Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Вядомы царкоўны і культурны дзеяч, cвяціцель Георгій (Каніскі) нарадзіўся 20 лістапада 1717 года ў горадзе Нежыне на Чарнігаўшчыне. Падчас святога хрышчэння хлопчыка назвалі Грыгорыем. Паходзіў ён са шляхецкага роду Каніскіх.
У 1728 годзе, пасля заканчэння палкавой школы, у 11-гадовым узросце Грыгорый паступае ў Кіева-Магілянскую акадэмію, якая лічылася ў той час найбуйнейшым цэнтрам навукі і асветы ва ўсім славянскім свеце. Там ён вывучаў лацінскую, польскую, грэчаскую, старажытнаяўрэйскую, нямецкую мовы, багаслоўе, а таксама паэтыку, філасофію, якую слухаў у архімандрыта Сільвестра (Кулябкі). Праявіў Грыгорый і асаблівы талент да паэзіі.
Курс навучання ў акадэміі доўжыўся 15 гадоў.
Вучыўся Грыгорый падчас найвышэйшага росквіту навучальнай установы, калі там выкладалі яе найлепшыя выпускнікі: Стэфан Каліноўскі, Міхаіл Казачынскі, Сімяон Татароўскі. На гэты ж час прыпадае яго вучоба ў Феафана Пракаповіча і Рыгора Скаварады.
Грыгорый Каніскі бліскуча скончыў вучобу ў Кіева-Магілянскай акадэміі ў 1743 годзе, атрымаўшы выдатную адукацыю. Засвоіў паэтыку, філасофію, багаслоўе. Пісаў вершы на рускай, лацінскай і польскай мовах. Дасканала валодаў пяццю мовамі.
Грыгорый Каніскі трапіў у лік абраных выпускнікоў, якія штогод папаўнялі выкладчыцкі састаў навучальнай установы.
11 жніўня 1744 г. Грыгорый прыняў манаства з духоўным іменем Георгій. Пострыг у Кіева-Пячэрскай лаўры здзейсніў сабор святароў на чале з Кіеўскім мітрапалітам Рафаілам (Забароўскім).
Малады манах старанна рыхтуецца да выкладчыцкай дзейнасці і ў 1745 годзе становіцца выкладчыкам кафедры красамоўства, дзе чытае распрацаваны ім жа арыгінальны курс паэтыкі.
У 1747 годзе манах Георгій рукапаложаны ў сан іераманаха (святара) і пераведзены на пасаду выкладчыка ў філасофскі клас. У хуткім часе становіцца прафесарам.
Для лепшага навучання студэнтаў, вучань і паслядоўнік прафесараў С. Кулябякі, Ф. Пракаповіча, С. Тадароўскага, у 1750 годзе склаў інструкцыю “Аб парадку выкладання прадметаў ва ўсіх класах…”. Заахвочваў заняткі музыкай і жывапісам, распрацаваў праграмы шэрагу акадэмічных курсаў. Паважаў прыродазнаўчыя навукі. Высока ставіў вучэнні Каперніка, Галілея, Дэкарта. Менавіта з гэтым звязана тое, што ў Магілёве са званіцы Спаскай царквы нават праводзіліся астранамічныя назіранні.
Іераманах Георгій расказваў студэнтам пра дасягненні астранамічных даследаванняў. Многія прыродныя феномены тлумачыў натуральнымі прычынамі, устаноўленымі навукай. Ён верыў у сілу чалавечага розуму, хоць і прызнаваў гістарычную абмежаванасць пазнання.
У 1751 годзе Георгій Каніскі, прафесар, настаяцель Кіеўскага Брацкага Багаяўленскага мужчынскага манастыра, член Кіеўскай духоўнай кансісторыі, прызначаны рэктарам акадэміі і ўзведзены ў сан архімандрыта.
У XVIII ст. свяціцель Георгій (Каніскі) лічыўся лепшым – пасля Феафана Пракаповіча – прафесарам акадэміі.
У духоўнай іерархіі ўладыка Георгій прайшоў шлях ад іераманаха да архімандрыта, а ў навуковай дзейнасці – ад выкладчыка да рэктара Кіеўскай духоўнай акадэміі.
Найбольш значны след у гісторыі Царквы пакінула служэнне свяціцеля Георгія (Каніскага) у сане архіпастыра ў самы цяжкі для Праваслаўя час.
У сярэдзіне XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве. У афіцыйных колах дзяржавы ў той час узмоцнена абмяркоўвалася пытанне пра скасаванне гэтай ледзь ацалелай епархіі, а Папа Рымскі настойліва патрабаваў выгнання праваслаўнага епіскапа.
У 1754 годзе не стала Магілёўскага епіскапа Гераніма (Ваўчанскага), які ўзначальваў тую адзіную праваслаўную епархію на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Промыслам Божым на Магілёўскую кафедру ў 1755 годзе быў накіраваны архімандрыт Георгій (Каніскі), які даў добраахвотную згоду стаць там епіcкапам, разумеючы, што яму давядзецца вельмі няпроста. 20 жніўня 1755 года Кіеўскім мітрапалітам Цімафеем (Шчарбацкім) ён пасвячаецца ў епіскапскі сан і едзе ў Магілёў.
Справа ў тым, што яшчэ ў 1716 годзе Варшаўская канфедэрацыя загадала разбурыць праваслаўныя храмы, пабудаваныя пасля 1632 года. Пад забаронай былі публічныя царкоўныя сходы для праваслаўных, дазволены толькі хатнія набажэнствы. У 1732 годзе праваслаўным было забаронена прымаць удзел у дэпутацкай дзейнасці, у трыбуналах і камісіях, займаць ваяводскія, земскія і гарадскія пасады і інш. На той час на беларускіх землях у праваслаўных заставалася ўсяго каля 150 храмаў, і колькасць іх пастаянна змяншалася.
Як кіраўнік Праваслаўнай Царквы ўладыка Георгій (Каніскі) разгортвае актыўную грамадзянскую дзейнасць.
Праасвяшчэнны Георгій становіцца на абарону праваслаўных, піша ў Сенат, вяртае адабраныя ў праваслаўных храмы, клапоціцца пра распаўсюджванне праваслаўнага вучэння. Для гэтага пры архіерэйскім доме арганізавана друкарня, адкрыты цэлы шэраг школ накшталт брацкіх царкоўных вучылішчаў, створана пры Спаскім манастыры Духоўная семінарыя (1759 г.).
Для забеспячэння школ літаратурай, Праасвяшчэнны Георгій (Каніскі) друкуе шэраг навуковых прац, выдае мастацкія творы, навучальныя дапаможнікі і паслядоўна праводзіць у жыццё свае ідэі. Адстойваючы права на адукацыю для ўсіх слаёў насельніцтва, адкрыў школы ў Быхаве, Гомелі, Мсціслаўлі, Оршы, Рагачове.
Адначасова архіепіскап Георгій клапаціўся пра будаўніцтва: пры ім быў асвечаны кафедральны Праабражэнскі сабор у магілёўскім Праабражэнскім манастыры, будаваліся храмы. Шмат сіл аддаў свяціцель Георгій і будаўніцтву Спаскай царквы.
На тэрыторыі Спаскага манастыра пабудавалі прыгожы і арыгінальны архіерэйскі палац, дзе размясцілася рэзідэнцыя праваслаўнага архіепіскапа.
Актыўнасць архіепіскапа Георгія сустракала непрыманне з боку часткі каталіцкай шляхты. Улетку 1759 года на шляху з Оршы ў Магілёў уладыка Георгій наведаў праваслаўны прыход і вырашыў здзейсніць набажэнства. Падчас літургіі ў царкву ўварваліся каталікі, пачалі пагражаць жыццю святара. Уладыку ўдалося тайна выбрацца з манастыра на сялянскім возе. У 1760 годзе на архіерэйскі дом і семінарыю быў учынены напад, у выніку якога некалькі семінарыстаў былі паранены…
У 1762 годзе свяціцель Георгій (Каніскі) пэўны час знаходзіўся ў Маскве, куды быў запрошаны на каранацыю Кацярыны ІІ, затым да 1765 года жыў у Санкт-Пецярбургу.
Улетку 1765 года ўладыка выехаў у Варшаву, дзе 27 ліпеня выступіў з прамовай у абарону праваслаўных перад новым польскім каралём і вялікім князем літоўскім Станіславам-Аўгустам Панятоўскім. Архіепіскап Георгій накіраваў ураду Рэчы Паспалітай “Мемарыял аб крыўдах праваслаўных”, дзе значыўся спіс амаль 200 храмаў, аднятых у праваслаўных.
У хуткім часе было прынята рашэнне аб стварэнні спецыяльнай камісіі, што выпрацавала б праект пастановы аб “дысідэнтах”. У Слуцку адкрылася канфедэрацыя для разгляду скарг праваслаўных, удзельнікам якой стаў архіепіскап Георгій.
На працягу трох гадоў свяціцель Георгій (Каніскі) знаходзіўся ў Варшаве, дзе падрыхтаваў і выдаў збор законаў Рэчы Паспалітай, што гарантавалі правы людзям праваслаўнай веры (“Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання ў Польшчы і Літве”), падаваў на сеймы праз пасланнікаў патрабаванні аб вяртанні аднятых цэркваў, дабіваўся аднаўлення законаў, што гарантавалі свабоду праваслаўнага веравызнання (правы займаць дзяржаўныя пасады, аднаўляць праваслаўныя кафедры, не перашкаджаць адкрыццю духоўных семінарый, рамонту старых і будаўніцтву новых храмаў і г.д.).
У сваёй дзейнасці архіепіскап Георгій (Каніскі) абапіраўся на шматлікія гістарычныя дакументы і юрыдычныя акты, якія вызначалі правы праваслаўных вернікаў на польскай тэрыторыі. Выдатна ведаючы польскую і беларуска-літоўскую гісторыю, грамадзянскае права, смела выступіў на абарону праваслаўя.
На жыццё ўладыкі Георгія рыхтаваліся замахі. Некалькі разоў ён ледзь не загінуў. Некаторы час вымушаны быў жыць у Смаленску.
13 лютага 1768 года была выдадзена пастанова, у адпаведнасці з якой каталіцкая вера аб’яўлялася пануючай, але і некаторыя правы былі нададзены “дысідэнтам”. Ім дазвалялася будаваць і ўтрымліваць храмы, школы і бальніцы, не плаціць падаткі, здзяйсняць хрэсныя ходы.
Знаходзячыся ў выгнанні ў Смаленску, Праасвяшчэнны Георгій заставаўся архіепіскапам Магілёўскім. Адтуль працягваў кіраваць паствай, пасылаючы лісты і настаўленні. У суаўтарстве са Смаленскім епіскапам Парфеніем (Сапкоўскім) склаў дапаможнік па пытаннях кананічнага права, літургіі, пропаведзі і пастырскага багаслоўя “Аб пасадах прасвітараў прыходскіх”.
Асаблівую ўвагу ўладыка Георгій надаваў стварэнню архіва Магілёўскай епархіі, дзе збіраліся дакументы, што сведчылі аб правах і прывілеях Праваслаўнай Царквы ў Польска-Літоўскай дзяржаве.
У 1772 годзе адбыўся першы раздзел Рэчы Паспалітай. Усходняя Беларусь была далучана да Расійскай імперыі. Паўднёвыя з далучаных тэрыторый аб’ядналі ў Магілёўскую, Мсціслаўскую і Аршанскую епархію, якую і ўзначаліў Праасвяшчэнны Георгій (Каніскі). Аднак уладыку хваляваў лёс усёй сваёй паствы.
У 1776 годзе архіепіскап Георгій (Каніскі) дабіваецца выхаду ў Рэчы Паспалітай указу, у адпаведнасці з якім дазвалялася хрысціць дзяцей ад змешанага шлюбу: сыны прымалі веру па бацьку, а дочкі – па маці. Праваслаўю былі вернуты адабраныя храмы.
На далучаных тэрыторыях намаганнямі Праасвяшчэннага Георгія створана Мінская архіепіскапія, кіраваць якой даручана Віктару Садкоўскаму, выхаванцу Магілёўскага ўладыкі.
Адначасова ўладыка Георгій клапаціўся пра ўладкаванне і дабрабыт сваёй Магілёўскай епархіі. У 1780 годзе пабудаваны новы будынак для семінарыі. У маі таго ж года свяціцель Георгій (Каніскі) вітаў у Магілёве імператрыцу Кацярыну ІІ і аўстрыйскага імператара Юзафа ІІ. У памяць пра гістарычную сустрэчу адбылася закладка сабора ў імя святога Іосіфа Заручніка.
Уладыка Георгій (Каніскі) выступаў за неадкладнае вяртанне вернікаў у Праваслаўе, рассылаў пасланні з заклікам да гэтага па ўсёй тэрыторыі Беларусі. З 1781 па 1783 гг. ва ўлонне праваслаўнай Царквы вярнулася больш за 112 тысяч вернікаў.
Сучаснікі лічылі Праасвяшчэннага Георгія (Каніскага) непараўнальным прапаведнікам, а Аляксандр Пушкін называў яго “адным з самых незабыўных мужоў мінулага стагоддзя”.
Пяру свяціцеля Георгія (Каніскага) належаць выдатныя артыкулы супраць карысталюбства святароў, супраць бязвер’я, што распаўсюджвалася французскім “асветнікам” Вальтэрам. Уладыку даводзілася крытыкаваць грахі не толькі свецкіх, але і духоўных асоб, у тым ліку і нядбайных святароў.
Імянным загадам Кацярыны II 23 верасня 1783 года свяціцель Георгій (Каніскі) узводзіцца ў сан архіепіскапа Беларускага ў адзінай на тэрыторыі тагачаснай Беларусі, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, праваслаўнай епархіі. Уладыка становіцца членам Святога Сінода.
…Свяціцель Георгій сабраў за сваё жыццё найбагацейшую бібліятэку (1269 кніг, 241 рукапіс), адкрыў некалькі шпіталяў, багадзельняў і інш. Завёў звычай раздаваць па суботах у храмах грошы жабракам, калекам, удовам і сіротам. Незадоўга да скону склаў завяшчанне, у якім праявіў клопат пра богаслужэнне, манаства, семінарыі, паству, клір, пакінуў сродкі для раздачы міласціны ў храмах Магілёва.
Свяціцель Георгій (Каніскі) – архіепіскап Магілёўскі і Беларускі – адышоў да Госпада 13 лютага 1795 года і пахаваны ў Спаса-Праабражэнскай царкве Магілёва, якую калісьці пабудаваў.
Гасподзь захаваў у труне цела свяціцеля нятленным. Пра гэта спачатку даведаліся падчас Айчыннай вайны 1812 года французы, якія шукалі ў склепе Спаскага храма, дзе знаходзілася яго магіла, каштоўнасці, а таксама ў 1875 годзе пры рамонце Спаскага храма.
Месца знаходжання мошчаў свяціцеля Георгія цяпер невядома, бо царква ў савецкі час была разбурана, а на яе месцы збудаваны корпус будаўнічага трэста. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў 1930-я гады барацьбы з рэлігіяй труна з целам свяціцеля была вынесена з сабора…
Памяць архіепіскапа Георгія (Каніскага) пачалі шанаваць у хуткім часе пасля яго скону. У 1904 годзе ў Магілёўскай епархіі адбылося ўрачыстае памінанне свяціцеля.
У снежні 1992 года ў Магілёве ў гонар свяціцеля Георгія на архіерейскім палацы ўстаноўлена мемарыяльная дошка з тэкстам: “У гэтым доме жыў і працаваў у 1785–1795 гг. вядомы дзеяч культуры ўсходніх славян, асветнік, пісьменнік і палітык – архіепіскап Георгій Каніскі”.
У гонар свяціцеля Георгія Каніскага названа вуліца ў Магілёве.
У 1993 годзе па рашэнні Св. Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Георгій (Каніскі) услаўлены і прылічаны да Сабора Святых зямлі Беларускай.
30 лістапада 2017 года Архіерэйскім Саборам РПЦ прынята рашэнне аб агульнацаркоўным ушанаванні свяціцеля Георгія.
Філосаф, педагог, багаслоў і грамадскі дзеяч Георгій Каніскі пакінуў значны след у айчыннай гісторыі і царкоўнай памяці – вялікую філасофскую, літаратурную, гістарычную і эпісталярную спадчыну.
У многім дзякуючы свяціцелю Георгію (Каніскаму) на беларускіх землях захавалася праваслаўе.
6 жніўня 2022 года ў Магілёве ўрачыста адкрылі помнік выдатнаму беларускаму асветніку Георгію Каніскаму. Адбылося гэта ў дзень памяці праваслаўнага прапаведніка, філосафа і грамадскага дзеяча, з дня нараджэння якога споўнілася 305 гадоў.
“Удзячная памяць нашчадкаў жыве і дагэтуль: свяціцель дарагі сэрцу магіляўчан і кожнаму беларусу, – адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, звяртаючыся да прысутных. – І стварэнне гэтага цудоўнага помніка – сімвал духоўнасці, асветніцкай дзейнасці і любові да свайго народа Георгія Каніскага. Прыкладам асабістага жыцця ён сведчыў пра тое, як трэба любіць сваю веру і ў той жа час як захоўваць мір і згоду з прадстаўнікамі іншых канфесій. Цяпер да гэтага знакавага месца з падзякай і малітвай будуць прыходзіць людзі – успамінаць слаўную гісторыю Магілёва, унёсак свяціцеля на карысць гэтых земляў і нашай Айчыны”.
Памяць свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага здзяйсняецца 26 лютага (13 лютага па старым стылі) і 6 жніўня (24 ліпеня па старым стылі) і ў дзень Сабора Беларускіх святых.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- http://www.eparhia.by
- https://www. blagobor.by
- http://mogeparhia.by
- https://obitel-minsk.ru
- http://sppsobor.by
- https://mogilev-region.gov.by
- https://azbyka.ru
- https://drevo-info.ru
- https://www.belta.by
- https://bis.nlb.by
- Святыя зямлі Беларускай: жыццеапісанні : да 1020-годдзя Праваслаўнай Царквы ў Беларусі / [укладальнікі: Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык ; пад агульнай рэдакцыяй протаіерэя Георгія Сокалава]. – Мінск, 2012. – С. 27 – 32.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 185.