Святы пакутнік дзіця Гаўрыіл Беластоцкі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Святы пакутнік Гаўрыіл Беластоцкі (Заблудаўскі, Слуцкі) нарадзіўся 22 сакавіка 1684 года ў вёсцы Звяркі каля горада Заблудаў (цяпер ва Усходняй Польшчы). Быў ён сынам набожных сялян Пятра і Анастасіі Гаўдзель. Хрысцілі яго ў храме тагачаснага Свята-Успенскага Заблудаўскага манастыра, аднаго з тых нямногіх, якія захоўвалі вернасць праваслаўю ў XVII ст.

Хлопчык рос паслухмяным, удумлівым і дабрадушным. У ім была прыкметная схільнасць да малітвы і адзіноты. Яго бацькі, нягледзячы на прыгнёт, якім падвяргаліся тады праваслаўныя Рэчы Паспалітай, што не жадалі прымаць Брэсцкую унію, свята захоўвалі праваслаўную веру. Вялікі ўплыў на Гаўрыіла аказваў манастыр, у якім падчас богаслужэнняў ён вучыўся малітве і спазнаваў Бога.

11 красавіка 1690 года сям’ю Гаўдзель напаткала вялікае гора. Нявінны хлопчык стаў ахвярай сектантаў. Калі маці шасцігадовага Гаўрыіла панесла мужу абед у поле, у дом забраўся арандатар Шутко (прадстаўнік варварскай секты, які жыў у Звярках), прылашчыў дзіця, завёў у свой дом і таемна адвёз яго ў Беласток, дзе хлопчыка аддалі на пакуты. Спачатку яго пасадзілі ў склеп, дзе вострымі прыладамі праткнулі яму бок для выпускання крыві. Затым нанеслі мноства надрэзаў па ўсім целе. Пасля гэтага пакутнік быў распяты на крыжы, усталяваным у карыце. На дзявяты дзень дзіця памерла.

Святы пакутнік Гаўрыіл на крыжы.

Набліжалася свята Вялікадня. Каты таемна вывезлі нежывое цела ў поле і кінулі на ўскрайку лесу паблізу вёскі Звяркі. Над ім кружыліся драпежныя птушкі. Да цела падбягалі галодныя сабакі, але яны не толькі не краналі яго, але нават ахоўвалі ад драпежнікаў. На брэх, што даносіўся з боку лесу, сышліся жыхары вёскі і знайшлі ахвяру страшэннага зверства. Людзі жахнуліся ад такога злачынства.

          Цела закатаванага хлопчыка Гаўрыіла было пахавана побач з могілкавым храмам у Звярках, дзе і праляжала каля 30 гадоў.

          У мемуарах гарадскога Заблудаўскага праўлення пакінуты адпаведны запіс, дзе жыхары Заблудава пацвярджаюць, што загінула дзіця ў выніку рытуальнага забойства, здзейсненага сектантамі ў Беластоку.

Напачатку XVIII ст. па наваколлях Беластока прайшла эпідэмія. Людзей ледзь паспявалі хаваць. У сяле Звяркі памерлых дзяцей імкнуліся хаваць бліжэй да магілы Гаўрыіла, адчуваючы незвычайную добрасць гэтага месца.

Аднойчы ў 1720 годзе падчас пахавання выпадкова закранулі труну і ўбачылі нятленнае цела хлопчыка, што відавочна сведчыла пра асаблівую Боскую ласку да маленькага пакутніка. Вестка пра гэта імгненна разнеслася сярод праваслаўных. Паданне звязвае з гэтай падзеяй многія вылечванні, якія адбыліся каля магілы Гаўрыіла, і заканчэнне эпідэміі.

Мошчы з глыбокай пашанай перанеслі ў асобную крыпту царквы ў Звярках, і з таго часу пачалося ўшанаванне пакутніка дзіцяці Гаўрыіла.

У 1746 годзе вясковая царква ў Звярках згарэла, але мошчы пакутніка дзіцяці засталіся непашкоджанымі. Часткова абгарэла толькі ручка, якая праз некаторы час цудам загаілася.

Святыня была ўрачыста перанесена ў Заблудаў і ўладкавана ў храме Заблудаўскага манастыра.

З 1752 года актыўны ўдзел у праслаўленні імя пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага прымаюць і праваслаўныя хрысціяне Слуцкага краю. У той час Беласток і Заблудаў уваходзілі ў склад Слуцкага княства. Слуцк жа быў надзейнаю апораю праваслаўя: на працягу двух стагоддзяў уніі ён цвёрда ўтрымліваў ціск уніятаў, захаваўшы праваслаўную веру ў чысціні і цэласці. Сюды ж і вырашылі перанесці мошчы пакутніка Гаўрыіла.

Вядома, што Заблудаўскі манастыр у той час перажываў не самыя лепшыя часы: будынкі састарэлі, матэрыяльных сродкаў амаль не было.

Слуцкі архімандрыт Міхась (Казачынскі) вырашыў перанесці мошчы пакутніка Гаўрыіла ў значна лепш уладкаваны ва ўсіх адносінах Слуцкі Свята-Траецкі манастыр.

Саборны храм Слуцкага Свята-Траецкага манастыра. 1904 г.

Архімандрыт звярнуўся да ўладальніка Слуцкага княства, куды ўваходзіў і Беластоцкі павет, князя Гераніма Радзівіла, з просьбай дазволіць перанесці мошчы пакутніка Гаўрыіла з Заблудава ў Слуцк. Атрымаўшы дазвол князя і заручыўшыся благаславеннем Кіеўскага мітрапаліта, архімандрыт Міхаіл (Казачынскі) арганізаваў урачысты перанос нятленнага цела пакутніка.

Спецыяльна з гэтай нагоды святаром была напісана кранальная вершаваная аповесць пра жыццё і пакутніцкую смерць Гаўрыіла пад назвай “Надгробие”. Надрукаваная на асобных аркушах паперы аповесць чыталася людзьмі ў час урачыстай працэсіі.

Перанясенне мошчаў прыцягнула шмат багамольцаў, паколькі шанаванне пакутніка ўжо даволі шырока распаўсюдзілася сярод праваслаўнага насельніцтва. Хрэсны ход велічна прайшоў больш за 300 кіламетраў. Вернікі неслі раку на руках. Мошчы святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла ляжалі ў рацы абсалютна адкрытыя. Абедзве ручкі трымалі маленькі нагрудны крыж. Было відаць, што пальцы сколатыя, на целе рваныя раны.

9 мая 1755 г. нятленныя мошчы пакутніка Гаўрыіла прыбылі ў Слуцк, стаўшы па сутнасці галоўнай святыняй Свята-Траецкага манастыра, а разам з ім і самога Слуцка. І хоць у манастыры спачывала нятленнае цела княгіні Сафіі Слуцкай, поўнае глыбокай пашаны, стаўленне да яе яшчэ толькі пачало набываць формы рэлігійнага шанавання.

У Слуцку мошчы пакутніка дзіцяці Гаўрыіла захоўваліся ў драўлянай рацы на асаблівым узвышэнні ў левым (Аляксандра-Неўскім) прыдзеле Траецкага сабора. Над ракай у рамцы пад шклом змяшчалася вершаванае «Надгробие», што напісаў архімандрыт Міхаіл (Казачынскі).

Тут мошчы заўсёды знаходзіліся ад Святога Вялікадня да 22 кастрычніка, калі пераносіліся на зімовы час у цёплую манастырскую Благавешчанскую царкву, якая размяшчалася ў мураваным двухпавярховым будынку брацкага інтэрната.

Хоць памяць святога пакутніка Гаўрыіла адзначалася 20 красавіка, у Слуцку святкаванне яму звычайна здзяйснялася ў дзень Сашэсця Святога Духа, калі мошчы пасля абнясення вакол храма ставіліся пасярэдзіне царквы для пакланення, на якое збіралася шмат навакольных сялян, – не толькі праваслаўных, але і каталікоў. У народзе святы Гаўрыіл лічыўся апекуном хворых малалетніх дзяцей.

У 1891 годзе над ракай з мошчамі ўсталявалі ікону святога — дар вядомага мастака Івана Трутнева. У 1893 годзе было прадпісана мець абразы святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла ва ўсіх цэрквах епархій. У 1894 годзе была ўладкавана капліца на прыкладным месцы хаты Пятра Гаўдзеля ў Звярках, і быў заснаваны штогадовы хрэсны ход з Заблудава ў Звяркі 20 красавіка.

Ікона Святога Гаўрыіла Беластоцкага.

Слава пакутніка дзіцяці Гаўрыіла расла, пашыралася і яго шанаванне. Праваслаўныя хрысціяне імкнуліся асаблівым чынам упрыгожыць раку са святымі мошчамі. У 1897 годзе на добраахвотныя ахвяраванні была выраблена новая сярэбраная рака.

У Слуцкім Свята-Траецкім манастыры, дзе захоўваліся мошчы, існавала спецыяльная кніга, дзе запісваліся вядомыя духоўным і грамадзянскім уладам цудадзейныя выпадкі, звязаныя з мошчамі святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла.

Вось некалькі прыкладаў:

“5 чэрвеня 1908 г. сын мяшчанкі вёскі Драхічын Марыі Загароўскай Барыс, які мае 2 гады і 3 месяцы не адчуваў сваіх ног. Калі ж былі пранесены над ім святыя мошчы, ён без дапамогі маці ўстаў і пачаў хадзіць”;

“5 чэрвеня дачка афіцэра запасу Матрона Антонаўна Кул, якая 39 гадоў жыве ў вёсцы Пасутыча, пакутавала шмат гадоў з прычыны рэўматызму рук, акрыяла, дакрануўшыся да труны святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла”;

“20 мая 1909 г. жыхар вёскі Гурная Якаў Іванавіч Голуб распавёў наступнае: 20 гадоў пакутаваў ён ад нейкай невылечнай хваробы левай нагі, нага была пакрыта ранамі. Мясцовая медыцына нічым не магла яму дапамагчы і яму параілі паехаць у Варшаву на аперацыю ў снежні 1908 г. Голуб звярнуўся з гарачай малітвай да святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла і даў зарок: калі вылечыцца, здзейсніць паломніцтва да мошчаў святога Гаўрыіла. 10 снежня 1908 г. Голуб адчуў сябе лепш і неўзабаве раны на назе зажылі і хворы ачуняў”;

“Гэтага ж самага дня, жыхарка вёскі Кабыляны Ганна Казіміраўна Паўловіч прыйшла ў царкву і засведчыла, што ў яе на працягу трох гадоў нясцерпна балела правая рука, якая пачала ўсыхаць. Урачы прапанавалі аперацыю. Аднак Ганна звярнулася ў малітве да святога пакутніка Гаўрыіла і абяцала прыйсці пакланіцца яго святым мошчам. Яе рука стала папраўляцца і, у рэшце рэшт, канчаткова паправілася”.

Калі паглядзець на нумарацыю цудаў і дат, кніга гэтая была заведзена, верагодна, па прапанове Беластоцкага епіскапа Уладзіміра (Ціханіцкага), які прыязджаў у канцы мая 1908 г. па часцінку мошчаў святога Гаўрыіла. Менавіта ў гэтым 1908 годзе епіскап Гродзенскі і Брэсцкі Міхаіл разам з епіскапам Беластоцкім Уладзімірам (Ціханіцкім) вырашылі перанесці частку мошчаў святога пакутніка Гаўрыіла са Слуцка ў Беласток.

Перанясенне пачалося 31 мая. Спачатку святыня была дастаўлена са Слуцка ва Успенскі Жыровіцкі манастыр, а адтуль – у Беласток, дзе знаходзілася да 1912 года, пакуль не была перанесена ў Супральскі Благавешчанскі манастыр.

У красавіку 1914 года у Слуцку адбыўся акт праслаўлення святога Гаўрыіла. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля 25 тысяч багамольцаў, у тым ліку архіепіскап Валынскі Антоній (Храпавіцкі), епіскап Мінскі Мітрафан (Краснапольскі) і Слуцкі Феафілакт (Кляменцьеў).

Справядліва зазначыць, што Слуцк, дзе на працягу 175 гадоў знаходзіліся мошчы святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла, стаў  асноўным цэнтрам, адкуль слава яго пакутніцкага подзвігу распаўсюдзілася на ўсю краіну. У дзень памяці святога пакутніка збіраліся тысячы вернікаў для яго  ўшанавання.

У 1930-х гадах Свята-Траецкі Слуцкі манастыр быў закрыты, а святыя мошчы, пасля агляду спецыяльнай камісіяй, перавезлі ў музей атэізму ў Мінск, дзе яны знаходзіліся да Другой сусветнай вайны.

У час Другой сусветнай вайны рэпрэсіі пачалі слабець, і ў 1942 годзе ў хаосе ваеннай блытаніны праваслаўным жыхарам Мінска ўдалося змясціць мошчы Гаўрыіла ў драўляную раку ў кафедральным саборы Праабражэння Гасподняга ў Мінску, настаяцелем якога быў мітрапаліт Панцеляймон (Ражноўскі).

Свята-Пакроўскі сабор у Гродне.

9–10 ліпеня 1944 года святыя мошчы перавезлі з Мінска ў Гродна. Святыня была схавана ў рызніцы царквы Пакроваў Божай Маці. Зроблена гэта было для таго, каб пазбегнуць канфіскацыі іх савецкай уладай. Там святыя мошчы знаходзіліся да верасня 1992 года.

21 верасня 1992 года па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева) мошчы святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла былі перададзены Польскай Праваслаўнай Царкве.

Хрэсны ход з мошчамі святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага. 1992 г.

Па благаславенні архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Савы (цяпер мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы) і архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Валянціна (Мішчука) святыя мошчы былі ўрачыста перанесены з гродзенскага Свята-Пакроўскага сабора ў Свята-Мікалаеўскі сабор г. Беластока, дзе знаходзяцца і сёння. У шматлюдным хрэсным ходзе ўдзельнічала каля 50—60 тысяч вернікаў. У кожным паселішчы святыя мошчы заносілі ў храм і служылі перад імі малебны.

Свята-Мікалаеўскі сабор у Беластоку.

З 1993 года штогод 2–3 мая па новым стылі мошчы святога Гаўрыіла пераносяцца з Беластока ў Заблудаў, дзе пры адкрытай рацы вернікі праводзяць усю ноч на богаслужэнні. Мошчы прывозяць на аўтамабілі да ўскраіны Заблудава, і адтуль на руках вернікі нясуць іх у заблудаўскі храм. З нагоды свята 2 мая з Беластока выходзіць паломніцкі хрэсны ход у Заблудаў.

Часцінка мошчаў святога Гаўрыіла была пакінута ў Гродне ў Свята-Пакроўскім саборы, дзе і захоўваецца ў спецыяльна ўладкаваным каўчэгу да цяперашняга часу.

Каўчэг з часцінкамі мошчаў святога пакутніка Гаўрыіла. Гродзенскі Свята-Пакроўскі сабор.

Святы праваслаўны пакутнік дзіця Гаўрыіл з’яўляецца адным з шануемых у ліку Сабора Беларускіх святых. Памяць святога Гаўрыіла Беластоцкага адзначаецца 20 красавіка (3 мая па новым стылі) і ў трэцюю нядзелю па Пяцідзясятніцы.

