Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
У 1101 (4) годзе ў сям’і полацкага князя Святаслава-Георгія, сына Усяслава Чарадзея і княгіні Сафіі, нарадзілася дачка Прадслава.
Як прадстаўніца знатнага роду, дзяўчына мела магчымасць спасцігнуць навукі, выйсці замуж за багатага князя, нарадзіць дзяцей, але яе чакаў іншы лёс.
Гасподзь угатаваў Прадславе іншы шлях, якім яна годна прайшла, асвяціўшы беларускую зямлю святлом мудрасці, любові і міласэрнасці.
Аднойчы завітаўшы ў манастыр, каб адведаць сваю цётку- ігуменню, Прадслава ўжо не вярнулася дадому. Дванаццацігадовая полацкая княжна прыняла пострыг і стала манашкай Еўфрасінняй.
Некаторы час жыла ў манастыры, а затым у келлі пры Сафійскім саборы.
У Жыціі прападобнай згадваецца просьба Еўфрасінні жыць у “галубцы” Сафійскага сабора. Думкі даследчыкаў і цяпер адрозніваюцца наконт месца знаходжання “галубца”. Напрыклад, А. Жураўскі лічыць, што прападобная жыла ў “галубятні царквы Святой Сафіі”. А. Мельнікаў сцвярджае пра “келлю, убудаваную ў сцяну ўзведзенага яе дзедам сабора Святой Сафіі”. Як вядома, увесь усходні бок Сафійскага сабора ў ХІІ ст. прыкрываў цэлы комплекс грабніц, у склад якога ўваходзіла невялікая бясстоўпная царква з прамавугольнай у плане апсідай. На думку Г. Лаўрэцкага, магчыма тут знаходзіўся “галубец” прападобнай Еўфрасінні і тут яна набыла першы падзвіжніцкі вопыт.
Еўфрасіння перапісвала свяшчэнныя кнігі, а грошы ад продажу аддавала бедным. Пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, перакладала з грэчаскай і лацінскай моў.
Заснавала для дзяцей школы, дзе, апрача царкоўнаславянскай, вывучалі лацінскую і грэчаскую мовы, гісторыю, займаліся паэтыкай, рыторыкай, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне.
Пражыўшы некаторы час у “галубцы”, Еўфрасіння атрымала благаславенне ад епіскапа Іллі на жыццё ў Сяльцы і заснаванне там манастыра.
Першымі насельніцамі жаночага манастыра сталі сёстры прападобнай Еўфрасінні: родная сястра Еўдакія (свецкае імя Гардзіслава) і стрыечная Еўпраксія (да пострыгу Звеніслава) – адзіная дачка полацкага князя Барыса Усяславіча.
Еўдакія шмат гадоў займалася гаспадарчымі справамі манастыра, а пасля адыходу да Госпада Еўфрасінні стала ігуменняй, вяла летапісы. Адной з першых прыклала намаганні па кананізацыі Еўфрасінні Полацкай.
Еўпраксія кіравала працай манашак па перапісванні кніг, суправаджала прападобную Еўфрасінню падчас яе паломніцтва ў Ерусалім. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта Еўпраксія, якая доўгія гады знаходзілася побач з прападобнай, з’яўляецца аўтарам “Жыція Еўфрасінні Полацкай”.
Прападобная Еўфрасіння была ўплывовай асобай свайго часу.
Кожная справа прападобнай Еўфрасінні была прасякнута вялікай хрысціянскай любоўю. Як міратворца, яна ўздзейнічала на міжусобныя спрэчкі князёў Рагвалодавічаў, імем Бога забараняла ім брацца за зброю, яднала іх у згодзе. Пра гэта сведчаць царкоўныя спевы, створаныя ў ХІІ стагоддзі ў гонар асветніцы: “Князем сродником друг на друга дерзающе подняти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро…”.
На абразах святую Еўфрасінню Полацкую часта можна ўбачыць з паднятай раскрытай далонню – гэта жэст праведніка, адкрытага для іншых людей. Другая рука святой ляжыць на кнізе з надпісам “Блажени вси боящиися Г[оспо]да, ходящии в путех Его…”.
Ёсць абразы святой Еўфрасінні, дзе назіраем не толькі традыцыйныя рысы адлюстравання святых у чыне прападобных (жэсты, малітоўная поза, асаблівы тып адзення), але і сімвалічныя атрыбуты, якія вылучаюць яе з шэрагу святых (макет Спаса-Праабражэнскай царквы, шасціканцовы крыж, кветка белай лілеі на высокім сцябле, інсігніі і скруткі).

Прападобная Еўфрасіння пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку – Усялітасцівага Спаса і Прасвятой Багародзіцы, заснавала непадалёку ад Полацка жаночы і мужчынскі манастыры, што сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве.
Сёлета Спаса-Еўфрасіннеўскаму стаўрапігіяльнаму жаночаму манастыру, заснаванаму святой княгіняй Еўфрасінняй у 1125 годзе, аднаму з самых старажытных і буйных цэнтраў праваслаўя ў Беларусі, спаўняецца 900 гадоў.
За дзевяць соцень гадоў Полацкая абіцель перажывала перыяды росквіту і заняпаду. Але як раней, так і цяпер тут заўсёды шануецца імя прападобнай Еўфрасінні.
Як сцвярджае кандыдат гістарычных навук Галіна Мыслівец, “нягледзячы на з’яўленне шэрагу храмаў, прысвечаных Еўфрасінні Полацкай як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, манастыр па-ранейшаму застаецца візуальнай і сэнсавай дамінантай у шанаванні прападобнай і з’яўляецца значным культурна-рэлігійным цэнтрам краіны” [3].
