Святыя пакутнікі Віленскія Антоній, Іаан і Яўстафій

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пакутнікі Віленскія Антоній, Іаан і Яўстафій – беларускія святыя, якія пацярпелі за веру Хрыстову ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Жылі святыя ў часы кіравання вялікага князя Літоўскага Альгерда (перыяд з 1345 па 1377 гады), сына Гедыміна і князёўны Еўны з Полацка, брата Кейстута.

У 1318 годзе князь Альгерд ажаніўся з рускай князёўнай Марыяй – дачкой віцебскага князя Яраслава Васільевіча, нашчадка полацкай княжацкай галіны Рурыкавічаў. Прыняў хрысціянства, каб дзякуючы шлюбу з праваслаўнай князёўнай у далейшым пашырыць межы дзяржавы.

Спачатку князь заступаўся за праваслаўную веру. Ён дазволіў святару Нестару, духоўніку княгіні Марыі, пропаведзь. Загадаў пабудаваць некалькі храмаў – два ў Віцебску і адзін у Вільні (цяпер Вільнюс) у імя святой пакутніцы Параскевы.

Слухаючы пропаведзі святара Нестара, некалькі прыдворных літоўцаў-язычнікаў схіліліся да праваслаўя. Сярод іх былі два браты з мясцовай знаці – Няжыла і Кумец. А затым Круглец – сваяк гэтых братоў.

У святым Хрышчэнні Няжыла назвалі Іаанам, а Кумца – Антоніем. Іаан быў старэйшы, Антоній – малодшы.

Даведаўшыся пра Хрыста, яны ўсёй душой палюбілі Госпада. А стаўшы хрысціянамі, жылі згодна з праваслаўным статутам, а таксама не елі скаромнай ежы ў час посту.

Храм у імя святой Параскевы ў Вільні, дзе хрысціліся Віленскія пакутнікі.

У 1346 годзе памерла жонка Альгерда. Пасля яе смерці Альгерд пад націскам літоўскіх язычніцкіх жрацоў, якія мелі вялікі ўплыў на народ, адмовіўся ад хрысціянства і зноў стаў пакланяцца ідалам.

Жрацы былі незадаволены Альгердам цераз яго заступніцтва за хрысціян. Асабліва іх хвалявала, што знатныя гараджане пачалі прымаць хрысціянства.

Па патрабаванні жрацоў князь павінен быў пакараць Іаана і Антонія. Альгерд баяўся, што калі не пакарае сваіх слуг, то можа страціць прастол. Ён стаў угаворваць іх адмовіцца ад хрысціянства ці хаця б знешне паказаць сябе язычнікамі – з’есці ў посны дзень мяса.

Браты сваёй веры не здрадзілі. Тады раздражнёны князь загадаў кінуць іх у вязніцу. Цэлы год пакутавалі браты ў няволі.

Малодшы з братоў, святы Антоній, мужна і цярпліва пераносіў пакуты, а старэйшы, Іаан, не вытрымаў выпрабаванняў. Употай ад брата Іаан сказаў Альгерду, што гатовы падпарадкавацца абы яму вярнулі волю.

Узрадаваны адступніцтвам вязня, князь вызваліў не толькі Іаана, але і Антонія. Іаан, хоць знешне і выконваў язычніцкія абрады і звычаі, але ў сэрцы сваім заставаўся хрысціянінам.

Антоній жа ўсім сваім ладам жыцця адкрыта вызнаваў Праваслаўе. Брата свайго ён дакараў за маладушнасць і баязлівасць, заклікаў яго пакаяцца і зноў адкрыта вызнаваць Імя Хрыстова.

Быў выпадак, калі к княжацкаму сталу, куды былі запрошаны і браты, падалі мясную страву. Іаан, хоць быў посны дзень, з боязі пакут не адважыўся адсунуць скаромную ежу і еў яе разам з усімі.

Антоній жа, адкрыта вызнаючы сябе хрысціянінам, адмовіўся ад мяса. Разгневаны князь зноў кінуў Антонія ў вязніцу.

Брат Іаан застаўся на волі, але з ім, як са здраднікам, перасталі мець зносіны не толькі хрысціяне, але і язычнікі. Ён усвядоміў свой цяжкі грэх і стаў са слязьмі каяцца ў сваёй маладушнасці.

Іаан звярнуўся да святара Нестара з просьбай аб хадайніцтве за яго перад братам, каб Антоній дараваў яму грэх і дазволіў зносіны з ім.

Святы Антоній адказаў, што брацкія сувязі ў іх могуць быць толькі ў тым выпадку, калі ён адкрыта пачне вызнаваць веру ў Ісуса Хрыста. Каб выканаць волю брата, Іаан шукаў зручнага выпадку аб’явіць сябе хрысціянінам.

І вось, калі князя акружаў натоўп прыдворных, святы Іаан гучна абвясціў сябе хрысціянінам. Гэта прывяло Альгерда і ўсіх прысутных у такую лютасць, што яны сталі жорстка збіваць спавядальніка, пасля чаго, па загадзе князя, ён быў кінуты ў тую ж вязніцу, у якой пакутаваў яго брат, святы Антоній.

Браты-пакутнікі сустрэліся з радасцю, услаўляючы Бога. У той жа дзень яны прычасціліся Святых Таінстваў у святара Нестара. Натоўпы людзей прыходзілі да вязніцы, каб убачыць бясстрашных спавядальнікаў.

Іх непахісная вера і цвёрдасць духу ў цяжкіх умовах зняволення і сіла слова ісціны настолькі здзіўлялі народ, што многія прымалі Святое Хрышчэнне.

Жрацы вельмі ўстрывожыліся. Яны пачалі патрабаваць ад Альгерда, каб той знішчыў братоў і такім чынам спыніў веру ў Хрыста, што хутка распаўсюджвалася ў народзе.

Князь паддаўся патрабаванню язычнікаў, але спачатку вырашыў пакараць смерцю аднаго Антонія, спадзеючыся, што Іаан зноў адрачэцца ад хрысціянства.

Антоній перад пакараннем маліўся ўсю ноч. Ён дзякаваў Богу за пасланы яму пакутніцкі вянец і прасіў умацаваць брата ў чаканых ім цяжкіх выпрабаваннях.

Раніцай 14 красавіка 1317 года абодва святыя пакутнікі прычасціліся Святых Таінстваў. Пасля Антонія павялі на пакаранне. Язычнікі павесілі яго на дубе.

А Іаан па-ранейшаму быў цвёрды і непахісны ў хрысціянскай веры, працягваў прапаведаваць народу, які сцякаўся да вязніцы. Раззлаваныя язычнікі па-зверску расправіліся з ім.

Іаана спачатку задушылі, а пасля нежывога павесілі на тым жа дубе, як і прадказваў перад смерцю святы Антоній. Гэта было 24 красавіка 1347 года. Целы святых пакутнікаў былі з шанаваннем пахаваны вернікамі ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Пакутніцкая смерць Іаана і Антонія прымусіла задумацца многіх. Сваяк святых братоў, таксама прыдворны князя Альгерда, Круглец, узрушаны стойкасцю пакутнікаў, адкінуў паганскае бязбожжа і, прыняўшы Хрыста, прыйшоў да святара Нестара. Навучаны ім святой веры, Круглец прыняў Святое Хрышчэнне з імем Яўстафій.

Ён быў малады, прыгожы, вылучаўся мужнасцю і адвагай, але яшчэ больш розумам і душэўнай дабрынёй.

Пасля хрышчэння Яўстафій стаў весці сапраўды хрысціянскі лад жыцця: ён праводзіў увесь час у посце, малітвах і дабрачыннасці.

Князь Альгерд вельмі добра ставіўся да свайго маладога прыдворнага. Заўважыўшы, што той адгадаваў сабе валасы, запытаўся, ці не хрысціянін ён. Яўстафій даў сцвярджальны адказ. Князь прыйшоў у лютасць. Жадаючы адвярнуць спавядальніка ад Хрыстовай веры, ён пачаў прымушаць Яўстафія з’есці мясную страву ў пятніцу Каляднага посту. Святы пакутнік адмовіўся. Тады Альгерд загадаў біць яго жалезнымі палкамі. Але Яўстафій толькі дзякаваў Богу, што пакутуе за Яго Светлае Імя.

Раз’юшаны князь прымусіў вывесці распранутага пакутніка на моцны мароз і ліць у яго рот ледзяную ваду. Ад гэтага цела Яўстафія пасінела, часам спынялася дыханне, але ён мужна перанёс і гэтае катаванне.

Ашалелы князь загадаў адрэзаць пакутніку вушы і нос, сарваць з галавы разам са скурай валасы, раздрабіць косці ног ад ступні да каленяў.

Тры дні без супынку па-зверску катавалі святога. Яўстафій жа толькі суцяшаў хрысціян, якія плакалі, гледзячы на яго пакуты: “Не плачце па мне, браты, што разбураецца гэты зямны прытулак маёй душы, таму што неўзабаве я спадзяюся атрымаць для яе ў Госпада нерукатворны прытулак на нябёсах”.

І тады Альгерд асудзіў яго на пакаранне смерцю. Нягледзячы на разбітыя ногі, на вачах у здзіўленых катаў пакутнік бадзёра ішоў да месца смяротнай кары. 13 снежня 1347 года Яўстафій быў павешаны на тым жа дубе, што і яго сваякі святыя Антоній і Іаан.

Цела было пакінута на дрэве блізка ад зямлі, каб яго маглі з’есці драпежныя звяры і птушкі, але ні адзін звер, ні адна птушка не маглі наблізіцца: слуп з воблакаў абараняў яго ад драпежнікаў.

Праз тры дні астанкі святога Яўстафія пахавалі ў той жа старажытнай віленскай Свята-Мікалаеўскай царкве, побач з целамі святых братоў Антонія і Іаана. У пахаванні ўдзельнічалі і старэйшыя сыны князя Альгерда, якія прынялі хрысціянства.

Пазней, пасля паўторнага шлюбу ў 1349 годзе з княгіняй Ульянай Аляксандраўнай цвярской, князь Альгерд пачаў больш адкрыта вызнаваць хрысціянства.

Намаганнямі княгіні Ульяны драўляная Мікалаеўская царква, дзе былі пахаваны пакутнікі, перабудавана ў мураваную. На тым месцы, дзе раней рос дуб, спачатку пабудавалі капліцу, а пазней узвялі драўляны храм у імя Святой Троіцы і ў памяць пра пакутнікаў. Прастол храма змясцілі на месцы ссечанага дуба, на якім былі пакараныя смерцю святыя, а з самога дуба зрабілі труну, у якую паклалі іх мошчы.

Целы святых пакутнікаў перанеслі з Мікалаеўскай царквы ў новы Свята-Троіцкі храм. Неўзабаве тут узнік мужчынскі манастыр.

Шанаванне Віленскіх святых пачалося адразу пасля іх пакутніцкай смерці. Цуды і ацаленні, што адбываліся пры мошчах, прыцягвалі да іх не толькі мясцовых жыхароў, але і далёкіх багамольцаў. Слава пра іх распаўсюджвалася па ўсім свеце.

У 1374 годзе Віленскія пакутнікі Антоній, Іаан і Яўстафій былі кананізаваны Канстанцінопальскім патрыярхам Філафеем. Часціны святых мошчаў перанесены з належнай урачыстасцю з Вільні ў Канстанцінопаль і змешчаны ў кафедральным саборы ў імя святой Сафіі для малітоўнага шанавання вернікаў і цудатворнага ацалення хворых. Патрыярхам Філафеем была ўведзена і царкоўная служба святым пакутнікам.

У 1514 годзе гетман Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі як праваслаўны атрымаў прывілей ад Сігізмунда Старога на будаўніцтве ў Вільні дзвюх мураваных цэркваў. Так на месцы невялікіх старых цэркваў Святога Мікалая і Святой Троіцы былі ўзведзены два велічныя храмы.

Царква Святой Троіцы спалучала ў сабе візантыйскі і гатычны стылі, а пасля рэканструкцыі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя набыла цяперашнія барочныя рысы.

Віленскі храм Святой Троіцы на месцы дуба.

Пасля прыняцця ў Брэсце ў 1594 годзе праваслаўным царкоўным саборам уніі з каталіцкай царквою (з адыходам пад юрысдыкцыю Папы) праваслаўе пачало падвяргацца ганенням. Цэрквы перадавалі ўніятам, праваслаўных святароў выганялі.

У 1608 годзе разам з іншымі праваслаўнымі храмамі віленская царква і манастыр Святой Троіцы перадалі ўніяцкаму ордэну Святога Васілія (базыліянам).

Мошчы святых пакутнікаў не ўшаноўваліся. Службы перад імі спыніліся. І яны былі перанесены праваслаўнымі ў царкву ў імя апостала Пятра.

У 1655 годзе, пасля ўзяцця Вільні рускімі войскамі,  мошчы святых пакутнікаў былі перанесены вернікамі ў праваслаўны саборны храм манастыра Святога Духа, што знаходзіўся побач з Троіцкім манастыром. З адыходам рускіх войск намеснік Свята-Духава манастыра архімандрыт Іосіф схаваў святыя мошчы ў пячоры пад галоўным алтаром храма.

У XVIII стагоддзі пасля падзелу Рэчы Паспалітай большая частка польска-літоўскіх земляў адышла да Расіі. Сітуацыя змянілася, і ў 1827 годзе храм Святой Троіцы зноў стаў праваслаўным. 

 Мошчы святых пакутнікаў Віленскіх былі абнаружаны толькі ў 1814 годзе. А ў 1826 годзе імператар Мікалай І загадаў стварыць камісію, якая пацвердзіла аўтэнтычнасць астанкаў, пасля чаго мошчы святых пакутнікаў былі адкрыта выстаўлены для пакланення ў храме Святога Духа.

У 1851 годзе клопатамі архіепіскапа Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашкі) у храме была абсталявана пячорная царква ў гонар Віленскіх пакутнікаў. Мошчы святых Антонія, Іаана і Яўстафія ў дзень памяці ўрачыста былі перакладзены ў новую пазалочаную раку, збудаваную на ахвяраванні вернікаў, і змешчаны ў пячорнай царкве ў 1852 годзе.

У 1915 годзе, пры надыходзе немцаў, гэтыя святыні, як самыя каштоўныя рэліквіі Праваслаўя, вывезены ў Маскву па загадзе віленскага архіепіскапа Ціхана, які праз два гады стане маскоўскім Патрыярхам. Святыню змясцілі ў Данскім манастыры.

Пасля Першай сусветнай вайны Літва набыла незалежнасць, але з 1920 па 1939 год частка яе разам з Вільняй знаходзілася ў складзе Польшчы. Таму храм Святой Троіцы зноў стаў уніяцкім. У савецкія часы быў закрыты, а цяпер належыць грэка-каталікам.

Што датычыць святыні, то ў ліпені 1920 года савецкая ўлада правяла над святымі мошчамі паказальны працэс. Суд пастанавіў перадаць іх у музей старажытнасці. Патрыярх Ціхан у лісце да Калініна стараўся растлумачыць, што мошчы “не составляют собственности РСФСР, а принадлежат Церкви, находящейся в Литовском государстве, и подлежат возврату в Вильну”. Аднак астанкі святых пакутнікаў былі змешчаны ў Маскоўскім музеі атэістычнай прапаганды.

