“Вучыў дзяцей думаць і любіць”: да 110-годдзя з дня нараджэння Сяргея Фёдаравіча Рубанава

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

7 кастрычніка 2024 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Фёдаравіча Рубанава, дырэктара СШ № 10 г. Слуцка (1948- 1987), заслужанага настаўніка БССР (1957), кандыдата педагагічных навук (1969), Героя Сацыялістычнай Працы (1968).

З 1988 года сярэдняя школа № 10 г. Слуцка названа ў гонар Сяргея Фёдаравіча Рубанава.

Сяргей Фёдаравіч Рубанаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Жабыкі Нова-Тухінскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні (цяпер – в. Жабыкі Пірагоўскага сельскага савета Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і.

У 1922 годзе хлопчык паступіў вучыцца ў першы клас Ляднянскай сямігодкі, якую скончыў у 1930. Пасля вучобы год працаваў настаўнікам школы малапісьменных у в. Рудашкова Дубровенскага раёна.

З 1931 па 1934 год Сяргей Рубанаў вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, пасля заканчэння якога па размеркаванні накіраваны на працу ў Слуцкі раён.

Атэстат Сяргея Рубанава аб заканчэнні Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. 1938 г.
Атэстат Сяргея Рубанава аб заканчэнні Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. 1938 г.

Сяргей Фёдаравіч працаваў год настаўнікам НСШ (няпоўнай сярэдняй школы) у в. Дзюдзева (цяпер в. Маяк) Слуцкага раёна. У той час у Савецкім Саюзе (з 1934 па 1958 год) у такога тыпу школах дзеці вучыліся да 7 класа ўключна і атрымлівалі няпоўную сярэднюю адукацыю. (З 1959 года няпоўная сярэдняя адукацыя складала 8 класаў, а з 1984 года – 9 класаў.)

Праз год, у 1935 годзе, Сяргей Фёдаравіч прызначаны дырэктарам Васілінкаўскай НСШ Слуцкага раёна.

Першыя гады пасля заканчэння педагагічнага тэхнікума Сяргей Фёдаравіч працуе на Случчыне непрацяглы час у розных школах.

З 1 студзеня 1938 года перайшоў на працу ў 2-ю НСШ г. Слуцка, а са жніўня таго ж года – у Амговіцкую школу. Праз год, у жніўні 1939 года, Сяргея Фёдаравіча прызначылі намеснікам дырэктара НСШ у в. Навадворцы. Адначасова ён працуе выкладчыкам у слуцкай вячэрняй школе № 1.

Намеснік камандзіра батальёна па палітрабоце Сяргей Рубанаў. Ленінградскі фронт.

10 снежня 1939 года Сяргея Рубанава прызвалі ў Чырвоную армію. Неўзабаве ён апынуўся на фронце, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне (1939-1940). 

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам на Ленінградскім фронце, перанёс 900 дзён блакады. У 1942 годзе месцам службы стала Ладага, “Дарога жыцця”. Там у красавіку таго ж года Сяргей Рубанаў стаў камуністам, атрымаў партыйны білет № 495107. Пасля былі іншыя ваенныя дарогі, раненні, палітпраца ў ваенныя гады і пасля Перамогі.

З партыйна-палітычнай характарыстыкі члена ВКП(б) слухача курсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі каманднага саставу Ленфронту ад 27 кастрычніка 1944 года відаць, што Сяргей Фёдаравіч Рубанаў яшчэ ў маладосці праяўляў добрыя арганізатарскія здольнасці, быў прыкладам для слухачоў курсаў, выдатнікам і па ўласным жаданні дапамагаў вучыцца тым, хто крыху адставаў. Дзякуючы старшаму лейтэнанту Сяргею Рубанаву рота слухачоў курсаў павысіла сваю паспяховасць у вучобе, а на працягу ўсяго навучання падраздзяленне падтрымлівала высокі ўзровень вайсковай дысцыпліны.

За баявыя заслугі Сяргей Рубанаў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі “За абарону Ленінграда” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Дзень Перамогі Сяргей Рубанаў сустрэў ва Усходняй Прусіі.

27 ліпеня 1946 года скончыў службу ў званні старшага лейтэнанта. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў працаваць настаўнікам у Слуцку.

Сяргей Фёдаравіч марыў пра далейшую адукацыю, таму ў 1947 годзе пераехаў у Мінск, дзе працаваў настаўнікам і намеснікам дырэктара ў сталічнай вячэрняй школе № 4. У тым жа годзе паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Леніна (пры БДУ), пасля заканчэння якога ў жніўні 1948 года вярнуўся на працу ў слуцкую СШ № 10.

З 1 снежня 1948 года Сяргей Фёдаравіч Рубанаў прызначаны дырэктарам названай установы адукацыі, дзе на гэтай пасадзе працаваў да апошніх дзён жыцця.

Слуцкая СШ № 10 у той час размяшчалася ў невялікім будынку. Пры школе, пабудаванай у 1938 годзе на 13 класных памяшканняў, не было спартыўнай залы, вучэбных майстэрань.

У час вызвалення Слуцка школьны будынак, дзе з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 года размяшчаўся ваенны шпіталь, быў часткова разбураны, але ўжо да пачатку навучальнага 1944/1945 года яго аднавілі, а ў 1947 годзе капітальна адрамантавалі.

У канцы 1950-х гадоў у школе пачала функцыянаваць спартыўная зала, пабудаваная гаспадарчым спосабам.

Сяргей Фёдаравіч Рубанаў праводзіць урок матэматыкі ў СШ № 10 г. Слуцка.

Сяргей Фёдаравіч Рубанаў усё жыццё павышаў сваё педагагічнае майстэрства. Ён быў пастаянным чытачом дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І. Леніна ў Маскве, часта наведваў НДІ педагогікі ў Мінску і ў Маскве, удзельнічаў у саюзных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх педагагічных чытаннях.

У складзе дэлегацыі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі быў у  Польшчы, Балгарыі, ГДР, Англіі, дзе вывучаў вопыт калег педагогаў. Метадычныя матэрыялы Сяргея Фёдаравіча Рубанава друкаваліся ў часопісе “Матэматыка ў школе”, дзе ён з’яўляўся членам рэдакцыйнага савета.

Пасведчанне Сяргея Фёдаравіча Рубанава.

За дасягнутыя поспехі ў педагагічнай працы ў 1957 годзе Сяргей Фёдаравіч атрымаў званне “Заслужаны настаўнік БССР” і Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР.

У 1960 годзе за прафесійныя заслугі Сяргей Фёдаравіч Рубанаў атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Праз восем гадоў, у 1968 годзе, Сяргею Фёдаравічу першаму сярод педагогаў Беларусі прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Серп і молат”.

Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Фёдаравіч Рубанаў.

У лістападзе 1969 года Сяргей Фёдаравіч атрымаў вучоную ступень кандыдата педагагічных навук. Ён аўтар многіх навуковых прац, сярод якіх “Пытанні рацыяналізацыі працэсу навучання стэрэаметрыі ў сярэдняй школе”, “Прамыя і плоскасці ў прасторы”, “Кіраўніцтва вучэбна-выхаваўчай работай у школе” і іншыя.
Сяргей Фёдаравіч Рубанаў надаваў шмат увагі рабоце як з маладымі, так і вопытнымі настаўнікамі, заахвочваў кожнага да пастаяннага прафесійнага росту, падтрымліваў імкненне да самаадукацыі, да стварэння настаўнікам уласнай праграмы, сістэмы, метаду. Вопытны кіраўнік і педагог лічыў, што настаўнік вучыць другіх, пакуль вучыцца сам.

Сяргей Фёдаравіч змог аб’яднаць калег у адзіны працаздольны творчы педагагічны калектыў. З 48 настаўнікаў школы 46 мелі вышэйшую адукацыю, прычым 15 з іх атрымалі яе завочна. Два настаўнікі вучыліся па праграме кандыдацкага мінімуму, пяць атрымалі званне “Заслужаны настаўнік БССР”, дзевяць сталі “Выдатнікамі народнай адукацыі”, чатыры атрымалі званне “Старшы настаўнік”. Многія педагогі былі ўзнагароджаны граматамі Міністэрства асветы БССР, граматамі Мінскага абласнога аддзела народнай адукацыі і Слуцкага гарадскога аддзела народнай адукацыі.

Настаўнікі школы дзяліліся вопытам на старонках метадычных часопісаў “Народная адукацыя”, “Народная асвета” і іншых. Некаторыя напрацоўкі перадрукоўваліся ў замежных часопісах.

Педагогі школы знаходзіліся ў пастаянным пошуку шляхоў удасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу. У школе была створана атмасфера творчай працы і ў педагагічным, і ў вучнёўскім калектыве.

Галоўнай задачай калектыву было навучыць вучняў вучыцца, выпрацоўваць навыкі самастойнага авалодвання ведамі. У практыку работы школы ўкараняліся дасягненні педагагічнай навукі, праводзіліся даследаванні па асобных пытаннях вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Расшыралася і матэрыяльная база ўстановы. У сярэдзіне 1960-х гадоў да школы прыбудавалі двухпавярховы корпус.

У 1966 і 1974 годзе слуцкая СШ № 10 была ўдзельніцай ВДНГ (Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі) СССР, за што атрымала дыпломы І і ІІ ступені. А настаўнік фізікі І.П. Лазоўскі, на той час 32-гадовы настаўнік, за прафесійныя поспехі быў узнагароджаны бронзавым медалём Галоўнага камітэта ВДНГ СССР.

Дырэктар школы № 10 С.Ф. Рубанаў і яго намеснікі рыхтуюць матэрыялы школы на ВДНГ.

Сяргей Фёдаравіч Рубанаў быў не проста таленавітым педагогам і вопытным кіраўніком. Ён паспяхова спалучаў працоўную дзейнасць з грамадскімі абавязкамі. З’яўляўся дэлегатам XXVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Неаднаразова абіраўся членам Мінскага абкама і Слуцкага гаркама кампартыі, дэпутатам абласнога і гарадскога Савета народных дэпутатаў, быў старшынёй гарадскога камітэта садзейнічання Савецкаму фонду міра, дэлегатам усесаюзных і рэспубліканскіх з’ездаў настаўнікаў.

Сяргей Фёдаравіч быў чалавекам шырокага кругагляду, вялікіх ведаў, незвычайнай працаздольнасці і высокай адказнасці за справу.

Строгі і патрабавальны кіраўнік, Сяргей Фёдаравіч разам з тым быў чулы і ўважлівы да калег і вучняў.

Вучыў калег выхоўваць вучня, абапіраючыся на яго прыроду, быць сябрам і добрым памочнікам вучню на шляху яго развіцця і самаўдасканалення, заўсёды шукаць у дзіцяці лепшае, вучыць дзяцей думаць і любіць. І ўсё гэта рабіць без прымусу, з любоўю да вучня, абараняючы яго той жа любоўю і праўдай.

Нездарма адным з асноўных педагагічных запаветаў Сяргея Фёдаравіча стаў урачэбны запавет “не нашкодзь!”.

Дырэктара школы і дэпутата Сяргея Фёдаравіча Рубанава хвалявала ўсё: ад месца ў дзіцячым садку для маладай мамы настаўніцы, жыллёвых умоў сваіх вучняў да ўстаноўкі хатняга тэлефона ў кватэры пенсіянераў, чарга на які ў той час доўжылася гадамі…   

А яшчэ Сяргей Фёдаравіч быў добрым бацькам і клапатлівым мужам. У сям’і Рубанавых вырасла трое сыноў: Аляксандр, Уладзімір і Анатолій, якія сталі вядомымі беларускімі вучонымі ў галіне фізікі і матэматыкі.

Месца апошняга спачыну Сяргея Фёдаравіча Рубанава.

13 студзеня 1987 года Сяргея Фёдаравіча не стала. Пахаваны на слуцкіх гарадскіх могілках. Кожны, хто бывае там, ніколі не мінае магілу Сяргея Фёдаравіча Рубанава. І ўсе, хто вучыўся ў Сяргея Фёдаравіча ці працаваў разам з ім, згадваюць пра гэтага чалавека цёпла і светла.

Сярод вядомых выпускнікоў школы беларускі пісьменнік Павел Місько, беларускія мастакі Міхаіл і Уладзімір Басалыгі, краязнаўца і мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры Ігар Ціткоўскі, многія вучоныя і спецыялісты, якія зрабілі свой істотны ўнёсак у развіццё і росквіт нашай краіны.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 3 кастрычніка 1988 года № 290 сярэдняй школе № 10 г. Слуцка прысвоена імя Героя Сацыялістычнай Працы Сяргея Фёдаравіча Рубанава.

Стэнд у СШ № 10 г. Слуцка, прысвечаны Сяргею Фёдаравічу Рубанаву.

Добрыя справы, распачатыя ў школе пад кіраўніцтвам Сяргея Фёдаравіча Рубанава, доўжацца. Нядаўна школа адзначыла свой 85-гадовы юбілей. І сёння традыцыі, закладзеныя папярэднікамі,  шануюцца педагогамі і вучнямі, захоўваюцца і памнажаюцца, перадаюцца наступным пакаленням выхаванцаў.

Фотаздымкі з архіва СШ № 10 імя С.Ф. Рубанава г. Слуцка.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by  Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы: