Святыні роднай зямлі: Свята-Богаяўленскі храм у Глуску

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Працягласць маршрута: Мінск – г. п. Глуск па аўтамабільнай трасе (Е271, М5) прыкладна 180 км.

Асноўны аб’ект на маршруце: Свята-Богаяўленскі храм, вул. Гастэлы, 18, г. п. Глуск, Глускі раён, Магілёўская вобласць.

Транспарт: аўтамабіль.

Прыкладны час у дарозе: 2,5 гадзіны.

Дадатковая інфармацыя

Гарадскі пасёлак Глуск, цэнтр Глускага раёна з 1924 года, размешчаны на паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці. На захадзе раён мяжуе з Мінскай вобласцю, на поўдні – з Гомельскай. Адлегласць ад Глуска да Мінска і Магілёва складае прыкладна 170 км, да Гомеля – каля 200 км.

Знаходзіцца на перакрыжаванні рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Р34 Асіповічы-Глуск-Азарычы і Р55 Бабруйск-Глуск-Любань, бліжэйшая чыгуначная станцыя Ратміравічы знаходзіцца за 33 км.

Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі.

Свята-Богаяўленскі храм. Глуск. ХХІ ст.

У Глуску турысты ўбачаць некалькі выдатных помнікаў архітэктуры, сярод якіх Свята-Богаяўленская царква, пабудаваная ў 1990-я гады. А яшчэ змогуць наведаць унікальнае гарадзішча, дзе на беразе Пцічы да нашых дзён захаваліся фрагменты земляных умацаванняў. Тут можна знайсці рэшткі некалькіх бастыёнаў і валаў, на якіх у мінулым велічна ўзвышаліся цытадэльныя сцены і вежы, непрыступныя для ворага.

Сярод мясцовых жыхароў хадзілі чуткі, што замак меў падземныя тунелі, якія многія гараджане стараліся адшукаць. Згадаем, што іх сапраўды ў 1990-я гады абнаружылі археолагі, што раскапалі ход ад брамы да рва. У дадатак было знойдзена нямала артэфактаў, якія цяпер захоўваюцца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, – сярэднявечная кераміка, манеты Рэчы Паспалітай, кафля з гербамі ўладальнікаў крэпасці – Гальшанскіх, Палубінскіх, Радзівілаў.

Глускі раён у любую пару года вабіць да сябе ўсіх, хто шануе некранутую прыроду. Вядома, што большую палову тэрыторыі тут займаюць лясы – раскоша для грыбнікоў і любіцеляў схадзіць у ягады. Папулярныя мясціны для адпачынку таксама возера Байлюкі і сажалкі вёскі Заеліца.

Імкнуцца сюды і тыя, хто цікавіцца роднымі мясцінамі пісьменнікаў Сяргея Грахоўскага, Навума Сандамірскага, родапачынальніка беларускай літаратуры Альгерда Абуховіча.

Цікавіць наведвальнікаў Глуска і музей хлеба, а таксама гісторыка-краязнаўчы, дзе можна больш даведацца пра тутэйшыя народныя промыслы, гісторыю ляснога краю, гераічнае мінулае землякоў.

Тэматычная экскурсія “Халакост: гэта нельга забываць” для студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Глуск. 27 студзеня 2026 г.

Ніколі турысты не абмінаюць у Глуску брацкую магілу савецкіх патрыётаў, магілы ахвяр фашызму, мемарыяльны комплекс “Воінская Слава”, Алею Славы і абавязкова наведваюць Мыслачанскую гару – мясціну смутку і болю. Знаходзяць заспакаенне для душы ў Свята-Богаяўленскім храме. 

З ГІСТОРЫІ ГЛУСКА І ЯГО ЎЛАДАЛЬНІКАЎ

Тапонім “Глуск”, як лічыць беларускі географ В. Жучкевіч, утварыўся ў выніку транфармацыі слоў глух, глуш.

Глуск, пра які ўпершыню згадваецца ў 1360 годзе, размешчаны на рацэ Пціч, буйным прытоку ракі Прыпяць. Тэрыторыя раёна раўнінная – тут спалучаюцца ландшафты Цэнтральна-Бярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся.

Жывапісныя наваколлі Глуска. Рака Пціч.

Продкі мясцовага карэннага насельніцтва адносяцца да плямёнаў дрыгавічоў, што пасяліліся тут на балотах прыкладна ў VI-VII стагоддзях. Менавіта пра гэта распавядае Ісаак Абрамавіч Сербаў (1871 – 1943), беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, у этнаграфічным матэрыяле “Беларусы-сакуны”, што выйшаў у свет на пачатку ХХ ст.

Пра тое, што паселішча дрыгавічоў тут існавала яшчэ ў эпоху каменнага веку распавядаюць і археалагічныя знаходкі (каля 30 знойдзеных стаянак) на тэрыторыі Глускага раёна.

У 1930 годзе мясціну пачаў вывучаць А. Рынейскі, пасля прадоўжыў Л. Побаль. У канцы 1980-х М. Крывальцэвіч ва ўрочышчы Дубень (Пяскі), на левым беразе ракі Пціч, знайшоў стаянку каменнага і бронзавага вякоў.

Значнае археалагічнае даследаванне ў 1988 годзе правёў Г. Сагановіч, знаходкі якога паклалі пачатак вывучэнню матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва замка і мястэчка.

На аснове вынікаў раскопак Г. Сагановіча і архіўных дакументаў прафесару М. Ткачову ўдалося зрабіць найбольш падрабязнае апісанне Глускага замка, разгледзець асаблівасці яго фартыфікацыі, паказаць сувязі замка з мястэчкам і воласцю.

