Тэма каронавіруса надзвычай актуальная ў сучасным свеце, а таму знаходзіцца “на вастрыі пяра” шматлікіх журналістаў. Але тут хацелася б прапанаваць асэнсаванне гэтай тэмы праз зварот да духоўнай спадчыны нашага народа, да яго гісторыі. Заўсёды наш чалавек клапаціўся найперш пра стан душы, пра тое, каб берагчы “гонар змоладу”, думаючы пра маральныя адвечныя прынцыпы жыцця, пра выратаванне сваёй душы і бліжніх. У цяперашні час, на жаль, даводзіцца прызнаць, што ў клопатах многіх людзей на першым месцы асабістыя матэрыяльныя выгоды, атрыманне як мага больш асалоды, уладкаванне асабістага і сямейнага жыцця насуперак духоўным і маральным законам папярэдніх пакаленняў.
Цяперашняя пандэмія – выклік усяму чалавецтву, грозны знак аб тым, што мы неразумна пакінулі прытулак Гасподняга дома і праз гэта падвергліся небяспекам, смутку, хваробам і інш.
Навукоўцы, медыкі, палітолагі імкнуцца вылічыць і спрагназаваць сітуацыю на будучыню: калі мы зможам вярнуцца да нармальнага “ранейшага” жыцця. З духоўнага пункту гледжання можна адказаць: тады, калі людзі ў душы сваёй глыбока ўсвядомяць свае асабістыя грахі і рашуча паспрабуюць выправіцца. Пры вялікім горы і бедах на Белай Русі гэта было заўсёды дакладным і нязменным сродкам. Будзе не зусім правільна старацца пераадолець пандэмію толькі з дапамогай медыцынскіх сродкаў і намаганнямі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый. Паралельна, і нават перш за ўсё, будзем шукаць пераадолення віруса граху ў нашых душах і ў грамадстве.
На завяршэнне – дзіўны прыклад для навучання і настаўлення на розум сучаснага чалавека. 24 красавіка 2020 года праваслаўныя вернікі здзейснілі штогадовы хрэсны ход з г. Магілёва да цудатворнага абраза Божай Маці “Бялыніцкая” ў г. Бялынічы Магілёўскай вобласці. Да хрэснага ходу далучыўся бусел, які ішоў з вернікамі на працягу ўсяго шляху да горада прыкладна 15 км. Машына ДАІ, якая суправаджала паломнікаў, некалькі разоў затрымлівала рух транспарту на дарозе, каб машыны выпадкова не збілі “крылатага падзвіжніка”. Падчас прыпынкаў, калі людзі маліліся, утварыўшы кола каля абраза, ён заходзіў у цэнтр кола і стаяў побач з абразом, нікога не баючыся. А пасля гэтага працягваў свой Хрэсны ход разам з усімі.
Бусел – сімвал Беларусі, і тое, што гэтая птушка здзейсніла 4-х гадзінны “хрэсны ход” з людзьмі, тое, як яна суправаджала абраз Божай Маці, з’яўляецца дзіўным указаннем нам на неабходнасць шукаць дапамогі і абароны ў Царыцы неба і зямлі, у пакорлівай, поўнай глыбокай пашаны малітве да Яе, у бясстрашным шэсці па шляху выратавання.
Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі.