Шчасце майстра: Браніслаў Круглы – лідскі Страдзівары ХХ стагоддзя

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

З ГІСТОРЫІ ВЫРАБУ БЕЛАРУСКАЙ СКРЫПКІ

Беларуская зямля славіцца многімі народнымі ўмельцамі, у шэрагу якіх майстар па вырабе скрыпак Браніслаў Круглы, якому ў студзені 2026 года спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Майстар-скрыпач Браніслаў Круглы.

 …Скрыпка – чатырохструнны смычковы музычны інструмент, што з’явіўся ў культуры Беларусі ў ХVI ст. Цяпер звычайна выкарыстоўваюцца скрыпкі фабрычнай вытворчасці, а самаробныя вырабляюцца на іх узор [1, с. 17].

У мінулым традыцыйна скрыпкі выраблялі самі народныя музыкі-скрыпачы ці сталяры з мясцовых матэрыялаў: верхняя дошка (дэка) з сасны-драбнаслойкі, а ў другой палове ХХ ст. пад уплывам прафесійнага мастацтва – з елкі; ніжняя дошка і абячайкі (бакавыя часткі) – з клёну, грыф і падгрыф – з грабу.

Асабліва каштоўным матэрыялам для верхняй дэкі лічылася сасновая бэлька са старой пабудовы. Нават такія недахопы дрэва, як адсутнасць дастаткова тонкіх слаёў і не зусім правільнае іх размяшчэнне, кампенсаваліся яго шматгадовай вытрымкай [4, с. 85].

Кожны крок у вырабе скрыпкі быў адказным: шмат часу трацілася на выраб дэкі, якая павінна была мець выпукласць, вызначаную таўшчыню ў розных яе частках, што дасягалася спачатку спецыяльнымі інструментамі, а пасля шліфаваннем.

Цікава, што для канчатковага шліфавання дэкі выкарыстоўвалі высушаны хвошч. Такая праца патрабавала пільнай увагі. Каб не перастарацца, дэку ўвесь час праглядвалі на свет, імкнуліся вызначыць, ці ўсюды яна аднолькава прасвечваецца. Нават невялікая шарахаватасць адмоўна ўплывала на гучанне.

Для ніжняй дэкі выкарыстоўвалася аснова ствала клёна, якая мела хвалістую структуру (так званы кучаравы клён). Па шчыльнасці клён больш цвёрды, апрацоўваць яго было яшчэ цяжэй, а таму пашкодзіць дэку было лягчэй. А вось для шыйкі-ручкі бралі прамы корань маладога клёна, адсякалі кусок неабходнай даўжыні, абчэсвалі, варылі ў вадзе (парылі) палову сутак.

Апрацаванае такім чынам дрэва пры высыханні не трэскалася. Пакуль яно было вільготным, выразалі галоўку, завіткі. Пакуль апрацоўвалі шыйку, дрэва паспявала высахнуць. Бакі скрыпкі выраблялі з таго ж клёна, што і ніжнюю дэку. Іх таксама распарвалі ў вадзе і выгіналі ў спецыяльнай форме, дзе яны і заставаліся да высыхання.

Пасля поўнага высыхання прыступалі да склейвання скрыпкі. Немалаважная роля адводзілася правільна вырабленаму смычку, для якога выкарыстоўвалі конскі светлы волас, які выварваўся ў растворы попелу і солі. А вось струны вілі з кішак барана. Такія струны пасля высыхання праціраліся куском сукна, змочанага ў тлушчы. Затым струны прымацоўваліся на скрыпку [4, с. 88].

Часам ужываўся старажытны спосаб вырабу скрыпкі: выдзёўбванне яе корпуса-тулава разам з шыйкай і галоўкай з аднаго кавалка дрэва. Такія скрыпкі называліся “даўбанкамі”. Цяпер адзіны ўзор такога інструмента работы майстра І.І. Лычкоўскага з Чэрвеня захоўваецца ў музеі Інстытута культуры, этнаграфіі і фальклору [4, с. 90].

Скрыпка, вырабленая майстрам Браніславам Круглым.