І толькі ў ліпені 1946 года дзякуючы хадайніцтву Патрыярха Алексія І мошчы Віленскіх пакутнікаў былі вернуты Царкве і дастаўлены самалётам у Вільнюс, у храм Свята-Духава манастыра, дзе яны знаходзяцца і цяпер.

26 чэрвеня 1993 года ў падземным храме віленскага Свята-Духава манастыра святары доўга маліліся. Пасля, улажыўшы часцінкі мошчаў святых пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў ікону – храмавы абраз, напісаны смаленскім іконапісцам Сяргеем Кульманавым, адправіліся ў Мінск, у Свята-Петрапаўлаўскі сабор.

Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор.
Ікона святых пакутнікаў Віленскіх у мінскім Свята-Петрапаўлаўскім саборы.

У 1997 годзе раку з мошчамі святых пакутнікаў вынеслі з пячорнай царквы і ўстанавілі ў цэнтральным прыдзеле Свята-Духава сабора Вільнюса.

У канцы ліпеня 1997 года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II падчас візіту ў Літву адслужыў малебен каля мошчаў святых у віленскім храме Святога Духа. У 1998 годзе над мошчамі Антонія, Іаана і Яўстафія збудавалі новую раку.

 

 

Храм Святога Духа ў Вільнюсе.
Рака з мошчамі святых пакутнікаў Віленскіх Антонія, Іаана і Яўстафія.

Пакутніцкі подзвіг святых Антонія, Іаана і Яўстафія меў вялікае значэнне не толькі для ўсёй Літвы. Ён прынёс багаты духоўны плён для ўсяго Праваслаўнага свету.

Сам жа князь Альгерд не толькі вярнуўся да хрысціянскай веры, але і прыняў манаства ў канцы жыцця. Усе яго 12 сыноў былі хрысціянамі. Да канца XIV стагоддзя палова жыхароў Вільні ўжо вызнавалі Праваслаўе.

Цяпер трох пакутнікаў, чые святыя мошчы захоўваюцца ў віленскім Свята-Духавым манастыры, ушаноўваюць не толькі праваслаўныя, але і каталікі. Пра святых пішуць песні, балады, апавяданні.

У 2012 годзе ў выдавецтве Беларускага Экзархата выйшла кніга з серыі ілюстраваных апавяданняў пра святых угоднікаў Божых у пераказе для дзяцей Любові Ляўшун “Святыя пакутнікі Віленскія Антоній, Іаан, Яўстафій”.

Вокладка кнігі пра святых пакутнікаў Віленскіх.

Віленскіх святых Антонія, Іаана і Яўстафія ў Беларусі шануюць як першых пакутнікаў за Хрыста на беларускіх землях. Яны ўваходзяць у Сабор Беларускіх святых.

27 красавіка – дзень памяці святых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.

27 красавіка 2024 года Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў саслужэнні епіскапа Нясвіжскага Аўксенція, вікарыя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, здзейсніў Боскую літургію ў мінскім Свята-Петрапаўлаўскім саборы.  

Літургія ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Мінск. 27 красавіка 2024 года.

11 мая 2024 года ў вільнюскім Прачысценскім (Успенскім) кафедральным саборы праваслаўныя вернікі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да дня памяці святых Віленскіх пакутнікаў.

Урачыстасці адкрыліся ўслаўленнем Антонія, Іаана і Яўстафія, працягваліся Вялікім хрэсным ходам за адзінства Царквы. Вернікі прайшлі па вуліцах Старога горада. У хрэсным ходзе прынялі ўдзел святары і манахі Літоўскай Праваслаўнай Царквы, а таксама прыхаджане праваслаўных храмаў з усіх куткоў Літвы.

У гэты дзень у саборны храм Свята-Духава манастыра быў прынесены Жыватворны агонь з Іерусаліма і адпраўлена саборная Літургія.

Святыя пакутнікі Віленскія Антоній, Іаан і Яўстафій шануюцца праваслаўнымі хрысціянамі Літвы, Беларусі, Польшчы, Расіі.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: