“Я ніколі не здраджваў свайму сумленню”: свяшчэннапакутнік Пётр Грудзінскі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй  і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшчэннапакутнік Пётр Грудзінскі нарадзіўся ў 1877 годзе ў горадзе Глуску Мінскай губерні (цяпер – Магілёўская вобл.) у сям’і мешчаніна Феафіла Грудзінскага.

Бацька Пятра арандаваў царкоўную зямлю для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Таму і запісаўся ў сялянскае саслоўе, куды аўтаматычна трапіла і ўся сям’я. Пасля гэта адыграла важную ролю ў свецкай кар’еры Грудзінскага.

Хлопчык з ранняга ўзросту ў аднолькавай меры цягнуўся і да працы на зямлі, і да паперы – марыў стаць навукоўцам, пісьменнікам. З дзяцінства ён пазнаў цяжкасці сялянскай працы, дапамагаючы бацьку. А на святы спяваў у царкоўным хоры, куды бралі хлопчыкаў з чыстымі моцнымі галасамі.

Пётр скончыў Глускую народную школу – пачатковую навучальную ўстанову для сялянскіх дзяцей. Вучыліся ў ёй тры гады – з васьмі да адзінаццаці гадоў. Потым – павятовае вучылішча ў Глуску, дзе выкладалі ажно 15 прадметаў, што ахоплівалі самыя розныя галіны ведаў.

З юных гадоў Пётр працаваў валасным пісарам у вёсцы Гарадок Бабруйскага павета. А пасля – інспектарам у страхавым ведамстве. Не пакідаў і фермерскую справу: на двух гектарах зямлі завёў моцную, прыбытковую гаспадарку. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Ірынай.

Шлях да грамадскай трыбуны адкрыўся для яго прыкладна ў 30 гадоў. У 1907 годзе Пётр Феафілавіч выставіў сваю кандыдатуру на выбарах у Дзяржаўную Думу другога склікання і быў абраны дэпутатам ад сялян. Ён увайшоў у групу беспартыйных, паколькі не мог вызначыцца з выбарам палітычнага крэда. Грудзінскі хацеў усяго толькі прадстаўляць і адстойваць у думе інтарэсы сельскіх працаўнікоў, а не выступаць за глабальныя перамены ў пабудове дзяржавы, пра што ішла гаворка тады сярод большасці палітыкаў. Уваходзіў Грудзінскі ў камісіі па дэпутацкіх запытах і па мясцовым судзе. Неаднаразова выступаў па аграрнай тэматыцы.

Пётр Феафілавіч меў рэпутацыю спакойнага, паважанага заканадаўца, таму, напэўна, яго і запрасілі ўдзельнічаць у рабоце Дзяржаўнай нарады. Гэты ўсерасійскі палітычны форум быў скліканы Часовым урадам у Маскве ў жніўні 1917 года. Тады яшчэ нішто не прадказвала бальшавіцкі пераварот, і ўдзельнікі свабодна абмяркоўвалі цывілізаваную будучыню Расіі, пытанні вайны і міру, неабходнасць аб’яднання розных слаёў насельніцтва краіны пад кіраўніцтвам лепшых народных прадстаўнікоў.

На нарадзе банкір і прамысловец Павел Рабушынскі выказаў свае знакамітыя словы: маўляў, у цяперашні час “Расія кіруецца марай, невуцтвам і дэмагогіяй”. Развіваючы гэтую думку, генерал Аляксей Каледзін заявіў, што “ў грозную гадзіну цяжкіх выпрабаванняў на фронце і ў тыле ад значнага палітычнага і эканамічнага развалу і разрухі, ад гібелі краіну выратаваць можа толькі сапраўды цвёрдая ўлада”. Бальшавікі прысутнічалі ў зале і, як кажуць, маталі на вус …

Цяжка сказаць, якое ўражанне зрабіла гэтая дыскусія на Пятра Грудзінскага. Аднак пасля заканчэння нарады ён праз нейкі час вярнуўся на радзіму, адмовіўшыся прымаць удзел у далейшых палітычных падзеях. Працаваў на зямлі, рыхтаваўся стаць святаром. Гэтае жаданне асабліва ўзмацнілася ў Пятра Грудзінскага ў перыяд грамадзянскай вайны, калі на свае вочы пабачыў народныя пакуты.

Прысвяціць сябе царкоўнаму служэнню – вось самы годны выхад у той няпросты час. Да такой высновы, відавочна, прыйшоў саракагадовы Пётр Феафілавіч.

Пётр Грудзінскі.

І ў 1921-м годзе Пётр Грудзінскі быў пасвечаны ў святары, пачаў служыць у царкве святога Мікалая Цудатворца вёскі Цімкавічы Слуцкага павета (цяпер – Капыльскі раён Мінскай вобласці). У гэтай царкве ён служыў да свайго арышту, набыўшы павагу і любоў вернікаў.

Царква святога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Цімкавічы.

Набліжаліся часы масавых палітычных рэпрэсій, і першымі прынялі на сябе ўдар бязбожнай улады менавіта праваслаўныя святары. Іх пачалі высылаць на поўнач, саджаць у турмы і расстрэльваць ужо з першых гадоў савецкай улады. Дакаціўся вал арыштаў і да беларускай глыбінкі.

Царква святога Мікалая Цудатворца (сучасны выгляд).

13 студзеня 1930 года АДПУ арыштавала айца Пятра па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці, і ён быў заключаны ў турму ў горадзе Слуцку. У “Пастанове на арышт”  гаварылася:“ …ёсць звесткі, што поп Цімкавіцкай царквы Грудзінскі Пётр, былы член Дзярждумы, меў сувязь з былымі чыноўнікамі і цераз іх праводзіў антысавецкую агітацыю”.

Мелася на ўвазе, што бацюшка, прадчуваючы нядобрае, часта гаварыў вернікам трымацца храма і старацца прыкласці ўсе намаганні, каб храм дзейнічаў.

У той час, калі святар быў пад арыштам, бязбожнікі-актывісты ў Цімкавічах правялі сход, на якім “…унеслі прапанову ліквідаваць нароўні з усімі кулакамі і папа Грудзінскага за яго контррэвалюцыйную дзейнасць”.

Святар Пётр Грудзінскі.

Вядома ж, былое абранне Пятра Грудзінскага прадстаўніком сялян у царскай Думе сталася толькі падставай для знішчэння святара.  

Чэкісты дамагліся ад жонкі іерэя, матушкі Ірыны, каб яна даслала яму ў турму ліст з заклікам адмовіцца ад веры.

У следчай справе захавалася перапіска айца Пятра Грудзінскага з жонкай Ірынай, якая ў апошнім лісце ўмольвала мужа адмовіцца ад сана, але ён не пагадзіўся.

З перапіскі ясна відаць, што айцец Пётр да канца дзён сваіх заставаўся верны пастырскаму абавязку і не здрадзіў Царкве.

Матушка Ірына ў адным з лістоў пісала:  “Прашу цябе, Пятрок, калі ты шкадуеш мяне, адмоўся ад сваіх перакананняў, якія нічога нікому не даюць. Я цябе неаднаразова прасіла пра гэта і раней. За гэтыя восем гадоў, успомні, колькі, ці ледзь не штодня, было скандалаў паміж намі з-за рэлігіі! Для цябе я крывіла душой, нацягвала маску ў сілу прыхільнасці да цябе. Цяпер жа няма ўжо ніякай сілы, я стамілася цярпець з-за таго, у што не веру. І я ў апошні раз пытаюся ў цябе: каму ты аддаеш перавагу – мне ці сваёй, як ты кажаш, ідэі?! Калі пагодзішся са мной, я паеду з табой хоць на край свету, не баючыся цяжкасцей. Але пры думцы, што мне трэба працягваць быць пападдзёй, я ўся ўздрыгваю –  не магу. Адкажы мне, як быць?”

 “Дарагая Ірачка, – пісаў з турмы айцец Пётр у адказ на гэты ліст, – твой ліст уразіў мяне больш за арышт, і толькі ўсведамленне таго, што ён прадыктаваны горам і патрэбаю, крыху супакоіла мяне. Вось ужо хутка будзе дваццаць чатыры гады, як мы жывём разам, і ты, родная, мела магчымасць пераканацца, што я заўсёды стараўся быць сумленным і справядлівым, што я ніколі на здзелкі са сваім сумленнем не ішоў. Ты добра ведаеш, што я ворагам савецкай улады ніколі не быў … і злачынцам сябе ні ў якой меры не лічу. Таму асабліва турбавацца не трэба. Калі ж лёсу заўгодна паслаць мне выпрабаванне, то скарыцца так ці інакш неабходна. Я ніколі не здраджваў свайму сумленню, чаму ж ты, карыстаючыся бядотнымі абставінамі, штурхаеш мяне на ганебны ўчынак, ведаючы маю рэлігійнасць, не напускную, а ўнутраную?! Адрачыся ад веры ў Хрыста, Які з’яўляецца сэнсам усяго майго жыцця, ад Якога бачыў я столькі добрых дзеяў, і пакінуць Яго ў той час, калі я набліжаюся да магілы?!

Я не магу, і не зраблю гэтага нават дзеля цябе, якую заўсёды любіў і люблю. Дарагая мая, вазьмі сябе ў рукі і не давай ходу чорным думкам… Прыйшлі мне грэбень, ён у цёплым падрасніку. Сам я здаровы, адчуваю сябе добра і толькі часта думаю пра цябе, што табе так цяжка. Моцна абдымаю цябе, цалую і малюся, каб Гасподзь падмацаваў цябе, захаваў ад зла”.

Нядоўга айцец Пётр пасля гэтага ліста заставаўся жывы.

Выпіска з пратакола ад 23 лютага 1930 года.

23 лютага 1930 года ў адпаведнасці з пастановай калегіі АДПУ іерей Пётр Грудзінскі асуджаны са святарамі Валяр’янам Навіцкім і Аляксандрам Радакоўскім за “антысавецкую дзейнасць” і прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Праз некалькі дзён прысуд прыведзены ў выкананне. Рэабілітаваны пракуратурай БССР 28 красавіка 1989 года. Асабістая справа №26764-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Свяшчэннапакутнік Пётр Грудзінскі.

Пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года Пётр Грудзінскі быў далучаны да ліку мясцовашануемых святых, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага або бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

23 лютага – у дзень прыгавору да расстрэлу свяшчэннапакутніка Пятра Грудзінскага, прасвітара Цімкавіцкага.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Нядзеля 28 кастрычніка або бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik. by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  1. ru. wikipedia.org
  • polit.ru
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). – Минск: издатель В.М. Скакун, 2002.
  • Новомученики Слуцко-Солигорской епархии/ сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск.: Христианский образовательный центр имени святых Мефодия и Кирилла, 2019. – С. 26 – 28.