Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Сярод сонма святых Беларусі няшмат знойдзецца такіх, пра каго захавалася так мала звестак, як пра блажэннага Дыянісія, епіскапа Полацкага. Невядома ні пра час і месца яго нараджэння, ні пра яго паходжанне і падзвіжніцтва.
Святы Дыянісій узначаліў епіскапскую кафедру ў слаўным горадзе Полацку паміж 1156 г. (апошняе згадванне ранейшага епіскапа Космы) і 1166 г., калі ўпершыню новы ўладыка згаданы ў летапісах.
Прыкладна ў гэты час манаскі пострыг прынялі дзве пляменніцы прападобнай Еўфрасінні Полацкай – Кірыяна і Вольга. Кірыяна атрымала імя Агафія, а Вольга – Яўфімія. Даследчыкі мяркуюць, што менавіта ў гэтым прамежку часу ў Полацку быў пастаўлены новы архіерэй.
Пра тыя падзеі захавалася летапіснае паданне: “Блаженная же Еуфросиния, пославши, призва епископа, тогда стол правяща святое Софеи нарицаемаго Дионисия, и введши ю в церковь, и повеле острищи ю, и нарече имя Кироанне – Агафия, а Ольге – Еуфимия”.
Да прыняцця епіскапскага сану Дыянісій, магчыма, быў манахам знакамітага Кіева-Пячэрскага манастыра. Так сцвярджаюць большасць даследчыкаў. Іншыя ж мяркуюць, што Дыянісій паходзіў з “рамеяў” (візантыйцаў) і прыбыў у Полацкае княства з далёкай Візантыі. Бо да гэтага Полацкую кафедру ўзначальваў згаданы епіскап Косма, таксама “рамей”. Ды і пераемнікам Дыянісія стаў візантыец – епіскап Мікалай…
Служэнне свяціцеля прыйшлося на час, калі заззяла на зямлі Полацкай слава прападобнай ігуменні Еўфрасінні. Уладыка Дыянісій благаслаўляў і навучаў прападобную ва ўсіх справах набожнасці, акармляў манастыр каля Полацка. Ён жа, як мяркуецца, асвяціў і Спаскую царкву, пабудаваную ў манастыры прападобнай ігуменняй Еўфрасінняй.
Па волі Божай і па благаславенні ўладыкі Дыянісія адпраўлялася прападобная Еўфрасіння ў паломніцтва на Святую зямлю, дзе скончыўся яе зямны шлях.
Свяціцель Дыянісій адзін з першых усвядоміў веліч духоўных подзвігаў і набожнасць жыцця прападобнай Еўфрасінні. Ён маліўся пра найхутчэйшае царкоўнае ўслаўленне полацкай князёўны-ігуменні і выступіў ініцыятарам шанавання святой Еўфрасінні. Магчыма, па яго благаславенні былі складзены Жыціе і Служба прападобнай князёўні-ігуменні.
Пра смерць епіскапа Дыянісія паведамляе Іпацьеўскі летапіс пад 6691 годам (1184 год): “Въ то же лѣто преставися епископъ Полотьскій, именемъ Діонисій”.
Аднак няма яснасці ў іншых хроніках, дзе сказана, што прыняў Гасподзь душу святога ўгодніка ў лета 1182 ці 1183…
У агні войн і пажараў зніклі пажоўклыя ад часу старонкі жыцця свяціцеля Дыянісія. Паданні ж не данеслі да нас вестак ні пра духоўныя працы святога, ні пра яўленых пры яго мошчах цудатварэннях. Невядома, калі быў ён прылічаны да ліку святых. Але памяць пра полацкага ўладыку спрадвеку шанавалася ў народзе. І гэта сведчыць пра невядомыя нам праявы ласкі Святога Духа на гэтым угодніку Божым.
Невядома і месца спачыну свяціцеля Дыянісія. Магчыма, быў пахаваны ўладыка ў Спаскім манастыры, дзе па традыцыі знаходзілі апошні спачын папярэднія полацкія епіскапы. Аднаму Богу гэта вядома…
Аднак, па волі Госпада, з глыбінь ХІІ стагоддзя дайшлі да нас некаторыя рэчы свяціцеля Дыянісія. У 2019 годзе пры археалагічных раскопках у Пскове, пры абнаружэнні даследчыкамі ўзроўню культурных адкладаў ХІІ ст., сярод керамікі таго часу была знойдзена віслая свінцовая пячатка полацкага епіскапа Дыянісія.
Пячатка праляжала ў зямлі амаль тысячу гадоў, але захавалася ў вельмі добрым стане. З аднаго боку – выява Багародзіцы “Знамение”, а з другога – надпіс з пяці радкоў, што напісаныя кірыліцаю. Дарэчы, першае слова напісана на грэчаскай мове – сфрагіс, што азначае пячатка. Увесь надпіс выглядае наступным чынам: “Печать Дионисия, Епископа Полоцкого”.
Знойдзены ўнікальны артэфакт паказвае, наколькі цесныя сувязі існавалі паміж сярэднявечнымі Полацкам і Псковам, а таксама ўскосна ўплывае на меркаванне пра паходжанне епіскапа Дыянісія.
Дыянісій Полацкі кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой у ліку свяціцеля.
Дзень памяці: 6 ліпеня і ў Саборы Беларускіх святых (Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы).
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- https://eparhia992.by
- https://www. brestgornitsa.by
- https://spas-monastery.by
- https://drevo-info.ru
- https://www.souzveche.ru
- https://www.palomnik.by
- https://www.pravenc.ru
- http://www. skorina-lib.by
- https://lyubimiigorod.ru