Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Аршанская Свята-Іллінская царква Успенскага жаночага манастыра знаходзіцца ў маляўнічым месцы, сярод дрэў і зеляніны, на левым беразе Дняпра.
Свята-Успенскі жаночы манастыр, заснаваны ў 1631 годзе княгіняй Ганнай Агінскай і яе сынам Багданам Статкевічам, меў назву Куцеінскі, бо знаходзіўся побач з ракою Куцеінкай, што ўпадала ў раку Днепр. Ракі Куцеінкі цяпер ужо няма.
У манастырскі корпус уваходзіла некалькі драўляных цэркваў і іншыя пабудовы. Тут знаходзілася двух’ярусная брама-званіца з каменным ніжнім ярусам.
Галоўны драўляны сабор манастыра згарэў у 1635 годзе. Праз 20 гадоў у стылі барока пабудаваны новы мураваны Успенскі сабор.
У 1658 годзе куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадкрыты Уваскрасенскі манастыр у Смаленску.
У 1691 годзе ў Оршы пабудавалі цагляную царкву Раства Прасвятой Багародзіцы, што праіснавала больш за два стагоддзі і была знішчана ў 1950-х гадах.
У 1920-я гады манастыр быў закрыты, галоўны храм выкарыстоўваўся пад склад і вяндлярню.
Успенскі сабор манастыра быў адкрыты ў час Вялікай Айчыннай вайны і больш не закрываўся.

Аднаўленне жаночага манастыра прыйшлося на 1990-я гады.
У 1996 годзе заснавана жаночае манаскае таварыства ў Оршы, пры Іллінскім храме арганізавана сястрыцтва.
У 1997 годзе Успенскі жаночы манастыр аднавіў сваю дзейнасць пры Свята-Іллінскім храме. Абгароджаны белакаменным плотам будынак манастыра арганічна ўпісваўся ў прыродны ландшафт.
Аднавіць манастыр на старым месцы 1631 года не змаглі, паколькі ён быў цалкам разбураны, а манастырская тэрыторыя занята школай, дзіцячым садам і жылымі будынкамі.
Пабудавалі таксама і новы двухпавярховы корпус для сясцёр. У 2006 годзе завяршылася будаўніцтва і адбылося асвячэнне Успенскай царквы манастыра.

Велічны Свята-Іллінскі храм – асаблівая духоўная і гістарычная каштоўнасць не толькі аршанцаў.
Свята-Іллінскі храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, ахоўваецца дзяржавай як помнік гісторыі і культуры.
Згадаем жа гісторыю святыні, адбудаванай у 80-х гадах ХІХ стагоддзя.
Насупраць цяперашняй Свята-Іллінскай царквы ў XV стагоддзі размяшчалася замчышча, куды прыязджаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір IV са сваёй жонкай Лізаветай. Напэўна, не раз яны адпачывалі на Дняпры.
Нагадаем, што з 20 ліпеня (па старым стылі), з дня памяці прарока Іллі, купацца ў рэках і вадаёмах забаранялася.
Аднойчы здарылася так, што княгіня Лізавета адправілася купацца на раку якраз у гэты дзень і ледзь не патанула. Яна ўшаноўвала прарока Іллю і стала зваць святога на дапамогу. Цудам княгіні ўдалося выплыць.
Як сведчыць паданне, у памяць пра выратаванне сваёй жонкі Лізаветы князь Казімір Ягелончык загадаў пабудаваць па ўсёй краіне цэрквы ў гонар святога Іллі.
Драўляны Свята-Іллінскі храм у Оршы быў пабудаваны прыкладна ў 1460 годзе на самым відным і прыгожым месцы, насупраць старажытнага гарадзішча, на левым беразе Дняпра. Прыхаджанамі сталі жыхары Іллінскай слабады Прыдняпроўя.
Свята-Іллінская праваслаўная драўляная царква доўга не праіснавала, згарэла. На гэтым месцы пабудавалі новую царкву ў імя святога Іллі, таксама драўляную.
За некалькі стагоддзяў храм перажыў разам з горадам шматлікія войны. Геаграфічнае становішча Оршы заўсёды рабіла горад прывабным для размяшчэння войскаў, што садзейнічала часам пераўтварэнню яго ў арэну ваенных дзеянняў…
У час Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) Орша была сур’ёзным стратэгічным пунктам. Важнасць горада ў ходзе вайны падкрэслівае той факт, што ў 1706 і 1708 гадах тут знаходзіўся цар Пётр I.
Расійскія войскі, адыходзячы на поўдзень у 1708 годзе, па загадзе цара падпалілі горад. Частка збудаванняў згарэла. На шчасце, Іллінская царква тады не пацярпела.
Захавалася легенда, што менавіта ў царкве ў імя святога Іллі ў часы Паўночнай вайны Пётр I маліўся і прасіў у Госпада сілы, каб атрымаць перамогу над шведамі.
Падчас знаходжання Оршы ў складзе Рэчы Паспалітай (да 1772 г.) Свята-Іллінская царква з’яўлялася праваслаўнай.
Цудам выратаваўся храм і ў 1812 годзе. Толькі дзякуючы дажджу ды падаспелым казакам горад застаўся цэлым, калі рэшткі напалеонаўскай арміі, што адступалі, падпалілі Оршу.
На невялікай адлегласці ад Свята-Іллінскага храма дзейнічала пераправа праз Дняпро, дзе ў асноўным левабярэжныя жыхары павета ладзілі кірмашы.
У 1824 годзе храм згарэў, і каля яго ў 1825 годзе была пабудавана Увядзенская могілкавая царква.
Новы Іллінскі храм пабудаваны ў 1842 годзе і 9 ліпеня асвечаны Магілёўскім архіепіскапам Смарагдам.
У 1850 годзе каля Іллінскай царквы ўзведзена цёплая царква ў гонар вялікапакутніцы Сафіі.
Прайшло нямала часу. 3 мая 1894 года з-за дзіцячага свавольства гэтыя два храмы былі знішчаны пажарам.
Згодна з царкоўнай традыцыяй, святым лічыцца не толькі сам храм, але і месца, дзе стаяла старая царква. Таму новая каменная царква ў гонар святога Іллі Прарока пабудавана менавіта на месцы храмаў XV–XVI стагоддзяў.
Датай узвядзення каменнага Свята-Іллінскага храма лічыцца 1880 год. Аднак, на думку некаторых даследчыкаў, яна застаецца не зусім дакладнай. У розных крыніцах на гэты конт ёсць істотныя разыходжанні. Існуе меркаванне, што дата пабудовы царквы – 1898 год.
Вядома, што ў 1895–1896-х гадах хадайніцтвам магілёўскага епіскапа гаспадарчае ўпраўленне пры Святым Сінодзе аказала дапамогу ў будаўніцтве новага каменнага храма. Дапамагалі і вернікі.
“Справа аб разглядзе ў гаспадарчым упраўленні пры Сінодзе хадайніцтва Магілёўскага епіскапа аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва мураванай царквы ў г. Орша” датавана 1895 годам. Гэта значыць, што мураваную царкву яшчэ толькі збіраліся будаваць.
У Фондзе гаспадарчага ўпраўлення пры Сінодзе Расійскага дзяржаўнага архіва захоўваюцца датаваныя 1910 годам “Страхавыя лісткі па ацэнцы Іллінскай каменнай царквы з рознымі звесткамі”, дзе царква датуецца 1898 годам. Атрымліваецца, да 1898 года Свята-Іллінскі мураваны храм, які захаваўся да цяперашняга часу, быў адбудаваны.
Магчыма, з часам і пашырэннем кола крыніц пытанне пра дату будаўніцтва мураванай Свята-Іллінскай царквы будзе канчаткова закрыта.
Ні войны, ні рэвалюцыі не перашкодзілі храму быць сапраўднай апорай для вернікаў. І прыхаджан, і прыезджых здзіўляе прыгажосць храма, яго вонкавы выгляд.
Іллінская царква – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм кананічнай 4-часткавай кампазіцыі, якую фарміруюць прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала і 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі.
Над цэнтральным кубападобным аб’ёмам – цыбулевідны купал, узняты на каскад какошнікаў; 2 макаўкі над шатром васьмерыка званіцы і шматгранным дахам апсіды, што фарміруе надзвычай маляўнічы сілуэт пабудовы.
Уваход вылучаны традыцыйным для рускага храмавага дойлідства XVІI стагоддзя чатырохслуповым рундуком, які завяршаецца гранёным шатром з макаўкай.
Адзін час купалы і званіца былі пафарбаваны ў шэры колер. Цяпер царква ззяе белымі сценамі, блакітнымі купаламі і сінімі дахамі. Цэнтральная частка абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.
У падмурак цаглянай агароджы закладзены памятны камень з надпісам XVII стагоддзя. Адна сцяна храма ўпрыгожана іконай-фрэскай прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

На прылеглай да храма Святога Іллі тэрыторыі засталося некалькі невядомых магіл святароў, якія калісьці служылі ў храме, а таксама іх жонак і дзяцей. Да адной з магіл вернікі прыходзяць, каб атрымаць дапамогу падчас складаных жыццёвых сітуацый.
Святы Ілля – заступнік храма – беражэ сваіх прыхаджан. Вядома, што адпраўляючыся з Оршы на фронт Першай сусветнай вайны, афіцэры са стралковых палкоў атрымлівалі благаслаўленне ад святара Андрэя Зяньковіча, тагачаснага настаяцеля Свята-Іллінскай царквы. Малітвы святара дапамаглі ўсім да аднаго вярнуцца дадому жывымі. У знак падзякі пасля смерці святара вернікі ўстанавілі на яго магіле гранітную пліту.
Царква была закрыта пасля 1917 года і ператворана ў склад, на шчасце, ніякіх перабудоў тут не рабілі. Нягледзячы на савецкія рэпрэсіі, у 1920-1930-х гадах царква належала праваслаўнаму духавенству.
У 1937 годзе Свята-Іллінскі храм быў закрыты савецкай уладай, і богаслужэнні праводзіліся ў прыватных дамах. Храм адкрылі ў 1941 годзе, падчас нямецкай акупацыі.
Пасля Другой сусветнай вайны храм не закрываўся поўнасцю і з 1961-га па 1990-я гады быў адзіным дзейным храмам у Оршы. Да 1995 года ён меў статус кафедральнага сабора.

Сярод ікон, якія цяпер захоўваюцца ў Свята-Іллінскім храме, можна ўбачыць і старажытныя, і больш сучасныя. Абраз святой апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай вышыты шоўкам па аксаміце мастачкаю Валянцінай Андрэеўнай Янкоўскай, паслушніцай жаночага манастыра.
На жаль, абраз Аршанскай іконы Божай Маці страчаны, але захаваліся спісы з яго.

У Мінскім Свята-Духавым саборы знаходзіўся спіс Аршанскага абраза Багародзіцы, зроблены ў XVIII стагоддзі.
13 ліпеня 2001 года Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, святыня перададзена ў дар Віцебскай епархіі і размешчана ў Свята-Іллінскім храме Свята-Успенскага жаночага манастыра. З 2014 года святыня знаходзіцца ў Свята-Троіцкім храме Куцеінскага манастыра.
18 верасня 2024 года, у дзень Аршанскай іконы Божай Маці, адбыўся штогадовы хрэсны ход па маршруце ад Куцеінскага манастыра да аршанскага гарадзішча, прымеркаваны да 40-годдзя ўстанаўлення святкавання Сабора Беларускіх святых.

Хрэсным ходам вернікі прайшлі па вуліцах Оршы, у якім прынялі ўдзел гараджане, а таксама шматлікія паломнікі.

Мінаюць стагоддзі. І з кожным годам у людзей узмацняецца ўсведамленне неабходнасці ведаць і шанаваць гістарычныя і культурныя помнікі сваёй краіны.
Вернікі прыходзяць у Свята-Іллінскую царкву, каб пакланіцца святыням, папрасіць здароўя сабе, родным і блізкім, міру і дабра на зямлі, а таксама атрымаць задавальненне ад прыгажосці храма, благадаць ад калакольнага звону, які раздаецца над ракой і старажытнай Оршай.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы
- https://vitprav.by
- http://uspenskiy.by
- http://gosspisok.gov.by
- https://my-places.by
- https://prilukicerkov.by
- https://www.radzima.net
- https://svoe.by
- https://planetabelarus.by
- https:/belta.by
- https://archivarta.by-orsha
- https://vetliva.ru
- https://drevo-info.ru
- https://www.orshanka.by
- https://www.tripadvisor.ru






