Храм Раства Прасвятой Багародзіцы: з гісторыі старажытнай “Мураванкі”

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца ў вёсцы Мураванка Мажэйкаўскага сельскага савета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Узведзены ў першай палове XVI стагоддзя (прынята лічыць, што ў 1524 г.), храм у добрым стане захаваўся да нашых дзён. Духоўны і гістарычны помнік старажытнага абарончага дойлідства. Па кладцы і асаблівасцях збудавання нагадвае храм у Сынкавічах.

Пабудаваны цагляны храм на месцы, што знаходзілася недалёка ад сучаснай вёскі Малое Мажэйкава. Сродкі выдаткаваў буйны землеўладальнік таго часу віленскі падканюшы Шымка Мацкавіч з маёнтка Вялікае Мажэйкава.

Невядома, якога года нараджэння Шымка Мацкавіч герба “Касцеша”, сын каралеўскага двараніна Мацкі Андрушкавіча. Вядома толькі, што памёр Шымка ў 1542 (45) годзе і пахаваны ў Маламажэйкаўскай царкве.

Шымка Мацкавіч займаў у жыцці шматлікія пасады, у тым ліку пасаду віленскага цівуна і гараднічага.

У грамаце «на землю пустовскую (“конное место”) у повете Виленском у волости Судеревской» ад 1541 года прыводзіцца поўны тытул Шымкі Мацкавіча: «Справца воеводства виленскаго тивунъ городничій виленскій, … державца Ушпольскій, Пенянскій и Радунскій».

Пасля смерці бацькі, Мацкі Андрушкавіча, у адпаведнасці з дакументам ад 1513 года,  маёмасць была падзелена паміж яго сынамі – Шымкам, Сенькам і Івашкам (Івахнам). Шымка і Сенька атрымалі Мажэйкава, а Івашка – Забалаць.

У дакументах першай паловы XVI стагоддзя згадваюцца два Мажэйкаўскія маёнткі – Малое Мажэйкава і Вялікае.

Як лічыць даследчык і пісьменнік, знакаміты краязнаўца Лідчыны і аўтар кнігі пра Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць Леанід Лаўрэш, у Вялікім Мажэйкаве Шымка Мацкавіч правёў значную частку свайго жыцця. Карыстаўся асаблівай павагай і пашанай пры двары вялікага князя Жыгімонта І і быў асобай, набліжанай да каралевы Боны. І гэта многае тлумачыць. Сёння сярод вучоных існуе думка, што ў будаўніцтве Маламажэйкаўскай царквы бралі ўдзел італьянскія дойліды.

Верагодна, прыналежнасць Шымкі Мацкавіча да тагачаснай эліты ВКЛ таксама паспрыяла ўзнікненню на Беларусі ўнікальнай Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці.

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы.

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца помнікам архітэктуры готыкі і рэнесансу. У плане нагадвае блізкі да квадрата правільны прастакутнік (15 на 13,5 м). Да ўсходняга фасада царквы далучаецца амаль на ўсю шырыню будынка адна апсіда.

Па вуглах магутны будынак фланкіраваны абарончымі цыліндрычнымі шатровымі вежамі, у якіх уладкаваны байніцы.

Вежы храма круглыя, прыкладна 14 метраў у вышыню. Заходнія вежы каля 4,5 метраў дыяметрам, усходнія крыху меншых памераў – дыяметрам каля 3 метраў. Таўшчыня муроў заходніх вежаў прыкладна 1,8 метраў, усходніх – каля 1 метра.

У вежах размяшчаліся вітыя ўсходы, што вялі да байніцаў, якія мелі выгляд вялікіх праёмаў, перакрытых акруглымі аркамі і звужанымі да сярэдзіны. Байніцы меліся і ў вежах, і ў сценах храма.

Іканастас храма Раства Прасвятой Багародзіцы. 1914 г.

Над байніцамі ўладкаваны невялікія адтуліны для назірання за ворагам. Цяпер у паўночнай і паўднёвай сценах храма ёсць па тры байніцы, раней была яшчэ адна, сёмая, але яе падчас аднаго з рамонтаў будынка замуравалі. 

Фасады храма маюць багаты дэкор і не ствараюць уражанне суровасці. Не толькі сцены, але і вежы, апсіда ўпрыгожаны нішамі. Увесь будынак ахоплівае своеасаблівы дэкаратыўны паясок – рад цэглы, пакладзенай пад вуглом. Цёмна-чырвоны фон сцен з белымі нішамі і паясамі надае храму надзвычайную прыгажосць і вытанчанасць.

Скляпенні храма Раства Прасвятой Багародзіцы. ХХ ст.

Унутраная прастора ў храме добра асвятляецца высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі ў нішах. Малітоўная зала падзелена чатырма васьміграннымі слупамі на 3 нефы аднолькавай вышыні, перакрытыя зоркавымі скляпеннямі, што ў перапляценнях утвараюць ромбы і трохкутнікі.

Над уваходам – хоры, якія апіраюцца на 2 заходнія слупы.

У цэнтры залы пад падлогай – скляпеністыя сутарэнні, дзе ў старажытнасці захоўвалі зброю, боепрыпасы, царкоўныя каштоўнасці. У адрозненне ад храмаў таго часу ў інтэр’еры царквы няма фрэскавай размалёўкі, сцены пакрытыя таніраванай тынкоўкай. Ад звычайнага храма царкву-крэпасць адрозніваюць байніцы ў сценах і вежах. 

На думку гісторыкаў, сапраўдны росквіт храма назіраўся ў ХVII cтагоддзі. Менавіта ў той час “Мураванка” была адной з самых знакамітых цэркваў беларускай зямлі. На храм шчодра ахвяравалі прадстаўнікі роду Сапегаў, Завішаў і іншыя выбітныя людзі.

Храм з’яўляўся не толькі святой мясцінай для малітвы, але і для абароны жыцця вяскоўцаў, сховішчам для людской маёмасці падчас шматлікіх спусташальных набегаў. Пра гэта сведчыць той факт, што ў час рамонту царквы ў 1871 – 1872 гг. пад адкапанымі вялікімі камянямі знойдзены астанкі людзей. На адной надмагільнай пліце ўдалося разабраць надпіс: 1469 г. “Христов раб иерей Авраамий”. Гэта наводзіць на думку, што храм мог быць пабудаваны раней, чым прынята лічыць. Пра гэта гавораць і мясцовае царкоўнае паданне, і пазнейшыя пісьмовыя акты. На жаль, старажытныя дакументы, датычныя храма, не захаваліся. Нешта страчана пасля ўвядзення уніі ў пачатку XVII стагоддзя, некаторыя дакументы згарэлі ў канцы XVIII стагоддзя.

Да 1817 года царква мела ход у сценах вакол усяго храма. У паддашшы над скляпеннямі існавала баявая галерэя. Галоўны ўваход у храм да пачатку XIX стагоддзя абаранялі герсы – важкія пад’ёмныя дзверы з жалезнымі кратамі, што апускаліся на моцных ланцугах са спецыяльнай нішы ўгары. На жаль, гэтыя сярэднявечныя абарончыя прыкметы знішчаныя часам.

Храм значна пацярпеў у 1656 годзе падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654 – 1667), затым у 1706 годзе, у час Вялікай Паўночнай вайны (1700 – 1721).

Здзіўленыя незвычайным выглядам будынка, войскі шведскага караля Карла XII, што ішлі на Палтаву, моцна абстрэльвалі храм гарматамі, пасля чаго ён прыйшоў у запусценне і знаходзіўся ў такім стане да пачатку XIX стагоддзя.

Запіс у Інвентары за 1804 год сведчыць пра заняпад храма і яго абнаўленне ў 1820-х гадах. Вядома, што ў той перыяд перарабілі верх франтонаў, адрамантавалі дах. 

У час капітальных рамонтаў (1822, 1871–1872 гг.) знешні выгляд храма часткова змяняўся. Страціліся некаторыя дэталі, што стваралі непаўторны каларыт царквы-крэпасці. Зніклі байніцы з усходняга фасада, частку іх замуравалі на галоўным і бакавых фасадах. На вонкавых сценах з’явілася тынкоўка. Заходнія вежы паднялі на сажань (2,13 м), у іх знялі драўляныя лесвіцы, а ў адной з вежаў уладкавалі званіцу. Да фасада прыбудавалі прытвор, зрабілі новыя карнізы, павялічылі вокны.

21 студзеня 1873 года царкву асвяцілі наноў.

У гады Першай сусветнай вайны ў храме размяшчаўся лагер для ваеннапалонных, што таксама прывяло да значных пашкоджанняў будынка. У 1923 годзе храм перададзены каталікам і да 1939 года выкарыстоўваўся як касцёл.

У час Вялікай Айчыннай вайны царква зноў атрымала пашкоджанні, таму на пачатку 1950-х гадоў адрамантавалі сцены будынка, скляпенні, дах. Пазней савецкая ўлада закрыла храм. Некаторы час там знаходзілася зернясховішча.

Нягледзячы на пэўныя змены, што адбываліся з будынкам, першапачатковы выгляд храма ў асноўным захаваны, хоць час і абставіны, на жаль, не шкадавалі святыню.

У 1989 годзе намаганнямі прыхаджан царква адкрыта для вернікаў. Яшчэ жывыя сведкі тых падзей, калі першы настаяцель храма пасля багаборчых часоў айцец Анатоль Няробаў разам з вернікамі сам падымаўся на дах і вежы, каб уладкаваць крыжы.

І ў наш час, напярэдадні 500-гадовага юбілею святыні, прыкладваецца шмат намаганняў для аднаўлення і даследавання гісторыі храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы.

Абраз Божай Маці “Снежная”. 1907 г.

У царкве захоўваецца абраз Божай Маці “Воўчынкаўская” (“Снежная”). Назва іконы, што доўгі час лічылася страчанай, паходзіць ад назвы вёскі Воўчынкі. Менавіта тут у маі 1868 года святаром храма Львом Савіцкім (1841 – 1926) цудам знойдзены абраз Божай Маці “Снежная”.

Справа ў тым, што раней святыня знаходзілася ў царкве вёскі Воўчынкі, што была прыпісной да Маламажэйкаўскага храма. Пасля таго як царкву разабралі, ікона знікла.

Святар Леў Савіцкі.

Падрабязна пра цуд знаходжання іконы сведчыў святар Леў Савіцкі ў артыкуле пра Маламажэйкаўскі храм у Віленскіх Епархіяльных Ведамасцях за 1873 год. Суправаджаўся згаданы цуд ацаленнем цяжка хворай жанчыны. Значна пазней, праз 30 гадоў пасля цуда з’яўлення іконы, айцец Леў Савіцкі яшчэ ў адной публікацыі пацвердзіў свае сведчанні, назваў удзельнікаў тых памятных падзей. 

Адзначым, што святар Леў Савіцкі пражыў доўгае жыццё. Лёсам было адмерана яму 90 гадоў, 63 з якіх ён прысвяціў храму Раства Прасвятой Багародзіцы (1863 – 1926). На думку некаторых сучасных вучоных і даследчыкаў, маламажэйкаўскага святара Льва Савіцкага можна лічыць сапраўдным краязнаўцам Лідчыны.

На жаль, у 1915 годзе абраз Божай Маці “Снежная” прыйшлося эвакуіраваць у Маскоўскую епархіяльную кантору. Дзе цяпер знаходзіцца ікона – не вядома.

Сучасная ікона Божай Маці “Воўчынкаўская” (іканапісец Андрэй Косікаў, 2013).

У памяць пра старажытную святыню на ахвяраванні прыхаджан у 2013 годзе быў створаны новы спіс іконы Божай Маці Воўчынкаўскай (Мураванкаўскай).

У наш час рыхтуюцца матэрыялы па ўключэнні Маламажэйкаўскай Свята-Раства – Багародзічнай царквы (Мураванкі) у Спіс помнікаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

…Прайшло амаль пяць стагоддзяў з часу ўзнікнення храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы. Многае памятаюць яго муры, пра многае могуць распавядаць. Трэба толькі ўважліва ўгледзецца ў кожную дэталь старажытнага помніка архітэктуры і прыслухацца да гэтай унікальнай святыні беларускай зямлі.

Сучасны іканастас храма Раства Прасвятой Багародзіцы. ХХІ ст.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

Кушнярэвіч, А. М. Мураваная дабастыённая фартыфікацыя Вялікага Княства Літоўскага / А. М. Кушнярэвіч. – Мінск, 2014. – С. 189– 195.

Лаўрэш Л. Фундатар Маламажэйкаўскай царквы Шымка Мацкавіч і яго нашчадкі // Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава : зб. навук.арт. / ГрДУ імя Янкі Купалы; рэдкал.: А.А.Каваленя (гал.рэд.), І.Ф.Кітурка (гал.рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2021.  – С. 299 – 305.

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с.

Стренковский, С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX – начале XX века / С. П. Стренковский. – Минск: МГИРО, 2019. – 438 с.