У Гродна прайшлі краязнаўчыя чытанні «З гісторыі Праваслаўя на Гродзеншчыне»

18 лістапада 2018 года, па благаславенні настаяцеля Свята-Уладзімірскай царквы протаіерэя Аляксандра Велісейчыка, ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка прайшлі краязнаўчыя чытанні «З гісторыі Праваслаўя на Гродзеншчыне».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: протаіерэй Аляксандр Велісейчык, іерэй Васіль Татарчук, прафесар, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца і краязнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч і краязнаўца Васіль Уладзіміравіч Герасімчык.

У 2018 годзе краязнаўчыя чытанні прысвечаны Году малой радзімы.

З першага выступлення на тэму «Іконы свяшчэннамучанікаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна» слухачы даведаліся пра яркія гістарычныя моманты, якія знайшлі ўвасабленне ў абразах.

У наступным выступе на тэму «Антырэлігійныя агітацыя ў раённай і абласной прэсе ў перыяд Хрушчоўскіх ганенняў» слухачам рассказалі пра падзеі гісторыі на Гродзеншчыне ў сярэдзіне ХХ-га стагоддзя.

Цікавая інфармацыя прагучала ў выступленні на тэму «Рыгор Раманавіч Шырма – беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, музыкавед. Гродзенскі перыяд працы», дзе апавядалася пра знакавы ўклад вядомага музыканта Р. Шырмы ў культурнае жыццё Гродзеншчыны.

Завяршылася імпрэза выступленнем на тэму «Пытанні веры ў творы В. Быкава “Знак бяды”», у якім прысутным яшчэ раз нагадалі пра высокадухоўны пачатак у творах Васіля Быкава.

Можна меркаваць, што пачатая справа ў правядзенні падобных чытанняў стане добрай традыцыяй у духоўным жыцці Гродзеншчы.

Вольга ТАРАСАВА

По материалам сайта Гродненской епархии orthos.org