Даклад Арыны Сысаляцiнай, малодшага навуковага супрацоўнiка музея-сядзiбы «Пружанскi палацык», на III рэгiянальных Калядных адукацыйных чытаннях Брэсцкай епархii 10.12.2018 г.
Агульнай заканамернасцю сучаснага грамадскага развіцця з’яўляецца тое, што чалавек усё радзей знаходзіць час і мажлівасць для звычайных зносінаў. Асноўную частку інфармацыі мы атрымліваем са сродкаў масавай інфармацыі: Інтэрнэта, тэлебачання, радыё, перыядычнага друку, пры дапамозе якіх адбываецца фарміраванне меркаванняў людзей па пэўных пытаннях: рэлігійных, палітычных, эканамічных і г. д.
У нас час СМІ займаюць значнае месца ў жыцці людзей, асабліва моладзі. Паводле меркаванняў спецыялістаў, тэлебачанне, відыётэхніка ўплываюць на паводзіны маладых людзей, іх маральныя каштоўнасці мацней, чым сям’я, школа, таму ад зместу тэлеперадач, фільмаў і адносінаў да іх залежыць наша аблічча.
Сёння ў неабходнасці і карысці Інтэрнэта практычна ніхто не сумняецца: ён трымае ў курсе ўсіх падзей, дазваляе хутка знайсці неабходную інфармацыю, аднак у любой прагрэсіўнай з’яве назіраюцца і адмоўныя тэндэнцыі. СМІ, у тым ліку Інтэрнэт, нясуць і вялікую пагрозу: яны духоўна занявольваюць людзей, здольны навязваць неабходнае светаўспрыманне, закладваць пэўныя стэрэатыпы паводзінаў, праграмаваць жаданні. Інфармацыя, выкладзеная ў сетцы, нярэдка носіць разбуральны характар. У выніку інфармацыйных уздзеянняў грамадства ўсё часцей сутыкаецца з такою з’яваю сярод моладзі, як паслабленне здольнасці да самакантролю за сваімі паводзінамі. Калі раней рэальнай пагрозай былі порнасайты і камп’ютарныя гульні са шкодным зместам, то цяпер велізарную пагрозу чалавецтву нясуць разнастайныя “групы смерці” – падлеткі-самазабойцы (тыпу “Сінія кіты”, “Рух за добраахвотнае выміранне чалавецтва” і г. д.). У такім выпадку мы маем справу не са звычайнымі суіцыдамі, а з тымі, якія рэкамендуюцца. Некаторыя суіцыдолагі (спасылаючыся на эфект Вертэра: масавая хваля самазайбойстваў, якія пераймаюцца) сцвярджаюць, што з’яўленне гэтай тэмы ў СМІ і з’яўляецца прычынай усплеску суіцыдаў.
Сёння моладзь аддае перавагу не духоўнай і мастацкай літаратуры, а масавай. Мы бавім час у сацыяльных сетках і ўсё менш удзяляем увагі сваім блізкімі. Нярэдка людзі, перш чым аказаць дапамогу пацярпеламу або хворму, дастаюць камеру, каб зафіксаваць трагедыю. У выніку адбываецца адчужэнне чалавека ад чалавека, губляецца пачуццё спачування, гуманнасці, узаемадапамогі, што вядзе да духоўнага крызісу. 3-гадовыя дзеці свабодна карыстаюцца Інтэрнэтам, а маладыя бацькі не бачаць у гэтым небяспекі, маўляў, так зручней: пакуль дзіця бавіцца, можна займацца сваімі справамі.
Назіраецца і зніжэнне талерантнасці — прыняцця, разумення і павагі да ладу жыцця і культуры людзей іншых нацыянальнасцяў. Моладзі неабходна ўмець праяўляць цярпімасць да меркаванняў і ўчынкаў іншых людзей, памятаць пра такія якасці, як спагада, дабрыня і годнасць.
Карыстальнікам сеткі Інтэрнэт прадстаўлены вялікі аб’ём інфармацыі, у распаўсюдзе якой яны свядома або несвядома прымаюць удзел. Небяспека заключаецца ў тым, што мы не думаем аб якасці і ўздзеянні інфармацыі, якую атрымліваем і распаўсюджваем. Часта такая інфармацыя не супадае з праверанымі дадзенымі. Моладзь схільная рэзка выказваць свае меркаванні і не задумвацца пра наступствы. Бескантрольны інфармацыйны паток аказвае згубны ўплыў на неакрэплыя душы маладых людзей. Мы шукаем духоўна-маральныя арыенціры, але не заўсёды правільна выбіраем патрэбную інфармацыю. З усёй інфармацыі важна навучыцца пераймаць станоўчы вопыт і трансфармаваць яго на беларускую глебу. Карыстаючыся Інтэрнэтама неабходна памятаць, што галоўная мэта паведамлення — данесці праўду, а не прыцягнуць ўвагу пры дапамозе сенсацыі.
У нас час актыўна праводзяцца разнастайныя даследаванні, якія дапамагаюць выявіць уплыў сродкаў масавай інфармацыі на моладзь. У Сібірскім інстытуце кіравання з мэтай выяўлення «ўцягнутасці»студэнтаў у распаўсюджванне інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт было праведзена апытанне студэнтаў, якое паказала, што 100% рэспандэнтаў уваходзяць у Інтэрнэт кожны дзень. (Акрамя таго, большасць маладых людзей лічаць, што яны выкладваюць толькі праўду. 75% апытваемых гатовыя несці адказнасць за распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце, а 25% не могуць адказаць; з апытаных ўсе 100% хочуць атрымліваць дакладную інфармацыю; 60% лічаць, што ўмеюць крытычна ўспрымаць інфармацыю, 15% не ўмеюць, 25% не могуць адказаць; 80% лічаць, што ўмеюць аналізаваць інфармацыю і даваць ёй аб’ектыўную ацэнку, 8% — не ўмеюць, 12% — не могуць адказаць.) Відавочна, што большасць апытваемых упэўненыя ў тым, што яны ўмеюць правільна ўспрымаць атрыманую інфармацыю і гатовыя несці адказнасць за яе распаўсюджванне.
Наступная анкета была накіравана на выяўленне ўплыву онлайн-інфармацыі на духоўна-маральнае развіццё моладзі. Апытанне паказала, што 30% рэспандэнтаў лічаць, што інфармацыя ў Інтэрнэце моцна ўплывае на іх духоўна-маральнае развіццё, 50% — што не ўплывае, 20% — не змаглі адказаць; 75% упэўненыя, што могуць абараніць сябе ад негатыўнага ўздзеяння Інтэрнэту, 5% — што не могуць, 20% не могуць адказаць; 85% апытваемых лічаць, што ў грамадстве неабходна павышаць узровень культуры праз фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцяў, 5% — што не трэба, 10% — не могуць адказаць. Што датычыцца выбару трох жыццёва важных паказчыкаў, то большасць рэспандэнтаў прагаласавала за слова гонар (55%), на другім месцы — справядлівасць (50%) і індывідуалізм (50%), аж на трэцім — чалавечае жыццё (40%), на чацвёртым — камфортнасць (35%), на пятым — спачуванне (20%) і патрыятызм (20%), а на апошнім месцы — кар’ерызм (10%).
На падставе праведзеных даследаванняў была зроблена выснова, што не ўсе карыстальнікі ўсведамляюць сілу ўздзеяння Інтэрнэта на свой светапогляд і паводзіны. Большасць студэнтаў ўпэўненыя, што могуць абараніць сябе ад негатыўнага ўздзеяння сеткі Інтэрнэт, не бачаць у ім пагрозы для грамадства, і толькі адна трэць рэспандэнтаў мяркуе, што Інтэрнэт аказвае моцны ўплыў на іх духоўна-маральнае развіццё.
Сёння СМІ — сродак фарміравання светапогляду. Светапогляд дапамагае вызначыць шлях, якога чалавек будзе прытрымлівацца ў жыцці. Першая ўмова фарміравання светапогляду — гэта інфармацыя, якую мы атрымліваем. Чалавеку ўласцівы пачуцці і эмоцыі, і пакуль ён не зможа іх кантраляваць, іншыя людзі могуць непрыкметна ўкласці ў яго свядомасць усё, што ім трэба, а пасрэднікам паміж імі стануць СМІ.
Нельга сказаць, што сродкі масавай інфармацыі – гэта зло. Безумоўна, вольны доступ да інфармацыі адкрывае шырокія магчымасці, але разам з гэтым у сеціве нас чакае шмат спакусаў, якія трэба навучыцца абмінаць. Дзяржава, грамадства, Царква – усе мы павінны ўсвядоміць, наколькі важна супрацьпаставіць субкультуры зла культуру дабра, смерці – жыццё.
Неабходна звярнуцца да сур’ёзнай і вельмі прадуманай сістэмы выхаваўчай працы з падлеткамі і моладдзю. Выратаваннем ад разнастайных згубных залежнасцяў можа быць выхаванне ў рэлігійнай традыцыі. Аднак веданне традыцый, наведванне нядзельнай школы і моладзевага брацтва не заўсёды дапамагаюць. Маладым людзям патрэбны не толькі веды пра рэлігію, але і людзі, якія маглі б разам з імі ствараць духоўную супольнасць. У нас час існуе нямала праваслаўных сайтаў і груп у сацыяльных сетках. Думаю, тыя, хто працуе з моладззю, павінны звярнуць на гэта асаблівую ўвагу і працаваць у гэтым накірунку.
Свой выступ хачу скончыць словамі святога апостала Паўла: “Усё мне дазвольна, але не ўсё карысна, усё мне дазвольна, але нішто не павінна валодаць мною” (1 да Кар, 6:12).
Арына Сысаляцiна, малодшы навуковы супрацоўнiк музея-сядзiбы «Пружанскi палацык»
По материалам сайта Брестской епархии ekklisia.by