Марына Броннікава, вучанiца 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Лунінца, пад кiраўнiцтвам настаўніцы Наталлі Самуілаўны Харкевіч напiсала работу, ў якой расказваецца аб адной сямейнай рэліквіі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне як свяшчэнны дар.
Вясна! Гэта абуджэнне і аднаўленне прыроды, чаканне чагосьці новага і добрага… Вясной мы адзначаем чарговую гадавіну Дня Перамогі. Наша сямейная рэліквія звязана з Вялікай Айчыннай. З пакалення ў пакаленне перадаюцца ваенныя лісты майго прадзеда – Адама Васільевіча Насені.
Як і мільёны жанчын, чые мужы ваявалі, мая прабабуля Вольга Мікалаеўна, жыхарка вёскі Кормуж, чакала вяртання любімага чалавека з фронту. У думках прыгадвала, якім незвычайным было іх каханне. Хаця… Раней і слова такога не ведалі. 17-гадовую дзяўчыну выдалі замуж за 29-гадовага селяніна. Нявеста была паслухмянай і працавітай – галоўныя якасці для жонкі, што і дэманстравала ў шлюбе. Разам шчыравалі на зямлі, разам сталі ўзводзіць новае жытло, у якім, марылася, будзе гучаць мноства дзіцячых галасоў.
На жаль, дабудаваць дом не паспелі. Грымнула вайна, а з ёй – і фашысцкая акупацыя. З вызваленнем Беларусі жонка з двухгадовай дачушкай праводзілі мужа і бацьку на фронт. Пачаўся цяжкі час чакання, асветлены радасцю атрымання лістоў ад роднага чалавека. Адам Насеня быў непісьменным, таму простыя словы дыктаваў саслужыўцам. У кожнай вестачцы цікавіўся самаадчуваннем жонкі і дачкі, пытаўся аб справах у хатняй гаспадарцы, прасіў паведамляць вясковыя навіны. Аб сабе гаварыў коратка: “Жыву па загаду, адчуваю сябе добра”…
Вясной 1945-га прабабуля Вольга атрымала ліст, напісаны роўным прыгожым почыркам:
“Добры дзень, незнаёмая Вольга. У першых словах свайго пісьма паведамляю вам сумную навіну аб тым, што ваш муж, Насеня Адам Васільевіч, загінуў смерцю храбрых абаронцаў сацыялістычнай радзімы і нашага жыцця ў баях з нямецкімі захопнікамі. Я ўбачыў цела вашага загінуўшага мужа, пахаваў яго на тым месцы, дзе ён быў забіты: на германскай тэрыторыі, 30 метраў ад ракі Одэр. У яго кішэні ў штанах была чырвонаармейская кніжка і ваша фотокартачка…”.
Здымак быў настолькі заліты крывёю, што ледзьве разлічаліся абрысы. На лісце стаяла дата: 12 красавіка 1945 года. Лічаныя дні заставаліся да заканчэння вайны…
Ці трэба гаварыць, якім цяжкім быў лёс салдацкай ўдавы?.. Вольга Мікалаеўна працавала, гадавала дачку Марыю – маю бабулю. Яна падарыла маці пяцёра ўнукаў, тыя, у сваю чаргу, – шасцёра праўнукаў, у ліку якіх – і я.
Прабабуля ў 24 гады засталася ўдавой і ні з кім больш не злучыла сваё жыццё. Яна захавала вернасць загінуўшаму мужу і, як святыні, зберагала ваенныя лісты. Зямны шлях Вольгі Насеня завяршыўся ў 2004 годзе… Потым сямейныя рэліквіі захоўвала мая бабуля, а цяпер свяшчэнны дар прыняла мая мама.
Дрэва жыцця працягвае галінавацца. Нам, праўнукам, у свой час належыць расказаць сваім дзецям аб каранях роду і аб тых гераічных падзеях, якіх ніколі не забудзем. І няхай нікому не давядзецца выпрабаваць трагедыю вайны…
Па материалам сайта Пинской епархии pinskeparh.by