Для жыхароў і старажылаў Наваселля паняцце гістарычнай памяці нясе глыбокі сэнс, перажыты ў сэрцах, выпакутаны ў свой час, знітаваны з агенчыкам свечкі, якую запальваюць яны два разы ў год перад іконай Казанскай Божай Маці. Сёлета навасельцы адзначылі 80 гадоў з таго незабыўнага, жудаснага і адначасова шчаслівага моманту, калі дзякуючы цуду звыш пазбеглі расстрэлу і спалення ад рук нямецка-фашысцкіх карнікаў.
Цудам уратаваліся
У 1942-м годзе за сувязь з партызанамі былі спаленыя суседнія з Наваселлем вёскі Краснае і Узнаж Крупскага раёна. Мясцовыя жыхары з дня на дзень чакалі расправы і над сабою. І тут хтосьці ўспомніў пра старадаўні рэлігійны абрад “Свечка”, пра які чулі ад старажылаў, і які быў забаронены з надыходам атэістычнай савецкай улады. Калі партызаны перадалі звесткі пра хуткі прыход карнікаў, навасельскія жанчыны за адзін дзень саткалі ручнік і 4 лістапада з іконай Божай Маці Казанскай, ручніком і свечкай абышлі ўсю вёску, а потым сабраліся ў доме Аляксея Раманька, які жыў у самым пачатку вёскі. Па старажытных правілах з пустымі рукамі прыходзіць нельга, кожны прынёс пачастунак: міску мукі для гаспадара ў знак падзякі за тое, што прыняў да сябе. У хаце таксама запалілі свечку і пачалі маліцца за здароўе і жыццё.
Неўзабаве прыбылі немцы, не мінула нават і паловы гадзіны. Павыганялі вяскоўцаў з хат, дзяцей і старых, у тым ліку і тых людзей, хто быў “на свечцы”. Некаторыя (дзеці таксама) былі без верхняга адзення і абутку, а дзень жа той выдаўся на рэдкасць халодным. Фашысты сагналі ўсіх у вялікае гумно. Прачасалі гарышчы і скляпы. Знайшлі схаваных дзетак і нават старую бабулю, якая ўжо нічога не бачыла, і якую дзеці схавалі пад падлогай – таксама далучылі ў гумно да астатніх. Мужчын жа прымусілі капаць вялікую яму.
І вось у гумне адна з жанчын дастала ікону, і ўсе прысутныя пачалі маліцца. Гадзіна праляцела, другая пачалася. Не могуць страляць і паліць фашысты людзей, якія моляцца, быццам трымае Хтосьці. Зацягнулася карная аперацыя. Звязаліся гітлераўцы па рацыі са сваім начальствам, тыя ўмову перадаюць – няхай некалькі мужчын з вёскі згаджаюцца пайсці ў абарону, тады аперацыя адменіцца. Вяскоўцы параіліся, жанчын і дзяцей шкада, выбралі некалькіх маладзейшых, і карнікі адступіліся. Наваселле было ўратаваным. З выбраных жа мужчын пасля хто ў партызаны уцёк, а хто пасля вызвалення Беларусі ваяваў супраць фашыстаў на фронце.
У гонар вызвалення ад смяротнай небяспекі навасельцы адрадзілі той старадаўні рэлігійны абрад і пачалі двойчы на год ушаноўваць ікону Казанскай Божай Маці. З ваеннай пары ні разу не прапусцілі.
Старадаўні абрад
– Наша “Свечка” вельмі старажытная, мабыць нават з пятроўскіх часоў! – гавораць жыхары вёскі Наваселле.
Падобны абрад больш нідзе не захаваўся, толькі тут. На Ушэсце вясною і ў дзень іконы Казанскай Божай Маці 4 лістапада вяскоўцы носяць абраз і свечку ад хаты да хаты, і перадаюць на захоўванне па чарзе, якое працягваецца палову года.
Як сведчаць старажылы, здаўна абрад праводзіўся наступным чынам. Спачатку неабходна было з лёну спрасці нітку, затым з ніткі саткаць ручнік. Зрабіць гэта патрабавалася на працягу аднаго дня і з умовай бесперапыннай працы. Таму ў працэсе ўдзельнічалі ўсе жанчыны, частка іх сядала за прасніцы, другія па чарзе браліся за кросны. Пасля новасатканым ручніком трэба было абнесці вёску.
Прысутнічала ў якасці абавязковага атрыбута свечка. Тыя вяскоўцы, якія трымалі пчол, ахвяравалі воск на яе выраб. Да нядаўняга часу яшчэ былі жывымі сведкі, якія бачылі выраб абрадавай свечкі. Яна была тоўстая, скатаная рукамі, сёння падобную і не адшукаеш.
Падпаленую свечку разам з абразом і ручніком пераносілі з хаты, дзе яна захоўвалася мінулым разам, у хату наступную. Побач з іконай заўсёды ляжаў ліст для запісу блізкіх, за здароўе якіх маліўся бацюшка. Пакуль гарэла свечка, святар служыў малебен за здароўе, асвячаў прынесеную ў хату ваду, а ўсе прысутныя маліліся разам з ім. Пасля малебну жыхары вёскі набіралі сабе асвечанай вады. Потым жа ўсе збіраліся за святочным сталом таго гаспадара, чыя наступіла чарга захоўваць ікону Казанскай Божай Маці.
Сёння абрад праводзіцца гэтак, як і даўней, з тымі адрозненнямі, што ручнікоў ніхто не тчэ, а свечка даўно не самаробная. Але ж самае галоўнае, што двойчы на год збіраюцца людзі на свята цудоўнага ўратавання. Сярод іх не толькі старажылы Наваселля, але і іх цяперашнія нашчадкі з Мінска, Барысава, іншых месц Беларусі.
Будзем помніць
Пранесці ікону па вёсцы, у якой заселеных хат становіцца ўсё менш, ды памаліцца за яшчэ жывых, за тых, хто застаўся, і за нашчадкаў – святая справа, у чымсьці нагадвае крыжовы ход. Для 87-гадовай Таццяны Баравулі, у якой абраз Казанскай Божай Маці захоўваўся да гэтай пары, памаліцца і паўдзельнічаць у абрадзе – неабходная дзея.
— Добра помню вайну з немцамі, тады гаравалі ўсе, лепей такое нікому не бачыць. Мы жылі на ўскраіне, у хату заўсёды то немцы стукаліся, то партызаны. Электрычнасці не было, вечарамі смалячкі палілі. Аднойчы ўцякалі ад немцаў на падводзе, заехалі за Беразіно ў бок Чырвонага Берага, толькі да лесу пад’ехалі, як бомба гахнула з фашысцкага самалёта. Мы яшчэ паспелі ў лес ускочыць, а адной бабулі адарвала руку на маіх вачах. Ой, ўсякага набачылася! – уздыхае Таццяна Нічыпараўна. – “Свечку” праводзілі потым і ў савецкі час, пасля вайны, праўда, бядней жылі, хто ладку спячэ на свята, хто міску мукі прынясе. Цяпер шмат успамінаецца, асабліва, калі ўнукі прыедуць.
Шмат гаротных успамінаў і ў Раісы Белай.
Ёй было ўсяго 8 гадоў, калі карнікі знішчылі родную вёску Узнаж. Здарылася гэта на Пакровы ў 1942-м годзе, нямецкія карнікі расстралялі ўсіх жыхароў – 386 чалавек. Цалкам загінула і сям’я Раісы – бацькі і восем сястрычак. Сама ж яна ўратавалася ў суседнім Наваселлі. Шмат гаравала. Калі ж выйшла замуж, нарадзіла шэсць дзяцей – пяць дачок і сына.
Зараз ікона будзе захоўвацца ў Аліны Лазерка. Прыняць на свята столькі гасцей – клопат той яшчэ, але прыносіць 80-гадовай жанчыне задавальненне і радасць, па-першае, радасць духоўную. Дапамагаюць завіхацца пляменніцы. Адна з іх, Алена Сіняк, успамінае свайго бацьку Фёдара Сіняка, які быў з ліку галоўных завадатараў вясковага свята.
