Свяціцель Лаўрэнцій, епіскап Тураўскі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Вядома, што нарадзіўся свяціцель Лаўрэнцій у 30-я гады XII стагоддзя ў Тураве ці яго наваколлях. Паданні гавораць, што паходзіў ён са знатнага, баярскага або княжацкага, роду.

Юнака, выхаванага бацькамі ў праваслаўнай веры, не задавальняла мітуслівае жыццё. Ён пакідае сям’ю, дом і прымае манаскі пострыг з імем Лаўрэнцій. Магчыма, у адным з манастыроў Турава. Мяркуецца, у Барыса-Глебскім.

Манах Лаўрэнцій адчуваў у сваёй душы імкненне да подзвігаў, якія многія манахі-падзвіжнікі здзяйснялі да яго.

Першы аскетычны вопыт свяціцель набыў у Барысаглебскім манастыры. З часам ён стаў заўважаць, што душы чагосьці не хапае, і вырашыў, што статут Барысаглебскага манастыра не для яго.

Прыкладна ў 1150 годзе, жадаючы подзвігаў манаскіх і атрымаўшы благаславенне настаяцеля, прападобны Лаўрэнцій адправіўся пешшу ў Кіева-Пячэрскую Лаўру, што заўсёды славілася сваімі падзвіжнікамі і строгім статутам, з надзеяй, што там можна будзе маліцца Богу ў келлі. Але прападобныя айцы Пячэрскага манастыра не благаслаўлялі манаха Лаўрэнція, лічачы подзвігі пустэльніцтва цяжкімі і небяспечнымі. Папрасіўшы прабачэння, ён адмову настаяцеля прыняў без наракання,  і тым самым праявіў сваю пакору.

І ўсё ж гэта адмова не змагла пагасіць таго полымя, што гарэла ў сэрцы манаха Лаўрэнція. Каб не прымаць на сябе подзвігу без благаслаўлення, свяціцель адышоў ад Пячор і зачыніўся ў келлі суседняга манастыра Святога Вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага.

Ігумен Дзімітрыеўскага манастыра дазволіў прападобнаму Лаўрэнцію “пачаць манаскае жыццё ў келлі”. Жыццё гэта было “строга-падзвіжніцкае”: знаходзячыся ў маўчанні і строгім устрыманні, спыняў ён розныя спакусы слязамі сваёй малітвы. Якія выпрабаванні вынес манах Лаўрэнцій, вядома толькі Госпаду. Сваёй пакорай і подзвігамі малітвы набыў ён дар Божы вылечваць людзей ад цялесных і душэўных хвароб (яшчэ пры жыцці свяціцель Лаўрэнцій славіўся цудатворцам).

Знаходзячыся ў келлі, прападобны Лаўрэнцій не разрываў духоўных зносін з браціяй Кіева-Пячэрскага манастыра.

Вядомы выпадак, калі да святога Лаўрэнція прывялі хворага на душэўную хваробу чалавека. Прападобны Лаўрэнцій, жадаючы ўслаўлення сваёй духоўнай айчыне – святому Пячэрскаму манастыру, – загадаў адвесці гэтага чалавека ў Кіева-Пячэрскі манастыр. Вялікай аказалася сіла саборнай малітвы Кіева-Пячэрскіх манахаў.

Пасля вылечвання хворага перад абразом Пячэрскай Божай маці, прападобны Лаўрэнцій вярнуўся зноў у Кіева-Пячэрскі манастыр.

Глыбокая вера, набожнасць і адданасць Царкве манаха Лаўрэнція звярнулі на сябе ўвагу Кіеўскага мітрапаліта. Уладыка прызначыў прападобнага  Лаўрэнція епіскапам на Тураўскую кафедру.

З пакорай прыняўшы пасаду епіскапа, свяціцель Лаўрэнцій мудра кіраваў даручанай яму Тураўскай епархіяй пасля смерці знакамітага духоўнага пісьменніка і прапаведніка свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Абраз свяціцеля Лаўрэнція, епіскапа Тураўскага.

У Іпацьеўскім летапісе прападобны Лаўрэнцій згадваецца ў сане епіскапа ў 1182 годзе, калі ён удзельнічаў у пасвячэнні прасвітара Васілія ў архімандрыта Кіева-Пячэрскага манастыра.

Пра тураўскі перыяд жыцця святога Лаўрэнція нічога не сказана. Напэўна, гэта звязана з невядомай старонкай у гісторыі самой епархіі.

Час кіравання свяціцеля Лаўрэнція Тураўскай епархіяй прыблізна супадае з часам княжання Святаполка Юр’евіча, аднаго з выдатных тураўскіх князёў.

Дакладны час смерці свяціцеля Лаўрэнція невядомы. Памёр прыкладна ў 1184 г. Па другіх дадзеных – 29 студзеня 1194 г.

Пасля смерці прападобнага Лаўрэнція яго мошчы спачывалі ў Тураўскім Барысаглебскім манастыры. У мясцовым тураўскім паданні гаворыцца, што з гэтага манастыра ў ХІІ стагоддзі былі ўзяты нятленныя мошчы ў Кіева-Пячэрскі манастыр. Мяркуецца, гэта мошчы свяціцеля Лаўрэнція, які завяшчаў перанесці яго цела ў Кіеўскія пячоры. Цяпер нятленныя мошчы свяціцеля спачываюць у Антоніевых (Бліжніх) пячорах  Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Кананізаваны свяціцель Лаўрэнцій у ліку прападобных.

Памяць прападобнага Лаўрэнція, свяціцеля Тураўскага, святкуецца  28 верасня / 11 лістапада (Сабор прападобных айцоў Кіева-Пячэрскіх, у Бліжніх пячорах) і ў 2-ю Нядзелю Вялікага посту (Сабор усіх прападобных айцоў Кіева-Пячэрскіх), а таксама 29 студзеня (11 лютага па н. ст.).

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: 

  • http://www. turov.by
  • http://www. hram.by
  • https://www. palomnik.by
  • http://exarchate.by
  • https://obitel-minsk.ru
  • https://lavra.ua
  • http://ricolor.org