Святая блажэнная Валянціна Мінская: “…прыходзьце да мяне, як да жывой”

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Блажэнная Валянціна Мінская пакінула гэты свет больш за пяцьдзясят гадоў таму, але сцяжынка да яе магілкі не зарастае. Людзі свята захоўваюць памяць пра святую Валянціну, якая асвяціла іх зямное жыццё сваёй міласэрнасцю, дабрынёй і малітвамі перад Госпадам.

Святая блажэнная Валянціна Мінская
Святая блажэнная Валянціна Мінская

Кожны дзень на месца апошняга спачыну святой блажэннай Валянціны Мінскай, што ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, спяшаюцца паломнікі, якія нясуць і нясуць на магілку жывыя кветкі. Над ёю ўладкаваны металічныя шаты, упрыгожаныя выкаванай вінаграднай лазою, з невялікім купалам і крыжам.

У свой час Дзяржынскі райвыканкам выступіў з ініцыятывай надання магіле святой Валянціны статусу гісторыка-культурнай спадчыны трэцяй ступені, што і было здзейснена рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Кожную нядзелю а 13-й гадзіне і ў вялікія праваслаўныя святы настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Станькава пратаіерэй Аляксандр Мікіцкі на магіле блажэннай Валянціны Мінскай праводзіць набажэнствы. 6 лютага, у дзень памяці святой Валянціны Мінскай, малебныя спевы гучаць каля магілы з раніцы і да позняга вечара.

Малебен на магіле святой блажэннай Валянціны Мінскай.
Малебен на магіле святой блажэннай Валянціны Мінскай.

Месца апошняга спачыну святой Валянціны Мінскай жыватворнае. Сама блажэнная гаварыла: “Прыходзьце да мяне на магілу, як да жывой. Усім добрым людзям дапамагу”.
І людзі ідуць. Як ішлі за дапамогаю на магілку да матушкі Валянціны і да яе кананізацыі, і як некалі пры жыцці Валянціны ішлі за дапамогаю і парадаю да яе ў дом, у невялікую вёсачку Коскі. І моляцца.
“О блажэнная наша матушка Валянціна! Як ты пры жыцці сваім прымала ўсіх пакутнікаў і нядужых, знясіленых ад смутку і болю, і малітвамі сваімі здымала з іх розныя немачы і напасці, так пашлі ж нам, што прыходзяць да цябе цяпер, вылячэння Гасподняга. Не дапусці нашых грахоўных падзенняў, але на шлях збавення, мудрасці і набожнасці абавязкова накіруй кожнага. Пачуй словы нашы, матушка Валянціна, і адкрый шлях нашым малітвам да Прастола Тварца. А мы з радасцю ўзнясём хвалу Прасвятой Троіцы – Айцу, Сыну і Духу Святому. Хай будзе так ад гэтага часу і навекі. Амінь”.
Знайсці магілку святой вельмі проста. Дарожка да яе пратаптана сотнямі вернікаў. Да таго ж, побач уладкаваны высокі драўляны крыж з надпісам: “Блаженная Валентина Минская, моли Бога о нас”. Зверху на крыжы ўмацавана ікона Ісуса Хрыста, ніжэй – ікона святой Валянціны Мінскай.

Драўляны крыж побач з магілай святой Валянціны Мінскай.
Драўляны крыж побач з магілай святой Валянціны Мінскай.

Даехаць да святой мясціны з Мінска можна электрацягніком Стаўбцоўскага накірунку да станцыі Пяцігор’е, далей прайсці пешшу міма дачнага пасёлка і лесу да вясковых могілак.
На аўтамабілі дабірацца да вясковых могілак в. Крысава Дзяржынскага раёна неабходна па трасе Брэст – Масква (М1/Е30). На супрацьлеглым баку трасы знаходзіцца вёска Забалацце. Каля трасы змешчаны ўказальнік да месца спачыну святой блажэннай Валянціны.
Калі ехаць з боку Мінска, то могілкі з месцам апошняга спачыну Валянціны Мінскай знаходзяцца па правы бок, прыкладна праз 1,5 км пасля пуцеправода над трасай з указальнікам “Станькава”. А калі дабірацца з боку Дзяржынска, то могілкі – злева ад трасы праз 3 км пасля пуцеправода каля вёсак Цвяткова – Кукшэвічы.

Указальнік каля трасы Брэст-Масква: да месца спачыну Валянціны Мінскай 100 метраў.
Указальнік каля трасы Брэст-Масква: да месца спачыну Валянціны Мінскай 100 метраў.

…Першыя сведчанні пра цуды па малітвах блажэннай Валянціны адносяцца да даваеннага перыяду. Яна прадракала важныя для краіны падзеі, смерць простых і вядомых людзей. Гаварыла вобразна і коратка, гледзячы некуды ўдалячынь, як быццам размаўляла з невядомым субяседнікам.
Ёсць многа сведчанняў, што блажэнная Валянціна валодала дарам прадбачання. Так, перад Вялікай Айчыннай вайной яна прадбачыла трагічныя падзеі і папярэджвала: “будзе гарэць зямля… у небе давядзецца ўбачыць жалезных птушак”. Калі пачалася вайна, жанчыны – сёстры, жонкі, маці – мабілізаваных на фронт прыносілі свае хусцінкі, над якімі Валянціна малілася, благаслаўляючы будучых салдат. Яны захоўвалі намоленыя хусцінкі пад гімнасцёркамі і лічылі своеасаблівымі абярэгамі. Многія воіны, за якіх малілася матушка Валянціна, вярнуліся з фронту жывымі.
За некалькі дзён да афіцыйнай аб’явы пра смерць Іосіфа Сталіна матушка Валянціна прамовіла незразумелую фразу: “Чорная птушка лятала над Масквой і ўпала”. У другі раз блажэнная прамовіла нечакана: “Шкада старога”. На наступны дзень было аб’яўлена пра смерць Міхаіла Іванавіча Калініна.
Святая Валянціна амаль беспамылкова адказвала на любыя пытанні. Аднак парою прамаўляла такія фразы, што было не зусім зразумела, што яна мае на ўвазе. Але затым адбывалася пэўная падзея, якая пацвярджала прароцтва блажэннай.
Аднойчы восенню 1943 года яе пляменнік гуляў з суседскім хлопчыкам і раптам Валянціна сказала яму: “Ідзі дадому, да мамы. Твайго бацьку забілі”. Праз некалькі дзён гэтая сям’я атрымала пахавальны ліст.
Неяк раз Валянціна Мінская прамовіла: “Курск знікне пад вадою. Шмат маракоў падымуць рукі да неба і будуць маліць аб дапамозе, але іх не выратуюць”. Толькі праз шмат гадоў, калі і сама святая Валянціна адышла ў іншы свет, стала зразумела, што тое прароцтва тычылася гібелі падводнага атамахода “Курск”…
У кожнага чалавека свой лёс, наканаваны звыш, свой непаўторны шлях. У Валянціны яе жыццёвая дарога і шлях да Усявышняга быў быццам вытканы з трагедый і страт блізкіх людзей, пралягаў праз духоўныя і цялесныя пакуты.
Яшчэ пры жыцці матушкі Валянціны многія вернікі называлі яе святой. Да гэтага часу людзі – і землякі, і прыезджыя – расказваюць пра яе дабрыню, міласэрнасць і спагаду, пра шматлікія выпадкі цудоўнай яе дапамогі людзям.
Падзвіжніца набожнасці, блажэнная Валянціна, была кананізавана 6 лютага 2006 года, роўна праз сорак гадоў пасля смерці, па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Дарэчы, па некаторых звестках, Валянціна прадказала прыезд мітрапаліта ў Беларусь: “Вось, ляціць да нас з Германіі ўладыка Філарэт”. Так запісана ва ўспамінах пра святую. У той час (70-80-я гады мінулага стагоддзя) Уладыка быў Экзархам Заходняй Еўропы. Адкуль яна магла ведаць яго імя і тое, што менавіта ён стане на чале Беларускай Праваслаўнай Царквы і больш за чвэрць стагоддзя будзе служыць у Беларусі?
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт ініцыяваў прылічэнне Валянціны Мінскай да святых Беларускай Царквы і праслаўленай у чыне блажэннай. У адным са сваіх інтэрв’ю Уладыка гаварыў: “Матушка Валянціна, будучы нямоглай, верай і праўдай служыла Госпаду і ўсім, хто звяртаўся да яе, несла асаблівы подзвіг малітвы за ўсіх”.

Валянціна Фёдараўна Сулкоўская.
Валянціна Фёдараўна Сулкоўская.

…Нарадзілася Валянціна 7 красавіка (па старым стылі) 1888 года ў вёсцы Коскі Мінскага павета ў сям’і святара Фёдара Чарняўскага, які служыў у той час настаяцелем Свята-Мікалаеўскай прыходскай царквы ў вёсцы Станькава пад Мінскам. За сваю службу ён быў уганараваны нагрудным крыжам і ўзнагароджаны ордэнам Святой Ганны III ступені.
У сям’і, акрамя Валянціны, было яшчэ трое дачок. Іх маці Соф’я Пятроўна паходзіла з княжацкага роду Свірскіх, была адукаванай жанчынай і выхоўвала дачок у набожнасці і строгасці. Усе дочкі атрымалі адукацыю – вучыліся ў Мінскім жаночым духоўным вучылішчы.

Блажэнная Валянціна, атрымаўшы духоўную адукацыю ў Мінскім духоўным вучылішчы, пазней не раз замяняла свайго бацьку ў Народным вучылішчы, праводзячы ўрокі Закона Божага. Маленькія дзеці з задавальненнем слухалі юную Валянціну Фёдараўну. Прыкладна ў гэтым жа ўзросце яна спадобілася сустрэцца са святым праведным Іаанам Кранштацкім, гутарыла з ім і атрымала яго благаславенне. Падчас падарожжа ў Кранштат выявілася, якой сілай ўжо тады валодала малітва Валянціны. Караблю, на якім плыла яна са сваім бацькам, пагражала небяспека, тады Валянціне з’явіўся святы Вялікапакутнік і лекар Панцеляймон і сказаў: “Не пераставай, маліся”. Дзяўчына пачала маліцца і небяспека абмінула.

Незадоўга да Першай сусветнай вайны Валянціна Чарняўская выйшла замуж, стаўшы абранніцай Фёдара Васільевіча Сулкоўскага, які таксама паходзіў з духоўнага саслоўя і служыў у Мінскім павятовым упраўленні ў званні калежскага саветніка (адпавядае званню палкоўніка).

Бацькі Валянціны благаславілі дачку і зяця Уладзімірскай іконай Божай Маці, якая захавалася да нашых дзён разам з іконай Збавіцеля, бацькоўскім благаславеннем маці маладога. Гэтыя два абразы заўсёды былі побач з Валянцінай.

Нягледзячы на дваццацігадовую розніцу ва ўзросце паміж маладымі, іх аб’ядноўвала высокае пачуццё кахання, пра што таксама сведчыць іх пазнейшая перапіска. З далёкай высылкі  Фёдар пісаў жонцы: “Як жывеш, мая дарагая Валюша? Напішы хутчэй адказ”…

Валянціна Сулкоўская з мужам і родзічамі ў дзень вяселля. 1912 г.

Валянціна Сулкоўская з мужам і родзічамі ў дзень вяселля. 1912 г.

У гады Першай сусветнай вайны сям’я Сулкоўскіх некаторы час жыла ў Польшчы. Муж Валянціны служыў у ваенным ведамстве, займаўся пытаннямі тылавога забеспячэння дзеючых армій Заходняга фронту. Крыху пазней Валянціна, каб ва ўмовах ваеннага часу, голаду і разрухі забяспечыць сям’ю харчаваннем, скончыла ў 1917 годзе ў Мінску курсы па перапісе папер, навучылася працы на друкаваных машынках і паехала працаваць на фронт, да мужа.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Фёдар Сулкоўскі быў вымушаны пакінуць ваенную службу і заняцца прыватнай падсобнай гаспадаркай.
Пасля вайны сям’я пераехала на радзіму Валянціны. Сям’я жыла ў вёсцы Труханавічы, займалася земляробствам. У 1920-я гады, ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі, гэта давала сям’і магчымасць забяспечваць сабе сціплае існаванне. Але мірнае жыццё скончылася з калектывізацыяй і пачаткам “раскулачвання”.
27 снежня 1919 года пасля цяжкай працяглай хваробы памёр бацька Валянціны, святар Фёдар Чарняўскі, які да апошніх сваіх дзён здзяйсняў набажэнствы ў маленькім прыпісным Свята-Ганнінскім храме ў вёсцы Коскі. Валянціна пачала жыць на два дамы, вяла хатнюю гаспадарку і ў Труханавічах, і ў роднай вёсцы Коскі.
У 1931 годзе муж Валянціны, Фёдар Сулкоўскі, па ілжывым абвінавачванні быў арыштаваны як “варожы элемент” (Фёдар, як і яго жонка, паходзіў з сям’і святара) і сасланы ў лагер, адкуль яму не наканавана было вярнуцца. Пасля лагера яго выслалі на вольнае паселішча, а затым зноў арыштавалі і адправілі на Далёкі Усход.
З высылкі муж пасылаў Валянціне лісты з просьбай хуткага адказу, часам слаў вершы. У 1933 годзе Валянціна Фёдараўна паслала мужу пасылку на 20 рублёў: захавалася старая, запоўненая алоўкам, квітанцыя. Сярод асабістых папер Валянціны Сулкоўскай многія гады захоўвалася напісаная спехам на шматку паперы запіска ад мужа, якая аказалася перадсмяротнай: “Пасылку атрымаў цалкам. Дзякую. Бывай. Ф. Сулкоўскі”. Пачуццё любові і малітву за свайго мужа матушка Валянціна пранесла праз усё сваё жыццё і адносілася да свайго шлюбу, як да свяшчэннай справы, якую благаславіў перажыць яе Бог. Да апошняга дня Валянціна падпісвала свае лісты як “удава Фёдара Сулкоўскага”.
Застаўшыся без мужа, Валянціна па-ранейшаму жыла ў Косках, даглядаючы састарэлую маці. Можна толькі здагадвацца пра тое, што яна перажыла ў гэтыя гады. Тады ўжо хвароба пачала падкошваць яе здароўе, Валянціна амаль не магла хадзіць і вымушана была падоўгу ляжаць у ложку. Сёстры не мелі магчымасці прыехаць даглядаць маці, і сям’і Валянціны пачала дапамагаць добрая знаёмая сям’і Ефрасіння Іванаўна.
У той час ганенням з боку савецкай улады падвергліся і іншыя сваякі Валянціны. Мужы яе сясцёр Ганны і Ксеніі (трэцяя сястра Вольга замуж не выйшла) былі святарамі, іх таксама рэпрэсіравалі і саслалі ў лагеры, адкуль яны ўжо не вярнуліся.
У пачатку 1937 года пайшла з жыцця маці Валянціны, Соф’я Пятроўна Чарняўская. Валянціна асірацела канчаткова. У той дзень падняцца з пасцелі, каб развітацца з маці, без пабочнай дапамогі яна ўжо не магла…
А ў гэты час у краіне працягваліся арышты праваслаўнага духавенства. Сем’і святароў абкладваліся велізарным падаходным падаткам, за служэнне ў царкве іх пазбаўлялі харчовых картак, адбіралі дамы.
У ліпені 1937 года Валянціну напаткала яшчэ адна бяда: арыштавалі апошнюю групу праваслаўнага духавенства Мінскай епархіі, якая аб’ядноўвалася вакол біскупа Філарэта (Раменскага), які ажыццяўляў богаслужэнні ў царкве Святой роўнаапостальнай Марыі Магдалены. Неўзабаве без суда і следства ўсе святары былі расстраляныя. Так, практычна раптоўна, Валянціна страціла амаль усіх блізкіх ёй па крыві і духу людзей, а некаторыя з родзічаў былі вельмі далёка.
На гэтым выпрабаванні лёсу не скончыліся: у Валянціны Сулкоўскай савецкая ўлада забрала бацькоўскі дом і размясціла ў ім школу. Маладой жанчыне прыйшлося перасяліцца ў маленькую царкоўную вартоўню з земляной падлогай.
Валянціна зусім злягла. І тады добрасардэчныя суседзі Антон і Ефрасіння Лойкі ўзялі яе ў свой дом, дзе яна пражыла больш за трыццаць гадоў, да самай смерці.
Матушка не страчвала надзею, зямныя няшчасці не парушылі яе веру ў Бога, кожны дзень блажэннай быў запоўнены малітваю. Пачаўся подзвіг яе шматгадовага служэння Богу і людзям. Гасподзь не даў ёй дзяцей па плоці, але ўзнагародзіў мноствам дзяцей па духу.
Нягледзячы на тое, што цяжкая хвароба прыкавала Валянціну да ложка, дзверы дома, дзе яна жыла ўсе гэтыя гады, заўсёды былі адчынены для людзей – і для вернікаў, і для тых, хто яшчэ толькі шукаў сваю дарогу да Бога. Пратаптаная сцяжынка да старэнькага доміка ў Косках ніколі не зарастала травой і не была замецена снегам…
У ложку Валянціна пляла з ільняных нітак паясочкі, падобныя на ланцужкі, і шчодра раздавала іх тым, хто прыходзіў да яе па дапамогу, каб на гэтым ланцужку, атрыманым у падарунак ад блажэннай старыцы, чалавек насіў крыж, як бы ні ўзмацняліся ганенні на царкву.
Цяжкія жыццёвыя абставіны, перажытыя Валянцінай з вялікім душэўным болем, сталі горанам выпрабаванняў, у якіх яна мацнела духам. Бо паводле слова святога апостала Паўла: “Сіла Божая ў немачы здзяйсняецца” (2 Кар. 12,9) і Гасподзь мусіў зрабіць яе сваёю выбранніцай для нясення малітоўнага подзвігу.
Пакуты не зламалі Валянціну Сулкоўскую, не давялі да роспачы. Цялесная хвароба была ўспрынята ёю, як заклік Госпада прытрымлівацца апостальскага навучання: “… узносіць малітвы, прашэнні, маленні, падзякі за ўсіх людзей …” (1 Цім. 2,1). І Гасподзь дараваў ёй здольнасць стаць відушчай і духоўна накіроўваць людзей, якія да яе прыходзілі. За час хваробы Валянціне адкрыўся дар прадбачання і вылечвання.
Блажэннай Валянціне было дадзена звыш сваім прасветленым позіркам бачыць свет з яго духоўнага, нябачнага для знешняга погляду боку. Звычайна павучанні Валянціны ішлі ў форме іншасказанняў і прыпавесцяў, якія былі зразумелыя толькі таму, на чыё пытанне яна адказвала.
Матушка Валянціна ясна бачыла мінулае і будучыню і, калі лічыла неабходным, гаварыла пра гэта людзям. Адкрываючы патаемнае ў душы наведвальніка, яна сцвярджала ў ім веру ў Госпада Ісуса Хрыста, выкрывала нераскаяных грэшнікаў і заклікала іх да пакаяння, суцяшала тых, хто пакутаваў, і сваёй малітвай дапамагала ім, з ласкі Божай вяртала здароўе хворым. У гэтай малітоўнай дапамозе быў сэнс служэння блажэннай Валянціны Богу і людзям у цяжкія часы.
Валянціна Сулкоўская прасіла не зваць яе “матушкай”, таму што “за мірскім была”. Але да гэтага часу менавіта з такім зваротам да яе прыходзяць тыя, што шукаюць парады і заступніцтва – матушка Валянціна.
Над дзвярным вушаком, успамінаюць людзі, вісеў маленькі абразок Ахтырскай Божай Маці, які асабліва шанавала блажэнная Валянціна.
Усіх, хто прыходзіў да матушкі, яна благаслаўляла асаблівым драўляным крыжам. Дом Валянціны быў сціплы. Ад падарункаў, якія прыносілі ў падзяку за дапамогу, яна адмаўлялася. Тыя, хто пабываў у Валянціны Мінскай пры жыцці, успамінаюць, як яна адказвала на ўгаворы пакаштаваць пачастункі – “Ешце вы, а нам, хворым, лягчэй ляжаць”.
Пра блажэнную Валянціну захавалася шмат успамінаў. Архімандрыт Пётр Кучмінскі згадваў пра тое, як Валянціна Мінская давала яму адказы на незададзеныя пытанні:
“Часам прыязджаю, падасць Біблію: “На, пачытай”. “Якога прарока пачытаць?” – пытаюся. Матушка адказвае: “Бог пакажа”. Адгортваю, пачынаю чытаць, што адкрылася, на гэтай жа старонцы атрымліваю жаданы адказ, пра што я прыйшоў спытаць. <…> У сэрцы маім было такое перакананне, што перад ёй Нябёсы адкрытыя і пра ўсё вядома”, – пісаў архімандрыт.
Распавядаюць, што Валянціна бачыла чалавека наскрозь. Калі аднойчы да яе па дапамогу прыйшла бясплодная жанчына, старыца сказала: “Што ж ты адзінае дзіця – і тое ваўкам аддала”. Жанчына пасля прызналася, што зрабіла аборт, а напярэдадні ўбачыла сон, у якім бегла ад ваўкоў з дзіцем на руках і кінула зграі немаўля.
Кажуць, без суцяшэння Валянціна нікога не пакідала. А вось тым, хто прыходзіў за нейкай “магічнай дапамогай”, яна адмаўляла. У падзяку сабе патрабавала толькі веры ў Бога.
Позірк яе вачэй быў позіркам самога сумлення. Яна дапамагала сваёй малітвай да Госпада тым людзям, якія не проста шукалі цудаў або цялеснага вылечвання, але імкнуліся знайсці ісціну, ступіўшы на шлях пакаяння і выпраўлення свайго жыцця.
Да прыкаванай да ложка старыцы неслі хворых дзяцей, прасілі памаліцца, прыходзілі за жыццёвай і духоўнай парадай. Яна ляжала на тапчане каля святых ікон і няспынна малілася. Перад абразамі гарэлі свечкі і цяпліліся агеньчыкі лампад, было светла і днём, і ноччу.

На магіле блажэннай Валянціны заўсёды жывыя кветкі.
На магіле блажэннай Валянціны заўсёды жывыя кветкі.

6 лютага 1966 года матушка адышла да Госпада. Тады яе даглядала сястра Вольга Фёдараўна. У той дзень наведвальнікаў не было. Толькі адна жанчына прынесла блажэннай у падарунак ружовую атласную сукенку. Матушка пазвала да сябе сястру, развіталася з ёю, сказаўшы слова “здзейснілася”, і ціха, з усмешкаю на вуснах, памерла. Ці ж ведала жанчына, якая прынесла ў падарунак тую ружовую сукенку, што ў яе ў апошні раз будуць апранаць матушку Валянціну?
Блажэнная Валянціна запомнілася сваім сучаснікам, людзям, суседзям як чалавек незвычайнай дабрыні і спагады, які пастаянна быў у малітве. Ужо разумеючы што сыходзіць у іншы свет, яна часта паўтарала: “Я памру, але прыходзьце да мяне на магілку, як да жывой, і я дапамагу вам”.
Магілка святой блажэннай Валянціны і сёння з’яўляецца месцам паломніцтва і малітвы.
Хавалі Валянціну Сулкоўскую ў прысутнасці уладаў. А вось святару быць на пахаванні забаранілі, таму ён прысутнічаў тайна ў свецкім адзенні.
Праз некаторы час да магілкі з простым металічным крыжам пачалі ісці людзі. Цяпер на магілу Валянціны Мінскай прыходзяць не толькі беларусы. Прыязджаюць і расіяне, і ўкраінцы, а часам нават госці з Амерыкі.
“У летні перыяд прыходзіць больш людзей, зімой – менш. Па нядзелях тыя, хто ўшаноўвае Валянціну Мінскую, прыязджаюць на малебен. У красавіку ў дзень нараджэння матушкі мы ішлі хрэсным ходам ад царквы ў Станькава да месца спачыну блажэннай”, – распавёў айцец Аляксандр.
Вернікі прыходзяць да Валянціны Мінскай з просьбай аб хадайніцтве перад Богам, а вяртаюцца з удзячнасцю – з кветкамі. А раней Валянціна раздавала папяровыя кветачкі тым, хто прыходзіў да яе. Рабіла іх з каляровай паперы, калі не было сціснутай “папяроснай”, скручвала з простых лісточкаў са сшыткаў і аддавала з малітоўным пажаданнем сваім гасцям.

Адноўленая пасля 46-гадовага разбурэння царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Станькава Дзяржынскага раёна.
Адноўленая пасля 46-гадовага разбурэння царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Станькава Дзяржынскага раёна.

Пасля наведвання магілы блажэннай Валянціны Мінскай паломнікі кожны раз накіроўваюцца ў суседнюю вёску Станькава, у адноўлены храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе больш стагоддзя таму служыў бацька святой блажэннай Фёдар Чарняўскі. У гэтым храме дзяўчынку хрысцілі, у дзяцінстве і юнацтве Валянціна прыходзіла сюды на малітву.

Велічная і прыгожая царква, якая некалі была размешчана на ўзгорку каля возера, з’яўлялася адзіным у Беларусі архітэктурным аб’ектам, пабудаваным па праекце вялікага рускага архітэктара Канстанціна Тона – аўтара храма Збавіцеля і Крамлёўскага Палаца ў Маскве.

Ганенні на царкву ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя прадаўжаліся. Гэтая хваля непрымання і нянавісці дакацілася і да храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Мясцовыя жыхары прасілі не чапаць царкву, не руйнаваць яе, папярэджвалі, што гэта вялікі грэх.

У 1936 годзе, калі зрывалі крыж з купала, два чалавекі ўпалі разам з крыжам на зямлю і загінулі. На зямлі забіла яшчэ траіх мужчын – тых, хто цягнуў за вяроўкі. Людзі зразумелі, што гэта быў знак звыш: нельга разбураць святы храм. І нават самыя заўзятыя атэісты пабаяліся гневу Гасподняга і адступіліся: акрамя сарваных крыжоў, з купала больш у тым годзе нічога не кранулі. Але праз два дзесяцігоддзі, у пачатку 60-х, за храм у вёсцы Станькава ўзяліся яшчэ з большым запалам: з дапамогай адбойных малаткоў, тросаў і дынаміту сталі бурыць сцены паўтараметровай таўшчыні.

Валянціна ведала пра гэта, але заўсёды гаварыла, што прыйдзе дзень, калі людзі апамятаюцца і павернуцца да Бога тварам. Матушка да апошніх дзён свята верыла, што храм будзе адноўлены: “У вёсцы Станькава і ва ўсіх іншых месцах будзе новае неба і новая зямля”.

Праз сорак пяць гадоў пасля гэтых сумных падзей пачалося аднаўленне храма. Царкву адбудоўвалі ўсім народам. І сёння храм велічна і ўрачыста ўзвышаецца ў цэнтры вёскі Станькава, недалёка ад трасы Масква – Брэст. Імя кожнага чалавека, які ахвяраваў на храм, запісана на яго сценах.

У храме ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел адслужыў літургію. На думку мітрапаліта, папулярнасць і шанаванне святой блажэннай Валянціны ў народзе настолькі высокая, што з часам Валянціна можа стаць  усеправаслаўнай святой.

Дзівосы, звязаныя з вылечваннем людзей, якія звяртаюцца з просьбамі да святой блажэннай Валянціны, адбываюцца да гэтага часу. “Кожную нядзелю я праводжу малебен на магіле блажэннай Валянціны. І не перастаю здзіўляцца цудам, якія адбываюцца на маіх вачах, – распавядае пратаіерэй Аляксандр Мікіцкі, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава. – Нядаўна з Мінска прыехала сям’я на месца спачыну святой Валянціны: муж, жонка і іх 15-гадовы сын. У гэтым годзе ў дзень памяці блажэннай Валянціны – 6 лютага – на набажэнстве бацькі прасілі здароўя сыну: у падлетка быў прыроджаны парок сэрца. Літаральна на службе хлопчыку стала дрэнна, і ён страціў прытомнасць. Праз нейкі час падлетку зрабілі УГД. Доктар доўга абследаваў хлопчыка і не знайшоў у дзіцяці хваробы сэрца. – Жанчыны распавядаюць, што просяць блажэнную Валянціну дапамагчы зацяжарыць… – Такіх гісторый вельмі многа… Неяк раз я распавядаў паломнікам, што матушка прыйшла на дапамогу нават тым парам, якім не дапамагло ЭКА. І ў гэты момант да мяне падыходзіць пара і кажа: “А вось мы адны з іх! У нас 14 гадоў не было дзяцей. Мы папрасілі святую Валянціну дапамагчы нам. Паабяцалі, калі народзіцца дачка, назавем Валянцінай, а калі сын – Валянцінам. Сёння нашаму Валянціну ўжо два гады”.

…Блажэннай Валянціны не стала ў 1966 годзе. Больш за 50 гадоў яе няма сярод нас, але захаваліся некаторыя рэчы і прадметы, якія нагадваюць пра зямное жыццё старыцы.

Неяк у храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца мясцовы вернік прынёс Евангелле, якое знайшоў у старым разбураным доме. На першай яго старонцы алоўкам быў зроблены запіс: “Уся Душа мая ўвайшла ў Справу Божую. І сэрца маё ацаніла Слова Яго”. Праведзенае даследаванне паказала, што фраза напісана рукой Валянціны Мінскай. Захавалася некалькі рукапісаў блажэннай Валянціны. Кожны ліст яна падпісвала: “Пісала слуга Божая Валянціна Сулкоўская, у дзявоцтве Чарняўская, на ложку ляжыць… (паказвала колькі) гадоў і дзён”.

Акрамя некаторых асабістых рэчаў святой, захаваўся яшчэ настольнік, што належаў яе малодшай сястры Вользе, якая была іканапісцам і мастаком. Вольга прасіла засцілаць гэты настольнік толькі ў вялікія праваслаўныя святы. На настольніку выява Тайнай Вячэры, у цэнтры – Ісус Хрыстос, па баках – яго вучні. Лікі святых вышыты такім чынам, што з якога боку ні сеў бы за стол, усё роўна будзеш сядзець тварам да іконы. Яшчэ адну святыню – покрыва з пасцелі матушкі – перадала храму Свяціцеля Мікалая Цудатворца схіманахіня Сафія.

Дом у вёсцы Коскі, дзе жыла блажэнная Валянціна, цяпер мае сучасны выгляд. Толькі сцены памятаюць пра тыя дзівосы, якія адбываліся тут. Пасля 1966 года ўсе сведчанні цудоўных вылечванняў пачалі запісваць і перадаваць у епархіяльнае ўпраўленне.

Ад храма Святой праведнай Ганны, што згарэў і ў якім у свой час таксама служыў бацька святой Валянціны Фёдар Чарняўскі, застаўся толькі крыж. А вось елка, якую некалі пасадзіла маленькая Валянціна побач з бацькоўскім домам, працягвае расці і, як многім падаецца, нагадвае форму крыжа. Цяпер гэтае дрэва служыць арыенцірам для шматлікіх паломнікаў да святой блажэннай Валянціны Мінскай.

Падрыхтоўка і пераклад матэрыялу Зоі Падліпскай.

 Крыніцы:

http://uru4e.cerkov.ru

https://ru.wikipedia.org

http://blajennaya-valentina.by

https://sputnik.by

https://ru.wikipedia.org