Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр – шлях у 400 гадоў

Святую веру продкаў, свой род,

культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр – адзін з самых старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі. Назву Куцеінскі ён атрымаў ад невялікай ракі Куцеінкі, што працякае побач і ўпадае ў Днепр, а Богаяўленскі – ад назвы галоўнага храма.

Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр.

Датай заснавання манастыра лічыцца 19 верасня 1623 года, калі спадар Багдан Статкевіч Заверскі, шчыры вернік і актыўны сябра праваслаўнага брацтва, разам з жонкай, княгіняй Аленай Саламярэцкай, далі фундуш на манастыр. А гісторыя ўзнікнення манастыра бярэ пачатак крыху раней, з 19 мая 1620 года, калі Магілёўскае брацтва Святога Богаяўлення атрымала благаславенне і грамату на заснаванне мужчынскага манастыра з правам стаўрапігіі ад патрыярха Іерусалімскага Феафана, які на той час знаходзіўся ў Кіеве.

Было прынята рашэнне заснаваць манастыр у прыгарадзе Оршы. Будаўніцтва манастыра ўзначаліў іераманах Іаіль Труцэвіч, які пазней стаў яго настаяцелем.

Асноўную фінансавую дапамогу ў будаўніцтве манастыра аказалі ўсё тыя ж фундатары – Багдан Статкевіч разам з жонкаю, якія не шкадавалі ўласных сродкаў на падтрымку праваслаўя.

Вось як распавядаў пра свайго далёкага продка (родзіч у VIII калене) і яго добрыя справы вядомы беларускі даследчык і пісьменнік, фундатар Анатоль Статкевіч-Чабаганаў у кнізе «Я – сын Ваш: Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”»: «Багдан-Фёдар Статкевіч Заверскі, падкаморы мсціслаўскі, дзяржавец палоніцкі, кашталян навагрудскі. Актыўна выступаў у абарону праваслаўя. Разам з жонкай Аленай Багданаўнай Саламярэцкай заснаваў манастыры: Баркулабаўскі Узнясенскі жаночы, Буйніцкі Свята-Духавы, Куцеінскі Богаяўленскі, Куцеінскі Успенскі, фінансаваў дзейнасць Куцеінскай друкарні. Яны былі апекунамі і ахвяравальнікамі брацтваў у Магілёве, Вільні, Менску і нават Кіеве. <…> У свята Іаана Прадцечы 24.06.1641 г.  Багдан Вільгельмавіч Статкевіч падпісаў фундуш на заснаванне Баркулабаўскага манастыра. Яшчэ са сваёй жонкай Аленай Багданаўнай, “па ўзаемнай схільнасці да ўзвядзення цэркваў і заснавання манастыроў у сваіх валоданнях намераны быў у маёнтках Баркулабаўскіх узвесці ў славу Божыю манастыр паненскі чарніцкі”. І пасля смерці княгіні Багдан Вільгельмавіч вырашыў давесці задуманае да канца, “жадаючы здабыць у гэтым і будучым веку сабе і нябожчыцы жонцы сваёй міласці Божай і пакінуць усім нашчадкам малітоўнае памінанне і несмяротную памятку”. На манастыр ён выдзеліў з маёнтка Баркулабава урочышча Барок над ракой Днепр. Да гэтага ён далучыў яшчэ 6 валок незаселенай зямлі пад раллю над ракой Рэкта і млын на рацэ “со всем нарядом и ставом”. На яго сродкі ў 1648 годзе быў пабудаваны галоўны храм манастыра – Узнясенскі. Па архітэктуры ён з’яўляўся копіяй храмаў, пабудаваных Іаілем Труцэвічам у Куцеінскіх і Тупічэўскім манастырах».

Вернемся да Куцеінскага Богаяўленскага манастыра.

На пачатку манастыр быў стаўрапігіяльным (1623 – 1772) і да 1686 года залежаў ад Канстанцінопальскага  патрыяршага прастола.

Адным з першых у цэнтры манастырскага архітэктурнага комплексу ўзнік саборны храм Святога Богаяўлення. Пабудавалі яго ў лепшых традыцыях беларускага драўлянага дойлідства. Строгай формы крыжова-купальны храм вышынёю 37,8 м меў прыгожую крытую галерэю, разьбяны шасціярусны пазалочаны іканастас і два прыдзелы – у гонар Архістраціга Божага Міхаіла і Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. Драўляныя сцены храма распісаны выявамі на біблейскія тэмы і на тэмы з жыцій святых. Толькі пералік апісання роспісаў саборнага храма займае чатыры старонкі.

Галоўны прастол храма ў гонар Богаяўлення Гасподняга ў чэрвені 1635 года асвяціў мітрапаліт Кіеўскі Пётр (Магіла), ім жа былі асвечаны і прыдзелы храма. Пазней у сваіх нататках уладыка згадваў: “Я потрясен тем, как под Оршей ангельское существование ведут 200 монахов”.   

У час асвячэння ў алтары размясцілі мошчы святых: велікапакутніка і лекара Панцеляймона, велікапакутніка Арцемія, прападобнапакутніка Анастасія Персіяніна.

Драўляная царква Свята-Богаяўленскага Куцеінскага манастыра.

Недалёка ад сабора пабудавана драўляная царква ў гонар Сашэсця Святога Духа. З часам драўляны храм быў разабраны, і на яго падмурку пабудавалі двухпавярховы каменны храм з ніжнім прастолам у гонар Нараджэння Хрыстовага і верхнім – у гонар апостала Андрэя Першазванага.

Пасля рэканструкцыі 1868 года храм стаў аднапавярховым, з прастолам у імя Жыватворнай Троіцы. У 1885 годзе царкву ўпрыгожылі прадалтарным плафонам з выявай Божай Маці, якая сядзіць на прастоле з Прадвечным Дзіцем на руках і ў акружэнні Ангелаў.

Манастыр з усіх бакоў быў абнесены цаглянай агароджай. Была яна атынкаваная, вышынёю 2,5 м. Зверху пакрытая ліставым жалезам. 

Двухпавярховы каменны храм Куцеінскага манастыра да рэканструкцыі.

У агароджы мелася чацвёра варот: з боку Дняпра, з царкоўнага двара, а таксама двое варот з паўночнага боку. Над паўночнымі варотамі (бліжэй да Дняпра) узвышалася званіца, пабудаваная ў 1889 годзе з цэглы ў тры ярусы.

На тэрыторыі манастыра размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы: баня, пральня, свірны, пограб, кузня, фурманская, памяшканне для падарожных багамольцаў. Функцыянавалі бальніца і школа, дзе вучыліся дзеці вернікаў, а на рацэ Куцеінцы стаяў млын з каменнай плацінаю на два камяні.

За 400 гадоў існавання гісторыя манастыра зведала перыяды і росквіту, і заняпаду. Найлепшыя часы манастыр перажываў у першай палове XVII стагоддзя.

У гады свайго росквіту Свята-Богаяўленскі Куцеінскі манастыр меў высокі статус лаўры. З нарысаў манастырскага ўстава, што захаваліся да нашых дзён, духоўным арыенцірам манастыра былі навучанні прападобнага Касіяна Рымляніна. Па ініцыятыве настаяцеля Іаіля Труцэвіча, вядомага праваслаўнага дзеяча і асветніка, створана іканапісная майстэрня, працавала майстэрня па перапісванні і пераплёце кніг, дзе працавалі таленавітыя мастакі, разьбяры па дрэве, чаканшчыкі, гравёры.

У 1630 годзе пры манастыры заснавалі найбуйнейшую на той час у Вялікім Княстве Літоўскім тыпаграфію беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Дзякуючы настаяцелю манастыра Іаілю Труцэвічу, у манастыр быў запрошаны друкар Спірыдон Собаль, ураджэнец горада Магілёва, які вельмі хутка наладзіў справу і ўжо ў тым жа годзе надрукаваў “Брашно духовное” і “Молитвослов”.

Праз год, у 1631 годзе, быў надрукаваны “Буквар”, першы буквар на тэрыторыі Беларусі. Поўная назва – “Букваръ, сиречь начало учения детям, начинающим чтению извыкати. В Кутейне изобразися в типографии Спиридона Соболя року 1631”. На доўгі час ён стаў галоўнай кнігай для тых, хто пачынаў вучыцца чытаць.

Факсімільнае выданне “Буквара” Спірыдона Собаля ў музеі Куцеінскага манастыра.

Навучыўшы аршанскіх манахаў друкарскай справе, Спірыдон Собаль пакінуў Оршу. Іаіль Труцэвіч прадоўжыў яго справу. Ігумен сам пісаў прадмовы да царкоўных і навукова-асветніцкіх кніг, што выходзілі ў манастырскай друкарні.  За 25 гадоў працы выдадзена каля дваццаці розных кніг па 200-350 экзэмпляраў, што лічылася ў тыя часы значнымі тыражамі. Некаторыя з кніг прызнаны выдатнымі ўзорамі друкарскага мастацтва свайго часу. Цікавасць да куцеінскіх кнігадрукароў праявіў і патрыярх Нікан (Мінін), які “слышав… яко близ славнага града Орши… созданная обитель или рещи Лавра великая Св. Богоявления Господня, зовома Кутейно.

Куцеінскі манастыр стаў адным з найбуйнейшых сярэднявечных культурна-асветніцкіх цэнтраў Беларусі. Манахі прыносілі на беларускія землі асвету, спрыялі захаванню духоўных і культурных традыцый усходнеславянскага царкоўна-прыкладнога мастацтва.

Пры манастыры існавала бібліятэка з сотнямі друкаваных тамоў і найкаштоўнейшымі рукапісамі.

Слава пра шчырых абаронцаў Праваслаўя разышлася далёка за межы ВКЛ. За манастырскімі сценамі знаходзілі прытулак вядомыя праваслаўныя падзвіжнікі.

У свой час Куцеінскі манастыр наведвалі прападобнапакутнік Афанасій Брэсцкі, свяціцель Магілёўскі Георгій Каніскі, свяшчэннапакутнік Серафім Жыровіцкі, а пазней і святая Валянціна Мінская.

У 1656 годзе, наведаўшы Куцеінскі манастыр, цар Аляксей Міхайлавіч высока ацаніў талент тутэйшых майстроў. Ён загадаў забраць некаторых з іх у Маскву. Па яго загадзе знакамітыя разьбяры па дрэве Арсеній і Герасім, гравёр Паісій разам з другімі майстрамі працавалі ў Зброевай палаце Крамля,  упрыгожвалі Каломенскі царскі палац і цэрквы ў Ізмайлаве. Як вядома, працавалі ў Маскве і куцеінскія друкары. Сярод іх вядомы майстар па вырабе матрыц для адліўкі шрыфта Калістрат.

У Куцеінскі манастыр ішлі са сваімі праблемамі і крыўдамі простыя вернікі і заўсёды знаходзілі тут парады, заспакаенне і ўмацаванне ў веры. З часам вакол яго аб’ядналіся іншыя манастыры, усе яны атрымалі назву “Куцеінскія” (Аршанскі Успенскі жаночы (1631), Баркулабаўскі Узнясенскі жаночы (1641), Буйніцкі Свята-Духавы мужчынскі (1633), Тупічэўскі Свята-Духавы мужчынскі (1641) і інш.), а таксама прыпісныя манастыры ў Мёрах, Лукомлі, Саламярэцічах.  Так Куцеінскі манастыр атрымаў у сучаснікаў статус Лаўры, а куцеінскі настаяцель лічыўся галавой усіх беларускіх манастыроў, як мужчынскіх, так і жаночых, у якіх налічвалася каля 800 манахаў.

Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пэўны перыяд быў цэнтрам культурнага жыцця ў рэгіёне. Аднак руска-польская вайна 1654-1667 гг. аказалася разбуральнай для Богаяўленскай лаўры. У сувязі з ваенным становішчам у 1655 годзе патрыярх Нікан (Мінін) благаславіў манахаў, друкароў і рамеснікаў на перасяленне ў вотчыны Валдайскага Іверскага манастыра. Сам настаяцель Іаіль, не даехаўшы да новага месца жыхарства, памёр у горадзе Болдзіна пад Смаленскам. У адпаведнасці з завяшчаннем пахаваны на паперці саборнага храма Іверскага мужчынскага манастыра на Валдаі.

З больш чым 200 чалавек браціі ў манастыры засталося каля 60.  У Расію былі вывезены кнігі і тыпаграфскае абсталяванне, царкоўнае начынне. Але больш значны ўрон быў нанесены ў сувязі са стратаю прафесіяналаў у справе асветніцтва, кнігадрукавання і мастацкіх рамёстваў.

Лаўра паступова пачала страчваць статус культурна-асветніцкага цэнтра, але прадаўжала сведчыць пра праваслаўе сваім жыццём і малітвамі.

Аднак наперадзе Куцеінскі манастыр чакалі новыя ўдары лёсу.

Шматлікія разбурэнні нанесены манастыру французамі ў час вайны 1812 года. Разбураны прастол у каменнай царкве, садраныя сярэбраныя аклады з абразоў і Евангелій. Пры адступленні французы забралі з сабою каштоўнае царкоўнае начынне, літаральна ўвесь посуд, інструменты, экіпажы, калёсы і збрую. Толькі невялікая частка нарабаванага была адбіта ў французаў і вернутая манастыру.

Спустошаны Куцеінскі манастыр доўга не мог акрыяць ад такой бяды, сродкаў для існавання было вельмі мала. З гэтай прычыны ён быў пераведзены ў разрад трэцякласных, а ў 1842 годзе стаў заштатным і прыпісным да Аршанскага Пакроўскага мужчынскага манастыра.

І ўсё ж жыццё ў Куцеінскім манастыры не спынілася. Шмат для адраджэння манастыра зрабіў архімандрыт Агапіт (Сахараў) (1865 – 1883), які прывёў у парадак манастырскі комплекс і адрамантаваў многія будынкі. У 1874 годзе ім было заснавана аднакласнае вучылішча, дзе адукаваныя манахі навучалі дзяцей беднага насельніцтва Оршы і навакольных вёсак. Доўгі час людзі карысталіся паслугамі манастырскай аптэкі, якой загадваў манах Ізраіль, які меў дыплом фельчара.

Магчыма, з-за высокіх старых дрэў, што знаходзіліся каля храма, у час моцнай навальніцы 24 чэрвеня 1891 года Богаяўленскі сабор, прастаяўшы 250 гадоў, быў спалены ўдарам маланкі і болей не аднаўляўся. Здолелі ўратаваць толькі манастырскую рызніцу.

З гісторыі манастыра вядома, што ў 1910 годзе манахі на значнай глыбіні (каля 8-і метраў) пад падмуркам згарэлага Богаяўленскага сабора абнаружылі пячорную падземную царкву ў гонар Уваскрэшання праведнага Лазара. Крыжападобнай формы, з нізкімі каменнымі скляпеннямі, плошчаю прыкладна 11 кв.м.  Цэнтральная алтарная частка мела плошчу 2,5 кв.м. На месцы прастола знаходзіўся нізкі драўляны крыж, абкладзены камянямі. Побач размяшчаліся два памяшканні для захавання манастырскай казны і каштоўнага начыння.

Трэба адзначыць, што ў 1904 годзе для актывізацыі дзейнасці Куцеінскага манастыра з Кіева прыбыло некалькі манахаў на чале з ігуменам Валянцінам (Караценка). Новыя насельнікі завялі ўзорную лясную і палявую гаспадарку. Пачалі займацца агародніцтвам, пчалаводствам, садаводствам. Сталі навучаць людзей рамёствам: сталярнаму, малярнаму, кравецкаму, шавецкаму…

Аднак ізноў наперадзе для манастыра былі горкія часы.

У 1918 годзе, пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года, манастыр быў закрыты і разрабаваны. Званіца і манастырскія сцены разбураны.

На тэрыторыі манастыра пабудаваны гаражы, келейны брацкі корпус прыстасаваны пад жыллё для работнікаў гарадскіх прадпрыемстваў.

Свята-Троіцкая царква, закрытая ў 1920 годзе, прыстасавана пад склад, дзе захоўвалі ўдабрэнні, ад выпарэнняў якіх загінуў фрэскавы жывапіс. Праз пэўны час абваліўся дах царквы, які так і пакінулі ў руінах…

У 1930-я гады на базе Богаяўленскага і Успенскага манастыроў было створана “Таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі”. У хуткім часе ў новых гаспадароў прыйшлі ў запусценне манастырскія агароды, сады і пасекі, лясная і палявая гаспадаркі. Манастырскія будынкі рассыпаліся ад старасці, разбіраліся на цагліны.

Як паведамляюць сведкі падзей, некаторы час на тэрыторыі манастыра размяшчалася савецкая кавалерыя, а ў 1939 годзе часова знаходзіліся ваеннапалонныя польскай арміі.

У час Вялікай Айчыннай вайны, у 1941 – 1943 гадах, тут размяшчаўся невялікі лагер савецкіх ваеннапалонных.

Пасля вайны жыллёвыя памяшканні манастыра выкарыстоўваліся пад кватэры рабочых Аршанскага льнокамбіната. У 1970-х гадах на тэрыторыі манастыра размяшчалася аўташкола ДТСААФ.

Новая гісторыя манастыра пачалася з 1990 года, калі быў зарэгістраваны прыход пры былым Куцеінскім манастыры, а праз два гады, у 1992 годзе, аднавілася яго дзейнасць.    

У 1995 годзе пры падтрымцы дзяржавы адрастаўраваны Свята-Троіцкі храм, дзе пачалі штодзённа праводзіць набажэнствы. З таго ж часу майстры рамесніцкіх майстэрань “Куцейна” адрадзілі разьбу па дрэве і іканапіс, якімі так славіўся манастыр у XVII стагоддзі.

На тэрыторыі манастыра знаходзіцца колаваротны калодзеж, што асвечаны і названы ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца”. Кожны год у дзень святкавання іконы пасля Божай літургіі здзяйсняецца хрэсны ход да калодзежа, дзе асвячаюць ваду.

Пры манастыры працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых, бібліятэка з чытальнай залай.

Вывучэнню духоўнай спадчыны, адраджэнню і ўмацаванню Куцеінскага манастыра спрыяюць шматлікія чытанні, навукова-практычныя канферэнцыі, фестывалі, што праводзяцца тут.

10 кастрычніка 2014 года на тэрыторыі манастыра ўстаноўлены памятны знак у гонар “Буквара” Спірыдона Собаля, перададзена факсімільнае выданне “Буквара”, што ўзнавілі спецыялісты выдавецтва Беларускага Экзархата.

У той жа восеньскі дзень 2014 года ў манастыр перанесена мясцовашануемая ікона Божай Маці “Аршанская” (“Куцеінская”), дзень памяці якой адзначаецца па новым стылі 2 жніўня і 18 верасня.

Ікона Божай Маці “Аршанская” (“Куцеінская”).

Святкаванне іконы ўстаноўлена ў XIX стагоддзі ў адзін дзень з памяццю прападобнапакутніка Афанасія Брэсцкага, які некалькі гадоў жыў у манастыры (1627 – 1629, 1631) і меў асаблівае заступніцтва ад Божай Маці праз гэты абраз.

Як сведчыць легенда, абраз цудадзейным чынам яўлены ў 1631 годзе на беразе ракі Куцеінкі ў перыяд будаўніцтва манастыра. Існуе шмат сведчанняў дапамогі вернікам пасля малітваў да Божай Маці перад гэтай іконай. На жаль, праз некаторы час абраз быў страчаны. Магчыма, у смутныя часы гісторыі разам з маёмасцю манастыра ікона была вывезена ў Іверскі манастыр на Валдай.

Засталося некалькі спісаў з іконы, адзін з якіх захоўваўся ў аршанскім Успенскім жаночым манастыры, што быў разбураны ў савецкі час. Доўгі час спіс іконы, створаны ў XVII стагоддзі, знаходзіўся ў Свята-Духавым кафедральным саборы г. Мінска.

13 ліпеня 2001 года Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі святыня  была перададзена ў дар Віцебскай епархіі і размешчана ў Свята-Ільінскім храме Свята-Успенскага жаночага манастыра г. Оршы. У 2013 годзе ікона ўнесена ў афіцыйны месяцаслоў (каляндар Праваслаўнай Царквы), а з  10 кастрычніка 2014 года знаходзіцца ў Свята-Троіцкім храме Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра.

Штогод 18 верасня ў дзень памяці іконы Божай Маці “Аршанская” (“Куцеінская”) здзяйсняецца хрэсны ход з іконай ад манастыра па вуліцах Оршы.

У 2017 годзе ў Куцеінскім манастыры адноўлена манастырская званіца, некалі разбураная авіябомбай у 1944 годзе.

Верасень 2023 года адзначаны ўрачыстымі мерапрыемствамі з нагоды 400-годдзя Свята-Богаяўленскага Куцеінскага манастыра. 

Падчас урачыстага набажэнства да 400-годдзя Куцеінскага манастыра ў г. Оршы. 2023 г. Фотаздымак: Ганна Трошкіна.

Урачыстую Божую літургію ў святочны дзень у Свята-Троіцкім храме манастыра ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і епіскап Друцкі Яўсевій, вікарый Віцебскай епархіі.

У час набажэнства ўсім прысутным у храме было абвешчана мнагалецце. На завяршэнне прагучала архіпастырскае благаславенне ўладыкі Веніяміна. Яго Высокапраасвяшчэнства таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі гашэння выпушчанага ў карыстанне паштовага блока “400-годдзе заснавання Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра ў Оршы”, што адбывалася ў гарадскім Палацы культуры.

Прадоўжыліся юбілейныя ўрачыстасці пленэрам мастакоў і міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй “Куцеінскія чытанні”.

У аршанскім Музеі гісторыі і культуры працавала выстава ўнікальных артэфактаў, у ліку якіх старадрукаваныя ўнікальныя выданні, што прадаставіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі – “Новый завет” 1652 года і факсімільная копія Куцеінскага буквара.

Завяршыліся ўрачыстасці 18 верасня 2023 года хрэсным ходам, у дзень свята Аршанскай іконы Божай Маці “Куцеінская”, нябеснай ахоўніцы аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр пераадолеў дарогу ў чатыры стагоддзі, на працягу якой захоўваў і дарыў людзям святло веры нават у самыя цяжкія часы. Няхай жа адорыць Гасподзь сваёй міласцю далейшы шлях нашай беларускай святыні.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы: