Свяшчэннапакутнік Алексій Магільніцкі, прасвітар Лельчыцкі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Алексій Магільніцкі нарадзіўся 17 кастрычніка 1870 года ў Мінску, у сям’і адстаўнога ваеннага, губернскага пісара Савелія і Гермініі Фамінічны Магільніцкіх.

У дзесяцігадовым узросце паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, пасля якога скончыў 13 чэрвеня 1892 года з атэстатам другога разраду поўны курс Мінскай духоўнай семінарыі.

Пасля заканчэння семінарыі Алексій ажаніўся. Яго жонкай стала Анастасія Іванаўна, 1875 года нараджэння.

У 1892 годзе Алексій Магільніцкі прызначаны псаломшчыкам да Астроўскай царквы Пінскага павета.

Астроўская царква. 2014 г. Фотаздымак: В.Тарасевіч.

У Мінскім кафедральным саборы псаломшчык Алексій 31 жніўня 1893 года пасвечаны ў дыякана, а 5 верасня таго ж года – у святара. Хіратонію здзейсніў Праасвяшчэннейшы Сімяон (Лынькоў), епіскап Мінскі і Тураўскі.

Айцец Алексій пачаў сваё служэнне ў вёсцы Вялікі Бор (Рэчыцкі павет) у храме Раства Прасвятой Багародзіцы. У той жа час у Вяліка-Борскім народным вучылішчы ён выкладае Закон Божы, праводзіць пастаянныя гутаркі з прыхаджанамі. Святар вельмі адказна ставіўся да службы.

Запісы ў кліравай ведамасці Вяліка-Борскай царквы сведчаць, што з кастрычніка па лістапад 1893 года святаром Алексіем Магільніцкім праведзена з амбона 17 пропаведзяў і 16 гутарак.

Пропаведзі маладога бацюшкі краналі сэрцы людзей, выклікаючы жаданне жыць сумленна, па праўдзе.

У 1894 годзе сям’я айца Алексія і матушкі Анастасіі папоўнілася: 5 жніўня нарадзілася дачка Ларыса.

У красавіку 1896 года згодна з пададзеным прашэннем святара пераводзяць у вёску Туркі Бабруйскага павета.

Прыход айца Алексія быў даволі вялікі: каля пяці тысяч чалавек з адзінаццаці вёсак.

Акрамя таго, бацюшка па-ранейшаму выкладаў Закон Божы ў вучылішчы, служыў у некалькіх ведамствах, у тым ліку з’яўляўся назіральнікам царкоўных школ.

Нягледзячы на вялікую занятасць святара, у вёсцы Туркі па яго ініцыятыве і пад асабістым кіраўніцтвам была ўзведзена драўляная Свята-Троіцкая царква са званіцай, трапезнай, пабудаваны шэраг іншых царкоўных памяшканняў. Адначасова бацюшка служыў яшчэ ў прыпісным да туркаўскай царквы храме ў суседняй вёсцы Бірча.

У Турках у сям’і айца Алексія нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей: Феадосій, Ціхон, Ніна і Мікалай.

У лютым 1904 года пачалася Руска-японская вайна. Бацюшка, стаўшы ратнікам народнага апалчэння II разраду, прымае актыўны ўдзел у зборы ахвяраванняў для воінаў. За сваю працу айцец Алексій удастоены сярэбранага медаля Чырвонага Крыжа, а таксама адзначаны сярэбраным медалём у памяць Імператара Аляксандра ІІІ.

Айцец Алексій меў таксама ўзнагароды за вялікі ўклад у школьную справу. Сярод святарскіх узнагарод – набедранік, аксамітная фіялетавая скуф’я, Святая Біблія ад Свяцейшага Сінода, а ў 1909 годзе – камілаўка, пазней – наперсны крыж і сан протаіерэя.

Узнагароджанні бацюшкі і яго стаўленне да іх сведчаць пра сумленнасць, адкрытасць і пакору айца Алексія.

У Турках айцец Алексій служыў 10 гадоў. 16 кастрычніка 1907 года бацюшка пераведзены ў Мазыр, дзе да канца 1917 года служыў у Свята-Міхайлаўскім саборы і выкладаў Закон Божы ў мазырскай жаночай урадавай гімназіі і мужчынскім прыходскім вучылішчы.

Мазырская жаночая гімназія. 1906 год.

У 1912 годзе ў сям’ю Магільніцкіх прыйшло вялікае гора – памерла матушка Анастасія Іванаўна. Ёй было тады ўсяго трыццаць сем гадоў. Заўдавеўшы, айцец Алексій застаўся з пяццю непаўналетнімі дзецьмі.

Было нялёгка. Але бацюшка здолеў выгадаваць, выхаваць і даць па тым часе добрую адукацыю сваім дзецям, хоць у самога было слабае здароўе. Невялікую гаспадарку дапамагала весці састарэлая хатняя прыслужніца Хіянія Паўлаўна Падольская.

Рэвалюцыйныя падзеі, пачатак грамадзянскай вайны і ганенняў на Царкву бацюшка сустрэў у Мазыры, пакорліва працягваючы свой малітоўны подзвіг.

У 1920 годзе айцец Алексій пераведзены ў мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета. Там ён нёс святарскую паслухмянасць да самага свайго пакутніцкага скону.

У гісторыі дваццатыя гады ХХ стагоддзя вядомыя як час паўсюднага насаджэння атэізму. З цэркваў канфіскоўваліся каштоўнасці на патрэбы будаўніцтва новай дзяржавы. Падвяргаліся небяспецы не толькі святары, але і любы чалавек, які вызнаваў Праваслаўе. Айцец Алексій трымаўся сваіх пазіцый і не пакінуў служэнне, захоўваючы вернасць Богу і сваім прыхаджанам.

Апошнія 17 гадоў свайго жыцця айцец Алексій быў гнаны і зняважаны, але веры сваёй не здраджваў.

У 1930 годзе народны суд прыгаварыў святара да месяца прымусовых работ па надуманым абвінавачанні “за захоўванне дробнаразменнай манеты”. А восенню 1935 года закрылі храм, ператварыўшы яго ў збожжасховішча.

Бацюшка працягвае служыць. Толькі цяпер у сваім доме. Да яго прыходзіла шмат людзей. Не толькі жыхары Лельчыцаў, але і навакольных вёсак.

Айцец Алексій з дзецьмі і ўнукамі.

Людзі мелі патрэбу ў духоўным акармленні і маральнай падтрымцы ў няпросты час, удзельнічалі ў таінствах, прасілі здзяйсняць малебны, хрышчэнні, адпяванні…

Айца Алексія абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Не застаўся без увагі і той факт, што на Вялікдзень (1 мая 1937 года) у адной з вёсак некалькі прыхаджанак запатрабавалі ў прадстаўнікоў мясцовай улады адкрыць храм. Але ім адмовілі. Тады жанчыны самі ўзламалі замок, увайшлі ў храм і пачалі маліцца.

Святара Алексія, які нібы распальвае сярод народа контррэвалюцыйныя настроі, 14 жніўня 1937 года арыштавалі і адправілі ў Мазырскую турму.

Бацюшка абвінавачваўся ў тым, што, “з’яўляючыся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай групоўкі, сістэматычна ўзводзіў паклёп на Савецкую ўладу, усхваляў жыццё фашысцкай Польшчы і Германіі, праводзіў актыўную агітацыю супраць усіх мерапрыемстваў партыі і ўрада, якія праводзяцца ў вёсцы, заклікаў калгаснікаў да выхаду з калгаса. Распаўсюджваў правакацыйныя чуткі пра хуткую вайну і паражэнні ў ёй Савецкай улады, ладзіў нелегальныя сходы, дзе праводзіў контррэвалюцыйную работу”.

Айцец Алексій ні ў адным з прад’яўленых яму абвінавачанняў сябе вінаватым не прызнаў і нікога не агаварыў.

27 верасня 1937 года вынесена пастанова абраць у адносінах да абвінавачанага вышэйшую меру пакарання. Прысуд прыведзены ў выкананне 20 кастрычніка 1937 года ў горадзе Мазыры.

Зямны шлях протаіерэя Алексія Магільніцкага, аднаго з вызнаўцаў праваслаўнай веры на нашай зямлі, скончыўся ў свята Крыжа Гасподняга. Рэабілітаваны святар у 1989 годзе.

Прылічэнне  протаіерэя Алексія Магільніцкага да ліку святых.

21 лістапада 2010 года адбылося прылічэнне протаіерэя Алексія Магільніцкага да ліку мясцовашанаваных святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ад Тураўскай епархіі.

Дзень памяці: 20 кастрычніка (7 кастрычніка па старым стылі).

Сабор у гонар святога Архангела Міхаіла ў Мазыры.

Штогод да дня памяці святога пакутніка Алексія, прасвітара Лельчыцкага, у кафедральным саборы святога Архангела Міхаіла ў г. Мазыры, дзе з 1907 па 1920 год протаіерэй Алексій Магільніцкі нёс сваё пастырскае служэнне, адбываецца Боская літургія. Святочнае Набажэнства здзяйсняецца таксама і ў храме Святой Тройцы ў Лельчыцах.

Храм Святой Тройцы ў г.п. Лельчыцы.

Трапар свяшчэннапакутніку Алексію Магільніцкаму, прасвітару Лельчыцкаму: “Подвигом добрым подвизался еси, и веру соблюл даже до крове, святый священномучениче Алексие, взирая на подвиг твой и мы прославляем прославившаго тя Господа даровавшего нам светильника новаго”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: