Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Здаўна славіцца Полацкая зямля справамі святых падзвіжнікаў, дзейнасць якіх стала неацэнным духоўным і культурным скарбам беларускай зямлі. Сярод іх – святы Сімяон, епіскап Полацкі, памяць якога Праваслаўная Царква ўшаноўвае 16 лютага.
Нарадзіўся будучы свяціцель каля 1230 года ў Полацку, паходзіў з роду полацкіх князёў. Атрымаў добрую адукацыю, быў выхаваны ў любові да святых кніг і хрысціянскай дабрадзейнасці. Юнак вырашыў пакінуць свецкае жыццё і знайсці заспакаенне для сваёй душы ў адным з полацкіх манастыроў. Невядома, калі Сімяон быў рукапаложаны ў святарскі сан, але ёсць звесткі, што, стаўшы праз некаторы час Полацкім епіскапам, уладыка Сімяон заснаваў за горадам Мікольскі манастыр.
Паства вельмі паважала свайго ўладыку за сардэчнасць, адукаванасць і высокія маральныя якасці.
У Ніканаўскім летапісе гаворыцца, што свяціцель Сімяон “смыслен зело и силен в книгах Божественного Писания, учителен, добродетелен, нищия и сироты и вдовице жаловаше, и обидимых заступляше”.
Епіскап Сімяон з неверагоднай дабрынёй ставіўся да пакрыўджаных і няшчасных, быў уважлівы да манахаў і святароў, грозны да тых, хто зневажаў праўду. Свяціцель Сімяон смела гаварыў праўду князям і вяльможам.
У “Мериле праведном” – старажытным рускім юрыдычным зборніку практычных парад і маральных арыенціраў для суддзяў, захавалася павучанне-размова святога Сімяона з полацкім князем Канстанцінам. Жадаючы паздзекавацца перад уладыкам са свайго цівуна (гарадскога суддзі), аднойчы за абедам князь спытаў у епіскапа, дзе будуць цівуны на тым свеце. Свяціцель на гэта адказаў, што цівун будзе там, дзе і князь. Такі адказ не спадабаўся князю, і ён прамовіў: “Цівун судзіць несправядліва, бярэ хабар, здзекуецца з людзей, а я што дрэннае раблю?”
Уладыка растлумачыў князю: “Калі князь добры і богабаязны, людзей шкадуе, любіць праўду ды паставіць цівуна – чалавека добрага і богабаязнага, разумнага і праўдалюбівага, то князь будзе ў раі і цівун яго будзе з ім. Калі ж князь не мае страху Божага, не шкадуе хрысціян, не думае пра сірот і ўдоў і паставіць начальніка злоснага, які не ведае закона Божага, творыць несправядлівы суд, клапоціцца толькі пра тое, як князю тавар дабываць, а людзей не шкадуе; такі князь усё роўна што на людзей напускае вар’ята, даўшы яму меч, бо надзяляе ўладаю чалавека злога і тым самым губіць людзей; такі і князь будзе ў пекле, і цівун яго з ім”.
Павучанне свяціцеля Сімяона раскрывае разуменне сутнасці любой вярхоўнай улады: зямная ўлада ўскладаецца на смяротнага чалавека Самім Госпадам. Адсюль і вялікая адказнасць уладара перад Богам і людзьмі. І ўсе рашэнні яго павінны быць цалкам справядлівыя, а сам ён – сумленны, няпомслівы і міласэрны.
Свяціцель Сімяон быў сёмы ў сонме Полацкіх епіскапаў, але ў будучым ён стаў першым епіскапам Цвярскім.
Пасля забойства ў 1263 годзе вялікага князя літоўскага Міндоўга пачалася міжусобная вайна. Быў забіты і полацкі князь Таўцівіл, пляменнік Міндоўга і дальні родзіч уладыкі Сімяона.
Уладыка Сімяон вымушаны быў пакінуць полацкую кафедру і знайсці прытулак у Цвяры, куды яго запрасіў кіеўскі князь Яраслаў Яраслававіч, які зрабіў Цвер стольным “градам”. У тыя часы Цвярская зямля ўваходзіла ў Полацкую епархію. Свяціцель Сімяон у верасні 1263 года стаў першым кіраўніком Цвярской епархіі.
Князь Яраслаў Яраслававіч, малодшы брат князя Аляксандра Неўскага, з вялікай радасцю прыняў у Цвяры епіскапа Сімяона і надзяліў яго кафедру шматлікай маёмасцю і ўгоддзямі. Калі князь Яраслаў памёр, уладыка пахаваў яго з усімі ўшанаваннямі.
Свяціцель Сімяон карыстаўся не толькі народнай любоўю, але і аўтарытэтам сярод іерархаў. Дакладна вядома, што свяціцель Сімяон прымаў актыўны ўдзел ва Уладзімірскім Саборы, дзе разглядаліся пытанні царкоўнай перабудовы.
Здавалася, усё складваецца добра. Але лёс угатаваў свяціцелю Сімяону шмат выпрабаванняў.
У 1276 годзе ў горадзе Цвер быў вялікі пажар. Згарэлі амаль усе храмы. А праз шэсць гадоў агнём зноў былі знішчаны цэрквы і дамы. Свяціцель Сімяон прыкладваў шмат намаганняў да адбудоўвання храмаў пасля пажараў.
Летам 1285 года свяціцель Сімяон прыступіў, магчыма, да галоўнай справы свайго жыцця. На месцы старога драўлянага Касма-Даміянаўскага саборнага храма ім благаслаўляецца ўзвядзенне каменнага Спаса-Праабражэнскага сабора.
На схіле гадоў свяціцель усведамляе, што будаўніцтва Спаскай царквы будзе яго апошнім здзяйсненнем. Адчуваючы свой блізкі сыход, святы Сімяон асвяціў рухомы прастол, каб праводзіць набажэнствы ў незавершаным яшчэ храме. Гасподзь спадобіў падзвіжніка дачакацца заканчэння будаўніцтва.
Узведзены па благаславенні свяціцеля Сімяона Спаса-Праабражэнскі сабор на працягу шасці з паловай стагоддзяў быў галоўным храмам у Цвяры.
Свяціцель Сімяон адышоў да Госпада 3 лютага 1289 года.
3 лютага 2016 года рашэннем Архіерэйскага сінода РПЦ кананізаваны для агульнацаркоўнага шанавання.
Памяць 3 (16 ) лютага, а таксама ў Саборах Беларускіх і Цвярскіх святых.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- www.blagobor.by
- days.pravoslavie.ru
- deiverbo.com
- eparhia992.by
- www.pravmir.ru