“Сімвал духоўнай мужнасці”: з гісторыі лёсу свяшчэннапакутніка Мікалая Гаварына

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшчэннапакутнік Мікалай Іванавіч Гаварын нарадзіўся 23 снежня 1871 года ў горадзе Якабштаце (сучасны Екабпілс) Курляндскай губерні (тэрыторыя сённяшняй Латвіі) у сям’і царкоўнаслужыцеля.

Іаан Іаанавіч Гаварын (1841-1906), бацька Мікалая, з кастрычніка 1856 года служыў псаломшчыкам у Буцкаўскай Ільінскай царкве Вендзенскага павета, а ў лістападзе 1860 года ў тым жа статусе быў пераведзены ў Фецельнскую Мікалаеўскую царкву таго ж павета.

Іаан і Сафія Гаварыны (фотаздымак з сайта https://orthos.org).

30 студзеня 1866 года ў 25-гадовым узросце Іаан Іаанавіч абвянчаўся ў гэтай царкве з 24-гадовай праваслаўнай якабштацкай мяшчанкай Сафіяй Васільеўнай Тамашэўскай, якая і стала маці Мікалая. У Мікалаеўскай царкве Іаан Гаварын служыў да 1868 года.

У гэтым жа годзе маладая сям’я Гаварыных пераязджае ў Якабштат, дзе Іаан Іаанавіч стаў выконваць абавязкі дзяка Якабштацкага Свята-Духава Пакроўскага храма.

Нягледзячы на магутны выгляд храма звонку, унутранае ўбранства было вельмі сціплае. Іканастас складаўся толькі з царскіх варот і двух абразоў. Мясцовыя жыхары не вельмі ахвотна наведвалі гэты храм. І ў 1888 годзе быў узведзены новы Свята-Духаў храм, дзе да самых апошніх дзён жыцця Іаан Гаварын выконваў абавязкі псаломшчыка.

Не стала царкоўнаслужыцеля Іаана Гаварына 19 мая 1906 года. Пахаваны на Рыжскіх Усіхсвяцкіх могілках.

Якабштацкі Свята-Духаў Пакроўскі храм. Канец ХІХ ст.

…Дзяцінства маленькага Мікалая Гаварына прайшло ў шматдзетнай сям’і. У яго было тры старэйшыя сястры – Вольга, Вера і Марыя – і малодшы брат Іаан. Як склаўся лёс сясцёр Мікалая, нічога невядома. А вось пра брата Іаана захаваліся скупыя звесткі, з чаго відаць, што ён вучыўся ў Рыжскім духоўным вучылішчы, адкуль за непаспяховасць быў адлічаны ў 1888 годзе; у 1892 годзе скончыў курс Якабштацкага гарадскога вучылішча. Працаваў спачатку памочнікам настаўніка, а пасля настаўнікам пры Стамерзейскай прыходскай школе.

У 1906 годзе абвянчаўся з Аляксандрай Пяцілавай, дачкою адстаўнога маёра. Быў казначэем Рускага дабрачыннага таварыства. Памёр у Рызе ў 1937 годзе.
У 1887 годзе Мікалай Гаварын паступае на першы курс Рыжскай духоўнай семінарыі, якую ў 1893 годзе заканчвае па першым разрадзе.

У асноўную групу прадметаў, якія вывучаў Мікалай у семінарыі, уваходзілі багаслоўскія (дагматычнае, параўнальнае і маральнае багаслоўі; апалагетыка), біблейскія (Біблія, біблейская гісторыя, старажытнаяўрэйская і грэчаская мовы), царкоўна-гістарычныя (гісторыя РПЦ, агульная царкоўная гісторыя, гісторыя памесных цэркваў, літургіка) і практычныя (гамілетыка (складанне пропаведзяў), царкоўныя спевы, літургічная практыка, царкоўнае права) дысцыпліны.

Шмат увагі надавалася самастойным заняткам і самаадукацыі, асабліва па багаслоўскіх прадметах, прыгожаму пісьменству. Усё гэта дазваляла выпускнікам семінарыі станавіцца не толькі святарамі, але і настаўнікамі, а таксама ў далейшым працягваць сваю адукацыю ў вышэйшых навучальных установах.

Атрымаўшы выдатную семінарскую адукацыю, Мікалай Гаварын паступае на першы курс Духоўнай Акадэміі.

У ліпені 1893 года, Мікалай атрымлівае прызначэнне на пасаду псаломшчыка пры Кальцэнскай (Бірыні, Ледурга) Іаана-Прадцечанскай царкве Рыжскага павета.

Праз два гады, 27 лістапада 1895 года, быў пераведзены на месца Юргенсбурскага (Заўбе) псаломшчыка Андрэя Томсана. Тут Мікалай Гаварын працаваў да 4 снежня 1896 гада, затым быў звольнены за штат і прызначаны настаўнікам узорнай пачатковай школы, адкрытай у 1897 годзе пры Рыжскай духоўнай семінарыі.

15 жніўня 1901 года ў Іксюльскай (Ікшкіле) Міхаіла-Архангельскай царкве Рыжскага павета Мікалай Гаварын абвянчаўся з 20-гадовай дачкой святара гэтай царквы – Валянцінай Іванаўнай Баганосцавай.

Мікалай і Валянціна Гаварыны (фотаздымак з сайта https://orthos.org).

3 сакавіка 1902 года епіскапам Рыжскім і Мітаўскім Агафангелам (Праабражэнскім) Мікалай Гаварын пасвечаны ў святары і прызначаны штатным клірыкам Свята-Пакроўскай Коплаўскай (Каплава/Коплава) царквы. Але ў гэтым храме айцец Мікалай праслужыў нядоўга.

У верасні 1902 года Мікалай Гаварын быў прызначаны беспрыходным Гродзенскім павятовым назіральнікам царкоўных школ.

З лістапада 1902 года айцец Мікалай згадваецца ўжо ў ліку святароў, якія саслужылі епіскаму Гродзенскаму і Брэсцкаму Іаакіму ў Свята-Сафійскім кафедральным саборы горада Гродна, а са снежня 1903 года залічаны ў клір названага храма.

24 кастрычніка 1903 года ў сям’і Гаварыных нарадзілася дзяўчынка, якую ў хрышчэнні назвалі Таццянай, а яшчэ праз два гады нараджаецца сын Яўген. Дзеці выхоўваліся ў любові і павазе. Пазней дачка Таццяна Мікалаеўна з асаблівай цеплынёй будзе ўспамінаць гэты гродзенскі перыяд свайго жыцця.

Цэнтр горада Гродна да 1918 года.

Мікалай Гаварын спалучаў службу святара кафедральнага Сафійскага сабора ў Гродне з пасадай назіральніка царкоўных школ (іх было болей за 30) Гродзенскага павета. Архіўныя звесткі сведчаць пра дастаткова высокі ўзровень падрыхтаванасці тагачасных навучэнцаў.

У 1906 годзе ў дадатак да сваіх абавязкаў Мікалай Гаварын атрымаў прызначэнне на пасаду законанастаўніка ў Гродзенскую жаночую 7-класную гімназію – “Марыінскую”, як такія ўстановы называлі ў народзе.

Гімназія, дзе рыхтавалі педагогаў і дамашніх настаўнікаў, знаходзілася пад апекай імператрыцы Марыі Аляксандраўны і мела больш высокі статус навучальнай установы ў параўнанні з аналагічнымі ўстановамі Міністэрства народнай асветы. А гэта накладвала і большую адказнасць на святара Гаварына, які заўсёды адрозніваўся высокім узроўнем духоўнай адукацыі і шчырымі адносінамі да справы.

Мікалай Гаварын таксама з’яўляўся членам Епархіяльнага рэвізійнага камітэта па праверцы грашовай справаздачнасці Гродзенскай духоўнай кансісторыі, Гродзенскага аддзялення Епархіяльнага вучылішчнага савета і Апякунскага савета Гродзенскай таварыства сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа.

Царкоўнае кіраўніцтва адзначала добрасумленнае стаўленне святара Гаварына да сваіх абавязкаў.

За дбайнае служэнне айцец Мікалай быў удастоены розных царкоўных узнагарод. Так, напрыклад, набедранікам (1903), скуф’яй (1905), камілаўкай (1908), наперсным крыжам (1911), паліцай (1921), ордэнамі святой Ганны 3-й ступені (1914), 2-й ступені (1915).

У 1915 годзе ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі падчас Першай сусветнай вайны прычт храма Свята-Сафійскага кафедральнага сабора горада Гродна, як і ўсё праваслаўнае духавенства, быў эвакуіраваны ў Маскву.

Айцец Мікалай Гаварын стаў служыць у храме свяціцеля Мікалая Цудатворца на Шчэпах каля Смаленскай плошчы ў Маскве. Храм быў вядомы і намолены. Вернікі з задавальненнем ішлі да святара паслухаць пропаведзь, атрымаць настаўленні, сушешыць душу.

10 ліпеня 1916 года айца Мікалая ўзвялі ў сан протаіерэя. Да 1918 года айцец Мікалай з’яўляўся таксама святаром дамавога храма эвакуіраванага Гродзенскага крапаснога лазарэта.

У 1929 годзе святар Мікалай атрымаў права нашэння мітры.

Аднак у адпаведнасці з новай пастановай аб рэлігійных аб’яднаннях, у 1930 годзе савецкія ўлады пачалі высяляць з Масквы тых, каго яны лічылі ненадзейнымі, а да такіх у першую чаргу належала духавенства.

У 1930 годзе быў выселены ўладамі з Масквы як “социально чуждый элемент” і айцец Мікалай Гаварын. Храм на Смаленскай плошчы ў 1934 годзе закрылі, а пазней разрабавалі.

Страціўшы месца жыхарства, святар паехаў спачатку ў сяло Кунцава, а затым пасяліўся ў пасёлку Нямчынаўка пад Масквой і стаў служыць у храме Раства Хрыстовага.

Названы храм у Нямчынаўцы з’явіўся ў 1918 годзе, калі вернікі папрасілі мясцовага домаўладальніка Нямчынава ахвяраваць пад храм сваю дачу. Той пагадзіўся, але з умовай, што вернікі самі адрамантуюць дом, каб яго можна было прыстасаваць пад храм.

Мясцовыя ўлады далі дазвол на ўладкаванне праваслаўнага малітоўнага дома, і вернікі ўзяліся за рамонт. Дача, пабудаваная шэсцьдзясят гадоў таму, не мела падмурка, з адзінарнай падлогай, адзінарнымі дзвярыма і вокнамі і да гэтага часу моцна састарэла.

Вернікі зрабілі капітальны рамонт, цалкам замянілі згнілы правы кут будынка, прыбудавалі званіцу і пабудавалі побач невялікую хату для святара. Аднак, нягледзячы на рамонт, тэмпература ў храме ў зімовыя месяцы не ўзнімалася вышэй за тры градусы.

У храме сяла Нямчынаўка айцец Мікалай служыў толькі тры гады. Справа ў тым, што ў канцы 1934 года новы старшыня Нямчынаўскага пасялковага савета забараніў правядзенне парафіяльных сходаў, звон, а затым па яго распараджэнні былі зняты і самі званы. Пасля было вырашана храм закрыць, а будынак аддаць пад заняткі фізкультурнікаў, спасылаючыся на нешматлікасць прыхаджан.

У гэты перыяд у пасёлку было каля сямісот дамоў і налічвалася восем тысяч жыхароў, з якіх дзве тысячы падпісаліся як вернікі пад заявай з пратэстам супраць закрыцця храма.

Цягам трох дзён вернікі паспрабавалі абскардзіць ганебнае рашэнне, але ўлады стаялі на сваім: храм закрыць.

2 красавіка 1935 года архіепіскап Інакенцій (Сакалоў), які жыў на пакоі ў Нямчынаўцы, накіраваў хадайніцтва на імя сястры Леніна Марыі Ільінічны Ульянавай. Ён прасіў падтрымаць хадайніцтва праваслаўных, пададзенае ў Камісію па пытаннях культаў пры Прэзідыуме УЦВК аб тым, каб пакінулі ім малітоўны будынак для здзяйснення неабходных трэб.

Зразумела, адказу на гэты ліст недачакаліся. Былі напісаны і адпраўлены яшчэ некалькі прашэнняў, але адказу і на іх не прыйшло. Увесь гэты час у храме працягваліся богаслужэнні.

Нягледзячы на асабісты ліст архіепіскапа, на звароты вернікаў з просьбай не закрываць храм, 20 верасня 1935 года рашэннем мясцовых улад царква ўсё ж была закрыта, а некалькімі гадамі пазней разрабавана.

Айцец Мікалай Гаварын разам з протаіерэем Алексіем Сакаловым і дыяканам Елісеем Штольдэрам пераехалі ў сяло Рамашкава, дзе служылі ў храме Мікалая Цудатворца да дня свайго арышту.

На падставе ілжэсведчанняў 29 жніўня 1937 года святар Мікалай Гаварын быў арыштаваны і зняволены ў маскоўскую Таганскую турму.

Святару прад’явілі абвінавачанне ў тым, што ён з’яўляўся членам контррэвалюцыйнай тэрарыстычна-паўстанцкай групы і вёў актыўную агітацыю супраць савецкай улады, падстаўнікоў савецкага ўрада і правадыроў камуністычнай партыі.

Нягледзячы на ціск, айцец Мікалай адмаўляў сваю віну. Падчас допыту нікога не абгаварыў і вінаватым сябе ні ў чым не прызнаў. Сведчыў пра сябе, што быў незадаволены савецкай уладай па пытаннях яе стаўлення да рэлігіі і да святароў. З імі гаварыў пра газетныя навіны, пра іспанскія падзеі, выказваючы сумневы, што іспанскія войскі перамогуць фашыстаў, якія моцныя сваім узбраеннем, але ў контррэвалюцыйную групу не ўваходзіў.

15 верасня 1937 года тройкай НКУС па Маскоўскай вобласці айцец Мікалай быў прызнаны вінаватым па артыкуле 58-й КК РСФСР, прыгавораны да дзесяці гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры.

Тым часам некаторыя сваякі асуджаных разам са святаром сталі скардзіцца на несправядлівы прысуд, даказваючы іх невінаватасць. Адбылося новае следства. Сведкі былі перадапытаны. Спачатку яны трымаліся ранейшых паказанняў, баючыся адказнасці за ілжэсведчанне, а затым усё ж заявілі, што сведчылі лжыва.

Святар Мікалай Гаварын быў адпраўлены па этапе ва Ухтамска-Пячэрскі ВПЛ (Комі АССР), дзе памёр праз паўгода, 24 красавіка (11 красавіка па ст. ст.) 1938 года з-за нягод зняволення. Пахаваны ў невядомай магіле.

Новае расследаванне, праведзенае ў 1939 годзе, вымушана было прызнаць, што ўсе прыгавораныя па справе былі асуджаны несправядліва. Аднак з прычыны таго, што перад бязбожнікамі вернікі, і тым больш святары, якія заставаліся ўсё ж ворагамі камуністычнай улады, прысуд адносна іх адменены не быў.

Таццяна і Яўген Гаварыны (фотаздымак з сайта https://orthos.org).

Сям’я Гаварыных, якая перад Вялікай Айчыннай вайной жыла ў Маскве, адмовілася з’язджаць у эвакуацыю і падчас вайны.

Дачка Таццяна вучылася ў 1926–1928 гадах у Маскоўскай саматужнай школе імя Міжнароднага дня работніцы па спецыяльнасці “Інструктар-кіраўнік вывучанага рамяства” (выраб адзення). Збіралася замуж, але вайна разбурыла ўсе планы. Каханы малады чалавек загінуў у першыя дні вайны.

Таццяна ўступіла ў рады добраахвотнай дружыны. Часта дзяжурыла на дахах, тушыла запальныя бомбы. Здавала кроў для фронту і стала ганаровым донарам. У гады вайны была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу”.

У пасляваенныя гады Таццяна Гаварына працавала ў “Мастаргплодагародніне”, а крыху пазней на машынна-лічыльнай фабрыцы кіравання на пасадзе намесніка начальніка старшага інструктара машынна-лічыльнага бюро.

Усё астатняе сваё жыццё дачка Мікалая Гаварына пражыла адна. Не стала Таццяны Мікалаеўны 20 ліпеня 1989 гады. Як распавядалі блізкія, перад смерцю яна з усімі развіталася, узяла ў рукі Псалтыр і крыжык і ціха заснула. Пахавалі дачку святара Гаварына на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

Сын Мікалая Гаварына Яўген у 1923–1925 гадах служыў паблізу Уладзівастока. Пасля вучыўся, працаваў бухгалтарам. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пайшоў добраахвотнікам на фронт. У 1941 годзе пры абароне Масквы прапаў без вестак.

Матушкі Валянціны Іванаўны не стала 14 лютага 1968 года.

Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 24 снежня 2004 года айцец Мікалай Іванавіч Гаварын прылічаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання, а рашэннем Беларускага Сінода ад 12 студзеня 2012 года прылічаны да Сабора Беларускіх святых.

Памяць свяшчэннапакутніка Мікалая Гаварына здзяйсняецца 24 красавіка (11 красавіка па ст. ст.) у Саборы Беларускіх святых, Саборы Комі святых і Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Свяшчэннапакутнік Мікалай Гаварын.

Імя свяшчэннапакутніка Мікалая Гаварына жыве ў сэрцах шчырых вернікаў. Па крупінках збіраецца найважнейшая інфармацыя, што адкрывае новыя кірункі ў справе вывучэння жыццёвага і духоўнага подзвігу святога.

Клірыку гарадзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэю Уладзіміру Пятручыку за некалькі гадоў пошукаў і вывучэння архіўных матэрыялаў удалося адшукаць сапраўдны скарб – асабістыя фотаздымкі святога і яго сям’і, запісаць успаміны блізкіх ім людзей.

Вечарына памяці свяшчэннапакутніка Мікалая Гаварына. 2024 г.

21 красавіка 2024 года ў царкоўным доме храма Сабора беларускіх святых горада Гродна адбылася вечарына памяці свяшчэннапакутніка Мікалая Гаварына. Іерэй Ілля Гапановіч расказаў пра жыццё і подзвіг Мікалая Гаварына – святога, які доўгі час служыў у Гродне ў Сафійскім саборы і акармляў царкоўна-прыходскія школы акругі.

Свяшчэннапакутнік Мікалай Гаварын стаў сімвалам стойкасці, духоўнай мужнасці і вернасці праваслаўнай веры ва ўмовах ганенняў. Яго жыццё і подзвіг служаць напамінкам пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю Праваслаўнай Царквы ў XX стагоддзі.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы

https://www.svbs.by 
https://obitel-minsk.ru 
https://drevo-info.ru
https://orthos.org
https://pokrovgrodno.org.ru
https://azbyka.ru
https://www.pravenc.ru
https://santosepulcro.co.il
https://pokrovgrodno.org