Свята-Петра-Паўлаўскі храм у вёсцы Моўчадзь Баранавіцкага раёна

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

З ГІСТОРЫІ ВЁСКІ МОЎЧАДЗЬ

Вёска Моўчадзь знаходзіцца на поўначы Брэсцкай вобласці. На ўскраіне вёскі працякае аднайменная рака. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яе назва ўтворана ад імя старажытнага паселішча Моўчадзь, а назва самой вёскі паходзіць ад імя ўласнага.

На ўездзе ў вёску Моўчадзь.

Гісторыя мясціны даволі старажытная. У пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца ў летапісах 1486 года. Мястэчка тады належала вялікаму князю Літоўскаму Казіміру. У канцы XV стагоддзя ён заснаваў у Моўчадзі касцёл Святой Тройцы. Храм размяшчаўся на галоўнай гандлёвай плошчы мястэчка. Праз некаторы час там з’явіліся праваслаўная царква і сінагога. Да сёння захавалася толькі царква.

Мястэчка знаходзілася на ажыўленай віленскай дарозе, якая ішла са Слоніма цераз Моўчадзь, Навагрудак і Ліду ў сталіцу ВКЛ, таму не раз спусташалася захопнікамі.

З 1561 года Моўчаддзю валодаў вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст. У час руска-польскай вайны 1654 – 1667 гадоў мястэчка было спалена, пасля адбудавалася. У свой час яно належала Халецкім, Юдзіцкім, Тызенгаузам.

Сучасны выгляд Моўчадзі.

У Моўчадзі пануе асаблівая атмасфера, якая дазваляе зазірнуць углыб гісторыі. Цэнтр вёскі ў XVІІІ – XІX стагоддзях забудаваны яўрэйскімі дамамі і крамамі, што засталіся і да цяперашняга часу, ствараючы старажытны своеасаблівы каларыт забудовы.

Лёс Моўчадзі няпросты. Вёска шмат бачыла, многае стрывала, некалькі разоў гарэла і кожны раз адраджалася дзякуючы адзінству і працавітасці сваіх жыхароў.

На ўездзе ў вёску, амаль адразу на з’ездзе з трасы Р108, па вуліцы Савецкай можна ўбачыць вялікія старыя могілкі, падзеленыя дарогай. Тут захавалася невялікая праваслаўная капліца. Вядома пра яе няшмат. Верагодна, пабудавана ў канцы ХІХ стагоддзя. Па форме квадратная, з усіх бакоў мае арачныя вокны-ўваходы, завяршаецца шатровым купалам з цыбулінай.

Праваслаўная капліца ў Моўчадзі. 2016 год. Фотаздымак: Дзмітрый Іўчанка.

У другой палове XVIII стагоддзя ў мястэчку жыло прыкладна 1000 – 1500 чалавек, сярод якіх былі беларусы, літоўцы, татары, палякі, шмат яўрэяў.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе, Моўчадзь увайшла ў склад Расійскай імперыі і належала Люшнеўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні.

У канцы 1862 года ў Моўчадзі адкрылі пачатковае народнае вучылішча. З часам там навучалася 112 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак.

На жаль, у 1879 годзе ў вёсцы ўспыхнуў чарговы пажар, які знішчыў значную частку пабудоў. Але вёска, як і раней, адбудавалася.

На пачатку ХХ стагоддзя ў Моўчадзі была вялікая яўрэйская абшчына, прыкладна 1200 жыхароў (каля 70% ад агульнай колькасці насельніцтва), што пакінула заўважны след у гісторыі вёскі. Прадстаўнікі абшчыны развівалі мясцовы гандаль, рамесніцтва, адкрылі аптэку, вялікую мельніцу.

Развіццю прамысловасці актыўна садзейнічала чыгунка, што пралягла побач з мястэчкам у 1884 годзе (станцыя Вільна-Ровенскай лініі Палескіх чыгуначных дарог).

Кожны тыдзень працаваў рынак. На працягу года праводзілася чатыры ярмаркі.

Ішлі гады. Будынак народнага вучылішча да пачатку ХХ стагоддзя састарэў. Пад націскам жыхароў мястэчка і навакольных вёсак мясцовыя ўлады выдаткавалі грошы на новую школу. На жаль, так і не пабудавалі. Завезенае бярвенне згніло, прыдатны зямельны ўчастак пад будаўніцтва не выдзелілі, грошы некуды зніклі…

Але моўчадцы імкнуліся да ведаў.

У 1907 годзе ў Моўчадзі пачаў працаваць настаўнікам Якаў Мацвеевіч Карлінскі. Усяго ў школе навучалася 232 вучні.

Паводле ўспамінаў Якава Мацвеевіча, 1 верасня 1907 года ў школу з’явілася каля 80 вучняў, назаўтра прыйшло 103 чалавекі, а 3 верасня – яшчэ 49 вучняў.

Болей набіраць вучняў не дазволіла губернскае начальства з Гродна. Школьнае памяшканне не магло ўсіх змясціць ды і знаходзілася практычна ў аварыйным стане. Спачатку Карлінскі працаваў адзін, а праз некалькі месяцаў прызначылі яшчэ аднаго настаўніка.

У 1908 годзе Моўчадскае вучылішча пераўтварылі ў двухкласнае. Адначасова ішоў збор сродкаў сярод насельніцтва на новае чатырохкласнае вучылішча, якое адкрылі ў 1911 годзе.

З 1 студзеня 1913 года народнае вучылішча ў Моўчадзі атрымала статус вышэйшага пачатковага, а праз паўгода там сталі навучаць і хлопчыкаў, і дзяўчынак. На той час гэта выглядала сапраўдным перадавым вопытам.

Будынак вучылішча разам з вялікай бібліятэкай, што існавала пры ім, у 1917 годзе спалілі пры адступленні кайзераўскія салдаты.

Падчас Першай сусветнай вайны значна пашкодзілі і Свята-Петра-Паўлаўскі храм. Царкву разрабавалі, царскія вароты сарвалі з завесаў…

У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам (1921 год) Моўчадзь увайшла ў састаў Польшчы, у Слонімскі, а з 1926 года – у Баранавіцкі павет. З 1939 года вёска Моўчадзь увайшла ў састаў БССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны з канца чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года вёска была акупавана нямецкімі войскамі.

Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, немцы стваралі гета амаль у кожным населеным пункце, дзе жылі яўрэі. Фашысты арганізавалі гета і ў Моўчадзі. Тут з 15 на 18 ліпеня 1942 года было забіта больш за 3600 мясцовых яўрэяў і яўрэяў з навакольных вёсак.

Больш за 200 апошніх вязняў гета, якія працавалі на тарфяным прадпрыемстве, былі забіты ў тым жа годзе крыху пазней, у час чарговай акцыі масавага знішчэння ў Моўчадзі.

Невялікія групы моўчадскіх яўрэяў з дапамогай мясцовых жыхароў хаваліся ў навакольных лясах каля двух месяцаў. Як згадвае Ханан Шмуловіч, час ад часу яны хадзілі шукаць няшчасных у лесе. Хто мог з іх, пайшоў у партызаны.

У кастрычніку 1942 года гітлераўцы акружылі лес. Трое сутак ішлі баі. На дапамогу мясцоваму атраду прыйшлі іншыя партызанскія атрады, і фашысты адступілі. У тым баі загінулі многія яўрэйскія партызаны з Моўчадзі.

Некаторыя моманты халакосту Моўчадзі адноўлены па ўспамінах мясцовага жыхара Ю. Пугача: “Жыхар Саўцэвічаў Семяняк Нікіфар Васільевіч і яго сын Семяняк Леў Нікіфаравіч, якому было 12 гадоў, два месяцы хавалі яўрэяў у лесе. Адпаведна рапарту, яны былі схвачаны і расстраляны 17 верасня 1942 года, пахаваны разам з яўрэямі ў агульнай магіле. Але ноччу родзічы загінулых выкапалі целы расстраляных і тайна пахавалі іх на праваслаўных могілках у Моўчадзі”.

Помнік ахвярам генацыду ў Моўчадзі.

У 1977 годзе ў Моўчадзі быў устаноўлены помнік ахвярам генацыду з надпісам “советским гражданам, погибшим от рук фашистов”. У 2012 годзе ўсталявалі новы помнік, дзе на беларускай мове, англійскай і іўрыце выбіты словы: “Ахвярам фашызму. Тут у 1942 годзе былі зверскі закатаваны 3600 яўрэяў – мясцовых жыхароў”.

Пакланіцца помніку ахвярам нацызму прыязджалі родзічы з Чылі, Аргенціны…

18 ліпеня 2022 года адбыліся памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю знішчэння Моўчадскага гета. Людзей хвалявала галоўнае: такія зверствы не павінны быць забыты, яны не павінны паўтарыцца.

Як распавядае Галіна Строцкая ў артыкуле “Цветники и курганы Молчади”, што ўбачыў свет у газеце “Беларускі час” ад 22 верасня 2022 года, у час яўрэйскага пагрому 1942 года ўдалося выжыць 10-гадоваму хлопчыку – Віктару Рубяжэвічу. Ён дабег да суседняй вёскі, дзе яго схаваў мясцовы жыхар Адам Саргавіцкі. Віктар вырас і пераехаў у Амерыку, дзе выйшла кніга яго ўспамінаў “Запомни нас”, якая сведчыць пра зверствы фашыстаў на беларускай зямлі.

МОЎЧАДСКІ СВЯТА-ПЕТРА-ПАЎЛАЎСКІ ХРАМ

Галоўнай святыняй Моўчадзі з’яўляецца храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Помнік гісторыі другой паловы ХІХ стагоддзя. Размешчаны на пагорку ў цэнтры колішняга мястэчка на месцы разабранага касцёла.

Моўчадскі Петра-Паўлаўскі храм – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будаўніцтва царквы пачалося ў сувязі з тым, што папярэдняя драўляная царква згарэла ў 1852 годзе. Дзялянку зямлі пад будаўніцтва ахвяравалі мясцовыя памешчыкі.

Пабудаваны храм у 1880 годзе з цэглы і бутавага каменю паводле тыпавога праекта, дапрацаванага архітэктарам Ціхвінскім у 1869 – 1873 гадах. Царкоўны пагост акаймаваны бутавай агароджай з брамай на 4 слупы.

Падрадчыкамі выступілі купцы Нахман Буткоўскі, Шымон Скідзельскі і Абрам Прэхнер, якія выдаткавалі на гэтыя мэты 2475 рублёў. Новы храм асвяцілі на свята Благавешчання.

У 1886 годзе ў Моўчадзі налічвалася 45 двароў, 479 жыхароў, 2 царквы, 3 сінагогі, піваварня, чыгуначная станцыя (каля мястэчка), народнае вучылішча.

У 1-м томе выдання “Описание церквей и приходов. Гродненский православно‑церковный календарь”, 1899 год, сказана: “В м. Молчади, Слонимского уезда, Дятловского благочиния церковь каменная, с таковою же над притвором колокольней, в каменной ограде, — сооружена в 1874 году средствами Правительства и прихожан. Отстоит от г. Слонима в 35 верстах. Прихожан при ней 1638 мужеского пола и 1571 женского в 13 селениях… Имеются: церковь кладбищенская — Воздвиженская — в Молчади… 5 церковных школ и народное училище в Молчади, с 112 учащихся мальчиков и 18 девочек. Причт состоит из двух лиц: священника и псаломщика, с жалованьем 496 рублей… Церковной земли в пользовании причта 121 десятина 2029 сажен”.

У 1901 годзе пры Свята-Петра-Паўлаўскім храме адкрылі жаночую царкоўна-прыходскую школу на 35 чалавек.

Царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Моўчадзь. 1915 – 1918 гг. Фотаздымак з сайта http://orda.of.by

Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Моўчадзі ўяўляе сабой кананічны чатырохчасткавы храм: вежа-званіца, трапезная, асноўны аб’ём (малітоўная зала) і апсіда.

У падоўжана-восевай сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная (два васьмерыкі на чацверыку) званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай (два званы – з былога касцёла).

Асноўны кубападобны аб’ём пад чатырохсхільным дахам увянчаны пяццю купаламі на васьмігранных барабанах, апяразаны карнізам.

У інвентарным вопісе 1873 года адзначана, што купалы былі бляшанымі і завяршаліся пазалочанымі шарамі і чыгуннымі крыжамі. Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілепадобнымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы.

Арачныя аконныя праёмы аформлены кілепадобнымі ліштвамі.

Сцены храма традыцыйна выкладзены з мясцовага бутавага каменю, а элементы архітэктурнага дэкору зроблены з цэглы. Звонку храм аштукатураны і пафарбаваны ў белы колер.

Перакрытая плоскай столлю малітоўная зала аддзелена ад апсіды трох’ярусным пабеленым і пазалочаным іканастасам на 13 абразоў, выкананых алеем.

Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Моўчадзі. 1916 год.

Пры Свята-Петра-Паўлаўскай царкве ў Моўчадзі працавала царкоўна-прыходскае папячыцельства, 5 царкоўных школ: у Белалозах, Кузявічах, Саўцэвічах, Харашоўцы і Ярашове. Навучалася там 144 хлопчыкі і 14 дзяўчынак.

Пры царкве ў Моўчадзі мелася прыпісная драўляная могілкавая Свята-Крыжаўзвіжанская царква з драўлянай званіцай, пабудаваная ў 1800 годзе землеўладальнікам Валовічам. Паблізу з агароджай і дарогай размяшчалася капліца, пра якую мы ўжо згадвалі, з вялікай іконай прападобнага Антонія Кіева-Пячорскага.

За сваю доўгую гісторыю храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў Моўчадзі ніколі не закрываўся. Набажэнствы тут праводзіліся і ў гады акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ў час ганенняў на царкву.

Свята-Петра-Паўлаўскі храм у Моўчадзі. 1941-1944 гг.

Пра настаяцеляў храма звестак мала. У 1948 годзе служыў протаіерэй Леанід Гамаліцкі. Каля пяцідзесяці гадоў служыў протаіерэй Георгій Столяр. З 2003 года – іерэй Іаан Пашкевіч, ураджэнец вёскі Рубель Столінскага раёна.

Да Моўчадскага прыходу адносяцца таксама вёскі Міцковічы, Малая Сваротва і Кузевічы. У царкве захоўваецца абраз святога Аляксандра Неўскага, створаны ў 1861 годзе.

Свята-Петра-Паўлаўскі храм у Моўчадзі.

У 2016 годзе ў Моўчадскім храме праведзены капітальны рамонт, у фінансаванні якога прынялі ўдзел прыхаджане, фундатары і райвыканкам (выдаткаваў 200 млн. недамінаваных рублёў).

Пасля завяршэння рамонту ў жніўні 2016 года адбылося ўрачыстае свята з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана (Корзуна). Медалямі і архіерэйскімі граматамі ўзнагароджаны шэраг прыхаджан і фундатараў.

Памятны камень.

У верасні 2022 года вёсцы Моўчадзь споўнілася 600 гадоў. Да гэтага свята добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол храма: знеслі старыя аварыйныя дрэвы, высадзілі вечназялёныя туі, уладкавалі лаўкі, абсталявалі невялікую дзіцячую пляцоўку.

Да святочнага юбілею вёскі ў Моўчадзі з’явіліся тратуары. Вяскоўцы ўласнаручна аформілі прыгожыя клумбы, за якімі з таго часу самі даглядаюць. Вядома, многае ўдалося дзякуючы фінансавай падтрымцы Баранавіцкага райвыканкама.

Кожны жыхар удзельнічаў у падрыхтоўцы да свята, стараўся палепшыць, зрабіць больш прыгожай родную мясціну.

На працягу некалькі месяцаў юныя мастакі Баранавіцкай мастацкай школы вывучалі гісторыю вёскі, выязджалі на пленэры, дзе пісалі з натуры пейзажы, дамы, вуліцы, каб зафіксаваць на многія гады жывую прыгажосць сваёй мясцовасці і прадставіць да свята свае работы.

А праз два гады моўчадцы адзначалі яшчэ адно вялікае свята.

У час святочнага набажэнства ў Свята-Петра-Паўлаўскім храме. 2024 г. Фотаздымак: Іна Мацейка.

12 ліпеня 2024 г. Свята-Петра-Паўлаўскі храм урачыста адзначыў сваё 150-годдзе.

Святочную літургію ўзначаліў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій (Вайтовіч) у саслужэнні духавенства Баранавіцкага благачыння. Пасля набажэнства ва ўрачыстай атмасферы ўладыка Георгій уручыў медалі і архіерэйскія граматы прыхаджанам, якія зрабілі свой пасільны ўнёсак у добраўпарадкаванне і абнаўленне царквы.

У Моўчадскім прыходзе існуе прыгожы звычай: на Хрышчэнне Хрыстова асвячаюць усе дамы і пабудовы прыхаджан – тры тыдні ад дома да дома ходзіць святар з пеўчымі.

На захад ад храма ёсць добраўпарадкаваная крыніца, якую ў народзе называюць Сунглоўшчына (па назве былога памесця, што размяшчалася паблізу), дзе кожнаму падарожнаму можна пачаставацца і зняць стому крынічнай вадой, што выцякае ажно з адзінаццаці падземных выхадаў.

З кожным годам квітнее старажытная Моўчадзь. І, як і раней, святыняй гэтай мясцовасці з’яўляецца храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла, куды штодня спяшаюцца вернікі і які дорыць духоўную падтрымку кожнаму.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Літаратура

  1. Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына : Свята-Петрапаўлаўская царква <…> у в. Моўчадзь / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. – С. 646–647.
  2. Моўчадская Петрапаўлаўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 628 –
  3. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с.

Крыніцы