Свяціцель Міна, епіскап Полацкі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяціцель Міна, епіскап Полацкі, – адзін з першых архіпастыраў, які сваім жыццём і служэннем садзейнічаў добраму распаўсюджванню хрысціянства на беларускіх землях.

Адзін з напрамкаў хрысціянства – праваслаўе, што сфармавалася ў I тысячагоддзі н.э. ва Усходняй Рымскай імперыі, заснавана на Свяшчэнным Пісанні (Бібліі) і Свяшчэнным Паданні, што ўключае ў сябе пастановы Усяленскіх Сабораў. Праваслаўныя вераць у Бога-айца, Бога-сына і ў Святы Дух. Тры вобразы, што непарыўна звязаны адзін з адным.

На землі цяперашняй Беларусі праваслаўе прыйшло разам з хрышчэннем Русі ў канцы X стагоддзя, калі кіеўскі князь Уладзімір хрысціў жыхароў Кіева ў Дняпры. Ён жа адправіў грэчаскіх епіскапаў хрысціць падданых усёй Кіеўскай Русі. Пачаўся складаны і доўгачасовы працэс хрысціянізацыі вялікай Старажытнарускай дзяржавы, палітычнага аб’яднання ўсходнеславянскіх плямёнаў. І знакавую ролю ў гэтым адыграла Полаччына.

Полацк, які быў найстаражытнейшым горадам не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім усходнеславянскім рэгіёне, уваходзіў у спіс значных гарадоў Еўропы. Упершыню пра яго згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” у 862 годзе.

План старажытнага Полацка.

На тэрыторыі сучаснага Полацка паселішча, паводле звестак археалагічных раскопак, узнікла на 70 – 80 гадоў раней за дату першай летапіснай згадкі. Гарадзішча Полацка размяшчалася на правым беразе ракі Палаты. Было яно невялікае, памерамі 75×75 м (асноўная пляцоўка 40×75 м).

Полацк, які размешчаны на знакамітым гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”, меў выгаднае становішча. Аднак уклад Полацка ў сусветную культуру мае не адно толькі матэрыяльнае вымярэнне.

У гісторыю сярэдніх вякоў Полацк увайшоў не толькі як княжацкая сталіца, але і як сталіца духоўная, кафедральны град. Епіскапія была заснавана тут у 992 годзе.

Горад Полацк стаў духоўным цэнтрам, з якога распаўсюджвалася хрысціянская вера на беларускіх землях, а таксама адсюль бяруць пачатак школы іканапісу, царкоўнага дойлідства, асветы і настаўніцтва.

Адным з першых епіскапаў Полацкіх, чыё імя дайшло да нас, быў свяціцель Міна (+ 1116).   

Падрабязнага Жыція свяціцеля Міны не захавалася. Імёны бацькоў яго невядомы, як і месца нараджэння.

Мяркуецца, што нарадзіўся Міна ў Полацку ці яго наваколлях. Дата нараджэння таксама невядомая, прыкладна 50-60 гады XI стагоддзя.

На полацкай зямлі прайшло дзяцінства і пачалося духоўнае падзвіжніцтва добрасардэчнага і навучанага Святому Пісанню юнака.

Імкненне да большага служэння прывяло яго ў Кіева-Пячэрскі манастыр, вядомы ў той час па ўсёй Русі набожнасцю сваіх манахаў. У гэтым манастыры ён і прыняў пострыг пад іменем Міны.

У хуткім часе Міна, як лічаць гісторыкі, быў абраны ігуменам Звярынецкага пячорнага манастыра ў Кіеве. Праз многія стагоддзі, у 1911 годзе, з-за дажджоў на Звярынецкім вале здарыўся апоўзень, адкрыўся ўваход у вялікую падземную галерэю. У адной з пячор, якая служыла ў старажытнасці царквой, у нішы над ахвярнікам для памінання на праскамідыі былі выяўлены напісаныя на волкай гліне імёны звярынецкіх ігуменаў. Разам з імёнамі Лявонція, Міхаіла ўдалося разабраць імя Міны.

Імёны, што начэрчаныя на сцяне Звярынецкай пячоры, згаданыя ў “Пасланні Сымона епіскапа да Палікарпа”: “…Тоя бо честныя лавры мнози не отлучнии жители, елико славы крыяхуся, толико паче от Бога прославлены суть, и не своим взысканием, но божиим принуждением от глубины пещерныя на высоту престолов святительских вознесошася… От них же первый Леонтий епископ Ростовский… То же и Мина Полоцку”.

І судзіў Гасподзь звярынецкаму ігумену Міну быць пасля епіскапам Полацкім, як у свой час ігумен Лявонцій стаў епіскапам Растоўскім. 13 снежня 1105 года, як адзначана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе, свяціцель Міна быў узведзены ў сан епіскапа Полацкага.

Полацкі Сафійскі сабор.

Кафедральным храмам свяціцеля стаў знакаміты Полацкі сабор у гонар святой Сафіі, Прамудрасці Божай.

Епіскап Міна здзейсніў мноства добрых спраў для людзей. Сваім падзвіжніцкім жыццём і служэннем свяціцель садзейнічаў распаўсюджванню веры Хрыстовай на беларускіх землях. Пры ім павышалася асвета народа, узводзіліся цэрквы і манастыры.

Паводле Падання пра святых пакутнікаў Барыса і Глеба (1-я пал. XII ст.), у маі 1115 г. свяціцель Міна разам з мітрапалітам Нікіфарам I, епіскапамі, князямі і шляхтай удзельнічаў ва ўрачыстым перанясенні мошчаў пакутнікаў Барыса і Глеба ў прысвечаны ім новы храм у Вышгарадзе пад Кіевам.

Свяціцель меў высокі аўтарытэт сярод народа, прымаў актыўны ўдзел у справах Полацкага княства і Кіеўскай мітраполіі. Шмат увагі ўладыка Міна надаваў выхаванню святароў і вернікаў у законах дабралюбства.

На час архіерэйства свяціцеля Міны прыйшліся дзіцячыя гады будучай прападобнай Еўфрасінні Полацкай (у свеце Прадславы Святаславічны; народжанай каля 1104 года), дачкі полацкага князя Святаслава (Георгія) Усяславіча. Магчыма, свяціцель, выхадзец з буйнейшага манаскага і культурнага цэнтра Старажытнай Русі, мог спрыяць яе ранняму духоўнаму станаўленню.

Падчас манаскага пострыгу святой Еўфрасінні Полацкай Міна быў епіскапам Полацкім, але пострыг у Полацкім манастыры (прыкладна 15 лютага 1116 г.) здзяйсняў не ён. Пра гэта гаворыць даследчык жыцця Еўфрасінні Полацкай А. Мельнікаў. Справа ў тым, што тагачасны епіскап Міна Полацкі дажываў свае апошнія дні і нельга было ў такой далікатнай сітуацыі прасіць яго пра благаславенне.

Абраз свяціцеля Міны.

Свяціцель Міна праслаўляецца Праваслаўнай Царквой як адзін з першых архіпастыраў, якія сваім жыццём і служэннем спрыялі распаўсюджванню хрысціянства ў Беларусі.

Зямное жыццё епіскапа Міны скончылася ўлетку 1116 года. Ва Уваскрасенскім летапісе пад гэтым годам ёсць запіс аб тым, што епіскап Полацкі адышоў да Госпада 20 чэрвеня.

Невядома, дзе спачываюць мошчы свяціцеля Міны… Невядома і тое, калі ён быў кананізаваны.

Мініяцюра “Смерць Міны Полацкага” і запіс у летапісным зводзе ХVI ст.

Можна толькі выказаць здагадку, што ўслаўленне свяціцеля  Міны адбылося не адразу, бо аўтар жыція прападобнай Еўфрасінні Полацкай не згадвае пра яго. У выдадзенай у 1891 годзе энцыклапедыі “Святая Русь”, яе аўтар архімандрыт Леанід называе епіскапа Міну “мясцовашануемым”, як іерарха з ліку Кіева-Пячэрскіх манахаў.  У 1984 годзе імя свяціцеля Міны ўключана ў Сабор Беларускіх святых.

Кожнае з імёнаў свяціцеляў Міны, Дыянісія і Сімяона, якія стаялі ля вытокаў праваслаўя на беларускіх землях, імя святой прападобнай Еўфрасінні цесна пераплецены з Полацкам, прызнанай калыскай і духоўным цэнтрам нашай зямлі.

У 2005 годзе ў гарадскім пасёлку Івянец Мінскай вобласці асвечана крыптавая царква ў гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага.

Святыя Полацкай зямлі.

Пастановай Архіерэйскага сабора Рускай праваслаўнай царквы ў 2016 годзе імя свяціцеля Міны ўнесена ў месяцаслоў РПЦ для агульнацаркоўнага шанавання.

Памяць свяціцеля Міны Полацкага здзяйсняецца 3 ліпеня і ў дзень Сабора Беларускіх святых.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: