Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

За дзесяць кіламетраў ад старажытнага беларускага горада Слоніма, на невялікім узвышшы, што плаўна спускаецца да берага ракі Шчары, раскінулася даволі шырокае паселішча пад назвай Жыровічы. Некалькі стагоддзяў таму жыровіцкую зямлю асвяціла Прасвятая Багародзіца. Яна даравала людзям Сваю цудатворную ікону, з дня з’яўлення якой вядзе адлік гісторыя Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Манастырскі комплекс у вёсцы Жыровічы.
Манастырскі комплекс у вёсцы Жыровічы.

Вёска Жыровічы – другі па колькасці жыхароў (пасля Слоніма) населены пункт Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Паселішча вядома з XV стагоддзя. У перыяд, калі Слонімшчына ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, Жыровічы належалі розным феадальным уладальнікам – Солтанам, Мялешкам, Сапегам. З 1795 года гэтыя землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, з 1921 года – Польскай дзяржавы, з 1938 года – БССР.
Цяпер Жыровічы – адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета. Акрамя знакамітага Жыровіцкага манастыра, тут функцыянуюць аграрна-тэхнічны каледж, музей мясцовага побыту, сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок, Дом культуры, бібліятэка, магазіны, участковая бальніца і іншыя аб’екты інфраструктуры.
Жыровіцкі манастыр і цудатворны абраз Божай Маці, які захоўваецца тут, вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў розных кутках зямнога шара. Каб пакланіцца святыні, Жыровічы наведваюць жыхары розных краін і кантынентаў, як праваслаўныя, так і каталікі. Асабліва шматлюдна бывае ў Жыровічах у дзень з’яўлення цудатворнай іконы – 20 мая.

Ядро кампазіцыі Жыровіцкага манастыра і яго галоўны храм – Успенскі сабор, менавіта тут захоўваецца Жыровіцкая цудатворная ікона Божай Маці. Сабор злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі і з брацкім корпусам, на першым паверсе якога змайстраваны арачныя вароты – галоўны ўваход у манастырскі корпус. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад алтарнай апсідай сабора. Вертыкальнай дамінантай усяго манастырскага ансамбля з’яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная на самым высокім месцы манастыра.

Успенскі сабор.
Успенскі сабор.

У манастырскі комплекс уваходзяць Яўленская, Крыжаўзвіжанская і Георгіеўская (за межамі манастыра, на могілках) цэрквы. З паўднёвага боку сабора прыбудаваны зімовы храм у гонар свяціцеля і цудатворцы Мікалая.

Яўленскі храм – самы старажытны будынак манастыра, пабудаваны ў 1672 годзе на месцы паўторнага з’яўлення Божай Маці. На франтоне храма размешчана мазаічная выява Багародзіцы. Божая Маці з’явілася на гэтым месцы ў 1520 годзе. З’явілася Яна, каб вярнуць Сваю цудатворную ікону, што прапала падчаспажару. Сам камень, на якім убачылі Божую Маці, цяпер знаходзіцца ў алтары храма і з’яўляецца асновай для прастола. У свой час паломнікі пачалі адколваць кавалачкі ад каменя на памяць. Каб камень не знік, яго абгарадзілі, а праз 150 гадоў, калі ў 1672 годзе дабудавалі храм, камень апынуўся ў яго алтары.

Царква ў гонар Раства Багародзіцы (Яўленская).

Яўленская царква пабудавана ў стылі барока. Аднанефны храм памерам 8х20 метраў не мае алтарнай апсіды, пакрыты двухскатным дахам з драўляным барабанам і купалам у сярэдняй частцы. Галоўны фасад аздоблены паўкалонамі і фігурным франтонам, выходзіць за межы аб’ёму і закрывае бакавыя сцены царквы. Астатнія фасады сціпла апрацаваны лапаткамі, простымі карнізамі і абрамленнямі вокнаў. Пад падлогаю Яўленскай царквы знаходзіцца невялікая ўсыпальніца, дзе ў 1881 годзе пахавалі аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў мітрапаліта Іосіфа Сямашкі ў справе ўз’яднання ўніятаў – архіепіскапа Мінскага Міхаіла (Галубовіча), які жыў на пакоі ў Жыровічах.

Яўленскі храм не ацяпляецца, і набажэнствы тут адбываюцца толькі ў цёплы перыяд года. 20 мая перад дзвярыма храма чытаецца акафіст у гонар з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці. Пасля святочнай літургіі ва Успенскім саборы ўсе святары і паломнікі хрэсным ходам прыходзяць да Яўленскага храма. Тут пад кронай стагадовай ліпы малітоўныя спевы, праслаўляючы Прачыстую Дзеву, гучаць асабліва пранікнёна і кранаюць душу.

Другі храм знаходзіцца на самым высокім манастырскім узвышшы – гэта Крыжаўзвіжанская царква. Яна як сімвал Галгофы – таго месца, дзе быў распяты Гасподзь. Царква ў сваім уладкаванні была задумана як копія знакамітай рымскай Санта Скалы – Святой Лесвіцы.

Крыжаўзвіжанская царква. (Фота Андрэя Дыбоўскага).
Крыжаўзвіжанская царква. (Фота Андрэя Дыбоўскага).

Крыжаўзвіжанская царква пабудавана ў стылі барока з элементамі класіцызму. Аднанефны храм-“кальварыя” пабудаваны такім чынам, каб у ім можна было праводзіць папулярны ў XVIII стагоддзі сярод католікаў-уніятаў абрад, які імітаваў паломніцтва ў Ерусалім. Прыступкі ўнутры храма займаюць палову будынка і маюць ілюзорны жывапісны працяг на алтарнай сцяне. Гэты прыём стварае ўражанне вялікай глыбіні інтэр’ера пры параўнальна невялікіх памерах будынка (12х25м). Галоўны фасад мае выцягнутыя прапорцыі і завяршаецца высокім франтонам з маляўнічай вежкаю.

Асвечаны Крыжаўзвіжанскі храм у гонар Узвіжання Крыжа Гасподня. Ён пабудаваны ў 1769 годзе на ахвяраванні жыхаркі Пінска Элеаноры Галаўшчыной, якая, пабываўшы ў Рыме з паломніцкай паездкаю, убачыла ў Латэране гэтую незвычайную лесвіцу. Гэта дакладная копія лесвіцы, па якой падымаўся Ісус Хрыстос на няправедны суд Понція Пілата. Па традыцыі паломнікі здзяйснялі шлях па 28 прыступках Святой Лесвіцы, перасоўваючыся на каленях і чытаючы пры гэтым малітвы да Госпада. Элеанора захацела пабудаваць такую ж лесвіцу ў Жыровічах, на што ахвяравала 8 тыс. злотых. Так узнік Крыжаўзвіжанскі храм.

Лесвіца ад уваходу да алтара ў Крыжаўзвіжанскай царкве.
Лесвіца ад уваходу да алтара ў Крыжаўзвіжанскай царкве.

У кожную прыступку лесвіцы ўманціравалі каўчэжцы з мошчамі святых. У канцы ХІХ стагоддзя мошчы з прыступкаў дасталі і змясцілі ў крыж-машчавік, які цяпер знаходзіцца ва Успенскім саборы. Па некаторых звестках, Элеанора, дзякуючы якой пабудавана Крыжаўзвіжанская царква, пахавана пад ёю ў адпаведнасці са сваім завяшчаннем.

За алтаром Крыжаўзвіжанскай царквы пахаваны архімандрыт Мікалай (Рэдута), які быў настаяцелем манастыра з 1852 да 1889 года. Яго намаганнямі ў другой палове ХІХ стагоддзя ў абіцелі праводзіўся капітальны рамонт будынкаў і іх маштабная рэканструкцыя, у выніку чаго архітэктурны комплекс манастыра набыў сучасны выгляд.

Драўляная царква Святога Георгія (18 ст.) у в. Жыровічы.
Драўляная царква Святога Георгія (18 ст.) у в. Жыровічы.

Драўляная царква ў гонар святога вялікапакутніка Георгія Пераможцы знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Жыровіч на могілках, на так званай Юр’евай горцы. Царкве больш за 300 гадоў і пабудавана яна намаганнямі тагачаснага настаяцеля манастыра Георгія Шаталовіча. Пад падлогаю храма спачываюць астанкі вядомага пісьменніка пратаіерэя Плакіда Янкоўскага. Набажэнствы ў храме адбываюцца кожную суботу, пачынаючы з Радаўніцы і завяршаючы Дзмітрыеўскай (бацькоўскаю) суботаю (Дзяды).

6 мая, у дзень святога вялікапакутніка Георгія, ад Успенскага сабора да цэрквы здзяйсняецца хрэсны ход.

У архітэктуры Георгіеўскай царквы аб’яднаны рысы народнага дойлідства, стыляў барока і класіцызму. Двухзрубны храм падоўжана-восевай кампазіцыі. Складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёма пакрытага двухскатным дахам і прыбудаванага да яго пяціграннага алтарнага зруба.

Успенскі сабор. (Фота Андрэя Дыбоўскага).
Успенскі сабор. (Фота Андрэя Дыбоўскага).

Свята-Успенскі сабор пабудаваны на месцы, дзе адбылося з’яўленне цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці. Па задуме архітэктараў, дакладна над тым месцам размешчаны алтар Успенскага храма. Пры ўваходзе ў калідор, што вядзе ў сабор і семінарыю, з левага боку ўладкаваны спуск да калодзежа, які знаходзіўся ў спецыяльна збудаванай нішы пад алтарнай часткаю храма. Калодзеж захоўваў выток крыніцы, што струменіла з-пад каранёў дзікай ігрушы, на якой была знойдзена ікона. Тут жа знаходзіўся корань гэтага дрэва.

Цяперашні каменны сабор неаднаразова перабудоўваўся. Першы храм, пабудаваны на гэтым жа месцы, быў драўляны. Ён згарэў падчас пажару.

Успенскі сабор спалучае ў сабе стылі барока і класіцызму, а таксама рысы візантыйскай (базілічнай) царкоўнай архітэктуры, асвечаны ў гонар свята Успення Божай Маці. Мае два бакавыя прыдзелы – у гонар Нараджэння Іаана Хрысціцеля і Пакравоў Божай Маці. У іканастасе Успенскага сабора і захоўваецца цудатворная ікона – злева ад царскіх варот. Штогод да яе прыязджае каля ста тысяч паломнікаў, каб пакланіцца вялікай святыні і прылажыцца да яе.

Акрамя цудатворнай іконы, у саборы ёсць і многія іншыя святыні. Справа ад царскіх варот цэнтральнага алтара знаходзіцца Крыж-машчавік, у які змешчаны часціцы мошчаў святых угоднікаў Божых, што некалі былі ўманціраваны ў прыступкі лесвіцы Крыжаўзвіжанскай царквы, – а таксама мошчы святых Іаана Кармянскага, праведнай Сафіі Слуцкай, прападобных Феадора Санаксарскага і Варлаама Чыкойскага.

Крыж-машчавік з часцінкамі мошчаў святых у іконах.
Крыж-машчавік з часцінкамі мошчаў святых у іконах.

У саборы знаходзяцца іконы з часціцамі мошчаў свяціцеля Мікалая Мірлікійскага Цудатворцы, прападобнай Еўфрасінні Полацкай, прападобных Опцінскіх старцаў; віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія; прападобнага Аляксандра Свірскага, блажэннай Матроны Маскоўскай і іншых святых.

У алтары Успенскага храма знаходзяцца іконы з часціцамі мошчаў святога Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана, новапакутніка свяціцеля Іаана Рыжскага. У дні памяці святых іконы з часціцамі мошчаў выносяцца на пакланенне.

Прыбудоўка да сабора – храм у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы, так званы “цёплы” храм, у ім адбываюцца набажэнствы ў зімовы перыяд года. Сюды ў гэты час пераносіцца цудатворная ікона. Летам у гэтым храме знаходзіцца дакладная копія Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Сёння Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны (падначалены непасрэдна мітрапаліту Мінскаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі) мужчынскі манастыр – адзін з духоўных цэнтраў Праваслаўнай Беларусі.

Вабіць людзей да сябе гэты святы куток зямлі беларускай. Невычарпальная яго благадаць, таму што сіла яго – ў Пакрове Божай Маці.

Жыровіцкая ікона Божай Маці.
Жыровіцкая ікона Божай Маці.

… Цудатворная Жыровіцкая ікона Божай Маці ўяўляе сабою самага маленькага памеру абраз (5,6х4,4 см) з усіх асабліва шануемых хрысціянамі ікон Багародзіцы. Выкананая з каменю (яшмы) у форме авала, ікона змяшчаецца на дзіцячай далоньцы. Вучоныя даказалі, што з выкарыстаннем сучасных тэхналогій выразаць такую выяву на яшме немагчыма, камень рассыпаўся б. Гэты факт – яшчэ адзін доказ таму, што абраз нерукатворны. Праз пэўны час ікона была напісана ў мастацкім стылі так, як мы прывыклі яе бачыць: Багародзіца з Прадвечным Младзенцам на руках. На камені ж, арыгінале іконы, бачная як бы схематычная выява Божай Маці з Младзенцам, мелкія дэталі не праглядваюцца. У той жа час уражвае вытанчанасць і глыбіня рэльефа. Расколіны на выяве з’явіліся хутчэй за ўсё ў выніку пажару, у якім пабывала ікона ў 1520 годзе.

Як сведчыць паданне, у канцы XV стагоддзя там, дзе цяпер размешчаны манастыр, пасвіліся статкі ўладальніка жыровіцкай сядзібы баярына Солтана.

Нагадаем, што род Перасвет-Солтанаў, якія доўгі час валодалі Жыровічамі, меў уласны герб, вядомы ў ВКЛ з ХV стагоддзя. Родапачынальнікам лічыцца Солтан, або Аляксандр Юр’евіч па прозвішчы Солтан. У 1443-1454 гг. – падскарбій земскі (казначэй) пры двары караля Казіміра IV Ягелончыка, дыпламат (па некаторых звестках, маршалак ВКЛ). Здзейсніў паломніцтва да Гроба Гасподняга ў Ерусалім, стаў рыцарам Гроба Гасподняга.

Меў двух сыноў, якія прадоўжылі дзяржаўную службу. Малодшы сын Солтана, Андрэй (у некаторых крыніцах Андрушка), – дворны, затым земскі падскарбій ВКЛ. Памёр каля 1498 г.

