Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Вялікая гісторыя кожнай асобнай краіны складаецца з мноства малых гісторый – мясцовасці, горада, жыцця асобных людзей. Гісторыя – гэта памяць чалавецтва. Сёння, калі свет так хутка змяняецца, вельмі важна, каб людзі не забываліся на мінулае.
Значную ролю ў грамадстве заўсёды адыгрывала сям’я, бо менавіта ў сям’і закладваюцца асновы любові, дабрыні, павагі да старэйшых. Чалавек падрастае і задумваецца над пытаннем, хто ён, адкуль, дзе яго карані.
Здаўна наш народ ведаў і шанаваў сваіх продкаў, уласны род. Сёння мінулая традыцыя вяртаецца. Але трэба разумець, што гэта не даніна модзе, а святы абавязак кожнага чалавека, які паважае сябе. Таму так важна вывучэнне ўласнага радаводу і лёсу яго асобных прадстаўнікоў як носьбітаў гістарычнай памяці, нашчадкаў лепшых рысаў, каштоўнасцей і якасцей продкаў, пераемнікаў і прадаўжальнікаў духоўных культурных традыцый свайго роду і народа.
Карані чалавека – яго продкі. І чым мацнейшая сувязь з прашчурамі, тым больш магутным будзе радаводнае дрэва, бо яно жывіцца сокамі праз карані. Калі няма сувязі з прашчурамі-каранямі, дрэва чахне, а то і засыхае.
Сваімі галінамі імкнецца дрэва ўвысь, да сонца. Лісце паглынае і пераўтварае жыватворную энергію святла і накіроўвае яе да каранёў. Каб зелянела крона, трэба берагчы карані.
Так вобразна выказваецца юная даследчыца ўласнага роду Марына Пакала, якая лічыць сябе “ствалом дрэва”, бо менавіта праз яе ажыццяўляецца сувязь пакаленняў. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Падчас вучобы ў ліцэі Івацэвіцкага раёна дзяўчына зацікавілася лёсамі асобных прадстаўнікоў уласнага роду і набыла пачатковыя веды пра метады і прыёмы генеалагічных даследаванняў.
Шчыраванні Марыны Пакала пакладзены ў аснову матэрыялу пра гісторыі лёсаў яе родзічаў – асобных прадстаўнікоў сем’яў Басалай, Пакала, Мішчук, Гуменюк, Тумаш, Папека, Каланчук, Брычкалевіч, Кавалевіч, Мікулік, – што прапанаваны ўвазе чытача.

…Карані продкаў Марыны Пакала па лініі маці знаходзяцца ў вёсцы Вялікая Гаць, што ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. У аснове назвы вёскі – слова “гаць” – дарога праз балоцістую мясцовасць, намошчаная з бярвення і галля. Слова “вялікая” падкрэслівае памеры паселішча.
Вялікая Гаць заўсёды славілася павагай да народных традыцый, уласных продкаў, свайго роду; адрознівалася моцнымі, дружнымі вялікімі сем’ямі, клапатлівымі бацькамі. Тое ж можна сказаць і пра сям’ю Марыны Пакала.
Матуля Марыны, Ганна Іванаўна Пакала (у дзявоцтве Басалай), нарадзілася ў вёсцы Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна. Закончыла Вялікагацкую сярэднюю школу. Працавала старшай піянерважатай у Турнянскай васьмігадовай школе, інструктарам, трэцім сакратаром Івацэвіцкага райкама камсамола. У 1990 годзе закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1990 года – настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 4 г. Івацэвічы.
Бацька юнай даследчыцы, Анатоль Іванавіч Пакала, нарадзіўся ў вёсцы Снітава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1983 годзе закончыў сярэднюю школу. Службу ў Савецкай арміі праходзіў ва Ульянаўску. У 1987 годзе пачаў працоўную дзейнасць кантралёрам у арганізацыі УЖ 15-5 г. Івацэвічы. З 1991 года пераведзены ў Івацэвіцкі раённы аддзел міліцыі. У 1996 годзе закончыў Беларускую дзяржаўную палітэхнічную акадэмію. Цяпер – пенсіянер МУС.
Брат, Яўген Анатольевіч Пакала, нарадзіўся ў 1993 годзе ў г. Івацэвічы. У 2010 годзе закончыў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. У 2015 годзе – фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці прыкладная матэматыка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Адслужыў у арміі. Цяпер працуе праграмістам.


Дзядуля Марыны па роду маці, Іван Харытонавіч Басалай, нарадзіўся 1 студзеня 1939 года ў вёсцы Вялікая Гаць. Пасля заканчэння Вялікагацкай сямігодкі, служыў у арміі. Працаваў касірам у калгасе імя Калініна. У 1971 годзе закончыў Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Да 1991 года працаваў галоўным бухгалтарам у калгасе імя Калініна. На жаль, дзядулі Івана не стала ў 2025 годзе.

Бабуля дзяўчынкі, Марыя Рыгораўна Басалай, нарадзілася 24 лютага 1941 года ў вёсцы Вялікая Гаць. Закончыла Вялікагацкую сярэднюю школу. Працавала паляводам у калгасе імя Калініна. З 1978 года – у дзіцячым садку ў роднай вёсцы. На жаль, бабулі Марыі няма з 2012 года.
Брат бабулі Марыі, Уладзімір Рыгоравіч Басалай, 1938 года нараджэння, стаў вайскоўцам. Пасля заканчэння Благавешчанскага вышэйшага танкавага каманднага вучылішча, што на Амуры, служыў у пасёлку Кандалакша ў Паўночнай акрузе. З 1962 года – у Ленінградскай ваеннай акрузе, затым у групе савецкіх войскаў у Германіі, непадалёку ад Дрэздэна. У 1974 годзе пераведзены ў горад Лугіны Прыкарпацкай ваеннай акругі. Служыў зампалітам, выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка, актыўна ўдзельнічаў у Оўруцкім хоры ветэранаў Жытомірскай вобласці.
Сястра бабулі Марыі, Соф’я Рыгораўна Мішчук, нарадзілася 15 сакавіка 1944 года. З 19 кастрычніка 1960 года па жнівень 1962-га працавала старшай піянерважатай Аброўскай васьмігадовай школы Івацэвіцкага раёна. Пасля заканчэння ў 1966 годзе Брэсцкага педінстытута да 2001 года працавала ў СШ № 5 г. Кобрына, з іх з 1977 -га да 2000 года – намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў пачатковых класах.
Яшчэ адна сястра бабулі Марыі, Надзея Рыгораўна Гуменюк, нарадзілася пасля Вялікай Айчыннай вайны, 1 чэрвеня 1950 года. Са школьнага ўзросту пачала спяваць, выступала на сцэне вясковага клуба, у роднай Вялікагацкай школе.
“Песня – душа народа”, – так гаварыў пра беларускую народную песню вядомы беларускі фалькларыст і музычны дзеяч Рыгор Раманавіч Шырма. З беларускай народнай песняй звязаны лёс многіх у сям’і Басалаяў, родзічаў Марыны Пакала па матулінай лініі.
Надзея Гуменюк (Басалай), стрыечная бабуля юнай даследчыцы, спявала ў фальклорным гурце “Купалінка”. Палюбіла яна народную песню яшчэ ў дзяцінстве, калі чула калыханкі ад сваёй маці, у якой быў выдатны голас.
Пасля заканчэння Брэсцкага музычнага вучылішча па размеркаванні трапіла ў Мінскі тэатр оперы і балета, дзе прысвяціла оперным спевам восем гадоў жыцця. Але матуліна песня клікала да сябе.
Калі з’явілася месца ў складзе вакальнага квартэта “Купалінка”, якім кіраваў і складаў канцэртную праграму хармайстар Канстанцін Паплаўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, вядомы дырыжор і фалькларыст (бацька народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай), Надзею Рыгораўну Басалай запрасілі спяваць у гэты калектыў.
З 1980 года па 1989-ы квартэт “Купалінка” ўваходзіў у склад фальклорна-харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” пад кіраўніцтвам Валянціны Гаявой, народнай артысткі Беларусі.

Рэпертуар гурта “Купалінка”, што з 1990 года працуе асобна, складаецца з апрацовак беларускіх народных песень: каляндарна-земляробчых, сямейна-бытавых, любоўна-лірычных, жартоўных, а таксама арыгінальных твораў беларускіх кампазітараў.
Калектыў радуе сваім майстэрствам тысячы людзей у нашай краіне і за яе межамі. За значны ўклад у папулярызацыю і развіццё беларускай культуры і мастацтва і высокае прафесійнае выканаўчае майстэрства фальклорны гурт “Купалінка” пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі Алены Цяльковай уганараваны званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

У 2008 годзе гурт “Купалінка” наведаў з канцэртам Івацэвічы. Жыхары вёскі Вялікая Гаць з задавальненнем слухалі выступленне знакамітай зямлячкі Надзеі Гуменюк, у дзявоцтве Басалай.
Надзея Рыгораўна Гуменюк у 2007 годзе ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры, а праз год – нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