У наш час манастырскі комплекс уяўляе сабою невялікую на першы погляд саборную плошчу, акружаную трыма храмамі, званіцай і манаскім корпусам.
Кожны з трох храмаў – старажытны Спаса-Праабражэнскі, Свята-Еўфрасіннеўскі і Крыжа-Узвіжанскі – мае свае святыні.
Свята-Еўфрасіннеўскі цёплы мураваны храм (Еўфрасіннеўская трапезная царква, справа ад царквы Спаса) пабудаваны ў 1847 годзе на месцы старой дамавой царквы. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў разбураны і затым адноўлены. Тут цяпер знаходзяцца вярыгі святой, якая, як сведчыць паданне, на працягу многіх гадоў здзяйсняла подзвіг іх нашэння для пакорлівасці плоці духу. Жалезныя ланцугі (вярыгі) вагою ў 5,5 і 1,5 кілаграмаў знойдзены ў 1990-х гадах.
Кожны з вернікаў, наведваючы Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, каб атрымаць вылячэнне душы і цела, стараецца пакланіцца таксама і вярыгам святой Еўфрасінні.

Велічны Крыжа-Узвіжанскі сабор, пабудаваны ў 1897 годзе па праекце віцебскага губернскага архітэктара Уладзіміра Коршыкава, быццам адступае крыху ўбок, фарміруючы плошчу перад стройным Спаскім храмам. Каб нават зрокава не ўплываць на веліч Спаса-Праабражэнскай нацыянальнай святыні, якая памятае прысутнасць прападобнай Еўфрасінні і яе малітвы.
Крыжападобны ў плане, увянчаны пяццю купаламі з пазалочанымі крыжамі, Крыжа-Узвіжанскі храм быў моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны: авіябомба прабіла адно са скляпенняў, ад узрыўной хвалі ўтварыліся небяспечныя трэшчыны ў іншых. Пасля вайны храм пятнаццаць гадоў стаяў без даху…
Цалкам адрамантаваны ў 1990 годзе. Цяпер тут знаходзяцца сярэбраная рака са святымі мошчамі і адноўлены Крыж-каўчэг. Сюды імкнуцца вернікі, каб пакланіцца прападобнай Еўфрасінні і звярнуцца да яе са шчырымі ўласнымі просьбамі.

Скіруем увагу на самы старажытны з храмаў манастыра – Спаса-Праабражэнскі – унікальны помнік архітэктуры полацкага манументальнага дойлідства ХІІ стагоддзя, што захаваўся да сённяшняга дня.
Кіраваў будаўніцтвам таленавіты дойлід Іаан, які не раз чуў анёльскі Голас, што гаварыў яму: “О Иоанн, встань и иди на дело Вседержителя Спаса”. Даведаўшыся пра гэта, прападобная Еўфрасіння дала сваё благаславенне на пабудову Спаскай царквы, што было выканана ўсяго за трыццаць тыдняў.
Як сказана ў Жыціі прападобнай, святая Еўфрасіння сама прымала ўдзел на працягу ўсяго будаўніцтва храма і ва ўзвядзенні, і ў планаванні ўпрыгожання яго фрэскамі. Створаныя адразу пасля завяршэння будаўніцтва, яны надаюць Спаскаму храму асаблівую адметнасць.
Дойліду Іаану было наканавана стварыць зусім новы вобраз праваслаўнага храма. Аналізуючы кампазіцыю Спаскай царквы, даследчыкі здаўна называюць яе “высотнай”, “вежавай”, “стоўпападобнай”.
Перад майстрам Іаанам стаяла задача, неўласцівая для культавай архітэктуры. Патрэбна было пабудаваць храм з уладкаванымі ў ім жылымі памяшканнямі – келлямі, больш за тое, стварыць таксама вобраз стаўпа. (Стоўпніцтва з’яўлялася асабліва шанаванай формай пустэльніцтва ў манаскім жыцці.)
Як адзначае кандыдат мастацтвазнаўства, архітэктар-рэстаўратар Генадзь Лаўрэцкі, дойлід Іаан у поўнай меры ўлічваў асаблівасці прымененай ім канструкцыі. “Адлегласць паміж падкупальнымі стаўпамі і сценамі пастамента ён скараціў да мінімальнай. Гэта прывяло да змяншэння ўмяшчальнасці бакавых нефаў, што было кампенсавана даволі глыбокім нартэксам. Адсутнічалі сцены, што звычайна аддзялялі нартэкс ад каталікона <…> З вузкімі бакавымі нефамі лагічна звязана і адсутнасць бакавых апсід. Такім чынам, уся кампазіцыя храма прадвызначана задумай яго падкупальнай канструкцыі. Такі прыём лагічны і рацыянальны толькі для мураванага будынка. Вынайсці яго мог толькі майстар, які валодаў вялікім практычным вопытам і разуменнем работы мураваных канструкцый”
Углядаючыся ў воблік Спаскага храма і стараючыся зразумець задуму дойліда Іаана, Генадзь Лаўрэцкі звярнуў увагу на шэраг надзвычайных аналогій, асацыяцый, што звязвалі храм са Святым Пісаннем. Напрыклад, голас з неба пра храм, які чуў і Іаан Багаслоў, і дойлід Іаан; стоўпападобны храм як важны для кожнага хрысціяніна сімвал ступеняў лесвіцы духоўнага ўзыходжання, перш за ўсё для манахаў; выбар прападобнай Еўфрасінняй правай келлі як месца свайго пустэльніцтва – злева адносна вобраза Усяміласцівага Спаса, дзе ў адпаведнасці са Святым Пісаннем будуць стаяць грэшнікі на Страшным Судзе; роспісы храма – пропаведзь у фарбах, а трыфоліі-какошнікі ў канструкцыі пастамента – сімвал яднання, сімвал абноўленага Ерусаліма.

Царква пабудавана ў традыцыйнай для полацкай храмавай архітэктуры тэхніцы “кладкі са схаваным радам”: плінфы, што выступаюць на фасад, чаргуюцца з радамі, “утопленымі” ў сцяне і зацёртымі растворам. Пафарбаваныя (“чарвлёныя”) плінфы, што выступалі на фасад, узмацнялі яго каларыстычную адметнасць.
Аркі вокан і парталаў царквы створаны ў абрамленні “бровак” – цыркульных у ніжнім ярусе і з кілявіднымі завяршэннямі ў верхнім. Паўкруглыя калоны ў верхняй часці маюць выступ. Трохлопасныя какошнікі, што абрамляюць пастамент барабана (шыі), не толькі вырашаюць канструктыўную задачу, але і з’яўляюцца дэкаратыўным элементам, падкрэсліваючы стройнасць барабана і развіваючы малюнак закамар. Высокая шыя храма прыдае выразнасці яго сілуэту.
Знешні выгляд Спаскага храма дайшоў да нас зменены пазнейшымі перабудовамі, якія амаль нідзе не кранулі старажытную кладку. Унутры храма захавалася шмат элементаў ад першапачатковага інтэр’ера ХІІ стагоддзя, у тым ліку найкаштоўнейшы фрэскавы роспіс.
У архітэктурным плане храм уяўляе сабою трохнефавы шасцістоўпны крыжова-купальны храм манастырскага тыпу. Перакрыты скляпеннямі і шырокімі падпружнымі аркамі, што маюць нартэкс (прытвор з заходняга боку), а таксама размешчаныя на другім паверсе хоры, куды вядзе вузкая ўнутрысценная лесвіца.

Знешняя даўжыня храма з апсідай 18,2 м, шырыня – 9,8 м, таўшчыня сцен – 1,24 м (заходняя сцяна– 1,8 м). Сцены храма, як сказана вышэй, узведзены з плінфы – тонкай абпаленай цэглы, якую выкарыстоўвалі пры будаўніцтве візантыйскіх і старажытнарускіх храмаў. Падмурак храма каля 1 м і ўяўляе сабою складзеныя насуха камяні.
Пры параўнальна невялікіх памерах у плане Спаса-Праабражэнскі храм незвычайна высокі. Яго асноўны аб’ём і барабан выцягнуты ўверх. Такая вертыкальная архітэктурная кампазіцыя была прыменена тут упершыню. Як лічаць даследчыкі, гэтая ідэя належала самой прападобнай Еўфрасінні.
Адметнасцю храма з’яўляецца двайны рад трохлопасных кілявідных какошнікаў, што абрамляюць аснову барабана і выдатна захаваліся пад высокім двухскатным дахам ХІХ стагоддзя.
На думку мастацтвазнаўца Уладзіміра Сараб’янава, першапачаткова царква будавалася як храм-пахавальня, пра што сведчаць пяць аркасоліяў, аркападобных нішаў для ўстаноўкі саркафагаў, што размешчаныя па перыметры асноўнага аб’ёма.
Яшчэ адной асаблівасцю архітэктуры Спаскага храма з’яўляюцца драўляныя дубовыя канструкцыі ў тых месцах, дзе традыцыйна выкарыстоўваліся мураваныя.
Звонку Спаскі храм, асабліва ў параўнанні з манументальным Крыжа-Узвіжанскім, здаецца невялікім, але ён уражвае сваім прасторам. Гэты эфект у тым ліку звязаны і з наяўнасцю фігур і лікаў святых. Храм распісаны на 22 метры ў вышыню – ад купала да асновы.
На столі і сценах малюнкі па біблейскіх матывах і светлыя простыя лікі святых. Роспіс наносілі па сырой вапнавай штукатурцы натуральнымі фарбамі. Хутчэй за ўсё зялёную фарбу атрымлівалі з малахіта, сінюю – з лазурыта, чырвоную – з кінавары (чырвонай мінеральнай руды). За дзевяць стагоддзяў колеры амаль не страцілі сваёй насычанасці.
Характар жывапісу дае падставы меркаваць, што створаны ён як грэчаскімі, так і мясцовымі мастакамі.
Як лічыць Уладзімір Сараб’янаў, за сістэмай дэкарацый Спаса-Праабражэнскай царквы, падборам сюжэтаў і іх узаемаспалучэння бачыцца шмат індывідуальных рысаў і асаблівасцей, за якімі “стаіць асоба прападобнай Еўфрасінні Полацкай, яе вера, малітва, веды і перакананні” [5].
Сярод роспісаў Спаскага храма сцэны, што адлюстроўваюць хрысціянскую прамудрасць і асветніцтва: “Настаўніцтва Іаана Златавуста” і “ Настаўніцтва Грыгорыя Багаслова”, “З’яўленне Хрыста прароку Майсею”, “Дараванне імператара Феафіла”, “Прывід прарока Ісаі”, “Пакутніцтва Ігнація Баганосца”.
Пад купалам храма – выява кампазіцыі “Узнясенне”, на прасценках барабана – фігуры васьмі прарокаў, у парах звернутых адзін да другога. У парусах – выявы евангелістаў з падкрэсленымі дэталямі іх пісьменніцкай дзейнасці (пісьмовыя прыналежнасці, канструкцыі пюпітраў і інш.).
У верхняй частцы алтарнай апсіды – агромністая выява Божай Маці Аранты з анёламі, на схілах алтарнай аркі – святыя Іаакім і Ганна. Уся гэта група фігур з выявай Багародзіцы і лікам Хрыста зрокава прадстаўляе ідэю Богаўвасаблення.
Цэнтральную частку алтара займае кампазіцыя “Еўхарыстыя”. У ніжнім ярусе алтара намаляваны фігуры першасвятароў і архідыяканаў і чатыры кампазіцыі з дзеяннямі свяціцеляў, што адлюстроўваюць розныя бакі іх служэння – цуды, лекарства, пакутніцтва.
Цэнтральны аб’ём храма займае Хрысталагічны цыкл. Выявы размешчаны папарна на паўночнай і паўднёвай сценах: “Распяцце” – “Сашэсце ў ад”, “Уваход Гасподзень у Ерусалім” – “Уваскрашэнне Лазара”, “Успенне Прасвятой Багародзіцы” – “Раство Хрыстова”.
На алтарных слупах адлюстравана “Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы” і “Стрэчанне”, а на заходніх слупах намаляваны сцэны з Хрыстовымі цудамі. На хорах адлюстравана “Крыжаўзвіжанне”.
Фрэскавыя роспісы нартэкса прысвечаны сцэнам Страшнага Суда.
Сярод роспісаў на ахвярніку – сцэны Хрыстовых пакут у апошнія дні зямнога жыцця Збавіцеля. Выявы стоўпнікаў Данііла і Сімяона, намаляваныя на дыяканніку і ахвярніку, незвычайна вялікага памеру, каб былі добра бачныя з вокан келляў на хорах, быццам благаслаўляючы прападобную Еўфрасінню і яе сястру на малітоўны подзвіг.

У іканаграфічнай праграме Спаса-Праабражэнскага храма асобнае месца займае тэма духоўнага і цялеснага ацалення: “Вылечванне хворага на вадзянку”, “Вылечванне сляпога”, “Вылечванне імператара Канстанцыя Спірыдонам Трыміфунцкім”, “Прызначэнне Закхея”. Таксама бачым у храме шматлікія выявы лекараў – Ермалая, Кіра, Іаана, Мокія, Касмы і Даміяна.
Асаблівае месца сярод роспісаў займаюць вобразы манахаў, сярод якіх прападобная Еўфрасіння Александрыйская, Іаасаф, Макарый Вялікі інш. Знаходзяцца яны пераважна ў ніжняй зоне роспісу. Гэта стварае цэласны вобраз манаства як адной з галоўных апораў у стварэнні Царквы Хрыстовай.

Сярод фрэскавых роспісаў – выявы нябесных апекуноў полацкіх князёў: святых Георгія, Барыса і Глеба, Рамана і Вячаслава.
На сценах унутрысценнай лесвіцы, што вядзе на хоры царквы, прадстаўлены старазапаветныя падзеі.
Злева ад уваходу ў Спаскі храм знаходзіцца лесвіца, што вядзе ў келлю прападобнай Еўфрасінні. Келля прападобнай – два на два метры – мае форму крыжа. На сцяне ў паўднёвай келлі, дзе жыла і малілася прападобная, знаходзіцца кцітарская фрэска – роставая фігура прападобнай Еўфрасінні з мадэллю пабудаванага ёю храма, які яна падносіць Хрысту.
Роспіс паўднёвай келлі па стылі і каларыце адрозніваецца ад асноўнага аб’ёма фрэсак. Тут размешчаны сцэны жыція святой Еўфрасінні Александрыйскай, нябеснай апякункі прападобнай Еўфрасінні Полацкай, выявы “Распяцця”, “Увядзення Багародзіцы ў храм”, “Дэісуса”, “Благавешчання”, выявы свяціцеляў і прападобных.
Келля раней з’яўлялася прыдзелам храма. Тут былі знойдзены сляды ад прастола, а само памяшканне аформлена ў выглядзе невялікага храма са сваім купалам. Захавалася акно, пераробленае ў дзвярны праём, а таксама ўчастак першапачатковай растворнай падлогі ХІІ стагоддзя з фрагментамі роспісу пад мармур.
У паўночнай келлі, як сцвярджае паданне, малілася адна з сясцёр прападобнай.

У 1161 годзе прападобная Еўфрасіння ахвяравала ў Спаса-Праабражэнскі храм пазалочаны напрастольны Крыж-каўчэг з часцінкамі мошчаў святых і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, зроблены на заказ майстрам-ювелірам Лазарам Богшам.
Шасціканцовы паўмятровы Крыж быў выраблены з кіпарысавага дрэва, аббіты залатымі і сярэбранымі пласцінкамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і абразкамі. Крыж з’яўляўся таксама і помнікам пісьменства, бо на яго сярэбраных пласцінах выбіты вялікі тэкст, што ўтрымлівае гістарычныя звесткі: імя заказчыка, дату змяшчэння Крыжа ў храм (1161 год), кошт работы і матэрыялаў. Адзін з надпісаў змяшчае пракляцце таму, хто вырашыць украсці святыню. Магчыма, баючыся Божага пакарання, кожны раз, калі Крыж выкрадалі, то вярталі назад.
Калі ў 1921 годзе манастыр закрылі, Крыж рэквізавалі. Вядома, што ў 1928 годзе яго перавезлі ў Мінск, а ў 1929-м – у Магілёў. У 1941 годзе ў час Вялікай Айчыннай вайны Крыж бясследна знік. Аднак беларусы не страчваюць надзеі, што некалі святыня абавязкова вернецца на радзіму.
У 1997 годзе вядомы майстар-ювелір з Брэста Мікалай Кузьміч выканаў поўнаразмерную копію Крыжа, які цяпер захоўваецца ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

Дзякуючы археалагічным знаходкам высветлена, што першапачаткова Спаскі храм быў у два разы большы. З паўночнага і паўднёвага бакоў у храма меліся прыбудовы-галерэі.
Падчас раскопак абнаружаны астаткі мураваных галерэй ХІІ стагоддзя з фрагментамі фрэскавага роспісу, а таксама невялікі падземны храм з рэшткамі алтарнай нішы, мураванага прастола, аркасолія і ўнутрысценнай лесвіцы.
На жаль, да нашых дзён храм-пахавальня ХІІ стагоддзя не захаваўся. На месцы яе ўстаноўлены крыж. Не захаваўся і стары трапезны дом 1902-1903 гадоў, летні фантан пачатку ХХ стагоддзя, а таксама капліца 1897 года, што знаходзілася прыкладна за 400 метраў ад манастыра.
У XVI – XVIII стагоддзях Спаскім храмам валодалі езуіты. Менавіта ў гэты час адбыліся буйныя перабудовы: уладкавана крыпта пад храмам, разабраны галерэі XІІ стагоддзя, зроблены скатны дах і пакрыты чарапіцаю. Фасады перабудавалі пад каталіцкі касцёл, над заходнім размясцілі званіцу. У гэты час з’явіліся на фрэсках графіці, што, хутчэй за ўсё, нанеслі шкаляры езуіцкага калегіума.
У 1832 годзе па хадайніцтву епіскапа Магілёўскага і Віцебскага Гаўрыіла (Гарадкова) імператар Мікалай І загадаў перадаць царкву Спаса ў ведамства Грэка-Расійскага духавенства, каб захаваць помнік старажытнага дойлідства і праваслаўя, зрабіўшы за кошт казны неабходныя змены. Адзначым, што ў гэты час Спаская царква стаяла ўжо без вокан і дзвярэй…
У 1833 годзе Спаскі храм быў асвечаны епіскапам Полацкім і Віцебскім Смарагдам (Крыжаноўскім). У 1835 годзе Спаскі храм прыпісаны да архіерэйскага дома як храм загараднага архіерэйскага лецішча, а ў 1841 годзе з адраджэннем Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, зноў паступіў у ведамства манастыра.
У 1837-1838 гадах па праекце памочніка Будаўнічага камітэта К. Лукіна праведзена капітальная перабудова фасадаў храма, а на барабане з’явіўся купал у выглядзе цыбуліны. Прыкладна такі выгляд храма захаваўся да нашых дзён.
У 1885 годзе ў Спаса-Праабражэнскім храме на сродкі дваранкі Л. Собалевай, што яна ахвяравала на рамонт, аднавілі жывапіс, перарабілі іканастас і падлогу, уладкавалі новы прастол.
Праз год Спаскі храм быў асвечаны епіскапам Полацкім і Віцебскім Маркелам (Попелем).
Яшчэ адзін рамонт праводзіўся ў Спаса-Праабражэнскім храме ў 1909 годзе, напярэдадні вялікіх урачыстасцей з нагоды перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. Гэта была настолькі важная падзея, што парадак урачыстага перанясення святых мошчаў у лютым 1910 года зацвярджаўся імператарам Мікалаем ІІ.
5 мая (22 красавіка) 1910 года святыя мошчы хрэсным ходам, у якім удзельнічалі тысячы святароў, манахаў, вернікаў, былі перанесены з Кіева-Пячорскай Успенскай Лаўры на прыстань Дняпра, дзе іх памясцілі на казённы параход “Галавачоў”.
Ад Кіева да Оршы (737 км) рака з мошчамі прападобнай Еўфрасінні накіроўвалася па Дняпры, робячы невялікія перапынкі, падчас якіх на непрацяглы час раку выносілі на бераг.
Ад Оршы да Полацка (201 км) рухаліся, спыняючыся ў назначаных населеных пунктах Віцебскай губерні “сухим путем, несомые на руках богомольцев”.
На працягу ўсяго шляху святыя мошчы сустракалі тысячы людзей. Папячыцель Віленскай навучальнай акругі нават атрымаў цыркуляр з паведамленнем Міністэрства народнай асветы аб дазволе вызваліць ад заняткаў навучэнцаў тых населеных пунктаў, праз якія будзе праходзіць хрэсны ход з мошчамі прападобнай Еўфрасінні, каб дзеці маглі прыняць удзел ва ўрачыстасцях.

2 чэрвеня (20 мая) 1910 года святыня прыбыла ў Полацк, дзе была размешчана ў Мікалаеўскім саборы, а праз два дні ўрачыста перанесена ў галоўны храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
5 чэрвеня (23 мая) святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай змясцілі ў вырабленую на ахвяраванні прыхаджан раку вагою каля 640 кг, з якіх прыкладна 128 кг складала серабро, і паставілі “в основанный преподобною храм на вечное здесь пребывание”.
Больш за месяц працягваліся ўрачыстасці ў Полацку. Каб уславіць вяртанне прападобнай Еўфрасінні на радзіму і пакланіцца яе святым мошчам, вернікі доўгі час ішлі з усіх мясцін.
Сёлета спаўняецца 115 гадоў з той урачыстай і хвалюючай падзеі.
Пасля 1917 года Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр раздзяліў лёс многіх праваслаўных святынь.
З красавіка 1920 года па май 1922-га мошчы прападобнай былі тройчы ўскрыты. Апошні раз – у Віцебскім губернскім музеі 13 мая 1922 года.
Да канца 1920-х гадоў надтрунны комплекс (засень, лампады, сярэбраная рака) і іншыя манастырскія рэліквіі былі страчаны.
У 1925 г. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр быў закрыты, а храмы, асвечаныя ў імя святой, разбураны ці перададзены ў карыстанне дзяржаве пад іншыя мэты.
У час Вялікай Айчыннай вайны, у 1943 годзе, быў атрыманы афіцыйны дазвол на адкрыццё Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, куды ў хуткім часе вярнулі з Віцебска мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
У першыя пасляваенныя гады мясцовыя ўлады не перашкаджалі існаванню жаночага манастыра, аднак з канца 1950-х гадоў сітуацыя карэнным чынам змянілася.
У 1961 годзе дзейнасць манастыра была афіцыйна скасавана. Спаса-Праабражэнская царква працягвала функцыянаваць як прыходскі храм. Мошчы прападобнай Еўфрасінні пакінуты каля алтара Спаса-Праабражэнскай царквы на ўтрыманні прыходскай абшчыны.
Напрыканцы 1980-х гадоў мошчы прападобнай Еўфрасінні перакладзены ў разьбяную дубовую раку, якую адкрывалі да дня памяці святой – 5 чэрвеня.
Пасля закрыцця манастыра Спаса-Праабражэнскі храм заставаўся адзіным дзейсным храмам у Полацку. Манастырскае жыццё ў гэтай мясціне перарвалася на 30 гадоў…
6 ліпеня 1989 года Свяшчэнны Сінод РПЦ благаславіў адраджэнне жаночага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, які менш чым за два гады быў адноўлены.
4 жніўня 1990 г. Савет Міністраў СССР зарэгістраваў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр. Пачалася актыўная работа па рэстаўрацыі яго архітэктурных помнікаў і канчатковым вяртанні і замацаванні ў свядомасці беларускага грамадства імя Еўфрасінні Полацкай.
У 1992 годзе манастыр зноў прыняў манахінь і, як і раней, стаў цэнтрам духоўнага жыцця Полацка.
З 1990-х гадоў арганізавана работа па вяртанні і аднаўленні страчаных рэліквій, якія былі цесна звязаны з жыццём і дзейнасцю Еўфрасінні, – ікона Эфескай Багародзіцы, шасціканцовы крыж і сярэбраная рака.
Адзначым, што шматгадовая праца па аднаўленні страчаных у гады савецкай улады святынь была завершана да юбілейных Свята-Еўфрасіннеўскіх урачыстасцей 2010 года.

З адраджэннем манастыра ў Спаса-Праабражэнскім храме сталі праводзіцца штодзённыя набажэнствы. Прыкладна ў той жа час пачалася планамерная праца па раскрыцці старажытных фрэсак пад кіраўніцтвам мінскага мастака-рэстаўратара Уладзіміра Ракіцкага.
Уладзімір Васільевіч быў першапраходцам і доўгі час адзіным прафесійным рэстаўратарам, які праводзіў работы ў Спаскім храме. Улетку на дапамогу прыязджалі студэнты-практыканты і валанцёры.
У гэты час было зроблена ашаламляльнае адкрыццё: у Спаскім храме захаваўся старажытны жывапіс ХІІ стагоддзя ад падлогі да купала ў поўным аб’ёме. Аднак складанасць была ў тым, што старажытны сценапіс схаваны пад двума слаямі масляных роспісаў, якія таксама ўяўлялі значную гістарычную і культурную каштоўнасць.
“Нам здаецца, – адзначаў Уладзімір Ракіцкі, – што існуе роднасная сувязь паміж рукапіснымі лістамі Леанарда да Вінчы і фрагментамі сярэднявечных сцен з малюнкамі і надпісамі Спасаўскай царквы ў Полацку. Хоць бы момантам няведання таго, што знаходзілася перад вачыма, іншымі словамі, момантам адлучанай адзіноты. Таму што кім бы ні былі выдрапаны гэтыя графічныя пасланні на сценах царквы, шкаляром ці пілігрымам – яны былі напісаны ў стане адзіноты, калі той хто пісаў пераставаў сябе стрымліваць і, драпаючы на сцяне, замацоўваў пачуццё, агарнуўшае яго: просьбу-малітву, плач, здарэнне, ці проста сваё імя і дату, тым самым гаворачы, што і ён быў на гэтым свеце. А сёння гэтыя фрагменты моманту адзіноты вырастаюць у нас да масштабу ўсіх нашых ведаў пра той далёкі час. Па іх мы ствараем карціну аб мінулым” [4].
Рэстаўратараў чакаў агромністы аб’ём работы. За 15 гадоў былі раскрыты фрэскі ў барабане, парусах і скляпеннях. Але гэтага было так мала…
У 2007 годзе да нашых спецыялістаў далучыліся маскоўскія пад кіраўніцтвам згаданага ўжо намі мастака-рэстаўратара, кандыдата мастацтвазнаўства Уладзіміра Сараб’янава, аўтара больш за 100 навуковых прац па гісторыі старажытнарускага мастацтва і рэстаўрацыі старажытнарускага жывапісу.
Кожны сезон, які доўжыўся прыкладна шэсць цёплых месяцаў, брыгада Уладзіміра Дзмітрыевіча Сараб’янава выязджала ў камандзіроўку ў Полацк. Працаваць прыходзілася на рыштаваннях у вельмі няпростых умовах. Але нарэшце справа пайшла. У 2009 годзе да рэстаўратараў далучыліся спецыялісты на чале з Юрыем Маліноўскім і іншыя.
У 2007 годзе Спаскі храм увянчаў пазалочаны купал, інтэр’ер упрыгожыў разны іканастас. А праз 10 гадоў пачалася комплексная рэстаўрацыя старажытнага храма.
З 2015 года Спаса-Праабражэнскі храм даследаваўся сумеснай архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага Эрмітажа (Расія). За гэты час былі выяўлены ўнікальныя артэфакты, а таксама ўдакладнены многія пытанні гісторыі будаўніцтва царквы.
Як распавядае Яўген Торшын, загадчык сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа з Санкт-Пецярбурга, “у 2015 годзе ў шурфе 3 у інтэр’еры кампартымента галерэі каля цэнтральнага прасла паўднёвага фасада нааса была выяўлена пабудаваная з плінфы пахавальня, размешчаная пад падлогай старажытнай пабудовы. Пахавальні і аркасолій у паўднёвай сцяне храма сведчаць, што прыдзел быў прызначаны для пахаванняў і, верагодна, богаслужэнняў па нябожчыках”.
Вынікі даследаванняў 2017 года змяняюць ранейшыя ўяўленні вучоных пра выгляд царквы ў розныя перыяды яе існавання.
Падчас раскопак сезона 2017 года знойдзена галоўная археалагічная знаходка – круглая віслая пячатка Еўфрасінні Полацкай, якая выкарыстоўвалася для замацавання дакументаў і пацвярджэння іх сапраўднасці.
Свінцовая пячатка з імем Еўфрасінні знойдзена ўсярэдзіне запаўнення саркафага аркасолія на фасадзе заходняга прасла нааса царквы. На адным баку пячаткі – выява Хрыста Пантакратара, а на другім – святой Еўфрасінні Александрыйскай, апякункі Еўфрасінні Полацкай. Вакол выявы Еўфрасінні зроблены надпіс “Иефросіні”.
Архітэктурна-археалагічныя даследаванні 2017 года сталі працягам знаходак 2015 года, калі былі атрыманыя першыя, а таму і зусім нечаканыя даныя пра наяўнасць старажытных галерэй каля храма.
У 2017 годзе істотна ўдакладнены ўяўленні пра план галерэй Спаскай царквы. Наяўнасць паўднёвага прыдзела па восі цэнтральнага прасла нааса прадугледжвала падобнае сіметрычнае размяшчэнне такога ж прыдзела каля паўночнай сцяны (адна з прыкмет полацкай архітэктурнай традыцыі XII стагоддзя).
У раскапаных рэштках прыдзелаў размяшчаліся пахавальні. Такой традыцыі прытрымліваліся і ў ХІІ стагоддзі, і значна пазней.
Як адзначаюць навукоўцы Яўген Торшын, Дзяніс Дук, Пётр Зыкаў і Аляксей Коц, падводзячы вынікі архітэктурна-археалагічных даследаванняў 2017 года, “выяўлены старажытны аркасолій у прыдзеле сведчыць аб выкарыстанні царквы ў якасці пахавальні для вельмі значнай для манастыра асобы. На жаль, само пахаванне не захавалася. Знойдзеная ў запаўненні культурнага слоя каля аркасолія свінцовая віслая пячатка Еўфрасінні Полацкай можа сведчыць аб прыналежнасці дадзенага артэфакта да пахавальнага інвентару асобы з аркасолія.
Цікавай асаблівасцю галерэй Спаскай царквы з’яўляецца ізаляванасць двух паўднёвых кампартыментаў. Прыдзелы каля бакавых фасадаў храма, такім чынам, складаліся з двух памяшканняў: нааса і нартэкса” [6].

Да 900-гадовага юбілею Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра старажытны храм прападобнай Еўфрасінні Полацкай абноўлены, адрэстаўраваны і асвечаны. Завершана яго рэканструкцыя, што доўжылася 30 гадоў.
Выкананы комплекс работ па інжынернай рэстаўрацыі, узмацненні вядучых канструкцый і кансервацыі старажытных архітэктурных дэталей.
У інтэр’еры храма ўладкаваны асобныя ўчасткі шкляной падлогі. Зроблена гэта, каб паказаць першапачатковыя габарыты слупоў з захаванымі на іх фрагментамі фрэсак, а таксама ўзроўняў гістарычнай падлогі ХІІ і ХVІІ стагоддзяў.
Для захавання фрэсак у Спаса-Праабражэнскім храме стварылі асаблівы клімат, што рэгулюецца ў тым ліку і з дапамогаю лічбавага абсталявання.
Яшчэ раз згадаем, што доўгі час старажытны сценапіс Спаскага храма захоўваўся пад некалькімі слаямі маслянага жывапісу і толькі дзякуючы неверагоднаму таленту рэстаўратараў былі раскрыты фрэскі ХІІ стагоддзя, а таксама захаваны масляны жывапіс.
Спецыялісты згортвалі ў некалькі слаёў звычайную марлю, прамочвалі арганічным саставам і прыкладвалі да выявы на сцяне. Калі яна крыху размакала, здымалі скальпелем міліметр за міліметрам. Зняты слой замацоўвалі на новую аснову, а фрэска заставалася на сцяне.
Кожны міліметр з амаль 1000 кв. метраў фрэскавага жывапісу раскрыты з-пад некалькіх слаёў маслянага жывапісу, ачышчаны ад пылу і сажы і апрацаваны спецыяльным саставам для замацавання.
Тытанічная і скрупулёзная праца рэстаўратараў дазволіла не толькі зберагчы масляны насценны жывапіс ХVIII-ХІХ стагоддзя Спаскага храма, але і прадставіць яго як экспанат у Мастацкую галерэю Полацка. Да ўвагі наведвальнікаў – стацыянарная выстава “Сценапіс ХІІ-ХІХ стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма”.
Экспануемы жывапіс дапамог яшчэ больш адчуць гістарычную і культурную каштоўнасць унікальнага помніка архітэктуры і жывапісу – Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

Асвячэнне храма і першую Божую літургію ў ім пасля рэстаўрацыі ў студзені 2025 года ўзначаліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі адказны сакратар Упраўлення справамі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Андрэй Волкаў і клірыкі Полацкай епархіі. Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Удзел у набажэнстве прымалі прадстаўнікі ўлады, многія вернікі, а таксама сёстры Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і ігумення Еўдакія (Ляўшук), якой перададзены сімвалічныя ключы ад абноўленага старажытнага храма.
Пасля завяршэння набажэнства ў сувязі з заканчэннем рамонтна-рэстаўрацыйных работ уладыка Веніямін здзейсніў падзячны малебен у Крыжа-Узвіжанскім храме і выказаў словы ўдзячнасці кіраўніку дзяржавы і той вялікай камандзе, што прыклала намаганні да абнаўлення святыні, “каб храм захоўваўся многія гады і радаваў людзей, быў сведчаннем таго, як прападобная Еўфрасіння Полацкая клапацілася пра захаванне веры і набожнасці на нашых беларускіх землях”.
Пабудаваны пры жыцці прападобнай Еўфрасінні Полацкай Спаса-Праабражэнскі храм мае найвышэйшую катэгорыю ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
…Цяпер у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры падвізаецца каля 140 сясцёр. Тут дзейнічаюць манастырская і прыходская бібліятэкі, выдавецтва і архіў, нядзельная школа, экскурсійная служба, сястрынскі хор, прасфорня, іканапісная, швейная і пераплётная майстэрні.
У комплекс манастыра таксама ўваходзяць духоўна-асветніцкі цэнтр, царкоўныя лаўкі, званіца, гасцініцы для паломнікаў, манастырская чайная, сястрынскія карпусы і трапезная, гаспадарчыя пабудовы.
Уваход на саборную плошчу і ў храмы свабодны. Паломнікі могуць загадзя заказаць экскурсію па тэлефоне, змешчаным на сайце манастыра, а таксама, пры жаданні, паабедаць у трапезнай ці застацца ў манастыры на начлег.
Экскурсіі праводзяцца з 9.00 да 16.30, наведванне старажытнага Спаса-Праабражэнскага храма з 10.00 да 16.00.
У Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры рады вітаць усіх, хто прыйшоў сюды па дапамогу са шчырай малітвай у сэрцы. Хто хоча пакланіцца сцежкам, па якіх хадзіла прападобная Еўфрасіння, адна з першых на ўсходне-славянскіх землях жанчына, прыяднаная да ліку святых, наша нябесная заступніца і вялікая асветніца. Хто імкнецца больш даведацца пра гістарычны лёс святой для кожнага верніка мясціны.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
- Лабоха (Мыслівец), Г. М. Культ прападобнай Еўфрасінні Полацкай у савецкі перыяд (1917–1991 гг.) / Г. М. Лабоха // Христианство в Беларуси: история и современность : сб. науч. ст. / редкол. : А.А. Коваленя [и др.]. – Минск : Беларус. навука, 2014. – С. 355–363.
- Мельнікаў, А.А. З неапублікаванай спадчыны : манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навук. канф., успаміны сучаснікаў / А.А. Мельнікаў. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2005. – 589 с.
- Мыслівец, Г.М. Традыцыя шанавання Еўфрасінні Полацкай: Генезіс, развіццё, сучаснасць : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 / Мыслівец Галіна Міхайлаўна; Полацкі дзярж. ун-т. – Полацк, 2015. – 28 с.
- Ракіцкі, У. Спасаўская царква пры староннім асвятленні / У. Ракіцкі // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі //Матэрыялы III Міжнароднай навуковай канферэнцыі. – Полацк: Полацкі гісторыка культурны музей-запаведнік, ПГУ, 1998. – С. 249-258.
- Сарабьянов, В.Д. Спасская церковь Евфросиниевского монастыря в Полацке. Полоцк, 2016. – С.45.
- Торшын, Я. М. Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку: вынікі архітэктурна-археалагічных даследаванняў 2017 г. / Я. М. Торшын [і інш.] / Беларускі гістарычны часопіс. – 2019. — № 2 (235) — С. 28-34.
Крыніцы:
- Лаврецкий, Г. Церковь Спаса: Архитектурная проповедь [Электронный ресурс] / Г. Лаврецкий. – 2007. – Режим доступа: https://ais.by/story/1176. – Дата доступа: 17.05.2025.
- Будкевич, М. Спасо-Евфросиниевский ставропигиальный женский монастырь в Полоцке в 2025 году празднует 900-летие [Электронный ресурс] / М. Будкевич. – 2025. – Режим доступа: https://www.vitbichi.by/news/religiya/spaso_evfrosinievskiy_stavropigialnyy_zhenskiy_monastyr_v_polotske_v_2025_godu_prazdnuet_900_letie_/. – Дата доступа: 20.05.2025.
- http://church.by
- https://oroik.by
- https://spas-monastery.by
- https://www.belarus.by
- https://www.polotsk.info
- https://marshryt.by
- http://gallery.polotsk.museum.by
- https://monasterium.ru
- https://www.vitbichi.by
- https://niab.by
- https://www.pvestnik.by