– Тата ведаў значэнне і сэнс нашай “Свечкі” з самага пачатку. Удзельнічаў у ім з дзяцінства, назіраў, што робяць старыя. Ставіўся да гісторыі бацькоўскай зямлі з асаблівай душэўнай трапятлівасцю. І хоць за савецкім часам свята асабліва не рэкламавалі, прыхоўвалі па зразумелых прычынах, улады змагаліся з верай у Бога, але ніколі пра яго не забываліся, як і пра падзеі 1942-га года. Праводзілі абрад употай. І ўжо ў 90-я тата падняў архівы, успомніў тагачасныя імёны, расказаў усім праз многія перыядычныя выданні, як уратавалася вёска, – сведчыць Алена Фёдараўна. – Хоць сама я разам з сям’ёй жыву ў Мінску, але заўсёды прыязджаю, мы добра помнім гэтую традыцыю, гісторыю бацькоў, падтрымліваем. Двароў ужо мала засталося ў Наваселлі, аднак я лічу, пакуль будзе жыць апошні наваселец, традыцыя праводзіць свята будзе працягвацца. Мы будзем заўсёды помніць пра цуд, калі Бог уратаваў людзей ад знішчэння.
Малебен іконе Казанскай Божай Маці адслужыў благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі протаіерэй Ілья Ганчарук.
– Кожнае пакаленне павінна помніць тую вайну, – сказаў пасля службы айцец Ілья. – Бо калі мы забываемся пра бязладдзе і ліхалецце мінулага, следам забываемся пра спагаду, душэўную шчырасць, цеплыню і любоў да бліжняга, а потым Бог ад нас адварочваецца. І калі гэта адбываецца, прыходзіць д’ябал і крадзе самае лепшае, што ў нас ёсць – нашы душы. І тады вайна паўтараецца ізноў. Таму трэба помніць і шанаваць наша мінулае, загінуўшых за наш мір і свабоду блізкіх, нашых бацькоў, дзядоў і, наогул, продкаў. Тое і царквой устаноўлена. Вельмі прыемна, што ў Наваселлі жыве гэта памяць, яна ўмацоўвае і яднае людзей.
Хочаце – верце, а хочаце – не…
Адкуль пайшло Наваселле, зараз ніхто дакладна не ўспомніць. Аднак існуе сярод старажылаў паданне. Мясцовая зямля, а дакладней урочышча Баркі, калісьці даўно было падаравана царскаму служачаму пасля 25-гадовай бездакорнай службы. Лапік зямлі той быў невялікім, лес падступаў з усіх бакоў. Калі пайшлі лес карчаваць і распрацоўваць зямлю, задымелі коміны новых хат, з’явіліся навасёлы. Мабыць адсюль і назва – Наваселле.
Мясцовыя жыхары сведчаць, Казанская Божая Маці ахоўвае вёску ад няшчасцяў, і прыводзяць факты. Пасля вайны амаль усе вёскі вакол Наваселля ляжалі ў попеле, спаленыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Наваселле ж уцалела. Дзякуючы заступніцтву Багародзіцы тут адбыўся далёка не адзіны цуд. Пасля вайны і да нашых дзён не ўспомніць, каб хто ўтапіўся з мясцовых жыхароў, у той час, калі ў суседніх вёсках падобныя выпадкі здараліся. У хворай на анкалогію жанчыны, перад якой урачы разводзілі рукамі, хвароба нечакана знікла. Тая жанчына шчасліва дажыла да васьмідзесяці з лішнім гадоў. Яшчэ здараліся выпадкі, калі людзі пазбаўляліся, здаецца, ад невылечнай прагі да алкаголю, браліся за розум і жылі далей цвяроза. Шмат могуць успомніць навасельцы, і галоўны цуд, які адбыўся 80 гадоў таму, не забудуцца ніколі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара і Наталлі ВЯРГЕЙЧЫК.