Кандыдат гістарычных навук І. У. Ганецкая, абапіраючыся на пісьмовыя крыніцы і даныя археалогіі, змагла храналагічна аднавіць паслядоўнасць і высветліць прычыны змены ўладальнікаў Глуска.

На аснове грунтоўнага даследавання Ірыны Ганецкай, апублікаванага ў 2006 годзе ў “Беларускім гістарычным часопісе”, зробім экскурс у гісторыю старажытнай Глусчыны і пазнаёмімся з некаторымі асобамі і падзеямі.

У свой час мястэчкам валодалі прадстаўнікі магнацкіх родаў Гальшанскіх, Палубінскіх, Чартарыйскіх, Радзівілаў.

Глуск вядомы ў якасці вялікакняжацкага “двара” з XIV стагоддзя, калі ў 1396 годзе князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт перадаў Глуск і Глускую воласць за бездакорную службу ў валоданне першаму гаспадару глускіх наваколляў князю Івану Гальшанскаму. Цяпер гэтая мясціна, што размешчана за 18 км ад гарадскога пасёлка, называецца вёска Гарадок.

Дарэчы, Іван Гальшанскі атрымаў не толькі Глуск, але і Парэчча, а таксама Дубровіцкае княства (Украіна). У Івана Альгімонтавіча была дачка Ульяна і чацвёра сыноў – Андрэй, Сямён, Аляксандр, Міхаіл.

Цікава ведаць, што ў 1418 годзе Ульяна Іванаўна выйшла замуж за князя Вітаўта, а ўнучка князя Івана Гальшанскага, Соф’я Андрэеўна, у 1422 годзе стала жонкай Ягайлы – польскай каралевай і заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У Ягайлы і Соф’і Гальшанскай нарадзіліся сыны Уладзімір і Казімір.

Але вернемся да ўладальнікаў Глуска. Пасля князя Івана Гальшанскага Глуская воласць перайшла да яго сына Сямёна, якога называлі Лютым. Магчыма, па той прычыне, што князь актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Князь Сямён, падтрымліваючы Жыгімонта, стаў на чале змовы, у 1433 годзе трапіў у палон і быў пакараны смерцю.

Пасля князя Сямёна Іванавіча Гальшанскага Глусчыну падзялілі паміж яго дзецьмі. А было ў яго шасцёра сыноў і дачка –Андрэй, Сямён, Даніла, Аляксандр, Глеб, Юрый і Ульяна.

Як вынікае з пісьмовых крыніц, валодалі часткамі Глускай воласці Андрэй, Глеб і Юрый Гальшанскія.

З цягам часу Глуская воласць падзялілася на больш дробныя часткі паміж нашчадкамі Сямёна Гальшанскага. Частка родавых зямель нават перайшла да Гаштольдаў, бо Ульяна Сямёнаўна выйшла замуж за Марціна Гаштольда.

Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага не стала ў 1469 годзе.

Згодна з воляю памерлага, частка Глускай воласці, якой валодаў князь Юрый, у роўных долях была падзелена паміж яго пяццю сынамі. Некаторымі вотчынамі родзічы Юрыя Сямёнавіча валодалі супольна. Сыну, Івану Юр’евічу, адышла Дубровіца, таму ён атрымаў да прозвішча прыстаўку Дубровіцкі і стаў пачынальнікам асобнай галіны роду Гальшанскіх-Дубровіцкіх .

У 1481 годзе князь Іван Гальшанскі-Дубровіцкі пакараны смерцю за ўдзел у змове супраць вялікага князя літоўскага Казіміра. Сыны Івана змаглі захаваць у валоданні спадчыну бацькі, у тым ліку Глуск і Дубровіцу.

На пачатку ХVI стагоддзя Глускай воласцю валодаў адзін з сыноў князя, Юрый Іванавіч Гальшанскі-Дубровіцкі.

У 1507 годзе князь Юрый звярнуўся да вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І з просьбай атрымаць у спадчыну родавыя ўладанні Гальшанскіх. Яму дазволілі.

Так месца, дзе знаходзіцца сучасны Глуск, уладкоўваў прамы нашчадак князя Івана Альгімонтавіча – Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі, які сабраў у сваёй уласнасці землі Глускай воласці, што засталіся ад родзічаў. Правёў нават некалькі абменаў з іншымі ўладальнікамі воласці, каб сабраць разам свае землі і вылучыць іх у асобную воласць.

Менавіта князь Юрый Іванавіч Гальшанскі-Дубровіцкі даў пачатак паселішчу, традыцыйна на той час пабудаваўшы тут замак.

Мястэчка Глуск-Дубровіцкі (цяпер Глуск) стала цэнтрам новаўтворанай воласці. Цэнтрам старой воласці засталося паселішча з назвай Глуск (цяпер раён в. Гарадок).

Пра час пабудовы замка i заснавання Глуска-Дубровiцкага сведчыць каралеўскi прывiлей: “Жикгимонт божю млстю король польский великий князь Литовский руский княжа пруское жемойтский и иных. Бил нам чолом князь Юрий Иванович Дубровицкий и поведал перед нами штож он збудовал собе у выймени своем замок у Глуску и просил в нас абыхмо ему дозволили там место садити и торг и корчмы мети… Што мы з ласки нашое на его чоломбите то вчинили иж мает там при замку его глуском место садити и торг и корчмы мети… И на то есмо ему дали сес нам лист з нашоюе печатью. Писан у Ломазе под леты божею нароженя 1522 мца декабря 20”.

Так, афiцыйнай датай заснавання Глуска-Дубровiцкага лічыцца 20 снежня 1522 года, што пацвярджаецца i вынiкамi археалагiчных раскопак.

Глускі замак у XVI-XVII стагоддзях уяўляў сабою драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаванне. (У другой палове XVII стагоддзя перабудаваны ў бастыённы.)

Сістэма абароны засноўвалася на драўляна-земляных фартыфікацыях. Вакол замка вырылі роў і насыпалі земляны вал, на якім паўсталі сцены-гародні з бланкаваннем.

Замак меў дзве драўляныя вежы, вежу-браму і невялікую фортку ў бок ракі Пціч.

Прывілеі ад 1525 і 1527 гадоў сведчаць, што Юрыю Іванавічу Гальшанскаму-Дубровіцкаму далі дазвол на правядзенне двух кірмашоў: у дзень “св. Мікалая асенняга” і “св. Мікалая вясенняга”.

Вядома, што ў Юрыя Іванавіча было дванаццаць дзяцей: пяцёра ад першага шлюбу і сямёра ад другога. Пасля смерці князя Юрыя Глуск-Дубровіцкі перайшоў да яго сыноў ад першага шлюбу – Януша і Уладзіміра. На жаль, у 1545 годзе Уладзімір загінуў у час палявання ад раптоўнага нападу татараў. Яго жонка, Марыя Саламярэцкая, выйшла замуж зноў і страціла правы на Глуск. Адзінаўладным гаспадаром застаўся старэйшы сын, Януш, – стольнік ВКЛ, ваявода кіеўскі (1542) і трокскі (1544). Януша Юр’евіча не стала ў 1549 годзе. Нашчадкаў не пакінуў, таму Глуск-Дубровіцкі з замкам перайшоў да яго брата, сына князя Юрыя ад першага шлюбу, Сямёна Юр’евіча.

Гістарычныя граматы сцвярджаюць, што ў 1552 годзе Глуск лічыўся значным населеным пунктам.

У 1555 годзе Сямён Юр’евіч Гальшанскі-Дубровіцкі атрымаў пасаду стольніка ВКЛ, а на наступны год памёр ад хваробы. Ён стаў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Гальшанскіх-Дубровіцкіх. У 1558 годзе ў саракагадовым узросце памерла і яго жонка Ганна з роду Радзівілаў. Паколькі ў сям’і не было дзяцей, уся маёмасць і ўладанні адышлі да шасцярых сясцёр князя Сямёна Юр’евіча. Глуск дастаўся сёстрам князя Настассі і Соф’і. Каб унікнуць непаразуменняў, у 1561 годзе адбыўся дакладна зафіксаваны падзел.

У адпаведнасці з дамоваю, падзелены мястэчка і воласць. Левая частка замка адышла да Соф’і Палубінскай з роду Гальшанскіх, а правая – Настассі Гальшанскай па мужу Заслаўскай.

Інтарэсы хворай Настассі Юр’еўны, якая памерла ў тым жа 1561 годзе, прадстаўляў яе зяць, муж дачкі Ганны – Іван Фёдаравіч Чартарыйскі. Скаргі, судовыя справы і пытанні з дакументамі цягнуліся некалькі гадоў. Канчатковы падзел паловы замка і месца Глуска адбыўся ў 1571 годзе.

Дарэчы, пасля таго як у 1570 годзе стары Глуск быў спалены дзяржаўцам ляхавіцкім Уладзімірам Забалоцкім, мястэчка сталі называць Пагарэлым.

Вучоныя лічаць, што Глуск-Пагарэлы знаходзіўся якраз на месцы сучаснай вёскі Гарадок. На гэты факт звяртае ўвагу і І. Ганецкая, якая раіць падчас працы з пiсьмовымi крынiцамi быць уважлiвымі, з кантэксту кожнага канкрэтнага дакумента разбiрацца, пра якi з двух Глускаў (Пагарэлы цi Дубровiцкi) iдзе размова.

У 1580 годзе Соф’я Юр’еўна Гальшанская адпiсала свае правы на частку Глускага замка i воласцi мужу, Аляксандру Iванавiчу Палубiнскаму, а ён у сваю чаргу на выпадак сваёй смерцi перадаў сваю долю глускiх уладанняў сыну Аляксандру.

З купчага ліста ад 10 чэрвеня 1581 года вынікае, што пэўны час часткаю Глускай воласці валодала Ганна Чартарыйская, якой пляменнікі Януш і Міхаіл Заслаўскія “за пять десят тисечи коп грошей литовских навечно продали …” тыя землі.

Ганна Чартарыйская памерла ў 1582 годзе, i яе доля ў Глускiм замку адышла да сына. 3 гэтага часу ў замку застаюцца два гаспадары: Юрый Iванавiч Чартарыйскi i Аляксандр Іванавіч Палубiнскi.

Пасля смерцi Аляксандра Iванавiча Палубiнскага яго частка Глускага замка перайшла да сына – Аляксандра Палубiнскага, падкаморага лiдскага, а пасля смерцi Аляксандра Аляксандравiча ў 1616 годзе дасталася ў спадчыну яго сыну Канстанцiну.

Пасля смерці ў 1624 годзе Юрыя Чартарыйскага, яго палова Глуска перайшла да сына ад першага шлюбу Мікалая (сын Адрыян адмовіўся ад сваёй часткі на карысць брата).

Так пэўны час Глускам-Дубровіцкім валодалі Канстанцін Аляксандравіч Палубінскі і Мікалай Юр’евіч Чартарыйскі.

Як сведчыць купчы ліст ад 4 ліпеня 1626 года, Мікалай Чартарыйскі прадаў сваю частку воласці Канстанціну Аляксандравічу Палубінскаму, маршалку Слонімскаму “…правам вячыстым i непарушным … за 50 000 злотых польскiх”.

У інвентары маёнтка Глуска-Дубровенскага ад 15 студзеня 1638 года падрабязна апісана само мястэчка. На той час у Глуску налічваўся 331 пляц, дзве ўніяцкія царквы, праваслаўная царква, рыначная плошча, у двары пры замку – невялікі каталіцкі касцёл. Мяшчане пералічаны па вуліцах, якіх было на той час чатырнаццаць.

Пасля смерцi Канстанцiна Аляксандравiча Палубінскага, якi меў шасцёра сыноў i шэсць дачок, Глускi замак перайшоў у спадчыну да сына, Аляксандра Гіляры. У 1646 годзе ён атрымаў каралеўскi прывiлей на правядзенне ў Глуску-Дубровiцкiм аднаго кiрмашу на год працягласцю ў тыдзень.

Аляксандр Гіляры Палубiнскi актыўна ўдзельнiчаў у палiтычным жыццi Рэчы Паспалiтай і праявіў сябе як таленавiты военачальнiк.

Глускі бастыённы замак з касцёлам на яго тэрыторыі. XVIIІ ст. З карты-схемы Г. Ляйбовіча.

Падчас вайны 1654–1667 гадоў глускі драўляны замак у сакавіку 1655 года спалілі казакі. Пасля пажару і значных разбурэнняў сойм Рэчы Паспалітай надаў мястэчку падатковыя льготы, вызваліўшы князя Аляксандра Гіляры Палубінскага ад падаткаў з Глуска на 10 гадоў. Дарэчы, у 1673 годзе пасля чарговага моцнага пажару было атрымана паўторнае вызваленне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў.

Сам князь Аляксандр Гіляры Палубінскі на месцы спаленага драўлянага замка адразу пачаў узвядзенне фактычна новай магутнай бастыённай фартэцыі з дзвюма мураванымi вежамi, землянымi валамi, пяццю бастыёнамi i ровам, запоўненым вадой. На тэрыторыі замка было выдзелена месца для касцёла, кляштара і саду манахаў-бернардзінцаў.

Глускае замчышча. Паўночна-заходняя курціна фартэцыі. 2008 г. Фотаздымак: Мікалай Волкаў.

Праз некаторы час замак і мястэчка адбудавалі. У тыя ж гады (1660–1670) пабудаваны касцёл з бернардзінскім манастыром, які да разбурэння ў сярэдзіне ХХ стагоддзя з’яўляўся візітнай карткай Глуска.

Бастыённы замак быў збудаваны ў традыцыях распаўсюджанай на той час у Рэчы Паспалітай старагаландскай школы фартыфікацыі. Унутраны двор меў пяцігранную форму. Над дваром узвышаліся на 5-7 метраў насыпаныя з пяску і гліны курціны і бастыёны, што прыкрывалі абаронцаў замка ад артылерыйскага абстрэлу.

Унутры замка былі ўладкаваны гаспадарчыя і жылыя памяшканні, знаходзіўся комплекс мураваных касцёла і кляштара бернардзінцаў.

Рэшткі паўднёвага землянога бастыёна. Археалагічныя раскопкі на яго тэрыторыі. 2008 г. Фотаздымак: Мікалай Волкаў.

Зазначым, што Аляксандр Гіляры Палубiнскi быў не толькi дзяржаўны дзеяч, але i вядомы мецэнат. У 1670-я гады пад яго патранатам у Глуску працаваў знакамiты гравёр таго часу Аляксандр Тарасевiч, пра што сведчыць надпiс на адной з яго гравюр. Аляксандр Гіляры не раз наведваў сваю рэзiдэнцыю ў Глуску. Не стала яго 3 лiстапада 1679 года.

Пасля князя Аляксандра Гіляры Палубінскага Глуск перайшоў да яго дачкі Ганны, жонкі Дамініка Мікалая Радзівіла.

Ганна Марыяна, дачка Аляксандра Гіляры, у 1672 годзе выйшла замуж за Дамiнiка Мiкалая Радзiвiла, які, вярнуўшыся з Італіі, дзе вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі, з вясны 1677 года з’яўляўся падскарбiем надворным лiтоўскiм, а ў 1690 годзе заняў пасаду канцлера ВКЛ.

Калі ў 1690 годзе Ганны Марыяны не стала, замак, горад i Глуская воласць перайшла да Дамiнiка Мiкалая Радзiвiла, які заставаўся тут адзіным уладальнікам да скону 27 лiпеня 1697 года.

Пасля смерці Дамiнiка Мiкалая Радзiвiла Глуск перайшоў у спадчыну да аднаго з васьмярых дзяцей Дамініка і Ганны – Мікалая Фаўстына, які, атрымаўшы адукацыю за мяжой, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці дзяржавы. Быў спачатку чашнікам, затым мечнікам ВКЛ. У 1725 годзе атрымаў чын генерал-лейтэнанта пяхоты, а праз чатыры гады стаў ваяводам навагрудскім.

Шмат цікавых звестак раскрываюць нашчадкам даследаваныя доктарам гістарычных навук прафесарам М. Ткачовым інвентары Глуска за 1708, 1720, 1724 і 1756 гады.

Як распавядае Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў у кнізе “Замкі і людзі”, падчас валодання Глускага замка Радзівіламі (канец XVII ст.— пачатак XVIII ст.) ахова замка перайшла да выбранцаў.

У адпаведнасці з інвентаром 1708 года, выбранцы былі наёмнымі салдатамі, якіх магнаты набіралі з вольных людзей, сялян, дробнай шляхты. За службу ім давалі зямельныя надзелы, што пераходзілі ў спадчыну ад бацькі да сына.

Глускія выбранцы не неслі начной варты. Працавалі днём па дамах. З’яўляліся ў замак толькі ў выпадку ваеннай небяспекі.

Як сведчыць згаданы інвентар, “сяляне Волашаўскай воласці пасылалі на варту ў замак па чатыры вартаўнікі”. З 1 красавіка да канца чэрвеня, а таксама з 1 верасня і да канца лістапада сыпалі грэблю перад замкам, вазілі лес і дровы, неабходныя для будаўніцтва, рамонту і абагрэву.

У інвентары 1708 года прыводзяцца звесткі, што ў той час мясцовую фартэцыю даглядаў глускі гараднічы па прозвішчы Устарбоўскі. На рамонт замкавых валаў і бастыёнаў, утрыманне гарнізона трацілася 600 злотых, 500 з якіх давалі мяшчане.

Міхаіл Ткачоў распавядае пра даволі прадуманую абарону падыходу да замкавай брамы, пра што сведчаць звесткі інвентара 1720 года: “Ад месца праз абарончы вадзяны роў ішоў доўгі мост з парэнчамі. Доступ на яго запірала папярэчная “кабыліна” з пад’ёмным механізмам і двума жалезнымі ланцугамі. Тут жа стаяла будка вартаўніка. Далей на мосце мелася яшчэ адна “кабыліна”, якая закрывала праход на прамежкавы пад’ёмны “ўзвод” на двух ланцугах. Ён быў сцягнуты чатырма жалезнымі палосамі і, калі яго падымалі, мацаваўся ў вертыкальным становішчы жалезнымі “шворнамі”. За ім стаяла “прамежкавая брамка з 2 форткамі”.

Перад самай брамай знаходзіўся другі прамежкавы пад’ёмны мост на двух ланцугах. У дакуменце ён называецца “ўзвод стары”. Мост меў складаную сістэму пад’ёма. Далей знаходзіўся “другі ўзвод», размешчаны непасрэдна перад брамай. Падняты ланцугамі, ён закрываў палотнішчы варот замка, якія, як належыць фартэцыі, былі акаванымі. Вароты замыкаліся на замок”.

У каменнай браме справа і злева размяшчаліся два скляпы з дзвярамі ў выглядзе драўляных кратаў. У адным са скляпоў былі дзверы ў патаемны вылаз, які выводзіў у канец вала і далей за межы замка.

Злева ад брамы размяшчаўся касцёл. У сценах ніжняга паверху брамы і кардэгардыі знаходзіліся байніцы, што дазвалялі весці кругавую абарону. На другім паверсе было чатыры акны, на трэцім – тры. Вакол паверху ішоў драўляны памост, у якім можна было бачыць баявую галерэю.

У інвентары 1720 года згадваецца яшчэ адна брама, “Водная”, двухпавярховая. Відавочна, яна размяшчалася ў адной з курцінаў, звернутых да ракі Пціч.

На падворку замка, як ужо адзначалася, існавалі гаспадарчыя і службовыя пабудовы, студня са страхой, выкапаныя сажалкі, дзе разводзілі рыбу.

У інвентары Глуска за 1724 год прадстаўлена структура ваеннай арганізацыі і павіннасці гараджан. Усё мужчынскае насельніцтва было аб’яднана ў 4 баявыя сотні на чале з сотнікам. Начальнікам над імі і “радцаю” быў палкоўнік. Кожная сотня падзялялася на 10 дзясяткаў на чале з дзясятнікамі. Кожны дзясятак быў не толькі ваеннай адзінкай, але і пажарнай, для чаго абавязкова меў жалезны бусак і ручную драўляную помпу.

У выпадку ваеннага становішча гучаў сігнал звона ці бубна, і тады ўсе мужчыны прыбывалі пры поўнай баявой амуніцыі на абарону замка.

Мяшчане павінны былі несці начную варту ў гарадской браме і на рынку, насыпаць і рамантаваць замкавую грэблю, гарадскія і загарадныя масты.

У 1724 годзе горад плаціў 300 злотых на гарнізон і салдат-выбранцаў. Сяляне чатырох вёсак воласці давалі па 1 капе з дыма.

Гараднічых прызначаў Радзівіл. У 1724 годзе гэтую пасаду займаў Васіль Лісіца, на якога ўскладалася адказнасць за ўсе ваеннагаспадарчыя і будаўнічыя работы ў замку, горадзе і воласці.

У мірны час Глускі замак ахоўвалі тры чалавекі: капрал і два жаўнеры. Ім плацілі грошы, куплялі вопратку і абутак. Горад і воласць ахоўвалі 6 салдат, якіх прызначаў гараднічы.

Інвентар 1756 года ўдакладняе архітэктуру і ўладкаванне замкавых брам. Напрыклад, “мураваная брама”, акрамя двухстворкавых варотаў, дадаткова закрывалася “дубовай кратай” – герсай, якая падала зверху; на браме ўладкаваны купал з бляшаным флюгерам. Згадваецца цэйхгаўз са зброяю, але без яе апісання. Зноў звяртаецца ўвага на супрацьпажарную бяспеку гараджан, якія павінны былі мець у летні час перад кожным домам кадушку з вадой, несці ноччу дзяжурства.

А яшчэ сяляне воласці павінны былі пастаўляць хлеб “на патрэбу замкавую”.

…Пасля смерці Мiкалая Фаўстына Радзiвiла 2 лютага 1746 года наступным гаспадаром Глуска-Дубровiцкага стаў сын Мiкалая Фаўстына i Барбары Завiшы Альбрыхт, якi нарадзiўся 25 сакавiка 1717 года.

Альбрыхт Радзiвiл – адзiн з нямногiх гаспадароў, хто стала жыў у Глуску. У 1750 годзе ён быў абраны маршалкам Трыбунала ВКЛ, а праз пяць гадоў атрымаў званне генерал-маёра войска ВКЛ.

Менавіта Альбрыхт Радзівіл атрымаў пацвярджальны прывiлей караля Станiслава Аўгуста на правядзенне ў Глуску-Дубровiцкiм трох кiрмашоў на год. У Альбрыхта Радзівіла і яго жонкі Ганны Халецкай (1723-1765) нарадзіліся сын Дамінік і тры дачкі – Алаіза, Марыя і Барбара. Альбрыхта не стала пасля 1791 года. Памёр у Глуску, пахаваны каля жонкі ў Нясвіжы. Глуск-Дубровiцкi перайшоў у спадчыну да іх сына Дамiнiка.

Глуская воласць пры Радзівілах называлася графствам і належала ім да канца XVIII стагоддзя.

Дамiнiк Радзівіл адразу прадаў “места Глуск у ваяводстве Навагрудскiм ляжачае з замкам, з забудовай замкавай i з усiм, што ў iм знаходзiцца” мужу сваёй сястры Алаізы Юзафу Юдзiцкаму, стражнiку ВКЛ.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глуск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Бабруйскім павеце.

У ХІХ стагоддзі ўладальнікамі Глуска былі нашчадкі Дамініка і Алаізы – графы Юдзіцкія. Пазней – Бжастоўскія. Паступова Глускі замак прыйшоў у заняпад…

У 1897 годзе ў Глуску налічвалася 500 дамоў, працавалі гарбарныя мануфактуры, народнае вучылішча, 22 крамы. Дзейнічалі дзве царквы, касцёл, пяць сінагог. На пачатку ХХ стагоддзя тут працавала паштова-тэлеграфная станцыя, 125 крам, 9 пастаялых двароў, бальніца, медаварня і вінны пограб.

Мясцовыя жыхары займаліся сельскай гаспадаркай і перапрацоўкай сыравіны, апрацоўкай драўніны, вінакурствам і гарбарствам.

З 1 студзеня 1919 года Глуск увайшоў у склад Беларускай ССР. З 17 верасня 1938 года атрымаў статус гарадскога пасёлка.

У Другую сусветную вайну, 28 чэрвеня 1941 года, пасля жорсткіх баёў фашысцкія войскі акупавалі Глуск.

У снежні 1941 года на Мыслачанскай гары паблізу Глуска гітлераўцы расстралялі каля трох тысяч глускіх яўрэяў. Цяпер на тым месцы ўладкаваны помнік. Камень памяці яўрэяў Глуска ўладкаваны і ў Брукліне, у Мемарыяльным парку Халакоста.

У 1944 годзе на тэрыторыі замка ўзарваны бернардзінскі касцёл. За час вайны на катаргу ў Германію вывезена 1482 жыхары Глуска.

Старажылы са слязьмі ўспаміналі пра тыя жудасныя гады ў акупацыі. Як хаваліся ад немцаў, дапамагалі ўратавацца яўрэям, як тыя крычалі ў натоўпе, калі іх вялі на расстрэл на Мыслачанскую гару, як забітых крыху прысыпалі зямлёй, а тады чамусьці падпальвалі, і ў паветры яшчэ доўга трымаўся жудасны пах ад гарэлых чалавечых цел.

Распавядалі, як фашысты, нягледзячы на мароз, заганялі на расправу людзей толькі ў адной бялізне. Шыбеніцу ўладкавалі каля вадакачкі на вуглу вуліц Пушкінскай і Кірава… 

У час вайны глусчане мужна змагаліся з ворагам на фронце, у партызанскіх атрадах і брыгадах.

Перад пачаткам наступлення савецкіх войск партызаны брыгад 100-й Глускай, 121-й імя Брагіна, 161-й імя Катоўскага і 258-й імя Куйбышава захапілі пераправу цераз Пціч у раёне Глуска і трымалі яе да падыходу часцей рэгулярнай арміі.

27 чэрвеня 1944 года падчас Бабруйскай аперацыі савецкая армія вызваліла Глуск ад нямецкай акупацыі.

Прайшлі гады. Паступова Глуск аднавіўся. У 2025 годзе ў ім налічвалася 6893 жыхары.

Сучасную панараму гарадскога пасёлка нельга ўявіць без архітэктурнай славутасці – Богаяўленскай царквы, што пабудавана ў 1990-я гады.

Асноўны аб’ект турыстычнага маршрута

ГЛУСКІ СВЯТА-БОГАЯЎЛЕНСКІ ХРАМ

Дакладны час заснавання Богаяўленскай царквы застаецца невядомым. Аднак даследчыкі мяркуюць, што існавала яна з XVI стагоддзя.

Праваслаўная Царква з прычыны Брэсцкай уніі, што адбылася ў 1596 годзе, у Рэчы Паспалітай апынулася па-за законам, а вернікаў падверглі ганенням. Многія праваслаўныя храмы гвалтоўна ператваралі ва ўніяцкія. Не абмінуў такі лёс і глускую царкву, асвечаную ў гонар свята Богаяўлення.

У грамаце князя Канстанціна Палубінскага ад 15 сакавіка 1628 года адзначана, што храм быў адняты ўніятамі. Але праваслаўныя прыхаджане на гэта адказалі бунтамі, дамагаючыся ад князя Палубінскага сваіх правоў на свабоднае веравызнанне.

Нягледзячы на ганенні, прыхаджане Свята-Богаяўленскага храма абаранілі веру сваіх продкаў. Глуская Свята-Богаяўленская парафія, як сведчаць Дадаткі да “Мінскіх епархіяльных ведамасцей” за 1879 год, заўсёды заставалася ў праваслаўі.

Паводле царкоўных архіўных звестак за 1798 год, Свята-Богаяўленскі храм быў драўляны. У царкве меўся срэбны посуд для здзяйснення літургіі, усе неабходныя царкоўныя кнігі.

За сваю гісторыю храм неаднаразова перабудоўваўся. У 1823 годзе – з прычыны трухлявага стану. Званіца засталася тая ж, папярэдняя, што знаходзілася ў дзядзінцы старой царквы.

Святар храма жыў ва ўласным драўляным доме на зямлі, што належала прыходу. Усяго прыходскай зямлі на той час было 147 дзесяцін 1078 кв. сажняў.

Праз 40 гадоў Богаяўленскі храм зноў патрабаваў аднаўлення. Вырашана было будаваць новы.

Царкву, перабудаваную ў 1823 годзе, з прычыны непрыгоднага стану ў 1863 годзе прыхаджане разабралі. А ў жніўні 1865 года ўзняўся цагляны храм са званіцай унутры.

Знешне будынак храма меў форму даўгаватага крыжа з адным адкрытым купалам і званіцай у франтоннай частцы з пяццю званамі.

Іканастас драўляны. 17 абразоў мясцовага і акадэмічнага жывапісу размяшчаліся ў тры ярусы. Агульны фон афарбоўкі іканастаса зялёны. Драўляныя карнізы часткова пафарбаваны, а часткова пазалочаны. Рамы і ўсё разьбярства пакрыты пазалотай. Па правы бок ад царскай брамы на іканастасе размяшчалася ікона Збавіцеля, а па левы – Божай Маці.

Для здзяйснення богаслужэнняў выкарыстоўвалася царкоўнае начынне, што засталося ад разабранай царквы. У хуткім часе пры храме пабудавалі новы дом для святара, хлеў і свіран. Прычт атрымліваў 509 рублёў 16 капеек.

Асноўнае насельніцтва (сяляне) было непісьменнае, таму ў канцы 80-х гадоў XIX стагоддзя пры Свята-Богаяўленскім храме адкрылі царкоўнапрыходскую школу для хлопчыкаў, дзе было да 30 навучэнцаў.

З кожным годам усё больш і больш у дзяржаве ўзрастала запатрабаванне ў адукаваных людзях, як гарадскіх, так і сельскіх. У гэтым актыўна садзейнічалі царкоўная і свецкая ўлады.

У пачатку XX стагоддзя пры Свята-Богаяўленскім прыходзе дзейнічала 4 школы граматы: Калаціцкая, Турынская і дзве Макавіцкія – мужчынская і змешаная. У самім Глуску існавала першакласная школа. 

Глуск. Пачатак ХХ ст.

Колькасць прыхаджан на пачатку ХХ стагоддзя павялічылася да 3297 чалавек. Мясцовыя памешчыкі, мяшчане, сяляне клапаціліся аб добраўпарадкаванні і харастве Свята-Богаяўленскага храма, кожны імкнуўся зрабіць пасільны ўнёсак для яго ўпрыгожвання. Людзі аддавалі абразы, вышываныя ручнікі.

У 1904 годзе дваранін Феадот Дзмітрыевіч Сеўрук ахвяраваў на малітоўную памяць ікону Божай Маці “Утоли моя печали”, напісаную на палатне.

Храму належалі дзве прыпісныя царквы: Мікалаеўская ў вёсцы Калюга і Узнясенская ў вёсцы Барысаўшчына. Узнясенская царква да 1960-х гадоў была прыпісной да Косма-Даміянаўскага прыхода ў вёсцы Гарадок.

Апрача самога мястэчка, у склад парафіі ўваходзіла яшчэ 11 вёсак, дзе налічвалася 2100 мужчын і 1946 жанчын.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пра прыходскае жыццё Свята-Богаяўленскага храма звестак мала, бо архіўных дакументаў таго часу, на жаль, амаль не захавалася. Вядома толькі, што богаслужэнні ў храме здзяйсняліся ажно да яго закрыцця.

Богаяўленскай царкве, як і многім іншым беларускім храмам, не ўдалося спакойна перажыць XX стагоддзе. Царква разбуралася падчас антырэлігійнай барацьбы і Вялікай Айчыннай вайны.

У 1937 годзе будынак царквы перарабілі пад клуб, званіцу з купалам разабралі, іканастас з абразамі знішчылі, а на месцы алтарнай часткі зрабілі сцэну.

З пачаткам вайны ў 1941 годзе клуб (былую царкву) гітлераўцы ператварылі ў стайню.

Вернікі пайшлі да каменданта Глуска з просьбай вярнуць ім зняважаную святыню. Немцы, прытрымліваючыся акупацыйнай палітыкі, не перашкаджалі адкрыццю цэркваў на занятых імі тэрыторыях. Храм быў аддадзены праваслаўным.

Глуская Свята-Богаяўленская царква. 1947 г.

Богаслужэнні ў Свята-Богаяўленскай царкве адбываліся да пачатку 1960-х гадоў. Па ўказанні сакратара райкама цагляны Свята-Богаяўленскі храм разбурылі, царкоўнае начынне перавезлі ў Косма-Даміянаўскую царкву ў вёсцы Гарадок.

Сведкі расказвалі, як гусенічным трактарам сцягвалася драўляная званіца з купалам-макаўкай…

У былым царкоўным будынку ўладкавалі кінатэатр. Людзі распавядалі, што падчас кінасеансу гук не распаўсюджваўся па памяшканні, а сыходзіў да столі, нібы хацеў вырвацца вонкі, шукаючы адтуліну ў месцы былой званіцы.

Пазней у памяшканні існавала майстэрня па рамонце кінаапаратуры, затым размяшчалася крама па продажы мэблі.

У другой палове 1970-х гадоў пачалася разборка сцен, каб на падмурку былога храма пабудаваць нешта такое, што ўпрыгожвала б гарадскі пасёлак. Але разабраць кладку па цаглінцы, дзе мелася кляймо “Розенберг”, было цяжка: продкі рабілі трывала, на стагоддзі.

Так на былым падмурку Свята-Богаяўленскай царквы ўзнік рэстаран “Пціч”, што дзейнічаў да 2015 года.

Трэба сказаць, што пры рэканструкцыі царквы пад рэстаран, ад яе захавалася толькі малая частка. Аднак само месца для многіх заставалася святым. Таму вяртанне вернікам будынка, які першапачаткова быў пабудаваны як храм і доўгі час з’яўляўся храмам, многія ў Глуску чакалі даўно.

Рашэннем Глускага райвыканкама ад 21 кастрычніка 2016 года будынак былога рэстарана “Пціч” перададзены Бабруйскай епархіі для адкрыцця новай парафіяльнай праваслаўнай абшчыны ў Глуску. Так пачалося адраджэнне храма ў гонар Раства Хрыстовага.

Некалькі гадоў працягваліся рамонтна-аднаўленчыя работы храма Раства Хрыстовага ў Глуску. На званіцы ўсталявалі шацёр з пазалочаным купалам, і агульны выгляд прыкметна змяніўся. Людзі спыняліся, каб паназіраць за тым, што адбываецца, каб убачыць, як будынак паступова набывае выгляд храма. Жанчыны са слязьмі на вачах дзякавалі айцу Мікалаю, будаўнікам і ўсім памочнікам.

Так у Глуску быў утвораны праваслаўны прыход у гонар Раства Хрыстовага. Знаходзіцца храм па вул. Жыжкевіча, 1.

Асвячэнне месца пад будаўніцтва Свята-Богаяўленскай царквы. 1990 г.

Вернемся да Свята-Богаяўленскага храма і прыхода, які адрадзіўся ў Глуску значна раней. Благаславенне на будаўніцтва храма на новым месцы было дадзена архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам.

14 кастрычніка 1990 года ў свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на ўскраіне Глуска адбылося асвячэнне месца пад будаўніцтва новай царквы і закладка першага каменя. Так пачалося адраджэнне духоўных каштоўнасцей, некалі бязлітасна знішчаных бязбожнай уладай.

Будаўніцтва глускай Свята-Богаяўленскай царквы. 1990-я гг.

Вясной 1991 года пачата будаўніцтва храма, якое доўжылася 11 гадоў. Праект склаў мясцовы архітэктар В. У. Балейка. Грашовую дапамогу вылучыў Беларускі Экзархат і Магілёўская епархія.

Сродкі паступалі таксама ад мясцовых жыхароў і арганізацый – калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Не заставаліся ўбаку і вернікі. У падзяку Богу за адраджэнне храма яны перадавалі грошы, абразы, што ўяўлялі гістарычную і духоўную каштоўнасць.

24 лістапада 2003 года адбылося ўрачыстае асвячэнне Свята-Богаяўленскага храма архіерэйскім чынам. Для тысяч прыхаджан, якія ішлі да храма з самай раніцы, гэта стала незабыўнай падзеяй.

Іканастас у Свята-Богаяўленскай царкве.

У Свята-Богаяўленскай царкве захоўваецца ікона “Утоли моя печали” – адна са старажытных рэліквій у Глуску. Як мы ўжо згадвалі, у пачатку ХХ стагоддзя яе ахвяраваў храму дваранін Феадот Сеўрук. У савецкія гады, калі разбуралі царкву, парвалі і напісаную на палатне ікону. Аднак знайшоўся чалавек, які захаваў рэліквію.

Мясцовы мастак Іван Булгакаў адрэстаўраваў святыню, і яна цудадзейным чынам вярнулася ў адбудаваны Свята-Богаяўленскі храм.

Абраз “Утоли моя печали”.

За апошнія гады вакол храма вырас новы жылы раён.

Цяпер Свята-Богаяўленская царква знаходзіцца ў шэрагу самых значных збудаванняў праваслаўнага дойлідства Магілёўшчыны. Гонар і святыня вернікаў Глускага раёна, якую імкнуцца наведаць праваслаўныя турысты, як і старажытную Глусчыну – лясны гераічны беларускі край.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Літаратура

Ганецкая, І. У. Глускі замак: гісторыя аднаго помніка ў асобах / І. У. Ганецкая // Беларускі гістарычны часопіс. – 2006. – № 9. – С. 22–29.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / Бел. Энцыкл.; рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мн., 1986.

Ткачоў, М. А. Глускі замак / М. А. Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / Бел. Энцыкл.; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэд.) [і інш.]. – Мн., 1996. – Т.3: Гімназіі – Кадэнцыя. – 527 с.

Ткачоў, М. А. Замкі і людзі / М. А. Ткачоў; пад рэд. Г. В. Штыхава. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 184 с.

Крыніцы