Святога пакутніка Гаўрыіла глыбока ўшаноўваюць праваслаўныя ў Польшчы, Беларусі і ў іншых краінах.

У вёсцы Звяркі цяпер дзейнічае жаночы манастыр Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, дзе збудаваны храм у гонар святога Гаўрыіла Беластоцкага. Сюды заўсёды наведваецца шмат паломнікаў.

Царква ў гонар пакутніка Гаўрыіла Заблудаўскага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Вёска Звяркі.

Шануюць імя святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага і ў Мінску. 3 мая 2006 года адбылася знамянальная падзея ў жыцці сталічных вернікаў.

Па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і Блажэннейшага Савы, Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы, часцінка мошчаў святога Гаўрыіла Беластоцкага была ўрачыста перададзена ў дар настаяцелю царквы Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы святару Георгію Лапухову і паломнікам-прыхаджанам, якія суправаджалі яго ў паездцы.

Часцінка мошчаў перанесена хрэсным ходам з Беластока ў Мінск і цяпер знаходзіцца ў храмавым памяшканні прыхода. У храме чытаецца акафіст у гонар святога пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага з вынасам яго мошчаў для пакланення. Многія вернікі адчулі на сабе добрую сілу святога, ёсць выпадкі ацалення ад хвароб, якія пацвярджаюцца дарамі вернікаў, выстаўленых у ківоце іконы пакутніка дзіцяці Гаўрыіла.

Вынас мошчаў святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла для пакланення з Свята-Увядзенскага храма ў час службы.

22 верасня 2017 года малітоўныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя перанясення з Гродна ў Беласток мошчаў святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага адбыліся ў Беластоку.

Напярэдадні свята, увечары 21 верасня, адбылася ўрачыстая сустрэча мошчаў, прынесеных з манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Звяркі (менавіта ў гэтай вёсцы жыло і прыняло пакутніцкую смерць святое дзіця), шматтысячны хрэсны ход са святыняй па вуліцах горада і ўсяночнае набажэнства ў галоўным кафедральным храме Беластоцка-Гданьскай епархіі Польскай Праваслаўнай Царквы – Свята-Мікалаеўскім саборы. Каўчэг з пачэснымі мошчамі пакутніка Гаўрыіла быў усталяваны ў цэнтры храма на ўпрыгожаным кветкамі пастаменце. На працягу ночы перад ракай з мошчамі святога здзяйсняліся малебныя спевы з чытаннем акафіста.

Урачыстасці з нагоды 25-годдзя перанясення з Гродна ў Беласток мошчаў святога Гаўрыіла. 2017 г.

3 мая 2021 года, у дзень памяці святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Велікоднае набажэнства ў храме ў гонар святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага Увядзенскага прыхода г. Мінска.

Падчас набажэнства ў дзень памяці святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага. 2021 г.

У гонар святога пакутніка дзіцяці Гаўрыіла  Беластоцкага (1684–1690) асвечаны храм у Іўі, а таксама прыдзел у храме сабора Усіх Беларускіх святых у Гродне. Часцінкі мошчаў захоўваюцца, як было адзначана, у гродзенскіх Свята-Пакроўскім і Свята-Барысаглебскім храмах, Свята-Міхайлаўскай царкве Шчучына, у манастыры ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Звярках, на радзіме.

Малітоўнае ўшанаванне памяці святога пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага адбываецца праваслаўнымі вернікамі заўсёды. І кожны, звяртаючыся да гэтага асаблівага хадайніка за нас, грэшных, перад прастолам Усявышняга, шчыра прамаўляе словы з трапара святому пакутніку дзіцяці Гаўрыілу: “…Таму, молім, памяні і нас, якія шануюць памяць тваю, просячы нашым целам здароўе і выратаванне душам нашым”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: