Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
З усіх 13 цэркваў і 3 манастыроў, якія існавалі ў Слуцку на пачатку ХІХ ст. да нашага часу захавалася толькі адна царква – Міхайлаўская.
Міхайлаўскі храм у горадзе Слуцку мае амаль сямісотгадовую гісторыю. Звесткі пра царкву можна адшукаць у дакументах нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў каля 1392 года, а таксама ў дакументах Случчыны пазнейшых часоў. За такі значны перыяд было некалькі драўляных будынкаў Міхайлаўскай царквы, што прыходзілі на змену адзін аднаму з прычыны разбурэнняў падчас пажараў, войнаў, звычайнага старэння драўляных збудаванняў.
У 1630-1640-ых гг. Слуцк дзякуючы князям Радзівілам, якія валодалі горадам, ператварыўся ў горад-крэпасць, умацаваную землянымі валамі і рвамі, бастыёнамі і равелінамі. Абедзве часткі горада злучаў паміж сабою мост. За гарадскімі ўмацаваннямі знаходзілася прадмесце Востраў. Уніз па рацэ Случ размяшчалася прадмесце Трайчаны – пасяленне вакол Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра, былога цэнтра праваслаўя на беларуска-літоўскіх землях, які, на жаль, да нашага часу не захаваўся.
План-панарама горада Слуцка ХVІІ- ХVІІІ стст.
Як сведчаць архіўныя дакументы, да сярэдзіны ХVІІ ст. Міхайлаўская царква размяшчалася ў гарадскім прадмесці Востраў, якое на той час было шматлюдным паселішчам і даволі блізка знаходзілася ад гарадской мяжы. На Востраве ў той час было ажно тры прыходскія цэрквы – Касма-Даміянаўская, Нараджэння Хрыстовага (Раждзественская) і Міхаіла Архангела.
Зазначым, што да ХVІІ ст. адносяцца звесткі і пра царкву святых цара Канстанціна і царыцы Алены, якая мела адносіны да Вострава, яна тады лічылася філіяльнай (прыпісанай да мясцовага прыхода).
У 1655 годзе ў час ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, калі горад Слуцк рыхтавалі да абароны, па загадзе князя Багуслава Радзівіла патрабавалася стварыць не менш як 800 крокаў свабоднай тэрыторыі перад гарадскімі валамі. Было прынята рашэнне вызваліць прадмесце Востраў ад забудоў і ад прыходскіх цэркваў, што знаходзіліся на Востраве.
Найперш ратавалі царкоўную маёмасць, затым, як лічаць даследчыкі, разабралі і перанеслі будынкі трох цэркваў. У хуткім часе цэрквы з назвамі Раждзественская, Касма-Даміянаўская і Міхайлаўская ўжо размяшчаліся ў той частцы Старога Слуцка, што прымыкала да Востраўскай брамы. Міхайлаўскую прыходскую царкву ўладкавалі на той час па вуліцы Востраўскай.
Пасля ваенных падзей і адбудовы прадмесця на Востраў “вярнулася” толькі Міхайлаўская царква.
Як адзначае знакаміты краязнаўца і даследчык гісторыі мастацтва і культуры Случчыны Ігар Ціткоўскі, звестак, якой была Міхайлаўская царква ў даўнейшыя часы, не захавалася. Пра выгляд храма можна меркаваць па царкоўным іканастасе, што быў шасціярусным, з чатырнаццаццю абразамі.
Зыходзячы з апісання, як лічыць Ігар Адамавіч, відавочна, што ў кожным ярусе змяшчалася ад чатырох да аднаго абраза, адкуль вынікае, што па памерах іканастас быў вузкі і высокі. Паколькі прапорцыі іканастаса заўсёды вызначаюцца характарам унутранай прасторы храма, таму, хутчэй за ўсё, і царква была невялікай, але высокай. Яе галоўны аб’ём развіваўся ўверх і, несумненна, складаўся з некалькіх ярусаў.
У прадмесце з горада ў 2-й палове ХVІІІ ст., магчыма з мэтай арганізацыі другога прыхода, была перанесена царква святых цара Канстанціна і царыцы Алены. Размясцілі яе недалёка ад старога будынка Міхайлаўскай царквы.
Як вынікае з архіўных дакументаў, сапраўды, у 1793 годзе будынак Міхайлаўскай царквы быў ужо стары, але не трухлявы і для богаслужэння прыгодны. Аднак у 1794 г. царкву закрылі, а на наступны год фундуш, храмавыя абразы, рэчы і званы перадалі Цара-Канстанцінаўскай царкве. Апошнюю пераасвяцілі і надалі імя святога архангела Міхаіла. З той пары царква стала называцца Міхайлаўскай.
Працэс перамяшчэння маёмасці заняў, магчыма, пэўны час, таму ў гістарычнай літаратуры, акрамя вышэй названых дат, сустракаецца таксама 1798 г.
Былой Цара-Канстанцінаўскай (цяпер ужо Міхайлаўскай) царкве ў спадчыну дасталася таксама маёмасць раней існаваўшай у прадмесці, а потым перанесенай у горад Касма-Даміянаўскай царквы. Сярод іх былі вельмі значныя па сваёй каштоўнасці і старажытнасці. Гэта два невялікія літыя сярэбраныя абразы – Уваскрасення Хрыстовага і святых цара Канстанціна і царыцы Алены; тры старажытныя Евангеллі 17 і 18 стст., а таксама Сіндык 1684 года з імёнамі слуцкіх князёў, пачынаючы з Дзімітрыя Альгерда, усяго 11 мужчынскіх і жаночых імёнаў, патрыярхаў, епіскапаў і інш.
У Міхайлаўскім храме захоўваліся таксама пудовыя двухметровыя свечкі па колькасці вёсак у прыходзе. Свечкі запальвалі ў час набажэнства, і за год яны выгаралі толькі да палавіны. У Міхайлаўскай царкве іх стаяла дзевяць: ад прыхаджан вёсак Хранова (цяпер Ветка), Вясея, Падзер, Збудзішча, Боркі, Папоўцы, Таліца, Лошыца, Мялешкавічы.
Па апісанні 1879 г., царква мела стары 4-ярусны іканастас з пілястрамі і калонкамі, пафарбаванымі алейнымі фарбамі ў белы колер, і з залачонымі карнізамі. У ім размяшчаліся чатырнаццаць абразоў “старога простага пісьма” і шэсць – “новага жывапісу”.
Побач з царквою размяшчалася драўляная званіца з пяццю калонамі, што да канца XIX ст. зусім састарылася і ў 1879 г. была разбурана ад моцнага ветру. У 1880-х гг. з заходняга боку царквы прыбудавалі новую трох’ярусную званіцу, вельмі добра знайшоўшы гарманічныя суадносіны прапорцый званіцы і храма. З таго часу архітэктурны воблік царквы як узор палескай школы драўлянага дойлідства больш не мяняўся.
Міхайлаўская царква мае рысы стылю барока, на характар званіцы адчуваецца ўплыў класіцызму. Адносіцца да тыпу храмавых будынкаў ярусна-восевай кампазіцыі. Цэнтральны і алтарны аб’ёмы, кожны з якіх завяршаецца купалам, абнесены раскрытай унутр галерэяй. Архітэктурнай дамінантай храма з’яўляецца трох’ярусная званіца, якую вянчае шлемападобны купал са шпілем.
З 2-й паловы ХІХ ст. да Міхайлаўскай царквы нейкі час былі прыпісаны могілкавая Варварынская царква і Георгіеўская царква ў вёсцы Хранова (цяпер Ветка).
З 1903 па 1908 год настаяцелем Міхайлаўскай царквы служыў іерэй Васіль Мацкевіч. За пяць гадоў свайго служэння ў Слуцку ён змяніў прыходскі храм і дзве прыпісныя царквы да непазнавальнасці. Айцец Васіль патраціў нямала сродкаў, каб у прыпісную Варварынскую царкву набыць звон на 26 пудоў, паставіць вакол могілак агароджу, пабудаваць новы дом для вартаўніка гэтых могілак.
Святар перафарбаваў Міхайлаўскую царкву звонку і знутры, набыў два званы на 50 і 25 пудоў, заказаў ківоты з іконамі, купіў дарагія трохсвечнікі і падсвечнікі, паднавіў усю рызніцу і папоўніў яе новым адзеннем для святароў. За ўласныя грошы высадзіў шмат фруктовых дрэў. Марыў пабудаваць царкоўна-прыходскую школу і абнавіць іканастас Міхайлаўскай царквы, але лёс распарадзіўся інакш… Яго не стала на 64-м годзе жыцця.
Пасля айца Васіля Мацкевіча настаяцелем да 1914 года служыў святар Мікалай Шамяціла, будучы Слуцкі епіскап (гл. на сайце oroik.by матэрыял Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры “Новапакутнікі беларускай зямлі: епіскап Мікалай (Шамяціла)”.
З 1920 па 1930 год настаяцелем Міхайлаўскага храма служыў ураджэнец вёскі Бранавічы Слуцкага раёна святар Васіль Паўлюкевіч, якога ў 1932 годзе арыштавалі. Пасля яго смерці прыход узначаліў святар Крывадубскі, протадыяканам служыў Пракофій Жданко. Усе яны беспадстаўна падазраваліся мясцовым НКУС як літоўскія, а пасля польскія шпіёны. Крывадубскі і Жданко ў 1933 г. былі рэпрэсаваны як контррэвалюцыянеры і высланы. Царкву ў тым жа 1933 г. закрылі, а пасля пачалі выкарыстоўваць для жылля і гаспадарчых патрэб. Іканастас з абразамі з царквы вынеслі.
У час Вялікай Айчыннай вайны немцы дазволілі аднавіць богаслужэнні ў цэрквах. Так былі адкрыты Міхайлаўская царква і былая прыпісная да яе Варварынская. У 1941 г. замест знішчанага іканастаса Міхайлаўскай царквы быў зроблены новы. Абразы напісаны алейнымі фарбамі на палатне ў сціплай рэалістычна-акадэмічнай манеры. Надпіс на адной з дэталяў канструкцыі сведчыць, што над іканастасам працавалі А. Маркевіч, К. Скрыпко і Д. Скрыпко.
Міхайлаўская і Варварынская цэрквы працягвалі працаваць і пасля вайны. На жаль, у 1953 годзе Варварынская царква згарэла.
Настаяцелем слуцкай Міхайлаўскай царквы з 1956 па 1989 год служыў протаіерэй Лявонцій Кульчыцкі, які па ўказе мітрапаліта Мінскага і
Беларускага Піцірыма (Свірыдава) быў перамешчаны на названую пасаду з ускладаннем абавязкаў благачыннага Слуцкай акругі. Трэба сказаць, што ў сакавіку 1961 года Слуцкая благачынная акруга пад уплывам тагачаснай дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да царквы была скасавана, а Міхайлаўскі і Варварынскі (у прыватным будынку, які набылі на свае сродкі вернікі непадалёк ад згарэлага ў 1953 годзе Варварынскага храма на вуліцы 14-ці Партызан) прыходы перайшлі ў Мінскае благачынне.
З таго часу ў Слуцку да стварэння ў 1993 годзе Свята-Касма-Даміянаўскага прыхода дзейнічаў толькі адзін Свята-Міхайлаўскі храм, дзе да канца 1980-х служыў айцец Лявонцій, які “за отлично-усердное служение церкви Божией” быў узведзены ў 1961 годзе ў сан протаіерэя.
У 1966 годзе настаяцеля Міхайлаўскага храма Лявонція Кульчыцкага ўшанавалі паліцаю, а пасля на працягу гадоў быў шэраг іншых узнагарод, сярод якіх крыж з упрыгожаннямі, патрыяршая грамата і мітра. Але галоўнай узнагародай святара сталася малітоўная любоў і пашана да яго з боку вернікаў Случчыны.
3 верасня 1995 года айцец Лявонцій адышоў да Госпада і пахаваны на тэрыторыі Міхайлаўскай царквы.
У 1989 годзе настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы прызначаны протаіерэй Міхаіл Вейга, які па 2015 год з’яўляўся таксама благачынным Слуцкай царкоўнай акругі і галоўным рэдактарам газеты “Преображение”. У гэты перыяд Міхайлаўскі сабор стаў цэнтрам духоўнага адраджэння Слуцка і наваколля. Па праекце архітэктара А. Яроменкі царкоўны надзел да 1992 года стаў паўнавартасным архітэктурным ансамблем.
На тэрыторыі царквы ў 1990-х гадах узведзена мураваная капліца-іконная лаўка, асвечаная ў гонар іконы Маці Божай Уладзімірскай. Як адзначае Ігар Ціткоўскі, выгляд капліцы вырашаны ў традыцыях рускай праваслаўнай архітэктуры. Яна квадратная ў плане, тры сцяны маюць слаба выяўленую пукатую лінію. Пакрыта гранёным купалам, абліцаваным меднымі лістамі, завяршае яго цыбулепадобны купалок на васьмігранным глухім барабане. Звернутая да царкоўнага двара ўсходняя сцяна мае прамавугольную нішу з мазаічнай выявай Маці Божай Уладзімірскай, над ёй – рэльефная выява Святой Тройцы. Перад уваходным арачным праёмам і мазаічным абразом ёсць паўкруглыя прыступкі.
У глыбіні двара па праекце таго ж архітэктара А. Яроменкі ў 1991 г. узведзены двухпавярховы мураваны корпус духоўна-асветніцкага і адміністрацыйнага цэнтра, дзе размясціліся хрысцільня, бібліятэка, класы нядзельнай школы і іншыя памяшканні. У характары гэтага будынка спалучаюцца рысы традыцыйнай і сучаснай архітэктуры. З 1994 г. тут знаходзіцца рэдакцыя выдаваемай храмам духоўна-асветніцкай газеты “Преображение”. Архітэктурны ансамбль дапаўняюць невялікі домік для вартаўніка, гараж і іншыя будынкі. Тэрыторыя абгароджана чыгуннай літой фігурнай рашоткай з мураванымі слупамі.
Свята-Міхайлаўскі сабор размяшчаецца ў Слуцку па адрасе: вул. Сацыялістычная, 90. Яго сцены звонку пафарбаваны ў блакітны колер. Каменны падмурак абліцаваны мармуровай пліткай. Падчас рамонту ў 2012 г. купалы храма атрымалі новае пакрыццё, у сувязі з чым змяніўся іх колер з сярэбрана-шэрага на залаціста-жоўты.
У тым жа 2012 г. замест папярэдняга з’явіўся новы трох’ярусны іканастас. У ім размяшчаюцца 20 абразоў (8 – у першым; 11, з “Тайнай вячэрай” пасярэдзіне, – у другім; 1, з выявай Бога-Айца, – у трэцім), якія напісаў на ліпавых дошках з захаваннем старажытнай тэхналогіі і выкарыстаннем сусальнага золата мінскі мастак-іканапісец Анатоль Мацяш.
У інтэр’еры звяртаюць на сябе ўвагу зробленыя мясцовымі майстрамі (І. Крывашэй, І. Давідоўскі) два разныя драўляныя ківоты з абразамі Маці Божай. На званіцы ўладкаваны 7 рознай велічыні званоў.
З 1992 года Слуцк стаў другім кафедральным горадам Мінскай епархіі, а Міхайлаўская царква атрымала статус кафедральнага сабора. Пры ім знаходзіцца цэнтр Слуцкага благачыння.
Цяпер у Свята-Міхайлаўскім саборы адбываюцца рэгулярныя архіерэйскія богаслужэнні, якія ўзначальваюцца епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем (Дароніным).
Слуцкі Свята-Міхайлаўскі саборны храм з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства ХVIII-ХІХ стст. і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове публікацый краязнаўца Ігара Ціткоўскага.
Падрыхтоўка артыкула для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
http://nasledie-sluck.by
http://www.witebsk.orthodoxy.ru
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007.
Ціткоўскі І. Абразок з візантыйскімі святымі // Культура. 2007. № 13, с. 22.
Ціткоўскі І. З гісторыі слуцкага храма на Востраве // Краязнаўчая газета. 2007, № 19.
Ціткоўскі І. Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. 2015.
Ціткоўскі І. Храм на Востраве // Преображение. 2007. № 5, с. 2,3.