Сваім паэтычным словам Янка Сіпакоў вяртае людзей да іх сутнасці, дапамагае глыбей зразумець чалавечую душу і прызначэнне Чалавека на Зямлі:
А душа наша ўся са спагады,
Спачуванне з жыццём нам далі.
Хіба хто-небудзь зможа быць рады,
Калі іншаму дужа баліць?!
Вось таму непрытворна хачу я
У людскім разнамоўным гаю
Боль чужы і бядоту чужую
Адчуваць векам век як сваю.
Асобна згадаем перакладчыцкую дзейнасць цярплівага працаўніка, незабыўнага Янкі Сіпакова. Яго пераклады дапамагалі беларускаму чытачу пазнаёміцца з творчасцю літаратараў іншых краін. Убачылі свет пераклады ўнікальных старажытнаіндыйскіх твораў – гімнаў з “Рыгведы” і замоў з “Атхарваведы”. Помнікі 2-й паловы II тыс. да н. э., створаныя на ведыйскай мове, на пачатку ХХІ ст. упершыню дзякуючы майстэрству пісьменніка ўбачылі свет па-беларуску.
Да перакладаў Янка Сіпакоў, як ён сам сцвярджаў, заўсёды ставіўся вельмі сур’ёзна і паважліва. Лічыў, што без іх не можа абысціся ніводная літаратура, якая паважае сябе: “пераклады – жывая кроў літаратуры”.
У 1989 годзе чытачоў парадавала кніга перакладаў Янкі Сіпакова з літаратур свету “На волю птушку выпускаю”. Асобнымі кнігамі выдадзены ў перакладзе на беларускую мову “Лісце травы” Уолта Уітмена, “Санеты смутку” Франца Прэшарна, “Турэмны дзённік” Хо Шы Міна і “Вершы ў прозе” Івана Тургенева.
Янку Сіпакову належыць таксама пераклад на беларускую мову паасобных твораў Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна, Эдуардаса Межэлайціса, Расула Гамзатава, Веліміра Хлебнікава і многіх іншых паэтаў.
3 1993 года Іван Данілавіч Сіпакоў загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. 3 1997 года працаваў у часопісе “Беларусь”.
Дваццаць гадоў Янка Сіпакоў узначальваў Камісію па рабоце з маладымі пры Саюзе пісьменнікаў БССР. І заўсёды знаходзіў добрыя словы падтрымкі для пачаткоўцаў, шчыра радаваўся іх поспехам у літаратуры.
Іван Данілавіч, які заўсёды цёпла і па-бацькоўску клапатліва ставіўся да аўтара гэтых радкоў, у адной з гутарак вельмі шчыра распавёў пра свае пачуцці падчас працы над перакладамі: “І раптам – аж да няўсцерпу! – захацелася, каб па-беларуску загаварылі тыя вядомыя і невядомыя аўтары, якія тварылі тысячу, дзве, тры тысячы гадоў да нашага з’яўлення на планеце Зямля. Апантана ўзяўся за вавілонскую паэзію – ёй жа каля 4 тысяч гадоў! Як яны, вавіланяне, трымтліва і шчыра маліліся!
Я ж, божа мой, што я зрабіў?
Божа мой, госпадзе, што я зрабіў?
Багіня, матулька мая, што я зрабіў?
О той, у чыім доме я рабом нарадзіўся,
што я зрабіў?
О той, чый я раб, што я зрабіў?
Не пашкадаваў для яго быка са стойла,
Не пашкадаваў для яго дабра, што маю.
Хлеб знайду – адзін не з’ядаю,
Ваду знайду – адзін не вып’ю…
Клінапіс, вершы на гліняных таблічках. Большасць тэкстаў дайшло да нас у абломках. Шмат дзе ў парадкоўніках пазначана: “астатняе разбіта”, “далей разбураны тэкст”, “сорак два радкі захаваліся дрэнна”, “далей не хапае дваццаць вершаваных радкоў”. Цяжка перакладаць, але ж трэба! І я пераклаў і надрукаваў у “Полымі” вялікую падборку з вавілонскай паэзіі. З прадмоваю і каментарыямі”.
Як згадваў Іван Данілавіч, са старажытнымі грэкамі і рымлянамі было крыху лягчэй. Ёсць жа слоўнікі лацінскай і старагрэчаскай моў, пераклады на нямецкую і польскую мовы. Была магчымасць параўнаць, а як, да прыкладу, вось гэтую страфу пераклалі немцы ці палякі?
Былі тут і свае складанасці. Антычныя ж вершы напісаны на папірусе, а папірус у Еўропе недаўгавечны. Таму скруткі з вершамі лепш за ўсё захаваліся ў сухіх пясках Егіпта, і то ў абрыўках. З вялікай спадчыны Сапфо да нас дайшло ўсяго некалькіх цэлых вершаў…
У 2010 годзе ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва” выйшла трылогія Янкі Сіпакова “Зубрэвіцкая сага” – раман у апавяданнях, гімн сваёй малой радзіме, над якім пісьменнік працаваў дзесяць гадоў.
Асобнай кнігай выдадзена эсэ-аповесць Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля” – своеасаблівая энцыклапедыя пра Беларусь і беларусаў.
Творчы набытак вялікага Майстра складае 55 кніг паэзіі, прозы, эсэ, перакладаў.
У апошнія гады жыцця пісьменнік закончыў працу над зборнікам мужчынскіх апавяданняў “Малады вецер”. Працаваў над кнігаю пра кнігі “Мая бібліятэка”. Былі яшчэ пэўныя задумы, якія хацелася здзейсніць…
У Івана Данілавіча Сіпакова была найбагацейшая хатняя бібліятэка. Некалькі тысяч кніг з уласнага кнігазбору, у тым ліку і вельмі рэдкіх, рарытэтных, пісьменнік перадаў землякам-аршанцам.
У 2011 годзе, неўзабаве пасля свайго 75-гадовага юбілею, ён па запрашэнні землякоў прыязджаў на радзіму, дзе ў Аршанскай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна адкрывалася чытальная зала Янкі Сіпакова.
Як згадвае шаноўны Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч, шчыры і верны сябра Янкі Сіпакова, які разам з ім наведваў тады радзіму пісьменніка, расчулены і шчаслівы Іван Данілавіч пасля той сустрэчы з аршанцамі сказаў: “Ніколі яшчэ я не меў гэтулькі дабрыні і любові, як сёння… Дзеля гэтага варта было жыць і працаваць”.
На вялікі жаль, 10 сакавіка 2011 года Янкі Сіпакова не стала. Пайшоў з жыцця блізкі і дарагі чалавек для ўсіх, хто ведаў Івана Данілавіча. Кожны, хто хоць раз сустракаўся з пісьменнікам, адзначаў яго шчырасць і душэўную цеплыню, а яшчэ своеасаблівую, адметную сіпакоўскую чалавечнасць.
…“Дзе нам баліць, там і душа, / З душы ўвесь чалавек сатканы”, – сцвярджаючы гуманістычныя ідэалы, некалі выказаўся Янка Сіпакоў, характар якога загартаваўся ў трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны, што назаўсёды забрала ў хлопчыка бацьку і маці, але не адабрала веру ў людзей.
Разам з верай жыла ў палымяным сэрцы пісьменніка балючая трывога за простага чалавека, які стагоддзямі вымушаны змагацца з крыўдай і подласцю, прагнучы дабрыні і ўзаемаразумення, праяўляючы стойкасць і самаахвярнасць у самыя трагічныя моманты гісторыі.
Іван Данілавіч Сіпакоў, моцнай волі чалавек і сціплы інтэлігент, здавалася, увесь быў “сатканы” з дабрыні і спагады, якія ўмеў таксама цаніць і заўважаць у людзях.
Падрыхтоўка артыкула для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- Падліпская, З. Сістэма каардынат: кніга інтэрв’ю / З. Падліпская. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2021. – С. 24 – 34.
- Прыгодзіч, З. Храм талентаў / З. Прыгодзіч // Звязда. – 2016. – 15 студз. – С. 13.
- Прыгодзіч, З. Яго вялікае сэрца / З. Прыгодзіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 7 кастр. – С. 20.
- Рублевская, Л. Смотри и думай не спеша / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2016. – 15 янв. – С. 13.
- Савік, Л. Усе мы з хат / Л. Савік// Голас Радзімы. – 1996. – 15 лют. – С. 1,6.