Іван Янучок (стаіць другі справа) на ўборцы ўраджаю ячменю ў калгасе. Вёска Падліпцы. 11 жніўня 1947 г.

Сіла матулінай малітвы

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Іван Паўлавіч Янучок.

Сёлета мы адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі. Памяць пра тыя трагічныя старонкі айчыннай гісторыі жыве ў кожнай сям’і і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Як і кожная беларуская сям’я, наша таксама была апалена Вялікай Айчыннай вайною.

Наш бацька, Іван Паўлавіч Янучок, дваццацігадовым юнаком смела і мужна абараняў родную зямлю ад фашыстаў. Быў двойчы паранены… Сярод шматлікіх узнагарод і самая дарагая для воіна – медаль “За адвагу”. Таму Дзень Перамогі і Дзень вызвалення Беларусі – адны з самых шчымлівых святаў у нашай сям’і. Гэта для нас асаблівыя дні: наш бацька вярнуўся жывы з фронту. Кветкі пераможнага мая 1945 года сталі самымі яркімі ў яго жыцці.

21 чэрвеня 2020 г. Івану Паўлавічу споўнілася б 97…

Нізка схіляем галаву перад грамадзянскай мужнасцю баць­кі, сталай (нягледзячы на юначы ўзрост!) адвагай і гэтымі ўсхва­ляванымі радкамі яшчэ раз кланяемся яму і ўсім, хто змагаўся за вызваленне нашай зямлі, за магчымасць жыць і працаваць, гадаваць дзяцей і ўнукаў пад мірным небам роднай краіны.

…Нарадзіўся Іван Янучок у 1923 г. у вёсцы Сярагі Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Хата была старэнькая, таму бацькі купілі ў суседняй вёсцы зруб, перавезлі яго і заснавалі хутар паміж вёскамі Сярагі і Падліпцы. Недалёка, каля лесу, знаходзіўся пасёлак Манькова, у якім налічвалася дзевяць гаспадарак.

Так сталася, што нашага бацьку і яго малодшага брата Пятра матуля Арына Адамаўна Шахновіч выхоўвала адна. Старэйшы сын Іван імкнуўся да ведаў, марыў стаць настаўнікам. Маці аддавала апошняе, каб вывучыць сына. Кожны дзень звярталася ў малітвах да Бога, каб даў сілы падняць на ногі дзяцей і каб яны выраслі людзьмі.  

Вясной 1939 г. Іван закончыў 7 класаў Сяражскай няпоўнай сярэдняй школы, а восенню паспяхова здаў уступныя экзамены і паступіў у Слуцкае педвучылішча. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў закончыць два курсы. Як успамінаў бацька, вучоба давалася лёгка, хоць студэнты жылі бедна, галаднавата. Грошай не хапала на самае неабходнае. Стыпендыю атрымлівалі толькі выдатнікі, а іх налічвалася ў групе 2-3 чалавекі.

Слуцкая электрастанцыя працавала тады на торфе, таму нярэдка здараліся перабоі са святлом. Часта вечарамі ў інтэрнаце яго проста не было, а таму навучэнцы адчувалі цяжкасці ў падрыхтоўцы дамашніх заданняў. А вучыцца вельмі хацелася. І моладзь старалася, аднак планы перакрэсліла вялікае гора, што абрынулася на людзей.

…Вайна пачалася амаль у бацькаў дзень нараджэння. 21 чэрвеня 1941 г. яму споўнілася 18 гадоў. Хлопцаў 1923 года нараджэння ў 1941 г. не мабілізоўвалі ў рады Чырвонай арміі. Усе тры гады акупацыі Івану давялося жыць і працаваць у пасёлку Манькова на сельскай гаспадарцы, бачыць на свае вочы, як здзекаваліся фашысты з мірных жыхароў.

Праз некаторы час пачалі дзейнічаць партызанскія атрады, якія не давалі спакою фашысцкім акупантам ні днём, ні ноччу. Часта народныя мсціўцы наведвалі пасёлак Манькова і смела па некалькі чалавек начавалі ў кожнай хаце, перасушвалі вопратку, абутак. Жыхары невялічкага пасёлка іх кармілі

Арына Адамаўна Шахновіч, матуля салдата.
Арына Адамаўна Шахновіч, матуля салдата.

і апраналі, падвозілі пры неабходнасці ў іншыя населеныя пункты, якія размяшчаліся бліжэй да лесу. А днём часта заяўляліся ў пасёлак паліцаі ці немцы.

Жыхары Манькова па чарзе хадзілі ў слуцкую Свята-Міхайлаўскую царкву, каб памаліцца Богу і запаліць свечку, папрасіць анёла-ахоўніка, каб выратаваў маленькі лясны пасёлак. І праз дзясяткі гадоў бацьку было страшна пра гэта ўспамінаць. Ён часта здзіўляўся, як застаўся, ацалеў іх пасёлак Манькова, перажыў тыя цяжкія ваенныя гады, а мог бы стаць другой Хатынню…

Пад уплывам бацькавых успамінаў дачка, паэтэса Таіса Трафімава, напіша ў сваёй паэме “Вёска пад ліпамі” наступныя радкі:

Сведка Бог адзін таму,

Як жыў хутар у вайну,

Як не стаў другой Хатынню…

Ад расстрэлу, ад насілля

Партызаны ратавалі

Ды чужынцаў адганялі.

Яшчэ доўга люд здзіўляўся,

Як пасёлак жыць застаўся.

Жменька мужных жыхароў

(Колькі тых было двароў!) –

Па чарзе, хто тут застаўся,

На вайну хто не прызваўся,

Прабіраліся да Слуцка.

У царкву. Паставіць свечку.

За здароўе, за ўцаленне,

За жыццё, за вызваленне.

І прасілі ўсіх анёлаў,

Каб ахоўвалі Манькова.

Вось таму ён уцалеў,

Што пашану ў Бога меў.

Іван Паўлавіч часта прыгадваў той дзень, калі 30 чэрвеня 1944 г. Чырвоная армія вызваліла Слуцк. З вялікай радасцю, хваляваннем і слязьмі на вачах сустракалі жыхары Случчыны нашых байцоў і камандзіраў, абдымалі і цалавалі сваіх вызваліцеляў.

Стаяла гарачая летняя спёка. Вайсковыя падраздзяленні ўсімі дарогамі рухаліся па слуцкай зямлі на Захад. Байцы Чырвонай арміі, стомленыя, запыленыя, з перасохлымі вуснамі, стараліся хутчэй дайсці да калодзежа, каб напіцца халоднай вады. У кожнага на грудзях зіхацелі баявыя ўрадавыя ўзнагароды.

Бацька распавядаў, як аднойчы надвячоркам, калі ўжо вярнуліся каровы з пашы, з’явіліся вызваліцелі ў Манькове. Яны рухаліся прасёлачнай дарогай з Сяраг на Падліпцы. Многа салдат ішло пешшу, некаторыя ехалі на грузавіках. Спявалі ваенныя песні, смяяліся.

Бабуля Арына толькі што падаіла карову, увайшла ў хату, каб працадзіць малако. Раптам у хату заскочыла трое радавых. Бабуля прапанавала ім выпіць па кубачку сырадою. Двое салдат напіліся, а трэці не паспеў: трэба было тэрмінова рухацца наперад па ўказаным маршруце.

Малады лейтэнант заўважыў у бабуліным двары авечак (іх было чатыры). Ён папрасіў у бацькі дазволу ўзяць адну з іх на вячэру салдатам. Той прапанаваў любую з чатырох. Салдаты ж пакінулі ў двары маладую, вельмі змучаную паходам кабылу. Бацькаў брат Пятрок даглядаў яе, вадзіў на пашу, і праз некаторы час кабыла пайшла на папраўку. Пазней яе здалі ў калгас, яшчэ да бацькавага вяртання з фронту.

Пасля вызвалення Слуцка мужчын адпаведнага ўзросту, якія жылі на акупаванай ворагам тэрыторыі, прызвалі ў армію. 7 ліпеня 1944 г. усе мабілізаваныя з вёсак Сярагі, Падліпцы, пасёлка Манькова (у 1966 г. пасёлак рассялілі) павінны былі да 11 гадзін прыбыць на зборны пункт, што размяшчаўся ў вёсцы Старцавічы (цяпер вёска Знамя), якая знаходзілася за Падліпцамі. Акрамя бацькі з Манькова на фронт пайшло яшчэ шэсць чалавек: Іван Чыжэўскі, Ярафей Шахновіч, Андрэй Яўсеенка, Міхаіл Амб­ражэвіч, Васіль Пушкарэнка, Яўген Бараноўскі.

За ноч бабуля Арына пашыла сыну паходны мяшок, які да раніцы быў напоўнены няхітрым скарбам. Раніцай 7 ліпеня 1944 г. уся сям’я хвалявалася, збіраючы салдата ў дарогу. Маці надзела сыну на шыю бліскучы срэбны крыжык, пацалавала, заплакала, благаславіла, каб Бог збярог у паходзе і на фронце, каб жывым вярнуўся да сваёй сям’і.

Да драбніц запомнілася бацьку тое развітанне. Ён па­дзякаваў матулі за добрыя пажаданні і пацалаваў яе правую маршчыністую руку. Разам з фотакарткамі паклаў у запісную кніжачку маленькі абразок Мікалая Цудатворцы. (Гэты абразок, як і крыжык, які матуля надзела сыну, салдат збярог да канца вайны. Іван Янучок змог захаваць іх нават у час, калі яго, камсамольца, выклікаў прадстаўнік асобага аддзела і загадаў зняць і выкінуць, пагражаючы расправаю. Баец цвёрда сказаў: “Вы можаце мяне расстраляць. Я не здыму. Гэта матуліна благаславенне”. Невядома, чым бы ўсё скончылася, але пачалося наступленне. Больш таго “асабіста” салдат не бачыў…)

 Вопратка на прызыўніку была зусім старая, зацыраваная. Лепшае адзенне пакінуў свайму брату Пятру. Нарэшце ўся сям’я: бабуля, бацька, мама з васьмімесячнай дачкой Аленкай на руках і бацькаў брат Пятрок селі за стол снедаць.

Бацька расказваў нам, як бабуля Арына і наша мама Анюта яшчэ раз благаславілі будучага салдата, пажадалі яму шчаслівай дарогі і ўдачы на вайне. Крыху перакусілі, і бацька пачаў збірацца. Плакалі ўсе: мама, бабуля, бацькаў брат Пятрок…

Ганна Канстанцінаўна Янучок. 1939 г.
Ганна Канстанцінаўна Янучок. 1939 г.

Іван ускінуў на плечы рэчавы мяшок. Маці глянула яму ў вочы і са слязьмі сказала: “Дарагі мой сынок, выканай маю маленькую просьбу. Перахрысціся і пацалуй кожную ікону”. Іконы размяшчаліся ў старэнькай манькоўскай хаце на сцяне. Іх было пяць. Сын не стаў пярэчыць, выканаў матуліну просьбу.

Неўзабаве ўся сям’я выйшла на вуліцу. На руках бацька нёс дачку Аленку. Брат Пятрок вёз каляску. Мама і бабуля Арына ішлі побач. Трэба было праходзіць паўз дзедаву хату. І будучы салдат вырашыў усё ж зайсці да свайго бацькі, каб развітацца, хоць той ужо жыў у іншай сям’і. Яго бацька, наш дзед Павел, сказаў тады: “Сынок, калі ты будзеш паранены, няхай рана будзе несмяротнай”. Ніхто і не падумаў, што гэтыя дзедавы словы стануць прарочымі.

…На зборным пункце, праводзячы родных на фронт, плакалі ўсе: і падлеткі, і старыя. Людзі благаслаўлялі блізкіх, жадалі здароўя і салдацкага шчасця на вайне.

Праз некаторы час давялося развітацца з роднымі, бо прызыўнікоў хутка пастроілі і павялі ў Слуцк. Там размясцілі ў былым ваенным гарадку па вуліцы Валадарскага. Заснуць будучыя салдаты ў тую ноч не змаглі, бо нямецкія самалёты бамбілі горад.

Раніцай 8 ліпеня 1944 г. іх павялі са Слуцка ў кірунку Сіняўкі.

Ганна Янучок з дачкой Аленкай. Пасёлак Манькова. 1946 г.
Ганна Янучок з дачкой Аленкай. Пасёлак Манькова. 1946 г.

Бацька прыгадваў, што тады іх размясцілі непадалёк ад Сіняўкі, у лесе. Дарэчы, гэта былі родныя мясціны нашага дзеда Паўла, які родам з вёскі Туча, што недалёка ад Сіняўкі Клецкага раёна. Там прастаялі амаль тыдзень. Жылі ў шалашах. Трэба сказаць, што жанчыны, даведаўшыся, дзе спыніліся навабранцы, прыязджалі да іх, а некаторыя, каб пераведаць сваіх мужоў, увогуле дабіраліся пехатою.

Мы ведаем, што наша мама таксама наведала бацьку. У той трывожны ваенны час змагла яшчэ раз убачыцца з мужам перад адпраўкай на фронт, прывезла салдату самае неабходнае – бялізну, сыр, кавалак сала… Бацька гаварыў нам, што пра гэта ён памятаў усё сваё жыццё і быў вельмі ўдзячны маме за клопаты.

Потым ізноў рушылі ў дарогу. Ішлі салдаты доўга. Днём адпачывалі, лячылі на нагах крывавыя мазалі, а ноччу рухаліся, робячы невялікія прывалы. Як пасля аказалася, іх вялі на вызваленне польскай сталіцы Варшавы. Бацька добра памятаў падліпскіх хлопцаў, якія ішлі побач з ім: Уладзімір Долбік, Іван Кірута, Іван Барцэвіч, Сямён Дубовік, Павел Шуманскі, Аляксей Жук, Іван Ляткоўскі, Анатоль Ляткоўскі, Іван Пятровіч (мамін малодшы брат, якога доўгі час пасля вайны лічылі прапаўшым без вестак), Васіль Кітун, Пётр Канончык, Грыша Канончык, Грыша Жук, Васіль Пунчык, Уладзімір Ажэўскі, Леанід Янковіч, Міхаіл Янковіч, Мікалай Паўлейчык, Іван Янковіч, Мікалай Пятровіч са сваім бацькам і многія іншыя.

На шляху былі гарады: Бяроза, Кобрын, Жабінка, Сядлец, Макабоды, Янаў-Мазавецкі, Венграў, Лосіцэ.

