“Я крыжа ніколі не прамяняю на ваша старшынства”: свяшчэннапакутнік Леанід Біруковіч

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Леанід Біруковіч нарадзіўся 15 красавіка 1864 года ў вёсцы Ухвала Барысаўскага павета (цяпер вёска Крупскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і спадчыннага святара, протаіерэя Платона Сафроніевіча Біруковіча і матушкі Канстанцыі Іванаўны.

Айцец Платон быў шчыра адданы слуга Госпада. За паспяховае навучанне дзяцей закону Божаму пры Брадзецкім народным вучылішчы, яго не раз адзначалі ўзнагародамі, падзякамі. Абіралі святара і дэпутатам.

Платон Сафроніевіч быў акруговым духоўнікам, а гэта сведчыць пра яго пастырскі аўтарытэт сярод духавенства. Разам з матушкай, Канстанцыяй Іванаўнай, бацюшка выхаваў васьмярых дзяцей, якія раслі ў любові і набожнасці, заўсёды добра паводзілі сябе.

Лаўр, Іван, Аляксандр, Леанід (у будучым – новапакутнік), Віктар, Аляксей, Павел, Сафія – усе бачылі ў сваіх бацьках добры прыклад хрысціянскага жыцця.

У 1889 годзе Леанід Біруковіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1892 годзе айца Леаніда прызначылі настаяцелем да Смалявіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Барысаўскага павета.

Смалявіцкая Свята-Мікалаеўская царква. Пачатак ХХ ст.
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы.

У 1894-м святар Леанід быў прызначаны да Смарэцкай Успенскай царквы. Бацька Леаніда, Платон Сафроніевіч, у 1899 годзе ва ўзросце 68 гадоў адышоў да Госпада. Святар Леанід, на той час настаяцель Смарэцкай Успенскай царквы (цяпер вёска Зорычы Барысаўскага раёна), напісаў прашэнне аб пераводзе на месца бацькі.

Прашэнне задаволілі, і айцец Леанід прыехаў у вёску Брадзец Ігуменаўскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці).

З колішняй размовы старшыні камісіі па кананізацыі святых Барысаўскай епархіі, настаяцеля храма святога вялікапакутніка Георгія Пераможца ў аграгарадку Сяліба Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці іерэя Алексія Маслянкова, мы даведваемся, якая там была царква: “Храм у гонар Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Брадзец, дзе служыў айцец Леанід, быў пабудаваны ў 1806 годзе на сродкі мясцовага памешчыка Сільвестра Лукашэвіча. Паводле статыстычнага апісання прыходаў Мінскай епархіі Ігуменскага павета за 1879 год, унутраная прастора Брадзецкай царквы складала каля 115 квадратных метраў.

Столь храма абабіта дошкамі, а сцены – афарбаваныя ў розныя колеры палатном. Будынак не меў ацяплення. Клірасы змяшчаліся на салеі, узнятай на адну прыступку. Іканастас старога ўладкавання – дашчаны, нагадваў шырму, пафарбаваны ў зялёны колер, аднаярусны, з сямі абразоў, напісаных народным умельцам, за выключэннем іконы Свяціцеля Мікалая”.

“Царква за мінулы, практычна 100-гадовы перыяд, прыйшла ў нягоднасць. Рамонт доўгі час не мог ажыццявіцца ў сувязі з адсутнасцю грошай у дзяржаўнай казне… Несумненна, трэба было мець непахісную веру і велізарнае цярпенне, каб не страціць надзею і не апускаць рукі, натыкаючыся на разнастайныя перашкоды… Актыўны, жывы ўдзел прымалі прыхаджане ў пабудове царквы. У 1906 годзе на месцы старога заззяў новы храм. Ён быў бачны здалёку, бо дах абшылі ацынкаваным металам, які на сонцы пераліваўся бляскам…”

Айцец Леанід быў узведзены ў сан протаіерэя і служыў, цалкам аддаючы сябе Богу і людзям. Прыхаджане за доўгія гады служэння сталі практычна яго сям’ёй.

Жонка айца Леаніда, Марыя Аляксандраўна, паходзіла з дваранскага роду. У сям’і панавала ўзаемнае каханне і павага. У айца Леаніда і матушкі Марыі Аляксандраўны нарадзілася пяцёра дзяцей: Аляксандр, Валянціна, Марыя, Кацярына і Сяргей.

Марыя Сцяпанаўна Гурава, унучка айца Леаніда, успамінае, што бацюшка, акрамя сваіх дзяцей, якіх было пяцёра, апекаваў яшчэ пяцярых дзяцей памешчыка Беліновіча, якія засталіся сіротамі (бацькі памерлі ад сухотаў). Усе дзеці былі добра выхаваныя. Раслі і гулялі разам з сялянскімі, бегалі басанож, лавілі рыбу.

З 1899 года святар стаў настаяцелем царквы Успення Божай Маці сяла Брадзец Ігуменскага павета Мінскай губерні (сёння гэта Бярэзінскае благачынне Мінскай епархіі).

Каля 40 гадоў айцец Леанід служыў настаяцелем царквы Успення Божай Маці ў маленькай вёсачцы Брадзец, закінутай сярод лясоў і балот па цячэнні ракі Бярэзіна.

За гэты час ён набыў непадробную любоў сваіх прыхаджан, якіх акармляў неадлучна, нягледзячы на ўсе цяжкасці паслярэвалюцыйнага часу.

Святар на сяле быў практычна адным з нешматлікіх адукаваных людзей. Да яго звярталіся і за жыццёвай парадай, і за дапамогай у правільным напісанні прашэння ў вышэйшыя інстанцыі, і нават пры цялесных хваробах.

Жыццё ў вёсцы было ў святара няпростае.

Унучка Марыя ўспамінае, што для таго, каб пракарміць сваю сям’ю, айцец Леанід завёў вялікую гаспадарку. “Уставаў у 4-5 раніцы, дапамагаў сялянам і потым ішоў на службу. Ён добра спяваў, іграў на гітары.

Айцец Леанід быў вельмі трывалым фізічна. Распавядалі адзін выпадак. Аднойчы, пад час сенакосу (а сенакос быў у балоцістым месцы), конь з возам уграз і не мог зрушыцца з месца, тады сам бацюшка ўпрогся замест каня і выцягнуў воз з сенам”.

Бацюшка валодаў таксама, па словах ўнучкі, і некаторымі медыцынскімі ведамі. Пры зручным выпадку набываў у горадзе лекі і дапамагаў сялянам пры неабходнасці, таму што ў сялян не заўсёды была магчымасць трапіць да доктара.

Складаны быў час і для айца Леаніда, і для яго паствы.

Святар Леанід Біруковіч.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкая ўлада ўсталявалася і ў Бярэзінскім раёне. Людзі баяліся будучых узрушэнняў. Нямала гора нанесла ім польская акупацыя. Хоць палякі стаялі на другім беразе Бярэзіны, але Брадзец і суседнія вёскі падвяргаліся набегам і пагромам. Савецкая ўлада праяўляла нянавісць да царквы.

Сям’ю айца Леаніда напаткала цяжкае гора: на іх вачах расстралялі старэйшага сына Аляксандра. Па адной з версій гэта зрабілі бальшавікі са словамі: “Каб не пладзілася папоўскае семя”; па іншай версіі – польскія інтэрвенты.

Айцец Леанід меў вялікі аўтарытэт сярод мясцовага насельніцтва, і ўлады не рашаліся адразу закрыць храм. Спачатку прапанавалі яму адрачыся ад святога сану і стаць старшынёй сельскага савета. Але бацюшка цвёрда адказаў: “Я крыжа ніколі не прамяняю на ваша старшынства”.

І айцец Леанід стаў на шлях адкрытага вызнаўства Хрыста. У яго забралі дом і ўсю гаспадарку, а сям’ю выгналі на вуліцу, пакінуўшы без сродкаў для існавання. Але прыхаджане не далі яму загінуць. Святару дапамаглі знайсці прытулак і пабудаваць новы дом.

Протаіерэя Леаніда Біруковіча арыштоўвалі некалькі разоў.

Першы раз айца Леаніда арыштавалі 19 мая 1933 года з-за даносу, быццам ён захоўвае ў сябе залатыя манеты царскай чаканкі. Органы АДПУ абвінавацілі святара ў правядзенні антысавецкай і спекулятыўнай дзейнасці. Бацюшка прабыў у зняволенні паўтара месяца, але з-за недаказанасці віны яго вызвалілі.

У красавіку 1935 года айца Леаніда арыштавалі другі раз. Перад гэтым былі распараджэнні, загады аб неабходнасці забіраць храмы на патрэбы “працоўнага класа” – пад клубы, збожжасховішчы, стайні …

Між прадстаўнікамі мясцовых уладаў і прыхаджанамі царквы ўспыхнуў канфлікт, выкліканы рашэннем аб закрыцці царквы.

Прадчуваючы нядобрае, айцец Леанід незадоўга да гэтага наведаў шматлікіх вернікаў, сабраўшы сярод іх подпісы ў абарону храма. Аднак гэтыя подпісы не дапамаглі.

19 красавіка 1935 года ў вёску з’явіліся няпрошаныя госці на чале са старшынёй мясцовага райвыканкама. Каля царквы сабралася каля пяцісот вернікаў. Калі актывісты-калгаснікі рушылі апячатваць храм, у іх паляцелі камяні і палкі. Адбылася сутычка, пасля чаго актывісты адступілі. Трое сутак мясцовыя жыхары ахоўвалі свой храм, дзяжурылі каля яго. Але доўга так працягвацца не магло. І хутка царкву закрылі. Адбылося гэта ў 1935 годзе.

Вінаватымі ў тым, што адбылася сутычка, былі абвешчаны айцец Леанід Біруковіч і псаломшчыца Ганна Васільеўна Собаль. Абодвух неадкладна арыштавалі і асудзілі. Айцец Леанід быў прысуджаны да шасці гадоў зняволення ў канцлагеры, Ганна Собаль – да чатырох гадоў.

Вясной 1937 года айца Леаніда нечакана вызвалілі. Прычынай таму з’явілася крайняе пагаршэнне яго здароўя. Святару тады ішоў 72-ы год. Ён вярнуўся ў Брадзец і ўбачыў царкву, пераробленую пад клуб, са скінутымі крыжамі…

У чарговы раз бацюшку Леаніда арыштавалі 18 ліпеня 1937 года, абвінаваціўшы ў тым, што, вярнуўшыся з-за кратаў, ён зноў заняўся зборам подпісаў за адкрыццё царквы ў Брадцы.

Праслужыўшы на адным месцы амаль сорак гадоў, айцец Леанід ніяк не мог змірыцца з тым самавольствам, якое ўчынілі бязбожнікі, закрыўшы храм.

Айца Леаніда дапытвалі некалькі разоў. Але ён адмовіўся даваць якія-небудзь паказанні з прычыны адыёзнасці “следства”.

У “Акце”, складзеным супрацоўнікамі Бярэзінскага НКУС, захаваўся наступны запіс: “Гэтай датай дапытаны г. Біруковіч Л.П., які пасля заканчэння допыту заявіў, што пратакол допыту з яго слоў запісаны правільна, але падпісваць яго ён катэгарычна адмаўляецца і ў далейшым адказваць на пытанні і размаўляць з прадстаўнікамі НКУС не будзе”.

Айца Леаніда жорстка збівалі, і ён вымушаны быў ставіць свой подпіс пад кожным адказам. Аднак бацюшка не змяніў сваіх поглядаў і захаваў вернасць Госпаду Богу, не адмовіўшыся ад Яго нават перад тварам смерці.

22 жніўня 1937 года протаіерэй Леанід Біруковіч тройкай пры НКУС БССР быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай агітацыі і прысуджаны да расстрэлу. Протаірэй Леанід расстраляны ў Мінску 25 жніўня 1937 года.

У 1941 годзе, у час вайны, храм у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Брадзец, дзе служыў айцец Леанід, згарэў.

Свяшчэннапакутнік Леанід Біруковіч.

Айцец Леанід Біруковіч рэабілітаваны 26 сакавіка 1989 года Пракуратурай БССР. Шмат у чым гэтаму паспрыяла ўнучка святара Марыя Сцяпанаўна Гурава, якая ведала свайго дзядулю як сумленнага, справядлівага чалавека. “Ён не мог паступіцца сваім сумленнем, а тым больш зрабіць нешта злачыннае супраць дзяржавы”, – казала Марыя Сцяпанаўна.

Пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года Леанід Біруковіч далучаны да ліку мясцовашануемых святых, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Барэльеф з выявай айца Леаніда Біруковіча. Скульптар Аляксандр Навасёлаў.

Беларускі скульптар Аляксандр Навасёлаў, прапраўнук святара Леаніда Біруковіча, стварыў барэльеф з выявай свяшчэннапакутніка. Барэльеф знаходзіцца ў цокальным паверсе капліцы горада Беразіно, якая асвечана ў гонар свяшчэннапакутніка Леаніда Біруковіча.

Памятны камень і мемарыяльная дошка на месцы разбуранага храма ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.

10 кастрычніка 2020 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, асвяціў памятны камень з выявай свяшчэннапакутніка Леаніда Біруковіча і мемарыяльную дошку на месцы разбуранага храма ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Брадзец Бярэзінскага района.

У красавіку 2021 года ў Беразіно адбылася прэм’ера фільма рэжысёра Дзмітрыя Арцюха “Прасвітар Брадзецкі”, прысвечанага жыццёваму шляху новапакутніка Леаніда Біруковіча.

Памяць пра свяшчэннапакутніка Леаніда Біруковіча ўшаноўваецца вернікамі і родзічамі, у яго гонар названа адна з вуліц у Беразіно.

Кожны год у жніўні, напярэдадні Дня памяці свяшчэннапакутніка, вернікі збіраюцца благачыннем і хрэсным ходам ідуць у Брадзец, да месца храма, дзе служаць малебен.

Дні памяці:

Нядзеля 1-я, пачынаючы ад 7-га лютага, або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

25 жніўня – у дзень гібелі свяшчэннапакутніка Леаніда Біруковіча.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • borisoveparhia.by
  • church.by
  • www.blaqobor.by
  • obitel – minsk.ru
  • drevo-info.ru
  • by.openlist.wiki
  • krynica. info.be
  • www. radzima.net
  • Кривонос Феодор, иерей. Новомученики Минской епархии. – Мн., 2003.