Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Працягласць маршрута: Мінск – аг. Арэхаўна па аўтамабільнай трасе (М3, Р46, Р113) прыкладна 210 км.
Асноўны аб’ект на маршруце: храм Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы, вул. Лясная, 2, аг. Арэхаўна, Ушацкі раён, Віцебская вобласць.
Транспарт: аўтамабіль.
Прыкладны час у дарозе: 2,5 гадзіны.
Дадатковая інфармацыя
Шлях пралягае па трасе М3 праз Лагойск, Бягомль, Лепель. За Лепелем зварочваем у бок Полацка па трасе Р46, едзем да п. Сарочына. Ад п. Сарочына зварочваем улева і едзем да аг. Арэхаўна.
Калі захочацца палюбавацца па дарозе азёрнымі мясцінамі, можна выбраць крыху іншы шлях. Тады час на дарогу зойме прыкладна 3 гадзіны.
Рухаемся праз Лагойск, Бягомль па трасе М3, затым зварочваем з трасы на Лепель. Праязджаючы праз горад, скіроўваем на Полацкі тракт, што абрамляе Лепельскае возера з заходняга боку, і патрапляем на трасу Р116. Мінаем Стары Лепель, Юркаўшчыну, Ворань, Ліпавец і едзем у накірунку Ушачы. Ва Ушачах зварочваем на вул. Ленінскую і па трасе Р113 даязджаем да аг. Арэхаўна.
З ГІСТОРЫІ АРЭХАЎНА
Пасёлак Арэхаўна размешчаны на беразе аднайменнага возера, за 5 км на паўночны ўсход ад Ушачаў. Цераз Арэхаўна праходзіць аўтамабільная дарога Р 113 (Ушачы – Ула).
Упершыню пасёлак згадваецца ў 1583 годзе, калі кароль Стэфан Баторый падарыў прывілей уладальніку мясцовасці, шляхцічу Рагозе.
Некаторы час гаспадарамі маёнтка былі Корсакі, затым Сушынскія, а ў 1642 годзе яго набыў Тадэвуш Сялява.
У пачатку XVIII стагоддзя Арэхаўна належала роду Полацкага краўчага Яна Рыпінскага, які ў 1745 годзе прадаў маёнтак Антонію і Ядвізе Грабніцкім. Прадстаўнікі роду Грабніцкіх валодалі маёнткам да 1917 года.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Арэхаўна ў 1793 годзе апынулася ў саставе Расійскай імперыі, у Лепельскім павеце Віцебскай губерні.
Новы ўладальнік Арэхаўна Мікалай Грабніцкі ў 1819 годзе пабудаваў у сяле ўніяцкую царкву, якая пасля стала праваслаўнай. У 1884 годзе на месцы старой пабудавана новая царква ў імя святой Параскевы Пятніцы, якая захавалася да нашых дзён і адкрыта для вернікаў у 1993 годзе. У савецкі час у будынку храма знаходзіўся калгасны склад.
Да нашага часу захаваўся таксама сядзібны дом, пабудаваны ў маёнтку Грабніцкімі ў стылі позняга класіцызму ў 1840 годзе. Як адзначае А.Кулагін у артыкуле “Арахаўнянская сядзіба”, што ўваходзіць у энцыклапедычны даведнік “Архітэктура Беларусі”, гэта “мураваны сядзібны дом – П-падобны ў плане 1-павярховы будынак з 2-павярховай цэнтральнай часткай, вылучанай балконам і завершанай 3-вугольным франтонам. Сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушана бакавым размяшчэннем увахода, аформленага 4-калонным атыкавым порцікам. Дваровы фасад вырашаны сіметрычна: у цэнтры выступае 2-павярховы круглаваты эркер і кароткія бакавыя крылы. У аздабленні фасадаў выкарыстаны рустыка, дэнтыкулы, прафіляваныя карнізы, ліштвы і сандрыкі ў абрамленні акон. Планіроўка анфіладная. У цэнтры вылучаецца вялікая авальная зала з вітымі ўсходамі” [1, 53].
Грабніцкія былі добрымі гаспадарамі. У маёнтку працавала палатняная фабрыка, прадукцыя якой адрознівалася высокай якасцю; паравы млын, піваварня, кузня і конезавод. У парку, дзе знаходзілася возера, раслі лістоўніца, кедр, таполя. Цэнтральная алея вяла ад уязной брамы да параднага двара-курданёра.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў будынку маёнтка Грабніцкіх размяшчаўся шпіталь 2-й Ушацкай партызанскай брыгады, а затым функцыянавала школа. Пасля пераезду школы ў іншы будынак, дом прыйшоў у запусценне.
Апошнім часам з’явілася надзея на аднаўленне маёнтка Грабніцкіх. Плануецца вярнуць тагачасныя інтэр’еры, сабраць артэфакты для музея, прывесці ў парадак старажытны парк. Дай Бог, каб запланаванае збылося.
Пакуль жа турысты наведваюць Арэхаўна не толькі з-за прыгожых самабытных азёраў і жадання пабачыць архітэктуру маёнтка, даведацца болей пра гісторыю роду Грабніцкіх. Галоўная славутасць пасёлка – намолены стагоддзямі храм Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы, дзе імкнуцца пабываць многія вернікі.
Асноўны аб’ект турыстычнага маршрута
ХРАМ ВЕЛІКАПАКУТНІЦЫ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ
Храм Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў пасёлку Арэхаўна сёлета адзначыў сваё 205-годдзе. Размешчаны каля дарогі, як будавалі ў мінулым невялікія капліцы святой Параскевы Пятніцы, дзе кожны падарожны мог памаліцца святой, папрасіць збавення ад цяжкіх цялесных ці душэўных хвароб, сямейнага шчасця, дапамогі ў вядзенні гаспадаркі і інш.
Храм Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў Арэхаўна з’яўляецца помнікам архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. “Кананічную 4-часткавую подоўжана-восевую кампазіцыю фарміруюць 3-ярусная 4-гранная шатровая прытвор-званіца, завершаная макаўкай, прамавугольная трапезная, купалападобны аб’ём малітоўнай залы з цыбулепадобнай галоўкай над плоскім 4-схільным дахам, паўкруглая апсіда. Фасады акантаваны графічна абведзенымі лапаткамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў атынкаваных ліштвах”[2, 19–20].
Падрабязных звестак пра храм Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы, на жаль, не захавалася. Вядома, што яго настаяцелямі ў розны час былі айцы Мікалай Аўласевіч, Генадзь Драздовіч, Мікалай Радзевіч, Уладзімір Лаўцэвіч, Дзмітрый Аўсіевіч, Аляксандр Таляронак, а з 2021-га – протаіерэй Вячаслаў Лобец.
Храм Велікапакутніцы Параскевы – самы старажытны на Ушаччыне. У час вяртання будынка царквы вернікам многае патрабавала рамонту, аднаўлення, замены. Пасля разрухі тут зноў адрадзілася духоўнае жыццё.
Праца па добраўпарадкаванні храма вядзецца пастаянна. Раённы выканкам, супрацоўнікі многіх мясцовых прадпрыемстваў, нераўнадушныя землякі і прыхаджане аказваюць дапамогу, робяць пасільны ўнёсак у выратаванне храма і сваёй душы.
Побач з храмам Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў Арэхаўна знаходзіцца святая крыніца, да якой ідуць і ідуць людзі па ваду. Ёсць тут і светлая чыстая купальня, якую з радасцю наведваюць вернікі.
Прыхаджане лічаць, што храм, пабудаваны ў гонар велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ацалеў у час багаборніцкага і ваеннага ліхалецця менавіта дзякуючы заступніцтву і малітвам святой да Госпада.
З Жыція святой мы ведаем, што велікапакутніца Параскева нарадзілася ў горадзе Іконіі ў Малой Азіі. Бацькі яе асабліва шанавалі пятніцу, дзень, калі на Крыжы пацярпеў Гасподзь Ісус Хрыстос. У гонар гэтага дня яны назвалі дачку, якая нарадзілася ў пятніцу, Пятніцай (па-грэчаску Параскева).
Дзяўчынка рана асірацела. Дасягнуўшы паўналецця, яна прыняла абет дзявоцтва і клапацілася пра распаўсюджванне веры Хрыстовай. Калі ў 300-м годзе прыйшоў у горад военачальнік імператара, якому было даручана знішчыць хрысціян, Параскева адмовілася прынесці ахвяру ідалам і за гэта была падвергнута катаванням. Яе павесілі на дрэве і раздзіралі цела жалезнымі цвікамі, а пасля амаль нежывую кінулі ў цямніцу. Бог не пакінуў пакутніцу і цудадзейна ацаліў яе. Але каты не спыняліся. Яны зноў павесілі Параскеву на дрэве і спальвалі цела агнём, які настолькі ўзгарэўся, што папаліў многіх, хто быў побач з катамі. Пасля ўсіх здзекаў святой Параскеве мячом адсеклі галаву. Хрысціяне пахавалі цела велікапакутніцы, ад мошчаў якой людзі пачалі атрымлівалі ацаленні ад хвароб.
У праваслаўных хрысціян святой Параскеве прысвячалі храмы і капліцы, лічылі яе ахоўніцай сямейнага дабрабыту, лекаркай душэўных і цялесных немачаў, а таксама ахоўніцай палёў і хатняй жывёлы. У дзень яе памяці прыносілі ў царкву садавіну для асвячэння.
Памяць Параскевы Іканійскай, Параскевы Пятніцы, хрысціянскай велікапакутніцы ІІІ стагоддзя, здзяйсняецца 28 кастрычніка (10 лістапада н.ст.).
Кандак 1-ы святой велікапакутніцы Параскеве: “Избранной Богом от рода благочестнаго Иконийскаго града, премудрой и всехвальной Невесте Христовой, яко избавльшеся тобою от искушений и бед, благодарственная пения восписуем Ти, молитвенницы твои, многострадальная мученице Параскево, ты же, имея дерзновение ко Господу, от всяких нас бед свободи да зовем ти: Радуйся, Параскево, Невесто Христова всехвальная”.
Штогод 10 лістапада для прыхода царквы Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў аг. Арэхаўна заўсёды храмавае свята.
Вось і сёлета, у лістападзе 2024 года, у Нядзелю 20-ю па Пяцідзясятніцы, у дзень памяці велікапакутніцы Параскевы Пятніцы, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій узначаліў святочную Божую літургію ў прыходзе храма Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў аг. Арэхаўна. У гэты дзень споўнілася 205 гадоў з дня першага ўспаміну пра храм.
Падчас літургіі епіскап Ігнацій узнёс малітоўныя просьбы пра захаванне міру; быў адслужаны малебен святой велікапакутніцы Параскеве Пятніцы, уганараваны прыхаджане, што стаялі каля вытокаў аднаўлення храма і цяпер клапоцяцца пра яго. Дзякуючы і іх намаганням Арэхаўна – намоленае месца не толькі жыхарамі гэтай мясціны.
У арахаўнянскім храме Велікапакутніцы Параскевы Пятніцы заўсёды шматлюдна. Прыязджаюць сюды вернікі і з іншых мясцовасцей. Многа моладзі і школьнікаў, якія з маленства выхоўваюцца ў павазе да веры продкаў. Як лічыць уладыка Ігнацій, “храм – не месца плачу і скрухі, а супакою і радасці. Ад таго, якое адчуванне застанецца ў дзіцяці ад першага наведвання царквы, у многім залежыць далейшы шлях чалавека”.
…Адзіны ўцалелы ў гады ліхалецця праваслаўны храм на Ушаччыне працягвае дарыць свет надзеі людзям.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – 620 с.
- Царква ў імя святой мучаніцы Параскевы Пятніцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – 655 с.
Крыніцы
- https://www.ushachi.eparhia992.by
- https://www.eparhia992.by
- https://hram.by
- https://sobory.ru
- https://planetabelarus.by
- https://orda.of.by
- http://pridvinie.vlib.by
- https://www.belpatriot.by
- https://azbyka.ru
- https://welcometobelarus.ru