Перад Іванавымі вачыма ўвесь час стаялі родныя. Успаміналася ўсё да драбніц: як яны прасілі пры развітанні, каб часта пісаў, паведамляў пра сваё здароўе. Як плакала маці і прыгаворвала: “Сыночак ты мой, каласочак ты наш дарагі, на каго нас пакідаеш, беражы цябе Бог у дарозе і на вайне, прынясі цябе, Божа, дадому, каб гадаваў сваю дачку Аленку. Пішы хоць тры-чатыры словы, каб толькі мы ведалі, што тваёй рукой напісана”. Як прасіў маці, каб дапамагала Анюце гадаваць дачку. Супакойваў, што ўсе разам яны дачакаюцца канца вайны. Абяцаў часта пісаць. Прасіў, каб жылі дружна і чакалі з фронту, своечасова адказвалі на салдацкія лісты…

У хвіліны цішыні бацька вёў франтавы дзённік, пісаў вершы, слаў дамоў весткі – салдацкія трохкутнічкі. У кожным з іх – подых гераічных дзён і начэй, калі здабывалася Перамога.

Некаторы час Іван Янучок знаходзіўся ў 197-м армейскім запасным стралковым палку, адкуль і трапіў на перадавую. Вая­ваў у складзе 52-га стралковага палка 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту, якім камандаваў генерал І. Д. Чарняхоўскі.

Далёка на захад часці іх злучэння не пайшлі. Ім давялося ўдзельнічаць у незвычайна жорсткіх баях ва Усходняй Прусіі. З баямі бралі гарады Інстэрбург (Чарняхоўск), Велау, Домнау. Тут яшчэ раз бацька ўбачыў, як разбіваюцца нямецкія танкі аб непахісную мужнасць савецкіх салдат. Перамогу сустрэў у горадзе Тапіау (Усходняя Прусія).

Гвардыі малодшы сяржант Іван Паўлавіч Янучок. Полацк. 1946 г.
Гвардыі малодшы сяржант Іван Паўлавіч Янучок. Полацк. 1946 г.

З бацькавых успамінаў: «Пад Варшавай мы ў бой не ўступалі, а пайшлі ў зусім процілеглым кірунку, назад. Дайшлі да Пружан, Ваўкавыска, прайшлі правей Гродна, затым – Каўнас, Вільнюс, Алітус, Кібартай, Эткунен, Марыямпаль, Інстэрбург. Такім чынам, прайшлі па тэрыторыі Літвы і апынуліся ва Усходняй Прусіі. Хутка ноччу нас накіравалі на пярэдні край, дзе давялося капаць траншэі, некаторы час стаяць у абароне, а затым па ўказанні камандавання з цяжкімі баямі рухацца па тэрыторыі Усходняй Прусіі (цяпер Калінінградская вобласць).

Праз некаторы час мне прысвоілі званне малодшага сяржанта. Я стаў камандзірам аддзялення. На перадавой людзі доўга не затрымліваліся. У час баёў салдаты і камандзіры хутка выходзілі са строю.

У маім аддзяленні ваявалі байцы розных нацыянальнасцей: Уладзімір Чыж (в. Вялікая Сліва Слуцкага раёна), Субоцін, Карымаў, Бальшакоў, Ягораў, Сахараў, Бернутайціс, Татарадзэ, Пятрок Грыцкевіч, Раман Гапановіч. Каман­дзір роты Хамза Гарыфавіч Сабітаў. Камандзір узвода малодшы лейтэнант Кучаран. Усе мы жылі дружнай сям’ёй франтавікоў, бо мэты і задачы ў нас былі адны: перамагчы ворага. На дарогах і ў населеных пунктах, праз якія мы праходзілі, размяшчалася наглядная агітацыя: плакаты, на якіх было напісана: “Путь домой только через Берлин”, “Дойдем до Берлина!”. У маім аддзяленні некаторы час знаходзіліся два землякі: Гапановіч Раман Раманавіч (1925 г. н.) і Грыцкевіч Пётр Пятровіч (1924 г. н.). Яны загінулі ў баях пад Кёнігсбергам 17 студзеня 1945 г.

Каля Знаменскай бальніцы ў Слуцкім раёне высіцца помнік загінулым воінам. Не раз я падыходзіў да яго і ўглядаўся – залатымі літарамі сярод іншых прозвішчаў значылася: Гапановіч Р. Р. (з вёскі Сярэднікі).

Побач з Лучнікоўскай школай Слуцкага раёна таксама стаіць помнік загінулым у барацьбе з фашыстамі. Я ніколі не праходжу міма, а здымаю шапку і іду каля кветніка па высыпанай сцежцы. З болем у сэрцы сярод шматлікіх прозвішчаў прачытваю: Грыцкевіч П. П. (з вёскі Варкавічы).

Часта прыгадваю той світанак 17 студзеня 1945 г. перад апошнім для іх боем. Мы адкрылі кансервы, укусілі па аднаму разу, Гапановіч Раман першы паклаў сваю лыжку ў рэчавы мяшок і выказаўся коратка: “Не хочацца есці, нас усё роўна паб’юць, а кансервы забяры, Янучок, у свой рэчавы мяшок, калі сустрэнемся пасля бою, тады і перакусім”. Яго словы паўтарыў і салдат Грыцкевіч Пятрок. На вялікі жаль, не прыйшлося мне больш сустрэцца з імі пасля таго страшнага бою. Яны абодва загінулі. У час зацішша на перадавой я развязаў свой рэчавы мяшок, седзячы ў траншэі, глянуў на тую бляшанку кансерваў і адчуў, як нечакана пасыпаліся з вачэй слёзы. Я падумаў: “Вечная памяць вам, дарагія таварышы”. Зняў шапку, перахрысціўся і пачаў даядаць тыя кансервы. Яшчэ доўга па твары цяклі слёзы. У хуткім часе я напісаў дадому ліст, у якім паведаміў, што не стала маіх баявых таварышаў Грыцкевіча і Гапановіча».

Праходзяць гады. Ветэранаў вайны з кожным днём становіцца ўсё меней. А ў кожнага з іх ёсць пра што расказаць, успомніць свае франтавыя дарогі. Наш бацька, як і ўсе франтавікі, часта прыгадваў прозвішчы і імёны таварышаў, з якімі разам змагаліся з ворагам, елі з аднаго кацялка, спалі ў зямлянцы, дзялілі апошні кавалак хлеба, адпачывалі на прывалах, чыталі доўгачаканыя лісты з дому, лячылі ў шпіталях раны і цвёрда верылі ў перамогу.

У баях з фашыстамі наш бацька быў двойчы паранены. Першы раз – асколкам міны ў правую руку вышэй за локаць, калі іх падраздзяленне дапамагала сялянам збіраць ураджай на пачатку жніўня 1944 г. Было гэта ў польскім пасёлку Люта, дзе байцы спыніліся, рухаючыся на Варшаву.

Другі раз атрымаў раненне ў твар пры наступленні на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Снайпер пацэліў якраз у пераноссе. Нашаму бацьку – а зразумела, і ўсім нам! – выпала вялікае шчасце ў тым, што варожая куля была, так бы мовіць, простай (звычайнай), а не разрыўной… Гэта здарылася 21 студзеня 1945 г. пад горадам Гумбінен (Усходняя Прусія). Амаль чатыры месяцы бацька праляжаў у шпіталі ў Каўнасе (Літва).

Прайшлі гады, але ніколі не забываў гвардыі малодшы сяржант Янучок умелыя рукі хірургаў. Асабліва часта прыгадваў загадчыка афтальмалагічнага аддзялення Лілію Лазараўну – вялікай душы чалавека, якая зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб вярнуць маладому байцу зрок.

Ці ж не цуд, што наш Іван Паўлавіч ніколі не карыстаўся акулярамі і меў зрок “адзінку”!

Лёсам было наканавана бацьку зноў вярнуцца на фронт у 202-і запасны полк у горадзе Алінштэйн. А затым прадоўжыў ваяваць у складзе 12-га гвардзейскага стралковага палка 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі 11-й гвардзейскай арміі. Малодшы сяржант, камандзір кулямётнага аддзялення… А яшчэ ўсім падабаўся выдатны бацькаў почырк. Не засталіся па-за ўвагай каман­дзіраў і яго адукаванасць і выхаванне. Таму малодшы сяржант Янучок быў прызначаны камсоргам роты, адначасова выконваў абавязкі ротнага пісара.

З бацькавых успамінаў: «Праз некаторы час я зноў трапіў на перадавую. Баі ішлі жорсткія. Неўзабаве былі вызвалены гарады Кёнігсберг (Калінінград), Пілау.

Пераправіўшыся на лодках, шэсць дзён наступалі на Касе (паўвостраў, які ўразаецца ў Балтыйскае мора). Пас­ля баёў часць размясцілася ў г. Тапіау (Усходняя Прусія) на кароткі адпачынак, дзе і сустрэлі доўгачаканы Дзень Перамогі. Як сведчыць легенда, тут, у каменным зам­ку Тэўтонскага ордэна, некалі хрысцілі па каталіцкім абрадзе Вялікага князя літоўскага Вітаўта (1350 – 1430). Тут сустрэў Перамогу і дапісаў апошнія старонкі паэмы “Васіль Цёркін” вядомы паэт-франтавік Аляксандр Твардоўскі…

Цяпер гэта горад Гвардзейск Калінінградскай вобласці.

Дарэчы, назва Тапіау ў перакладзе з прускай мовы азначае “цёплае поле”. Мы і сапраўды ўпершыню за доўгія ваенныя гады адчулі вясну. Я падумаў, што дома, напэўна, зацвілі сады…

Як мы ўсе тады радаваліся! Мы, адзіная сям’я: камандзір роты старшы лейтэнант татарын Хамза Гарыфавіч Сабітаў, камандзір узвода армянін Кучаран (на жаль, імя і імя па бацьку ўжо не памятаю), я – беларус, літовец Вітас Віцяс Бернутайціс, нашы аднапалчане, сярод якіх былі рускія, украінцы, грузіны, казахі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей – усе без выключэння адчувалі магутнасць адзінай вялікай краіны, мужнасць і гераізм яе людзей. Аб гэтым сведчылі і баявыя ўзнагароды на нашых гімнасцёрках».

Камандзір кулямётнага аддзялення, камсорг роты Іван Янучок (злева) з франтавым сябрам Іванам Прадко. Тапіау. 1945 г.
Камандзір кулямётнага аддзялення, камсорг роты Іван Янучок (злева) з франтавым сябрам Іванам Прадко. Тапіау. 1945 г.

…Наш бацька Іван Паўлавіч быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны другой групы. Меў урадавыя ўзнагароды: медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. У мірны час да іх далучыліся ордэн Айчыннай вайны ІІ ст. і шматлікія юбілейныя медалі.

У канцы 1945 г. бацька скончыў трохмесячныя шафёрскія курсы. Летам 1946 г. іх часць перавялі ў Полацк, дзе малодшаму сяржанту Янучку давялося служыць шафёрам спачатку на грузавой машыне ЗІС-5, а потым на ГАЗ-2А, але мара стаць настаўнікам не пакідала яго.

28 лютага 1947 г. Іван Янучок быў дэмабілізаваны. Пайшоў працаваць у калгас “Чырвоны маяк”, куды ўваходзілі вёска Падліпцы і пасёлак Манькова.

Іван Янучок (стаіць другі справа) на ўборцы ўраджаю ячменю ў калгасе. Вёска Падліпцы. 11 жніўня 1947 г.
Іван Янучок (стаіць другі справа) на ўборцы ўраджаю ячменю ў калгасе. Вёска Падліпцы. 11 жніўня 1947 г.

У 1948 / 49 навучальным годзе Іван Янучок прадоўжыў вучобу ў Слуцкім педвучылішчы. Восенню 1949 г. бацьку накіравалі на працу ў Сяражскую школу Слуцкага раёна настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У працоўнай кніжцы – толькі адзін запіс.

У 1954 г. скончыў завочна Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (беларускае аддзяленне). У 1958 г. – Гомельскі дзяржаўны педінстытут імя В. П. Чкалава. Потым тэатральны факультэт Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр драматычнага тэатра”.

Наш бацька Іван Паўлавіч Янучок выкладаў у Сяражскай СШ Слуцкага раёна беларускую мову і літаратуру больш за 40 гадоў. У працоўнай кніжцы толькі адзін запіс.

Іван Паўлавіч з дочкамі Ларысай (злева) і Тамарай.
Іван Паўлавіч з дочкамі Ларысай (злева) і Тамарай.

Аднойчы паштальён, прынёсшы свежыя газеты ў настаўніцкую, уручыў Івану Паўлавічу пісьмо. Спачатку почырк здаўся яму незнаёмым, і раптам… З незвычайным хваляваннем бацька прачытаў ліст ад сябра ваенных гадоў І. І. Прадко, ад якога даўно чакаў звестак.

Шмат часу прайшло, а баявыя сябры ўсё ж знайшлі адзін аднаго.

Доўга чакалі ў нашай сям’і ліста ад яшчэ аднаго франтавога бацькавага сябра, камандзіра роты Сабітава. Пасля атрымалі вестку ад сястры камандзіра, якая паведаміла, што ў 1955 г. яе брат Хамза Гарыфавіч Сабітаў загінуў пры выкананні службовых абавязкаў…

Не сціхаў боль у бацькавым сэрцы па загінулых сябрах. Франтавое сяброўства ён пранёс праз усё жыццё і даражыў ім да апошніх дзён.

З бацькавых успамінаў: “Калі табе больш за восем дзясяткаў, цяжка ўспомніць усё, што давялося перажыць. А вось тыя гады ваеннага ліхалецця помню да дробязей, іх забыць немагчыма. Бываюць такія моманты, нібыта бачу сваіх сяброў побач, тады не толькі ўспаміны трывожаць сэрца, а міжволі прыходзіць і думка, ці так жывеш, ці варты тых, хто назаўсёды застаўся на полі бою?

А калі мне даводзіцца бываць у Слуцку, я кожны раз хоць крыху, але пастаю каля свайго педвучылішча (да вайны яно знаходзілася ў будынку цяперашняга кансервавага завода). Узгадаю былое: вучобу, ваенны час, загінулых аднакурснікаў С. Я. Шахновіча, П. Г. Патапеню… З фронту не вярнуліся і мае настаўнікі: М. Я. Карлінскі, І. І. Краўчанка, Р. Д. Кавалёў, якія былі расстраляны немцамі ў першыя дні вайны. Вечная ім памяць”.

Кожны раз бацька адкрываўся для нас, дзяцей, па-рознаму. То сабрана-стрыманы, то вясёлы, блізкі. Амаль гарэзнік… Гора, цяжкія гады не зрабілі чэрствай яго душу. Некаторы час, калі ў школе не было настаўніка фізкультуры, бацька з маладым запалам вёў замест яго ўрокі.

Была ў Івана Паўлавіча яшчэ адна любімая справа. Усё яго жыццё прасякнута любоўю да сцэны: спяваў у хоры, вёў у школе драмгурток, у якім з настаўнікамі і вучнямі ставіў спектаклі і інтэрмедыі.

Падчас вучобы на рэжысёрскім аддзяленні тэатральнага факультэта Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтваў яго веды па рэжысуры ацэньвалі вядомыя артысты маскоўскіх тэатраў І. Я. Трубнікаў, В. В. Грыднева. Іван Паўлавіч паставіў такія спектаклі, як “Цуд” паводле твора Эдуарда Валасевіча, “Прымакі” паводле Янкі Купалы. А ў “Калінавым гаі” па творы Аляксандра Карнейчука бацька быў не толькі рэжысёрам, але і артыстам, які прафесійна стварыў вобраз пісьменніка – галоўнага героя спектакля.

Сапраўды, час не ўладны над тым, хто заўсёды малады душой, хто можа аддаваць усяго сябе любімай справе. Асабліва, калі справа гэтая – вучыць і выхоўваць чалавека.

Іван Паўлавіч Янучок падчас сустрэчы з дзецьмі. 2009 г.
Іван Паўлавіч Янучок падчас сустрэчы з дзецьмі. 2009 г.

У сям’і нас шасцёра. Мы ўжо маем дзяцей, унукаў, і ўсе перад бацькавым лёсам схіляем галовы.

З дзяцінства мы ведалі прозвішча кожнага байца з аддзялення гвардыі малодшага сяржанта Івана Янучка, адчувалі, з якім болем згадвае наш бацька загінулых таварышаў, з якой пашанай гаворыць пра баявых камандзіраў, з якімі давялося разам ваяваць. Унукі і праўнукі, слухаючы расповеды дзеда, з маленства выхоўваліся ў любові да роднай зямлі, у пашане да веры продкаў і сямейных традыцый.

На жаль, ужо не змог Іван Паўлавіч парадавацца за свайго праўнука-дэсантніка Арцёма, унука той маленькай дачкі Аленкі, якую ён пакінуў, адыходзячы на фронт. Праўнук прадоўжыў традыцыі свайго гераічнага прадзеда. Годна нёс вайсковую службу ў асобнай мабільнай 103-й брыгадзе сіл спецыяльнага рэагавання ў Віцебску. У 2015 г. камандзір аддзялення гранатамётнага ўзвода асобнага мабільнага батальёна гвардыі сяржант Арцём Анцыповіч меў гонар і вялікую адказнасць прымаць удзел у сталічным юбілейным парадзе, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Праўнук Івана Паўлавіча Арцём Анцыповіч (першы рад, другі злева).
Праўнук Івана Паўлавіча Арцём Анцыповіч (першы рад, другі злева).

…Бацька заўсёды з цікавасцю ставіўся да нашай з сястрой Таісай творчасці, з радасцю вітаў кожны новы верш, публікацыю ці чарговы зборнік паэзіі. І няхай удзячнасцю яму і кожнаму з тых, хто змагаўся за вызваленне нашай Беларусі, стануць гэтыя паэтычныя радкі Таісы Трафімавай.

* * *

Дзе баі грукаталі,

Рамонкі цвітуць,

Прылятаюць буслы напрадвесні.

Мацярынскае шчасце на крылах нясуць

І пяюць пераліўныя песні.

У тым лузе квяцістым

Крынічка бурліць.

Зазірні ў глыбіню,

Сябар мой.

Зразумееш, чаму на зямлі

Берагуць цішыню і спакой.

Любіў наш бацька пасля працоўнага дня пабыць у садзе, агледзець дрэвы, паслухаць спевы птушак.

І марыў толькі аб адным: каб не было больш вайны, не гінулі людзі, каб былі шчаслівыя дзеці, унукі і праўнукі. Каб сінела неба, свяціла мірнае сонца, звінелі радасцю дзіцячыя галасы, квітнела зямля!..

Вельмі радасна было Івану Паўлавічу, калі літаральна за некалькі дамоў ад яго сяражскай хаты ў 1998 годзе была асвечана мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам пабудаваная новая Свята-Пакроўская царква, шчырым прыхаджанінам якой наш бацька быў да апошніх сваіх дзён. Выхаваны ў павазе да веры, ён маліўся і за сваю маці, і за сваю сям’ю, і за загінулых таварышаў, і за ўсіх людзей, просячы ў Бога дабра і міру роднай зямлі.

Свята-Пакроўская царква. Вёска Сярагі. 2014 г.
Свята-Пакроўская царква. Вёска Сярагі. 2014 г.

…Пятага жніўня 2011 года мы асірацелі канчаткова (мама пайшла з жыцця вельмі рана, у жніўні 1972 года). Нашага бацькі не стала. Пакінуў нас ён на 89-м годзе жыцця. Развітацца з Іванам Паўлавічам прыйшлі аднавяскоўцы, былыя вучні, шматлікія родзічы. Гаварылі шчырыя словы, выказвалі спачуванне.

Слуцкі раённы ваенкамат накіраваў зводнае падраздзяленне з ліку сяржанцкага саставу для правядзення пахавальнай цырымоніі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Паўлавіча Янучка.

…У выкананні ваеннага аркестра прагучаў гімн нашай краіны.

Тройчы прагрымелі сухія і кароткія залпы развітальнага салюту. І ўсё… і толькі грудочак жоўтага жвіру… і безліч кветак, як у тым пераможным маі 1945-га…

Праходзіць час, кожны дзень мы молімся за нашых бацькоў. У гадавіну, сабраўшыся разам, памаліліся ў Свята-Духавым кафедральным саборы, памянулі, а пасля ціха пасядзелі ў кавярні на Нямізе. Таіса прачытала свой верш, прысвечаны памяці бацькі…

Таіса ТРАФІМАВА

 

ПАМЯЦІ БАЦЬКІ

Спякотны летні дзень вядзе адлік.

Ён адляцеў у незваротны вырай…

Душа мая нямой ваўчыцай выла,

Загнаная ў жудасны тупік.

Усё жыццё мільгнула прад вачыма,

Было зацішна за яго плячыма.

Мы да яго звярталіся на “Вы”,

Наш бацька ўчора быў яшчэ жывы,

Укладваў чуб віхрасты, валасы,

Прасіў падаць яму касцюм і гальштук, –

Здалося: клічуць вучняў галасы…

У мроях зноў спяшаўся на ўрок,

А лёс ужо націснуў на курок…

Не! Ён жывы! Гадзіннік не спыняўся.

Ён будзе жыць! І хоць няўмольны час, –

Ён не памёр! Не знік! Навек застаўся

Ад Бога – вечны, ён у кожным з нас!

…Яшчэ адна пастаўлена пяцёрка.

А на душы балюча, страшна, горка.

Паўсюль крыжы. Паўсюль адны крыжы.

І гэты летні дзень такі чужы.

І грымнуў гімн ваеннага аркестра!

Ізноў наўзрыд заплакала душа.

Яшчэ адно, ўсяго адно імгненне, –

І паміж намі створыцца мяжа.

А нас вучыў наш татачка калісьці:

“Пад гімн – устань! Замры!” – быў час такі,

А сам ляжыць, нібы дзіця ў калысцы,

Падрыхтаваны крылы-ручнікі…

Зрашэціў сэрца стрэламі салют,

Павісла у паветры галашэнне…

Зямля мая! Мой мілы, родны кут!..

Без бацькі – бездараж! Апусташэнне!..

Ён будзе жыць, Дух бацькі-беларуса!

У ноч на Яна кветкаю цвісці…

Глянь: кружыцца над хатай белы бусел,

А ў хату так не хочацца ісці…

Душа без межаў, – знаюць у народзе.

Ды гэта ж – татка! Гэта Божы знак!

“…Жывіце, дзеткі, ў радасці, у згодзе.

Даруйце, дзеткі, можа, што не так…”

Нас, як раней, трымае дух адзінства.

Мы сёння развіталіся… з дзяцінствам.

Нам бацька быў заўсёды і дагэтуль,

І ёсць, і застанецца – цэлым Светам!

Зрываюцца з пяра майго радкі,

Як бусляняты, мкнуцца у аблокі.

Да татачкі! Праз Вечнасць – напрасткі.

У край нябесны, сонечны, высокі…

…Будучы на канферэнцыі ў Вільнюсе ў Літве, я знайшла магчымасць наведаць Каўнас. Доўга шукала будынак, дзе ў 1945 г. мог размяшчацца шпіталь. Дапамагалі мясцовыя жыхары, але, на жаль, знайсці яго за тыя кароткія некалькі гадзін мне не ўдалося. На вуліцах старажытнага горада я старалася ўявіць, што адчуваў мой дваццацідвухгадовы бацька, калі быў тут на лячэнні. Здавалася, вось зараз сустрэну яго, маладога, спакутаванага, з перабінтаванай галавой і тварам… Дапамагу, пашкадую, абдыму…

Часта думаю пра сілу матулінай малітвы за сына-франтавіка, пра ня­просты бацькаў лёс, пра яго незвычайнае салдацкае шчасце, пра сапраўднае чалавечае багацце мець шасцярых дзяцей, дванаццаць унукаў, дванаццаць праўнукаў, а цяпер і прапраўнучку Марыю… Адзін з малодшых праўнукаў Івана Паўлавіча, Іван Трафімаў, нарадзіўся 9 мая 2012 г., у Дзень Перамогі.

Зоя ПАДЛІПСКАЯ.