Храм Нараджэння Хрыстовага ў г. Барысаве

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

29 ліпеня 2021 года прыход храма Нараджэння Хрыстовага г. Барысава адзначае прастольнае свята ў гонар 25-годдзя асвячэння прыдзела храма ў гонар святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай і 125-годдзе будаўніцтва Іуліеўскай царквы ў пасадзе Нова-Барысаў. Божую літургію ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Напярэдадні гэтай урачыстасці, 28 ліпеня, па міласці Госпада, у барысаўскім храме Нараджэння Хрыстовага адбылося прынясенне каўчэга з часціцай мошчаў святога благавернага князя Аляксандра Неўскага.

Каўчэг з часціцай мошчаў святога благавернага князя Аляксандра Неўскага.

Прыход храма Нараджэння Хрыстовага ўтварыўся не так даўно. Тут дзейнічае верхні храм, асвечаны ў 2000 годзе ў гонар  Нараджэння Хрыстовага, і ніжні  – у гонар Іуліі Карфагенскай, асвечаны ў 1996 годзе.

Гісторыя храма бярэ пачатак у новай частцы горада Барысава і адносіцца да канца ХІХ стагоддзя.

…У 1871 годзе праз барысаўскія землі пракладзена Маскоўска–Брэсцкая чыгунка. Гэта стала вялікай падзеяй для эканамічнага, сацыяльнага, культурнага развіцця ўсёй Барысаўшчыны. На правабярэжжы Бярэзіны паўстаў пасад Нова-Барысаў, які ў 1900 годзе злучыўся з Барысавам доўгім драўляным мостам.

Свята-Іуліеўская царква-школа, што пабудавана ў 1896 годзе ў Нова-Барысаўскім пасадзе, дакладней, школа-царква ў гонар святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай, была першым праваслаўным храмам у Нова-Барысаве.

Юльеўская  (Іуліеўская) царква-школа. Канец ХІХ ст.

У кліравых ведамасцях за 1898 год, што прысвечаны агляду стану цэркваў Барысаўскага павета, пра Свята-Іуліеўскую царкву ёсць такія звесткі: “..пры станцыі г. Барысава, св. пакутн. Іуліі, драўляная царква-школа пабудавана ў 1896 г. на сродкі інжынера шляхоў зносін Вярыгіна, на зямлі, што падаравана памешчыкам Іванам Каладзеевым”.

А яшчэ раней, у снежні 1893 г., старшыня Барысаўскага аддзялення Мінскага губернскага епархіяльнага брацтва ў імя святога Мікалая дакладваў у Мінскую духоўную кансісторыю, што “інжынер А. І. Вярыгін у памяць пра жонку сваю Юлію праектаваў спачатку пабудаваць на свой кошт пры ст. Барысаў царкоўна-прыходскую аднакласную школу, затым выказаў жаданне пабудаваць не адну толькі школу, але разам і царкву”.

Праз 3 гады, 13 ліпеня 1896 г., складзены і падпісаны акт аб аглядзе канчатковай пабудовы царквы-школы. “Юльеўская царква-школа знаходзіцца… на зямлі, адчужанай ад памешчыка Каладзеева на карысць Барысаўскага сабора з найвышэйшага на тое дазволу”.

Узвядзенне Свята-Іуліеўскай царквы-школы стала важным этапам у духоўным, праваслаўным жыцці Барысава. Яна змяшчала больш за 300 чалавек. Набажэнствы здзяйсняліся ў саборы ў кожны нядзельны і святочны дзень. Свята- Іуліеўская царква знаходзілася на праспекце князя Трубяцкога, насупраць цяперашняга гарадскога Парку культуры і адпачынку. Першапачаткова яна з’яўлялася прыпісной да Уваскрасенскага сабора, але затым пры ёй быў утвораны самастойны прыход.

Некалькі гадоў пасля рэвалюцыі 1917 года Свята-Іуліеўская царква яшчэ дзейнічала, аднак, на вялікі жаль,  29 красавіка 1922 г., была разграблена. Былі зняты сярэбраныя рызы з некалькіх абразоў, што ўпрыгожвалі гэтую царкву, а менавіта з іконы Божай Маці, свяціцеля Мікалая Цудатворца, святога Іаана Хрысціцеля.

Неўзабаве і сам храм быў закрыты, тут размясцілі клуб чыгуначнікаў. Паведамлялася таксама, што пры канфіскацыі маёмасці царквы святар аказаў супраціўленне і быў арыштаваны. А школа пры царкве была закрыта яшчэ раней у адпаведнасці з вядомым дэкрэтам аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы.

Сваю дзейнасць Свята-Іуліеўскі храм аднавіў толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Але, на жаль, у 1944 г. падчас баёў за вызваленне горада царква згарэла.

Вядома, што 24 ліпеня 1944 года прыхаджане звярнуліся з заявай да старшыні выканкама г. Барысава, дзе гаварылася: “Просім дазволіць аднаўленне будынка Юльеўскай царквы па пр. Рэвалюцыі. Калі мы пачалі разбіраць завалы разбуранай царквы, ніхто нам не перашкаджаў. Але калі сталі ўкладваць першыя бярвёны, падышоў міліцыянер і забараніў нам далейшую працу. Няўжо мы не маем права пабудаваць царкву, якая тут была яшчэ да рэвалюцыі?” Адказ быў прадказальны: “Адмовіць. Пр. Рэвалюцыі – галоўная вуліца Нова-Барысава. Тут будуць будавацца жылыя дамы і дзяржаўныя будынкі. Кудзіновіч. 26 ліпеня 1944 г.” Але, нягледзячы на гэта, у студзені 1945 года царква была адноўлена ў іншым будынку, што на рагу вуліц Энгельса і Паштовай.

У 1950 годзе царкву зноў закрываюць і перадаюць у распараджэнне камунальнай гаспадаркі.

З тых часоў набажэнствы духавенствам Іуліеўскай царквы пачалі адбывацца ў Андрэеўскай царкве. Працягваліся яны там да 1957 года і затым былі спынены ў сувязі з невялікім прыходам, аддаленасцю месца жыхарства вернікаў ад царквы, дрэнным транспартным спалучэннем. Усё, што захавалася ад Іуліеўскай царквы, – гэта абраз святой пакутніцы Іуліі, што знаходзіцца цяпер у алтары ніжняга храма, ды будынак, у якім раней размяшчаўся храм. (Цяпер гэта жылы дом.)

І ўсё ж праз больш чым за 40 гадоў царква аднавіла сваю дзейнасць!  У сярэдзіне 1990-х гадоў па ініцыятыве барысаўчаніна Міхаіла Марцінавіча Валасача храм быў адроджаны. Гэты чалавек заслугоўвае, каб пра яго памяталі ўдзячныя нашчадкі.

Міхаіл Валасач прыйшоў да веры ў маладосці, калі яму было гадоў каля дваццаці. Падчас службы ў арміі ён захварэў на сухоты. Яго камісавалі. Форма хваробы была вельмі цяжкая. У гэты момант Міхаіл звярнуўся да Бога, стаў маліцца, хадзіць на службу, чытаць духоўныя кнігі. Год прайшоў, за ім другі, трэці… Юнак не паміраў. Усё жыццё яго праходзіла з Богам.

Аднойчы Міхаіл Валасач, будучы на службе ў Свята-Уваскрасенскім храме горада Барысава, слухаў пропаведзь мітрапаліта Філарэта. Уладыка гаварыў пра неабходнасць адраджаць царкоўнае жыццё і будаваць новыя храмы. І вось тут адбылася дзіўная рэч: слова архіпастыра нарадзіла ў душы Міхаіла Марцінавіча глыбокую перакананасць, што ён зможа аддзячыць Госпада за збавенне ад немінучай смерці, пабудаваўшы храм. Чалавек, які ў юнацтве перажыў блізкасць смерці і цуд вяртання да жыцця, вырашыў, што гэты заклік будаваць храмы адносіцца менавіта да яго. Уявіце сабе: звычайны пенсіянер, ды да таго ж інвалід, вырашыў пабудаваць царкву.

Міхаіл Марцінавіч Валасач.

У 1993 годзе ініцыятыўная група на чале з Міхаілам Валасачом, звярнулася ў Барысаўскі гарвыканкам з заявай аб утварэнні новай рэлігійнай суполкі ў горадзе. У верасні таго ж года быў зарэгістраваны прыход у гонар святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай, пасля чаго пачаліся пошукі месца для будаўніцтва царквы. Месца было абрана каля могілак на вул. Заслонава, дзе пахаваны апошні настаяцель Свята- Іуліеўскай царквы протаіерэй Ян Голуб.

Пад кіраўніцтвам старшыні савета прыхаджан Міхаіла Марцінавіча Валасача, пераадольваючы мноства цяжкасцей, пачалі ўзвядзенне падмурка, а пасля і сцен новага храма.

Першымі сродкамі, укладзенымі ў будаўніцтва, былі асабістыя зберажэнні Міхаіла Валасача, сабраныя за ўсё жыццё, аднак іх хапіла толькі на падмурак. Калі грошы скончыліся, ніхто не хацеў дапамагаць храмабудаўніку, і Міхаіл Марцінавіч вельмі перажываў. Здавалася, дапамогі не будзе, бо ніхто не верыў, што пенсіянер з палачкай зможа пабудаваць храм. Але “сіла Божая ў немачы здзяйсняецца”. Гасподзь не пакінуў, паслаў добрых людзей. У самы апошні момант з’явіліся фундатары, людзі пачалі дапамагаць чым маглі. Хто маліўся, хто цэглу насіў, хтосьці даваў машыну для перавозак, нехта прывозіў цэмент ці ахвяраваў грошы. Так, у 1994 годзе паклалі першыя цагліны на падмурак, а праз два гады храм ужо ўпрыгожваў купал.

Як ужо вядома, Міхаіл Марцінавіч Валасач заклаў першы камень царквы ў гонар святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай, але, на жаль, не наканавана яму было ўбачыць храм ва ўсёй прыгажосці…

Справу Міхаіла Валасача працягнуў малады святар – айцец Аляксандр Вярбіла, які ў ліпені 1996 года быў прызначаны ў прыход настаяцелем і якому ўладыкам Філарэтам была пастаўлена задача арганізаваць царкоўна-прыходскае жыццё і ў бліжэйшы час падрыхтаваць крыптавы храм да асвячэння.

Сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 1-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель прыхода храма Нараджэння Хрыстовага г. Барысава протаіерэй Аляксандр Вярбіла. 12 студзеня 2021 г.

Даўняя мара Міхаіла Мартынавіча ажыццявілася. 29 верасня 1996 года Высокапраасвяшчэннейшым Філарэтам, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, у саслужэнні духавенства і ў прысутнасці шматлікіх вернікаў упершыню за многія гады ў г. Барысаве быў асвечаны ніжні храм у гонар святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай. Асвячэннем ніжняга прыдзела была адноўлена гістарычная пераемнасць з разбураным храмам, дзякуючы чаму храму святой пакутніцы Іуліі Карфагенскай у 2021 годзе спаўняецца 125 гадоў.

Аднак на мэце было адкрыццё не толькі ніжняга, але і верхняга храма, чым і займаўся прыход з 1996 да 2000 года.

Айцу Аляксандру дапамагалі сваёй падтрымкай, добрым словам, малітвай, рабочай сілай вернікі. Храм будавалі ўсе разам, але сваімі сіламі прыход быў не здольны пакрыць усе выдаткі. Ізноў на дапамогу прыйшлі шчырыя людзі.

Адна з прыватных фірмаў збудавала разьбяны іканастас. Значную дапамогу ў будаўніцтве храма аказаў таксама дырэктар фірмы “Сталкер” Анатоль Анатольевіч Капскі праз дабрачынныя ўзносы, закупку будаўнічых матэрыялаў, бетону, пліт, арматуры. На транспарце фірмы даставілі з Масквы чатыры званы. “Сталкер” замовіў і зрабіў дзверы цэнтральнага ўваходу ў храм. Храм не змаглі б узвесці так хутка, калі б не дапамога і іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

І ўжо ў 1999 годзе, літаральна за дзень да Нараджэння Хрыстовага, быў уладкаваны і падрыхтаваны да набажэнства галоўны верхні прыдзел. Па благаславенні свяшчэннаначалля было вырашана асвяціць храм у гонар гэтага вялікага свята. Доўгачаканая падзея адбылася 13 студзеня 2000 года. Верхні храм быў асвечаны мітрапалітам Філарэтам у гонар 2000-годдзя Нараджэння Хрыстовага і з гэтага дня прыход быў перайменаваны са Свята-Іуліеўскага ў Нараджэння Хрыстовага.

