Праасвяшчэннейшы ўладыка Веніямін і Анатоль Статкевіч-Чабаганаў у Дзень духоўнай кнігі падчас XIX Мінскай кніжнай выставы-ярмаркі. 2012 г.

“Я – сын Ваш”: летапіс-гімн продкам і роднай зямлі

26 сакавіка 2020 года спаўняецца роўна год, як не стала светлага чалавека, адданага ўсім сэрцам айчыннай культуры, вядомага пісьменніка і даследчыка, шчырага верніка, уладкавальніка помніка святой Сафіі Слуцкай Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава. Пасля цяжкай невылечнай хваробы ён пайшоў з жыцця, пакінуўшы шмат планаў і ненапісаных кніг, нерэалізаваных праектаў…

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

На працягу трыццаці гадоў Анатоль Васільевіч шчыраваў над даследаваннем старажытных беларускіх родаў. Галоўнае было – адшукаць неабходныя звесткі і настойліва апрацоўваць, каб за пылам гісторыі не страціць унікальнай інфармацыі пра таго ці іншага родзіча. 

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з дзяцінства ведаў пра прыналежнасць да старажытнага дваранскага роду, пра трагедыі, якія абрынуліся на сям’ю ў ХХ ст., і адна з іх – арышт і гібель дзеда, Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча. Хлопчык адчуваў усім сэрцам той бясконцы боль, што давялося перажыць бабулі, Марыі Аляксандраўне, якую з малымі дзецьмі адправілі ў высылку ў Комі-Пярмяцкую акругу. З гадамі ўсё больш умацоўвалася жаданне даведацца праўду. А даведаўшыся яе, Анатоль Васільевіч зрабіў усё магчымае, каб данесці гэтую праўду да людзей. І шчырае сыноўняе слова ператварылася ў магутны гімн свайму роду, а таксама яшчэ дзясяткам старажытных беларускіх родаў, сталася знакавай падзеяй не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

Многія міжволі задумваліся, адкуль у Анатоля Васільевіча было жаданне ахвяраваць, укладваць сродкі ў культурна-гістарычныя помнікі, “марнаваць” уласны час на сапраўды тытанічную шматгадовую працу?

А адказ бачыўся простым, ён вынікаў з тых самых біяграфічных фактаў – гэта генетычная памяць не давала прайсці міма разбуранага ад часу храма, загадвала на ўласныя сродкі ўладкоўваць помнікі святой Сафіі Слуцкай у Мінску і Слуцку, скіроўвала на пошукі і аднаўленне напаўзабытых магіл далёкіх родзічаў…

У красавіку 2010 года ў раздзеле “Нацыянальная і сусветная культура” чытачы навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” змаглі ўбачыць артыкул шаноўнага аўтара “Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”.

Адразу адчулася жыццёвая праўда, інтэлігентная шчырасць, энергетыка радка, добрае веданне тэмы. Яно і зразумела. Пісьменнік распавядаў пра набалелае, перажытае ім і яго продкамі, якім як прадстаўнікам старажытнага дваранскага роду давялося спазнаць у жыцці горыч расчараванняў і трагедыю найвялікшых страт у пераломныя моманты гісторыі краіны. 

Захацелася больш даведацца пра мінулае. І пісьменнік не прымусіў чытачоў доўга чакаць. У майскім нумары часопіса “Роднае слова” за 2010 г. быў апублікаваны артыкул пра старажытны род Карафа-Корбутаў. З’явіліся аўтарскія публікацыі ў часопісах “Полымя”, “Нёман”. На працягу амаль трох гадоў у “Родным слове” дзейнічала пастаянная рубрыка “Вяртанне да вытокаў”, дзе даследчык і вялікі руплівец, клапатлівы зберагальнік айчыннай культуры Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядаў чытачам пра шматлікія старажытныя роды на Беларусі, шчодра дзяліўся ўнікальным па сваёй сутнасці матэрыялам. 

Неўзабаве ўбачыла свет серыя кніг Анатоля Васільевіча пад агульнай назвай “Я – сын Ваш: Летапіс беларускай шляхты”, выданне якіх здзяйснялася па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

З 2011 да 2018 года кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава выходзілі ў выдавецтве “Беларуская Праваслаўная Царква” – на рускай мове, у рэдакцыі часопіса “Роднае слова” – на беларускай. Усяго выйшла 7 грунтоўных тамоў, з якіх чытачы даведаліся пра жыццёвы шлях прадстаўнікоў старажытных шляхецкіх родаў Беларусі, сярод іх Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”, Карафа-Корбуты герба “Корчак”, Некрашэвічы герба “Любіч”, Татуры герба “Данброва”, Сеўрукі герба “Курч”, Кернажыцкія герба “Юноша”, Маствіловічы герба “Даленга”, Арцішэўскія герба “Роля”, Сыцько герба “Астоя”, Казановічы герба “Гржымала”, Тычыны гербаў “Тучынскі” і “Тржаска”, Ждановічы-Гурыновічы герба “Любіч”, Забэлы герба “Тапор”; Глінскія, Ліхадзееўскія, Глінскія-Ліхадзіеўскія гербаў “Глінскі”, “Ястрабец”, “Ясенчык”; мяшчанскія роды Казанкіны і Чабаганавы і інш.

Па сутнасці, пісьменнік паказаў праўдзівую гісторыю Айчыны ў асобах, раскрыў яе ў чалавеказнаўчым плане за пяць апошніх стагоддзяў. А гэта ўжо новы погляд на вывучэнне гісторыі, якую мы звычайна разглядаем праз прызму спосабу вытворчасці, ладу жыцця, значных падзей. Аўтар жа ішоў ад аповеду пра жыццё як звычайных людзей, якія проста жылі на гэтай зямлі, узрошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей, марылі і спадзяваліся на лепшае, а калі трэба было абараняць сваю Айчыну, мужна змагаліся, не шкадуючы свайго жыцця, так і вядомых, якія пакінулі свой адметны след у гісторыі. Як, скажам, мітрапаліт Кіеўскай і ўсяе Русі Грыгорый, архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іван, якія служылі справе духоўнасці ў XV–XVI стст., як вядомы акадэмік і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч, камандуючы ПДВ СССР генерал Казанкін… Кожны з герояў твораў Анатоля Статкевіча-Чабаганава – рэальная, нявыдуманая асоба са сваім няпростым лёсам, пазначаным часам, у які давялося жыць. 

Многія гады Анатоль Васільевіч займаўся даследаваннем уласнага роду. І гэтае даследаванне, як згадваў сам аўтар, з часам перарасло ў вывучэнне гісторыі Айчыны. За гады самаадданай працы даследавана больш за 40 старажытных шляхецкіх родаў…

       “Рака мая! Радавод мой! Вы не канулі ў Лету! Лёсу было неабходна, каб я стаў летапісцам вашым”, – прызнаваўся Анатоль Васільевіч, які сваім грунтоўным генеалагічным даследаваннем вярнуў нас, беларусаў, да родавай памяці. Асноўнай духоўнай справай жыцця па стварэнні кніжнай энцыклапедыі па генеалогіі не толькі свайго роду, але і беларускай шляхты, ён паказаў кожнаму з нас прыклад любові і павагі да ўласных продкаў, уласнай сям’і, родных каранёў.

Летапісам-гімнам роднай зямлі, яе шматвекавой гісторыі і простым, звычайным і знакамітым людзям сваёй Айчыны сталі кнігі “Я – сын Ваш” Анатоля Статкевіча-Чабаганава, за што руплівы даследчык і захавальнік айчыннай культурнай спадчыны атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 года. Даследаванне Анатоля Статкевіча-Чабаганава станоўча ацэнена вядомымі айчыннымі і замежнымі вучонымі, творчай грамадскасцю.

Пісьменнік уганараваны нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “За значны ўклад у даследаванне беларускай генеалогіі і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”, Ганаровай граматай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “За выдатную працу па захаванні духоўных каштоўнасцей і культурнай спадчыны, бясцэнны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы краіны”, медалём Францыска Скарыны.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, стаў членам-карэспандэнтам Міжнароднай генеалагічнай акадэміі (Францыя).

За высокі духоўны подзвіг Руская Праваслаўная Царква ўзнагародзіла Анатоля Статкевіча-Чабаганава ордэнамі Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай, Свяціцеля Кірылы Тураўскага І ступені, святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ ступені.

Праваслаўная Царква Чэшскіх зямель і Славакіі ўганаравала аўтара “Залатым медалём святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія”, Акадэмія расійскай славеснасці – Пушкінскім медалём “Ревнителю просвещения”, Расійская генеалагічная федэрацыя – медалямі “За ўклад у развіццё генеалогіі і іншых гістарычных дысцыплін” I і II ступені.

Атрыманы і іншыя высокія ўзнагароды – Імператарскі ордэн Святой Ганны 2-й ступені з Граматай Вялікай княгіні Марыі Уладзіміраўны (Главы расійскага Імператарскага дома Раманавых) “…во внимание к усердным трудам во славу Русской Православной Церкви, в воздаяние заслуг в деле возрождения и сохранения исторической памяти и славных традиций Отечества…”

Сумленны, інтэлігентны, светлай душы Чалавек, шчыры сын беларускай зямлі, які многае зрабіў для захавання беларускай культуры, для вяртання забытых імёнаў. І вельмі радаваўся, што яго справа па выхаванні моладзі ў павазе да продкаў і мінулага ўласнага роду набывае ўдзячны водгук у паслядоўнікаў.

У Анатоля Васільевіча было столькі планаў, столькі задум… Апошнія гады ён працаваў над стварэннем Музея звычайнага чалавека, задумваў стварыць уласны Цэнтр айчыннай культуры, дзе ў адпаведнасці з дэвізам жыцця даследчыка: “Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!”– планавалася значная праца па вывучэнні, захаванні і сістэматызацыі матэрыялаў па праваслаўным краязнаўстве, зберажэнні духоўнай спадчыны беларускай зямлі. Але лёс распарадзіўся па-свойму.

…Памяць пра шчырага сына беларускай зямлі Анатоля Статкевіча-Чабаганава жыве ў сэрцах людзей. Дзякаваць Богу, справа, распачатая Анатолем Васільевічам, яго каштоўныя ідэі і клопат пра захаванне духоўнай спадчыны знаходзяць працяг.

Цэнтр праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры БПЦ шчыруе над зберажэннем духоўных каштоўнасцей беларускага народа, па крупінках назапашвае матэрыялы пра мінулае і сучаснае праваслаўных храмаў, новапакутнікаў і спавядальнікаў, адкрывае напаўзабытыя імёны знакамітых і простых людзей беларускай зямлі, спрыяе даследаванню сямейных гісторый і ўласных радаводаў.

І няхай яшчэ адной добрай справай у вянок памяці Анатоля Статкевіча-Чабаганава станецца прадстаўлены чытачам нашага сайта ў рубрыцы “З гісторыі ўласнага роду” матэрыял з кнігі даследчыка “Я – сын Ваш”. Як прыклад сыноўняй любові да сваіх продкаў, як прыклад шанавання родных каранёў і ўласнага роду.

Зоя ПАДЛІПСКАЯ.

З КНІГІ АНАТОЛЯ СТАТКЕВІЧА-ЧАБАГАНАВА «Я – СЫН ВАШ: Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”. Карафа-Корбуты герба “Корчак”»

Час збіраць камяні

Пачну з таго, што бясспрэчнае, што вядомае, што яшчэ свежае ў памяці і чаму сам быў сведкам. Спачатку пра тых, хто натхніў мяне на пошук, хто прывёў да паўнаводнай ракі майго радаводу.

Столькі гадоў прайшло, але той дзень не забываецца… Ён стаў для мяне знакавым і даў штуршок да пошуку, якім займаюся і да гэтага часу.

У дзяцінстве я жыў у бабулі ў вёсцы Засмужжа, на Любаншчыне.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў на выхаванні ў бабулі Марыі Аляксандраўны. Вёска Засмужжа. 1953 г.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў на выхаванні ў бабулі Марыі Аляксандраўны. Вёска Засмужжа. 1953 г.

Да 1893 г. маёнтак Засмужжа належаў князям Вітгенштэйнам, а пасля перайшоў у карыстанне да майго прадзеда Івана Вікенцьевіча Сацкевіча-Статкевіча і да маіх найбліжэйшых родзічаў – Карафа-Корбутаў, Рудзінскіх, Тычынаў і інш. Але пра гэта я даведаўся значна пазней.

Дзяцінства было бесклапотным, як і ў многіх дзяцей. Мама працавала ў райцэнтры, таму да дзесяці гадоў мяне выхоўвала бабуля Марыя Аляксандраўна, была яна з роду Карафа-Корбутаў.

Як цяпер памятаю: пачатак восені, 1952 год. На дварэ холадна, мокра, а ў нашай хаце светла і святочна: вярнуліся з арміі мае дзядзькі – Віктар і Мікалай. У час вайны яны падлеткамі пайшлі ў партызаны. Пасля роўна па сем гадоў праслужылі ў Савецкай Арміі. Вярнуліся пасталелыя, узмужнелыя. Да вялікіх чыноў не даслужыліся, але кожны меў на пагонах лычкі.

Віктар Міхайлавіч Статкевіч. 1950 г.
Віктар Міхайлавіч Статкевіч. 1950 г.

Пад вечар салдаты селі за стол. Пачаліся цікавыя размовы, гарачыя спрэчкі. Я ляжаў на печы (падлеткаў у нас не запрашалі за стол) і ўважліва слухаў, пра што гавораць дарослыя. Многае з размовы было не зразумела, але некаторыя рэчы я ўсвядоміў і запомніў на ўсё жыццё. Мяне хвалявала тое, што дзядзькі, будучы яшчэ малымі, пабывалі дзесьці ў далёкай высылцы, была з імі і мая шасцігадовая на той час мама. Здарылася гэта ў 30-я гг. ХХ ст. Мікалай і Віктар гаварылі, як было цяжка, колькі ім давялося перажыць. Не паспела адна бяда скончыцца – грымнула вайна. Яны шмат разоў і потым вярталіся да гэтай тэмы. Мінулае моцна трывожыла іх душы.

Мікалай Міхайлавіч Статкевіч у час службы ў Савецкай Арміі. Ленінакан. 1950 г.
Мікалай Міхайлавіч Статкевіч у час службы ў Савецкай Арміі. Ленінакан. 1950 г.

…Тая размова глыбока запала мне ў душу. Дзядзькі далі мне першы ў жыцці ўрок крытычнага погляду на рэчы і падзеі тых гадоў. Запомнілася і ўрэзалася ў памяць, што род наш быў калісьці знатны, меў свае землі, што сям’я перажыла жудасную трагедыю. І хоць гэта былі невялічкія звесткі, але яны ўзрушылі мяне. Я вырашыў даведацца пра ўсё.

Прайшлі гады. Стаў студэнтам аднаго з ленінградскіх інстытутаў. Пасля «хрушчоўскай адлігі» студэнцкая моладзь была сур’ёзна занепакоена новымі ганеннямі на культуру. У той час выйшла аповесць Аляксандра Ісаевіча Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», якая многім адкрыла вочы на нядаўняе мінулае. Для мяне гэта стала штуршком, своеасаблівым наказам дазнацца праўду. Але які ж быў доўгі шлях да яе! І сёння гэтая дарога вядзе мяне ў глыб стагоддзяў.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Ленінград. 1965 г.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Ленінград. 1965 г.

У дзяцінстве я часта распытваў сваю бабулю Марыю Аляксандраўну пра мінулае. І з адной гутаркі даведаўся, што яна вянчалася ў вёсцы Забалаць, недалёка ад Засмужжа, царква ў якой стаяла на высокім прыгожым месцы. Побач – могілкі, дзе пахаваны бабуліны бацькі. Яна расказвала, што іх забіла маланкаю, таму давялося расці сіратою пры браце Георгію, якога дома звалі Ягорам. Сям’я яго пасля раскулачвання засталася ў Комі-Пярмяцкай акрузе.

Што да помнікаў на магілах родных, пра якія згадвала бабуля, то яны ў Забалаці ёсць, але пасля вайны мае родзічы іх не маглі знайсці, бо царкву ў час жорсткіх ганенняў на веру разбурылі. Затым пранеслася ваеннае ліхалецце. Мясцовую школу спалілі немцы, а пасля вайны на будаўніцтва новай жыхары пачалі збіраць камяні, што засталіся ад царквы. Разам з імі звезлі і некаторыя помнікі.

Гаварыла бабуля і пра помнікі дзядам у Кутневе, што пад Слуцкам.

І вось пасля столькіх гадоў, рупліва вывучаючы гісторыю свайго роду, я вырашыў заняцца таксама вывучэннем могільнікаў – своеасаблівага летапісу ў выглядзе камянёў. Я пераканаўся ў гэтым, калі даследаваў могілкі, дзе пахаваныя мае родзічы.

Выбраўшыся аднойчы ў Забалаць разам з братамі Віктарам і Іванам, сястрой Інай, пляменнікам Васілём і ўзяўшы з сабою рознае начынне ад лапатак да вёдраў з анучкамі, мы паехалі на мясцовыя могілкі. Тым больш што даўно хвалявала тая сямейная гісторыя пра забітых маланкаю сваякоў.

Стаяў цудоўны сонечны дзень. Мы паднялі шмат помнікаў, паправілі, адчысцілі іх. А надмагільных камянёў сваіх продкаў ніяк не маглі знайсці. Тры разы перагледзелі пагост. Працавалі ўвесь дзень. І вось калі ўжо сабраліся сыходзіць, мне чамусьці стала вельмі сумна. Я сказаў сваім:

– Пачакайце, я яшчэ прайду на той схіл, нешта мяне туды цягне.

Помнік на магіле Аляксандра Платонавіча Карафа-Корбута. Вёска Забалаць Любанскага раёна.

Помнік на магіле Аляксандра Платонавіча Карафа-Корбута. Вёска Забалаць Любанскага раёна.

А з галавы не выходзілі радкі Марыны Цвятаевай пра суніцы, якія растуць на могілках: «Я тоже была, прохожий, прохожий, остановись!» І вось я іду і спыняюся якраз у тым месцы, дзе трэба было спыніцца. Бачу верх двух помнікаў, якія відаць з зямлі сантыметраў на пятнаццаць. Крычу брату:

– Давай тут будзем капаць!

Адкопваем першы. Бачым доўгае імя. Пачалі адчышчаць металічнымі шчоткамі: Александръ.

– Усё! – кажу. – Будзе Платонаў.

Помнік на магіле Марыі Феафілаўны (Неафітаўны) Карафа-Корбут. Вёска Забалаць Любанскага раёна.
Помнік на магіле Марыі Феафілаўны (Неафітаўны) Карафа-Корбут. Вёска Забалаць Любанскага раёна.

Сапраўды: Александръ Платоновъ (раней не пісалі Платонавіч) Корбутъ. Памёр у 1904 годзе. Пачынаем адкопваць другі помнік. І бачым: Марья Феофиловна Корбутъ. Дата смерці – 1900 год. Гісторыя, што бацькоў бабулі забіла маланкаю, не пацвердзілася. Магчыма, такое сталася толькі з Марыяй Феафілаўнай (у метрычнай кнізе – Марыя Неафітаўна).

Поспех гэты мяне акрыліў, пачаліся новыя пошукі. Аднак надмагільнага каменя Івана Вікенцьевіча Сацкевіча-Статкевіча так і не адшукалі. Магчыма, сапраўды помнік майму прадзеду забралі для будаўніцтва школы.

Праз некаторы час я вырашыў з’ездзіць на могілкі ў вёсцы Кутнева, дзе жылі мае прапрадзеды. Паехалі з братам.

Помнік на магіле Аляксандры Якаўлеўны Карафа-Корбут. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.
Помнік на магіле Аляксандры Якаўлеўны Карафа-Корбут. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.

Абышлі ўсё, але помнікаў, пра якія расказвала бабуля, не знайшлі. Брат Віктар прапанаваў ад’язджаць, але я вырашыў яшчэ раз паглядзець. Нейкае пачуццё прывяло мяне да двух амаль нябачных помнікаў, якія раней мы не заўважылі.

Адкапаўшы і адчысціўшы помнік ад зямлі, убачылі надпіс: Александра Якова Корбутова. Без прыстаўкі Карафа. Адкапалі другі помнік. Чытаем на ім: Платонъ Самуиловъ Корбутъ. Што здзівіла, памерлі яны ў адзін і той жа год – 1884. Нечакана мільганула думка: магчыма, пра іх існавала сямейная легенда і гэта яны загінулі ад маланкі? Але калі раскапалі далей, убачылі розныя даты смерці: 25 сакавіка і 7 красавіка.

Помнік на магіле Платона Самуілавіча Карафа-Корбута. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.

Помнік на магіле Платона Самуілавіча Карафа-Корбута. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.Пасля, працуючы ў архівах, мне ўдалося знайсці царкоўныя кнігі, з якіх даведаўся, што родзічы памерлі ад лёгачных захворванняў.

У той дзень была яшчэ адна знаходка. Гляджу – за помнікам Платону Самуілавічу ляжыць вялікі камень. Перавярнулі, адчысцілі, чытаем: Самусъ Корбутъ. Пахаваны ў 1860 годзе. Прадзед маёй бабулі Марыі Аляксандраўны.

Помнік на магіле Самуіла Якаўлевіча Карафа-Корбута. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.
Помнік на магіле Самуіла Якаўлевіча Карафа-Корбута. Вёска Кутнева Слуцкага раёна.

…Якія ж праўдзівыя словы некалі сказаў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін:

Два чувства дивно близки нам –

В них обретает сердце пищу –

Любовь к родному пепелищу,

Любовь к отеческим гробам.

Падумалася: каб жа камяні маглі гаварыць! А яны могуць распавядаць пра многае. Трэба толькі паслухаць, пагаварыць з імі, як з жывымі…

Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша»

Мая мама Аляксандра Міхайлаўна паходзіць са старажытнага беларускага шляхецкага роду Сацкевічаў-Статкевічаў.

Назва герба «Касцеша», паводле легенды, звязана з гісторыяй пра рыцара Касцешу. Гэты бясстрашны воін, мужнасць якога адзначыў сам кароль Баляслаў I Храбры, прымаў удзел у бітве пад Сноўскам у 1072 г. Рыцар змагаўся ў глыбіні варожага стану, не зважаючы на зламаны меч, шматлікія крывавыя раны на целе, расшчэпленую на дзве часткі стралу, што засела ў плячы. Калі закончылася бітва і войска пачало збіраць здабычу, тады і з’явіўся перад каралём Касцеша. Ён стомлена зняў змяты і парыжэлы ад крыві баявы шлем і, паказваючы на сваё зраненае цела, сказаў: «Гэта і ёсць уся мая здабыча!»

Герб “Касцеша” роду Статкевічаў.
Герб “Касцеша” роду Статкевічаў.

На памяць пра такую адвагу кароль дазволіў рыцару змясціць у свой герб перакрыжаваныя стралу і меч. На чырвоным фоне – выява раздвоенай стралы, скіраваная ўгору; у кляйнодзе – над прылбіцай – шляхецкая карона з трыма страусавымі пёрамі. Пазней гэты знак пачалі называць «Страла выратавання».

Трэба адзначыць, што герб «Касцеша» быў вельмі папулярны і ў ХIХ ст. Яго мела нават адна з яхтаў расійскіх імператараў.

Як сведчаць архіўныя дакументы, «фамилия Стецкевич, употребляющая сей герб, была знатной с древних времен польских и удостоена шляхетского звания и привилегиями тому положению присвоенными продолжает пользоваться до нынешнего времени».

…У ХV ст. у Навагрудскім ваяводстве Сачко, маршалак гаспадарскі, валодаў маёнткам Сачкевічы на Ліпах. У Сачко было два сыны – Мікіта, ад якога бярэ пачатак наш род, і Багдан – родапачынальнік Сачкевічаў-Ліпніцкіх.

Пра заможнасць Сачкевічаў сведчаць звесткі з перапісу войска Вялікага Княства Літоўскага ад 1528 г., па якіх нашы родзічы ў ліку іншых баяр ад замка гаспадарскага Навагрудскага ставілі ў войска восем коней.

Мікіта Сачкевіч меў сем сыноў, аднаго з якіх звалі Сцецка. У Сцецкі былі дочкі – Ганна, якая выйшла замуж за Канстанціна Заліваку, і Міласлава, якая стала жонкаю Фёдара Гарабурды, пісара каралевы Боны. Адзін з іх сыноў, Міхаіл Гарабурда, быў знакамітым дыпламатам у ХVI ст. Акрамя дачок у Сцецкі было чацвёра сыноў – Федка, Лявон, Сапоцька і малодшы Іван.

З Івана наша родавая галіна стала называцца Сацкевічы-Статкевічы. Відавочна, што ад імя яго бацькі Сцецкі бярэ пачатак прозвішча Статкевіч, а ад назвы вотчыннага маёнтка Сачкевічы на Ліпах далучыўся да прозвішча прыдомак Сачкевіч, які ў далейшым пачалі пісаць Сацкевіч.

Дарэчы, гэты маёнтак з паэтычнай назвай таксама перайшоў Івану ў спадчыну ад бацькі. Здаецца, так і бачыш гэтыя высокія ліпы ў пару цвіцення, чуеш гул пчол і ўдыхаеш паветра, напоўненае непаўторным пахам мёду…

Як адзначана ў кантракце паміж Іванам Сцецкавічам Сачкевічам і Мікалаем Радзівілам Чорным, нашы землі «ўпіраліся ў сцены палаца Нясвіжскага». Суседзі вырашылі ўпарадкаваць свае «грунты». Перамовы вяліся доўга і складана. Яно і зразумела: нашы продкі заўсёды цяжка развітваліся з родавымі гнёздамі, якія былі такія дарагія душы і сэрцу. І давялося Радзівілу аддаць узамен два маёнткі, а ў дадатак і вялікую суму грошай.

З таго часу ўладальнікам маёнткаў Валожыцы і Куковічы стаў Іван Сцецкавіч Сачкевіч. У далейшым гэтыя маёнткі былі падзелены паміж яго сынамі. Чатырох братоў звалі Валенцій, Ян (Іван), Якаў і Аляксандр, і ад першага з іх прадоўжыўся мой род.

Зазначу, што Статкевічы заўсёды падтрымлівалі як родзічаў, так і сяброў. Калі трэба, не шкадавалі грошай. Але калі тварылася зло, то дзейнічалі строга па законе.

Як відаць з дакументаў, браты нашага Валенція Ян і Аляксандр былі вельмі паважанымі людзьмі ў той час. Гэта пацвярджае і тастамент іх дваюраднага брата Юрыя Залівакі ад 5 мая 1602 г., па якім ён даручае Яну Сацкевічу-Статкевічу быць апекуном яго дзяцей і справядліва распарадзіцца маёмасцю пасля яго смерці. Пры ўдзеле Яна складзены інвентар маёнтка памерлага Юрыя Канстанцінавіча. На дзесяці лістах распісана ўсё, у тым ліку землі і іх межы. Асаблівую цікавасць, на мой погляд, уяўляе тая частка дакумента, дзе гаворыцца пра падворак Залівакі. Вось падрабязнае апісанне яго.

«Двор з пабеленымі будынкамі, двор з варотамі ўязнымі, дом для пражывання з чатырма святліцамі, з іх дзве з каморамі, дзве без камор, з печамі і з камінамі, на вокнах завесы. Дом другі, дранкаю пакрыты, у ім святліца з каморай, пякарня з каморай, кухня пасярэдзіне з каморай і сталом. У браварні лазня з печамі простымі і паліцамі, рэчы для захоўвання піва. Тры свірны, адзін з двайным дном і засекамі для захавання жыта, ліпаўкі для засыпкі жыта і бочка для яго змешвання. І яшчэ два свірны для агульнага захоўвання. Направа – святліца старая з печамі, з вокнамі і завесамі.

У двары ставок, каля стаўка – сажалка і пабелены “палац”, у ім пякарня, дзве клеткі для захоўвання, сырніца з двума гумнамі. Ёсць і аборы каля гумна… тры бочкі пшаніцы, дзесяць бочак ячменю, ярыцы дзве бочкі, дванаццаць бочак аўса, гароху адна бочка, грэчкі чатыры бочкі…»

Пад інвентаром «подпись рукою власною с печатями пана Беняша Подбийпеты и пана Яна Стецькевичъ-Сачкевича. Писан в Исаевичах 22 августа 1611 года».

Справа аб дваранскім паходжанні роду Сацкевічаў-Статкевічаў.
Справа аб дваранскім паходжанні роду Сацкевічаў-Статкевічаў.

…Многія з роду Сацкевічаў-Статкевічаў жылі каля Нясвіжа ў сваіх родавых маёнтках Валожыцы і Куковічы ажно да 30-х гг. XX ст. Аднак прадстаўнікі нашай галіны Яфім Статкевіч і яго сын Сямён у першай палове XVIII ст. перабраліся ў бойкае купецкае мястэчка ў Капыльскім княстве Пясечнае (цяпер Пясочнае).

Пераехаўшы ў Пясечнае, Сямён Яўхімаў Статкевіч, як і раней, валодаў часткаю маёнтка Валожыцы амаль да канца ХVIII ст. Пра гэта сведчыць купчая крэпасць ад 17 жніўня 1725 г., паводле якой ён набыў за 3500 польскіх злотых частку маёнтка Валожыцы, які называлі Дамброўкай, з сялянамі ў сваіх родзічаў Стэфана і Грыгорыя Сацкевічаў-Статкевічаў.

Пясечнае прыцягвала народ. Сярод маіх родзічаў з’явіліся людзі з рэдкімі для гэтага краю прозвішчамі – Бэндзі, Шаблюкі і інш. Вакольныя землі былі ў цане. Узніклі шляхецкія фальваркі і засценкі – Рулёва, Астрэйкі, Брады, Шамаў…

Дарэчы, засценак Рулёва шляхціч Якаў Статкевіч атрымаў у арэнду ад Нясвіжскага кляштара бернардзінцаў. Гэта вынікае з завяральнага дакумента Елізаветы Цвіркоўны і Апалінарыі Гарбатоўскай – ігуменняў манастыра. Там сказана: «Дзейнічаючы ад імя свайго і ўсяго брацтва запэўніваем сім дакументам спадара Якава Статкевіча, што манастыр наш, які мае доўг перад ім па дзвюх аблігах, першай ад 1824 года на 420 рублёў серабром і другой ад 1830 года на 210 рублёў серабром, калі цяпер такой сумы ні поўнасцю, ні часткамі не можам заплаціць спадару Якаву Статкевічу, а таму толькі за адзін працэнт аддаём яму ў карыстанне засценак Рулёва, які належыць маёнтку Валешына на ўмовах арэнднага права».

Якаў быў шчырым вернікам. Пры неабходнасці аказваў храму дапамогу. Як сведчаць дакументы Мінскай духоўнай кансісторыі ад 1836 г. на перабудаванне царквы ў Пясечным мой продак ахвяраваў 50 рублёў серабром, за што і атрымаў падзяку ад архіепіскапа Мінскага і Гродзенскага Ніканора.

Ад першай жонкі Параскевы ў Якава Сямёнавіча было два сыны – мой прапрадзед Вікенцій і яго брат Васіль.

Калі не стала бацькі, сыны Якава Сямёнавіча купілі зямлю ў Малінаве пад Глускам. Даведаўшыся, што памешчык Маліноўскі прадае там маёнтак, вырашылі разам са сваімі родзічамі Забэламі, Карафа-Корбутамі, Сыцько набыць яго. У выпісе з кніг Бабруйскага павятовага суда ад 20 чэрвеня 1847 г. купчай крэпасці памешчыка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Маліноўскага двараніну Івану Васільевічу Корбуту на зямлю ў абрубах Малінава і Яменец сярод пакупнікоў значыцца Вікенцій Статкевіч.

Адзначу і такую важную дэталь. Яшчэ да пераезду з маёнтка Рулёва ў Малінаве ў Вікенція Якаўлевіча і Марыі Андрэеўны Статкевічаў нарадзіўся сын Іван. Хрысцілі яго 23 лістапада 1847 г. у той жа, дзе і яго бацьку, пясечанскай Пакроўскай царкве, але рос і выхоўваўся мой прадзед Іван пад Глускам. Там, у Малінаве, ён сустрэў сваю будучую жонку Наталлю. Дзед яе Іван Карафа-Корбут, як ужо адзначалася, купіў гэтыя землі разам з Вікенціем Статкевічам.

МОЙ ДЗЕД – МІХАІЛ ІВАНАВІЧ САЦКЕВІЧ-СТАТКЕВІЧ

Дзед Анатоля Статкевіча-Чабаганава – Міхаіл Іванавіч Сацкевіч-Статкевіч. 1920 г.
Дзед Анатоля Статкевіча-Чабаганава – Міхаіл Іванавіч Сацкевіч-Статкевіч. 1920 г.

Часта гляджу на фотаздымак свайго дзеда Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча, з якім лёс не дазволіў сустрэцца, і ўсё больш яскрава адчуваю несправядлівасць тых гадоў. Нішчылася хрысціянская вера, тысячагадовая культура, векавыя традыцыі грамадства, права на ўласнасць і свабоду думкі. Мільёны людзей аказаліся непатрэбнымі… І ўсё ў імя сусветнага шчасця. А ці можа яно быць для адных, калі пабудавана на горы і няшчасці іншых? Ды і што гэта за мэта такая, калі яна вышэйшая за каштоўнасць чалавечага жыцця? «Ворагам народа» палічылі і майго дзеда Міхаіла Сацкевіча-Статкевіча, які аказаўся непатрэбным для «светлага камуністычнага заўтра». Уся яго віна ў тым, што ён з «чужога» класа, з дваран…

У матэрыялах гістарычнага архіва захавалася прашэнне двараніна Бабруйскага павета Івана Вікенцьевіча Сацкевіча-Статкевіча ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход, пададзенае 26 лютага 1896 г. У ім гаворыцца: «Гонар маю прасіць прылічыць да дваранскага роду сына майго Міхаіла Іванавіча і справу аб сім прадставіць у Сенат на зацвярджэнне». Просьба гэтая Сенатам была задаволена.