Найчасцей скрыпка складалася з асобных частак на ўзор фабрычнай. Самаробная скрыпка, як і іншыя беларускія народныя музычныя інструменты (дудка, жалейка, цымбалы і інш.), захавала натуральны (светлы) колер дрэва, але нярэдка ўпрыгожвалася арнаментам.

Як зазначае даследчык І.Д. Назіна, у 1980-я гады самаробныя скрыпкі сустракаліся даволі рэдка, аднак мастацтва іх вырабу не страчана. Шырока былі вядомыя інструменты такіх майстроў як В.А. Крайко з Мінска, Ф.М. Жукоўскі з вёскі Пагост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці і яго сын М.Ф. Жукоўскі з Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна на Міншчыне, В.І. Шышко з вёскі Бершты Шчучынскага раёна, Б.П. Круглы (герой гэтага артыкула) з вёскі Дубчаны, А.Н. Новік з вёскі Пажарцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Кожным з гэтых майстроў зроблена не менш за 50 інструментаў [4, с. 91].

Майстры ХХ ст., захоўваючы найлепшае з назапашанага ў народнай практыцы вырабу скрыпак, усё актыўней вывучалі даныя пра структуру, уласцівасці і акустычныя магчымасці розных парод дрэва, ролю асобных частак інструмента. Таму для верхняй дэкі выкарыстоўвалі ўжо не сасну, а здаровую, без сучкоў, елку з тоненькімі нешырокімі слаямі. А вось для ніжняй дэкі выкарыстоўвалі ўсё той жа кучаравы клён.

Падрыхтаваны для скрыпкі матэрыял (дошчачкі адпаведнай даўжыні і таўшчыні) сушыўся летам на паветры да таго часу, пакуль дрэва, як гаварылі, “не стане на месца” [4, с. 91]. Чым болей сушыўся матэрыял, тым лепш.

Пасля таго, як скрыпка была выраблена, яе яшчэ на працягу года “даводзілі да розуму”, разыгрывалі, нярэдка зноў разбіралі, штосьці падпраўлялі, часам нават інтуітыўна.

Як бачым, выраб скрыпкі народнымі ўмельцамі на працягу стагоддзяў пацярпеў некаторыя змены, але не знік бясследна. І доказам таму адшуканая вучнямі Дзітвянскай школы, што на Лідчыне, унікальная спадчына іх земляка Браніслава Круглага.

БРАНІСЛАЎ КРУГЛЫ – МАЙСТАР СКРЫПАК, МУЗЫКАНТ І КАЛЕКЦЫЯНЕР

Беларуская народная прыказка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” якраз пра Браніслава Паўлавіча Круглага, скрыпача-майстра і калекцыянера скрыпак, які ўсё жыццё пражыў у невялікай вёсачцы Дубчаны Лідскага раёна на Гродзеншчыне.

Нарадзіўся Браніслаў Круглы 30 студзеня 1906 года ў сям’і цесляра. У сям’і было трое дзяцей. Жылі небагата, але бацька хлопчыка, Павел Круглы, быў майстрам на ўсе рукі. А таму два старэйшыя сыны ведалі цяслярскую і сталярскую справу і былі яму добрымі памочнікамі. Падросшы, Браніслаў таксама не адставаў у працы.

Ужо будучы сам дзядулем, Браніслаў Паўлавіч часта расказваў унукам, якія з’язджаліся на канікулы, пра сваё дзяцінства. Прывучаў іх даводзіць любую справу да канца. “Узяўся за гуж, не кажы, што нядуж”, – пасмейваўся ён са сваіх юных гараджан, у якіх то граблі падалі з рук, то каса зямлю касіла (з успамінаў унука).

Браніслаў Круглы (злева) з сябрам-музыкантам.

На пачатку ХХ ст. у вёсках умелі не толькі працаваць, але і адпачываць. Так было і ў Дубчанах. Пасля цяжкага сялянскага дня часта чуліся песні, часам іграла дудка, скрыпка ці гармонік. І падлетка Браніслава цягнула туды, дзе гучала музыка. Нібы зачараваны, слухаў ён народныя песні.

Музыканты былі тады ў вялікай пашане, без іх не абыходзіліся ні вяселлі, ні ігрышчы, ні святы. Справа гэтая ў дапаўненне прыносіла яшчэ і нядрэнны заробак.

Аднойчы суседу-сябруку Баніфацыю таксама па прозвішчы Круглы бацька купіў скрыпку. І хлопец вырашыў асіліць інструмент з адзінай мэтай: стаць вясковым музыкантам. Сваёй задумай падзяліўся з Браніславам, і сябры вырашылі далей вучыцца разам. Але Браніслаў не мог іграць на той скрыпцы, бо яна была зроблена для ігры правай рукой, а хлопец быў ляўшой.

Паколькі Браніслаў Круглы ўмеў абыходзіцца з дрэвам, вырашыў зрабіць уласную скрыпку. На шчасце, скрыпка ўдалася. Прайшоў час, і Браніслаў праявіў яшчэ і свае музычныя здольнасці. Спачатку быў другой скрыпкай у так званым вясковым ансамблі. А з часам – першай скрыпкай. Але ўжо іграў не на самаробнай, а на іншай скрыпцы, атрыманай у падарунак.

З’явілася новая скрыпка ў Браніслава так. На вяселлі яго старэйшага брата іграў запрошаны вясковы музыкант-віртуоз Фелікс. У перапынку паміж танцамі Браніслаў падсеў да яго і заіграў. Ігра надзвычай спадабалася спрактыкаванаму музыку і ён, расчулены талентам хлопца, падарыў яму ўласную скрыпку.

Далей музычную навуку Браніслаў спасцігаў на скрыпцы Фелікса. Толькі тады Павел Круглы канчаткова паверыў у талент свайго сына і купіў яму новую скрыпку. Хутчэй за ўсё музыку прыйшлося прыладзіцца для ігры правай рукой (на адшуканых фотаздымках трымае смычок у правай руцэ).

Падлетак на слых падбіраў то беларускую польку, то кадрылю, то кракавяк і марыў, што некалі і ён будзе іграць на вяселлях. Але патрэбны былі цымбалы, бо традыцыйна такія народныя ансамблі складаліся са скрыпкі і цымбалаў. Таму прыйшлося змайстраваць уласныя цымбалы. Гэта было ўжо праз год пасля таго, як бацька купіў Браніславу скрыпку.

Цымбалы таксама ўдаліся. Браніслаў самастойна навучыўся на іх іграць, а пасля навучыў Уладзіміра Хрыстука, які жыў у суседняй вёсцы Дудары. Так склаўся зладжаны ансамбль.

Часам не выпадала іграць разам, тады неабходна было шукаць іншага музыку, які б мог сыграць дуэтам. Такога напарніка Браніслаў знайшоў у суседняй вёсцы Палубнікі. Ім стаў Ян Клінцэвіч, 1928 г.н. Вось так, у пары з хлапчуком-падлеткам, прыкладна такім, якім пачынаў некалі сам, весялілі народ на вечарынках: Браніслаў на скрыпцы, а Ян на цымбалах. Пасля Ян таксама навучыўся іграць на скрыпцы, якую купіў яму бацька…

З будучай жонкай Браніслаў пазнаёміўся падчас аднаго з вяселляў. Прыгожая, статная, блакітнавокая Адэльфіна вельмі спадабалася хлопцу. У хуткім часе зладзілі вяселле.

Маладая сям’я пасялілася ў бацькоўскім доме Браніслава, дзе жылі старэйшыя браты з сем’ямі, усяго 15 душ. Купіць дом у Браніслава магчымасці не было. Сродкаў на пакупку лесу таксама не хапала. Аднак думка пра ўласнае жыллё не пакідала Браніслава. Выручыла прыродная кемлівасць [5, с. 509].

Праз некаторы час Браніслаў узвёў глінабітны дом, хоць ніколі не бачыў, як гэта робяць. Гэты дом і цяпер упрыгожвае вёску Дубчаны, хоць у ім жывуць ужо іншыя людзі.

Адэльфіна Ігнатаўна і Браніслаў Паўлавіч Круглыя. 1956 г.

Маючы сям’ю, Браніслаў не пакінуў сваё захапленне вырабляць скрыпкі, а яшчэ больш апантана ўзяўся за працу. Зрабіў адну, яна яму не спадабалася, пасля другую, затым – трэцюю…

Майстру ўсё здавалася, што ў яго атрымлівалася не так, як хацелася. Так паўтаралася доўга, пакуль інструмент не трапіў у рукі вядомага на той час беларускага музыканта Міхаіла Лучко, які вучыўся ў кансерваторыі ў Вільні.

Сустрэча музыкантаў адбылася ў 1936 годзе. Лучко з асаблівай асалодай сыграў на скрыпцы-самаробцы Браніслава. “Твая скрыпка, лічы, цуд, – сказаў ён. – У цябе – залатыя рукі” [6, с. 5].

Браніслаў Круглы з пачуццём удзячнасці падарыў Лучко сваю скрыпку. Гэта сустрэча назаўсёды запомнілася абодвум, а пра далейшы лёс Міхаіла Лучко Браніслаў Паўлавіч даведаўся праз шмат гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Міхаіл Сідаравіч Лучко са скрыпкай-падарункам. 1936 г.

Міхаіл Лучко змагаўся з ворагам у складзе партызанскага атрада “Іскра”, што дзейнічаў на тэрыторыі Лідскага раёна. Калі стомленыя ад нечалавечага напружання байцы вярталіся з баявога задання ў размяшчэнне атрада, Міхаіл даставаў з паходнага чамаданчыка скрыпку, падораную Браніславам Круглым, і пачынаў іграць, уздымаючы настрой партызанам і падымаючы іх баявы дух [5, с. 509].

9 студзеня 1944 года каля вёскі Бурносы падчас разгрому Налібоцкага гарнізона фашысцкая куля абарвала жыццё музыканта-партызана Міхаіла Лучко. Двое дзяцей засталіся сіротамі. Узнагароджаны медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” І ступені (1944). Узнагароду ўручылі яго жонцы, Юлі Іванаўне, у 1974 годзе.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Браніславу Кругламу прыйшлося закінуць свае скрыпкі далёка на гарышча. На жаль, звестак пра яго жыццё ў ваенны час вельмі мала. Не засталося ўжо і тых людзей, якія б маглі нешта распавесці. Больш маладзейшыя родзічы змаглі расказаць пра жыццё скрыпача пасля вайны.

Калі 22 кастрычніка 1947 года быў арганізаваны саўгас “Тарнова”, адным з першым у яго ўступіў Браніслаў Круглы. Уладкаваўся працаваць сталяром, не цураўся ніякай працы. Многае было зроблена рукамі выдатнага майстра. Стараўся не толькі працаваць у калгасе, але і суседзям дапамагаў будавацца.

Пасляваенны час быў няпросты. Да таго ж, не ўсе добра ставіліся да стварэння саўгаса, таму бывалі выпадкі нанясення шкоды гаспадарцы – падпалы, разбоі, злачынствы. Магчыма, нешта падобнае здарылася і ў саўгасе “Тарнова”.

За неданясенне аб злачынстве 23 жніўня 1949 года Браніслава Круглага арыштавалі, а 19 студзеня 1950 года асудзілі на 8 гадоў з адбываннем у папраўча-працоўным лагеры.

З размовы з роднымі майстра ўдалося высветліць, што і там Браніслаў Паўлавіч не пакідаў скрыпку, нават іграў у створаным ансамблі. Вызвалены датэрмінова, прыкладна ў перыяд з 1953-га да 1956 года. Зноў прадоўжыў працаваць у саўгасе сталяром.

29 лістапада 1963 года Браніслаў Круглы рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР

Тагачасны дырэктар саўгаса Аляксандр Цімафеевіч Новікаў, які працаваў на гэтай пасадзе з 1960-га да 1988 года, згадваў Браніслава Круглага як выдатнага майстра, якому даручаліся найбольш складаныя, адказныя і тэрміновыя справы [3, с. 5].

Амаль 30 гадоў працаваў Браніслаў Паўлавіч у саўгасе. Але не пакідаў праз усе гады свайго асноўнага жыццёвага захаплення: па-ранейшаму майстраваў скрыпкі. Таксама збіраў па вёсках, дзе толькі мог, старыя інструменты і настойліва, з веданнем усіх тонкасцей, рамантаваў іх, вяртаў да жыцця. Толькі дзякуючы ягонай заўзятай зацікаўленасці, апантанасці ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. на Лідчыне, а можа, і на ўсёй Гродзеншчыне захаваліся найцікавейшыя, адзіныя ў сваім родзе інструменты [3, с. 5].

Браніслаў Круглы прадаўжаў іграць на ўласных скрыпках на вяселлях, вечарынках, удзельнічаў у народнай самадзейнасці. Са сваімі сябрамі ён умеў весяліць народ. Ансамль Круглага ўжо складаўся з дзвюх скрыпак і акардэона. Разам з тым, Браніслаў Паўлавіч не толькі захапляўся скрыпкамі. Ён быў выдатным цесляром, прычым не толькі ў саўгасе, але і дома. Перабудаваўшы частку пуні пад майстэрню, праводзіў там увесь вольны час, майструючы выдатныя дзверы, вокны, мэблю. Майстэрня часам не ўмяшчала станкоў, і тады Браніслаў Паўлавіч выносіў іх і цэлае лета працаваў на свежым паветры.

За сваё жыццё Браніслаў Паўлавіч Круглы змайстраваў больш за пяцьдзясят скрыпак. Слава пра майстра выйшла далёка за межы Лідскага раёна, вобласці і нават краіны. Вырабленым яго рукамі скрыпкам давалі высокую ацэнку спецыялісты і музыканты. Іх набывалі як прафесіяналы, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Напрыклад, адным з апошніх у 1980-я гады завітаў да майстра літоўскі скрыпач І. Будкус з Каўнаса і купіў сабе скрыпку. Пра гэта распавяла нявестка Браніслава Паўлавіча, Ганна Аляксандраўна Круглая, захавальніца яго ўнікальнай спадчыны. Сказала яна і пра тое, што свёкар вырабляў не толькі скрыпкі. Абодвум унукам на памяць пра сябе дзед зрабіў два гадзіннікі. Чаму не скрыпкі? Бо, як казаў сам майстар, музычны талент не перайшоў ні да сына, ні да ўнукаў.

Гадзіннік, выраблены Браніславам Круглым для ўнука.

Браніслаў Паўлавіч Круглы – не проста музыкант-скрыпач, а майстар скрыпак, значыць, у пэўным сэнсе – мясцовы Страдзівары.

Не стала майстра 13 верасня 1987 года. Пасля смерці Браніслава Паўлавіча калекцыя скрыпак перайшла да яго жонкі, Адэльфіны Ігнатаўны. Перад сконам майстар наказаў, каб не шкадавала іх, прадавала, што рабіў ён скрыпкі для таго, каб на іх ігралі. Але жанчына ведала, што не зможа іх прадаць.

Да ўдавы часта прыязджалі музыканты, каб набыць інструмент. Быў са сваім сябрам і Ян Клінцэвіч, якому некалі падлеткам удалося сыграць разам з вядомым майстрам і які не раз прывозіў да Браніслава Паўлавіча падрамантаваць уласны інструмент.

Сярод усіх скрыпак, што ўнесла тады ў пакой Адэльфіна Ігнатаўна, Ян убачыў старую, някідкую. Аднак жанчына не прадала яе, бо гэтая скрыпка была асабліва дарагая яе мужу. Браніслаў знайшоў прастрэлены інструмент у пілавінні. Доўга “лячыў” пасля вайны. За гэта скрыпка аддзячыла майстру звонкім голасам. І ўсё ж не паехаў тады з пустымі рукамі Ян Клінцэвіч, набыў у Круглых іншую скрыпку.

Адэльфіна Ігнатаўна перажыла свайго мужа на тры гады…

Сям’я сына майстра, Івана Браніслававіча Круглага з г. Ліды, стала захавальнікам калекцыі з сямі інструментаў. Сярод скрыпак ёсць вырабленыя майстрам, пра што сведчыць надпіс на ўнутраным баку ніжняй дэкі, а ёсць тыя, што майстар рамантаваў і калекцыянаваў.

Скрыпкі сталі бясцэнным скарбам, памяццю пра бацьку. Пасля смерці Івана Браніслававіча, іх беражліва захоўвала яго жонка Ганна, якой, на вялікі жаль, самой не стала ў 2017 годзе.

Ганна Аляксандраўна Круглая, нявестка і захавальніца спадчыны майстра. 2017 г. Фотаздымак:  https://lidanews.by

Пра тое, што на Лідчыне жыве свой Страдзівары, адзначалася на старонках раённых і рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Пра вядомага скрыпача Браніслава Круглага пісалі ў газетах “Уперад” (цяпер “Лідская газета”), “Гродзенская праўда”, “Голас Радзімы”, “Звязда”, фотаздымак майстра змяшчалі ў часопісе “Беларусь”.

Пра Браніслава Круглага згадвала даследчык І.Д. Назіна, якая ў час экспедыцый па Гродзеншчыне таксама пабывала ў доме Круглых.

У маі 2018 года ў “Лідскай газеце” выйшаў артыкул “Час вяртаць імёны”. Жыў на Лідчыне свой Страдзівары” (рэд. Яўген Арэхва).

Браніслава Круглага памятаюць на радзіме і шануюць яго імя.

Рэната Пятрушчык і Вераніка Лабко – юныя даследчыкі біяграфіі Браніслава Круглага. 2018 г.

Майстар застаўся верны свайму захапленню на працягу ўсяго жыцця. Некалі ў інтэрв’ю карэспандэнту “Звязды” Браніслаў Паўлавіч Круглы сказаў: “Калі б вы ведалі, што такое ў восемдзясят, як мне зараз, інакш на схіле чалавечага веку, захапіцца нейкай справай. Ды так, што ад яе ні ўдзень, ні ўночы не ведаць спакою. Гэта і пакаранне, і страшэнна дарагі падарунак ад жыцця – шчасце” [7, с. 7].

Скрыпкі Браніслава Круглага – матэрыяльная спадчына Лідчыны і беларускай зямлі. А добрыя справы і светлае імя майстра заўсёды будуць жыць у памяці ўдзячных землякоў.

Калекцыя скрыпак майстра Браніслава Круглага.

Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай работы Пятрушчык Рэнаты Мечыславаўны і

Лабко Веранікі Валер’еўны, вучаніц 11-га класа Дзітвянскай сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, “Браніслаў Круглы – майстар скрыпак, музыкант і калекцыянер, або лідскі Страдзівары ХХ стагоддзя” (Рэспубліканскі конкурс навукова-даследчых і творчых работ “Тут родныя трымаюць карані”, намінацыя “З гісторыі майго роду” (2018), кіраўнік – Стасюлевіч Ірына Віктараўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Літаратура

  1. Беларускія народныя музычныя інструменты: энцыклапедычны даведнік / уклад.: Т.І. Стружэцкі; В.В. Давідовіч. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2016. – 224 с.: каляр.іл. +CD
  2. Вашкевіч, Т. Беларускае скрыпічнае мастацтва вуснай традыцыі ў культурнай прасторы Гродзеншчыны ў ХІХ – ХХ стст. / Т. Вашкевіч //Роднае слова. – 2013. – № 5. – С.90 – 93.
  3. Іваноўскі, В. Скрыпкі дзядзькі Браніслава / В. Іваноўскі // Звязда. – 1982. – 28 сак. – С. 5.
  4. Назина, И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные / И.Д. Назина. – Минск: Наука и техника, 1982. – 120 с.
  5. Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал.: В.Г. Баранаў і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск: Беларусь, 2004. – 566 с.
  6. Рылко, М.А. Дубчанская скрыпка / М.А. Рылко // Гродзенская праўда. – 1986. – 19 крас. – С. 7.
  7. Стэльмак, М. Не дае спакою тайна / М. Стэльмак // Голас Радзімы. – 1985. – 5 сн. – С. 7 – 8.