Сёння храм Нараджэння Хрыстовага — крыніца сапраўднай веры, фарміравання духоўна-маральнай асобы як маладога, так і сталага пакалення. Ідэя працы храма заключаецца ў тым, каб чалавек сам прыйшоў да веры і абраў для сябе свой шлях…

Калядны ранішнік пры храме Нараджэння Хрыстовага.

Абапіраючыся на запаведзі Хрыстовы, на вучэнне апосталаў і святыя каноны, на двухтысячагадовы гістарычны вопыт, храм лічыць сваёй асноўнай задачай аднаўленне культурнай традыцыі і гістарычнай ролі праваслаўя, адраджэнне духоўнай адукацыі і выхавання народа. Прыход аб’ядноўвае як праваслаўную, так і свецкую моладзь, дапамагае раскрыццю арганізатарскіх здольнасцей маладых людзей і развіццю іх талентаў. Галоўнае – паказаць сучаснай моладзі, што, хоць часам цяпер свет і адыходзіць ад хрысціянскіх канонаў, але дарогу выратавання і шлях развіцця ў сабе асобы як вобраза Божага па-ранейшаму можна здабыць у царкве.

Усё часцей царкву наведваюць маладыя бацькі са сваімі дзецьмі, таму пры храме арганізаваны Нядзельны садок, дзе, пакуль бацькі знаходзяцца на службе, дзеці (ад 4 да 6 гадоў) атрымліваюць першасныя веды пра Бога, малітву, пра Біблію, царкоўныя святы, займаюцца маляваннем, лепкай.

Педагогі імкнуцца, каб гэтыя першыя ўражанні давалі дзіцяці ўрокі дабрыні і любові, раскрывалі прыгажосць і веліч створанага Богам свету, вучылі берагчы яго.

Асаблівую радасць падчас набажэнстваў адчуваюць прыхаджане, слухаючы царкоўныя спевы ў храме Нараджэння Хрыстовага, дзе  клірасны хор утварыўся разам са стварэннем прыходу ў 1996 годзе пад кіраўніцтвам матушкі Алены.

Рэгент царкоўнага хору Алена Вярбіла імкнецца аб’яднаць харыстаў у адну вялікую сям’ю, прымае іх як родных дзяцей, імкнецца зрабіць прыход кожнага ў клірасны хор цёплым і ветлівым, радуецца поспехам, падтрымлівае і дапамагае, падае ўласны прыклад, бо, як кажа сама матушка Алена, “як моліцца рэгент – так моліцца хор, як моліцца хор – моліцца храм”.

Велікодны дзіцячы канцэрт.

Радуе, што жаданне праслаўляць Госпада прывяло ў хор як прафесійных пеўчых, так і людзей, якія не маюць спецыяльнай музычнай адукацыі, але іх маладыя і часам нявопытныя галасы паступова мацнеюць.

У 2002 годзе склаўся яшчэ адзін клірасны хор, які першапачаткова спяваў толькі малебны і акафісты, а таму атрымаў назву “Акафісны”. Пазней пачаў спяваць і Божую літургію.

Рэгент царкоўнага хору матушка Алена Вярбіла.

На клірасе нясуць паслушэнства многія педагогі  з розных устаноў адукацыі горада, і гэта спрыяе з’яўленню новай моладзі ў храме.

Пры храме дзейнічае дзіцячае праваслаўнае аб’яднанне “Свечачка”, дзе па суботах праводзяцца заняткі з дзецьмі 7-10 гадоў. Шмат увагі надаецца развіццю творчых здольнасцей дзяцей. Вучацца па праграме “Праменьчык праваслаўя”, распрацаванай кіраўнікамі “Свечачкі” і выкладчыкамі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Марынай Вронскай і Таццянай Рашатняк, якія выконваюць таксама кліраснае паслушанне ў храме.

У Нядзельнай школе вучацца дзеці старэйшай узроставай групы (11-16 гадоў), якія вывучаюць Святое Пісанне Старога і Новага Запаветаў, Праваслаўнае Набажэнства (Літургіку), Асновы праваслаўнага веравучэння (Катэхізіс), гісторыю хрысціянскай царквы, хрысціянскую этыку.  

Дырэктар Нядзельнай школы, іерэй Арцемій Шчарбіцкі, вучыць дзяцей заўсёды пачынаць важную справу з малітвы. Заняткі ў школе не зводзяцца толькі да класна-ўрочнай сістэмы, таму дзеці з задавальненнем нясуць розныя паслушанні. Старэйшыя  навучэнцы дапамагаюць у час шматлюдных святаў, напрыклад, разліваюць ваду на Богаяўленне, удзельнічаюць у царкоўных службах, паломніцкіх і пазнавальных паездках, рыхтуюць канцэртныя праграмы.

Прыйшоўшы ў Нядзельную школу, дзіця адчувае, што такое цеплыня веры, духоўная любоў і сардэчная шчырасць, вучыцца жыць, трываць, працаваць, шанаваць Бога, і гэтыя пачуцці застаюцца з імі назаўсёды.

Пры храме Нараджэння Хрыстовага дзейнічае моладзевае брацтва ў гонар святой пакутніцы Юліі Карфагенскай, дзякуючы якому таксама адбываецца аб’яднанне моладзі вакол Царквы. Кіруюць брацтвам спецыялісты па рабоце з моладдзю – протадыякан Сергій Кярко і іерэй Арцемій Шчарбіцкі.

Маладыя людзі ўдзельнічаюць у богаслужэннях, падтрымліваюць парадак у храме, дапамагаюць рэалізоўваць кнігі, іконы, свечкі, нават выкладаюць у малодшых узроставых групах, арганізоўваюць летнія паходы па прыходах Мінскай вобласці, сплавы па рацэ, прагляды відэафільмаў духоўнага зместу, паломніцкія паездкі, дапамагаюць састарэлым, праводзяць дабрачынныя акцыі.

Чым больш даведваешся пра дзейнасць храма, тым больш адчуваеш, што ўся яна скіравана на аднаўленне культурнай традыцыі, адраджэнне духоўнай адукацыі і выхаванне народа, усведамленне ім гістарычнай ролі праваслаўя.

12 студзеня 2021 года адбылося чарговае прастольнае свята храма Нараджэння Хрыстовага ў горадзе Барысаў. Божую літургію ўзначаліў  Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

За набажэнствам былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднаснага паветрыя. Па завяршэнні набажэнства прычаснікі прынялі віншаванне з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і ўсе вернікі, хто маліўся ў храме, – архіпастырскае благаславенне ад мітрапаліта Веніяміна.

Прастольнае свята ў храме Нараджэння Хрыстовага. 12 студзеня 2021 г.

Вывучаючы гісторыю стварэння храма, пачынаеш адчуваць, што гэта сапраўды промысел Гасподні. І сэрцам падтрымліваеш думку настаяцеля храма протаіерэя Аляксандра Вярбілы, што царква Нараджэння Хрыстовага пабудавана на любові, менавіта “не на грашах, а на любові людзей да храма”. Людзей, якія з верай у Госпада спрычыніліся да адраджэння святыні ў старажытным Барысаве. 

Мінула 125 гадоў з часу будаўніцтва Іуліеўскай царквы ў пасадзе Нова-Барысаў. Змяняліся пакаленні, уклад жыцця і многае іншае. А святая вера продкаў і шанаванне слова Божага нашчадкамі засталіся нязменныя.

І сёння храм Нараджэння Хрыстовага як сімвал адраджэння духоўнасці і традыцыйных праваслаўных каштоўнасцей сваім велічным звонам запрашае наведаць яго.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

https://bgk-borisov.by
http://church.by
https://hram.by
sobor.by
https://www.blagobor.by