…Сям’я Басалаяў часта збіраецца разам у бацькоўскай хаце. Спачатку заводзіць песню Надзея Рыгораўна, а пасля падхопліваюць усе прысутныя. І тады гучаць іх выдатныя зладжаныя галасы, радуючы родзічаў і аднавяскоўцаў. У такія часіны заўсёды згадваюць сваю Надзею Фёдараўну, прабабулю юнай даследчыцы, ад якой прыгожы выканальніцкі дар перадаўся ў спадчыну нашчадкам.
Прабабуля Марыны Пакала, Надзея Фёдараўна Басалай, нарадзілася 1 студзеня 1917 года ў вёсцы Уздзвіжанка Ішымскага раёна Цюменскай вобласці РСФСР.
У 1924 годзе іх сям’я вярнулася з бежанства ў родную вёску Вялікая Гаць. А тут ужо гаспадарылі палякі. Вяскоўцам даводзілася харчавацца са сваёй гаспадаркі, іншых заробкаў не было.
Надзея Басалай закончыла 4 класы польскай школы, пра далейшую вучобу нават не марыла. Для дзяўчыны была адна дарога – нялёгкая сялянская доля. Працавала нянькай у пана, хадзіла ў найміткі жаць жыта.
У Вялікай Гаці Надзея сустрэла сваё шчасце. У 1936 годзе выйшла замуж за хлопца-аднавяскоўца Рыгора Басалая, з якім пражылі 49 гадоў. Разам выхавалі шасцярых дзяцей – Уладзіміра, Марыю, Соф’ю, Аляксея, Надзею, Анатоля. Але гэта будзе пазней. А тады шчасце маладых было нядоўгае. Спачатку Рыгора забралі ў польскую армію, а пасля пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Часта даводзілася хавацца ад немцаў у лесе ў халодных зямлянках, падоўгу знаходзіцца там з малымі дзецьмі без ежы. Пасля вызвалення роднай зямлі ад фашыстаў Рыгора Басалая прызвалі на фронт. Надзея з трыма дзецьмі засталася адна.
Вярнуўшыся з фронту, Рыгор у хуткім часе паехаў на вучобу ў Мінск. Пасля вучобы працаваў у Івацэвічах. Рана ад’язджаў на працу, позна вяртаўся.
Уся сям’я была на руках жонкі Надзеі, якая з 1947 года працавала ў калгасе паляводам. У той час у калгасе вырошчвалі каноплі, якія патрэбна было палоць, ірваць, вымочваць, сушыць – і ўсё гэта ўручную. А дома чакалі дзеці і гаспадарка.
Вечарамі, паклаўшы дзяцей спаць, альбо раніцай, пакуль разгарацца дровы ў печы, Надзея Фёдараўна ткала на кроснах прыгожыя ручнікі, драла гусінае пер’е на падушкі: тром дочкам патрэбна было сабраць пасаг.
Летам, у вольны ад калгаснай працы час, разам з дзецьмі збірала ў лесе грыбы і ягады. Прадаўшы сабранае, купляла неабходныя для школы рэчы і адзенне.
Надзея Фёдараўна была заўсёды ў працы. І ніколі не скардзілася на стому. Як распавядала яе дачка Марыя Рыгораўна, іх маці была выдатнай выхавальніцай. Не вывучаючы псіхалогіі і педагогікі, мела такі дар ад прыроды. Змагла ў любові і павазе выхаваць дзяцей сапраўднымі людзьмі. Валодаючы мудрасцю народнай педагогікі, амаль ніколі не павышала на дзяцей голас, а тыя слухаліся маці і бездакорна выконвалі яе патрабаванні і просьбы.
Як бы цяжка ні жылося, часта хадзілі да родзічаў і знаёмых у госці, нават ездзілі ў суседнія вёскі. У час гасцявання спявалі беларускія народныя песні. Голас у Надзеі Фёдараўны быў выдатны, ён перадаўся ў спадчыну ўсім шасцярым дзецям, а для яе дачкі Надзеі стаў прафесіяй – прывёў у квартэт “Купалінка”.
Надзея Фёдараўна Басалай была шчырай верніцай і доўгі час спявала ў хоры Крыжаўздзвіжанскай царквы ў вёсцы Святая Воля. Часта на святы і ў нядзелю брала ў храм з сабою дзяцей. Як шматдзетная маці ўганаравана “Медалём мацярынства”. Не стала Надзеі Фёдараўны ў кастрычніку 2003 года.
Надзея Фёдараўна Басалай засталася жыць ва ўдзячнай памяці сваіх трох дачок, трох сыноў, трох зяцёў і трох нявестак, дзесяцярых унукаў і пяцярых праўнукаў, для якіх яна, простая вясковая жанчына, маці, назаўсёды стала прыкладам у жыцці.

Юная даследчыца Марына Пакала свята захоўвае памяць і пра свайго прапрадзеда, Фёдара Рыгоравіча Папеку, які нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Гаць у 1887 годзе. З 1914 года па 1924-ы знаходзіўся ў бежанцах у Расіі. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў наёмным рабочым у польскага пана. Пасля змог набыць уласную зямлю. Памёр у 1958 годзе.
Прапрабабуля, Васіліса Уладзіміраўна Папека, 1888 года нараджэння, таксама родам з вёскі Вялікая Гаць. Іх сям’я сялян-аднаасобнікаў мела зямлю і працавала на ёй. У 1905 годзе Васіліса выйшла замуж за хлопца-аднавяскоўца Фёдара Папеку. Нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей: Пелагею, Алену, Настассю, Міхея і Надзею. Да самага скону ў 1948 годзе прапрабабуля Васіліса шчыравала на зямлі.

Звернемся больш дэталёва яшчэ да гісторыі лёсу прадзеда юнай даследчыцы, Рыгора Арцёмавіча Басалая. Нарадзіўся ён 11 чэрвеня 1909 года ў вёсцы Вялікая Гаць Целяханскага раёна Пінскай вобласці. З канца 1914-га па 1920 год жыў як бежанец у Томскай вобласці. У 1926 годзе закончыў 6 класаў польскай школы. Працаваў наёмным работнікам у польскіх паноў. У 1930 годзе прызваны на службу ў польскую армію, служыў у Брэсцкай крэпасці. У 1936 годзе ажаніўся з аднавяскоўкай Надзеяй. У 1939 годзе атрымаў надзел зямлі і стаў селянінам-аднаасобнікам.
30 ліпеня 1944 года Рыгора Басалая прызвалі на службу ў 738-ы стралковы полк ручным кулямётчыкам. З ліпеня 1945 года па лістапад 1946-га служыў у 32-м чыгуначным стралковым батальёне.
Пасля дэмабілізацыі ў лістападзе 1946 года Рыгор Арцёмавіч Басалай працаваў у Івацэвіцкім леспрамгасе дзясятнікам, потым майстрам (1947–1960 гг.). Затым 9 гадоў лесніком у Целяханскім лясгасе, а з 1969 года і да канца жыцця – у калгасе імя Калініна.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Рыгор Арцёмавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, чатырма юбілейнымі медалямі. Меў пасведчанне інваліда Айчыннай вайны за цяжкае раненне. Не стала Рыгора Арцёмавіча ў 1984 годзе.
Марыне Пакала не давялося ўбачыць свайго прадзеда. Але, як прынята ў добрых і дружных сем’ях, гісторыі лёсу продкаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пра Рыгора Арцёмавіча Басалая, свайго дзядулю, расказала дачцэ Марыне маці, Ганна Іванаўна Пакала. Ад яе дзяўчынка даведалася, як з дзіцячых гадоў дзед Рыгор, нарадзіўшыся ў шматдзетнай сям’і, цяжка працаваў, як зведаў шмат нястачы і гора. Як пасля верасня 1939 года змянілася жыццё, але надзеі на лепшае перакрэсліла вайна.
Гусеніцы танкаў з чорнымі крыжамі знішчалі сялянскі хлеб, крылы нямецкіх самалётаў захілялі сонца, дым пажарышчаў закрываў неба. Разам з народам паўстаў на абарону сваёй зямлі і Рыгор Арцёмавіч Басалай. Вызваляў Польшчу, дайшоў да ракі Одэр у Германіі.
Паблізу горада Познань разам з групай, якая складалася з пятнаццаці байцоў, трапілі ў акружэнне. Схаваліся ў падвале, а ноччу ўдалося прабіцца да сваіх.
З баямі фарсіравалі раку Одэр. Рыхтаваліся да чарговай атакі. Пасля артылерыйскага абстрэлу камандзір загадаў: “У атаку! За мной!” Бой быў гарачы. Раптам Рыгор адчуў, як нешта моцна апякло грудзі і падкасіла ногі. Салдат упаў. Яго сябар, украінец Міхаіл Доля, наспех перавязаў раны.
Санітары падабралі Рыгора Басалая, калі той ужо быў у непрытомнасці. “У сарочцы нарадзіўся!”– гаварылі яму ўрачы ў шпіталі. “Не ў сарочцы, а ў шынялі!” – адказваў з усмешкай салдат. Як аказалася, разрыўная куля трапіла ў скручаны шынель, разарвала яго на шматкі і закранула грудзі.
Залячыўшы раны, Рыгор вярнуўся на фронт і прадоўжыў змагацца з ворагам.
Пасля Перамогі, як ужо згадвалася, трыццаць гадоў працаваў у сістэме лясной гаспадаркі.
Кажуць, калі чалавек пасадзіў хоць адно дрэва, то ён недарэмна пражыў жыццё. Колькі такіх дрэў было на рахунку Рыгора Арцёмавіча!
Ганна Іванаўна Пакала ўспамінала, як любіў яе дзядуля Рыгор бываць у сасновым лесе, як хадзілі разам з ім у грыбы. Было такое задавальненне назіраць за дзядулем, які атрымліваў асалоду ад водару сасновага бору, з цеплынёй ставіўся да кожнага дрэва, дакранаючыся шурпатай далоняй да магутных ствалоў дрэў.
З часам жыццёвых гісторый родзічаў і сваякоў прыбаўлялася. Даследчая праца Марыны Пакала пашыралася новымі імёнамі, а памяць дзяўчынкі ўзбагачалася найкаштоўнейшай інфармацыяй пра ўласныя карані і сям’ю.

Згадаем гісторыю лёсу яшчэ аднаго родзіча нашай юнай даследчыцы, брата бабулі Марыі, Аляксея Рыгоравіча Басалая (сына Рыгора Арцёмавіча і Надзеі Фёдараўны Басалай).
Аляксей нарадзіўся ў сям’і пасля Вялікай Айчыннай вайны, 22 верасня 1947 года. У сем гадоў пайшоў у Вялікагацкую васьмігадовую школу Івацэвіцкага раёна.
У пасляваенныя галодныя гады сям’я хлопчыка жыла ў маленькім хляўчуку ў родзічаў. Магчыма тады прыйшла да хлопчыка мара пабудаваць свой дом. Як і ўсе вясковыя хлапчукі, Аляксей спачатку пасвіў свіней, пасля кароў. Вучыўся ў школе, працаваў у калгасе на трактары. А калі ў вёсцы пачалі ўзводзіць новую школу, пайшоў на будаўніцтва падсобным рабочым. Пасля была служба ў арміі ў саставе савецкіх войскаў у Германіі. Тры гады служыў на Магдэбургскім палігоне недалёка ад горада Рохніца.
Вярнуўшыся з войска, вырашыў прадоўжыць працу на будаўнічых пляцоўках горада, стараўся засвоіць адразу некалькі спецыяльнасцей. Праца будаўніка прыносіла Аляксею задавальненне і радасць. У хуткім часе стаў брыгадзірам. Пасля яго абралі дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета.
Аляксей Рыгоравіч разам з калегамі пабудавалі ў Івацэвічах Дом культуры, сярэднюю школу № 3, гасцініцу, рэстаран “Шчара”, цэнтральную аптэку, лазню, раённы вузел сувязі, ашчадбанк, дзіцячыя садкі “Алеся”, “Каласок”, “Іскрынка” і некалькі жылых дамоў.
Брыгада Аляксея Рыгоравіча займалася будаўніцтвам не толькі ў горадзе, а яшчэ і ў вясковай мясцовасці. Яе руплівай працай пабудаваны школы ў вёсках Быцень, Святая Воля, Вялікая Гаць, Любішчы, Югалін, Сасновы Бор, Дабромысль, Выганашчы, Краі, дзіцячыя садкі ў вёсках Быцень, Пагор’е, Выганашчы, хімічная лабараторыя ў Майску, жывёлагадоўчыя фермы ў некалькіх калгасах, база ДЭУ ў Яглевічах.
Але самае галоўнае ў жыцці Аляксея Басалая, што ён выгадаваў сына і дачку, пабудаваў уласны дом, пасадзіў вакол яго сад. Так збылася яго даўняя дзіцячая мара. Дарэчы, Віталь Басалай, сын Аляксея Рыгоравіча, на прафесійнай аснове займаўся футболам. У розныя гады быў чэмпіёнам раёна і вобласці. Пасля заканчэння Мінскага палітэхнічнага інстытута ў 1995 годзе вярнуўся ў родныя Івацэвічы, дзе жыве і працуе цяпер.
Як распавядае Марына Пакала, яе стрыечны дзядуля Аляксей выдатны бортнік, колькі гадоў частуе сям’ю лясным мёдам, добра ведае грыбныя і ягадныя мясціны ў лесе. А яшчэ вельмі прыгожа спявае. У маладосці выступаў на сцэне Дома культуры, ездзіў з канцэртнай брыгадай у іншыя клубы.
Дзяўчынка згадвае, як дзядуля Аляксей прыдумваў для яе ў дзяцінстве цікавыя гульні – лялечны тэатр, поле цудаў, лясную лякарню; вучыў ездзіць на веласіпедзе, катацца на санках і лыжах. Колькі дабрыні і любові да блізкіх у Аляксея Рыгоравіча! А яшчэ – адказнасці за даручаную справу.
З гонарам Марына Пакала распавядае, што сярод шматлікіх узнагарод яе дзядулі Аляксея, – ордэн Дружбы народаў.

Ганарыцца Марына Пакала і поспехамі сваёй цёткі, Іны Аляксееўны Тумаш.
Іна Аляксееўна пасля заканчэння ў 1995 годзе Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта працавала ў Целяханах загадчыцай дзіцячага садка-ясель. Выйшла замуж, нарадзіла дачку. У 1997 годзе прызначана другім сакратаром БРСМ, а з 2003 года – кіраўніком аддзела па рабоце з моладдзю, затым – спецыялістам у Івацэвіцкім райвыканкаме, дзе працуе і цяпер.

Наталля Аляксандраўна Басалай, жонка Аляксея Рыгоравіча Басалая, стрыечнага дзядулі юнай даследчыцы Марыны, больш за 40 гадоў жыцця аддала працы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 3 г. Івацэвічы. Галоўнае для Наталлі Аляксандраўны як настаўніка – не толькі вучыць здабываць веды. Яе педагагічнае і чалавечае крэда – выхоўваць дзяцей шчаслівымі і рыхтаваць іх да самастойнага жыцця, “паставіць дзіця на крыло і паказаць яму накірунак яго палёту”. Як сцвярджае Наталля Аляксандраўна, “калі ў дзіцяці ёсць крылы, тады яму можна казаць: ляці, дзіця, ляці”.
Разам з вучнямі Наталля Аляксандраўна стварыла ў школе музей заслужанага дзеяча культуры БССР, пісьменніка і земляка Піліпа Пестрака, затым этнаграфічны музей, а пасля літаратурны, дзе сабраны матэрыялы пра пісьменнікаў Івацэвіччыны. Удзячныя вучні да гэтага часу пішуць любімай настаўніцы цёплыя лісты.
Ад продкаў Наталлі Басалай перадалася важная жыццёвая ісціна: аснова ўсяго жывога – душа чалавека. Наталля Аляксандраўна часта бывае ў храме Дзяржаўнай іконы Божай Маці, кожнае лета здзяйсняе паломніцкія паездкі па святых мясцінах. Светач і веліч намоленых месцаў, іх духоўную падтрымку адчувала падчас наведвання Кіева-Пячэрскай і Пачаеўскай лаўр. Пабывала на Валааме, у Сергіевым Пасадзе, Мураме, Уладзіміры, Серпухаве, Тураве, Полацку, Мінску.
Наталля Аляксандраўна Басалай таксама шчыра захоўвае памяць пра кожнага прадстаўніка ўласнага роду. Яна падзялілася з юнай даследчыцай гісторыяй лёсу сваёй матулі, Надзеі Міхайлаўны Каланчук, якая таксама родам з вёскі Вялікая Гаць і дзе прайшло яе шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства.
Расла Надзея Каланчук у любові і дабрыні. Бацька яе, Брычкалевіч Міхаіл Мікалаевіч, 1895 года нараджэння, служыў дыяканам у Крыжаўздзвіжанскім храме вёскі Святая Воля. У 1914 годзе яго сям’я апынулася ў бежанстве ў Маскоўскай вобласці. У 1917 годзе Міхаіл Брычкалевіч скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю. Вярнуўшыся з Расіі, у 1920 годзе ажаніўся з Наталляй Андрэеўнай, 1897 года нараджэння, родам з вёскі Вялікая Гаць. Бацька маладой, Андрэй Міхайлавіч Кавалевіч (1872–1938), малазямельны селянін, быў таксама родам з гэтай вёскі.
У Наталлі і Міхаіла Брычкалевічаў нарадзілася трое дзяцей. У 1950 годзе прапрабабуля даследчыцы, Наталля Андрэеўна Брычкалевіч, уступіла ў калгас імя Калініна, дзе працавала да самага выхаду на пенсію. Не стала прапрабабулі Наталлі ў 1989 годзе.

Міхаіл Брычкалевіч часта браў з сабою маленькую дачку Надзею на службу ў храм. Па вечарах дома чыталі Біблію, і бацька расказваў дачцэ пра галоўнага настаўніка ў жыцці – Бога. Але прыйшлі бальшавікі і шчаслівае дзяцінства скончылася. У сям’і дыякана адабралі зямлю (12 гектараў), з боку новай улады на царкоўнага служыцеля пачаліся ганенні. У 1935 годзе бацькі Надзеі не стала. У дзяўчынкі пачалося новае цяжкае жыццё, але яна не разгубілася.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна і вёску акупавалі немцы, Надзея дапамагала партызанам, а потым стала сувязной 8-й партызанскай брыгады, якой камандаваў Сяргей Жунін.
Пасля вайны закончыла Пінскі мясамалочны тэхнікум. Стала працаваць загадчыцай малаказавода ў гарадскім пасёлку Целяханы. Там сустрэла сваё каханне, выйшла замуж, нарадзіла сына Віктара і дачку Наталлю. Але новая бяда неўзабаве звалілася на плечы Надзеі Міхайлаўны. У трыццацігадовым узросце яна цяжка захварэла, а мужа арыштавалі і выслалі на Калыму.
Прыкаваная да ложка, з’яўляючыся інвалідам 1-й групы, яна выстаяла і ў гэтай складанай жыццёвай сітуацыі. Умела вяла гаспадарку, выхоўвала дзяцей. Колькі ў яе было сіл, душэўнага цяпла, разумення і любові! Людзі ішлі да Надзеі Міхайлаўны за парадай, за дапамогай ці проста паразмаўляць. Каму ліст напіша, каму дасць рэцэпт прыгатавання варэння ці пірага, трэцяму пакажа, як вышыць ручнік ці карціну. Нават з суседніх вёсак прыходзілі, каб пераняць узоры вышыўкі ці проста пагутарыць.

Па благаславенні настаяцеля храма ў вёсцы Святая Воля Надзея Міхайлаўна Каланчук вышыла плашчаніцу для прастола. Дапамагаў сын Віктар. Два месяцы доўжылася цяжкая, але благаслаўлёная праца.
Не стала Надзеі Міхайлаўны, калі ёй было 47 гадоў. Як згадвае яе дачка Наталля, яны з братам Віктарам адразу асірацелі, хоць былі ўжо дарослыя.
Наталля Аляксандраўна Басалай і цяпер у цяжкіх жыццёвых сітуацыях звяртаецца ў думках да матулі. І адчувае яе падтрымку і дапамогу. Людзі дагэтуль памятаюць Надзею Міхайлаўну. Нават дачку Наталлю, калі яна прыязджае ў вёску, старыя часта называюць Надзяй, а пасля, добра ўгледзеўшыся і пазнаўшы, згадваюць сваю Надзейку, яе дабрыню і дзякуюць.
Удзячная памяць пра Надзею Міхайлаўну жыве і ў сем’ях яе нашчадкаў. Дачка і ўнучка Наталлі Аляксандраўны Басалай зрабілі на лецішчы бабулін куток, дзе размясцілі яе ўсе вышыўкі і некаторыя рэчы. І ў саміх, і ў гасцей такая прыгажосць выклікае захапленне, сагравае сэрцы…


Згадаем гісторыі лёсу блізкіх родзічаў Марыны Пакала і па бацькоўскай галіне.

Дзядуля, Іван Мікалаевіч Пакала, нарадзіўся 20 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Няліпава Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Няліпаўскай сярэдняй школы закончыў курсы шафёраў. З 1960-га па 1963 год служыў у Савецкай арміі ў Карэліі. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў шафёрам у Нясвіжы ў будаўнічай арганізацыі, затым у ПМК-28, МПМК-11 у г. Іванава. Не стала Івана Мікалаевіча ў 2002 годзе.

Бабуля, Таццяна Нікіфараўна Пакала, нарадзілася 25 лютага 1942 года ў вёсцы Сасноўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1959 годзе закончыла сярэднюю школу ў вёсцы Крыніца Пружанскага раёна. Працавала аграномам у калгасе ў вёсцы Снітава.
Прадзед, Мікалай Мікалаевіч Пакала, нарадзіўся 2 жніўня 1909 года ў вёсцы Няліпава Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Стаў заможным селянінам. З 1942-га па 1944 год быў сувязным у партызанскім атрадзе Каржа. У 1944 годзе мабілізаваны ў Чырвоную армію. З баямі дайшоў да Берліна. Пасля вайны працаваў брыгадзірам у калгасе. Не стала Мікалая Мікалаевіча ў 1986 годзе.
Прабабуля дзяўчынкі, Алена Мікалаеўна Пакала (у дзявоцтве Брочэнька) нарадзілася 20 чэрвеня 1914 года ў заможнай сям’і ў вёсцы Няліпава Нясвіжскага раёна. У час вайны пякла хлеб партызанам. Маці дваіх дзяцей. Пасля вайны працавала ў калгасе на розных работах. Не стала прабабулі ў 1996 годзе.

Яшчэ адзін прадзед Марыны Пакала, Нікіфар Фёдаравіч Мікулік, нарадзіўся 15 сакавіка 1902 года ў вёсцы Крыніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў 4 класы царкоўна-прыходскай школы. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі працаваў настаўнікам пачатковых класаў. У час акупацыі жыхары вёскі Крыніца былі вывезены ў Кобрынскі раён, у тым ліку і сям’я прадзеда.
У 1944 годзе Нікіфара Мікуліка прызвалі ў рады Чырвонай арміі. Дзень Перамогі сустрэў ва Усходняй Прусіі. Пасля вайны сям’я прадзеда вярнулася ў родную вёску Крыніца.
З 1949 года Нікіфар Мікулік служыў псаломшчыкам Троіцкай царквы ў вёсцы Засімовічы Пружанскага раёна. Памёр прадзед Нікіфар Фёдаравіч у 1968 годзе.
Прабабуля Марыны, Любоў Емяльянаўна Мікулік (у дзявоцтве Клімец), нарадзілася ў 1902 годзе ў той жа вёсцы Крыніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, як і прадзед. У асноўным сям’я жыла ў Белавежскай пушчы, бо бацька Емяльян (прапрадзед Марыны Пакала) працаваў аб’ездчыкам пушчы ў пана. У 1938 годзе Люба выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Не стала прабабулі Любові Емяльянаўны ў 1984 годзе.

Сярод традыцый роду Басалаяў – захоўванне сямейных фотаздымкаў, бо яны пакідаюць памяць пра дарагіх сэрцу людзей, важныя падзеі сямейнага жыцця.
Традыцыйным у сям’і з’яўляецца і ўшанаванне Радуніцы. Напярэдадні абавязкова наводзяць парадак на могілках. Як прынята ў іх мясцовасці, упрыгожваюць надмагільныя крыжы вяночкамі з яркіх штучных кветачак. А на Радуніцу збіраюцца разам і ідуць на могілкі, каб пакланіцца родным магілам, падзякаваць пачынальнікам роду за іх добрыя справы, годнае жыццё, за пакінуты слаўны след на зямлі.

А яшчэ ў сям’і Басалаяў добрая і цікавая традыцыя з пакалення ў пакаленне перадаваць казку “Пялёстак і Кветка”.
“Расцвіла белая Вяргіня. Лёталі над ёю пчолы і чмялі, бралі нектар. У Кветачцы сорак два пялёсткі. І вось адзін Пялёстак заганарыўся: “Я самы прыгожы! Без мяне Кветка не цвіце. Я самы галоўны. Вось вазьму і палячу – што мне?”
Прыклаў намаганні Пялёстак, вылез з Кветкі, саскочыў на зямлю, сеў каля куста ружы і назірае, што ж будзе рабіць Кветка?
А Кветка, як быццам нічога не здарылася, усміхаецца сонейку, кліча да сябе пчол і чмялёў. Пайшоў Пялёстак адсюль. Па дарозе сустрэў Мураша.
— Ты хто? – пытаецца ў яго Мураш.
— Я – Пялёстак. Самы галоўны. Самы прыгожы. Без мяне і Кветка не цвіце.
— Пялёстак? Ведаю Пялёстка ў кветцы, а на дзвюх тоненькіх ножках, як у цябе, не ведаю.
Хадзіў адзінокі Пялёстак, хадзіў да вечара, а пасля засох. А Кветка так і цвіце. Кветка і без аднаго Пялёстка – Кветка. А Пялёстак без Кветкі – нішто”.
Глыбокі філасофскі сэнс на першы погляд простай казкі зразумелы кожнаму прадстаўніку гэтай прыгожай дружнай сям’і.


Шчыруючы некалькі гадоў таму над даследаваннем уласнага роду, Марына Пакала, якая цяпер пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ працуе ў сферы лагістыкі, прыйшла да высновы: галоўнае, што ўтрымлівае і аб’ядноўвае кожную сям’ю, – гэта згода, узаемадапамога, шчодрасць душы, працалюбства і павага да старэйшых.
Сіла кожнай сям’і – у адзінстве і ўдзячнай памяці пра ўласных продкаў, якія падарылі сваім дзецям самае галоўнае – жыццё. І яго трэба пражыць сумленна і годна, каб стаць добрым прыкладам для ўласных нашчадкаў.
Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай працы вучаніцы 11 кл. (2018 г.) ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Брэсцкай вобласці Марыны Пакала (кіраўнік – настаўнік беларускай мовы і літаратуры названага ліцэя Алена Уладзіміраўна Самасюк).
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.