Старэйшы сын, Солтан Аляксандравіч (Івашка Аляксандравіч), – дворны, затым земскі падскарбій ВКЛ (1473-1476 гг.), маршалак гаспадарскі (1482-1493 гг.). Менавіта яму, Солтану Аляксандравічу, Вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч Ягелончык пажалаваў у 1493 годзе ў патомнае валоданне Жыровічы. На жаль, у хуткім часе Солтана Івана Аляксандравіча не стала…

Як сведчыць паданне, з’яўленне іконы магло адбыцца ў 1470 (па іншых звестках – у 1473,1480, 1494) годзе.

Аднойчы пастухі заўважылі незвычайнае ззянне сярод галін дзікай ігрушы, усыпанай кветкамі, якая расла над невялікай крынічкай. Падышоўшы бліжэй, яны знайшлі невялікі каменны абраз, ад якога сыходзіла незвычайнае святло. Пакланіўшыся Прачыстай Дзеве і Богамладзенцу Хрысту, пастухі аднеслі ікону гаспадару. Ён жа не звярнуў асаблівай увагі на просты абразок і схаваў яго ў шкатулку. Прымаючы гасцей, Солтан успомніў пра знаходку пастухоў і захацеў паказаць ікону, але ў шкатулцы яе чамусьці не аказалася.

У невялікім паданні “Гистория, або повесть людей розных, веры годных о образе чудовном Пренасвятейшое Девы Марии жировицком в повете Слонимском…”, запісаным старабеларускаю моваю жыровіцкім іераманахам Феадосіем (Баравіком) у 1622 годзе, пра гэты выпадак сказана: “Але Господь Бог, который звыкл прославлят прославляющих Его, не допустил наяснейшое десницы облокати неведомостю людем засланять, и так знаменитого скарбу в землю закопат, але рачей жебы всим требующим был выставленный, и для того без вотпеня з шкатулы зникнул”. [Цыт. па: Мальдис А. Жировичи как центр литературной жизни // Христианизация Руси и белорусская культура. Материалы конференции (машинопись). Минское епархиальное управление, 1988, с. 270-271.]

На другі дзень пастухі зноў заўважылі ззянне на той жа грушы. Зноў крыніцай святла быў маленькі каменны абраз Божай Маці, пра што неадкладна паведамілі гаспадару. На гэты раз Солтан сам прыбыў на месца з’яўлення, доўга маліўся і кланяўся Багародзіцы і даў зарок на гэтым месцы пабудаваць царкву, што неўзабаве і здзейсніў: “в часе потом коротким казал розрубиват оную пушчу, а потом церковь спанялую будовати, которая, кгды докончоная была уберами ее вшелякими надал и тот образ чудовный, в сребро оправивши в ней поставил и не мало презвитеров ховал для одправованя порадного и уставичного набоженства. Тая помененная церковь в колкодесят лет по збудованю от свечи с припадку не добре загошоное вся немал в пепел се обернула”. [Цыт. па: Мальдис А. Жировичи как центр литературной жизни // Христианизация Руси и белорусская культура. Материалы конференции (машинопись). Минское епархиальное управление, 1988, с. 270-271.]

Ікону змясцілі ў храме і назвалі Жыровіцкай. Божая Маці прывабіла да Свайго вобразу многіх людзей з акаляючых гарадоў і вёсак. Мясцовыя жыхары і паломнікі адзначалі, што пасля малітвы перад Жыровіцкай іконай Божай Маці яны атрымліваюць дапамогу ў жыццёвых патрэбах і вылячэнне ад хвароб. Некаторыя паломнікі, якія ў Жырове (так называліся тады Жыровічы) атрымалі цудоўную дапамогу, у знак удзячнасці пасяліліся паблізу, каб служыць Богу і праслаўляць Прачыстую Дзеву Марыю.

У 1520 годзе царква ў Жыровічах згарэла, а святую ікону пасля пажару не маглі знайсці. Праз некаторы час вучні царкоўнай школы гулялі недалёка ад таго месца, дзе быў пажар. Раптам яны ўбачылі Жанчыну незвычайнай прыгажосці, якая сядзела на велізарным камені і трымала ў руках ікону. Дзеці паклікалі дарослых. Прыйшоўшы, тыя ўбачылі на камені страчаную ў час пажару Жыровіцкую ікону, а перад ёю – запаленую свечку. Так Прачыстая Багародзіца, з’явіўшыся на камені, вярнула людзям Сваю святую ікону. У памяць пра гэты цуд была пабудавана Яўленская царква, у якой знаходзіцца той самы камень – сведка наведвання людзей Багародзіцай. На ім уладкаваны святы прастол. А яшчэ каля Яўленскай царквы захавалася старажытная ліпа, што помніць многія падзеі нашай гісторыі. Пад яе кронаю маліліся сотні тысяч людзей, бо на галоўнае свята Жыровіцкага манастыра – дзень з’яўлення цудатворнай іконы (20 мая па новым стылі) – на паперць перад Яўленскай царквою ўрачыстым хрэсным ходам прыносіцца святы абраз і служыцца перад ім малебен з акафістам. І гэта адбываецца ўжо не адно стагоддзе.

Пра цудатворствы, што сыходзяць ад Жыровіцкай іконы Божай Маці, было вядома з часоў з’яўлення іконы ў Жыровічах. На жаль, многія гістарычныя сведчанні былі знішчаны ў час вайны і пажараў, але тое, што захавалася, перапаўняе людзей глыбокай пашанай да Прасвятой Дзевы.

Цудатворствы ў Жыровічах прадаўжаюцца і ў нашы дні. У манастыры заведзена кніга, у якой збіраюцца сведчанні цудатворстваў, што сыходзяць ад Жыровіцкай іконы Божай Маці. Першы запіс у ёй зрабіў манах Іаан (Бембель), які засведчыў сваё вылячэнне ў Жыровічах ад цяжкай фізічнай хваробы. І кніга гэтая імкліва папаўняецца.

У знак удзячнасці Жыровіцкай іконе за дапамогу і выратаванне людзі ахвяравалі дарагія ўпрыгожванні, залатыя і сярэбраныя крыжыкі, пласціны з каштоўных металаў.

Вельмі каштоўнымі былі рукапісы і кнігі, якія нярэдка ахвяраваліся для Жыровіцкага манастыра. Найбольш вядомым памятнікам старабеларускай пісьменнасці, які захоўваўся ў Жыровічах і дайшоў да нашых дзён, з’яўляецца ілюстраванае Евангелле XV стагоддзя. Яго падарыў манастыру канцлер ВКЛ Леў Сапега, таму рукапіс называюць яшчэ “Евангеллем Сапегі”.

Жыровіцкае Евангелле. Пачатак Евангелля ад Лукі.
Жыровіцкае Евангелле. Пачатак Евангелля ад Лукі.

У ХІХ стагоддзі многія старадрукаваныя выданні і рукапісы, у тым ліку і Евангелле Сапегі, перадалі ў цэнтр губерні – у Вільню. Тады ніхто не мог падумаць, што прыйдзе час, калі гэты горад акажацца за мяжою.

Увогуле лёс Жыровіцкага манастыра надзвычай складаны. У XVІ стагоддзі ўладальнікі Жыровіч часта глядзелі на манастыр як на крыніцу даходаў. Пасля наступіў нялёгкі перыяд уніі…

Божая Маці і ў гэты час не пераставала здзяйсняць цудатворствы ад сваей іконы, тым самым Прачыстая Дзева паказвала: святыні адведзена асаблівае месца ў духоўным жыцці беларускага народа.

Святая крынічка.
Святая крынічка.

Як сказана ў акафісце Жыровіцкай іконе Божай Маці, “не токмо худороднии, но и цари земнии” стараліся наведаць Жыровіцкую абіцель. Першым каралём, які пабываў у Жыровічах у 1644 годзе, быў Уладзіслаў ІV. Праз год пасля наведвання ў 1651 годзе абіцелі каралём Янам Казімірам Жыровічам было прадастаўлена Магдэбургскае права. Апошнім каралём, які наведаў Жыровічы ў 1784 годзе, быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

З 1828 года пачынаецца новая старонка жыровіцкай гісторыі. У сценах базіліянскага манастыра ў Жыровічах была адкрыта духоўная семінарыя і пачала дзейнічаць кансісторыя ўніяцкай літоўскай епархіі. Манахі-святары, якія здзяйснялі набажэнствы ва Успенскім кафедральным саборы, выкладчыкі і студэнты Літоўскай семінарыі непрадузята пачалі вывучаць Праваслаўе – ад дагматаў да абрадаў. Пры гэтым Праваслаўе аднаўлялася ў іх сэрцах з кожным днём у непарушнай чысціні апостальскага хрысціянства, у якім, па словах свяціцеля Георгія (Каніскага), людзі не перамяшалі неба з зямлёй. І тады прадвечнае святло цудатворнай іконы напоўніла душы жыровіцкіх насельнікаў і паломнікаў, вяртаючы іх да страчанага некалі духоўнага скарбу беларускага народа.

10 сакавіка 1836 года ноччу ў будынку Літоўскай кансісторыі і архіва ўспыхнуў моцны пажар. Агонь перакінуўся на многія збудаванні, загарэліся нават дамы ў пасёлку. Вуголлі і ахопленыя полымем лісты паперы разляталіся ва ўсе бакі. У хуткім часе агонь ахапіў манастыр. Але бліжэйшы да эпіцэнтра пажару Успенскі сабор, у якім захоўвалася святая ікона, застаўся цэлы і непашкоджаны. І гэта пры тым, што дахі манастырскіх пабудоў і цэркваў былі гонтавыя і лёгка загараліся.

