Раніцай 20 кастрычніка 2021 года Бог забраў да Сябе вядомага мастака-графіка, іканапісца, скульптара, лаўрэата дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалера ордэна Францыска Скарыны, члена Саюза мастакоў Беларусі Барыса Барысавіча Цітовіча.
Светлы і вельмі добразычлівы чалавек, дасведчаны спецыяліст і майстар з залатымі рукамі, ідэйны і натхнёны арганізатар, разважлівы і мудры дарадца, памяркоўны і дбайны гаспадар, любячы і клапатлівы сем’янін, апантаны даследчык царкоўнай і ваеннай гісторыі, народнай культуры і мастацтва, адказны грамадзянін з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, таленавіты мастак – гэта далёка не поўны пералік адметных характарыстык шматграннай яго асобы. Усё жыццё Барыса Барысавіча было прыкладам самаадданага служэння Богу і Царкве, абранай справе і людзям.
Нарадзіўся Барыс Цітовіч 28 чэрвеня 1948 года на Урале ў сям’і ваеннага. У 60-х гадах Цітовічы пераязджаюць на гістарычную радзіму ў Беларусь. У 1972 годзе Барыс заканчвае Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ўладкоўваецца на працу ў Мінскі мастацка-вытворчы камбінат. Затым была служба ў войску і вяртанне ў калектыў камбіната.
У 1974 годзе Барыс Барысавіч разам з жонкай Валянцінай Пятроўнай, актрысай і рэжысёрам, пакідаюць сталіцу і пераязджаюць у вёску Заброддзе Вілейскага раёна. Гэта цяпер Заброддзе – сапраўдны цэнтр культуры, пра які ведаюць далёка за межамі нашай краіны, а тады гэта была маленькая вёсачка на беразе Нарачанкі, у якой дажывалі свой век простыя людзі, чыя непасрэднасць і шчырасць пакарыла маладых гараджан.
Адразу па прыездзе маладыя творцы арганізуюць дзіцячы перасоўны лялечны тэатр «Ялінка» пры доме культуры ў цэнтры калгаса – вёсцы Нарач. Тэатр амаль адразу стаў узорным і доўгія гады выхоўваў вясковых дзяцей у атмасферы радаснай творчасці. Потым пры Нарачскай школе мастацтваў быў створаны духоўны тэатр для падлеткаў, дзе ставіліся складаныя спектаклі з духоўнымі тэкстамі і песнапеннямі, праз якія сцвярджаліся хрысціянскія маральныя каштоўнасці.
У верасні 1976 года у маладой сям’і нарадзіўся сын Даніла, які пайшоў бацькавым шляхам (1990-1994 – вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, 1994-1998 – Мінскае вучылішча мастацтваў, 1999-2006 – клас скульптуры Вышэйшай школы мастацтваў у Германіі) і стаў памагаць бацьку ў стварэнні музейнага комплекса старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», музейнага комплекса Першай сусветнай вайны ў Заброддзі, вялікага мноства памятных знакаў, крыжоў і помнікаў на месцах баёў і брацкіх пахаванняў. А яшчэ Цітовічы разам зрабілі разны іканастас для Свята-Успенскай царквы
г. Гарадок у Польшчы.
Амаль адразу пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута Цітовіч Б.Б. атрымлівае Усесаюзную прэмію за ілюстрацыі да кнігі Івана Мележа «Людзі на балоце». Узнагарода такога ўзроўню па тым часе азначала бяспрэчнае прызнанне высокай адметнасці прадстаўленых на конкурс твораў. І тое, што яе атрымаў малады мастак з Беларусі, сведчыць не толькі пра яго талент, але і пра глыбіню душы, бо толькі чалавек з вялікай душой змог бы перадаць праз творы кніжнай графікі на столькі разнастайную гаму чалавечых пачуццяў і нацыянальных адметнасцяў. Такімі ж глыбокімі, шчырымі і пранікнёнымі былі і пазнейшыя ілюстрацыі Барыса Цітовіча да кніг «Подых навальніцы» (1973) і «Завеі, снежань» (1978) Івана Мележа, «Дзве аповесці» Віктара Казько (1977), «Пушча» Віктара Карамазава (1979), «Марат Казей» Петруся Броўкі (1980), «Песня свабоды» Янкі Купалы ў перакладзе на малдаўскую мову (1982), «Летуценнік» і «Смутак белых начэй» (1985) Івана Навуменкі, «Ля крыніцы: Аповесці» Янкі Брыля (1986), «Зеніт» Івана Шамякіна (1987) і іншых, графічныя серыі «Памяці Брэста» (1975), «Поры года» (1978), «Салдацкім удовам прысвячаецца» (1981), «Мае аднавяскоўцы» (1982), «Сялянскі накцюрн» (1983), «Тыя, хто перанёс вайну» (1985), «Хроніка з нататкамі на палях» (1986).
З такой жа душэўнай шчырасцю і прафесійным разуменнем ствараў Барыс Цітовіч помнікі, распісваў храмы, аднаўляў старыя і будаваў новыя капліцы і часоўні, пісаў іконы. Ён быў сапраўдным іканапісцам, які не толькі добра вывучыў старарускія тэхнікі насценнага храмавага роспісу і стварэння ікон, але і па старадаўняй праваслаўнай традыцыі трымаў доўгія пасты і працаваў у малітоўнай засяроджанасці. Таму і вынікі працы не могуць не ўразіць сваёй духоўнай і мастацкай дасканаласцю як дасведчаных спецыялістаў, так і простых прыхаджан. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова зайсці ў вілейскую Свята-Ціханаўскую царкву, дзе амаль усе насценныя роспісы выкананы рукамі Б.Б. Цітовіча.
Калі ж вы наведаеце вёску Заброддзе, то яшчэ на падыходзе да мемарыяльнай капліцы святых Бабыса і Глеба са звонніцай, якія ўзведзены па праекце мастака, за яго сберажэнні і з непасрэдным удзелам ад закладкі першага вянца да апошняга штрышка ў афармленні, вы ўпэўніцеся яшчэ ў адным таленце Барыса Барысавіча – ландшафтнага дызайнера. Капліца і звонніца як ўзор старадаўняга драўлянага дойліцтва настолькі арганічна ўпісана ў прыроднае асяроддзе, што заварожвае кожнага наведвальніка.
Усё, да чаго мастак дакранаўся, набывала прафесійную дасканаласць. Яго малюнкі, гравюры і жывапісныя палотны зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі і іншых дзяржаў свету.
Барыс Барысавіч Цітовіч пражыў змястоўнае творчае жыццё. Ён ніколі не сядзеў без працы, ён кіпеў у штодзённых клопатах, ідэях, планах… Ён ніколі не думаў аб выгодах для сябе і ніколі не заўважаў іх адсутнасці…
Ён з падкрэсленай павагай ставіўся да кожнага чалавека. Ён любіў людзей і карыстаўся такой жа любоўю ўсіх, хто яго ведаў. Ён умеў гаварыць са старымі і малымі, з падлеткамі і моладдзю, з людзьмі высокаадукаванымі і вельмі простымі. Ён быў адкрытым і прамым. Ён быў сапраўдным! Ад яго можна было павучыцца, з ім можна было параіцца, з ім кожнаму было проста і добра…
Няхай і яму будзе добра ў Нябесным Царстве! Няхай Бог падорыць яго душы спакой і радасць! Мы будзем маліцца за яго і ведаем, што і ён у Вечнасці будзе маліцца за нас.
Мікалай Іваненка,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Вілейскай гімназіі № 2
В материале использованы фото Планета Беларусь
oroik.by