Святы дабраверны князь Расціслаў Мсціславіч

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Расціслаў (у хрышчэнні Міхаіл) нарадзіўся каля 1110 года. Ён быў трэцім сынам князя Кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча Вялікага ад першага шлюбу са шведскай каралеўнай Хрысцінай, другой дачкой шведскага караля Інге Старэйшага, братам святога князя Усевалада-Гаўрыіла, унукам Уладзіміра Манамаха.

З дзяцінства Расціслаў адрозніваўся смеласцю і паслухмянасцю ў адносінах да старэйшых. Атрымаў грунтоўную адукацыю. Акрамя таго, ведаў шматграннае жыццё Ноўгарада і багаты палітычны вопыт бацькі, якога вельмі паважаў. Адсюль у дабравернага князя і шырокі кругагляд, і палітычная воля, і іншыя якасці, што дазволілі пасля стварыць магутнае княства, надоўга забяспечыць яму стабільнасць, заслужыць павагу не толькі смалянаў, але і кіяўлян.

Мсціслаў Уладзіміравіч, які пасля смерці бацькі Уладзіміра Манамаха стаў вялікім князем, меў павагу па ўсёй зямлі. Князь Мсціслаў атрымаў прозвішча Вялікі. Старэйшы сын Мсціслава, Усевалад, заняў месца ў Ноўгарадзе, другі сын, Ізяслаў, знаходзіўся з бацькам у Кіеве і атрымаў у кіраванне Курск, а трэці сын, Расціслаў, быў накіраваны на самастойнае княжанне ў Смаленск.

Расціслаў Мсціславіч быў першым вялікім князем Смаленскім і кіраваў княствам з 1125 года больш за 40 гадоў. Велікакняжацкім намеснікам у Смаленску быў бацька Расцілава Мсціславіча Мсціслаў Уладзіміравіч, а раней – дзед  Уладзімір Манамах.

Смаленская зямля да XII стагоддзя ўваходзіла ў склад адзінай Кіеўскай дзяржавы. Да часу праўлення Расціслава Смаленскае княства займала тэрыторыю прыкладна роўную той, што меў племянны саюз крывічоў. Землі па вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны і Дзясны.

Праз два гады да Смаленска былі далучаны землі паміж Сожам і Дзясной. А ў 1134–1135 гадах – землі па рацэ Протве, а таксама некаторыя воласці.

Акружанае з усіх бакоў толькі рускімі землямі, Смаленскае княства было пазбаўлена войнаў са знешнімі ворагамі. Усімі сіламі новы князь стараўся мірным шляхам упарадкаваць Смаленскае княства: аб’яднаць крывічоў, зрабіць смаленскі край багатым, моцным і незалежным ад іншых княстваў.

Трэба сказаць, што праславіўся Расціслаў Мсціславіч сярод князёў старажытнай Русі не ваеннымі перамогамі, не заваяваннямі і крывавымі міжусобіцамі, а сваёй міралюбнасцю, міласэрнасцю, набожнасцю і стваральнай дзейнасцю.

Да заслуг князя Расціслава адносіцца таксама будаўніцтва гарадоў. Дзякуючы намаганням і подзвігам князя Смаленскае княства пашыралася, узводзіліся храмы і манастыры, засноўваліся новыя гарады і сёлы.

Вядома, што ў Смаленскім княстве да 1125 года, акрамя Смаленска, было ўсяго тры гарады: Вяржаўск, Каспля і Таропец. Расціслаў павялічыў іх колькасць. Пры ім былі заснаваны новыя гарады: Мсціслаўль, Расціслаўль, Ізяслаўль, Дарагобуж, Ельня. І некалькі населеных пунктаў ператварыліся ў гарады: Лучын, Красны, Васільеў, Крычаў, Прапойск.

Смаленск з часам ператвараецца ў “вялікі град” з дрэваземляной крэпасцю працягласцю каля 3,5 км.

Але жыць ціха і мірна Смаленскаму княству не прыходзілася. Ужо ў 1128 годзе князь Расціслаў па загадзе свайго бацькі вялікага кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча удзельнічаў у паходзе на Друцк супраць полацкіх князёў.

Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча (1132 год), Расціслаў дапамагае сваім старэйшым братам Усеваладу і Ізяславу ў барацьбе за Пераяслаўль супраць іх дзядзькі Юрыя Даўгарукага, князя Растова і Суздаля.

Няпростымі для Мсціславічаў былі і 1140-я гады. Чарговыя усобіцы, крыўды, паходы, пераразмеркаванне валасцей…

Як сведчаць старажытныя летапісы, князь Расціслаў адрозніваўся ў баях не толькі подзвігамі мужнасці, але і высокімі хрысціянскімі якасцямі. Ён быў незласлівы, міралюбівы, любіў сваіх падначаленых, жадаў ім дабра, забываў крыўды.

Пасля смерці брата Ізяслава ў 1154 годзе Расціслаў на кароткі тэрмін стаў вялікім князем Кіеўскім, куды яго пазвалі састарэлы дзядзька Вячаслаў Ольгавіч і жыхары горада. Але неўзабаве Расціслаў Мсціславіч вярнуўся ў Смаленск, саступіўшы Кіеўскае княжанне свайму дзядзьку Юрыю Даўгарукаму, з якім яны ўстанавілі добрыя адносіны з-за палавецкай небяспекі.

Адзначым, што бясконцыя войны, інтрыгі і мецяжы былі характэрнай прыкметай таго часу. Аднак нямала ўвагі князь Расціслаў надаваў царкоўнаму жыццю Смаленскай зямлі. Ён сам быў набожным чалавекам і пасля службы не шкадаваў міластыні ні святарам, ні ўдовам, ні сіротам.

У 1136 годзе Расціслаў дабіўся стварэння асобнай Смаленскай епархіі. Першым смаленскім епіскапам быў грэк Мануіл. Ён прывёз з сабой шмат кніг і грэчаскія іконы. Князь Расціслаў падрыхтаваў яму грунтоўную матэрыяльную базу.

Маёмаснае становішча епархіі было забяспечана Статутам князя Расціслава, выдадзеным у тым жа годзе. У Статуце адзначаны воласці Смаленскага княства, размешчаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Копысь, Лучын, Басея, Мірачыцы, Вітрыно, Прапойск (цяпер Слаўгарад), Крэчуг (Крычаў).

Пры Расціславу ў Смаленску пачалі ўзнікаць мураваныя пабудовы. Барысаглебскі каменны храм на Смядыні князь узвёў у 1145 годзе. Асвячалі храм у дзень 30-годдзя перанясення яго дзедам мошчаў святых братоў-пакутнікаў Барыса і Глеба ў Вышгарад.

Барысаглебскі мураваны храм, на думку гісторыкаў, быў пабудаваны як сабор манастыра смаленскай княжацкай дынастыі.

Па некаторых звестках, манастыр праіснаваў да пачатку XVII стагоддзя. Цяпер на месцы былога Барысаглебскага манастыра можна разглядзець толькі рэшткі падмуркаў будынкаў.

Памятны камень на месцы Барысаглебскага храма.

У 1991 годзе тут устанавілі памятны камень з высечаным крыжам і тэкстам, што распавядае пра пакутніцтва святога князя Глеба. Штогод 6 жніўня, у дзень памяці братоў-пакутнікаў, каля помніка праводзіцца богаслужэнне.

Храм у імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба.

На Смядыні з 2013 года дзейнічае невялікі драўляны храм Святых пакутнікаў Барыса і Глеба, які з’яўляецца прыпісным да храма Архангела Міхаіла.

У 1146 годзе пры князю Расціславу ў задняпроўскай частцы Смаленска, на Гарадзянцы, пабудаваны храм у імя святых апосталаў Пятра і Паўла.

У 1150 годзе князь Расціслаў перабудаваў і пашырыў Успенскі сабор, узведзены дзедам князя Уладзімірам Манамахам у 1101 годзе. Ператварыўшы храм з гарадскога сабора ў царкоўны цэнтр вялікай Смаленскай епархіі, забяспечваў яго матэрыяльна.

Сучасны храм у імя святых апосталаў Пятра і Паўла.

Меўшы грунтоўную адукацыю сам, князь Расціслаў клапаціўся пра асвету і ў сваім княстве. У Смаленску дзейнічалі школы, дзе вывучаліся грамата, грэчаская і лацінская мовы. Выхаванцы гэтых школ славіліся адукаванасцю.

Вялікую ўвагу князь Расціслаў надаваў збіранню і перапісванню рукапісаў і кніг. У Смаленску і іншых гарадах з’явіліся кнігасховішчы духоўнай і свецкай літаратуры.

Смаленскі Свята-Успенскі кафедральны сабор. ХХІ ст.

Асвета, гандаль і багацце Смаленскай зямлі абумоўліваліся яе геаграфічным становішчам. Знаходзячыся ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны і Волгі, Смаленшчына рана пачала гандляваць з Заходняй Еўропай, з Кіевам, Ноўгарадам, Суздальскай зямлёй.

Дзякуючы гандлёвым стасункам з суседзямі Смаленская зямля ўвайшла ў зносіны з далёкімі адукаванымі краінамі. На ўсходзе – з Волжскай Булгарыяй і Багдадскім халіфатам, на поўдні – з Візантыяй, пад моцным уплывам якой і развілася яе асвета.

Павага да людзей іншай веры і мовы, на думку гісторыкаў, устанавілася на Смаленскай зямлі з часоў князя Расціслава.

Сярод сучаснікаў князь Расціслаў вылучаўся мудрасцю і строгай справядлівасцю. І да князя ставіліся з павагай і любоўю.

Трэба сказаць, князь Расціслаў быў лепшым ахоўнікам народных вечавых правоў. Самі смаленскія князі карысталіся вельмі абмежаванымі правамі. Расціслаў Мсціславіч не абмежаваў правоў земшчыны, а, наадварот, ва ўсіх справах сам стаў на яе абапірацца.

Расціслаў стаў роданачальнікам княжацкага дома Смаленскіх Расціславічаў. Ён хацеў і змог гэтае княства па спадчыне перадаць сваім дзецям.

Cмаленская княжацкая дынастыя Расціславічаў, заснавальнікам якой быў Расціслаў Мсціславіч, панавала ў рэгіёне да пачатку XV ст.

У Расціслава было пяцёра сыноў і дзве дачкі: Раман, Святаслаў, Рурык, Мсціслаў, Давыд, Алена і Агафя.

Сыны дапамагалі Расціславу кіраваць. У Смаленску княжыў Раман, у Віцебску – Давыд, у Ноўгарадзе – Святаслаў.

Дачка Алена стала жонкай Казіміра II, караля Польшчы; Агафя – жонкай Алега Святаславіча, князя ноўгарад-северскага, роднага брата героя “Слова пра паход Ігаравы”.

Пасля смерці Юрыя Даўгарукага (15 мая 1158 года) Расціслаў Мсціславіч быў зноў запрошаны на княжанне ў Кіеў, дзе заставаўся вялікім князем да канца жыцця, да 1167 года.

Расціслаў Мсціславіч – князь Кіеўскі.

Далейшае кіраванне Расціслава ў якасці вялікага князя было даволі спакойнае. Усобіцы здараліся толькі эпізадычна, а Расціслаў заўсёды стараўся прымірыць варожыя бакі і прадухіліць канфлікты, падтрымліваць бяспеку Кіева і сачыць за парадкам.

У 1162 г. князь адбіў полаўцаў, якія напалі на чорных клабукоў. У 1163 годзе князь ажаніў свайго сына Рурыка з дачкой палавецкага хана Белука і з тых часоў быў з полаўцамі ў саюзе, аднак напады іншых палавецкіх орд працягваліся.

Праз два гады князь фактычна далучыў да Смаленскага княства Віцебск, куды пасадзіў свайго сына Давыда. За гэта віцебскі князь Раман атрымаў пад кіраўніцтва два смаленскія гарады.

Схільны да адзіноты і роздумаў, князь Расціслаў Мсціславіч неаднаразова выяўляў жаданне прысвяціць сваё жыццё служэнню праваслаўнай царкве, прасіў прападобных пячэрскіх старцаў Антонія і Феадосія здзейсніць яму пострыг, але яны не пагаджаліся, лічачы, што кожны павінен служыць Богу на сваім месцы. На іх думку, Расціслаў павінен быў княжыць.

Здарылася так, што ў канцы княжання Расціслава наўгародцы неўзлюбілі свайго князя Святаслава, сына Расціслава Мсціславіча.

У канцы 1167 года князь Расціслаў вырашыў адправіцца ў Ноўгарад, каб прымірыць сына з наўгародцамі.

Князь спачатку плыў па Дняпры і Сажы. У Чачэрску два дні гасцяваў у дачкі Агаф’і з зяцем, ноўгарад-северскім князем Алегам Святаславічам, затым зноў рушыў у дарогу.

За Чачэрскам князя ўрачыста і радасна віталі смаляне: калі людзі даведаліся, што да іх едзе любімы князь Расціслаў, многія амаль за трыста вёрст выехалі яму насустрач. Месца той памятнай сустрэчы – сучасны Кармянскі раён Гомельскай вобласці.

Каля Смаленска князя сустракалі ўнукі і сын Раман, смаленскі князь. Затрымаўшыся на некалькі дзён у Смаленску, князь Расціслаў адправіўся ў Ноўгарад праз Таропец, дзе княжыў яго другі сын, Мсціслаў. Але там князь занямог і паездку ў Ноўгарад прыйшлося адмяніць.

Паслалі ганца да сына Святаслава ў Ноўгарад сказаць, каб той з’явіўся ў Вялікія Лукі разам са знатнымі наўгародцамі.

Паслы з’явіліся. Расціслаў упрошваў іх прымірыцца з сынам, не разлучацца з ім да скону, трымацца саюза са смалянамі, як з лепшымі іх сябрамі. Cына Святаслава ён маліў ладзіць з наўгародцамі. Абодва бакі змацавалі свой саюз, і наўгародцы абяцалі быць вернымі Святаславу назаўсёды. Прымірыўшы іх, князь Расціслаў павярнуў назад у Смаленск. Аднак у хуткім часе стала зразумела, што стары князь памірае.

Нягледзячы на свой стан, хворы князь загадаў везці яго ў Кіеў, бо добра разумеў, што лёс велікакняжацкага прастола будзе залежаць і ад таго, дзе ён памрэ, і дзе будзе пахаваны.

Князь прасіў, калі памрэ па дарозе, пакласці яго ў бацькавым манастыры святога Фёдара. А калі Бог дасць яму выжыць малітвамі Прачыстай Сваёй Маці і прападобнага Феадосія, то абавякова пастрыжэцца ў Пячэрскім манастыры.

Не давялося споўніцца даўняму жаданню Расціслава – скончыць жыццё манахам святога манастыра.

На тэрыторыі Смаленскага княства, у сяле Заруб, што належала яго сястры Рагнедзе, князь Расціслаў адчуў набліжэнне смерці.

14 сакавіка 1167 года князь памёр у поўнай памяці з ціхай малітвай на вуснах. Цела святога благавернага князя Расціслава Мсціславіча даставілі ў Кіеў яго сыны Святаслаў, Давыд і Раман. Паводле  завяшчання, пахавалі князя ў кіеўскім Феадоравым манастыры, пабудаваным яго бацькам у 1128 годзе.

Са смерцю Расціслава Мсціславіча сышла ў мінулае цэлая эпоха – эпоха ўмацавання асобных княстваў. Смаленскі князь быў прадстаўніком новага пакалення рускіх князёў. Ён здолеў ператварыць Смаленскае княства ў адно з наймацнейшых княстваў Кіеўскай Русі.

У XVI стагоддзі пры складанні “Ступеннай кнігі” ў яе на падставе летапісных артыкулаў быў унесены і аповед “Пра вялікага князя Расціслава”.

У гэтым аповедзе падкрэсліваецца імкненне князя стаць насельнікам Кіеўскіх пячэр, шмат гаворыцца пра любоў князя да Царквы і царкоўных людзей, пра карысныя гутаркі з ігуменам Палікарпам, які настаўляў Расціслава-Міхаіла любіць праўду, і тварыць усё па праўдзе, і людзей судзіць па праўдзе, і ніколі не парушаць мірнага запавету, і зямлю родную, што дасталася яму ад бацькі, як мага абараняць ад ворагаў.

Дабраверным князем ажыццявіліся гэтыя запаветы. За гэта Вялікага князя Расціслава шанавалі людзі і Царква. У народзе князя называлі Набожным і з XVI стагоддзя ўшаноўвалі яго як святога.

Праз некаторы час сын Расціслава Давыд у памяць пра бацьку пабудаваў у Смаленску царкву ў імя яго нябеснага заступніка Архангела Міхаіла. Царква захапляла сучаснікаў сваёй прыгажосцю.

З гадамі многае ў яе знешнім выглядзе змянілася. Царква была рэстаўравана, хаця не ўсё магчыма было аднавіць.

Храм у імя святога Архангела Міхаіла.

Вядома, што ў 1997 годзе падчас раскопак Троіцкага манастыра на Клоўцы (заходняя ўскраіна Смаленска на левым беразе Дняпра) у цокалі паўднёвай сцяны пабудовы XV–XVI стст., што прымыкала да храма, быў знойдзены буйны гранітны камень, на якім знаходзіўся высечаны знак, што адносіцца да ўладальніцкіх (кожны князь меў свой уласны знак). Гэта быў камень з кляймом Расціслава і меў ён утылітарнае значэнне: з’яўляўся знакам на мяжы асабістых зямельных уладанняў князя.

Камень з кляймом князя Расціслава.

Пасля смерці князя Расціслава камень з кляймом страціў актуальнасць. Значна пазней яго выкарысталі як будаўнічы матэрыял пры ўзвядзенні Троіцкага сабора. У 1997 годзе камень з уладальніцкім знакам перададзены Смаленскаму дзяржаўнаму музею-запаведніку.

10 верасня 2015 года ў Рослаўлі ўсталяваны бронзавы помнік заснавальніку горада – князю Смаленскаму (1125–1160 гг.), Наўгародскаму (у 1153 г.) і Кіеўскаму (у 1154-м, 1159–1167 гг.) Расціславу Мсціславічу.

Аўтары помніка – сям’я Куліковых са Смаленска – скульптар Канстанцін Кулікоў і архітэктар Наталля Кулікова, якія выйгралі конкурс пасля агромністай работы над стварэннем вобраза князя.

Помнік святому дабравернаму князю Расціславу.

Ушанавалі памяць князя Расціслава як заснавальніка горада і ў беларускім Мсціславе. Непадалёк ад Мсціслаўскага замка ў 2015 годзе пабудавана капліца ў імя святога дабравернага князя Расціслава Мсціславіча.

Клопаты і подзвігі на карысць дзяржавы і праваслаўнага народа Вялікага князя Расціслава Мсціславіча, аднаго з  выдатных дзяржаўных і царкоўных дзеячаў Кіеўскай Русі сярэдзіны XII стагоддзя, высока ацэнены Праваслаўнай Царквой.

У 1984 годзе князь Расціслаў услаўлены Рускай Праваслаўнай Царквой у ліку святога дабравернага князя Смаленскага Расціслава Мсціславіча. Ён таксама ўваходзіць у Сабор Беларускіх святых.

Імя святога дабравернага князя Расціслава ўключана ў месяцаслоў РПЦ у 2016 годзе пастановай Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дзень памяці: 27 сакавіка (14 сакавіка па ст. ст.), у Саборы Беларускіх, у Саборы Кіеўскіх і ў Саборы Смаленскіх святых.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: