Шлях служэння Хрысту: гісторыя лёсу свяшчэннапакутніка Кіпрыяна Клімуца

Святую веру продкаў,

свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Кіпрыян Іванавіч Клімуц нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Альхова Гудзевіцкай воласці Гродзенскага павета (цяпер вёска Альхова Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). Бацька хлопчыка, Іван Пятровіч, працаваў кандуктарам на чыгунцы. Маці, Варвара Георгіеўна, вяла хатнюю гаспадарку і ў веры і набожнасці гадавала дзяцей. Сям’я была вялікая – тры дачкі і тры сыны, старэйшы з якіх быў Кіпрыян.

Бацькі марылі даць сыну адукацыю ў Варшаўскай духоўнай семінарыі. Думка пра тое, што сын калі-небудзь стане святаром, сагравала іх сэрцы.

Кіпрыян паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Але пачалася Першая сусветная вайна (1914–1918), і сям’я вымушана была эвакуіравацца ўглыб Расіі. Курс семінарскіх навук Кіпрыян заканчваў ужо ў Саратаўскай духоўнай семінарыі.

Аднак перш чым Кіпрыян стаў на шлях служэння Хрысту, яму прыйшлося ў жыцці зведаць некаторыя памылкі.

Час быў няпросты. Пад уплывам бальшавіцкіх лозунгаў многія чакалі прыходу савецкай улады і верылі ў светлую будучыню. Партыя бальшавікоў абяцала без выплат перадаць працоўнаму сялянству зямлю памешчыкаў, а фабрыкі і заводы – рабочым, працоўны дзень зрабіць васьмігадзінным. Вельмі многія спадзяваліся на гэта.

Многія людзі захапляліся рэвалюцыйнымі ідэямі і абяцаннямі, паддаваліся на агітацыю, папаўняючы шэрагі змагароў за “светлую будучыню”. Не стаў выключэннем і Кіпрыян Клімуц. Новыя павевы спачатку захапілі і яго.       

У чэрвені-кастрычніку 1917 года Кіпрыян прайшоў курс паскоранага навучання ў Маскоўскім Аляксандраўскім пяхотным вучылішчы і некалькі месяцаў служыў прапаршчыкам у арміі Часовага ўрада ў г. Саратаве.

У сакавіку 1918 года, пасля роспуску арміі Керанскага, Кіпрыян з’ехаў у г. Балагое Петраградскай губерні (цяпер г. Балагое Цвярской вобласці) да бацькі. Маці да таго часу ўжо не было ў жывых.

Там у перыяд з сакавіка 1918 года да ліпеня 1919 года Кіпрыян служыў у Балагоеўскім асобным атрадзе рабоча-сялянскай Чырвонай арміі камандзірам роты, пасля – начальнікам гаспадарчай часткі, справаводам у агітацыйна-асветніцкім аддзеле Балагоеўскага павятовага ваеннага камісарыята.

Аднак у душы Кіпрыяна спакою не было. Ён вырашае пакінуць Балагое і ў ліпені 1919 года быў ужо ў Татарстане. Лёс прывёў Кіпрыяна ў горад Бугульм, дзе ён пражыў да ліпеня 1921 года.

У Бугульме Кіпрыян Клімуц працаваў справаводам, а затым памочнікам начальніка чыгуначнай міліцыі па канцылярскай справе. Тут ён ажаніўся з Аленай Іосіфаўнай. У іх нарадзілася дзве дачкі, Алена і Ірына.

Малавопытны ў пытаннях палітыкі, Кіпрыян паддаўся павевам часу, абяцанням “свабоды, роўнасці і братэрства” і стаў, як і многія тады, ахвярай рэвалюцыйнай прапаганды.

У сувязі з хваробай жонкі і рээвакуацыяй бежанцаў з Заходняй Беларусі, у ліпені 1921 года сям’я Клімуц перасяляецца на Гродзеншчыну, землі якой уваходзілі ў тыя часы ў склад Польшчы. Тады ж адбываецца канчатковы разрыў Кіпрыяна з ідэямі бальшавізму.

Кіпрыян зноў цалкам вяртаецца да ўсведамлення існавання адзінай справядлівай праўды ў гэтым свеце – Евангельскага вучэння Хрыста Збавіцеля. У тым жа 1921 годзе, пасля зменаў, што адбыліся ў знешнім і ўнутраным жыцці, архіепіскапам Гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) Кіпрыян быў пасвечаны ў сан святара, свядома ўступіўшы на шлях служэння Царкве Хрыстовай напярэдадні цяжкага для яе перыяду ганенняў і выпрабаванняў.

З 1923 па 1929 гады іерэй Кіпрыян служыў на розных прыходах епархіі: у мястэчку Рось, вёсцы Старое Ляўкова, вёсцы Самуйлавічы Ваўкавыскага павета, вёсцы Явар Слонімскага павета. А са студзеня 1930 года – на прыходзе храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Ятра Пачапаўскай воласці Навагрудскага павета (цяпер вёска Ятра Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці).

Па благаславенні епіскапа Гродзенскага Антонія (Марценкі) у верасні 1934 года на Ятранскім прыходзе было заснавана Ятранскае народнае брацтва з мэтай унутранай і знешняй абароны ад ворагаў Праваслаўнай Царквы. Святар Кіпрыян быў абраны яго старшынёй.

У сваіх пропаведзях і гутарках святар Кіпрыян адкрыта гаварыў пра памылкі матэрыялізму і атэізму, заклікаў трымацца праваслаўнай веры. Ідэя бязбожнасці, нібы эпідэмія, паражала людзей, і святар прыкладаў нямала намаганняў для ўмацавання ў іх выратавальнай веры ў Бога.

Усю сваю дзейнасць святар Кіпрыян накіраваў на выхаванне сваёй паствы ў духу праваслаўя. Вёў барацьбу з п’янствам, распустай, хуліганствам, брыдкаслоўем, бязбожнасцю, сектанцтвам і іншымі заганамі.

Мясцовыя актывісты падпольнай партыйнай суполкі, якія ніяк не маглі адвярнуць аднавяскоўцаў ад наведвання прыходскай царквы, самі хадзілі ў храм, каб, паслухаўшы змястоўныя пропаведзі іерэя Кіпрыяна, справакаваць затым які-небудзь канфлікт, напісаць на святара данос.

Над святаром навісла сур’ёзная небяспека. Але ён не пакінуў свайго прыхода і працягваў несці людзям святло веры Хрыстовай. Нямым дакорам сумлення айца Кіпрыяна станавіліся разбураныя храмы, скінутыя званы, бязбожжа, якое вельмі хутка распаўсюджвалася.

У верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная армія. Дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) арганізавалі сход партячэйкі. Іерэя Кіпрыяна абвінавачвалі ў правядзенні антысавецкай агітацыі, паклёпе на жыццё ў СССР, у службе ў атрадзе С.М. Булак-Балаховіча, у супрацоўніцтве з партыяй польскіх фашыстаў і з паліцыяй у мэтах барацьбы супраць камуністычнага руху і ў іншых надуманых злачынствах.

Пратакол абвінавачання ў адрас святара Кіпрыяна падпісалі ўсяго пяць жыхароў вёскі Ятра.

Айцец Кіпрыян быў арыштаваны органамі НКУС БССР 10 кастрычніка 1939 года. На допытах ён трымаўся мужна і з годнасцю. Ад сваіх рэлігійных перакананняў не адмовіўся і нікога з прыбліжаных не агаварыў. Вінаватым сябе не прызнаў.

Абвінавачанне супраць святара Кіпрыяна Клімуца.

4 верасня 1940 г. як “сацыяльна небяспечны элемент” айцец Кіпрыян быў асуджаны на восем гадоў выпраўленча-працоўных работ. Пакаранне адбываў у Каргапольскім лагеры Архангельскай вобласці.

 

 

Прысуд, вынесены айцу Кіпрыяну 4 верасня 1940 года.

Працавалі тут як і ў многіх лагерах ГУЛАГа. Вязні валілі лес, пілілі і ачышчалі дрэвы, а затым, падцягваючы бярвенні да чыгункі, грузілі іх на платформы. Холад, голад і катаржная праца канчаткова падарвалі здароўе святара. Спазнаўшы да дна неймаверныя пакуты, 9 верасня 1942 г. айцец Кіпрыян Клімуц адышоў да Госпада.

Праз амаль паўстагоддзя чалавечая справядлівасць у адносінах да пакутніка за веру і вызнаўца Хрыстовага іерэя Кіпрыяна была адноўлена: па заключэнні пракуратуры Гродзенскай вобласці ад 29 верасня 1989 года іерэй Кіпрыян Клімуц быў рэабілітаваны.

У чэрвені 2011 года рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы святар Кіпрыян Клімуц быў прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых Навагрудскай епархіі. 4 жніўня 2011 года адбыўся чын яго кананізацыі ў Міхайла-Архангельскім саборы г. Ліды Навагрудскай епархіі.

Зямное жыццё і пакутніцкая смерць айца Кіпрыяна сталі для праваслаўных прыкладам мужнасці і вышыні духу. Святар загінуў за веру, сведчанне Ісціны і спадобіўся ў Госпада неўвядальнага вянка славы.

Духоўная ніва, засеяная айцом Кіпрыянам, дала добрыя ўсходы: пазбавіўшыся ў вайну свайго храма, вернікі многія гады збіраліся ў прыходскім доме. Маліліся, чыталі акафісты, а ў 1987 годзе ў ім адрадзіўся храм у гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Цяперашні ятранскі храм уладкаваны ў былым прыходскім доме і нагадвае карабель. Царкву здаўна называюць караблём выратавання, і цяпер у ёй узносяцца малітвы да свяшчэннапакутніка Кіпрыяна пра выратаванне людскіх душ.

Храм у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ятра.

Свяшчэннапакутнік Кіпрыян – першы кананізаваны святы Навагрудскай епархіі за апошнія 500 гадоў – з часу праслаўлення святога прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.

Дні памяці:

Нядзеля 3-я пасля Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

9 верасня – у дзень скону свяшчэннапакутніка Кіпрыяна, прасвітара Ятранскага.

Нядзеля 28 кастрычніка ці бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў  і спавядальнікаў зямлі Беларускай.

У храме Раства Прасвятой Багародзіцы.
Памятная дошка ў гонар новапакутніка Кіпрыяна Клімуца.

“Восхвалим, вернии, священномученика Христова Киприана, добраго ревнителя веры православныя и земли нашея теплаго молитвенника, иже страданием небесе достиже и тамо молит Христа Бога спастися душам нашим”. (Кондак, глас 2.)

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: