Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
1 красавіка – дзень памяці святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.
Жыційны аповед
Святой праведнай Сафіі Слуцкай давялося жыць у той нялёгкі час, калі праваслаўная вера на нашых землях знаходзілася пад забаронай і жорстка пераследавалася з боку ўладаў. Пасля абвяшчэння ў 1596 годзе царкоўнай уніі ўлады сталі гвалтоўна адбіраць у праваслаўных манастыры, храмы, царкоўныя маёнткі і перадаваць уніятам. Святароў, якія не жадалі пераходзіць у унію, выганялі з прыходаў, асабліва ўпартых арыштоўвалі, ганьбілі, саджалі ў турмы. Праваслаўных вернікаў падвяргалі праклёну, сілай заганялі ва ўніяцкія цэрквы. Дзейнасць магнатэрыі і шляхты на карысць Праваслаўя амаль спынілася. Праваслаўныя храмы, якія засталіся, называлі “сінагогамі”, а саміх вернікаў – “схізматыкамі” і “ерэтыкамі”. Праваслаўнаму духавенству забаранялася адкрыта з’яўляцца на вуліцы са Святымі Дарамі, царкоўныя трэбы – хрышчэнне, шлюбы, пахаванне – дазвалялася здзяйсняць не інакш як за пэўную плату, нават мёртвых не дазвалялася хаваць публічна, а толькі пад покрывам ночы.
І вось у такой атмасферы рэлігійнай нецярпімасці княгіня Сафія стала заступніцай і апякункай пераследаванага Праваслаўя на Слуцкай зямлі.
Святая Сафія была апошняй прадстаўніцай слаўнага роду князёў Слуцкіх і Капыльскіх – Алелькавічаў, нашчадкаў вялікага князя Літоўскага Альгерда. Хоць князі Слуцкія паходзілі з Літвы, прыняўшы Праваслаўе, яны сталі называцца “рускімі князямі”. Прадстаўнікі гэтага роду княжылі нават у Кіеве і Вялікім Ноўгарадзе. Сын Альгерда Уладзімір († 1398) атрымаў у 1362 годзе ў валоданне Кіеўскае княства, аднак пасля абрання на вялікакняжаскі стол Вітаўта “не всхоте покоры учинити и челом ударити”, за што Вітаўт у 1395 г. “выведе его из Киева и даст ему Копыль”.
Родапачынальнікам князёў Алелькавічаў-Слуцкіх стаў унук Альгерда – Аляксандр Уладзіміравіч († 1454), якога ласкава называлі Алелька. Ён вёў практычна бесперапынныя войны з татарамі, абараняючы Паўднёвую Русь. У апошнія гады жыцця княжыў у Кіеве, але ў валоданне атрымаў параўнальна невялікае Слуцкае княства.
Калі пачатак святы, дык і цэлае; і калі корань святы, дык і галіны, – гаворыць Святое Пісанне (Рым. 11:16). Так і “пачатак” роду князёў Алелькавічаў асвяціўся тым, што прыняў і захоўваў святое Праваслаўе. Вядома, што князь Алелька з’яўляўся ахвяравальнікам Кіева-Пячэрскага манастыра, дзе і быў пахаваны. Пасля яго сын Сямён абнавіў у абіцелі сабор, а ўнук Юрый Сямёнавіч працягнуў традыцыю дабрачыннасці. Не толькі Пячэрскі манастыр карыстаўся ўвагай Алелькавічаў: у сваіх уладаннях князі актыўна будавалі праваслаўныя цэрквы, ахвяравалі на іх вялікія грошы і каштоўнасці. Ужо да XVI стагоддзя ў родавым Слуцку налічвалася больш за дзесяць цэркваў і тры манастыры.
Сын Юрыя Сямёнавіча Юрый II (1532 – 1578), дзед праведнай Сафіі, атрымаў добрую адукацыю ў вядомага польскага педагога Эразма Глічнера. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558 – 1583 гг. на чале ўласнай харугвы: пад яго кіраўніцтвам выступіла некалькі тысяч чалавек. Некаторы час быў членам Рады Вялікага Княства Літоўскага. Вядома, што Юрый Юр’евіч, як і яго продкі, адрозніваўся шчырым багалюбствам. Жанаты ён быў з дачкой кракаўскага кашталяна Кацярынай Цянчынскай і меў трох сыноў: Юрыя III, Яна-Сімяона і Аляксандра.
Перад смерцю Юрый Юр’евіч Алелькавіч склаў завяшчанне, у якім, у прыватнасці, зрабіў адно прынцыпова важнае ўказанне: “Дзеці, пад страхам бацькоўскага праклёну, павінны заўсёды заставацца вернымі Праваслаўю. Пры парушэнні ж волі завяшчальніка пазбаўляюцца права на спадчыну”.
Пасля смерці Юрыя Юр’евіча яго жонка Кацярына выйшла замуж за віленскага ваяводу Хрыстафора Мікалая Радзівіла, якога называлі “Перуном”, і да паўналецця сыноў ад першага шлюбу распараджалася княствам і іншай маёмасцю.
Бацька праведнай Сафіі Юрый III аказаўся адзіным з трох сыноў, хто выканаў запавет свайго бацькі і захаваў праваслаўную веру. Малодшыя браты, Ян-Сімяон і Аляксандр, пад уплывам езуітаў перайшлі ў каталіцтва. Падобныя здрады ў тыя часы былі з’явай даволі распаўсюджанай сярод прадстаўнікоў літоўска-беларускай знаці. Гэта было звязана з палітыкай выцяснення Праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім, што ўступіла ў палітычны саюз з каталіцкай Польшчай. Спрабуючы процідзейнічаць уціскам хрысціянаў праваслаўнага веравызнання, бацька Сафіі адначасова жадаў аднавіць і былую веліч свайго роду, які адчуваў рэлігійную дыскрымінацыю. Князь Юрый III, як і яго бацька, быў шчодрым ахвяравальнікам у адносінах да цэркваў і манастыроў. Вядома, што ў 1580 годзе ён падарыў для Благавешчанскай царквы Свята-Траецкага Слуцкага манастыра літы сярэбраны настаяцельскі посах, сярэбраную пазалочаную з фініфтянымі ўпрыгожаннямі чашу. Князь таксама падарыў манастыру ўнізаны камянямі ручны крыж.
Варта адзначыць, што Слуцк за час валодання ім князямі Алелькавічамі прыкметна пашырыўся і як сталіца княства набыў вялікае значэнне. Да пачатку XVI стагоддзя гэта была ўжо моцная крэпасць. Алелькавічы шмат спрыялі ўпрыгожванню Слуцка праваслаўнымі храмамі, робячы ў іх шчодрыя ўклады і надзяляючы багатымі фундушамі. Насельніцтва княства і горада Слуцка складалі ў асноўным праваслаўныя. Каталікі і іудзеі з’явіліся тут у нязначнай колькасці толькі з сярэдзіны XV стагоддзя. Жыхары горада займаліся, галоўным чынам, гандлем і рамёствамі. У 1441 годзе Слуцк атрымаў магдэбургскае права і неўзабаве быў прылічаны да найбольш важных гарадоў Літвы. Слуцкімі замкамі загадваў намеснік князя разам з цівунамі, маючы сваю замкавую юрысдыкцыю. Насельніцтва ж горада падзялялася на цэхі і падпарадкоўвалася ўладзе войта, лаўнікаў і іншых службовых асоб.
У 1585 г. Юрый III Юр’евіч Алелька ажаніўся з Варварай, дачкою падляшскага ваяводы Мікалая з роду князёў Кішак. Шлюб, аднак, быў нядоўгім – 6 мая 1586 года князь Юрый III памёр дваццаці шасці гадоў ад роду. Перад смерцю ён меў суцяшэнне ўбачыць сваю нованароджаную дачку Сафію, якая з’явілася на свет 1 мая.
Такім чынам, ледзь з’явіўшыся на свет, князёўна засталася без бацькі. Яе маці Варвара праз сем гадоў выйшла замуж за гомельскага старасту Андрэя Сапегу і нарадзіла яму дачку Элеанору.
Ужо ў маленстве святая Сафія аказалася багатай спадчынніцай: ёй дасталася трэцяя частка вялікай родавай спадчыны. Праз некаторы час, на працягу літаральна некалькіх гадоў, памерлі дзядзькі Сафіі – Аляксандр і Ян-Сімяон. Дзяцей яны не мелі, таму да маленькай Сафіі перайшлі ўсе астатнія часткі маёмасці роду Алелькавічаў, з прычыны чаго яна стала самай багатай нявестай у Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на тое, што яна была яшчэ дзіцем, у бок багацця Слуцкай князёўны пачалі скіроўвацца позіркі знатных жаніхоў.
Так склалася, што пры жывой маці князёўна Сафія трапіла пад апеку родзічаў – сям’і Хадкевічаў. Мабыць, уплывовыя магнаты проста адхілілі Варвару Алелька ад распараджэння багатымі маёнткамі Слуцкіх князёў. Спярша апекуном дзяўчынкі-князёўны стаў жмудскі стараста Юрый Хадкевіч, які быў пасля смерці ў сакавіку 1592 года апошняга мужчыны з роду Алелькавічаў бліжэйшым родзічам Сафіі па маці.
Клапоцячыся пра апошнюю прадстаўніцу Слуцкіх князёў, Хадкевічы, між тым, мелі і свае асабістыя інтарэсы. Будучы вялікімі даўжнікамі ў князёў Радзівілаў, яны вырашылі пагасіць даўгі за кошт пасагу малалетняй князёўны. У 1594 году адбылося пагадненне паміж яе апекуном Юрыем Хадкевічам і гетманам Вялікага Княства Літоўскага князем Хрыстафорам Мікалаем Радзівілам аб шлюбе яго сына Януша з Сафіяй Слуцкай. У пагадненні гаварылася, што, калі князёўна стане паўналетняй і сама захоча выйсці за князя Януша, тады апякун яе за яго выдасць. Падчас заключэння пагаднення Янушу было няпоўных 15 гадоў, а Сафіі ўсяго 8. Таму шлюб вырашылі прызначыць на 6 лютага 1600 года, калі дзяўчынцы павінна было споўніцца трынаццаць з паловай гадоў – узрост, які дазваляў, згодна з царкоўнымі правіламі, уступаць у шлюб.
Пасля смерці ў 1595 годзе Юрыя Хадкевіча апека над Сафіяй перайшла да яе стрыечнага дзядзькі – віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча. Той на пахаванні брата ў Бераставіцы пацвердзіў дамоўленасць з князем Радзівілам, што “не гвалтоўна, але добраахвотна князёўна Сафія за князя Януша будзе выдадзена 6 лютага ў 1600 годзе, у Вільні, у камяніцы Яна Караля Хадкевіча, старасты жамойцкага”. Па ўстаноўленым пагадненні Геранім Хадкевіч абавязваўся праз тры тыдні пасля вяселля перадаць маладым Слуцкае княства з усімі ўладаннямі Алелькавічаў. Пры гэтым Хадкевічы вызваляліся ад справаздачы па выдатках сум з пасагу Сафіі. У выпадку ж невыканання дамовы Геранім абавязваўся выплаціць Радзівілам 100000 коп літоўскіх грошаў. Для Радзівілаў умовы аказаліся выключна выгаднымі. Адзінай умовай, у сувязі з якой пагадненне магло быць скасавана, з’яўлялася нежаданне князёўны пасля спаўнення паўналецця ўступіць у шлюб з Янушам.
Здавалася б, усё складвалася добра, аднак праз некалькі гадоў вакол дагавора пачалі адбывацца бурныя страсці.
Цяпер меркаваная жаніцьба князёўны Сафіі з Янушам Радзівілам зрабілася для Хадкевічаў сродкам абароны сваіх родавых інтарэсаў і амбіцый. У перамене настрояў вырашальную ролю адыграла адна крыўдная для родзічаў Гераніма Хадкевіча акалічнасць. Справа ў тым, што ў 1596 годзе Хрыстафор Радзівіл праз Літоўскі трыбунал адабраў у братоў Яна Караля і Аляксандра Хадкевічаў маёнтак Копысь пад Оршай. У выніку, калі наблізіўся тэрмін выканання дамовы, Аляксандр і Ян Караль пачалі пратэставаць супраць яго ўмоў, дабіўшыся ад Гераніма згоды, што без іх волі ён не выдасць Сафію за князя Януша. Магчыма, сам Геранім Хадкевіч і не хацеў сварыцца з Радзівіламі, але ён знаходзіўся пад вялікім уплывам Яна Караля.
Каб перашкодзіць вяселлю, Аляксандр і Ян Караль вырашылі звярнуцца да закона. Яны прызвалі ў земскі Навагрудскі суд свайго брата Гераніма, каб той абвясціў аб тым, што ў адпаведнасці з царкоўнымі правіламі і літоўскім законам, князёўна Сафія не можа выйсці замуж за Януша, бо ён з’яўляецца зводным братам яе бацькі. У суд выклікалі таксама і князя Хрыстафора Радзівіла для разбору і пацвярджэння факта блізкага радства яго сына з князёўнай Сафіяй.
Вядома, што 19 лістапада 1598 года Януш Радзівіл па шляху ў Венгрыю хацеў пабачыцца з Сафіяй, якая знаходзілася ў Брэсце ў апекуноў Хадкевічаў, але не быў да яе дапушчаны.
Разам з тым у канцы 1598 года Хадкевічы звярнуліся да брацлаўскага ваяводы Януша Збаражскага з прапановай выдаць Сафію Алелька замуж за яго сына Юрыя. Узамен яны прасілі, каб Януш Збаражскі, як апякун багатай дачкі трокскага ваяводы Варвары Збаражскай, выдаў яе за Аляксандра Хадкевіча. Праўда, з гэтай задумы нічога не выйшла.
А між тым, спрэчка паміж магнатамі дайшла да польскага караля Жыгімонта III. У сярэдзіне сакавіка 1599 года Хрыстафор Радзівіл нечакана з’явіўся да двара і падчас аўдыенцыі прама спытаў караля, якое рашэнне той прыме ў выпадку невыканання Хадкевічамі ўмоваў дагавора. У адказ кароль запэўніў гетмана Літоўскага, што акажа яму падтрымку ва ўрэгуляванні канфлікту. Неўзабаве, аднак, Радзівілы даведаліся, што кароль абяцаў падтрымку і Хадкевічам. Пазней да Хрыстафора Радзівіла дайшла інфармацыя, што Жыгімонт III нібыта абмовіўся пра гетмана, што “ён усёй Літвой кіруе, толькі пакуль яшчэ не Хадкевічамі. Калі яму і Слуцк аддаць, то тады ён захоча стаць князем Літоўскім, а потым і каралём. Але з гэтага нічога не атрымаецца”. Натуральна, каралю-каталіку нявыгадна было ўзмацненне магнатаў-пратэстантаў, якімі ў той час з’яўляліся Радзівілы, таму ён больш ахвотна быў гатовы падтрымаць каталікоў Хадкевічаў.
У справу ўмяшалася бабуля князёўны Сафіі, жонка Мікалая Кішкі – Варвара Хадкевіч. Яна ўнесла ў суд рэпратэст, лічачы прэтэнзіі Хадкевічаў да Радзівілаў непаважлівымі. У той жа час Хрыстафор Радзівіл практычна блакаваў дзейнасць Навагрудскага суда. Маючы ў сябе абавязацельства ад Гераніма Хадкевіча ў тым, што “ён ніякіх таемных прычын, што перашкаджаюць дагавору, не мае, пад закладам 100000 коп літоўскіх”, Хрыстафор выклікаў яго ў Віленскі трыбунал, маршалкам якога быў абраны мазырскі стараста Юрый Радзівіл. 12 чэрвеня 1599 гады Радзівілы запатрабавалі няўстойку з Гераніма Хадкевіча. Віленскі трыбунал пастанавіў, што ён павінен адмовіцца ад падтрымкі прэтэнзіі Аляксандра і Яна Караля Хадкевічаў, у чым абавязаны прысягнуць. Геранім Хадкевіч адмовіўся прысягаць, і суд вызначыў спагнаць з яго грашовую няўстойку. Справу, між тым, працягвалі разбіраць і трыбунал, у выніку, прызнаў, што Сафію можна і варта выдаць за Януша – пад пагрозай у выпадку невыканання пастановы суда, выплаты апекунамі ў тры разы большую няўстойку. Прыняўшы гэтую пастанову як прыніжэнне, Геранім Хадкевіч паказаў Янушу Радзівілу, які ў той час ужо праяўляў знакі ўвагі да Сафіі, на дзверы. Мала таго, забараніў нават дапускаць да князёўны яго пасланнікаў і прымаць лісты.
Тады Хрыстафор Радзівіл упрасіў дванаццаць уплывовых асобаў з сената Кароннага і Літоўскага хадайнічаць, каб віленскі кашталян Геранім Хадкевіч не забараняў князю Янушу ўваходзіць у свой дом і праяўляць знакі ўвагі да князёўны. Але кашталян адказаў пасланцам, што акалічнасць гэта часовая і вырашыцца сама сабой, калі ён выканае свае дагаворныя абавязацельствы.
Між тым Радзівілы былі не тыя людзі, з кім можна было абыходзіцца падобным чынам. Вычарпаўшы, на іх думку, мірныя спосабы пераканання, яны вырашылі адстойваць свае дамаганні сілай зброі. У канцы лістапада 1599 года Хрыстафор Радзівіл з братам Юрыем абвясцілі аб мабілізацыі сярод падданых, абавязваючы іх з поўным узбраеннем прыбыць у Вільню да ўстаноўленага тэрміну меркаванага вяселля Януша. Гетман Літоўскі звярнуўся таксама за дапамогай да родзічаў і сяброў.
Станавілася відавочным, што спрэчка паміж магнацкімі родамі пагражае выліцца ў крывавую бойню.
Уніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей 17 студзеня 1600 годзе звярнуўся з пасланнем да намесніка слуцкага Траецкага манастыра Ісаю (Сабалеўскаму) і ўсяму слуцкаму духавенству, каб яно малілася аб мірным вырашэнні канфлікту.
Да канца студзеня 1600 года армія Радзівілаў сабралася ў ваколіцах Вільні. Акрамя падданых самога Хрыстафора Радзівіла, пад яго сцяг прыйшлі са сваімі ваярамі яго тры сыны князя Канстанціна Астрожскага і кашталян кракаўскі. Ваяводы львоўскі і валынскі прывялі кожны да шасцісот коннікаў і сямісот гайдукоў, смаленскі ваявода Абрамовіч прывёў конніцу. Кашталян жмудскі Мікалай Нарушэвіч прадаставіў сто конных воінаў і сто гайдукоў. Канцлер замойскі прывёў з Падола дзвесце конных, на чале з ротмістрам Пятром Збарыньскім. Дзвесце ратнікаў даслаў князь Курляндскі. Мазырскі стараста князь Юрый Радзівіл прывёў сто гусараў, гайдукоў і казакаў. Са сваімі ваярамі прыходзілі і іншыя саюзнікі Радзівілаў, так што сабралася войска агульнай колькасцю да 6000 ваяроў.
Хадкевічы таксама не сядзелі склаўшы рукі. Разам з сябрамі яны сабралі да 1600 коннікаў і 600 чалавек пяхоты – колькасць цалкам дастатковую для абароны ператворанага ў непрыступную крэпасць з 24-ма гарматамі віленскага дома-палаца Яна Караля Хадкевіча. Ведаючы пра ваенныя падрыхтоўкі і назіраючы ў доме мноства ўзброеных людзей, юная Сафія са слязьмі маліла Збавіцеля і Яго Прачыстую Маці не дапусціць кровапраліцця, міжвольнай прычынай якога яна магла стаць. Колькі праліла дзяўчынка-князёўна слёз і колькі ўзнесла гарачых малітваў за час разладаў паміж яе апекунамі і родзічамі жаніха, аднаму Богу вядома.
Разам з тым у Варшаве сур’ёзна занепакоіліся ваеннымі зборамі ў Вялікім Княстве Літоўскім. У сувязі з гэтым для мірнага вырашэння канфлікту ў Вільні ад караля прыбылі чатыры сенатары. Яны мелі да абодвух бакоў каралеўскія лісты, а таксама вусны наказ, каб ніякіх разбурэнняў у Рэчы Паспалітай не ўчыняць, а законна ці па-сяброўску вырашыць спрэчку прыватна. Бакі, аднак, прыняўшы з гонарам і ўдзячнасцю каралеўскае пасланне, сталі выказваць пасярэднікам узаемныя крыўды і прэтэнзіі.
Між тым, 4 лютага 1600 года князь Хрыстафор Радзівіл адправіў да Гераніма Хадкевіча і князёўны Сафіі чатырох пасланнікаў, якіх у доме Хадкевічаў добра прынялі, але пабачыцца з князёўнай не дазволілі.
Бакі, вядома, спрабавалі знайсці шляхі выйсця з данай сітуацыі, але ў той жа час ніхто не хацеў паступацца амбіцыямі і інтарэсамі. Так, 5 лютага гэтага Хадкевічы перадалі Хрыстафору Радзівілу пасланне з патрабаваннем, каб “ваявода ўсе паперы і запісы вярнуў і іх перад уладамі ануляваў, каб усе прававыя прэтэнзіі апусціў і больш іх не прад’яўляў”. Акрамя таго, у пасланні гаварылася пра дазвол Янушу бываць у князёўны ў прысутнасці апекуна, а таксама пра тое, што як толькі будзе атрымана ад духоўных уладаў дазвол на шлюб і князёўна сама добраахвотна захоча выйсці замуж, тады адразу ж будзе выдадзена за князя.
Прад’яўленыя ўмовы гетман Літоўскі з сынам палічылі непрымальнымі і праз каралеўскіх пасярэднікаў запатрабавалі ад Хадкевічаў выканання першапачатковай дамоўленасці аб шлюбе. Тады каралеўскія пасланнікі прапанавалі вынесці спрэчку на спецыяльны сейм, месца і час якога выбера сам Радзівіл. Меркавалася, што на сейм з’едуцца прадстаўнікі бакоў, што спрачаюцца, і сумесна ўрэгулююць пытанне і яго прававыя аспекты. У выпадку ж калі дэлегаты не змогуць прыйсці да ўзаемнай згоды, тады сам кароль будзе разбіраць справу праз тыдзень пасля заканчэння сойма ў прысутнасці тых жа дэлегатаў. А да гэтага прапаноўвалася бакам мірна раз’ехацца, не прычыняючы адзін аднаму ніякай шкоды. Агаворвалася таксама, што да адкрыцця сейма кашталян віленскі “нікому не дасць ніякага абяцання ад асобы князёўны Слуцкай, вольны ўваход да якой князю Янушу павінен быць забяспечаны”.
Хрыстафор Радзівіл з некаторымі пунктамі прапановы гатовы быў пагадзіцца, але Геранім Хадкевіч наогул адмовіўся прымаць прапановы каралеўскіх пасярэднікаў, таму справа зноў зайшла ў тупік.
Наступіла 6 лютага 1600 года, калі князёўна Сафія павінна была паводле дамовы ўступіць у шлюб з князем Янушам. У гэты дзень Хрыстафор Радзівіл заклікаў сваіх людзей узяцца за зброю і быць гатовымі ў выпадку неабходнасці штурмаваць дом Хадкевічаў. Перш, аднак, вырашылі выслаць да кашталяна Гераніма шляхетных дэлегатаў, каб нагадаць пра заканчэнне тэрміну і спытаць, ці хоча князёўна Сафія выйсці за князя Януша.
Калі паслы падышлі да дома Хадкевічаў, ім доўга не адчынялі. Затым да дэлегатаў выйшаў сам віленскі кашталян з Юрыем Мнішакам, сандамірскім ваяводам. У дом, аднак, амбасадараў не дапусцілі, а правялі ў невялікае памяшканне. Выслухаўшы іх там, кашталян заявіў, што гатовы выканаць абавязацельствы і чакае князя Януша з сябрамі, але не хоча прымушаць князёўну да міжвольнага шлюбу, хай яна сама выяўляе сваё жаданне, як ёй Гасподзь на сэрца пакладзе. Геранім Хадкевіч запэўніваў, што гатовы скончыць з усёй гэтай гісторыяй, і прысягаў, што не ведае пра волю князёўны, і нават ніколі не пытаўся ў яе пра гэта. Ён прапанаваў паслам самім пайсці і спытаць у Сафіі пра яе стаўленне да князя Януша і ці гатовая яна выйсці за яго замуж. Але паслы адмовіліся, заявіўшы, што адпраўленыя не да князёўны, а да кашталяна.
Вярнуўшыся, дэлегаты распавялі, што паўсюль: наверсе, у калідорах, будынках, кухнях, стайнях – яны бачылі ўзброеных людзей, гатовых да бою. Калі пасланцы заязджалі ў двор, то каля брамы і ў двары знаходзіліся ўзброеныя воіны напагатове. Уся абстаноўка сведчыла пра тое, што ў доме Хадкевічаў падрыхтаваліся да бітвы, але не да вяселля.
З набліжэннем вечара Радзівілы ізноў сталі вырашаць, як паступіць. Выказваліся розныя прапановы з боку сенатараў і сяброў. У рэшце рэшт, гетман Літоўскі сардэчна ўсім падзякаваў і, клапоцячыся пра спакой у Айчыне, вырашыў распусціць сваё войска. Але сам з сынам усё ж застаўся чакаць, каб яго ў чым-небудзь не папракнулі Хадкевічы.
Ужо на зыходзе дня Крыштаф Радзівіл выправіў святочна апранутага Януша да месца, дзе павінна было адбыцца вяселле, каб гэтым засведчыць, што свае абавязацельствы ён выканаў.
Так, да найвялікшай радасці князёўны Сафіі, гэты дзень завяршыўся без кровапраліцця.
Узаемныя разбіральніцтвы паміж бакамі, што ўступілі ў спрэчку, аднак, працягваліся. Скончыліся яны 8 чэрвеня 1600 года, калі, нарэшце, у трыбунале бакі дамовіліся аб шлюбе паміж Сафіяй і Янушам. Вяселле вырашылі зладзіць 1 кастрычніка 1600 года ў рэзідэнцыі Гераніма Хадкевіча, у замку Брэст-Літоўскім. Акрамя таго, было прынята рашэнне аб падзеле маёмасці, якая засталася ад князёў Слуцкіх. Князёўне Сафіі і яе будучаму мужу пераходзіла асноўная частка спадчыны, а менавіта княства Слуцкае. Кашталян віленскі Геранім атрымліваў спадчынныя правы на некаторую маёмасць у ваяводствах Лубельскім, Навагрудскім, паветах Ашмянскім, Гродзенскім і Мазырскім. Княства Капыльскае і Цімкавічы ў Навагрудскім ваяводстве пераходзілі ў пажыццёвае валоданне Сафіі Мялецкай – былой жонкі Яна-Сімяона Алелькавіча – і яе другога мужа Яна Караля Хадкевіча. Акрамя ўсяго іншага, было пацверджана, што Януш Радзівіл пасля жаніцьбы не будзе прымушаць князёўну Сафію да змены веравызнання.
1 кастрычніка, у нядзелю, у Брэсце адбылася ўрачыстая цырымонія шлюбу Сафіі і Януша. Калі былі ўладжаны ўсе фармальнасці адносна ўступлення ў спадчынныя правы, маладыя з’ехалі ў Слуцк.
Паказальна, што прыбыццё туды маладой пары Радзівілаў адразу ж адбілася на царкоўных справах. Захаваўся ліст уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея да Мікалая Радзівіла Сіроткі са скаргай на князя Януша, што той пад уплывам маладой жонкі выгнаў са Слуцкага Свята-Траецкага манастыра мітрапалічага прадстаўніка і ўзяў абіцель пад сваю апеку, то бок адабраў яе ва ўніятаў.
Нядоўга, аднак, маладым давялося пабыць разам. Неўзабаве князь Януш адправіўся ў Ліфляндыю на вайну са шведамі. Увогуле, гэта быў чалавек няўрымслівы, энергічны, нават авантурны. Ён атрымаў добрую адукацыю, спачатку ў кальвінскіх школах, затым у Страсбургскім і Базельскім універсітэтах, шмат падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Францыі. У 1603, 1605, 1606 гадах князь Януш абіраўся паслом на сеймы, дзе ўзначальваў кальвінскую і праваслаўную групы дэпутатаў, адстойваючы рэлігійныя і палітычныя правы некаталікоў. Выступаў супраць палітыкі Жыгімонта III, які імкнуўся да абмежавання правоў некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1606 – 1607 гады Януш стаў адным з кіраўнікоў шляхецкага паўстання (рокаша) супраць караля. Пасля ён памірыўся з манархам, але ўдзелу ў дзяржаўных справах больш не прымаў.
У пастаянным клопаце і трывозе за мужа святой Сафіі прыходзілася шмат часу праводзіць адной, самой кіраваць княствам. Разам з тым юная княгіня скіравала сваю любоў і апеку на захаванне і зацвярджэнне Праваслаўя ва ўмовах, калі нарастае прыгнёт з боку каталікоў і ўніятаў.
Святая Сафія ператварыла Слуцк, які належаў ёй, у цвярдыню праваслаўнай веры. Княгіня аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і жыхарам горада Слуцка, якія аб’ядналіся ў Праабражэнскае брацтва. Ёй былі ўласцівыя шчодрасць і прастата. Дагэтуль існуе жывое паданне, што княгіня пешшу прыходзіла ў пабудаваную на яе сродкі Пакроўскую царкву на Мір-гары, куды ў дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы сцякалася вялікая колькасць багамольцаў з розных месцаў.
Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя ў рызніцы Слуцкага Свята-Траецкага манастыра захоўвалася фелонь з саматканай суцэльнай і шчыльнай сярэбранай парчы, з вышытымі па ёй залатой каніцеллю крыжамі ў колах. На фелоні меліся крыж і кустодзія з каванага чыстага срэбра, пазалочаныя, з гранатамі пасярэдзіне. Хто менавіта з князёў Слуцкіх ахвяраваў гэтую рызу, невядома. Але паданне гаворыць, што такую ж да яе епітрахіль уласнаручна выткала Сафія Юр’еўна Алелька.
Акрамя клопату пра аздобах храмаў і манастыроў, княгіня Сафія з мужам Янушам прымала актыўны ўдзел у царкоўных справах. Яна пераканала мужа хадайнічаць перад каралём аб грамаце пра забарону ў іх уладаннях гвалтоўна прымушаць праваслаўных да уніі, чым забяспечыла юрыдычную абарону канфесійных інтарэсаў сваіх падданых.
Захаваўся, напрыклад, дакумент, адносна царквы ў сяле Манастыр, над возерам Жыд, пабудаванай князямі Слуцкімі. Гэтую царкву здаўна трымаў паповіч Цімафей Сямёнавіч, перадаўшы пасля Дзмітрыю Захарэўскаму. Муж і жонка Сафія і Януш Радзівілы, пераканаўшыся, што той добрых паводзін, зацвердзілі гэтую царкву за Захарэўскім пажыццёва з дазволам перадаць яе аднаму з сыноў, які будзе годным святарскага сану. Разам з тым Захарэўскі, будучы праваслаўным, абавязваўся знаходзіцца ў паслухмянстве Патрыярху Канстанцінопальскаму.
28 снежня 1611 года князь Януш па просьбе святара слуцкай Уваскрасенскай царквы Пятра Якававіча даў гэтай царкве фальварак з даходамі, што належалі яму, як завяшчалі князі Слуцкія. “І каб здзяйснялі ў названай царкве хвалу Богу, знаходзячыся ў паслухмянасці пратапопа нашага Слуцкага і ў паслухмянасці і благаслаўленні святым айца Патрыярха Канстанцінопальскага”, – гаварылася ў дакуменце.
Як бачым, княгіня Сафія з мужам старалася ўсяляк падтрымаць Святое Праваслаўе ў сваіх уладаннях.
Нядоўга, аднак, судзіў Гасподзь жыць на зямлі набожнай княгіні. Слабае здароўе яе пагаршалася ад шматлікіх клопатаў і смутку, якіх давялося ёй перажыць у жыцці, нягледзячы на знатнае становішча, вельмі многа. Святой Сафіі давялося перажыць сіроцтва, пустэльніцтва, інтрыгі, трывогі, душэўны боль, смерць дзяцей – двое яе дзяцей памерлі ў маленстве. А шмат чаго мы і не ведаем … Але гэта былі тыя смуткі, якімі належыць нам увайсці ў Царства Божае (Дзеян. 14:22).
19 сакавіка 1612 года ў маёнтку Амелева падчас трэціх родаў Слуцкая княгіня Сафія памерла. Нованароджаную дзяўчынку назвалі Кацярынай. Аднак дзяўчынка-немаўля ненашмат перажыла пакутніцу маці і неўзабаве памерла, не пражыўшы і сутак.
Увесь Слуцк аплакваў добрую сваю спадарыню і яе дзіця.
У памяць аб праведным жыцці і дабрачыннасці княгіню пахавалі ў царкве Слуцкага Свята-Траецкага манастыра. Цела яе спачывала каля сцяны правага прыдзела ў драўлянай труне, якую пазней уладкавалі ў металічную (цынкавую). На ўнутраным баку вечка цынкавай труны меўся надпіс: “1612, марта 19, преставися благоверная София, ксенжна Слуцкая, Олельковна Юревичовна, Ольгердова племени, и положена бысть в Слуцку, в монастырю Святое Живоначальное Троицы”. Сама труна была накрыта дубовым каўпаком-футлярам, пакрытым цёмна-малінавым сукном з гербам Алелькавічаў і надпісам: “блажени плачущии, ибо тии утешатся”. На футляры ляжала фамільная ікона Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, да якой пазней і прыкладваліся багамольцы падчас малітвы каля труны праведнай княгіні-заступніцы, просячы яе святых малітваў.
Захаваўся тэкст надпісу на надмагільнай пліце, уладкаванай Янушам Радзівілам памерлай жонцы: “От Знатных Слуцких и Копыльских князей Фамилия. София Олелькович. От Отца, Деда, Прадеда Георгия, Симеона Прапрадеда, Михаила в Слуцке и Копыле Князя, от Прадеда Олелько, Владимира, Киевского Князя, Ягеллона Польского Короля Брата, Ольгерда Великого Княжества Литовского Князя, Внука, Гедимина Правнука, Витеня Праправнука, матери Варвары, из знатной Фамилии Кишек потомок Януш Радзивилл Князь на Биржах и Дубинках, в Слуцке и Копыле Верховный Подчаший Литовский… не без слез поставил”. Яшчэ адну каменную пліту ў памяць пра жонку князь Януш уладкаваў у Кіева-Пячэрскім манастыры.
Прыдворны паэт Радзівілаў Саламон Рысінскі склаў кранальную эпітафію княгіні Сафіі, у якой мы знаходзім яшчэ адзін яркі штрых да яе духоўнага партрэта:
Грудой сокровищ пренебрегает и золотом ярким,
Тирской парчи одеяние ценное ей нипочем.
З гэтых радкоў бачна, што святая Сафія не захаплялася зямнымі дабротамі, больш скіроўваючы духоўны позірк да Горнага па слову Збаўцы: дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша (Мф. 06:21).
У памяць аб набожнай жонцы князь Януш працягваў падтрымліваць у Слуцкіх уладаннях горача любімае ёю Праваслаўе, пацвярджаючы граматамі, завешчаныя княгіняй Сафіяй царкоўныя традыцыі. У адной з грамат у прыватнасці гаварылася: «… цэрквы і манастыры рэлігіі старарускай ў маёнтках маіх па-ранейшаму павінны быць захаваны і нашчадкі мае павінны выконваць, каб не было ў тым ніякай перамены».
У другой грамаце князь Януш пісаў, што цэрквы праваслаўнай рэлігіі, з спрадвечных часоў пабудаваныя і арандаваныя ў княстве Слуцкім і Капыльскім, а таксама яго маёнтках Койданаўскім, Беліцкім, Заблудаўскім, Невельскім, Себежскім і іншых, заўсёды знаходзіліся пад благаславеннем усходняга Канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым падкрэсліваў, што продкі яго рэлігію гэтую нязменна апекавалі і таму ён сваёй граматай сцвярджае: “каб цэрквы, архімандрыты, ігумены, манастыры і брацтвы ў княстве Слуцкім і іншых маіх уладаннях на вечныя часы недатыкальна, без усякай перамены былі захаваны ў поўнай свабодзе свайго набажэнства … унія ў гэтыя цэрквы не павінна ўводзіцца ніякім гвалтоўным або надуманым спосабам; ды хай будзе ім дазволена для пасвячэння прасвітараў ставіцца да ўладыкаў іх неўніятаў, якія ў Кароне і Літве знаходзяцца, а за недахопам іх ездзіць за мяжу без усякіх перашкод і самых нязначных цяжкасцей”.
Час паказаў, што дзейнасць святой Сафіі пакінула глыбокі след добрага мацярынскага стаўлення да свайго народа і роднай Праваслаўнай Царквы.
За праведнае жыццё Гасподзь праславіў Сваю выбранніцу нятленнем мошчаў і цудаздзяйсненнямі ад іх. Паступова сярод жыхароў Слуцка пачалі распаўсюджвацца весткі пра цуды, якія здзяйсняліся каля труны Сафіі. У народзе княгіня стала лічыцца як блажэнная, заступніца хворых жанчын, асабліва парадзіх. З часам склалася традыцыя, па якой набожныя гараджанкі перыядычна рабілі паміж сабой складчыну і на сабраныя ахвяраванні рыхтавалі шаўковую або атласную сукенку, у якую выбраныя жанчыны пераапраналі нятленнае цела княгіні. Відавочцаў уражвала яго дзіўная захаванасць: яно мела колер светла-жоўтага воску, зубы, нос, вочы, валасы, бровы і вейкі былі цэлыя, вочныя яблыкі выпуклыя. Жанчыны, якія пераапраналі цела, сведчылі, што яно нават захоўвала пэўную мяккасць. Рака з мошчамі святой звычайна была зачыненая і адчынялі яе толькі для выбраных людзей.
Польскі даследчык Юзаф Смаліньскі, які наведаў у 1904 годзе Слуцк, так апісвае мошчы святой: “Дробныя правільныя рысы твару захаваліся амаль не кранутыя часам. Прыгожы прадаўгаваты авал твару, нос прамы, чало правільнай формы, лукападобны абрыс вуснаў, валасы светла-русыя, нават вочы пад вейкамі выпуклыя даюць уяўленне аб вядомай прыгажосці князёўны Сафіі Алелькаўны. Прыгожыя невялікія рукі з доўгімі пальцамі і вытанчанымі пазногцямі крыжападобна складзены. Галава і рукі васковага колеру настолькі ўсохлі, што складаюць уражанне, як быццам прыналежаць чатырнаццаці – або пятнаццацігадовай дзяўчынцы”.
На працягу стагоддзяў Гасподзь нярэдка ўяўляў шматстайныя цуды ад нятленных мошчаў святой Сафіі. Першыя пісьмовыя сведчанні пра некаторыя з іх пакінуў у пачатку XIX стагоддзя настаўнік Слуцкай духоўнай семінарыі іераманах Маркіян. Запісаць цуды ён вырашыў пасля выпадку, які адбыўся з ім асабіста. У ліпені 1811 года ў іераманаха здарылася на вялікім пальцы правай рукі хвароба, што ў народзе называлі “волас”. Пакутлівая хвароба не адступала пяць тыдняў, з-за чаго ў айца Маркіяна здарылася бяссонніца і ён не спаў на працягу дзевяці сутак. Няшчасны прыклаў шмат намаганняў, каб вылечыцца. У сакавіку 1815 года хвароба праявілася зноў, толькі ўжо на ўказальным пальцы. Ведаючы з ранейшага вопыту наколькі пакутлівая хвароба, іераманах Маркіян пачаў галасіць і з маленнем звярнуўся да Госпада, просячы вылячэння. Падчас малітвы яму прыйшла думка папрасіць аб дапамозе праслаўленую нятленнасцю блажэнную Слуцкую княгіню Сафію, што спачывала ў Свята-Траецкім манастыры. Рухомы гэтай думкай, ён пачаў маліцца з жалем сэрца і слязьмі: “Благоверная Слуцкая княгиня София, здесь у нас почивающая, молю тя усердно, исцели зело страждущий перст мой молитвою твоею, яже к Богу: и аще исцелиши мя, то чрез сие уразумею, яко ты обрела еси благодать у Бога; и живеши в жилищи избранных Божиих”. Пасля такой малітвы, якая зыходзіла з глыбіні сэрца, хвароба прайшла, і праз некалькі дзён палец зусім выздаравеў. Пра гэта па хрысціянскім сумленні іераманах Маркіян і вырашыў абвясціць усім для праслаўлення імя Божага, і угодніцы Яго благавернай княгіні Сафіі.
Прыпісвае семінарскі настаўнік нябеснаму заступніцтву святой і абарону жыхароў Слуцка ад бедстваў падчас Напалеонаўскага нашэсця. У канцы чэрвеня 1812 гада, чакаючы набліжэння да горада непрыяцельскіх войскаў, за Свята-Траецкім манастыром разгарнуліся часткі арміі Багратыёна, што рыхтаваліся да бітвы з французамі. Ваенныя раілі манахам для бяспекі сысці з манастыра. Даведаўшыся пра гэта, жыхары горада захваляваліся, мяркуючы, што чарняцы могуць забраць з сабой мошчы княгіні Сафіі. Яны пачалі прасіць, каб манахі не забіралі цела блажэннай, як яе называлі, спасылаючыся на тое, што княгіня нібыта перад смерцю прамовіла, калі цела яе падчас з’яўлення якога-небудзь бедства абнясуць каля Слуцка, тое бедства адступіць, і ніхто з жыхароў не пацерпіць. Ледзь паспелі гараджане здзейсніць хрэсны ход з мошчамі святой Сафіі, як Слуцк запоўніла французская армія. І хоць вайна ёсць вайна, у горадзе, сапраўды, за час гаспадарання непрыяцельскіх салдат ні аднаго забойства або рабавання не здарылася. Толькі ў Свята-Траецкім манастыры французы забралі ўсе харчовыя запасы, што Маркіян лічыў пакараннем за тое, што настаяцель манастыра не дазволіў абнесці мошчы святой Сафіі вакол манастыра.
Гэта быў не адзіны выпадак, калі гараджане ўсім светам звярталіся да заступніцтва блажэннай Сафіі. У 1848 годзе ў Слуцку пачатку лютаваць халера, забіраючы жыцці гараджан. Тады жыхары зноў вырашылі шукаць дапамогі ў сваёй нязменнай апякункі-княгіні. Па іх просьбе ўлады дазволілі пранесці праз горад у двух кірунках, крыж-накрыж, мошчы блажэннай. Падчас хрэснага ходу з нятленным целам святой Сафіі ў чатырох процілеглых канцах горада былі зробленыя прыпынкі і адслужаны малебны. У месцах прыпынкаў (Трайчаны, Востраў, Выгада і Могілкавая вуліца) паставілі памятныя крыжы з адпаведнымі надпісамі. Неўзабаве пасля хрэснага ходу эпідэмія халеры ў Слуцку і яго ваколіцах спынілася.
А вось якія дайшлі да нас прыватныя выпадкі дапамогі Божай малітвамі да святой Сафіі. 11-гадовы сялянскі хлопчык вёскі Міхейкі Самуіл Шыловіч пасля ўдару маланкі на працягу чатырох гадоў знаходзіўся ў абсалютным “расслабленні”. Ніякая медычная дапамога не дапамагала. Паколькі хлопчык не мог самастойна рухацца, аднавяскоўцы прызнавалі яго ўжо “не жыльцом на свеце” і казалі бацькам: “Нічога не будзе з вашага Самуся”. Але здарыўся цуд! Да маці, якая была ў адчаі, з’явілася ў сне святая Сафія і загадала прывезці хворага хлопчыка ў Траецкі манастыр да яе грабніцы. Так бацькі і зрабілі. Калі яны падышлі да мошчаў, Самуіл апусціў у грабніцу срэбны рубель, у якім, магчыма, заключаліся ўсе зберажэнні беднай сялянскай сям’і. Падчас распачатага перазвону хлопчык атрымаў поўнае вылячэнне і, на здзіўленне ўсіх, поўнасцю здаровы пайшоў дадому пешшу.
Слуцкая мяшчанка Вольга Бараноўская, знаходзячыся на службе ў маёнтку Некрашы, аслепла, абварыўшы вочы парам з катла. На працягу 12 гадоў яна хадзіла з павадыром па вёсках, збіраючы міласціну. У сваім няшчасным становішчы жанчына часта ў малітвах прасіла сабе смерці. Але вось неяк у сне ёй з’явілася ў кароне і парфіру Божая Маці і сказала: “Ідзі ў Слуцкі манастыр і там, каля грабніцы святой Сафіі, атрымаеш вылячэнне”. Па шляху ў Слуцк Вольга сабрала грошы на свечку, што паставіла каля грабніцы, і неўзабаве стала відушчай. Шчаслівая жанчына дала зарок да канца жыцця хадзіць па святых мясцінах і ніколі не ўжываць у ежу мяса. На працягу 18 гадоў пасля вылячэння яна тройчы пабывала ў Ерусаліме, дзе жыла па паўгода і даўжэй, наведала нямала іншых святых мясцін. На твары ў яе, асабліва вакол вачэй, выразна былі бачныя сляды ад апёку. У падзяку за цудоўнае вылячэнне Бараноўская на сабраныя ахвяраванні набыла ў Слуцкі манастыр каштоўную ікону Божай Маці “Пачаеўскую” ў выглядзе зоркі.
У 1912 годзе ў Слуцкім Свята-Траецкім манастыры ўрачыста адзначылі 300-годдзе з дня скону блажэннай княгіні Сафіі. Да юбілею настаяцель манастыра архімандрыт Афанасій (Вячорка) упершыню склаў невялікі жыццяпіс святой. У нядзелю 18 сакавіка, у свята Уваходу Гасподняга ў Ерусалім, з усіх слуцкіх цэркваў пасля Літургіі прыйшлі хрэсныя хады ў Свята-Траецкі манастыр, дзе саборна была здзейснена паніхіда па блажэннай Сафіі, княгіні Слуцкай.
Суровыя часы і цяжкія выпрабаванні наступілі для Царквы з прыходам савецкай улады. Бязбожнікі зачынялі і разбуралі храмы, здзекаваліся над народнымі святынямі, пераследавалі вернікаў. Не абышлі ганенні бокам і праваслаўны Слуцк. У 1925 годзе ўлады скасавалі Свята-Траецкі манастыр, дазволіўшы толькі здзяйсняць набажэнствы ў манастырскай Траецкай царкве. На тэрыторыі манастыра размясціліся воінскія часці. 20 студзеня 1930 года Цэнтральная камісія па аддзяленні Царквы ад дзяржавы прыняла рашэнне вывесці Траецкі храм з карыстання вернікаў, а змешчаныя ў ім мошчы, пасля агляду спецыяльнай камісіяй, перадаць у Цэнтральны беларускі музей у Мінску. 21 лютага камісія ў прысутнасці Слуцкага біскупа Мікалая (Шамяцілы) “здзейсніла агляд” мошчаў святой Сафіі. Рака была ўскрыта і складзены пратакол агляду з дадаткам заключэння і фотаздымкаў. Камісія пацвярджала адсутнасць спецыяльнага бальзамавання цела, а нятленнасць прадставіла “тыповым прыкладам натуральнай муміфікацыі”. Пасля гэтага мошчы святой княгіні даставілі ў Мінск, перадаўшы ў анатамічны музей медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У пачатку вайны будынак медыцынскага факультэта аказаўся часткова разбураны авіябомбай. Калі нямецкія салдаты пры аглядзе руін выявілі мошчы, то звярнуліся ў бліжэйшую царкву, прапанаваўшы забраць святыню. Дзве жанчыны перанеслі мошчы святой Сафіі ў храм і запыталіся ў святара, якім быў будучы новапакутнік архімандрыт Серафім (Шахмуць), што з імі рабіць. Айцец Серафім параіў аднесці святыя мошчы дадому і схаваць да лепшых часоў. Так і зрабілі. А праз некалькі дзён у храм прыйшлі нямецкія салдаты і папрасілі вярнуць ім нятленныя мошчы, але нічога ўжо ў іх не атрымалася.
Да канца вайны мошчы святой Сафіі захоўваліся ў падвале ў адной з жанчын. Калі з’явілася магчымасць, іх перанеслі ў Свята-Духаў сабор, дзе яны знаходзіліся ў Варварынскім прыдзеле.
У 1970-я гады майстры Фаміны збудавалі для іх прыгожую разьбяную раку. Зараз нятленнае цела святой Сафіі Слуцкай спачывае ў паўночным прыдзеле Свята-Духава кафедральнага сабора ў гонар Мінскай цудатворнай іконы Божай Маці. Там кожны мае магчымасць пакланіцца мошчам святой і малітоўна звярнуцца да яе.
3 красавіка 1984 года, згодна з рапартам Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Беларускага, па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена святая праведная Сафія Слуцкая была ўнесена ў Сабор Беларускіх святых.
Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 2-3 лютага 2016 года пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, благаславіў агульнацаркоўнае шанаванне святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.
Святая праведная маці наша Сафія, малі Бога за нас!
Аўтар-укладальнік святар Гардзей Шчаглоў.
“О, святая маці, горада Слуцка пахвала і радасць…”
…Асірацела Слуцкая зямля без святых мошчаў сваёй праведнай заступніцы. Дзесяцігоддзямі ў Слуцку не было месца, дзе вернікі маглі б асабліва ўшанаваць памяць святой Сафіі.
Усё змянілася з утварэннем 23 кастрычніка 2014 года самастойнай Слуцкай епархіі Мінскай мітраполіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Епархія аб’яднала прыходы ў межах Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, другім кафедральным горадам яе стаў Салігорск.
Епіскапам Слуцкім і Салігорскім Святы Сінод выбраў архімандрыта Антонія (Дароніна), клірыка Мінскай епархіі, кіраўніка спраў Мінскай Экзархіі. Архіерэйскую хіратанію архімандрыта Антонія ўзначаліў 3 студзеня 2015 года ў Маскве Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
Прыняўшы ў кіраванне новую епархію і вывучыўшы царкоўнае жыццё Слуцка, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній (Даронін) задумаўся аб аднаўленні належнага шанавання і праслаўлення святой княгіні Сафіі ў яе родным горадзе. Гэтага патрабавала і гістарычная справядлівасць, і горача жадалі мясцовыя праваслаўныя хрысціяне. Разам з тым архіерэй канстатаваў, што ў Слуцку няма сабора, які мог бы прыняць нятленныя мошчы святой падзвіжніцы ў цэласці. З улікам гэтага епіскап Антоній падаў на імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла рапарт, у якім папрасіў Экзаршага благаслаўлення на аддзяленне часціцы мошчаў святой Сафіі для Слуцкай епархіі. Мошчы прапаноўвалася закласці ў спецыяльна збудаваную грабніцу-раку, каля якой павінна быць устаноўлена роставая ікона праведнай Сафіі Слуцкай. Магчымым месцам знаходжання святыні па жаданні вернікаў епіскап вызначыў храм Касьмы і Даміяна Сафійскага жаночага манастыра ў Слуцку.
На вялікую радасць вернікаў хадайніцтва епіскапа Антонія было задаволена.
Адказнымі за канфіскацыю часціцы мошчаў святой Сафіі былі прызначаныя духоўнік Мінскай епархіі протаіерэй Ігар Латушка і протаіерэй Аляксандр Галавін – урач-патолагаанатам па свецкай прафесіі. На пачатковым этапе ім было даручана высветліць ступень захаванасці мошчаў і магчымасці аддзялення ад іх вялікай часткі. Па выніках агляду протаіерэі Ігар і Аляксандр засведчылі, што мошчы нятленныя, а левая ступня знаходзіцца ў аддзеленым стане. Па міласці Госпада чалавечае ўмяшальніцтва не спатрэбілася: аддзяленне здзейснілася натуральным чынам.
Патрыяршы Экзарх благаславіў узяць для перанясення ў Слуцк левую ступню святой праведнай Сафіі.
У пачатку сакавіка 2015 года майстар-ювелір Алег Ермаловіч вырабіў для святыні металічны каўчэг-машчавік у выглядзе жаночай ступні.
Пры вырабе выкарыстоўваліся тэхналогіі ліцця па выплаўленых воскавых мадэлях, чаканка, пескаструйная апрацоўка, гравіроўка, пацініраванне. Верхняя частка машчавіка змяшчае надпіс “Левая стопа святой праведной Софии, княгини Слуцкой” і багата дэкараваная. Вакол назіральнага акенца, выкананага з лейкасапфіра, змешчаны тэкст малітвы: “Святая праведная мати наша Софие, сохрани наследие твое”.
31 сакавіка – 1 красавіка 2015 года з нагоды перанясення з Мінска ў Слуцк часціцы мошчаў святой княгіні адбыліся вялікія царкоўныя ўрачыстасці.
Познім вечарам епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній (Даронін) пасля ўрачыстых набажэнстваў у Свята-Духавым кафедральным саборы даставіў святыню ў Міхайлаўскі сабор Слуцка. 1 красавіка 2015, у дзень памяці святой Сафіі Слуцкай, святыня была прынесена ў Сафійскі манастыр хрэсным ходам. Як успамінае ўладыка Антоній: “З 6 гадзін раніцы да святой ступні пачалі сцякацца вернікі, малебен я пачаў у 8. Цэлую ноч ішоў дождж, які, на здзіўленне ўсіх і майму ўласнаму хваляванню, спыніўся, як толькі я выйшаў са ступнёй з сабора. Хрэсны ход зрабіў прыпынак каля помніка праведнай Сафіі ў цэнтры горада, і падчас чытання малітвы над помнікам расступіліся воблакі…”
Пасля гэтага працэсія накіравалася да Сафійскага манастыра. У храме Касьмы і Даміяна адбылася Літургія Раней Асвечаных Дароў. Урачыстае набажэнства здзейснілі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін (з верасня 2020 года – мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі), епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Архіпастырам саслужылі сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Коржыч, благачынны Слуцкай епархіі, клірыкі Мінскай, Навагрудскай, Гродзенскай, Барысаўскай, Маладзечанскай, Лідскай епархій, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Мінскіх духоўных школ, святары, настаяцелі гарадскіх храмаў Слуцка. За Літургіяй маліліся ігумення Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра Полацка Еўдакія (Ляўшук), ігумення Сафійскага жаночага манастыра Слуцка Анастасія (Коржыч) з сёстрамі манастыра, студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, валанцёры праваслаўных маладзёжных брацтваў, паломнікі з розных мясцін Беларусі.
Цяпер святая ступня праведнай княгіні Сафіі знаходзіцца ў Слуцку пастаянна. Гэта падзея стала імпульсам для абуджэння народнай памяці пра святую княгіню Сафію Слуцкую, актывізацыю шанавання праведніцы на яе малой радзіме, аднаўлення гістарычных святынь. За дапамогай і суцяшэннем ідуць да святой падзвіжніцы Сафіі Слуцкай дарослыя і дзеці.
Сустрэчы са сваёй апякункай Слуцк чакаў 85 гадоў.
Так, у 2015 годзе ў Сафійскі манастыр горада Слуцка быў прынесены каўчэг са святою ступнёй апякункі Слуцкіх і Салігорскіх зямель, а ў 2016 годзе – спецыяльна вырабленая копія Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, куды ў ліку многіх святынь была ўкладзена і частка мошчаў праведнай Сафіі.
У 2017 годзе па хадайніцтве ўладыкі Антонія ў Слуцк была перададзена грабніца, у якой 40 гадоў знаходзіліся мошчы праведнай Сафіі Слуцкай. Спачатку святыня была размешчана ў дамавым храме Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага, а напярэдадні адкрыцця перанесена ў крыптавы храм кафедральнага сабора Нараджэння Хрыстовага ў г. Салігорску ў гонар Нараджэння сумленнага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана.
Сама святая праведная Сафія праз прынесеную святыню ўвайшла ў новазбудаваны храм напярэдадні яго адкрыцця, благаслаўляючы вернікаў на добрыя справы.
…Сёлета спаўняецца 435 гадоў з дня нараджэння святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Урачыстасці, прысвечаныя гэтай знамянальнай падзеі пачаліся ў Слуцку 27 сакавіка 2021 года з вялікага асвячэння епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем храма святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, аднайменнага жаночага манастыра горада Слуцка.
Па благаславенні епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія асноўныя ўрачыстасці з нагоды знамянальнай гадавіны адбудуцца ў Слуцку 4 красавіка 2021 г.
Узначаліць урачыстасці мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Малітва святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай
О, святая праведная маці наша, блажэнная княгіня Сафія, прымі з любоўю ахвяраванне веры, надзеі і любові нашай і ўзнясі яе да Госпада, і як у зямным жыцці тваім была ты памочніца і заступніца для ўсіх праваслаўных хрысціянаў зямлі тваёй, так і цяпер умацуй нас цвёрда і непахісна да смерці стаяць за веру Праваслаўную, сагрэй сэрца наша любоўю да Госпада і Прачыстай Яго Маці. Малі Хрыста Бога нашага, хай захавае Царкву сваю святую ад расколаў і ерасяў, хай спраўдзіць у ёй дух праведнай веры і набожнасці, дух законнасці і любові, дух міру і радасці вечнай, няхай усе дзеці яе духам і праўдаю пакланяюцца Яму, хай умацуе вернікаў у набожнасці і святасці жыцця, хай паверне адпаўшых ад Праваслаўнай Царквы ў святое ўлонне яе.
О, святая маці, горада Слуцка пахвала і радасць, малі Госпада, каб пазбавіў горад твой і ўсю краіну нашу ад голаду, землятрусу, патопу, агню, мяча, нашэсця іншапляменных і міжусобіцы, ад смяротнае пошасці, хай пашле кіраўнікам нашым стараннасць, мудрасць і вернасць, каб кіравалі і судзілі па волі Яго, каб захоўвалі традыцыі Святой Царквы. Выпрасі ўсім, што з вераю прыпадаюць да ракі са святымі мошчамі тваімі, мірнае жыццё, цішыню, прасвятленне розумаў і сэрцаў, уратуй іх ад падкопаў варожых, ад спакус свету, што ў зле ляжыць, і ад усякай скрухі і нястачы, звярні нас да пакаяння і выпраўлення, даруй аблудным спазнанне ісціны, хворым вылячэнне. Захавай нас жыватворнымі тваімі малітвамі ад усіх ворагаў бачных і нябачных і барані ад усякага ліха, каб услаўлялі ва ўсе дні жыцця нашага Айца, і Сына, і Святога Духа, і тваё заступніцтва на вякі вечныя. Амінь.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі Падліпскай.
Крыніцы:
http://www.celitelnica.by
Святая праведная София, княгиня Слуцкая / Под общ. ред. епископа Антония (Доронина); авт.: протоиерей Анатолий Иващук, протоиерей Николай Коржич, иерей Алексей Хотеев, иерей Гордей Щеглов. – Минск: Белорусская Православная Церковь, 2015. – 64 с.