Клопат бацькі пра нашчадка зразумелы: ён быў адзіным сынам і з’явіўся на свет не першым. Да гэтага часу нараджаліся толькі дзяўчаткі – іх у сям’і было восем. Але ў справу аб дваранскім паходжанні запісвалі толькі мужчын, таму патрэбен быў прадаўжальнік роду.

Нараджэнне хлопчыка ў сям’і стала надзвычайна радаснай падзеяй. Час ішоў, сын падрастаў, сталеў. Бацька разумеў, што ў Малінаве спадчынніку будзе цесна: мала зямлі, развярнуцца няма дзе. Даведаўшыся, што на Любаншчыне прадаецца маёнтак Засмужжа, Іван Вікенцьевіч вырашыў яго купіць. Уладальнікам маёнтка быў князь Вітгенштэйн.

У Засмужжы ў князя было больш за чатыры тысячы дзесяцін, а гэта каля чатырох з паловай тысяч гектараў ворыўнай зямлі, лугоў і лесу. Вітгенштэйн прасіў за маёнтак 30 тысяч рублёў серабром. Па тых часах – вялікія грошы. Іван Вікенцьевіч такой сумы не меў. І тады ён прапанаваў блізкім родзічам – Карафа-Корбутам, Рудзінскім, Тычынам – набыць маёнтак сумесна. Але перамовы пра набыццё зямлі ішлі вельмі цяжка, амаль два гады. За гэты час Засмужжа перайшло ад князя Вітгенштэйна да яго блізкай сваячкі княгіні Марыі Львоўны Гагенлое. Сярод пакупнікоў таксама не ўсё ладзілася. Не ў кожнага хапала грошай. Таму адначасова ішлі перамовы з Віленскім зямельным банкам пра крэдыт. Акрамя таго, за гэты час не аднойчы здаралася, што нехта адмаўляўся ад здзелкі. Прычыны былі розныя: то не падабаўся сенакос у надзеле зямлі, то месца нізкае – жыта магло вымакнуць, то трэба карчаваць векавыя дубы. Таму адбываўся чарговы перамер зямлі. У каторы раз запрашаліся землямеры. Зноў усе пакупнікі ў прызначаны час збіраліся ў маёнтку Засмужжа, бо любыя змены ў папярэдняй дамоўленасці пра межы маглі выклікаць спрэчкі.

Калі, здавалася, усе пытанні былі нарэшце вырашаны, зноў знайшоўся адзін з пакупнікоў, які ў апошні момант адмовіўся ад свайго надзелу. Паўстала пытанне: або пачынаць новы перамер, або гэты ўчастак прапанаваць сялянам, якія хочуць яго купіць. Але ў такім выпадку давядзецца жыць у суседстве з людзьмі іншага саслоўя і, магчыма, парадніцца з імі. Гэтага шляхта баялася больш за ўсё. Як расказвала мне цётка Зоя, такія абставіны выклікалі не меншыя спрэчкі, чым падзел зямлі. Тады пакупнікі вырашылі ўзяць у сваю кампанію шляхту, не зацверджаную ў дваранстве, і тых сялян, што лічыліся моцнымі гаспадарамі. Так да дваран, якія выкуплялі маёнтак Засмужжа, – Сацкевічаў-Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Тычынаў, Рудзінскіх, Кунцэвічаў і Бараноўскіх – далучыліся Шуневічы, Міхневічы, Зубовічы, Марціновічы, Ляпкі і Басякі.

Хутка Іван Вікенцьевіч разам са сваёй сям’ёй і сынам Міхаілам перабраліся на новае месца. Як адзначана ў дакументах Мінскага натарыяльнага архіва, «набыўшы праз пакупку маёнтак Засмужжа па купчай крэпасці, заключанай у мінскага натарыуса Галіневіча 25 верасня 1893 года».

Міхаіл Статкевіч адразу стаў лідарам сярод сваякоў – саўладальнікаў маёнтка Засмужжа, якія выбралі яго старастам. Вылучаўся малады гаспадар сваёй разважлівасцю, умелым вядзеннем спраў. Да яго ішлі па дапамогу і параду. Ён стаў пастаянным удзельнікам многіх нарад па зямельных пытаннях, быў у сваёй воласці паважаным чалавекам. Калі прыязджала губернскае начальства, то абавязкова бывала ў яго ў гасцях. Рос у яго і вядомы на ўсю ваколіцу сад, ды вымерз марознай зімой у час фінскай вайны.

…Грымнуў 1917 год. Да ўлады прыйшлі новыя людзі, чужыя і па натуры, і па духу Міхаілу Іванавічу. Ён не ўспрымаў іх, і яны адчувалі гэта. У Статкевіча і яго родзічаў абрэзалі землі, пакінуўшы толькі невялікі надзел. З іх здзекаваліся, пазбавілі выбарчых правоў…

У кастрычніку 1929 г. у сям’і Міхаіла і Марыі, дзе падрасталі дачка Шура і сын Віктар, а таксама Іван і Зоя ад першага шлюбу Міхаіла Статкевіча, нарадзіўся сын Мікалай, на дзіва спакойны, усмешлівы, блакітнавокі хлопчык. Бацька не мог наглядзецца на яго. Знік сум, з’явілася мэта ў жыцці. Але шчасце было нядоўгае. Бяда пастукалася ў дзверы ў лютым 1930 г. Калі Міхаіла Іванавіча арыштавалі, ён сказаў жонцы:

– Беражы дзяцей, я хутка вярнуся.

Хоць Статкевіч і не верыў новай уладзе, але думаў, што злітуюцца, бо нікога не забіваў, не рабаваў, не ваяваў супраць бальшавікоў. За што яго судзіць? Але ў бабруйскім выпраўдоме, куды даставілі яго разам з дваюрадным братам Васілём Пятровічам Карафа-Корбутам, на былых дваран глядзелі інакш. Абвінавачванні былі стандартныя: супраціўляліся стварэнню калгасаў, агітавалі супраць улады бальшавікоў, члены антысавецкай банды…

У анкеце допыту, дзе Міхаіл Іванавіч у графе пра былое саслоўе пазначыў “селянін”, яго прымусілі ўласнаручна выправіць – “з дваран”.

Анкета допыту арыштаванага аддзелам ДПУ БССР Міхаіла Статкевіча. 1930 г.
Анкета допыту арыштаванага аддзелам ДПУ БССР Міхаіла Статкевіча. 1930 г.

Цяпер цяжка сказаць, катавалі яго ці не, але па тых звестках, якія засталіся, зразумела: віну сваю ён не прызнаў. Ды і ў чым прызнавацца? Аднак рашэнне тройкі АДПУ было адназначнае – вышэйшая мера пакарання.

Расстралялі іх разам з дваюрадным братам раніцай 6 красавіка 1930 г. ва ўстанове са здзеклівай назвай “Выпраўдом”. Па сутнасці, без суда і следства.

Лёс Міхаіла Іванавіча трагічны, але вобраз яго светлы. Усё жыццё гэтага чалавека – праца на зямлі, служэнне грамадству – прыклад для сучаснага пакалення Статкевічаў. Мне здаецца, дзед насуперак жыццёвым абставінам ніколі не пакідаў родныя мясціны, бацькоўскі дом і заўсёды жыў і будзе жыць у сэрцах нашчадкаў.

МАЯ БАБУЛЯ –  МАРЫЯ АЛЯКСАНДРАЎНА КАРАФА-КОРБУТ

Калі толькі на хвіліну ўяўляю, што выпала на долю маёй шматпакутнай бабулі, слёзы набягаюць на вочы, перахоплівае дыханне. Хочацца кінуцца праз гады, абараніць і сагрэць яе.

Бабуля Анатоля Статкевіча-Чабаганава Марыя Аляксандраўна Статкевіч. Вёска Засмужжа. 1965 г.
Бабуля Анатоля Статкевіча-Чабаганава Марыя Аляксандраўна Статкевіч. Вёска Засмужжа. 1965 г.

 Раскулачвалі на Усердным тыдні, у сераду, 12 лютага 1930 г. Была мяцеліца. У чацвер забралі бацьку, у пятніцу – брата Івана.

Высылалі на першым тыдні Вялікага посту, у суботу 8 сакавіка. З заходам сонца пагрузілі ў таварныя вагоны і прыцемкамі павезлі. 16 сакавіка прывезлі на станцыю Мендзялеева, што ў Комі-Пярмяцкай акрузе. Тыдзень дабіраліся да сяла Вялікі Пальнік. Гэта 110 кіламетраў. Было ўсяго некалькі падвод. Таму і жанчыны з груднымі дзецьмі, і старыя ішлі пешшу. Яшчэ ляжаў снег. Было вельмі холадна” (з успамінаў Зоі Міхайлаўны Статкевіч – маёй цёткі).

…Цягнік імчаў на ўсход. У халодных вагонах – людзі, якіх савецкая ўлада назвала кулакамі, крывапіўцамі, эксплуататарамі працоўнага народа.  У кутку, накрываючы сваіх малалетніх дзяцей, сядзела яшчэ маладая жанчына. Здагадвалася яна, што Міхаіла Іванавіча ўжо няма, і з трывогай думала, што чакае іх наперадзе. Не за сябе турбавалася, а за дзяцей, асабліва за Колечку, якому было ўсяго некалькі месяцаў.

Яна магла б пакінуць дзяцей дома, у сваёй вёсцы, як зрабілі некаторыя. Навошта везці ў невядомасць, магчыма, на верную смерць? Але хто будзе іх глядзець? У вёсцы амаль не засталося сваякоў. Мужчын арыштавалі, і нічога пра іх не чуваць, а жанчын пагрузілі на падводы разам з дзецьмі і адправілі на бліжэйшую станцыю. Колькі плачу і крыку было, колькі праклёнаў! Але толькі сакавіцкае неба чула іх. Вясковая бедната, не дачакаўшыся нават, калі кранецца абоз, кінулася ў дамы сасланых, забіраючы і выносячы ўсё, што там засталося.

Тое відовішча і цяпер стаяла перад вачыма жанчыны. Часам яно здавалася страшным сном, як і ўсё, што адбылося ў тым трагічным 1930 г. Яна расплюшчвала вочы, і перад ёю быў перапоўнены змучанымі людзьмі вагон, перапужаныя дзеці – Шура, Віктар, Колечка.

Жанчына хрысцілася і думала: за што ёй такая навала, чым прагневала нябёсы? Нават у дзяцінстве лёс быў нялітасцівы да яе. Рана памерлі бацькі. Дзяўчынка засталася сіратою. Жыла ў сям’і брата, дзе да яе ставіліся добра, шкадавалі, стараліся замяніць бацькоў. Прыйшоў час – адправілі ў царкоўна-прыходскую школу, дзе яна вучылася з ахвотаю. Навука давалася ёй лёгка, але калі Саветы пачалі вайну супраць “эксплуататарскіх класаў”, стала гаварыць, што яна непісьменная. Думала, гэта нейкім чынам уратуе яе, бяда абыдзе. Не дапамагло. Яе прылічылі да ізгояў, хаця зямлі ў сям’і было ўсяго некалькі дзесяцін: амаль усю абрэзалі адразу пасля рэвалюцыі. Працавалі на ёй, як і ўсе сяляне, але бальшавікі не забылі пра мінулае. І цяпер цягнік ужо каторыя суткі вязе “ворагаў народа” на ўсход. Але вось, рэзка затармазіўшы, спыніўся на станцыі Мендзялеева. І зноў крыкі, плач, падводы. Там, на Любаншчыне, калі ад’язджалі, пахла ўжо вясной, а тут лютавала зіма.

 

Марыя Аляксандраўна Статкевіч з дзецьмі (злева направа) Віктарам, Мікалаем і дачкой Аляксандрай у высылцы. Комі-Пярмяцкая акруга. 1931 г.
Марыя Аляксандраўна Статкевіч з дзецьмі (злева направа) Віктарам, Мікалаем і дачкой Аляксандрай у высылцы. Комі-Пярмяцкая акруга. 1931 г.

Комі-Пярмяцкая акруга, куды іх прывезлі, заўсёды славілася суровым кліматам. Асабліва яго сцюдзёнае дыханне адчувалася ў тайзе, дзе беларускім кулакам загадалі выгружацца. Ні жылля, ні часовых пабудоў. Суцэльны лес ды глыбокі снег. І толькі недзе ўдалечыні былі відаць дамы вёскі Вялікі Пальнік. Нехта з жаласлівых ахоўнікаў параіў жанчыне:

– Схадзіце туды, можа, дадуць прытулак на некаторы час, у вас жа на руках немаўля.

Яна пайшла спачатку наўздагад, пасля заўважыла дом і рушыла да яго. Нешта падказвала ёй: тут абагрэюць. Так і здарылася. У хаце жыла сям’я, у якой не было сваіх дзяцей. Будыніна аказалася прасторнай, знайшлося месца і для прыезджых. І галоўнае, што гаспадары не касіліся на іх, былі добрымі людзьмі. Жонка гаспадара дома доўга ўгаворвала беларуску:

– Пакінь, Марыя, мне свайго блакітнавокага Колечку. Не выжыве ён там, у лесе.

Але Марыя глядзела на свайго спакойнага, усмешлівага сыночка і ўпарта сцвярджала:

– Выжывем, гаспадынечка, выжывем. А за прытулак дзякуй. Ваша цяпло і ваш дом век не забуду.

Марыя Аляксандраўна і яе дзеці перажылі тую цяжкую зіму, вытрывалі. А пасля прыйшла радасная навіна: адшукаў іх пляменнік з‑пад Слуцка Мікалай Лазоўскі, які дапамог грашыма на дарогу. І жанчына вырашыла выпрабаваць лёс. Аховы на пасяленні ніякай не было. Можа, і не заўважаць знікнення? Ды і не ў роднае Засмужжа паедуць, а ў Млынку пад Слуцкам, дзе жывуць сёстры. Хто яе там знойдзе?

І вось яны зноў у Беларусі, сярод сваіх. Першае пытанне: ці няма якіх-небудзь навін пра мужа? Але родзічы толькі адводзілі вочы, казалі, што Міхаіла няма ўжо ў бабруйскім выпраўдоме, можа, у высылку адправілі…

Распытванні, слёзы, трывога за дзяцей і заўтрашні дзень… Была яна недарэмнай: усё бачыла вока тых, хто шукаў “ворагаў народа”, вёў знішчальную барацьбу з кулакамі і паўпамешчыкамі. Праз некалькі дзён хтосьці паведаміў у органы пра падазроную жанчыну з дзецьмі, якія з’явіліся ў вёсцы: “По нашим сведениям это недобитый кулацкий выводок, который бежал из спецпоселения”.

І Марыю Аляксандраўну зноў адправілі этапам у Комі-Пярмяцкую акругу. Але яна ненадоўга затрымалася там, зноў рашылася на пабег. На гэты раз паехала не да родзічаў, а надзвычай смела – у роднае Засмужжа. На дзіва, яе і дзяцей пэўны час ніхто не чапаў.

Калі зноў пачалося паляванне на “ворагаў народа”, дабраліся і да Марыі Аляксандраўны. У 1937 г. яе арыштавалі. Віна жанчыны была ў тым, што ў яе не аказалася пашпарта і што жонка ворага народа. А пашпарта няма – пяць гадоў канцлагера. Вось тады яна білася ў адчаі:

– Хто паглядзіць вас, мае сірацінкі? Што за ўлада такая, якая не шкадуе дзяцей?

Пашпарт Марыі Аляксандраўны Статкевіч, выдадзены па даведцы ГУЛАГа. 1940 г.
Пашпарт Марыі Аляксандраўны Статкевіч, выдадзены па даведцы ГУЛАГа. 1940 г.

…Спецвагон зноў узяў курс на ўсход. Аднак ужо не на Урал, а бліжэй, у Ніжні Ноўгарад. Прабыла там Марыя Аляксандраўна да пачатку 1941 г. Можа, за прыкладныя паводзіны і сумленную працу ёй зменшылі тэрмін.  Выдалі нават па даведцы ГУЛАГа новы пашпарт, які  сёння як рэліквію захоўваем у сям’і…

Я лічу, што мая бабуля здзейсніла сапраўдны подзвіг. Подзвіг мацярынства і чалавечай годнасці. Столькі пакут выпала на яе долю, а яна не скарылася, не ачарсцвела, не замкнулася ў сваім горы, а стала яшчэ высакародней. Памятаю яе толькі жыццярадаснай. Яна ніколі ні на што не скардзілася, заўсёды была прыветлівая. Незабыўная карціна: бабуля сядзіць на лаўцы каля свайго дома, а ўсе, хто ні праходзіць, спыняюцца, сядаюць побач з ёй, каб пагаварыць. Яна была абаяльным, спагадлівым чалавекам, усім старалася дапамагчы, параіць, падказаць. А нас, унукаў, прымушала вучыцца:

– Толя, навука не торба, за плячыма насіць не трэба.

А калі-небудзь і жартавала:

– Толя, пагуляй – яшчэ наробішся.

Дарэчы, задоўга да школы яна навучыла мяне чытаць і пісаць. Заўсёды радавалася і вельмі  ганарылася нашымі поспехамі.

Хаця Марыя Аляксандраўна і скончыла толькі царкоўна-прыходскую школу, яна была ўдумлівым чалавекам, ведала пра ўсе падзеі, разумела тое, што адбываецца. Яна любіла са мною размаўляць, але час быў няпросты, яшчэ не знікла пачуццё страху пасля ўсіх выпрабаванняў, таму бабуля мала расказвала пра мінулае. Не хацела, баялася, што мы, дзеці, пачнём гаварыць нешта на вуліцы, абмяркоўваць. Карацей, асцярожнічала – і правільна рабіла.

 …Студэнтам я працаваў у будаўнічым атрадзе. Атрымаўшы першы ў сваім жыцці заробак, я захацеў зрабіць бабулі прыемнае і купіў ёй прыгожую хустку. Такія хусткі ў той час чамусьці называліся тараноўкамі. Бабуля, памятаю, моцна расчулілася, і, заплакаўшы, сказала, што тую хустку будзе ўсё жыццё берагчы і каб яе ў ёй пахавалі. Бабуліны пачуцці перадаліся і мне, з сумам падумалася, што, магчыма, яна атрымала першы ў сваім жыцці падарунак. У адно імгненне я быццам адчуў на сабе ўсю яе нялёгкую долю. І калі мне бывае цяжка, я ўспамінаю бабулю: яна вытрывала. Вытрываю і я.

МАЯ МАМА – АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАЎНА СТАТКЕВІЧ

Аляксандра Міхайлаўна Статкевіч. 1944 г.
Аляксандра Міхайлаўна Статкевіч. 1944 г.

Успамінаючы маму, заўсёды думаю, колькі выпрабаванняў выпала на яе долю. У шэсць гадоў апынулася ў высылцы ў невядомым глухім краі, дзе ў люты мароз сярод бясконцых снягоў трэба было выжываць. Холад, голад, безнадзейнасць. Але ўсё стрывала, вынесла гэтая кволая дзяўчынка. А потым зноў паласа няўдач. Не паспелі вярнуцца ў Засмужжа з далёкай Комі-Пярмяцкай акругі, як бабулю ў 1937 г. паўторна арыштавалі і адправілі этапам на Волгу.

Мая мама і двое яе брацікаў засталіся адны. У іх і даху над галавою не было. Бацькоўскі дом за час высылкі засялілі, там гаспадарылі іншыя людзі. Давялося зноў гараваць, спаць у кузні, бо там было цёпла і каваль аказаўся добрым чалавекам. А вось каб пракарміцца, прыйшлося жабраваць, самага малодшага Колечку пасылаць у другую вёску хадзіць з працягнутай рукой. Ён увесь час капрызіў, не хацеў туды ісці. Яно і зразумела: вясковыя хлапчукі абражалі, кідалі ў яго камяні, дражнілі крывапіўцам. Але хлопчыку вешалі торбу на шыю і зноў выпраўлялі ў Абчын. Добра, што старшыня мясцовага калгаса Аляксандр Іванавіч Свінко пашкадаваў сірот: замацаваў за імі жанчыну, якая гатавала для дзяцей абеды. Учынак кіраўніка быў вельмі смелы для таго часу. Да сённяшняга дня мы ўдзячныя гэтаму чалавеку за яго дабрыню.

У 1939 г., калі маме было ўжо 15 гадоў, яе не прымалі ў камсамол, не пускалі на танцы, усяляк прыніжалі. Не вытрымаўшы здзекаў, мама паехала з Засмужжа да сваёй цёткі ў Млынку. Там яна прыняла рашэнне паступаць у Слуцкае педвучылішча. Нейкая перспектыва з’явілася толькі пасля паспяховага заканчэння яго ў 1941 г. – адкрывалася дарога ў самастойнае жыццё. Але пачалася вайна, што стала для мамы новым цяжкім выпрабаваннем.

Характэрна, што яе браты, мае дзядзькі, зведаўшы столькі пакут, не затаілі злосці на ўладу. Наадварот, падлеткамі пайшлі ў партызаны і мужна змагаліся з агульным ворагам. У канцы 1943 г. немцы пачалі наладжваць аблавы і хапаць моладзь для работы ў Германіі. У першую чаргу па даносах паліцэйскіх адпраўлялі тых, хто быў неблаганадзейны, меў сувязь з партызанамі. Фашысты схапілі і маю маму. Успамінаючы, яна горка жартавала:

– Да гэтага пераследавалі за тое, што мы быццам супраць бальшавікоў, а пасля – за тое, што з бальшавікамі…

Маму завезлі на станцыю Урэчча, дзе беларускую моладзь рыхтавалі да адпраўкі ў Германію, але ў тыя дні лютаваў тыф. Захварэла на яго і мама. Фашысты вельмі баяліся гэтай хваробы. Дзяўчыну з высокай тэмпературай тэрмінова завезлі ў любанскую бальніцу. Немец-урач, аглядзеўшы яе, махнуў рукой: капут, не жылец на гэтым свеце. Мама сапраўды была пры смерці.

Так здарылася, што ў бальніцу прыехала жанчына з суседняй вёскі за паміраючым мужам. Нямецкі ўрач, даведаўшыся пра гэта, праявіў незвычайную міласэрнасць. Ён пашкадаваў дзяўчыну, не выкінуў у барак для тыфозных, дзе ніхто не даглядаў хворых, а папрасіў тую жанчыну, забраць маю маму з сабой і завезці дадому: можа, родныя сцены вылечаць, свежае паветра паставіць на ногі.

У дарозе таксама здарылася нешта незвычайнае, быццам анёл-ахоўнік аберагаў няшчасную. Падвода рухалася павольна, і яе абагнала павозка, на якой ехалі жыхары Засмужжа. Толькі яна схавалася за паваротам, як прагрымеў выбух. Аказалася, дарога была замініравана. Усе людзі загінулі, а вось кабыла ўцалела, ёй толькі выбіла вока. Пасля вайны яна яшчэ працавала ў мясцовым калгасе, у яе была мянушка Сляпая.

Мама часта ўзгадвала той выпадак і лічыла, што Бог выратаваў яе ад вернай смерці. Ён і тыф дапамог пераадолець. Дома яе адпаілі малаком, сагрэлі клопатам і ўвагай. Дзяўчына паправілася, расквітнела, стала вельмі прывабнай. Невыпадкова яе ў 1944 г. заўважыў былы партызанскі камандзір Васіль Чабаганаў. Ён ваяваў у пухавіцкіх лясах, а калі прыйшла Савецкая Армія, быў адпраўлены ў Маскву на вучобу, пасля чаго прыехаў у любанскі край упаўнаважаным па нарыхтоўках. А мама там жа, у Любані, працавала бухгалтарам.

Аляксандра Статкевіч і Васіль Чабаганаў, бацькі Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Любань. 1946 г.
Аляксандра Статкевіч і Васіль Чабаганаў, бацькі Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Любань. 1946 г.

Адным з галоўных лозунгаў Савецкай улады ў той час быў наступны: “Сацыялізм – гэта ўлік”. Маме давялося перакваліфікавацца з настаўніка ў бухгалтара. Скончыла курсы, атрымала дыплом. Працавала на базе ў райспажыўсаюзе, яе паважалі, прыводзілі ў прыклад. Даслужылася да галоўнага бухгалтара. За ўсё сваё працоўнае жыццё мама так і не пабывала ў адпачынку. Не памятаю, каб калі-небудзь сядзела склаўшы рукі. Маці-гераіня, яна нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Марыла, каб кожнае яе дзіця атрымала вышэйшую адукацыю. І дамаглася свайго: усе мы скончылі прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, нехта нават з адзнакай. Мама вельмі ганарылася гэтым, часта гаварыла суседзям: “Якія ў мяне харошыя дзеці”.

Аднавяскоўцы паважалі маму і за яе жыццёвую мудрасць. Прыходзілі параіцца па самых розных пытаннях. Нават калі мама была на заслужаным адпачынку, да яе часта звярталіся з просьбаю пераправерыць разлік пенсій. І яна дапамагала. Добра ведала заканадаўства, заўсёды чытала газеты. У райфінаддзеле гаварылі: калі Аляксандра Міхайлаўна пералічыла каму-небудзь пенсію, то можна і не спрачацца, бессэнсоўна. Яна і мне казала: “А ты, Толя, чытаў, бачыў новыя дапаўненні да закона?” Пастаянна хвалявалася за мяне і мае справы. Клапацілася, каб не дапусціў памылкі, пры гэтым заўсёды папярэджвала:

– Толя, помні, вялікая лыжка рот дзярэ.

Помнік-мемарыял родзічам Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Паўночныя могілкі. Мінск. Скульптар Сяргей Бандарэнка.
Помнік-мемарыял родзічам Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Паўночныя могілкі. Мінск. Скульптар Сяргей Бандарэнка.

Памерла мама на 80-м годзе жыцця. Яна не хацела, каб яе пахавалі ў Засмужжы, дзе столькі ўсяго прыйшлося перажыць. Знайшла апошні спачын на Паўночных могілках у Мінску. Там усталяваны помнік і адначасова мемарыял усім маім рэпрэсіраваным у 1930-я гг. родзічам: мама ў тужлівай паставе абапіраецца на старажытную амфару з дваранскімі гербамі яе бацькоў – Статкевічаў і Карафа-Корбутаў. Каля ног мамы – крыж, на якім увекавечаны прозвішчы тых яе блізкіх, чые магілы невядомы:

бацькі Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча (расстраляны 06.03.1930 г.);

брата Івана Міхайлавіча Сацкевіча-Статкевіча (загінуў у высылцы ў 1930 г.);

дзядзькі Васіля Пятровіча Карафа-Корбута (расстраляны 06.03.1930 г.);

дзядзькі Георгія Аляксандравіча Карафа-Корбута (26.11.1885– 1930).

Жыццё мамінага дзядзькі Георгія таксама склалася трагічна. Па дарозе ў высылку на станцыі Урэчча Любанскага раёна, чакаючы цягнік, яму давялося спаць на сырой зямлі. Моцна прастуджанага, хворага, яго разлучылі з сям’ёй, і да гэтага часу лёс дзядзькі невядомы. Сям’я Георгія Аляксандравіча так і засталася назаўсёды ў Комі-Пярмяцкім краі. Яго старэйшыя сыны Сцяпан, Мікалай і Іван былі сасланы ў Сібір…

Карафа-Корбуты герба “Корчак”

Мая бабуля Марыя Аляксандраўна і прабабуля Наталля Васільеўна, мама дзеда Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча, паходзілі з роду Карафа-Корбутаў.

Прабабуля Анатоля Статкевіча-Чабаганава – Наталля Васільеўна Сацкевіч-Статкевіч (да замужжа Карафа-Корбут) з унучкай Зояй, цёткай аўтара. 1926 г.
Прабабуля Анатоля Статкевіча-Чабаганава – Наталля Васільеўна Сацкевіч-Статкевіч (да замужжа Карафа-Корбут) з унучкай Зояй, цёткай аўтара. 1926 г.

Ды і яшчэ дзве мае пра…прабабулі былі з гэтага ж роду: адна з іх – Марыяна Васільеўна – выйшла замуж за Івана Тычыну, другая – Феліцыяна – вянчалася з Андрэем Іваноўскім. Гэта было яшчэ ў ХVIII ст.

Вось так і раздзяліўся род Карафа-Корбутаў: адна галіна засталася на Валыні, а другая асталявалася на беларускай зямлі і з часам падзялілася на мсціслаўскую, віленскую, навагрудскую і мінскую галіны. Мною даследавана восем галін роду Карафа-Корбутаў, у тым ліку і валынская.

Нітка да майго роду Карафа-Корбутаў ідзе ад Пятра. Пётр быў жанаты з Тржтынскай, вылучыўся на службе ў польскага караля Жыгімонта І і  ў слуцкага князя Юрыя Алелькавіча.

Прывяду два дакументы, якія сведчаць пра заслугі Пятра.

Вось прывілей, напісаны ў Кракаве 3 верасня 1532 г., якім кароль Жыгімонт I за вайсковую конную службу падараваў Пятру брыкаўскую зямлю ў Слонімскім павеце: “…біў нам чалом баярын наш павету Слонімскага, і мы нашу ласку гаспадарскую чынілі і далі яму зямлю з дворышчам і селянінам Радзюком… далі есма Корбуту самому, жонцы, дзецям і нашчадкам яго…”

Грамата князя Юрыя Алелькавіча, напісаная ў Слуцку 3 студзеня 1538 г., на зямлю Дубеі над ракой Уса: “…іж біў нам чалом служэбнік наш Пётр Корбут, за верныя і зычлівыя яго паслугі далі яму зямлю нашу грозаўскую над ракою Усою з усімі ўрочышчамі, да тае зямлі здаўна належнымі, якую тую зямлю далі мы яму Корбуту, самому, жане, дзецям і шчадкам яко вечна і непарушна, а ён нам з тае зямлі павінен будзе службу земскую ваенную служыць…”

На гэтых землях жылі нашы продкі да сярэдзіны ХVII ст., пра што сведчаць граматы, падараваныя сыну Пятра Юрыю 17 лютага 1604 г., і ўнуку Івану 28 верасня 1642 г.

І толькі праўнук Пятра Карафа-Корбута Васіль купіў 12 мая 1665 г. у Сузанны, народжанай Свід, і яе сына Мікалая Дабкоўскага 1/12 частку зямлі ў засценку Іздрашава Слуцкага княства. Гэты факт найперш цікавы тым, што Карафа-Корбуты тады і пачалі паступова асталёўвацца ў тутэйшых мясцінах каля Старобіна і Пагоста. А першапраходцам, як бачым, быў Васіль, сын Іванаў.

У Васіля Іванава Карафа-Корбута нарадзіліся тры сыны: Павел, Сямён і Хрыстафор (Крыштаф). Ад яго і вылучылася наша галіна Карафа-Корбутаў.

Вядома, што Хрыстафор валодаў маёнткам Мінкавічы ў Ашмянскім павеце, які ў 1698 г. падарыў сыну Канстанціну.

Пра Канстанціна, сына Хрыстафора, у справе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні роду Карафа-Корбутаў ад 20 студзеня 1816 г. гаворыцца, што ў яго былі тры сыны: Грыгорый, Станіслаў-Якуб і Дыянісій.

Устаноўлена, што жонкаю Канстанціна была Элеанора з роду Пілатовічаў. З кніг Ашмянскага гродскага суда вынікае, што па дарчым запісе яна перадала маёнтак Пуцілава сваім дзецям і ўнукам, у тым ліку і маім пра…прадзедам Рыгору і Дыянісію.

…Частка роду Карафа-Корбутаў асталявалася ў XIX ст. у бабруйска-глускім рэгіёне. Астатнія ж прадстаўнікі нашай галіны засталіся жыць у Слуцкім павеце. Тут яны парадніліся з родамі Гурыновічаў і Рэвутаў. Пра жыццё іх у гэтых мясцінах распавядаюць шматлікія дакументы. З іх мы даведваемся як пра радасныя падзеі, так і пра сумныя. Напрыклад, у мае рукі трапіў пратакол Слуцкага паліцэйскага ўчастка пра моцны пажар у вёсцы Кутнева, у час якога згарэла некалькі дамоў і ўся жыўнасць…

Нам пашанцавала, што добра захаваліся метрычныя кнігі многіх цэркваў Случчыны, якія ахопліваюць больш за стагадовы перыяд. З іх мы даведваемся пра найважнейшыя падзеі жыцця нашых продкаў.

Напрыклад, 7 кастрычніка 1817 г. бралі шлюб шляхціч засценка Іздрашава, прыхаджанін чыжэвіцкай Пакроўскай царквы Самуіл Якаўлеў Карафа-Корбут і дачка жыхара засценка Залессе Аляксандра Рэвута – Ірына. Прайшоў час, і ў пагосцкай Іаана-Прадцечанскай царкве 18 сакавіка 1879 г. вянчаліся ўнук Самуіла Якаўлевіча (і мой прадзед, дваранін засценка Кутнева) Аляксандр Платонаў Карафа-Корбут з Марыяй Неафітаўнай Рудзінскай.

Менавіта Аляксандр Платонаў з родзічамі Карафа-Корбутамі, Статкевічамі, якія жылі ў Малінаве, а таксама далучанымі да іх Тычынамі, Рудзінскім і іншай шляхтай купілі ў 1893 г. маёнтак Засмужжа ў Забалоцкай воласці ў княгіні Марыі Гагенлое. Раней гэтыя мясціны належалі князям Радзівілам. У Засмужжы нарадзіліся мая бабуля, мая мама. Тут нарадзіўся і я.

Андрэй, Анатоль, Тамара і Сяргей Чабаганавы ў дзень адкрыцця помніка святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Слуцк. 2000 г.
Андрэй, Анатоль, Тамара і Сяргей Чабаганавы ў дзень адкрыцця помніка святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Слуцк. 2000 г.

Сёння мне дакладна вядома, што мае родзічы пачынаючы з XV ст. жылі ў асноўным у нясвіжскім, капыльскім, слуцкім рэгіёнах. А таму, калі ўзнікла ідэя ўстанавіць у Слуцку помнік святой Сафіі, княгіні Слуцкай, я з вялікай радасцю ўзяў удзел у яго фундаванні.

Адкрыццё помніка святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Мінск. 2012 г.
Адкрыццё помніка святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Мінск. 2012 г.

Як жа склаўся лёс маіх родзічаў з роду Карафа-Корбутаў, якія жылі ў Малінаве? Да 1930 г. там існавала шаснаццаць гаспадарак, што пачалі называць кулацкімі, у тым ліку чатыры – Карафа-Корбутаў, дзве – Статкевічаў, дзве – Сыцько. Усе гэтыя сем’і былі рэпрэсіраваны і высланы за межы Беларусі.

З успамінаў Тамары Мікалаеўны Карафа-Корбут (жыве ў Нальчыку):

«Мая мама Алена Грыгор’еўна нарадзілася ў вёсцы Малінава Глускага раёна. У 1914 г. выйшла замуж за Корбута Фёдара Сцяпанавіча. У тым жа годзе ён пайшоў на фронт і прапаў без вестак. У сакавіку 1915 г. нарадзілася дачка Ніна, якая так і не ўбачыла бацьку. Дванаццаць гадоў мама чакала свайго Фёдара, жыла з дачкою ў свекрыві.

Мой бацька Корбут Мікалай Васільевіч угаворваў маму выйсці за яго яшчэ да першага замужжа, але тады яна выбрала Фёдара, які быў маладзейшы за майго бацьку. І ўсё-такі яны ажаніліся ў 1927 г. Дарэчы, мама Мікалая Васільевіча, Анастасія Паўлаўна, даводзіцца цёткай Сцяпану Міхайлавічу Некрашэвічу, першаму віцэ-прэзідэнту Акадэміі навук Беларусі.

Калі надышоў страшны 1930 год, мае бацькі працавалі на гаспадарцы як простыя сяляне, нягледзячы на сваё паходжанне. Дык навошта было высяляць гэтых працаўнікоў? Яны, як мне мама расказвала, босымі хадзілі па стырне, жалі сярпамі жыта. Толькі і ўсяго, што было, – гэта некалькі кароў і пара коней. Праўда, у час уборкі хлеба яны наймалі работнікаў, але плацілі ім нядрэнна і кармілі іх.

У той страшны год арганізавалі ў вёсцы Малінава калгас, куды ўступілі і мае бацькі. Туды ж забралі інвентар і ўсю жывёлу. Мама гаварыла, што каровы, калі ішлі з пашы, убачыўшы гаспадароў, жаласна мукалі, а жанчыны, гледзячы на іх, плакалі.

Але ў той час, як вядома, даводзіліся планы па раскулачванні… Наш дзядзя Паўлуша, даведаўшыся пра раскулачванне, паехаў у Ленінград, дзе вучыліся яго браты Ілья і Сяргей. Майго бацьку ён таксама ўгаворваў паехаць з ім, але той не паверыў, што будзе высяленне, маўляў, няма такой прычыны. Як жа ён памыляўся!

І вось аднойчы ў Малінава прыехала раённае кіраўніцтва. Усіх жыхароў сабралі ў клубе і зачыталі прозвішчы тых, хто павінен быў пакінуць сход. Іх проста выгналі. Праз некалькі дзён забралі некуды ўсіх мужчын, а жанчынам загадалі тэрмінова збірацца ў дарогу. Мама ўзяла з сабою дваіх маленькіх дзяцей. Ніне на той час споўнілася 15 гадоў, і ёй дазволілі застацца. Паскіталася пасля мая бедная сястрычка!..

А некаторыя не забіралі дзяцей з сабою. Мая цётка Вара (Варвара Васільеўна Карафа-Корбут) таксама пакінула трох малалетніх дзяцей, у тым ліку і Клаву. У час вайны дзеці цёткі Вары трапілі ў Германію, вярнулася двое: Клава і Барыс. Клава не можа пра гэта прыгадваць без слёз…

Але прадоўжым далей аповед пра высылку.

Усіх раскулачаных пагрузілі на падводы, і калі прывезлі на чыгуначную станцыю, то некаторых мужчын вярнулі да сваіх сем’яў, у тым ліку і майго бацьку. А муж маёй цёці Вары (Варвары Васільеўны Карафа-Корбут) Рыгор Більдзюкевіч так і застаўся ў лагерах. Ён правёў там дваццаць гадоў, магчыма, таму, што змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны і стаў Георгіеўскім кавалерам. Ужо хворым, змардаваным, старым ён вярнуўся ў Беларусь да дачкі Клавы…

Везлі нашых бацькоў у таварных вагонах, прыстасаваных для скаціны. Многія дзеці і старыя не вытрымалі голаду і холаду. Памерлых выносілі і пакідалі на адхонах. Дзесьці ў Сібіры сасланых высадзілі і пасялілі ў бараках, вакол якіх была сцяна з калючым дротам. Мама называла гэта месца “Бушуйкай”. Зімой прымушалі валіць лес, галодныя і дрэнна апранутыя людзі на марозе не вытрымлівалі, многія гінулі.

Затым пачалася чарговая “сарціроўка”: некага пакінулі ў Сібіры, а маіх бацькоў з дваімі дзецьмі, а таксама цёцю Вару адправілі ў далейшую перасылку. Плылі і на параходзе, і на кацеры. Нарэшце дасягнулі раёна імя Асіпенкі ў Хабараўскім краі. Цёця Вара трапіла на залатыя прыіскі, а мае бацькі – у глухамань, дзе стаяла некалькі баракаў для перасяленцаў ды адзін домік мясцовага жыхара. Людзі былі не толькі з Беларусі, а і з Украіны, Малдовы, Татарстана. Навокал лес, ніякіх шляхоў зносін з раённым цэнтрам, хіба толькі па рацэ летам ці зімой пешшу. Мабыць, спецыяльна прывезлі ў такое месца, каб людзі не разбегліся.

Сярод глухой тайгі Хабараўскага краю і пачалося новае жыццё гэтых няшчасных людзей. У створаным калгасе працавалі з ранку да ночы. Раскарчоўвалі ўручную лясы: мужчыны падсякалі карані, а жанчыны вяроўкамі выцягвалі дрэвы. І так цэлы дзень, а пасля дадому ішлі пешшу некалькі кіламетраў, ды яшчэ жанчыны неслі сваім каровам траву. Людзі працавалі за працадні, нічога не атрымліваючы за іх, акрамя таго здавалі дзяржпастаўкі. Помню, мама прыйдзе з работы, падоіць карову і нясе вядро малака на прыёмны пункт, а нам, дзецям, мала што заставалася. Калі нехта не выпрацоўваў вызначанай колькасці працадзён – іх судзілі. Аднойчы мама захварэла і не змагла працаваць, дык яе і яшчэ некалькі жанчын, якія “правінаваціліся”, адправілі ў суд. Мы, дзеці, не маглі дачакацца сваіх мам, стаялі на дарозе і плакалі. Вярнуліся яны толькі на другі дзень, позна ўвечары.

Памятаю, як мы жылі ў бараку. Тры сям’і – у адным калідоры, кожная мела пакойчык. У калідоры была невялікая печ, дзе па чарзе гатавалі абеды, а ў пакоях стаялі печы-буржуйкі. Раніцай было вельмі холадна.

Паступова завялі сваю гаспадарку. У некаторых пачалі з’яўляцца і свае хаты.

Бацька мой доўгі час працаваў у кузні. Калі прыходзіў дадому, у яго ішла носам кроў, але на гэта ніхто не звяртаў увагі. З часам яму стала зусім дрэнна, яго перавялі працаваць у ветэрынарную лячэбніцу, аднак было позна. У хуткім часе пасля захворвання на грып ён памёр ад ацёку лёгкіх. Яму было 62 гады.

У 1949 г. многія сталі з’язджаць адсюль, выдалі і нам пашпарты. Калі б бацька быў жывы, мы, мабыць, паехалі б дадому ў Беларусь, а так вырашылі перабрацца да сястры Ніны, якая жыла ў той час на Каўказе.

Калі збіралі дакументы на рэабілітацыю бацькоў, я напісала запыт у той калгас, дзе яны працавалі. Аказалася, што калгас даўно распаўся. Відаць, таму што адтуль выехалі “кулакі”… З раённага пасёлка мне прыйшло пісьмо ад дырэктара краязнаўчага музея. У музеі сабрана шмат дакументаў аб рабоце спецперасяленцаў. Там ёсць нават кніга ганаровых людзей. Сярод іх і мае бацькі, пазначаны і медалі, якімі яны ўзнагароджаныя…»

Вось такая тыповая гісторыя былой “кулацкай” сям’і. Яна паўтаралася ў тысячах варыянтаў. Некаму пашанцавала больш, некаму менш, але працалюбівы і моцны народ вытрываў многае. Спроба адарваць ад роднай зямлі, ад сваіх каранёў і пераплавіць “варожы клас” у народ без хрысціянскай веры і гістарычнай памяці, дзякуй Богу, правалілася.

Некаторым маім родзічам з роду Карафа-Корбутаў удалося пазбегнуць рэпрэсій. У маёй прабабулі быў брат – Рыгор Васільевіч. Дык вось сыны яго, зразумеўшы, што будуць пераследавацца тыя, каго сталі называць кулакамі ў 1920 – 1930-я гг., вырашылі перабрацца з Малінава ў Ленінград. І гэта дапамагло ім пазбегнуць бяды, сваёй працаю дабіцца прызнання і пашаны. Адзін з іх – Павел Рыгоравіч. Яго двойчы выбіралі дэпутатам. І ў тыя гады ён быў вядомым чалавекам у горадзе на Няве. Не забываў Павел Рыгоравіч і пра сваіх родзічаў: стараўся ўсіх аб’яднаць, абагрэць кожнага сваім цяплом і клопатам.

Павел Рыгоравіч Карафа-Корбут. Ленінград. 1939 г.
Павел Рыгоравіч Карафа-Корбут. Ленінград. 1939 г.

З успамінаў пляменніцы Паўла Рыгоравіча Ірыны Іванаўны Корбут (жые ў г. Санкт-Пецярбургу):

«Дзядзя Паўлуша ўладкаваўся на завод імя Ільіча. Выбраў прафесію станочніка і ў хуткім часе выклікаў да сябе жонку з сынам. На прадпрыемстве дзядзю хвалілі. Пастаянна вылучалі. Быў ён працалюбівы, таварыскі, ніколі не сумаваў, да людзей ставіўся проста і сардэчна. І не дзіўна, што яго хутка выбралі дэпутатам.

Мая мама Вера Іванаўна расказвала, што Павел Рыгоравіч часта бываў у нас, з маім бацькам іх звязвала моцнае сяброўства. Не забываў ён нашу сям’ю і ў час вайны. Блакада. Зіма. Голадна і холадна, а мама цяжарная мною. Павел Рыгоравіч ведаў, што маме хутка нараджаць, і выбраўся ў далёкую дарогу, прыхапіўшы з сабой вязку дроў. Але, як усе, быў знясілены, і ноша тая аказалася вельмі цяжкай. Па дарозе, горка ўздыхаючы, ён пакідаў палена за паленам і прынёс толькі два…

Зразумела, справа не толькі ў дрывах, а ва ўвазе, у клопаце пра сваіх блізкіх. Дзядзя Паўлуша нікому не шкадаваў сваёй дабрыні.

Яшчэ адна гісторыя. Маму выпісалі з раддома, а карткі хлебныя і прадуктовыя не вярнулі. Разгневаны дзядзя пайшоў туды, прад’явіў свае дэпутацкія дакументы, сказаў, што ўрачы так не павінны сябе паводзіць. Кіраўніцтва раддома папрасіла прабачэння, і ўсе карткі былі вернуты.

Я памятаю, што ў доме дзядзі Паўлушы заўсёды было весела, панурых людзей ён не любіў. За сталом жартаваў, падбадзёрваў. А ў канцы зацягваў нашу родную беларускую песню: “Бывайце здаровы, жывіце багата…”»

Брат Паўла Ілья Рыгоравіч закончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Быў накіраваны ў Сярэднюю Азію, дзе стаў вядомым вучоным-лесаводам. Шмат эксперыментаваў, садзіў лясы ў пустыні, у прыватнасці многае зрабіў, каб абараніць горад Фрунзе ад наступу пяскоў і пылавых бур. Удзячныя гараджане ўстанавілі памятную дошку ў гонар яго заслуг. Ілья Рыгоравіч узнагароджаны медалём удзельніка Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР 1956 г. Перад Вялікай Айчыннай вайной ён працаваў дырэктарам запаведніка Лес-на-Варсіле Курскай вобласці. У час нямецкай акупацыі, абараняючы ад высечкі каштоўныя пароды ў запаведным лесе, ледзь не загінуў ад рук паліцаяў. Як ні дзіўна, яго выратаваў нямецкі афіцэр, які, як аказалася, таксама быў лесаводам у мірны час.

Ілья Рыгоравіч склаў і захаваў унікальную схему сваяцкіх сувязей дваранскіх родаў, якія пражывалі ў Малінаве і іншых ваколіцах Глуска ў канцы XIX ст., – Карафа-Корбутаў, Статкевічаў, Сыцько, Забэлаў, Некрашэвічаў.

Яго дачка Галіна жыве ў Мінску і носіць прозвішча Карафа-Корбут. Другая яго дачка Маргарыта жыве ў Смаленску, настаўніца.

Сын Рыгора Васільевіча Корбута, Антон Рыгоравіч, быў афіцэрам царскай арміі. Пасля служыў у Чырвонай Арміі. Перад вайной ужо меў званне, роўнае падпалкоўніку. У час Вялікай Айчыннай вайны камандаваў часцю, удзельнічаў у штурме Берліна. Мае вышэйшыя баявыя ўзнагароды: ордэн Леніна, Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені і іншыя. Нават была выпушчана паштоўка, на якой ён адлюстраваны са сваімі байцамі. Так мала хто быў уганараваны ў той час.

Павінен адзначыць, што Антон Рыгоравіч нядрэнна маляваў. У яго родзічаў і зараз ёсць напісаныя ім карціны. Яго мінавалі рэпрэсіі. Але, на жаль, да генерала Антон Рыгоравіч так і не даслужыўся, закончыўшы вайну ў званні палкоўніка, а ўсё таму, што паходзіў з дваранскага роду, быў царскім афіцэрам.

Яшчэ адзін прадстаўнік нашага роду Іван Фядотавіч Корбут таксама паехаў у Ленінград у тыя пагібельныя трыццатыя гады. Там ён закончыў універсітэт, стаў астраномам, прычым даволі вядомым. Працаваў у Пулкаўскай астранамічнай абсерваторыі, некаторыя яго назіранні былі прызнаны самымі дакладнымі, што пацвердзілі нават амерыканскія вучоныя.

З успамінаў дачкі Івана Фядотавіча Ірыны Іванаўны Корбут:

“У нас часта бывалі сябры, родзічы, замежныя госці. Бацька любіў чытаць ім вершы на роднай мове. З юнацкіх гадоў ён сябраваў з беларускім паэтам Сяргеем Грахоўскім, з якім вучыўся ў сярэдняй школе ў Глуску. І калі Сяргей Іванавіч бываў у Ленінградзе, ён спыняўся ў нас. Яны з захапленнем чыталі вершы, і Грахоўскі кожны раз дзівіўся, наколькі таленавіта гэта атрымлівалася ў Івана Фядотавіча. Бацька выдатна гуляў у шахматы, метка страляў, заўсёды ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Ён прайшоў дзве вайны: фінскую і Вялікую Айчынную, быў двойчы цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, многімі медалямі.

Аднак мінулае не забывалася. Ён шанаваў свае карані і не баяўся гэтага. Нават калі першая бацькава вучаніца выходзіла замуж за астранома з сям’і рэпрэсіраваных і ніхто не пагадзіўся быць сведкаю, Іван Фядотавіч яе падтрымаў…”

Мама Ірыны Іванаўны – Вера Іванаўна з роду Сацкевічаў-Статкевічаў – перажыла Ленінградскую блакаду, мела ўзнагароды і жыла разам з дачкою ў горадзе на Няве, памерла, калі ёй было ўжо за дзевяноста.

А вось як склаўся лёс Аляксандры Іванаўны Карафа-Корбут (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч), адной з васьмі сясцёр майго дзеда.

Так атрымалася, што раскулачванне, ад якога пакутавалі ўсе мае родзічы, яе абышло. Яны з мужам хутка ўступілі ў калгас, бо думалі ў першую чаргу пра дзяцей, якіх у сям’і было шмат. Але на іх увесь час падазрона глядзела мясцовае кіраўніцтва, асабліва старшыня сельсавета. Ён ведаў, што сясцёр Аляксандры Іванаўны – Ефрасінню і Антаніну (у замужжы Шантар) – саслалі ў Іркуцкую вобласць на залатыя прыіскі, там яны і памерлі. І старшыня пагражаў: “Цябе таксама чакае такі лёс!”

Сцяпан Іванавіч і Аляксандра Іванаўна (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч) Карафа-Корбуты. Вёска Сялец Глускага раёна. 1940 г.
Сцяпан Іванавіч і Аляксандра Іванаўна (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч) Карафа-Корбуты. Вёска Сялец Глускага раёна. 1940 г.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандры Іванаўне было ўжо 72 гады. Два сыны і дачка пайшлі на фронт, трое сыноў – у партызаны. А той старшыня сельсавета, які ўвесь час пужаў іх Сібір’ю, падаўся ў паліцаі. Менавіта ён і навёў на Аляксандру Іванаўну фашыстаў, расказаўшы ім пра яе сыноў.

Тады пачыналася блакада. Гітлераўцам, якія вялі ўпартае наступленне супраць партызанскіх брыгад, неабходны былі звесткі пра яўкі лясных мсціўцаў, імёны тых, хто ім дапамагае, корміць і дае прытулак.

Жанчыну арыштавалі, доўга катавалі, але яна маўчала. Як магла маці здрадзіць сваім сынам? Змучаную, яе прывязалі вяроўкай да каня і пацягнулі праз вёску Сялец у Глуск. Вяскоўцы з жахам назіралі праз вокны за пакутамі гэтай мужнай жанчыны. У Глуску з яе яшчэ некалькі дзён здзекаваліся, а пасля жывой закапалі ў зямлю.

Аляксандра Іванаўна, як салдат, пахавана ў брацкай магіле ў райцэнтры. І ў будні, і ў святы там заўсёды кветкі. Усе яе сыны і дачка атрымалі ўзнагароды за баявыя заслугі. Адзін з сыноў, Аляксандр, загінуў, астатнія вярнуліся з франтоў, займалі ў мірны час адказныя пасады. Дачка, Марыя Сцяпанаўна, былая настаўніца, а ў час вайны разведчыца, жыве цяпер у Адэсе…

Гісторыя роду Карафа-Корбутаў толькі пацвярджае словы Паўла Фларэнскага: “Род ёсць адзіны арганізм і мае цэласны вобраз”…

МОЙ СЯБРА ВЯЗ

Адны з самых яскравых успамінаў дзіцячай пары: на тэрыторыі нашай зямлі, якая адышла ўжо да калгаса, рос велічэзны, у некалькі абхватаў вяз, пасаджаны маімі продкамі ў ХІХ ст. Дрэва стала маім любімым, пад ім я і правёў дзіцячыя гады. Там я марыў пра будучыню, планаваў нешта, але часцей за ўсё пад гэтым вязам мы гулялі з вясковымі хлапчукамі. Дарэчы, на нашым вязе гняздзіліся буслы, і мы любілі назіраць, як птушаняткі мацуюць крылы, а над кронай велікана праплываюць караваны белых аблокаў.

У 1960-я гг. вяз хацелі выкарчаваць: вельмі ганарліва стаяў ён пасярод калгаснага поля і перашкаджаў сеяць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам. Зачапілі яго двума магутнымі трактарамі-“сталінцамі”, пацягнулі, але тросы лопнулі – вяз выстаяў.

І вось аднойчы, прыехаўшы ў вёску, я ўбачыў, што вяза няма. Упаў ад старасці. Стала вельмі балюча на душы, бо для мяне гэта было знакавае дрэва, якое звязвала з мінулым, з любімымі мясцінамі. Я прыязджаў, ішоў да яго, слухаў шэпт лістоты, як далёкую песню, дакранаўся да кары і згадваў мінулае… І вось вяза не стала, а з ім адышло нешта важнае, што так вабіла мяне ў Засмужжа. З таго дня я пачаў рэдка ездзіць у родную вёску, але зялёны сябра стаяў заўсёды перад вачыма.

Прайшоў час. І я захацеў пасадзіць вяз каля свайго дома. Якраз на Любаншчыну ехаў мой сябар, і я папрасіў яго знайсці добрае дрэўца. Ён выканаў маю просьбу. Палюбаваўшыся на палескага прыгажуна, мы адразу пачалі пасадку. Я ўзяў лапату, пачаў капаць, і раптам здарылася загадкавае. У мяне ніколі раней не ішла кроў з носа, а тут проста хлынула. Думаю, гэта здарылася ад моцнага перажывання, навеянага ўспамінамі. Прыяцель спалохаўся, прыбегла ўсхваляваная жонка…

На жаль, вяз не прыняўся: зайцы зімой аб’елі кару. Звычайна яны ласуюцца карой садовых дрэў, а тут чамусьці на вяз напалі. Пасля гэтага сябры ў мой юбілей на гэтым месцы пасадзілі дуб, які выкапалі ў лесе. І дуб прыжыўся.

Але пра вяз я не забыў. Мне падказалі, што ў адным зелянгасе ёсць рэдкае дрэва – ніцы вяз. Хоць і з цяжкасцю, але ўдалося яго набыць.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з унукамі Серафімам і Маркам каля ніцага вяза. 2011 г.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з унукамі Серафімам і Маркам каля ніцага вяза. 2011 г.

Цяпер недалёка ад пасаджанага раней дуба расце рэдкі ніцы вяз. Расце і плача. Галінкі ляжаць на зямлі і сцелюцца па ёй, як памяць пра майго расстралянага дзеда, пра ўсіх родзічаў, якім шмат давялося перажыць у далёкія 1930-я гг., як памяць пра страчанае і “знесенае ветрам” пакаленне беларускай шляхты…

Падрыхтоўка матэрыялу для сайта Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  1. Статкевіч-Чабаганаў, А. Я – сын Ваш: Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”. Карафа-Корбуты герба “Корчак”/ А. Статкевіч-Чабаганаў. – Мінск: Роднае слова, 2011. – 592 с. – (Летапіс беларускай шляхты).
  2. http://yasynvash.by/