Храм-капліца ў гонар Святога Богаяўлення ў Барысаве

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Ідэя стварэння храма-помніка, прысвечанага 100-годдзю  перамогі над Напалеонам, узнікла яшчэ ў пачатку XX ст.

Сам гасудар-імператар Мікалай II прапанаваў пабудаваць царкву ў памяць пераможных баёў у Барысаве і ў вёсцы Студзёнка на рацэ Бярэзіне. Архітэктар Фамін прыступіў да праектавання храма. Ён павінен быў уяўляць з сябе ратонду – невысокі, круглы ў плане будынак, увенчаны купалам, з калонамі. Аднак бурныя і трагічныя падзеі (тры рэвалюцыі, Першая сусветная, грамадзянская, Вялікая Айчынная войны, ганенне на Царкву) не дазволілі ўвасобіцца ў жыццё гэтаму праекту.

Будаўніцтва храма-помніка загінулым у тую далёкую вайну, хоць і са спазненнем амаль на сто гадоў, усё ж пачалося. Гэта ўжо быў зусім іншы час, які адрозніваўся ад папярэдняга, калі актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Беларускай Праваслаўнай Царквою.

“Храм-помнік – гэта зварот чалавека да Бога, малітва, увасобленая ў камені, сведчанне пашаны народнаму подзвігу, – гаворыць настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы ў Барысаве протаіерэй Георгій Цюхлоў. – Мемарыяльная функцыя такога храма знаходзіць сваё адлюстраванне не толькі ў прысвячэнні таму ці іншаму хрысціянскаму святу, цудатворнай іконе ці святому, але і памяці воінаў, якія аддалі сваё жыццё за Айчыну. Іх імёны ўпісваюцца ў сінодзік для вечнага памінання. У храмах-помніках устанаўліваюцца мемарыяльныя дошкі з імёнамі загінулых і герояў, якія вылучыліся асабліва”.

Рэшткі перадмаставога ўмацавання –“Батарэі”.

Рэшткі перадмаставога ўмацавання –“Батарэі”.

У Барысаве было запланавана пабудаваць такі храм, храм Святой Жываначальнай Троіцы, на месцы колішніх бітваў Айчыннай вайны 1812 г., побач з так званымі “Батарэямі” – рэшткамі перадмаставога ўмацавання, збудаванага перад уварваннем Напалеона ў 1811 годзе.  Справа ў тым, што напярэдадні вайны з Францыяй востра стаяла пытанне пра абарону горада ад магчымага нападу непрыяцеля, таму каля моста праз Бярэзіну пачалося ўзвядзенне артылерыйскіх батарэй, але працу прыйшлося перапыніць у сувязі з пачаткам ваенных дзеянняў.

Тут у лістападзе 1812 г. адбываліся жорсткія баі паміж рускімі войскамі і арміяй Напалеона. Шматлікія насыпы і равы адыгралі ў той час важную ролю ў абароне Барысава. Усе захаваныя ўмацаванні дагэтуль маюць назву “Батарэі” і з 1926 года лічацца помнікам гісторыі.  Менавіта побач з гэтым гістарычным месцам і пачалося ўзвядзеннне храма.

Зацікаўленасць у стварэнні храма праявіў былы старшыня Барысаўскага гарвыканкама Віктар Людвігавіч Капульцэвіч, сын якога – протаіерэй Андрэй Капульцэвіч, настаяцель прыхода храма Святога Архангела Міхаіла ў в. Зембін Барысаўскага раёна. Старшыня гарвыканкама аказваў дапамогу ў будаўніцтве храма-помніка, у тым ліку і фінансавую, садзейнічаў пошуку праз фундатараў неабходных сродкаў. Ураджэнец Барысава, ён хацеў, каб храм Святой Жываначальнай Троіцы быў не толькі духоўным цэнтрам, але і адлюстроўваў слаўную гісторыю горада.

Закладны камень. 1997 г.
Закладны камень. 1997 г.

Аўтарам новага праекта стаў барысаўскі архітэктар Данцоў. Месца для храма выбрана вельмі зручнае, добра праглядваецца з усіх бакоў, бо знаходзіцца на ўзвышшы. Насупраць – краязнаўчы музей, дзе кожны наведвальнік мае магчымасць азнаёміцца з экспанатамі, якія адлюстроўваюць падзеі Айчыннай вайны 1812 г.

Настаяцелем прыхода быў прызначаны протаіерэй Міхаіл Барашка, які адначасова ўзначальваў прыход Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна. Святар адразу актыўна прыступіў да ажыццяўлення гэтага праекта. Пачалося будаўніцтва.

У 1997 г. мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі асвечаны закладны камень. Паступова з Божай дапамогай сіламі будаўнічых арганізацый і вернікаў узведзены і перакрыты цокальны паверх храма.

Аднак неўзабаве сутыкнуліся з цяжкасцямі. Калі старшыня Барысаўскага гарвыканкама В. Л. Капульцэвіч перайшоў на іншую працу, фінансаванне будаўніцтва і іншая неабходная дапамога значна зменшыліся. У гэтых умовах айцец Міхаіл, не адмаўляючыся ад планаў узвядзення Траецкага храма, разам з мясцовымі дабрачыннікамі вырашыў пабудаваць невялікі храм-капліцу, каб пачаць маліцца, весці прыходскае жыццё, а затым паступова дабудоўваць асноўны храм. Храм-капліцу назвалі ў гонар Святога Богаяўлення.

У 2010 г. з-за пагаршэння здароўя протаіерэй Міхаіл Барашка падаў прашэнне ўладыку Філарэту аб пераводзе яго настаяцелем у іншы прыход, якое было задаволена.

Працягнуў яго працу протаіерэй Георгій Цюхлоў, прызначаны настаяцелем прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы ў 2010 г.

“Калі я сюды прыйшоў, — распавядае айцец Георгій, — яшчэ не было даху, але маліцца гэта не перашкаджала. Першым быў адслужаны малебен з акафістам Святой Жываначальнай Троіцы. У цёплае і сухое надвор’е маліліся на падмурку храма-капліцы, а ў час дажджоў хаваліся ў падвальным памяшканні. Там было няўтульна, стаяла вада, але мы ўкладвалі стэлажы, рабілі невялікае ўзвышша, ставілі аналой, запальвалі свечку, таму што электрычнасці яшчэ не было, і маліліся ў цемры, вільгаці і холадзе.

Богаяўленскі храм-капліца падчас будаўніцтва.
Богаяўленскі храм-капліца падчас будаўніцтва.

Сваю першасвяціцельскую малітву аб хутчэйшым завяршэнні будаўніцтва здзейсніў уладыка Веніямін [з 2019 года  – Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі – З.П.]  у 2010 годзе ў саслужэнні благачыннага Барысаўскай акругі іерэя Андрэя Шамбалоўскага, настаяцеля храма ў гонар вялікапакутніка Георгія Пераможца, дзе таксама ішло будаўніцтва. Было цёплае і сухое надвор’е, мы маліліся на фундаменце гэтага храма-капліцы. З гэтага ўсё і пачалося, будаўніцтва сцен і франтонаў. Дах накрылі ў пачатку 2012 г., а ўжо ў красавіку, у дзень Святой Пасхі, адслужылі першую Боскую літургію.

Тады ў капліцы было шмат недапрацовак, стаялі рыштаванні, рабілася столь, сцены хоць і абтынкаваныя, але не пафарбаваныя, адчуваўся холад, так як ацяпляльную сістэму трэба было ўдасканальваць. Але гэта ўжо быў пачатак, і ва ўсіх у душы была радасць. Так у далейшым і спалучалі – набажэнствы і будаўніцтва”.

Прайшоў некаторы час, і ўзвядзенне Богаяўленскага храма-капліцы было завершана.

Богаяўленскі храм-капліца. 2017 г. Фотаздымак: Віталій Арабей.
Богаяўленскі храм-капліца. 2017 г. Фотаздымак: Віталій Арабей.
Іван Хрысанфавіч Каладзееў.
Іван Хрысанфавіч Каладзееў.

10 кастрычніка 2015 года, у дзень памяці свяшчэннапакутніка Пятра, мітрапаліта Круціцкага, уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, здзейсніў чын вялікага асвячэння храма-капліцы ў гонар Святога Богаяўлення і ўзначаліў у новаасвечаным храме Божую літургію, пасля якой звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам, а затым перадаў у дар храму ікону з выяваю Хрыста Збаўцы і Святое Евангелле. 

Знакавай падзеяй у жыцці прыхода стала атрыманне ў дар мемарыяльнай дошкі ў памяць пра Івана Хрысанфавіча Каладзеева, які быў не толькі вядомым бібліяфілам, мецэнатам, але і чалавекам, што зрабіў значны ўнёсак у культурнае і эканамічнае развіццё г. Барысава.

…Бліскуча абараніўшы дыплом агранома ў адным з універсітэтаў Германіі, Іван Каладзееў вярнуўся ў родны Барысаў для вялікіх спраў. Дзякуючы Каладзееву ў правабярэжнай частцы Барысава пабудаваны двухпавярховыя цагляныя будынкі, корпусы запалкавай фабрыкі “Бярэзіна”, папяровай фабрыкі “Папірус”, а ў 1899 годзе створана першая ў павеце тэлефонная станцыя.

Як і большасць адукаваных людзей свайго часу, Іван Хрысанфавіч актыўна займаўся даследчай і грамадскай дзейнасцю.

Напрыклад, зацікавіўшыся праблемай адзінага воднага шляху паміж Балтыйскім і Чорным марамі, удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Бярэзінскай воднай сістэмы. З’яўляўся земскім гласным у павятовым камітэце па справах земскай гаспадаркі, прадстаўніком ад Барысаўскага павета ў губернскім камітэце па справах земскай гаспадаркі, выконваў абавязкі ганаровага міравога суддзі пры Барысаўскім павятовым з’ездзе. 

Уласная бібліятэка Івана Каладзеева налічвала 15 тысяч тамоў на 11 еўрапейскіх мовах! Рэдкія і вельмі каштоўныя выданні дапаўняліся падборкамі часопісаў, альманахаў, дзённікаў. У калекцыі сабраных фабрыкантам-даследчыкам рарытэтаў была нават унікальная, нарысаваная ад рукі і выкананая ў адзіным экзэмпляры спецыяльна для Напалеона, карта Расійскай імперыі; партрэты палкаводцаў, калекцыя зброі і ўзнагарод, гравюры з ваеннымі эпізодамі. Па словах сучаснікаў, нястомнаму калекцыянеру ўдалося сабраць найлепшы ў Еўропе збор рарытэтаў. Прычым калекцыю можна было ўбачыць усім зацікаўленым, у дом Каладзеевых пачалі ладзіцца экскурсіі. Па сутнасці, у Барысаве ўзнікае першы музей.

Пераход праз Бярэзіну 29 лістапада 1812 года. Аўталітаграфія В. Адама, першая палова ХІХ ст. З калекцыі І.Х.Каладзеева.
Пераход праз Бярэзіну 29 лістапада 1812 года. Аўталітаграфія В. Адама, першая палова ХІХ ст. З калекцыі І.Х.Каладзеева.

Тэма Айчыннай вайны 1812 года надзвычай хвалявала Івана Хрысанфавіча. Барысаўшчына і сама гістарычная мясціна, дзе адбываліся драматычныя падзеі ў гісторыі названай вайны, выклікала цікавасць маладога адукаванага чалавека да гэтай тэматыкі.

 Даследчык самастойна змог вызначыць дакладнае размяшчэнне мастоў праз Бярэзіну ў вёсцы Студзёнка, па якім перапраўляліся рэшткі  напалеонаўскай арміі. У 2021 годзе, дарэчы, спаўняецца 120 гадоў, як восенню 1901 года на ўласныя сродкі захавальнік “свяшчэннай памяці дванаццатага года” Іван Хрысанфавіч уладкаваў тут два помнікі.

Варта адзначыць, што імя Івана Каладзеева згадваецца ваенным гісторыкам, адным са стваральнікаў новага Музея Айчыннай вайны 1812 года  Аляксандрам Смірновым у артыкуле “Свяшчэннай памяці Дванаццатага года” як імя асобы “известной по своим заслугам по истории 1812 года” сярод іншых вучоных, вайскоўцаў, прадстаўнікоў міністэрстваў і музеяў створанага камітэта. Усяго ў Асобны камітэт па ўладкаванні “Ваенна-гістарычнага музея ў памяць Айчыннай вайны 1812 года” ў 1908 годзе ўвайшло 38 чалавек, сярод якіх ганаровае месца займаў і наш зямляк Каладзееў. Вядома, што ў 1913 годзе ён вырашыў перадаць у дар будучаму музею сваю бібліятэку.

Менавіта ў той час Іван Хрысанфавіч Каладзееў прыкладаў таксама значныя намаганні, каб у горадзе Барысаве быў узведзены храм у гонар воінаў, якія загінулі ў час Айчыннай вайны 1812 г. На жаль, у 1914 годзе ва ўзросце 55 гадоў нястомны даследчык, калекцыянер, фундатар і зберагальнік матэрыяльнай і духоўнай спадчыны свайго краю пакінуў гэты свет. Па волі Госпада яго ідэі стараюцца ўвасобіць у жыццё ўдзячныя нашчадкі, выконваючы запавет продкаў. Нездарма на адным з помнікаў на Барадзінскім полі выбітыя важныя для кожнага радкі: “Доблесть родителей – наследие детей. Всё тленно, всё преходяще, только доблесть никогда не умирает. Она бессмертна”. 

Мемарыяльная дошка ў памяць пра Івана Хрысанфавіча Каладзеева знаходзіцца ў Богаяўленскім храме-капліцы.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас Божай літургіі ў храме Святога Богаяўлення.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас Божай літургіі ў храме Святога Богаяўлення.

24 студзеня 2021 г. з архіпастырскім візітам храм Святога Богаяўлення наведаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які ўзначаліў там Божую літургію.

У час набажэнства вернікі прасілі Госпада дараваць мір беларускаму народу і пазбавіць яго ад распаўсюджвання  шкоднаснай пошасці. У канцы богаслужэння была здзейснена ліція па новапрастаўленаму Высокапраасвяшчэннейшаму мітрапаліту Філарэту, ганароваму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. На завяршэнне Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка Веніямін павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн, прамовіў пропаведзь і выказаў усім сваё архіпастырскае благаславенне.

…Памяць пра воінаў, якія аддалі сваё жыццё за Айчыну, не згасне. Верыцца, што пройдзе час і ў г. Барысаве з’явіцца храм-помнік, дзе будуць  ушаноўваць і ўспамінаць герояў не толькі вайны 1812 г., але і ўсіх тых, хто здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя Айчыны, хто ў жорсткіх баях адстойваў нашу праваслаўную веру.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны артыкул  Аляксандра Медзельцава “Приход храма Живоначальной Троицы г. Борисова”.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

  • Крыніцы:
  • http://troicaborisov.by
  • https://hram.by
  • https://www.sb.by
  • https://www.blagobor.by
  • https://pda.ekskursii.by
  • http://www.nasledie-rus.ru
  • Борисовская епархия : прошлое и настоящее / под общ. ред. канд. богословия епископа Борисов. и Марьиногор. Вениамина; науч. ред. д-р ист. наук А.Ю. Бендин, канд. богословия протоиерей Александр Вербило; протоиерей Дионисий Снытко [и др.]. – Минск : Четыре четверти, 2019.
  • Букреева, Е. Хранитель “священной памяти двенадцатого года” Иван Хрисанфович Колодеев [Электронный ресурс] / Е. Букреева. – Режим доступа : https://blog.mediashm.ru. Дата доступа : 27.03.2021.