“Шлях, поўны смутку і подзвігаў”: свяшчэннапакутнік Гаўрыіл, архіепіскап Магілёўскі, Разанскі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

17 красавіка 1785 года ў сяле Гарадковічы Спаскага павета Разанскай губерні ў сям’і дзяка Іаана Якаўлевіча і Еўдакіі Піліпаўны нарадзіўся хлопчык. Пры хрышчэнні яго назвалі Георгіем.

Сям’я была шматдзетнай: пяць сыноў і пяць дачок. Георгій быў другім сынам. Бацькі хлопчыка жылі ў беднасці, былі пакорлівыя і набожныя.

У дзяцінстве Георгій часта хварэў, але ніколі не сумаваў. З маленства ён дапамагаў бацьку ў храме, а таксама па гаспадарцы і ў полі. Так жылі і выхоўваліся ўсе дзеці – і сялянскія, і дзеці царкоўных служыцеляў. Праца гартавала здароўе, і ён рос і дужэў. У фізічна слабым целе хлопчыка ўзгаралася найвялікшае ў свеце – хрысціянская Любоў і Вера. Выхоўваліся дабрыня і міласэрнасць, тонкая назіральнасць, воля і працавітасць.

Вялікі ўплыў на выхаванне Георгія аказала сям’я. Пазней ён з вялікай цеплынёй і любоўю раскажа пра сваю вялікую сям’ю і, у прыватнасці, пра свайго бацьку, у якога было нялёгкае жыццё, поўнае клопатаў і нават небяспек.

У сваёй аўтабіяграфіі Георгій (пазней архіепіскап Гаўрыіл) напіша: “Бацька мой не вучыўся ў школах семінарскіх, але вучыўся ў школе Хрыстовай – дабравер’ю і набожнасці, за якую ад Праасвяшчэннага Сымона, архіепіскапа Разанскага, пасвечаны ў святара таго ж сяла Гарадковічы, да царквы Успення Прасвятой Багародзіцы”.

Бацькам будучага свяшчэннапакутніка прыйшлося зведаць шмат жорсткіх ганенняў з боку пазбаўленага сану святара Рыгора Іванова. “Жыццё іх, – піша ўладыка ў сваіх запісках, – у трохгадовы перыяд разбойніцтва сына гэтага былога святара Марка (у прастамоўі Марука) з 1795 года было самым гаротным і ў пастаянным страху”.

Георгій вучыўся ў Разанскай духоўнай семінарыі, дзе выкладаліся багаслоўе, рыторыка, філасофія, піітыка, славянарасійская і лацінская граматыкі, французская, грэчаская, нямецкая, яўрэйская мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, жывапіс і архітэктура.

Вучыўся Георгій старанна. Прыязджаючы на канікулы ў родную хату, з задавальненнем гуляў з дзецьмі, дапамагаў сваім родным на сядзібе.

Разанская духоўная семінарыя.

Георгій Гарадкоўскі (па назве вёскі, адкуль ён быў родам) скончыў Разанскую духоўную семінарыю ў 1808 годзе. Перад заканчэннем курса Георгій атрымаў месца святара пры Касімаўскім Узнясенскім саборы. З усіх павятовых гарадоў Разанскай губерні Касімаў быў у той час, напэўна, самым прывабным.

У Касімаве Георгій пазнаёміўся з протаіерэем Палікарпам Кіструскім і яго сям’ёй. Вядома, што айцец Палікарп прапанаваў Георгію ў жонкі адну са сваіх дачок, хутчэй за ўсё, старэйшую – Ганну. Абставіны, здавалася, былі спрыяльнымі, і паміж маладымі ўсё было дамоўлена, чаму радаваўся і бацька Георгія, які быў у той час святаром. Але ў 1809 годзе яму і яшчэ чатыром навучэнцам як лепшым выхаванцам трэба было адправіцца ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію для далейшай вучобы. І пакуль Георгій вучыўся ў акадэміі, яго нявеста, па волі бацькі, выйшла замуж за другога.

Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія.

Пры паступленні ў акадэмію з дазволу семінарскага праўлення Георгій змяніў прозвішча на Пабеданосцаў, аднак к канцу акадэмічнай вучобы стаў называцца Гарадковым.