З 1839 года Жыровічы сталі цэнтрам праваслаўнай Літоўскай епархіі, але ў 1845 годзе кафедра архіепіскапа, кансісторыя і духоўная семінарыя перамясціліся ў Вільню – гістарычнае рэлігійнае сэрца праваслаўнага беларускага народа. Пры Жыровіцкім манастыры засталося духоўнае вучылішча. Здавалася, для “дома Багародзіцы” прыйшла пара ціхага непрыкметнага жыцця, якое злыя людзі назвалі перыядам заняпаду святыні. На самой справе пачаліся ўмацаванне і росквіт Жыровіцкай абіцелі. Працэс гэты быў нялёгкі, шлях – звілісты, але няўхільны.

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.
Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя, Жыровіцкі манастыр набыў рысы, многія з якіх захаваліся да сённяшняга дня. Храмы і пабудовы адрамантавалі, на-новаму ўпрыгожылі. Прычым спадчына мінулых стагоддзяў не была адкінута, а пераасэнсавана і творча ўнесена ў жыццё абіцелі.

Выхавальнікі духоўнага вучылішча, што адкрылі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, сталі неад’емнай часткай насельнікаў Жыровіч. Без іх нельга было ўжо ўявіць сабе старажытны манастыр, асабліва набажэнствы, што праводзіліся ў ім. Жыровіцкія манахі, навучэнцы і мясцовыя жыхары жылі дружнай сям’ёй, дапамагаючы адзін другому. І цэнтрам прыцягнення для ўсіх была Жыровіцкая цудатворная ікона Божай Маці.

Тым часам слава Жыровіцкай іконы ўсё шырэй расходзілася па ўсёй беларускай зямлі. Спачатку паломніцтва да яе здзяйснялі ў асноўным жыхары Заходняй Беларусі, але паступова ў Жыровічы пачалі прыязджаць і прыходзіць паломнікі і з усходніх абласцей нашай краіны.

Менавіта ў Жыровічах знаходзяцца найбольш вядомыя на Беларусі святыя крыніцы. Адна з іх, як ужо згадвалася, пад алтаром Успенскага сабора, а яшчэ – ва ўрочышчы Вікня, за 2 кіламетры ад манастыра; крыніцы, асвечаныя ў гонар Іаана Хрысціцеля, Уладзімірскай (з купеллю) і Казанскай ікон Божай Маці; крыніца з вадохрышчанскай вадою. Цікавы той факт, што ў савецкія часы крыніцу пад алтаром Успенскага сабора засыпалі грунтам, але вада ўсё роўна знайшла выйсце, і святая крыніца зноў забруіла.

Капліца ў гонар роўнаапостальнай княгіні Вольгі і Старая крынічка са святой вадою.
Капліца ў гонар роўнаапостальнай княгіні Вольгі і Старая крынічка са святой вадою.

Не толькі цуды, але і выпрабаванні падкрэслівалі, што гэта месца асаблівае, і, нягледзячы ні на што, знаходзіцца пад неадступным пакровам Дзевы Марыі.

Адно з такіх здарэнняў адбылося вечарам 10 красавіка 1863 года.

У той вясенні халодны дзень дуў моцны пранізлівы вецер. Нечакана ў пасёлку пачаўся пажар у дварах, бліжэйшых да манастыра. На манастырскай званіцы ўдарылі ў набат. Манахі, вучні, жыхары Жыровіч збегліся да абіцелі, вакол якой гарэлі пабудовы і дрэвы. Здавалася, што пры моцным ветры немагчыма будзе выратаваць ад агню келлі і храмы. Людзі пачалі выносіць з сабора найбольш каштоўныя рэчы, аблачэнні, іконы. Настаяцель манастыра даручыў рызнічнаму іераманаху Мікалаю ўзяць цудатворную ікону і выйсці з ёю ў бяспечнае месца. Але айцец Мікалай, які шмат разоў за сваё жыццё бачыў і адчуваў незвычайную дапамогу Прасвятой Багародзіцы ад Яе цудатворнай іконы, папрасіў дазволу абысці спачатку са святыняй тэрыторыю абіцелі. Змясціўшы цудатворны абраз у дараносіцу, і павесіўшы яе, як звычайна, у мяшэчку цераз шыю на грудзях, іераманах з малітвай выйшаў з сабора і накіраваўся ў бок эпіцэнтра пажару. Тым часам вецер рэзка змяніў накірунак – і стаўбы іскраў пасыпаліся на іераманаха. Але ён, захінуўшыся, пайшоў наперад. Праз чвэрць гадзіны стала зразумела, што пажар сціхае, што сабор, храмы і келлі выратаваны ад знішчэння агнём. Іераманах Мікалай разам з навучэнцамі духоўнага вучылішча і мясцовымі жыхарамі на каленях пачаў спяваць перад Жыровіцкай іконай падзячны малебен. І са свайго былога месца – узвышэння над іканастасам – са спачуваннем і замілаваннем глядзела на ўсіх Прачыстая Багародзіца – Ігумення і Ахоўніца Жыровіцкага манастыра.

Свята-Мікалаеўская (зімовая) царква.
Свята-Мікалаеўская (зімовая) царква.

Ушчыльную да Успенскага сабора (нават мае агульны ўваход) прымыкае Свята-Мікалаеўская царква (зімовая), дзе ў гэтую пару года адбываецца асноўная колькасць набажэнстваў, сюды ж пераносіцца і цудатворны абраз. Гэта каменная царква з арыгінальнаю мазаічнаю падлогаю, што стварае ўражанне пячорнага першахрысціянскага храма.

У 1847 годзе быў уладкаваны іканастас, упісаны пад арку звода, разьба і пазалота па паліменце выконваліся ў Пецярбургу, іконы (“Архідыякан Стэфан”, “Спас”, “Багамацер”, “Святы Мікалай”, “Тайная вячэра”, “Святая Кацярына”, чатыры вобразы евангелістаў) ствараліся ў Акадэміі мастацтваў.

У гады Першай сусветнай вайны акупанты пасеклі іканастас на дровы, але большую частку маёмасці насельнікі манастыра ўсё ж паспелі эвакуіраваць у Маскву. Самая галоўная святыня – Жыровіцкая цудатворная ікона – знайшла прытулак у саборы Васілія Блажэннага. У пачатку 1920-х гадоў, каб яе вярнуць, святарам прыйшлося пайсці на хітрасць. Архімандрыт Ціхан Шарапаў зрабіў дакладную копію з гліны і падмяніў ікону. А ў Беларусь прывёз святыню… у слоічку з варэннем. Гэта быў першы і апошні раз, калі святыня пакідала абіцель.

Як ужо згадвалася, манастыр не раз наведвалі манаршыя асобы. У Першую сусветную вайну тут бываў імператар Мікалай ІІ. А ў алтарнай частцы Свята-Мікалаеўскай царквы знаходзіцца ікона, якую падаравала імператрыца Марыя Аляксандраўна ў 1888 годзе.

У 1937 годзе храм быў капітальна адрамантаваны, унутры пабелены, пафарбаваны. Сярод вобразаў, багатых зместам і адшліфаванай жывапіснай манерай вылучаецца “Святы Мікалай з жыціем” пецярбургскага акадэмічнага пісьма ХХ стагоддзя, падараваны ў 1990-я гады святаром з Санкт-Пецярбурга.

Цудатворная Жыровіцкая ікона Божай Маці (у пазалочаным ківоце злева ад алтара) у Свята-Мікалаеўскай (зімовай) царкве.

Хрысціяне кожны дзень спавядаюць духоўную аксіёму: усё адбываецца па найвышэйшай волі Тварца Сусвету. Гасподзь нават выпрабаванні і няшчасці накіроўвае на благія мэты. Так і ў Жыровіцкім манастыры, асабліва на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, многія цяжкасці паслужылі толькі большай славе і шанаванню іконы Божай Маці.

Гарэў і разбураўся Слонім і ў часы Першай сусветнай вайны. Нямецкая акупацыя доўжылася тады 3 гады і 121 дзень, насельніцтва Слоніма скарацілася з 21-й да 9-ці тысяч чалавек. Нават сёння яшчэ відаць сляды тых трагічных падзей. Недалёка ад Жыровіч у лесе каля вёскі Савічы захаваўся каскад велізарных нямецкіх бетонных бліндажоў. Фронт стаяў тут доўга. Цікава, што ў Савічах, суседняй з Жыровічамі вёскай, насельніцтва ў гады Першай сусветнай вайны не скарацілася ў адрозненне ад большасці населеных пунктаў Слонімшчыны. І ў час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы амаль ніхто не загінуў. Хаця з-за таго, што амаль з кожнага двара людзі пайшлі ў партызаны і двойчы партызаны спальвалі завод па вытворчасці вапны, што знаходзіўся побач з вёскай, па “нямецкіх правілах” вёску павінны былі знішчыць тройчы.

Цудоўны Пакроў Багародзіцы збярог Жыровіцкую мясціну ад разбурэнняў і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Манастыр маглі знішчыць захопнікі, маглі сцерці з твару зямлі войскі Чырвонай Арміі. Разбурэнні былі мінімальныя, ад авія- і артналётаў былі моцна пашкоджаны толькі будынкі ў былым маёнтку Солтана, што знаходзіліся за некалькі кіламетраў ад манастыра.

10 ліпеня 1944 года раніцай пачаўся штурм значна ўмацаванага немцамі Слоніма. Наступленне вялося адразу з трох накірункаў. З паўднёвага ўсходу, дзе знаходзіліся і Жыровічы, наступала 69-я стралковая дывізія генерал-маёра І.Санкоўскага. Перад уступленнем у Жыровічы камандаванне дывізіі асцерагалася, што ў манастыры, у купалах храмаў, маглі знаходзіцца снайперы. Вырашана было артылерыйскім агнём знішчыць, у першую чаргу, купалы. Вопытныя артылерысты, якія прайшлі доўгія вёрсты вайны і ўмелі прыцэльна біць ворага, былі здзіўлены: снарады клаліся то не далятаючы да храмаў, то пералятаючы іх. Калі на ўскраіну Жыровічаў уварваўся першы танк, ён  выпусціў 22 снарады па купалах, але ніводзін выстрал не патрапіў у цэль. Лётчыкам далі каманду скінуць бомбы на Жыровіцкі манастыр. Але нічога не атрымалася. Адны лётчыкі з вышыні не заўважалі (!) манастыр: на карце абазначаны, а перад вачыма яго няма… Другія бачылі манастырскія будынкі, купалы, крыжы, але ў самалётах выходзіла са строю абсталяванне, і бомбы не скідваліся. Так Божая Маці аберагала Свой надзел.

Жыхары Жыровічаў расказваюць яшчэ і пра незвычайнае з’яўленне Божай Маці ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У Яўленскай царкве немцы зрабілі склад баепрыпасаў. Вартавыя па начах сталі заўважаць нейкую Жанчыну, Якая прыходзіла невядома адкуль, загадвала немцам сысці з гэтага месца, а пасля бясследна знікала. Немцы спачатку збіраліся злавіць Незнаёмку (назвалі Яе партызанкай), але хутка зразумелі, з Кім маюць справу, і вырашылі выканаць строгі загад. І сапраўды, нечакана для мясцовых жыхароў фашысты пакінулі тэрыторыю манастыра і больш за ўсе гады акупацыі туды не вярталіся.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Жыровіцкаму манастыру прыйшлося перажыць нямала смутку. Асабліва цяжка было ў часы так званых “хрушчоўскіх ганенняў” у 1950-1960-я гады, калі бязбожная савецкая ўлада паставіла сваёй задачай поўнасцю знішчыць Праваслаўную Царкву, а Беларусь зрабіць першай атэістычнай рэспублікай СССР. Усюды масава закрывалі храмы. Жыровіцкая абіцель – апошні манастыр, які бязбожнікі так і не змаглі закрыць, нягледзячы на тое, што на самым высокім узроўні не раз прымаліся адпаведныя рашэнні.

Менавіта на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра знайшлі прытулак выгнаныя са сваіх абіцелей сестры закрытых Полацкага Спаса-Еўфрасіньеўскага і Гродзенскага Свята-Раства-Багародзіцкага манастыроў. Жылі тут таксама сестры з Корацкага манастыра (Украіна). Нямым сведкаю манаскіх подзвігаў тых гадоў застаюцца манастырскія могілкі на Юр’еўскай Горцы. Гледзячы на надмагіллі братоў і сясцёр, пахаваных у тыя далёкія багаборніцкія гады, ахоплівае глыбокая павага перад памяццю гэтых мужных спавядальнікаў веры Хрыстовай. Іх не зламалі ніякія выпрабаванні, і таму прыснапамятны старац Жыровіцкага манастыра Мітрафан (Ільін) гаварыў, што на гэтых могілках нямала мошчаў пакутнікаў і спавядальнікаў.

Мінская духоўная семінарыя. (Фота Андрэя Дыбоўскага).
Мінская духоўная семінарыя. (Фота Андрэя Дыбоўскага).

Асабліва яркі перыяд новай і сучаснай гісторыі Жыровіч звязаны з дзейнасцю пад пакровам Багародзіцы Духоўных школ Праваслаўнай Царквы ў Беларусі – Мінскай духоўнай семінарыі (1947-1963, з 1989 г.), дзе рыхтуюць святароў.

Жыровіцкія выхавальнікі пасля Вялікай Айчыннай вайны здзяйснялі царкоўныя служэнні на прыходах па ўсёй Беларусі, і праслаўленне цудатворнай іконы стала паўсюдным – ад Хоцімска да Каменца і ад Лоева да Расонаў. Новае пакаленне выпускнікоў – праваслаўных святароў – ужо не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй пастсавецкай прасторы годна працягвае традыцыі асаблівага шанавання Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Званіца ў Жыровічах.

…У кожнай праваслаўнай краіне ёсць свае сімвалы і святыні, якія вызначаюць сутнасць яе праваслаўнага жыцця. Вось і Жыровічы, знаходзячыся пад неадступнай аховай Прасвятой Багародзіцы, выстаялі ва ўсе часы ліхалеццяў, каб і праз стагоддзі несці святло духоўнасці беларускаму народу.

Сёння Жыровіцкі манастыр, святая абіцель з яе найвялікшай святыняй – цудатворнай іконай Божай Маці, – адзін з асноўных духоўных цэнтраў Праваслаўя на беларускай зямлі.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове кнігі Васіля Афанасіка “Неугасимая лампада”.

  • Крыніцы:
  • https://vedaj.by
  • https://pravoslavie.ru
  • https://be.wikipedia.org
  • https://globus.tut.by
  • https://minda.by
  • https://zhirovichi-monastery.by

Пераклад Зоі ПАДЛІПСКАЙ

oroik.by