Старажытная царква ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна ў аг. Сноў

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Гісторыя мястэчка Сноў вельмі цікавая і самабытная.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Сноў успамінаецца 18 ліпеня 1478 года як маёнтак у Навагрудскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер гэта аграгарадок у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці.

У 1529 годзе паселішча Сноў згадваецца як маёнтак паноў Сноўскіх, а ў 1564-м атрымлівае статус мястэчка.

Вядома, што ў XVI ст. мястэчка ўваходзіла ў Нясвіжскую ардынацыю (групы зямельных уладанняў, што перадаваліся цалкам нашчадкам княжацкага роду па мужчынскай лініі) Радзівілаў.

Ішоў час, які вымагаў асаблівых рашэнняў. Амаль за дзесяць гадоў (1620-я – 1630-я гг.) змянілася ажно тры ўладальнікі Нясвіжскай ардынацыі – сыны Мікалая Радзівіла Сіроткі (Ян, Альберт і Аляксандр). Мястэчка Сноў прадалі спачатку шляхцічам Гарабурдам, а пасля ў 1639 годзе – Рдултоўскім.

З сярэдзіны XVII ст. да сярэдзіны XIX ст. гісторыя Снова цесна  звязана з шляхецкім родам Рдултоўскіх, прадстаўнікі якога вельмі  клапаціліся пра духоўную асвету і прыгажосць сваёй мясціны.

Рдултоўскія шчыра служылі Вялікаму Княству Літоўскаму. Заснавальнікам сноўскай галіны роду стаў навагрудскі кашталян Ян Багуслаў, а яго нашчадкамі – сын Антоній і ўнук Ян Крыштаф, навагрудскі харунжы. На долю Рдултоўскіх выпала аднаўленне мястэчка пасля разбурэнняў канца XVIIІ ст., а таксама прыём у Снове караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, які накіроўваўся да Радзівілаў у Нясвіж.

Пры Рдултоўскіх у 1769 годзе ў Снове закладзена праваслаўная капліца ў імя апосталаў Пятра і Паўла.

Роду Рдултоўскіх, а менавіта Казіміру, сыну Яна Крыштафа, належыць і будаўніцтва на беразе ракі Сноўкі ў 1825-1827 гадах аднаго з самых буйных у Беларусі палацава-паркавых комплексаў у стылі класіцызму, што да гэтага часу з’яўляецца гісторыка-архітэктурнай каштоўнасцю краіны.

У палацы, пабудаваным па праекце архітэктара Тычэцкага, налічвалася каля сотні пакояў і залаў. Унутраная планіроўка палаца за гады моцна змянілася, а сам будынак захаваўся да нашага часу ў добрым стане.

 У 1925 годзе апошні ўладальнік гэтага шыкоўнага палаца Генрых Гарцінг прадаў яго польскаму Корпусу памежнікаў. Праз некаторы час палац быў прыстасаваны пад канцылярыю і месца жыхарства польскіх афіцэраў.

Пасля 1939 года ў былым маёнтку жылі ўжо савецкія вайскоўцы, затым у будынку доўгі час размяшчаўся вайсковы шпіталь…

Славіўся некалі Сноў і сядзібна-паркавым комплексам, які быў закладзены ў сярэдзіне ХІХ ст. Густавам Гарцінгам, – сядзібай, вялікім паркам, садам, выкапанай сажалкай, вялікім паркам.

Мураваны двухпавярховы сядзібны дом, часткова парк і гаспадарчыя пабудовы захаваліся да нашых дзён. Да канца 2000-х у сядзібным доме Гарцінгаў размяшчалася бальніца, а цяпер, на жаль, будынак паступова прыходзіць у заняпад.

Сноўская царква ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна. ХХІ ст.

Святыняй гарадка Сноў і адной з культурна-гістарычных каштоўнасцей гэтай мясціны з’яўляецца праваслаўная царква ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна. Размешчаны храм на высокім узгорку старажытных сноўскіх могілках.

Гісторыя будаўніцтва царквы бярэ адлік з 1769 года, калі ўладальнік вёскі Горны Сноў Ян Крыштаф Рдултоўскі заклаў на месцы цяперашняга храма капліцу ў імя святых Пятра і Паўла. Была яна драўляная, мела адзін купал на франтоне і размяшчалася на ўскрайку вёскі.

У 1836 годзе, пасля таго як капліца згарэла, на яе месцы па загадзе Казіміра Рдултоўскага пабудавалі каменны храм, асвечаны, як і раней, у імя тых жа першавярхоўных апосталаў.

Пры Сноўскай царкве была адкрыта царкоўна-прыходская школа, заснавальнікам якой быў протаіерэй Стэфан Арэнь, які вядомы сваім падзвіжніцтвам і многа зрабіў для навучання дзяцей навакольных вёсак. У школе вывучалі 4 прадметы: Закон Божы, арыфметыку, чытанне і пісьмо. Знаходзілася яна на вул. Садовай, дзе пасля размясцілася нядзельная школа.

У 1893 годзе пры новых уладальніках, Гарцінгах, храм рэканструявалі і пераасвяцілі ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна.

Сноўская Касма-Даміянаўская царква. 2018 г. Фотаздымак: Іван Бай.

Па архітэктуры храм можна аднесці да стылю позняга класіцызму, пра што сведчыць яго прамавугольная форма, трохгранная апсіда, невысокая двух’ярусная вежа-званіца. Арачны партал са званіцай на другім ярусе дабудаваны пазней.

Сцены званіцы і вежы над ёй фланкіруюць калонкі са стылізаванымі капітэлямі.

Сцены бакавых фасадаў храма тонкім карнізным паяском падзелены на два гарызантальныя ярусы. Верхні ярус рытмічна падзелены трыма высокімі арачнымі вокнамі, над якімі трохвугольныя сандрыкі, што абапіраюцца на тонкія лапаткі са стылізаванымі капітэлямі.

Галоўны ўваход уяўляе сабою двух’ярусны тамбур з трохпралётнай аркай-уваходам.

У інтэр’еры храма вылучаецца высокая залавая прастора. Перакрыццё плоскае, драўлянае. Пры ўваходзе – галерэя хораў. У цэнтры – чатырох’ярусны драўляны іканастас ХVІІІ ст., які завяршае ажурная драўляная разьба ў выглядзе завіткоў барочнай формы.

Іканастас Касма-Даміянаўскай царквы, выраблены ў віленскім праваслаўным манастыры Святога Духа і перададзены ў дар царкве манахамі, з’яўляецца помнікам архітэктуры малых форм.

Драўляны іканастас сноўскага Касма-Даміянаўскага храма.

Царскія вароты маюць скразную разьбу, пакрытую пазалотаю. На створках варот размешчаны невялікія круглыя абразы Лукі, Іаана, Марка і Матфея, а над імі ў пазалочаным сонечным арэоле – скульптура голуба, што сімвалізуе сыход Святога Духа. У цэнтры іканастаса размешчана ікона Тайнай Вячэры, а на вяршыні іканастаса – вобраз Хрыста-Збавіцеля на троне.

Царква ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна ў Снове не была пашкоджана ні ў час ваенных дзеянняў, ні пасля. Храм ніколі не закрываўся. Вядома, што падчас закрыцця другіх храмаў прыхаджане нават перадавалі сюды іконы для захавання.

Сёння, як і заўсёды, дзверы сноўскага старажытнага храма ў імя святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна адчынены для шматлікіх вернікаў. 

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  1. https://sluck-eparchiya.by
  2. https://radzima.org
  3. http://sobor.by
  4. https://hram.by
  5. https://planetabelarus.by
  6. https://wikimapia.org
  7. https://vedaj.by

Памяць. Нясвiжскi раён / [уклад. С.П. Самуэль; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) и др.]. – Мiнск : Беларуская Энцыклапедыя, 2001. 

Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с.