Праз шэсць гадоў адбыўся першы акадэмічны выпуск. Георгій атрымаў ступень магістра багаслоўя і 24 жніўня 1814 года быў прызначаны прафесарам у Разанскую духоўную семінарыю. Пакорлівы і рэлігійна настроены, ён жыў сапраўдным пустэльнікам і, не будучы манахам, вёў строгае манаскае жыццё. Жадаючы паслужыць Госпаду ў манаскім чыне, Георгій 1 чэрвеня 1815 года падаў прашэнне для пострыгу.

Указ на дазвол правесці пострыг Георгія Гарадкова ў манаства архімандрыт Іеранім атрымаў 9 кастрычніка 1815 года. І неўзабаве ў кансісторыю быў пададзены рапарт: “У сілу дасланага мне з гэтай кансісторыі кастрычніка 9-га дня ўказу, прафесар багаслоўя Георгій Гарадкоў мною пры браціі і старонніх 10 кастрычніка людзях у манаства пастрыжаны з нарачэннем яму імя Гаўрыіл. Аб гэтым духоўнай кансісторыі з вялікай павагай і рапартую 1815 года кастрычніка 13 дня. Рэктар архімандрыт Іеранім”.

Праз некаторы час будучага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла прызначылі настаяцелем Свята-Траецкага манастыра. Траецкі манастыр быў спрыяльным месцам для тых, хто шукаў адзіноты. У манастыры ігумен Гаўрыіл увесь час працаваў, працягваючы старанна займацца навукамі.

27 лютага 1816 года будучы свяшчэннапакутнік Гаўрыіл быў узведзены ў сан архімандрыта. Праз год стаў інспектарам Разанскай духоўнай семінарыі, а 22 жніўня 1817 года яго прызначылі рэктарам Арлоўскай духоўнай семінарыі  з кіраваннем Арлоўскім Успенскім манастыром.

Арлоўская духоўная семінарыя.

У красавіку наступнага года архімандрыт Гаўрыіл пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Цягам дзесяці гадоў, да 1828 года, ён займаў пасаду рэктара Ніжагародскай семінарыі. Пры гэтым спачатку яму была дадзена ў кіраванне Макар’еўская Жаўтаводская абіцель, а 21 жніўня 1821 года – першакласны Ніжагародскі Пячэрскі манастыр.

 

У 1826 годзе архімандрыт Гаўрыіл прадстаўляў ніжагародскае духавенства на каранацыі Імператара Мікалая I.

Пячэрскі манастыр.

Свяцейшы Сінод “да выдатнае служэнне і выдатную працу” выхадайнічаў яму “ўсяміласцівейшае ўзнагароджанне” ордэнам Святой Ганны II ступені.

У маі 1828 года ў Казанскім саборы Санкт-Пецярбурга архімандрыт Гаўрыіл быў узведзены ў сан епіскапа і накіраваны ў Калужска-Бароўскую епархію.

За кароткі час служэння на Калужскай кафедры адукаваны і актыўны, дабрадушны і просты архіпастыр сваімі працамі і малітвамі заслужыў ад вернікаў шчырую павагу.

1 студзеня 1832 года Імператар Мікалай I “за руплівае кіраванне епархіяй” загадаў узнагародзіць уладыку Гаўрыіла ордэнам Святой Ганны I ступені.  

Асобны перыяд жыцця ўладыкі Гаўрыіла звязаны з Магілёвам.

Свяцейшы Сінод, ведаючы пра высокае духоўнае жыццё Калужскага ўладыкі, вырашыў, што толькі такі архіпастыр, які “адрозніваецца адукаванасцю, дзейнасцю і пакорлівасцю”, можа справіцца з вялікай задачай – вяртаннем уніятаў Магілёўскай губерні ва ўлонне праваслаўя – і паведаміў яму пра перавод на Магілёўскую кафедру.

З 26 жніўня 1831 года Праасвяшчэнны Гаўрыіл кіраваў Магілёўскай епархіяй, а з 1 студзеня 1834 года – у сане архіепіскапа.

Свяшчэннапакутнік Гаўрыіл (Гарадкоў), архіепіскап.

Уклад свяшчэннапакутніка Гаўрыіла ў царкоўнае, духоўнае жыццё праваслаўных вельмі значны. У 1832 годзе яго намаганнямі праваслаўным быў перададзены полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр.

 

Архіепіскапам Гаўрыілам распрацавана Палажэнне аб доме прытулку (адкрыты паблізу Магілёва каля 1838 года) для ўдоў і сірот духоўнага звання. Складзена праграма мерапрыемстваў па ўніяцкім пытанні. Не адхіляў ён і прыватнае далучэнне ўніятаў да Праваслаўнай Царквы, але паступова рыхтаваў грунт для ўсеагульнага ўз’яднання. З павагі да ўладыкі многія ўніяты і каталікі перайшлі да праваслаўя. Да жыхароў Магілёва ўладыка Гаўрыіл адносіўся ўважліва і проста, не журыў, не папракаў. “Папракаць – значыць раздражняць, – гаварыў ён, – а раздражняць – значыць змяншаць здольнасць да ўспрымання ісціны”.

Полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр.

Сама знешнасць архіепіскапа Гаўрыіла – “гожы твар з вялікімі блакітнымі вачыма, хударлявасць, ціхая хада” – прыцягвала ўвагу кожнага. З асаблівай ласкай ставіўся ўладыка Гаўрыіл да дзяцей.

4 красавіка 1836 года Імператар Мікалай І у пацверджанне “манаршага свайго стаўлення да дбайнага служэння і апякунства Праасвяшчэннага Гаўрыіла пра зацвярджэнне і распаўсюджванне ў кіруемай ім епархіі ісціннай набожнасці” ўзнагароджвае яго знакамі ордэна Святой Ганны I ступені, упрыгожанымі імператарскай каронай.

Свяцейшы Сінод пасля пяцігадовага служэння ўладыкі Гаўрыіла ў Магілёве меркаваў прызначыць яго экзархам Грузіі. Але, прымаючы да ўвагі слабае здароўе, яго перавялі на Разанскую кафедру.

З нагоды ад’езду Праасвяшчэннага Гаўрыіла магіляўчане звярнуліся да яго з пасланнем, у якім выказалі свае пачуцці: “Ты пасяліў у нас, літасцівы архіпастыр і айцец, бязмежную пакору волі Усявышняга Промыслу. Пры расставанні з табою слёзы нашы служаць сведчаннем нягоды нашай, але не наракання”. Нават іудзеі выказвалі пачуццё сваёй любові да ўладыкі, параўноўваючы яго з сонцам.

Праводзілі магіляўчане любімага ўладыку з вялікім шкадаванем, а разанцы сустракалі яго з вялікай радасцю. Ён і сам быў рады гэтаму пераводу.

21 ліпеня 1837 года Праасвяшчэнны Гаўрыіл зноў ступіў на Разанскую зямлю. Народ і гарадское духавенства з крыжам, харугвамі і святымі іконамі сустракалі яго на Саборнай плошчы перад Ільінскай царквой. Кафедральны протаіерэй уручыў яму архіпастырскае жазло мітрапаліта Стэфана Яворскага. На гэтай богаабранай зямлі наканавана было свяшчэннапакутніку Гаўрыілу прайсці шлях, поўны смутку і подзвігаў, і заззяць у пасмяротнасці.

17 чэрвеня 1837 года ў Разані здарыўся вялікі пажар, які знішчыў шматлікія драўляныя пабудовы. Згарэлі кварталы паміж Саборнай – Паштовай – Мясніцкай (сучаснай Горкага) – Хлебнай (сучаснай Маякоўскага) вуліцамі.

З цягам часу ўсё было адноўлена: пабудаваны артылерыйскія казармы (цяпер будынак шпіталя на Першамайскім праспекце), новыя цэрквы. Некаторыя храмы адрамантавалі і ўпрыгожылі, набылі новыя купалы, ад 100 да 500 пудоў у кожным, пачалося ўзвядзенне каменных будынкаў.

У 1840 годзе ў Разанскай губерні быў страшны голад. Хлеб сяляне пяклі напалову з мякінай, карой дрэў. Праасвяшчэнны Гаўрыіл схаваў на памяць два кавалачкі такога хлеба. Пазней, пасля яго смерці, сярод дробных рэчаў у невялікай скрынцы быў знойдзены скрутак з уласнаручным надпісам уладыкі: “Хлеб, які ўжываўся ў памятным 1840 годзе”. Два кавалачкі хлеба. Адзін – чорна-бурага, а другі – чырвона-жаўтлявага колеру. Яны былі падобныя на рыхлыя кавалкі торфу.

Пры архіерэйскім доме пачалі раздаваць міласціну хлебам і грашыма. Пачаў добрую справу сам Праасвяшчэнны Гаўрыіл. Уладыка звярнуў увагу на ўдоў і сірот духоўнага саслоўя, загадаўшы падвоіць ім грашовую дапамогу. Не забыў ён і святароў, асабліва шматдзетных, даручыўшы кансісторыі выдаць ім неабходную колькасць грошай з царкоўных сум з вяртаннем на працягу трох гадоў.

Імператару Мікалаю I сталі вядомы справы Праасвяшчэннага Гаўрыіла, і яго ўзнагародзілі ордэнам Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені.      

І раптам – новыя выпрабаванні: два з паловай месяцы ў 1848 годзе ў губерні лютавала халера.

Асабліва цяжка было ў ліпені. Многія разанцы, баючыся смерці, спяшаліся ў капліцу да цудатворнай іконы Прачыстай. З верай у міласэрнасць Божай Маці, з малебным спевам насілі ікону па хатах. Ва ўсіх дамах, дзе пабывала ікона, за выключэннем двух, ніхто ад халеры не памёр.

За асаблівы клопат пра паству і бясстрашнасць падчас эпідэміі архіепіскап Гаўрыіл быў вылучаны да адной з найвышэйшых узнагарод імперыі – ордэна Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Вынікі халеры былі жудасныя. Яна забрала жыццё 155 чалавек толькі святароў епархіі. Асабліва ўразіла ўладыку Гаўрыіла беспрытульнасць дзяцей з духоўнага саслоўя, якія засталіся сіротамі пасля смерці бацькоў.

Праасвяшчэннаму Гаўрыілу было ўжо 65 гадоў, калі ён арганізаваў вучылішча для дзяўчынак-сірот на 90 месцаў, выбраўшы для яго месца ў Архіерэйскай Слабодцы. Ён ахвяраваў 1 тысячу рублёў і стварыў недатыкальны фонд для ўтрымання выхаванак.

 “Яны – сіроткі, – казаў ён, – іх няма каму пашкадаваць, бацькі і маці няма. Хто з нас не памятае дзіцячага свайго ўзросту? Дзеці любяць ласкавае з імі абыходжанне; ласкавасць змякчае сэрцы і загрубелыя!” Сіроты таксама шчыра яго любілі, паміж сабою называлі бацькам.

Праасвяшчэнны Гаўрыіл часта наведваў сірот і кожнае свята дасылаў дзецям падарункі. А на Раство Хрыстова і Вялікдзень з падарункамі кожнай выхаванцы пасылаў яшчэ і грошы на гасцінцы. Кнігі для бібліятэкі таксама набываліся на яго ўласныя сродкі.

Пра вучаніц уладыка Гаўрыіл клапаціўся пастаянна. Штогод на Вялікдзень адпраўляў сваю карэту па дзяцей, каб прывезці іх у Крыжовую царкву, а на другі дзень Вялікадня прымаў малых выхаванцаў у сваіх пакоях: благаслаўляў, вёў гутарку, частаваў, падтрымліваў добрай парадай. Усё, што прыносілі яму людзі – варэнне, мёд, яблыкі, – адсылаў “сваім сіроткам”.

У Разані свяшчэннапакутнік Гаўрыіл арганізаваў царкоўна-гістарычны камітэт, сабраў і перадаў у Вольгаў Успенскі манастыр вялікую бібліятэку старажытных рукапісаў.

Успенскі Вольгаў манастыр (раней Льгоўскі манастыр), былы манастыр Разанскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы, які размяшчаўся ў сяле Льгова (раней – горадзе Льгоў) Разанскага раёна, на беразе Акі, на мяжы Мяшчэрскага краю, – адзін са старэйшых рускіх манастыроў, заснаваны да татара-мангольскага нашэсця.

Вольгаў Успенскі манастыр.

Па просьбе губернатара свяшчэннапакутнік Гаўрыіл сабраў звесткі пра разанскія храмы і манастыры. Благаславіў пабудаваць капліцу на гарадзішчы Старая Разань, на месцы выяўленага падмурка аднаго з храмаў з праведнымі астанкамі разанскіх князёў і княгінь, якія загінулі ў 1237 годзе падчас нашэсця хана Батыя. У 1849 годзе ўпрыгожыў магільны склеп разанскіх архіерэяў у Архангельскім саборы Разанскага крамля ківотам з касцяным крыжам.

Разанскі крэмль.

26 жніўня 1856 года ў час мірапамазання на царства Імператара Аляксандра II уладыка Гаўрыіл быў выкліканы ў Маскву. За “працяглае і стараннае пастырскае служэнне Праасвяшчэннага Гаўрыіла ў паслядоўна даручаных паствах” імператар узнагародзіў яго алмазнымі знакамі ордэна Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

15 жніўня 1857 года, на прастольнае свята Успення Маці Божай, Праасвяшчэнны Гаўрыіл здзейсніў першую службу ў адноўленым Успенскім кафедральным саборы.

Свяшчэннапакутнік Гаўрыіл прасіў дазволу пайсці на пакой у Разанскі заштатны Вольгаў манастыр з правам кіравання ім, але без права карыстацца даходамі і іншымі выгодамі ад яго.

Выхад уладыкі на пакой быў выкліканы недарэчным выпадкам. 22 кастрычніка 1857 года Праасвяшчэнны Гаўрыіл наведаў Казанскі дзявочы манастыр. У ігуменскіх пакоях Разанскага Яўленскага дзявочага манастыра падчас трапезы ў настаяцельніцы манастыра ў святліцу ўвайшоў невядомы чалавек.

Казанскі Яўленскі жаночы манастыр. 2015 год. Фота Андрэя Міронава.

Чалавек накіраваўся ў бок уладыкі, як бы за благаславеннем. Праасвяшчэнны Гаўрыіл сам устаў насустрач яму. Як толькі ўладыка хацеў благаславіць незнаёмца, той моцна ўдарыў свяціцеля па галаве, так што той упаў на падлогу. Гэтым “незнаёмцам” быў хворы на галаву іерадыякан Неўскай лаўры Варлаам. Архіерэй, атрымаўшы нечаканы ўдар, ціха і пакорліва сказаў яму: “Што ты, Бог з табою”.

5 чэрвеня 1858 года Праасвяшчэнны Гаўрыіл атрымаў указ на звальненне з гадавым пенсійным акладам у дзве тысячы рублёў срэбрам і знаходжанні ў Вольгавым манастыры з правам ім кіраваць.

Свяшчэннапакутнік Гаўрыіл пасяліўся ў Разанскім манастыры, каб праводзіць час у малітвах і справах дабрачыннасці.

Архіпастыр пакінуў Разань, але жыхары горада, як і ўсе вернікі, душою не разлучаліся з ім. Любоў да яго, павага, жаданне зноў убачыцца вабілі іх у мясціну яго ціхай адзіноты. Штодня наведваўся яго сціплы прыстанак разанцамі, асабліва ў нядзельныя і святочныя дні. Наведвалі яго і дваране, якія жылі па суседстве, асобы духоўнага звання, асабліва протаіерэі і благачынныя, якія прыязджалі ў Разань па сваіх справах.

Знаходжанне ўладыкі Гаўрыіла ў Вольгавым манастыры прыцягвала мноства багамольцаў з усёй Расіі. Усім вельмі хацелася ўбачыць архіпастыра і прыняць ад яго благаславенне. Прымаў ён наведвальнікаў ветліва і з вялікай любоўю. А яшчэ ён атрымліваў шмат лістоў і на ўсе стараўся адказваць.

Уладыку Гаўрыіла ў Вольгавым манастыры наведаў і яго пераемнік, архіепіскап Смарагд. Праасвяшчэнны Гаўрыіл сустрэў яго з найвялікшай пашанай, стоячы на каленях.

Пры свяшчэннапакутніку Гаўрыілу манастыр быў абнесены каменнай агароджай, пабудаваны драўляныя келлі, да алтара Траецкай царквы прыбудавана каменная рызніца. Ён хацеў набыць для манастыра звон, бо самы вялікі наўрад ці важыў 30 пудоў.

Дзякуючы стараннай дапамозе разанцаў у тым жа годзе манастырскую званіцу ўпрыгожыў звон вагой каля 120 пудоў, тады як уладыка Гаўрыіл разлічваў на набыццё толькі 60-ці пудовага.

Акрамя таго, людзі, якія любілі яго і наведвалі, сталі перадаваць у дар манастыру розныя каштоўныя царкоўныя рэчы. Хутка пустынная мясціна, якая раней мала кім наведвалася, стала квітнець і ўзнікла патрэба пабудаваць для наведвальнікаў гасцініцу.

Свяшчэннапакутнік Гаўрыіл уважліва ставіўся да кожнага чалавека, які звяртаўся да яго са сваімі бедамі і патрэбамі. Шмат якія збяднелыя сямейныя адстаўныя службоўцы прыходзілі да яго з Разані, і ён, выслухаўшы іх, ніколі не адмаўляў у дапамозе.

Уладыка Гаўрыіл любіў займацца садаводствам. Ён сам абразаў дрэвы, прывіваў іх, абкопваў, расчышчаў дарожкі і ўскопваў градкі, наколькі дазваляла яму здароўе і сілы, насіў па начах дровы ў сваю келлю, а летам мог спусціцца з гары, каб зачарпнуць рачной вады…

Між тым, у гадзіны вольнага часу ад малітоўных і цялесных прац, займаўся навуковымі пошукамі. Ён перагледзеў і выправіў 4 прамовы і 46 павучанняў, сказаных ім у розны час і ў розных месцах, злучыў іх у адзін том і ў 1860 годзе надрукаваў яго ў Маскве.

Праасвяшчэнны Гаўрыіл любіў паэзію, цікавіўся навукай, археалогіяй, старажытнымі архівамі. Ён актыўна вёў перапіску з многімі святарамі і іншымі сваімі пастаяннымі карэспандэнтамі.

Неўзабаве здароўе свяшчэннапакутніка Гаўрыіла пагоршылася. З 1861 года ён ужо з цяжкасцю мог выходзіць і, прадчуваючы блізкасць смерці, даручыў зрабіць для яго труну. Падрыхтаваў ён таксама і ўвесь архіерэйскі ўбор з шаўковай тканіны цёмна-карычневага колеру, а таксама крыж, Евангелле, мітру і панагію. Прычасціўся. Сам абраў і месца пахавання, загадаўшы працоўным выкапаць магілу каля правага кліраса паўднёвага прыдзела Траецкага храма і абкласці склеп цэглай.

У пачатку 1862 года 77-гадовы Праасвяшчэнны Гаўрыіл ужо не падымаўся з ложка. У дзень свайго ангела, 26 сакавіка, адправіў кялейніка ў Разань, загадаў яму прасіць да сябе на апошняе развітанне архімандрыта Траецкага манастыра Афанасія (Перапёлкіна) і аднаго са сваіх душапрыказчыкаў – святара С.Р.

Рака з мошчамі свяшчэннапакутніка Гаўрыіла ў храме Нараджэння Хрыстовага ў Разані. 2004 год.

7 красавіка 1862 года свяшчэннапакутнік Гаўрыіл адышоў да Госпада. Пахаванне адбылося ў Архангельскім саборы Разанскага крамля. У 1999 годзе кананізаваны як мясцоваўшанаваны святы Разанскай епархіі. Былі складзены жыціе свяціцеля і акафіст яму. У 2000 годзе здабыты мошчы святога Гаўрыіла і перанесены ў Свята-Троіцкі манастыр Разані.

У 2002 годзе свяшчэннапакутнік Гаўрыіл далучаны да ліку Сабора Беларускіх святых.

Дзень памяці: 20 красавіка (7 красавіка па старому стылю).

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: